Парушэнні правоў прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў у Беларусі (2020–2024)

Апошняе абнаўленне: 20 снежня 2024
Парушэнні правоў прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў у Беларусі (2020–2024)
Тэндэнцыі 2020–2024 гадоў у дзяржаўнай культурнай палітыцы, якія цягнуць парушэнні культурных і іншых правоў грамадзян, аднесеных да нацыянальных меншасцяў:

Агульная антызаходняя і антыўкраінская палітыка, скасаванне міжнародных пагадненняў у галіне падтрымкі нацыянальных меншасцяў

Рэжым Лукашэнкі зрабіў Польшчу адным з ворагаў беларускага народа, польская меншасць знаходзіцца пад пастаянным ціскам, праз СМІ праводзіцца паклёпніцкая антыпольская кампанія [1].

Афіцыйныя структуры ў краіне (у тым ліку МЗС) перыядычна абвінавачваюць Польшчу і Літву ў змоўніцкіх дзеяннях, скіраваных на падрыў суверэнітэту Беларусі, згадваюць карту паляка і іншыя ініцыятывы. На думку Аляксандра Лукашэнкі, перыяд гісторыі Рэчы Паспалітай (сярэдзіна XVI – канец XVIII стагоддзя) – гэта «польская акупацыя і этнацыд беларусаў» [2].

Адна з тэм антыпольскай рыторыкі ў дзяржаўных СМІ тычыцца партызан Арміі Краёвай, якія нібыта мэтанакіравана нішчылі беларусаў падчас Другой сусветнай вайны. Яшчэ ў красавіку 2021 года афіцыйны Менск завёў крымінальную справу супраць былых вайскоўцаў Арміі Краёвай, а ў канцы чэрвеня 2022 года з’явіліся першыя доказы разбурэння «непатрэбнай» сістэмы памяці. 30 чэрвеня прадстаўнік МЗС Польшчы Лукаш Ясіна звярнуўся да ўладаў Беларусі з заклікам спыніць апаганьванне месцаў нацыянальнай польскай памяці ў Беларусі, спыніць акты вандалізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасці [3].

Пасля нападу Расіі на Украіну ў лютым 2022 года прапаганда рэжыму Лукашэнкі сінхранізавалася з прапагандай рэжыму Пуціна, абвінавачваючы ўкраінскі народ і яго палітычных лідараў у нацызме і фашызме, выкарыстоўваючы наўмысную падмену гэтых гістарычных канцэпцый [4].

У названы перыяд мелі месца скасаванні:

  • пагаднення з Польшчай у сферы адукацыі (у тым ліку аб павышэнні кваліфікацыі выкладчыкаў беларускай мовы ў Польшчы і польскай мовы ў Беларусі), падпісанага ў 2016 годзе;
  • пагаднення з Францыяй у сферы культуры, адукацыі, навукі і СМІ, падпісанага ў 2010 годзе;
  • пагаднення з Украінай аб супрацоўніцтве ў сферы аховы культурнай спадчыны, падпісанага ў 2010 годзе [5].

Беларуссю ў аднабаковым парадку прыпынена дзеянне Еўрапейскай культурнай канвенцыі, якая была прынята Саветам Еўропы ў 1954 годзе і ўвайшла ў сілу для Беларусі ў 1993 годзе [6].

Заканадаўства ў галіне падтрымкі нацыянальных меншасцяў:

Культурныя правы на міжнародным узроўні замацаваны ў Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (арт. 15), Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (арт. 5., п. е.vi).

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацоўвае права ўсіх грамадзян на ўдзел у культурным жыцці, а таксама вызначае адказнасць дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь (арт. 15, 51). Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь маюць права на захаванне і развіццё сваёй нацыянальнай мовы і культуры, захаванне нацыянальных традыцый і звычаяў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (арт. 15 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь»).

Больш за тое, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь» (арт. 6), дзяржава гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, права на атрыманне дапамогі з боку дзяржавы ў справе развіцця нацыянальнай культуры і адукацыі, права карыстацца роднай мовай, права выбару мовы зносін, а таксама права на свабоду выбару мовы выхавання і навучання; права на ўстанаўленне культурных сувязей з суайчыннікамі за межамі Рэспублікі Беларусь; права на захаванне сваёй гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культуры, у тым ліку прафесійнага і самадзейнага мастацтва.

Паводле арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь», не дапускаюцца прамыя або ўскосныя абмежаванні правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь за іх прыналежнасць да нацыянальнай меншасці, а таксама спробы асіміляцыі супраць іх волі.

Згодна з арт. 2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, адным з прынцыпаў грамадскіх адносін у сферы культуры з’яўляецца свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

У адпаведнасці з арт. 39 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, грамадзяне, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і з’яўляюцца прадстаўнікамі нацыянальных супольнасцяў або выхадцамі з іншага культурнага асяроддзя, маюць права захоўваць і развіваць сваю нацыянальную культуру, выхоўваць дзяцей у нацыянальных культурных традыцыях, карыстацца роднай мовай, устанаўліваць культурныя сувязі з прадстаўнікамі адпаведных нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у замежных краінах, калі гэта не супярэчыць актам заканадаўства. Кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на культурную самабытнасць, адраджэнне, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый.

Як паказвае практыка, названыя вышэй палажэнні маюць у многім дэкларатыўны характар, сістэматычныя парушэнні і легалізацыя супрацьпраўных паводзін, накіраваных на дыскрымінацыю асобных нацыянальных меншасцяў, з’яўляецца характэрнай рысай сучаснай Беларусі.

