Фатограф, журналіст, літаратар Зміцер Баяровіч утрымліваецца ў СІЗА № 8 у Жодзіне.
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля распачаў разгляд новай крымінальнай справы актывісткі і публіцысткі Алены Гнаўк.
Мінскі гарадскі суд пачаў разгляд крымінальнай справы паэта і выкладчыка прыватнай школы «Смарт Скул» Дзмітрыя Юртаева.
У Гродне затрыманы літаратар і грамадскі дзеяч Віктар Сазонаў.
У Полацку паўторна арыштаваны кандыдат філасофскіх навук Ігар Бортнік.
У Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд паводле крымінальнай справы мінчан, якія ў сярэдзіне верасня 2022 года вывесілі вялікія нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома на вуліцы Лесі Украінкі ў Мінску.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- 2 красавіка стала вядома, што Зміцер Баяровіч – фатограф, журналіст, літаратар, аўтар вершаў і зборніка прозы «Шалі» (2012) – утрымліваецца ў СІЗА №8 у Жодзіне. 14 сакавіка 2023 года Змітра Баяровіча з жонкай Валерыяй Баяровіч затрымалі каля пад’езда іх дома.
- 11 красавіка ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля пачаўся разгляд новай крымінальнай справы актывісткі і публіцысткі Алены Гнаўк, ужо асуджанай на 3,5 года калоніі паводле палітычна матываванай справы (за нібыта знявагу Лукашэнкі). З ініцыятывы адміністрацыі гомельскай жаночай калоніі супраць Алены Гнаўк завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
- 14 красавіка Мінскі гарадскі суд пачаў разгляд крымінальнай справы Дзмітрыя Юртаева. Дзмітры Юртаеў – дзіцячы паэт (псеўданім Змітрок Бурачок), былы настаўнік прыватнай мінскай школы «Смарт Скул». Дзіцячыя вершы піша на беларускай і рускай мовах. Аўтар зборніка вершаў на рускай мове «Жги!» (2016). Затрыманы ў Мінску 21 верасня 2022 года. На відэа, знятым супрацоўнікамі міліцыі, Дзмітрыя Юртаева прымусілі чытаць уласныя вершы. Разгляд адміністрацыйнай справы Дзмітрыя Юртаева адбыўся 23 верасня 2022 года ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Яго абвінавацілі паводле арт. 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (дробнае хуліганства) і прысудзілі 15 сутак арышту. Пазней Дзмітрыю Юртаеву дадалі двойчы па 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У лістападзе 2022 года супраць Дзмітрыя Юртаева распачата крымінальная справа на падставе ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта). Цяпер стала вядома, што яго вінавацяць яшчэ паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці або разладу).
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- 6 красавіка ў Гомелі затрыманы музыка, лідара гурта «Krumkač» Арцём Раманаў. 7 красавіка ён быў асуджаны судом Чыгуначнага раёна Гомеля на 10 сутак за «распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
- 7 красавіка ў Гродне затрыманы літаратар і грамадскі дзеяч Віктар Сазонаў. Пасля трох сутак зняволення Віктара Сазонава ў ізалятары адбыўся суд у будынку Ленінскага РАУС. На падставе ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Віктару Сазонаву прысудзілі 25 базавых велічынь штрафу (925 беларускіх рублёў – 370 долараў ЗША) і канфіскавалі ў яго мабільны тэлефон за нібыта распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце. Віктар Сазонаў – аўтар кніг апавяданняў «Занатоўкі кантрабандыста» (2005), «Сандалі мітрапалітыка» (2012), «Паэзія прозы» (2013), «Суседскія былі» (2015), аповесці «Сумная гісторыя» (2020), рамана «Генетычны алфавіт» (2021).
- 10 красавіка ў Полацку паўторна ўзяты пад адміністрацыйны арышт супрацоўнік Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, кандыдат філасофскіх навук Ігар Бортнік. Ён быў затрыманы 29 сакавіка, падчас масавых арыштаў сярод супрацоўнікаў музея. Ігара Бортніка затрымалі на працоўным месцы, вывелі з працы ў кайданках падчас ператрусу кватэры, яна была разгромлена. Ігар Бортнік быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне экстрэмісцкай прадукцыі). 8 красавіка Ігар Бортнік быў арыштаваны яшчэ на 13 сутак, яму выставілі артыкул 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
- 10 красавіка стала вядома, што ў Гомелі затрымалі рамесніка, майстра па дрэве Змітра Шаўчэнку, які стварае экалагічныя драўляныя цацкі для дзяцей.
