З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН сістэматычна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Гэты дакумент змяшчае статыстыку і аналіз парушэнняў у сферы культуры са студзеня да чэрвеня 2023 года. Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц (77 % фактаў), праз асабістыя кантакты (11 %) і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры ў рамках праекта даследавання [1] схаваных рэпрэсій (11 %).
NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не ўказваем прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, паводле дзейных у Рэспубліцы Беларусь нарматыўных прадпісанняў, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні. Больш пра маніторынг.
Асноўныя вынікі маніторынгу
Парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры
Крымінальны пераслед
Адміністрацыйны пераслед
Звальненні
Іншыя формы пераследу
Стварэнне адміністрацыйных перашкод для дзейнасці ў сферы культуры. Цэнзура і «чорныя спісы» дзеячаў культуры
Папаўненне ў спісе культурных «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Пытанні дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры
У 2023 годзе працягваецца палітычна матываваны пераслед дзеячаў культуры, падставай для якога служаць пераважна падзеі 2020 года – удзел у мірных пратэстах, сумесныя звароты прафесійных супольнасцяў да дзяржаўнай улады аб спыненні гвалту над грамадзянамі, ахвяраванні ў фонды дапамогі пацярпелым, рэакцыя ў сацыяльных сетках на рэзанансныя публікацыі і іншыя дзеянні таго часу; падпіска або распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», нязгода з сістэмай у цэлым. Не спыняюцца допыты і ператрусы, затрыманні і адміністрацыйныя арышты дзеячаў культуры, крымінальныя пераследы, ціск на зняволеных у месцах пазбаўлення і абмежавання волі, унясенне ў зацверджаныя дзяржавай спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». Па-ранейшаму адбываюцца як кропкавыя, так і масавыя звальненні непажаданых супрацоўнікаў, прафесіяналы з розных сектараў культуры трапляюць у «чорныя спісы», фактычна ажыццяўляецца забарона на прафесію для прадстаўнікоў незалежнага сектара культуры і нелаяльных рэжыму спецыялістаў, якія працавалі ў дзяржаўных установах культуры і адукацыі. Людзі культуры вымушана пакідаюць краіну, некаторыя з іх апынаюцца перад выбарам «ад’езд або турма». Тыя ж, хто застаецца ў Беларусі, працягваюць сваю справу («…людзі проста баяцца, калі шчыра. Але мы нешта робім, разумееце?» (©)[2]) і, усведамляючы новую рэальнасць, звяртаюцца да самацэнзуры і ананімнасці. Незалежная культура жыве ў «рэжыме цішыні» («…цяпер маўчанне – гэта галоўнае нашае» (©)) і шукае спосабы творчасці і самарэалізацыі.
- За студзень – чэрвень 2023 года ў Беларусі зафіксавана 925 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
- Права на справядлівы суд / доступ да правасуддзя і цэнзура – пераважныя парушэнні ў дачыненні да дзеячаў культуры ў цяперашні перыяд часу.
- У зняволенні памерлі мастак Руслан Карчаулі (у гродзенскай турме), культурны менеджар і блогер Мікалай Клімовіч (у віцебскай калоніі), мастак і перформер Алесь Пушкін (у гродзенскай турме). Гэтыя трагічныя смерці праваабаронцы і грамадскасць звязваюць з умовамі ўтрымання і неналежнай медыцынскай дапамогай у закрытых установах сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў (МУС). Пры нявысветленых абставінах у Лідскім РАУС памёр паэт Дзмітрый Сарокін.
- У калоніях, турмах, следчых ізалятарах (СІЗА), установах адкрытага тыпу (на «хіміі») або на «хатняй хіміі» [3] станам на 1 ліпеня застаюцца не менш [4] чым 133 дзеячы культуры, 114 прызнаны палітычнымі зняволенымі.
- Не менш за 15 чалавек утрымліваюцца ў зняволенні ўжо больш за 1000 дзён – гэта амаль 3 гады. Дзеячы культуры, якіх пераследуюць паводле палітычных матываў, зазнаюць у няволі жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, знаходзяцца ў стане пастаянных абмежаванняў і ціску, камунікацыя з імі або адсутнічае, або істотна ўскладнена.
- Асуджаны не менш чым 48 дзеячаў культуры. Часцей за ўсё крымінальны пераслед ажыццяўляўся на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») – за ўдзел у мірных сходах і пратэстах 2020 года. Усяго з канца 2020-га асуджаны не менш за 212 чалавек.
- На працягу гэтага паўгоддзя зафіксавана 130 выпадкаў адвольнага затрымання дзеячаў культуры і 104 адміністрацыйныя пераследы. Як мінімум кожны другі пратакол быў складзены паводле артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць») – за падпіску ці рэпосты публікацый у інтэрнэце.
- Дзеячаў культуры выклікаюць на допыты, надглядаюць падчас пераходу мяжы, запісваюць з імі «пакаянныя» відэа, ціснуць на іх праз сваякоў, звальняюць з дзяржаўных устаноў культуры і адукацыі, выключаюць з творчых саюзаў (напрыклад, Саюза мастакоў) і г. д.