Прасоўванне расійскіх наратываў, русіфікацыя, няроўнае стаўленне да нацыянальных меншасцяў

Паводле высноў, зробленых у даследаванні «Русіфікацыя Беларусі: сфера культуры (2022–2023 гг.)» [7], працэсы русіфікацыі шырока прасочваюцца ў культурным полі [8]:

  • у сферы літаратуры і бібліятэчнай справе – выцясненне беларускіх аўтараў і выданняў расійскімі;
  • у тэме спадчыны і падыходаў да захавання гістарычнай памяці – антызаходняя рыторыка, скажэнне гістарычнай праўды ў выгадны для Расіі бок;
  • у кінаіндустрыі – запрошаныя расійскія зоркі і рэжысёры ў беларускім кіно, рост аб’ёмаў расійскага кантэнту ў кінатэатрах краіны;
  • у сістэме адукацыі – актыўная праца з моладдзю і педагогамі, скіраваная на папулярызацыю рускай мовы і культуры;
  • у гарадскім асяроддзі – русіфікацыя праз манументальную прапаганду, адмова ад беларускай лацінкі ў найменнях геаграфічных аб’ектаў;
  • у медыя – пашырэнне супольнай працы на інфармацыйным полі, рост супрацоўніцтва з расійскімі СМІ і экспертамі.

Працэс русіфікацыі падтрымліваецца ўнутры краіны антыбеларускай прапагандай дзяржаўных медыя і заахвочваннем дзейнасці прарасійскіх актывістаў, якія беспакарана атакуюць беларускую нацыянальную культуру.

Змяненні, звязаныя з русіфікацыяй, у культурнай сферы краіны ўзнімаюць пытанні пра культурную і палітычную самабытнасць Беларусі. Фармаванне адзінай культурнай прасторы дзвюх краін, асабліва заўзятае апошнія пару гадоў, – рэальная пагроза беларускаму суверэнітэту і ідэнтычнасці.

Знішчэнне супольнай гістарычнай спадчыны Беларусі і Польшчы («дзяржаўны вандалізм»)

Культурныя правы на міжнародным узроўні замацаваны ў Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (арт. 15), Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (арт. 5., п. е.vi).

Згодна з арт. 15 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацоўваецца адказнасць дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

Паводле арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь», дзяржава гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, права на атрыманне дапамогі з боку дзяржавы ў справе развіцця нацыянальнай культуры і адукацыі, права на захаванне сваёй гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны . Не дапускаюцца прамыя або ўскосныя абмежаванні правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь за іх прыналежнасць да нацыянальнай меншасці, а таксама спробы асіміляцыі супраць іх волі (арт. 4).

У адпаведнасці з арт. 39 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на культурную самабытнасць, адраджэнне, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый.

Для грамадзян, якія адносяцца да польскай меншасці ў Беларусі, усе гэтыя правы сістэматычна парушаюцца, пачынаючы з 2020 года. Ніжэй прыведзены толькі некаторыя публічныя выпадкі:

На патрабаванне мясцовых улад у каталіцкім касцёле Маці Божай Ружанцовай (уключаным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь) у аграгарадку Солы Гродзенскай вобласці замалявана Варшаўская бітва 1920 года – пераломны момант савецка-польскай вайны. Прадвеснікам стаў прапагандысцкі рэпартаж, які з’явіўся на дзяржаўным тэлеканале ў снежні 2022 года. Характэрна, што за савецкім часам гэтая фрэска ўжо была зафарбавана.

У красавіку 2023 года стала вядома пра знішчэнне прадстаўнікамі рэжыму памятнай гранітнай дошкі на могілках каля вёскі Варзяны Астравецкага раёна, дзе пахаваны 18 ваяроў Арміі Краёвай, якія загінулі ў 1944 годзе [9].

У жніўні 2022 года памятныя знакі зніклі з пахаванняў польскіх салдат на Вайсковых могілках у Гродне.

З Гродзенскага вакзала мясцовыя ўлады знялі мемарыял, прысвечаны паўстанню 1863–1864 г. (і замянілі яго мемарыяльнай дошкай пра савецкіх падпольшчыкаў).

Зніклі 10 турыстычных стэндаў, устаноўленых да 180-годдзя з дня нараджэння польскамоўнай пісьменніцы і культурнай дзяячкі Элізы Ажэшкі (1841–1910), ураджэнкі і жыхаркі Гродзеншчыны.

Усяго за чэрвень – ліпень 2022 года ў Гродзенскай вобласці было пашкоджана не менш як 12 месцаў памяці: у вёсках Едкавічы, Стрыеўка [10], Сурканты, Плябанішкі, Мікулішкі, Качычы, Пескаўцы, Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, у Ваўкавыску і Ашмянах разбурылі індывідуальныя або брацкія магілы ваяроў, знеслі помнікі, знялі памятныя дошкі з крыжоў.

Рашэннем мясцовых улад з касцёла Святых Пятра і Паўла ў Іўі знялі мемарыяльную дошку ў памяць ваяроў Арміі Краёвай [11].

У канцы кастрычніка 2022 года пашкодзілі помнік на магіле ваяроў Войска Польскага, загінулых у 1920 годзе, каля вёскі Феліксава Лідскага раёна. Акту вандалізму папярэднічала публікацыя 5 кастрычніка ў дзяржаўным выданні «СБ. Беларусь сегодня», у якім прапагандыстка Людміла Гладкая абурылася тым, што на Лідскіх могілках пахаваны чальцы Арміі Краёвай, а на помніку ваярам Войска Польскага напісана «загінулі за радзіму ў 1919–1920 гадах». «За радзіму, разумееце? Іншымі словамі, польскія акупанты ўжо лічылі Заходнюю Беларусію сваёй. У мяне пытанне: у гэтай сітуацыі нічога не бянтэжыць дзяржслужбоўцаў, спецыялістаў, якія адказваюць за ідэалогію, гістарычную памяць (камунальная гаспадарка ж) на месцах?» – напісала Гладкая [12].

У снежні 2022 года пашкодзілі Катынскі крыж на Вайсковых могілках у цэнтры Гродна — помнік палонным польскім афіцэрам, расстраляным НКУС у 1940 годзе [13].

У Мінску з тэрыторыі касцёла Святога Роха прыбралі крыж, усталяваны ў памяць пра каталіцкага святара Вінцэнта Гадлеўскага, аднаго з найбуйнейшых дзеячаў Заходняй Беларусі 1930-х гадоў [14].

На месцы масавых расстрэлаў у Курапатах ізноў былі апаганены крыжы, у тым ліку крыж у памяць палітыка, гісторыка і пісьменніка Вацлава Ластоўскага, а таксама расстраляных палякаў. На крыжах з’явіліся надпісы на рускай мове: на крыжы памяці Ластоўскага – слова «упырь», а на крыжы памяці польскіх ахвяр рэпрэсій – «Сидите в “Крэсах”, ляхи! Припоминайте плахи» [15].