- 11 красавіка Наваполацкі гарадскі суд вынес пастанову пра паўторны арышт фатографа і калекцыянера Ігара Супранёнка. 29 сакавіка ён быў асуджаны на 10 сутак арышту паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, а 10 красавіка суд Наваполацка асудзіў яго яшчэ на 15 сутак на падставе арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (парушэнне арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
- 13 красавіка ў Гомелі затрыманы музыка Алекс Трэш, які граў у некалькіх гуртах.
- 13 красавіка суд Маскоўскага раёна Мінска вынес пастанову паводле адміністрацыйнай справы дырэктаркі Цэнтра славянскіх моў і культур Ірыны Зімнёвай. Ёй прысудзілі 20 базавых велічынь (740 беларускіх рублёў – 295 долараў ЗША) штрафу на падставе арт. 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (хуліганства). Дырэктарку Цэнтра славянскіх моў і культур «Славцентр» Ірыну Зімнёву затрымалі 12 красавіка. Разам з ёй былі затрыманыя яе муж Аляксей, а таксама дзве яе намесніцы. Намесніц адпусцілі пасля допыту. Падчас ператрусу ў галоўным офісе забралі ўсе камп’ютары. Цэнтр славянскіх моў і культур «Славцентр» займаецца арганізацыяй курсаў польскай мовы, а таксама дае кансультацыі наконт атрымання карты паляка і паступлення ў польскія ВНУ.
- 14 красавіка ў Гродне затрымалі ўладальніка этнакрамы «Цудоўня» Андрэя Несцяровіча.
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
- 6 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд паводле крымінальнай справы мінчан, якія ў сярэдзіне верасня 2022 года вывесілі вялікія нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома на вуліцы Лесі Украінкі ў Мінску. Удзельнікам акцыі прысудзілі тэрміны: Дзянісу Варозаву – 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму; Вячаславу Панцюшэнку – 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму; Вользе Церах – 5 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму; Уладзіміру Лавору – 4 гады і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму; Кацярыне Зарэцкай – 5 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
- 10 красавіка ў Бярозе ў Брэсцкай вобласці на 7 сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі Юрыя Лісюка – за выяву нацыянальнай сімволікі на чахле мабільнага тэлефона, што кваліфікавалі як адзіночны пікет паводле ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
Па-ранейшаму дзеячаў культуры, зняволеных на падставе палітычна матываваных крымінальных спраў, абмяжоўваюць у ліставанні.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
14 красавіка ў Гродне затрымалі і ў той жа дзень адпусцілі Кацярыну Шуст – уладальніцу дзіцячай беларускамоўнай прасторы-крамы «Шустры вожык». У сакавіку Кацярына Шуст 10 сутак знаходзілася пад адміністрацыйным арыштам.
VI. Звальненні з дзяржаўных устаноў культуры за грамадзянскую пазіцыю
13 красавіка стала вядома, што супрацоўніцу Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамару Джумантаеву звольнілі з працы падчас адбыцця арышту.
VII. Дзяржаўны вандалізм у дачыненні да памятных мясцінаў
10 красавіка стала вядома, што ў вёсцы Варзяны Астравецкага раёна з могілак загінулых жаўнераў Віленскай брыгады Арміі Краёвай знікла памятная шыльда. На шыльдзе было напісана: «Могілкі польскіх партызанаў, якія загінулі 31.01.1944 г. у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі».
VIII. Ліквідацыя арганізацый і фондаў, што спрыяюць культуры
7 красавіка ў Гомельскім абласным судзе адбыўся суд у справе прымусовай ліквідацыі гісторыка-культурнага грамадскага аб’яднання «Наследие Полесья», якое займалася адраджэннем палаца Горватаў у Нароўлі і стварэннем культурнай прасторы «Даліна Анёлаў» у будынку былога мужчынскага кляштара цыстэрцыянцаў.