Прэмія імя Алеся Адамовіча

Прэмія імя Алеся Адамовіча

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснавана Беларускім ПЭН-цэнтрам ў студзені 1995 года, праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра Алеся Адамовіча. Старшынём журы прэміі першапачаткова быў Васіль Быкаў. Першыя два гады прэмія ўручалася 3 верасня, у дзень нараджэння Алеся Адамовіча. Першае ўручэнне прэміі Алеся Адамовіча адбылося падчас працы Другога міжнароднага кангрэсу ў абарону дэмакратыі і культуры ў Іслачы 3 верасня 1995 года. Пазней прэмія пачала ўручацца 26 студзеня (у дзень смерці пісьменніка) або ў іншыя даты. 

Прэмія ўручалася ў чатырох намінацыях:

1) літаратурная публіцыстыка;
2) газетная журналістыка;
3) кінажурналістыка;
4) радыёжурналістыка.

Цяпер, згодна са статутам, прэмія імя Алеся Адамовіча прысуджаецца за творы, выдадзеныя ўпершыню, у тэкставай, аўдыя-, відэа- і іншых формах (кнігі, артыкулы ў медыя, падкасты, кіно, асобныя відэа і відэацыклы і іншае).

Мэты прэміі:

— вызначэнне найлепшых твораў, прысвечаных актуальным праблемам сучаснасці;
— ушанаванне памяці выбітнага беларускага пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча.

Сачыць за навінамі прэміі

Лаўрэаты:

2024 — Вольга Вялічка з кнігай «Ад двух да пятнацацці: Мая мама ў турме», за гуманістычнае асэнсаванне беларускага турэмнага досведу з перспектывы дзяцей рэпрэсаваных бацькоў;

Наста Манцэвіч з часткай кнігі «Цела таксама архіў», за смеласць і суперажыванне ва ўмовах дыскрымінацыі і гвалту.

Спецыяльная адзнака — сайт www.spring96.org праваабарончага цэнтра «Вясна»,за 25-гадовае паслядоўнае ўсебаковае асвятленне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

2023 — Віка Біран з кнігай «Я танцую», за перапрацоўку асабістых і сацыяльна-палітычных траўм, за шматлікасць досведу і змяшчэнне Беларусі ў розныя кантэксты;

Ганна Янкута з кнігай «Час пустазелля», за эмацыйнае і інтэлектуальнае пражыванне вопыту міграцыі, у якое ўплеценыя салідарнасць з Украінай і рэфлексія беларускай культуры ды ідэнтычнасці.

2022 — Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу», за актуалізацыю традыцый еўрапейскага рэпартажу;

Максім Знак з кнігай «Зэкамерон», за чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасці ў нечалавечых умовах.

2021 — газету “Новы час” і яе рэдактарку Аксану Колб – за шматгадовую ўвагу да тэмаў культуры, гісторыі, правоў чалавека; за магчымасць для беларускіх палітвязняў атрымліваць папяровую версію газеты ў час, калі незалежнай прэсы ў друкаваным выглядзе ў Беларусі ўжо не засталося;

кнігу «(Не)расстраляныя» (укладальнікі Сяргей Будкін, Віктар Жыбуль) – за вяртанне імёнаў і твораў рэпрэсаваных дзеячоў беларускай культуры;

Дзмітрыя Строцава і яго кнігу “Беларусь перакуленая” (Дмитрий Строцев. Беларусь опрокинута) – за моцны паэтычны дакумент 2020 году і праўдзівае сведчанне аб пратэстах і салідарнасці, нянавісці і любові, аб роспачы і перамозе;

Вольгу Шпарагу і яе кнігу “У рэвалюцыі жаночы твар. Выпадак Беларусі” (Ольга Шпарага. У революции женское лицо. Случай Беларуси) – за аўтарскае эсэ пра ролю жанчын у беларускіх пратэстах, эмансіпацыю ўсіх слаёў грамадства і сястрынства ў турме.

2019 — Ірына Раманава за кнігу “Улада і грамадства: БССР у 1929 – 1939 гады”, унікальныя дакументы якой раскрываюць схаваныя і засакрэчаныя бакі тагачаснага савецкага жыцця.

2018 — Вячаслаў Ракіцкі за цыкл дакументальных фільмаў «Сведкі», прысвечаных найноўшай беларускай гісторыі і Наста Захарэвіч за сістэмнае асвятленне і аналітыку праблем, звязаных з гвалтам і дыскрымінацыяй.

2017 — Аляксандр Лукашук за стварэнне кніжнай серыі “Бібліятэка Свабоды”, а таксама за выданне кніг “Прыгоды АРА ў Беларусі” і “Сьлед матылька. Освальд у Менску”.

2016 — Зміцер Бартосік за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы»

2015 — Уладзімір Арлоў за кнігу “Імёны Свабоды” (Мінск, 2015).

2014 — Уладзімір Някляеў за кнігу “Знакі прыпынку”

2013 — Алесь Бяляцкі за кнігу “Асвечаныя беларушчынай”

2012 — Валер Булгакаў за кнігу “Беларусь 1994—2004 гг.: разбудова дзяржавы і пераслед нацыі” і Аляксандр Фядута за кнігу “Амерыканскія вершы”, напісаную падчас знаходжання ў СІЗА КДБ

2011 — Аляксандр Тамковіч за кнігу інтэрв’ю “Без палітыкі” і Мікалай Мельнікаў за вялікі ўнёсак у зберажэнне спадчыны Васіля Быкава

2010 — Сяргей Шапран за кнігу “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах”

2007 — Павал Севярынец за публіцыстычны цыкл “Лісты з лесу”

2006 — Сяргей Навумчык за кнігу “Сем гадоў Адраджэння, альбо Фрагменты найноўшай беларускай гісторыі”

2004 — Генадзь Бураўкін за кнігу паэзіі “Жураўліная пара”, укладанне кнігі ўспамінаў “Наш Быкаў” і серыю публіцыстычных артыкулаў у газеце “Салідарнасць”

2002 — Ганна Соўсь за цыкл рэпартажаў у эфіры Радыё Свабода з урочышча Курапаты падчас будаўніцтва там кальцавой дарогі

2001 — Валянцін Акудовіч за культуралагічныя эсэ, прысвечаныя самаідэнтыфікацыі беларусаў, і Валерый Дранчук за публіцыстычныя артыкулы ў абарону беларускай прыроды

2000 — Міхась Скобла за цыкл перадач “Вольная студыя” 1999—2000 гадоў і Сяргей Шупа за публікацыю дзвюх кніг “Архiва Беларускай Народнай Рэспублiкi”

1998 — Сяргей Дубавец за цыкл перадач “Вострая Брама”

1996 — Віталь Тарас і Людміла Паўлікава-Хейдарава за прынцыповасць i майстэрства ў асвятленнi сучасных праблем Беларусi

1995 — Павел Шарамет, Анатоль Казловіч, Віталь Цыганкоў, Валянцін Жданко, Самсон Палякоў і Анатоль Алай

Статут літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча

Рэгламент правядзення прэміі імя Алеся Адамовіча ў 2026 годзе