Ліквідацыя некамерцыйных арганізацый, якія падтрымліваюць нацыянальныя меншасці

Права на свабоду аб’яднання і асацыяцый з’яўляецца неад’емным правам грамадзян, прадугледжаным міжнароднымі актамі (арт. 20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, арт. 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах) і Канстытуцыяй Беларусі (арт. 36). Непасрэдна гэтае права не адносіцца да катэгорыі культурных, аднак яго рэалізацыя для культурных і нацыянальных аб’яднанняў, абмежаванні з боку дзяржавы наўпрост звязаны з магчымасцю/немагчымасцю рэалізацыі культурных правоў.

Згодна з арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь» (арт. 6) дзяржава гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, права на атрыманне дапамогі з боку дзяржавы ў справе развіцця нацыянальнай культуры і адукацыі, права карыстацца роднай мовай, права выбару мовы зносін, а таксама права на свабоду выбару мовы выхавання і навучання; права на ўстанаўленне культурных сувязей з суайчыннікамі за межамі Рэспублікі Беларусь; права на захаванне сваёй гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культуры, у тым ліку прафесійнага і самадзейнага мастацтва.

Згодна з арт. 2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, адным з прынцыпаў грамадскіх адносін у сферы культуры з’яўляецца свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

У адпаведнасці з арт. 39 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, грамадзяне, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і з’яўляюцца прадстаўнікамі нацыянальных супольнасцяў або выхадцамі з іншага культурнага асяроддзя, маюць права захоўваць і развіваць сваю нацыянальную культуру, выхоўваць дзяцей у нацыянальных культурных традыцыях, карыстацца роднай мовай, устанаўліваць культурныя сувязі з прадстаўнікамі адпаведных нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у замежных краінах, калі гэта не супярэчыць актам заканадаўства. Кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на культурную самабытнасць, адраджэнне, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый.

Масавая і сістэматычная прымусовая ліквідацыя некамерцыйных арганізацый у Беларусі ў 2020–2023 гадах непасрэдна закранула і арганізацыі, якія займаюцца захаваннем і развіццём нацыянальных культур і традыцый.

Названыя вышэй правы грамадзян, якія адносяцца да польскай, літоўскай, украінскай і іншых меншасцяў у Беларусі, сістэматычна парушаюцца, пачынаючы з 2020 года. Ніжэй прыведзены толькі некаторыя публічныя выпадкі:

Са студзеня 2021 года «Lawtrend» разам з АЕЕС вядзе маніторынг прымусовай ліквідацыі некамерцыйных арганізацый.

У 2021 годзе праз суды прайшлі 316 некамерцыйных арганізацый. У выніку грамадзянскі сектар краіны страціў грамадскія арганізацыі розных напрамкаў развіцця, сярод іх не менш як 98 былі непасрэдна звязаны са сферай культуры. Сама меней 10 з іх былі непасрэдна звязаны з развіццём культуры і забеспячэннем культурнай разнастайнасці.

За 2022 год прымусова ліквідаваны 74 арганізацыі культуры: літаратурныя, тэатральныя, гістарычныя, танцавальныя і іншыя. 25 з іх – найстарэйшыя арганізацыі, якія падтрымліваюць нацыянальныя меншасці ў Беларусі, створаныя яшчэ ў 90-ыя гады мінулага стагоддзя (у прыватнасці, Клуб польскіх народных традыцый (1994 г.), Польскае навуковае таварыства (1994), Таварыства польскай культуры ў Лідчыне (1994 г., займалася захаваннем гістарычнай памяці ў рэгіёне: усталяванне мемарыяльных дошак, у тым ліку ўдзельнікам паўстання 1863 г.; увекавечанне памяці вядомых палякаў; догляд магіл польскіх ваяроў розных часоў; публікацыя краязнаўчых кніг; вывучэнне польскай мовы і гісторыі), «Polska Macierz Szkolna» (1996 г.), Культурны цэнтр (1992 г.), Беларускае таварыства немцаў «Нямецкі дом» (1997 г.) [16], установа развіцця беларускай музыкі і мастацтва «ЭтнаТрадыцыя», Віцебская экалагічная, культурна-асветніцкая супольнасць «Шлях з варагаў у грэкі» [17], «Wspólnota Polaków» (2019), Браслаўскае раённае аб’яднанне літоўцаў «Рытас» (2000) [18], ГА «Гімціне» (першая літоўская арганізацыя, афіцыйна зарэгістраваная ў Беларусі з 1993 года), клуб «Гервечай» (літоўская арганізацыя 1994 года рэгістрацыі, 394 сябры арганізацыі), Таварыства беларуска-іранскага сяброўства, Ашмянская цыганская абшчына, Беларускае цыганскае аб’яднанне «Ромы», Цэнтр украінскай культуры «СІЧ», грамадскае аб’яднанне «Сірыйская абшчына», Міжнародная грамадская арганізацыя армян «Урарту») [19].

Усяго з пачатку мэтанакіраванай кампаніі ліквідацыі беларускай грамадзянскай супольнасці (з канца 2020 года да кастрычніка 2024 года) прымусова ліквідаваны не менш як 262 арганізацыі культурнай накіраванасці [20].

Згодна з дадзенымі Lawtrend, зазначана больш за 1150 некамерцыйных арганізацый, ліквідаваных з 2021 года. Не меньш за 30 з іх – арганізацыі, падтрымліваючыя нацыянальныя меншасці. Так, прымусовая ліквідацыя закранула аб’яднанні палякаў, літоўцаў, украінцаў, яўрэяў, татар, армян, грузін и людзей іншых нацыянальнасцяў, якія жывуць у Беларусі. Таксама не менш за 20 аб’яднанняў нацыянальных меншасцяў прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі. Пасля падзей 2020 года самаліквідацыі адбываюцца найперш з-за ціску на супрацоўнікаў НКА і агульнай сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне.

На працягу 2021 года аказваўся ціск на сябраў і актывістаў Саюза палякаў Беларусі, польскую меншасць ва ўсёй Беларусі, было ліквідавана ТАА «Польская школа» ў Брэсце. Няма прыкмет дзейнасці Польскага інстытута ў Мінску, яго сайт і старонкі ў сацыяльных сетках не абнаўляліся з вясны – лета 2021 года [21].

Лаяльныя рэжыму А. Лукашэнкі некамерцыйныя арганізацыі, якія не заўважаюць праблем, звязаных з парушэннем правоў грамадзян і замежных грамадзян у Беларусі, працягваюць дзейнічаць і рэалізоўваць агульную ідэалогію лукашэнкаўскага рэжыму з мэтай дэманстрацыі знешняга плюралізму (напрыклад, праўладны Саюз палякаў на чале з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандрам Сангіным [22]).

Парушэнне права выкарыстання нацыянальнымі меншасцямі роднай мовы пры навучанні і веравызнанні

Згодна з арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь», дзяржава гарантуе грамадзянам, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, права на атрыманне дапамогі з боку дзяржавы ў справе развіцця нацыянальнай культуры і адукацыі, права карыстацца роднай мовай, права выбару мовы зносін, а таксама права на свабоду выбару мовы выхавання і навучання.

Паводле арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь», не дапускаюцца прамыя або ўскосныя абмежаванні правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь за іх прыналежнасць да нацыянальнай меншасці, а таксама спробы асіміляцыі супраць іх волі.

Нягледзячы на такія палажэнні заканадаўства, у выніку сістэмнай працы ў кірунку русіфікацыі адукацыі і культуры ў Беларусі з восені 2022 года нацыянальныя меншасці (у прыватнасці, але не толькі, польская і літоўская) былі пазбаўлены магчымасці вучыцца на роднай мове. 1 верасня ўступілі ў сілу змены ў Закон «Аб адукацыі» [23], паводле якіх мовай навучання можа быць толькі дзяржаўная (руская ці беларуская) [24].

Так, у польскіх школах Гродна і Ваўкавыска з 2022/2023 навучальнага года выкладанне вядзецца на рускай мове, а польская мова зведзена да прадметнай дысцыпліны – урокаў мовы і літаратуры па адной гадзіне на тыдзень.

Тое самае адбылося з адзінай літоўскай школай у краіне – Рымдзюнскай сярэдняй школай, вучні якой страцілі магчымасць вучыцца на літоўскай мове. Другую – Пеляскую сярэднюю школу – улады закрылі незадоўга да пачатку новага навучальнага года, спасылаючыся на «шэраг выяўленых парушэнняў» [25]. Гэта была першая нацыянальная літоўская школа ў Беларусі, яе заснавальнікамі выступілі Фонд культуры і Міністэрства адукацыі і навукі Літвы. Навучанне праводзілася паводле навучальных планаў і праграм Міністэрства адукацыі Беларусі. У Пелясе Воранаўскага раёна было 127 вучняў і 23 настаўнікі, у Рымдзюнах Астравецкага раёна – 82 вучні і 18 настаўнікаў.

Літва заклікала Беларусь не парушаць абавязацельстваў, узятых на падставе ўдзелу ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і звязаных з гарантыямі адукацыі на мовах нацыянальных меншасцяў. Але ўлады Беларусі не прыслухаліся да закліку [26].

Паводле наяўнай інфармацыі, былі фактычна ліквідаваны 2 літоўскія і 2 польскія школы [27]. Эканамічны суд Брэсцкай вобласці вынес рашэнне ў справе аб ліквідацыі ТАА «Польская школа». 19 красавіка 2021 года эканамічны суд Брэсцкай вобласці разгледзеў справу паводле заявы пракурора Брэста з фармальнай падставай – «у мэтах абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў адміністрацыі Ленінскага раёна горада Брэста».

Чыноўнікі ў Гродзенскай вобласці выступілі супраць польскай мовы ў касцёлах Беларусі. Яны назвалі польскую мову незаконнай у касцёле падчас сустрэчы кіраўніцтва з духавенствам, дзе абмяркоўваліся праблемныя пытанні. Гэта зафіксавана нават у дакументах Рымска-Каталіцкага касцёла ў Беларусі, датычных пасяджэнняў Сінода 1996–2000 гадоў. Як адзначылі святары, прычын прысутнасці польскай мовы ў храмах некалькі: гэта тое, што Заходняя Беларусь калісьці ўваходзіла ў склад Польшчы, і тое, што каталіцкія святары прыязджалі прапаведаваць у Беларусь пераважна з Польшчы – адпаведна, яны прывезлі польскія тэксты малітваў, бо беларускага друку не было, а руская культура амаль заўсёды была акупанцкай [28].

30 чэрвеня 2021 года МЗС Германіі паведаміла, што беларускае знешнепалітычнае ведамства запатрабавала ад Інстытута Гётэ і Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD) у Беларусі спыніць дзейнасць на працягу 1 месяца. Інстытут з’яўляецца асноўнай арганізацыяй для вывучэння нямецкай мовы і культуры ва ўсім свеце [29].

Кіраўнік інстытута Якаб Рачэк напісаў, што апошнім часам давялося займацца спыненнем праектаў у сферы мовы і адукацыі, а таксама працы бібліятэкі. «Мы суправаджалі цэлыя пакаленні ў вывучэнні нямецкай мовы і тым самым адкрывалі для іх новыя прафесійныя і асабістыя шанцы. Разам з вялікай колькасцю дзеячаў культуры мы напаўнялі жыццём культурны дыялог паміж нашымі краінамі. І мы стварылі ў цэнтры Мінска месца, дзе можна было разам вучыцца, чытаць, размаўляць і святкаваць», – гаворыцца ў паведамленні [30].

Такія дыскрымінацыйныя практыкі супярэчаць як палажэнням унутранага заканадаўства Беларусі, так і міжнародным актам (у тым ліку арт. 5 Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі).

Пакаранні за дэманстрацыю дзяржаўнай сімволікі Украіны, парушэнне права свабоды слова пры падтрымцы Украіны пасля пачатку ваеннай агрэсіі Расіі

Свабода слова і думкі з’яўляюцца асноўнымі правамі чалавека, замацаванымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (арт. 19), а таксама ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 19). Рэспубліка Беларусь абавязалася выконваць гэтыя міжнародныя пагадненні, гарантуючы сваім грамадзянам права на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў. У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 21) прызнаецца права на мірныя сходы. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (арт. 20) таксама абвяшчае права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый.

Аналагічныя нормы зафіксаваны ў Канстытуцыі Беларусі (арт. 33, 35).

Акрамя таго, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацоўвае права ўсіх грамадзян на ўдзел у культурным жыцці, а таксама вызначае адказнасць дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь (арт. 15, арт.  51).

Згодна з арт. 2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, адным з прынцыпаў грамадскіх адносін у сферы культуры з’яўляецца свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

Такім чынам, выкарыстанне незабароненых замежных сімвалаў (афіцыйных сцягаў, гербаў), а таксама выказванняў не можа пераследавацца і стыгматызавацца дзяржавай.

24 лютага 2022 года ў Беларусі пачаліся рэпрэсіі за праяву салідарнасці з народам Украіны, у прыватнасці, за антываенныя выказванні (у тым ліку, але не выключна, «Не вайне!», «Слава Украіне! Героям слава!») і за выкарыстанне ўкраінскай афіцыйнай сімволікі (дзяржаўнага сцяга і герба «Трызуб»), а таксама за спалучэнне сіняга і жоўтага колераў. Усе апісаныя ніжэй сітуацыі пераследу з’яўляюцца парушэннем права чалавека на свабоду слова і меркавання, на выкарыстанне (незабароненай) сімволікі як формы свабоды выказвання меркавання і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі [31]. Фактычна гэта таксама дыскрымінацыя паводле нацыянальных і палітычных прыкмет.

  • Святару Анджэю Юхневічу прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту за размяшчэнне ў Facebook фатаграфій з бел-чырвона-белым сцягам і сцягам Украіны. Гэта стала падставай для прысуду паводле ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення пікетавання) [32].
  • Святару Паўлу Лемеху прысудзілі 10 сутак арышту за размяшчэнне ў Facebook «без адпаведнага дазволу Шумілінскага райвыканкама» малюнкаў пратэстаў у Мінску з беласнежнымі выявамі, чырвона-белых сцягоў, а таксама сцяга Украіны сіне-жоўтага колеру» [33].
  • У Брэсце затрымалі дырэктараў івэнт-агенцтваў Юрыя Капуцкага («Ваша свята») і Руслана Данілковіча («Івэнт кафе»). У відэароліку, знятым міліцыяй, Юры Капуцкі расказвае, што яго затрымалі за «экстрэмісцкія» рэпосты і публікацыі на ягонай старонцы з лозунгамі «Слава Украіне» і «Героям слава» [34].
  • У Мінску затрымалі мужчыну, які ездзіў па горадзе з бел-чырвона-белай і сіне-жоўтай стужкамі [35].
  • Былі затрыманы працаўнікі Мазырскага НПЗ – у іх тэлефонах знайшлі відэа застолля, на якім яны выказваюцца ў падтрымку Украіны: «Слава Украіне! Беларусы за родную, брацкую Украіну! Героям слава! Слава Украіне!» [36].
  • У Наваполацку за падтрымку Украіны і правядзенне пікета ў сацсетках на падставе ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях быў асуджаны працаўнік завода «Палімір», бягун на доўгія дыстанцыі Андрэй Беразоўскі. Суд устанавіў, што ён выказваў грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя настроі, публічна размяшчаючы на сваёй старонцы ў Facebook фатаграфіі і малюнак з надпісам «Слава Украіне» на сіне-жоўтым фоне [37].
  • Магілёўскі бізнесмен Уладзімір Тычынскі быў затрыманы за тое, што трымаў украінскі сцяг у салоне аўтамабіля. У прапагандысцкім сюжэце дзяржаўнага канала «Беларусь 4» афіцыйны сцяг Украіны быў названы «ўкраінскім нацыяналістычным сімвалам».
  • Мінчаніна затрымалі за «захоўванне пратэснай сімволікі» – у тым ліку афіцыйнага герба Украіны. Міліцыя суправадзіла відэа затрыманага песняй пра расейскае ўзброенае фармаванне «Група Вагнера» [38].
  • Быў затрыманы хлопец за тату з Пагоняй і гербам Украіны. Відэа з ім з’явілася на праўладным Telegram-канале. Затрыманы сцвярджае, што зрабіў тату з выявай Пагоні ў 2021 годзе «ў знак пратэснай актыўнасці» і Трызуб у 2022 годзе ў падтрымку Украіны [39].
  • У Менску затрымалі кухара, у якога на руцэ быў герб Украіны [40].
  • У Мінску затрымалі і асудзілі 6 мужчын за тое, што яны вывесілі пашыты бел-чырвона-белы сцяг разам са сцягам Украіны на апоры ЛЭП у Мінску. У Telegram-канале Антона Матолькі на наступны дзень з’явіўся пост з фотаздымкам сцяга і подпісам: «Мінчане віншуюць украінскі народ з цудоўнымі навінамі з Крымскага моста. Крым — це Україна! Жыве Беларусь! Слава Украіне!» [41].

Аднясенне асобных твораў і матэрыялаў да «экстрэмісцкіх»

Названае вышэй права на ўдзел у культурным жыцці ўключае шэраг абавязацельстваў дзяржавы:

  • паважаць: дзяржава сама не можа ўмешвацца (наўпрост ці ўскосна) у рэалізацыю чалавекам права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта значыць, яна не павінна прымаць рашэнні, дзяржаўныя органы не павінны ажыццяўляць дзеянні, якія парушаюць культурныя правы;
  • абараняць: дзяржава мусіць рабіць усё магчымае для прадухілення ўмяшання трэціх асоб (фізічных і юрыдычных), якія знаходзяцца на яе тэрыторыі і пад яе юрысдыкцыяй, у рэалізацыю чалавекам права на ўдзел у культурным жыцці;
  • ажыццяўляць: дзяржава мусіць прымаць усе неабходныя меры на ўзроўні палітыкі, каб забяспечыць найбольш поўную рэалізацыю культурных правоў [42].

Калі дзяржаўныя структуры вельмі шырока тлумачаць паняцце «экстрэмісцкія матэрыялы» і фактычна ўключаюць ў такі спіс творы і кантэнт, што здзяйсняюць абгрунтаваную крытыку дзейнага рэжыму, адбываецца парушэнне культурных правоў грамадзян (арт. 51 Канстытуцыі Беларусі, арт. 15 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах).

Калі гэтыя парушэнні адносяцца да рэсурсаў, якія рэалізуюць праграмы падтрымкі нацыянальных меншасцяў у Беларусі або створаныя самімі прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў у Беларусі, такія дзеянні парушаюць таксама палажэнні арт. 4, 6 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь», п. е.vi арт. 5. Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі.

Ніжэй прыведзены асобныя публічныя выпадкі такіх парушэнняў:
  • У так званы Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў [43] быў уключаны рэсурс «Радыё Рацыя» (СМІ, якое базуецца ў Польшчы, падтрымлівае польскую культуру і мову, крытыкуе ўрад Беларусі), інтэрнэт-рэсурс «МОСТ» («MOST – Польшча і Беларусь. Медыя польска-беларускага памежжа»). У канцы ліпеня 2022 года польскія сайты polskieradio.pl і polskieradio24.pl былі дададзены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў [44].
  • У Cпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у 2023 годзе быў уключаны зборнік «Polskie piesni patriotyczne» [45], кніга «”Вызваленыя” i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў» (Мінск: выдавец Зміцер Колас, 2021), кніга «Гісторыя Польшчы са старажытных часоў да нашых дзён» пад рэдакцыяй Ганны Сухені-Грабоўскай і Эўгеніюша Цэзары Круля, выдадзеная ў 1995 годзе на рускай і польскай мовах, аўтары: Аліцыя Дыбкоўская, Малгажата Жарын, Ян Жарын;
  • Інфармацыйныя прадукты сайта Саюза палякаў Беларусі – znadniemna.pl – былі прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам яшчэ 30 снежня 2021 года. У траўні 2022 года той жа лёс напаткаў люстэрка сайта – nadniemnemgrodno.pl [46].
  • У Cпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключаны Youtube-канал з назвай «BalaganOFF Украіна Беларусь», які мае ідэнтыфікатар https://www.youtube.com/c/BalaganOFF , Tеlеgram-група з назвай «УНИАН – новости Украины | война», якая мае ідэнтыфікатар: https://t.me/uniannet і ідэнтыфікатар (ID), які змяшчае паслядоўнасць лічбаў 1001105313000; інфармацыйная прадукцыя, апублікаваная на інтэрнэт-старонцы «Беларусь-Украина за мир!» сацыяльнай сеткі «Одноклассники» з ідэнтыфікатарам https://ok.ru/belarusukr.

Пераслед прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі і асоб, якія развіваюць мову і культуру Польшчы

На практыцы маюць месца не толькі абмежаванні правоў нацыянальных меншасцяў, але і пераслед актыўных прадстаўнікоў, якія спрабуюць рэалізаваць правы, прадугледжаныя міжнародным правам і лакальным заканадаўствам Беларусі.

У лютым 2023 года адбыўся суд над паэтам, журналістам і сябрам незарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам. Згодна з прыгаворам суда ён прыгавораны да 8 гадоў калоніі строгага рэжыму. Крымінальны пераслед быў звязаны з заявамі Анджэя Пачобута ў абарону польскай меншасці ў Беларусі.

У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут назваў у медыя напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе агрэсіяй. Акрамя таго, яму паставілі ў віну заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы пра беларускія пратэсты 2020 года ў «Gazeta Wyborcza» і тэкст у «Magazyn Polski», напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне [47].

Таксама КДБ уключыў Анджэя Пачобута ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да «тэрарыстычнай дзейнасці» [48]. Ён прызнаны палітычным зняволеным [49]. Праваабарончыя арганізацыі Міжнародны PEN і Беларускі ПЭН неаднаразова заяўлялі пра неабходнасць вызвалення Анджэя Пачобута, незаконна асуджанага за рэалізацыю сваіх правоў на свабоду слова і ўдзел у культурным жыцці [50].

Зазнала пераслед і кіраўніца незарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, якая нібыта рэалізоўвала «дэструктыўныя ідэі, накіраваныя на гераізацыю ваенных злачынстваў, апраўданне генацыду беларускага народа, распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і разладу». Анжаліка Борыс была прызнана палітычнай зняволенай [51].

У лютым 2022 года была затрымана намесніца старшыні Рэната Дзем’янчук, у лістападзе ў яе і старшыні Рады Саюза палякаў Беларусі Ірэны Валюсь прайшлі ператрусы. У красавіку міліцыя выклікала актывістку Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Арэхаву «на размову», паведамлялася, што супраць яе распачаты адміністрацыйны пераслед за публікацыю ў Facebook.

У лістападзе пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў эканамічны суд заяву аб ліквідацыі ТАА «Клерыгата», праз якую фактычна ажыццяўляў сваю дзейнасць Саюз палякаў Беларусі, а працэс яго ліквідацыі пачаўся ў канцы снежня.

Інфармацыйныя прадукты сайта Саюза палякаў Беларусі – znadniemna.pl – былі прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам яшчэ 30 снежня 2021 года [52].

Суд Маскоўскага раёна Мінска вынес пастанову ў адміністрацыйнай справе дырэктаркі Цэнтра славянскіх моў і культур «Слаўцэнтр» Ірыны Зімневай. Ёй прызначаны штраф памерам 20 базавых велічынь (740 беларускіх рублёў – 295 долараў ЗША). Пры ператрусе ў галоўным офісе канфіскавалі ўсе камп’ютары. Цэнтр славянскіх моў і культур «Слаўцэнтр» арганізоўваў курсы польскай, украінскай, чэшскай і іншых славянскіх моў, а таксама даваў кансультацыі наконт атрымання карты паляка і паступлення ў польскія ВНУ [53].

Такім чынам, можна зрабіць выснову пра наяўнасць выпадкаў істотных парушэнняў правоў прадстаўнікоў польскіх нацыянальных меншасцяў у Беларусі.

Адмена або неправядзенне культурных мерапрыемстваў, звязаных з асобнымі нацыянальнымі меншасцямі або іх прадстаўнікамі, забарона на публічнае прайграванне музычных твораў асобных замежных музычных калектываў

Парушэннямі права нацыянальных меншасцяў на ўдзел у культурным жыцці (арт. 51 Канстытуцыі Беларусі, арт. 15 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах) з’яўляюцца ў тым ліку апісаныя ніжэй выпадкі забароны і неправядзення культурных мерапрыемстваў у Беларусі з удзелам прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў і замежных грамадзян.

  • Пасля падзей 2020 года ў Беларусі не праводзіцца міжнародны фестываль хрысціянскай музыкі «Магутны Божа», у якім бралі ўдзел творчыя калектывы розных канфесій [54].
  • Паводле рэкамендацыі органаў дзяржбяспекі ў Пінску былі адменены запланаваныя мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння вядомага польскага пісьменніка і журналіста Рышарда Капусцінскага.
  • У выніку ціску і выказванняў праўладнага актывіста наконт «прапольскасці» літаратуразнаўцы, крытыка і перакладчыка Адама Мальдзіса Гродзенскі аблвыканкам прыпыніў працэдуру надання Астравецкай раённай бібліятэцы імя гэтага выбітнага суайчынніка [55].
  • У адкрытых крыніцах быў апублікаваны «стоп-ліст» забароненых у Беларусі артыстаў [56], у які ўвайшлі 87 назваў гуртоў і імёнаў выканаўцаў. У прыватнасці, такія ўкраінскія рок-гурты і выканаўцы як «Океан Ельзи», «Нервы», «Потап и Настя», «Валентин Стрыкало», браты Меладзэ, Ціна Караль, Макс Барскіх. Амаль кожны другі (38 з 87) артыст/гурт спіса прадстаўляюць расійскую сцэну, кожны пяты (18 з 87) – украінскія музыкі [57].

Неналежнае ўтрыманне культурных аб’ектаў агульнай з нацыянальнымі меншасцямі спадчыны

Згодна з арт. 15 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацоўваецца адказнасць дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны.

Паводле арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь», дзяржава гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, права на захаванне сваёй гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. Не дапускаюцца прамыя або ўскосныя абмежаванні правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь за іх прыналежнасць да нацыянальнай меншасці, а таксама спробы асіміляцыі супраць іх волі (арт. 4).

У адпаведнасці з арт. 39 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на культурную самабытнасць, адраджэнне, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый.

Пералічаныя правы грамадзян, датычныя нацыянальных меншасцяў у Беларусі, сістэматычна парушаюцца.

Паводле звестак Беларускага ПЭНа, зафіксавана 80 парушэнняў, большая частка з якіх звязана з неналежным утрыманнем нерухомых аб’ектаў спадчыны Беларусі, у тым ліку супольнай спадчыны Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны (храмаў, касцёлаў, сядзіб, сінагог і іншых гістарычных будынкаў), адсутнасцю прац для іх кансервацыі, няякаснай рэстаўрацыяй, часам нават зносам, а таксама адсутнасцю ахоўнага статусу [58].

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь уключана 5350 нерухомых матэрыяльных і культурных каштоўнасцяў, а для 1602 аб’ектаў спадчыны распрацавана ўсяго 385 праектаў аховы, што складае 31 % ад агульнай колькасці [59].

Высновы і рэкамендацыі

На падставе гэтага маніторынгу можна адзначыць, што з 2020 года ў Беларусі назіраецца сістэмнае парушэнне культурных правоў нацыянальных меншасцяў. Дзяржаўная палітыка накіравана на русіфікацыю, знішчэнне культурнай спадчыны, супольнай з Польшчай і Літвой, ліквідацыю незалежных культурных некамерцыйных арганізацый і забарону родных моў у адукацыйнай і рэлігійнай сферах. Практыка пераследу актывістаў, прызнанне матэрыялаў, якія падтрымліваюць нацыянальныя меншасці, «экстрэмісцкімі» і абмежаванне свабоды слова падкрэсліваюць сістэмны характар праблемы. Гэтыя дзеянні супярэчаць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным абавязацельствам краіны, не спрыяюць сяброўскім адносінам з суседзямі.

Для ліквідацыі выяўленых парушэнняў рэкамендуем дзяржаўным органам, адказным за пытанні забеспячэння правоў нацыянальных меншасцяў у Беларусі:
  • спыніць палітыку дыскрымінацыі нацыянальных меншасцяў і забяспечыць выкананне правоў грамадзян на культурную разнастайнасць, гарантаваную Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі;
  • спыніць практыку ліквідацыі і пераследу культурных некамерцыйных арганізацый, садзейнічаць іх аднаўленню;
  • забяспечыць магчымасць навучання на родных мовах у школах нацыянальных меншасцяў;
  • спыніць знішчэнне аб’ектаў супольнай культурнай спадчыны і прыняць меры для іх аднаўлення і аховы;
  • спыніць пераслед актывістаў і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў за культурную і грамадскую дзейнасць, вызваліць палітычных зняволеных;
  • выключыць культурныя рэсурсы і творы са спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў і забяспечыць свабодны доступ да культурнай прадукцыі, звязанай з нацыянальнымі меншасцямі;
  • забяспечыць ахову аб’ектаў культурнай спадчыны, распрацаваць і зацвердзіць праекты аховы для ўсіх аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь;
  • забяспечыць празрыстасць дзейнасці дзяржаўных органаў у частцы рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі і правоў на культурную разнастайнасць.

[1] /2024/03/03/manitoryng-parushennyau-kulturnyh-pravou-i-pravou-chalaveka-u-dachynenni-da-dzeyachau-kultury-belarus-2023-god.html#memarial
[2] /2023/02/13/2022-y-god-gistarychnaj-pamyaczi-i-palitychnaga-vykarystannya-gistoryi-u-belarusi.html
[3] /2023/03/02/bel-prava-na-kulturu-belarus-2022.html#v19
[4] /2022/10/27/bel-manitoryng-parushennyau-kulturnyh-pravou-i-pravou-chalaveka-u-dachynenni-da-dzeyachau-kultury-belarus-studzen-verasen-2022-goda.html
[5] /2024/03/03/manitoryng-parushennyau-kulturnyh-pravou-i-pravou-chalaveka-u-dachynenni-da-dzeyachau-kultury-belarus-2023-god.html#memarial
[6] https://pravo.by/document/?guid=3961&p0=C22300822
[7] /2023/12/26/rusifikacziya-belarusi-sfera-kultury.html
[8] https://www.belta.by/society/view/sojuznye-parlamentarii-predlozhili-uvelichit-v-3-raza-finansirovanie-programm-v-sfere-kultury-nauki-i-513022-2022/
[9] /2023/04/17/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-1-15-krasavika-2023-goda.html
[10] /2022/08/01/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-15-31-lipenya-2022-goda.html
[11] /2022/10/27/bel-manitoryng-parushennyau-kulturnyh-pravou-i-pravou-chalaveka-u-dachynenni-da-dzeyachau-kultury-belarus-studzen-verasen-2022-goda.html
[12] /2022/11/01/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-15-31-kastrychnika-2022-goda.html
[13] /2023/03/02/bel-prava-na-kulturu-belarus-2022.html#v19
[14] /2023/11/08/manitoryng-parushennyau-kulturnyh-pravou-i-pravou-chalaveka-u-dachynenni-da-dzeyachau-kultury-2.html
[15] /2023/10/16/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-1-15-kastrychnika-2023-goda.html
[16] /2023/03/02/bel-prava-na-kulturu-belarus-2022.html
[17] /2022/05/05/manitoryng-parushennyau-kulturnyh-pravou-i-pravou-chalaveka-u-dachynenni-da-dzeyachau-kultury.html
[18] /2023/03/02/bel-prava-na-kulturu-belarus-2022.html#v19
[19] /2024/03/03/manitoryng-parushennyau-kulturnyh-pravou-i-pravou-chalaveka-u-dachynenni-da-dzeyachau-kultury-belarus-2023-god.html
[20] /2023/08/04/manitoryng-parushennya-kulturnyh-pravou-i-pravou-chalaveka-u-dachynenni-da-dzeyachau-kultury-belarus-studzen-cherven-2023-goda.html
[21] /2022/10/27/bel-manitoryng-parushennyau-kulturnyh-pravou-i-pravou-chalaveka-u-dachynenni-da-dzeyachau-kultury-belarus-studzen-verasen-2022-goda.html
[22] https://soyuz.by/ekspertnyy-kommentariy/glava-soyuza-polyakov-v-belarusi-kazhdyy-mozhet-realizovat-sebya-nezavisimo-ot-nacionalnosti
[23] https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=D922o0113271&p1=1&p5=0
[24] /2022/09/26/aglyad-parushennyau-mounyh-pravou-u-belarusi-za-peryyad-z-1-lipenya-pa-1-verasnya-2022-goda.html
[25] /2023/03/02/bel-prava-na-kulturu-belarus-2022.html#v19
[26] https://www.svaboda.org/a/32518216.html
[27] /2024/01/30/aglyad-parushennyau-mounyh-pravou-u-belarusi-za-drugoe-paugoddze-2023-goda.html
[28] /2023/07/12/aglyad-parushennyau-mounyh-pravou-u-belarusi-z-1-studzenya-pa-30-chervenya-2023-goda.html
[29] /2021/10/18/bel-ru-manitoryng-parushennyau-kulturnyh-pravou-i-pravou-chalaveka-u-dachynenni-da-dzeyachau-kultury-studzen-verasen-2021.html
[30] https://sputnik.by/20210730/institut-gete-prekraschaet-svoyu-rabotu-v-belarusi-1055260961.html
[31] /2023/06/26/perasled-za-simvoliku-belarus-2022-god.html
[32] /2024/06/04/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-15-31-traunya-2024-goda.html
[33] /2024/06/17/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-1-15-chervenya-2024-goda.html
[34] /2024/06/04/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-15-31-traunya-2024-goda.html
[35] /2023/11/16/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-1-14-listapada-2023-goda.html
[36] /2023/10/02/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-15-30-verasnya-2023-goda.html
[37] /2023/08/17/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-1-15-zhniunya-2023-goda.html
[38] /2023/06/16/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-1-15-chervenya-2023-goda.html
[39] /2023/05/17/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-1-15-traunya-2023-goda.html
[40] /2023/07/17/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-1-15-lipenya-2023-goda.html
[41] https://prisoners.spring96.org/ru/person/juryi-nescjarenka
[42] /2023/03/20/rus-kulturnye-prava-chto-eto-takoe.html
[43] http://mininform.gov.by/documents/respublikanskiy-spisok-ekstremistskikh-materialov/
[44] /2023/03/03/rus-pravo-na-kulturu-belarus-2022.html
[45] /2024/05/24/banned-books.html
[46] /2023/03/02/bel-prava-na-kulturu-belarus-2022.html#v19
[47] https://prisoners.spring96.org/be/person/andrei-paczobut
[48] /2023/03/15/pen-international-call-to-release-writer-and-journalist-andzej-poczobut.html
[49] https://prisoners.spring96.org/be/person/andrei-paczobut
[50] /2023/03/15/pen-international-call-to-release-writer-and-journalist-andzej-poczobut.html
[51] https://prisoners.spring96.org/be/person/anzhalika-borys
[52] /2023/03/02/bel-prava-na-kulturu-belarus-2022.html#v19
[53] /2023/04/17/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-1-15-krasavika-2023-goda.html
[54] https://belsat.eu/be/news/30-08-2021-v-mogileve-otmenili-festival-magutny-bozha
[55] /2023/03/02/bel-prava-na-kulturu-belarus-2022.html#v19
[56] https://news.zerkalo.io/cellar/32203.html
[57] /2023/08/04/manitoryng-parushennya-kulturnyh-pravou-i-pravou-chalaveka-u-dachynenni-da-dzeyachau-kultury-belarus-studzen-cherven-2023-goda.html
[58] /2023/03/02/bel-prava-na-kulturu-belarus-2022.html#p_70
[59] http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=18202