- Задушэнне іншадумства і свабоды выказвання думкі адбываецца пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам:
-
- 153 дзеячы культуры ўнесены МУС у «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці»; 23 уключаны Камітэтам дзяржаўнай бяспекі (КДБ) у «Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». 20 чалавек занесены ў абодва спісы. Траплянне ў пералікі цягне за сабой дадатковыя абмежаванні ў правах.
- Музычны гурт «Tor Band», аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў», рэгіянальныя СМІ «Гомель Штодзень» і «MOST» (якія асвятляюць у тым ліку тэмы беларускай мовы, гісторыі і культуры) былі прызнаны КДБ «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
- Не менш за 75 матэрыялаў культурнай тэматыкі (у тым ліку сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры) унесены Міністэрствам інфармацыі ў спіс «экстрэмісцкіх». Сярод іх – 18 кніг, 12 выпускаў часопісаў «Наша гісторыя» і «ARCHE», Telegram-каналы на тэму гісторыі і беларускай мовы: «Historyja», «Belarus history», «Беларускі Бабілон», «Толькі пра мову», культурна-асветніцкі партал «Будзьма беларусамі!», друкаваная версія «Рэгіянальнай газеты», некаторыя кліпы ці песні гуртоў «Дай дарогу!», «Sumarok», «Дети Хрущёвок», «faceOFF», YouTube-канал «Tyapin CREW», украінская песня «Ах, Бандеро!» і шэраг іншых.
- Асноўныя інструменты ціску дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры – стварэнне адміністрацыйных перашкод, цэнзура і «чорныя спісы»:
-
- Працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да недзяржаўнай кніжнай сферы – у даследаваны перыяд афіцыйна спынілі сваю працу ў Беларусі выдавецтвы «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Зміцер Колас». Створаны нарматыўныя перашкоды для распаўсюду беларускіх кніг унутры краіны і вывазу друкаваных выданняў за яе межы.
- Прымусова ліквідавана яшчэ 21 некамерцыйная арганізацыя, якая мае дачыненне да сферы культуры. А ўсяго з пачатку мэтанакіраванай кампаніі ліквідацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі (з канца 2020 года) гэтую працэдуру прайшло не менш як 204 НКА.
- Існуюць «чорныя спісы» палітычна «нядобранадзейных» літаратараў, мастакоў, фатографаў, акцёраў, музыкаў, экскурсаводаў, музейшчыкаў.
- Дзяржава стварае адміністрацыйныя перашкоды для ажыццяўлення канцэртнай дзейнасці, правядзення выставак, сустрэч, арганізацыі клубаў паводле інтарэсаў і іншых культурных мерапрыемстваў; кантралюе рэпертуарную палітыку тэатраў і кінапракату, музейныя экспазіцыі і г. д.
- Вядомыя выпадкі пераследу ўдзельнікаў культурных мерапрыемстваў. Так, у студзені былі затрыманы ўдзельнікі экскурсійнай групы, якія ехалі на абрад «Калядныя цары», уключаны ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. А ў чэрвені прадстаўнікі сілавых структур здзейснілі рэйд на тэрыторыю аграсядзібы «Стулы», куды гледачы прыехалі на паказ батлейкі.
- Дзяржава працягвае пераследаваць сваіх грамадзян за публічныя праявы беларускасці (мова, сімвалы, публікацыі на тэму нацыянальнай гісторыі), асуджэнне расійскай ваеннай агрэсіі і падтрымку Украіны. Яна гаворыць з насельніцтвам на мове варожасці, сее нянавісць, русіфікуе сферу культуры і ўсё больш узмацняе кантроль.
ПАРУШЭННІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў ДАЧЫНЕННІ ДА ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ
2023 год прынёс смерці дзеячаў культуры, якія знаходзіліся ў зняволенні. 5 студзеня ў гродзенскай турме памёр мастак Руслан Карчаулі. Паводле інфармацыі, якая дайшла да грамадскасці, смерць наступіла пасля перанесенай пнеўманіі ў выніку нясвоечасовага аказання медыцынскай дапамогі. 6 траўня ў віцебскай калоніі памёр культурны менеджар і блогер Мікалай Клімовіч, 61-гадовы палітвязень з 2-й групай інваліднасці (на падставе кардыялагічнай хваробы), асуджаны 28 лютага на год калоніі за рэакцыю «смешна» на сатырычную выяву Лукашэнкі ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». 1 чэрвеня пры нявысветленых абставінах у Лідскім РАУС памёр 37-гадовы паэт Дзмітрый Сарокін, падрабязнасцяў пра здарэнне ў нас няма. Уначы 11 ліпеня [5] ў рэанімацыі памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін, чалавек-легенда мастацтва перформансу, асуджаны на 5 гадоў зняволення за партрэт антысавецкага партызана Яўгена Жыхара, напісаны ў 2014 годзе. На сёння няма афіцыйнай інфармацыі пра прычыны і абставіны смерці Алеся Пушкіна, які адбываў пакаранне ў гродзенскай турме. Аднак весткі, якія дайшлі да грамадскасці, сведчаць пра запушчаную прабадную язву і нясвоечасовае аказанне мастаку неабходнай медыцынскай дапамогі.
Станам на 1 ліпеня 2023 года ў рамках крымінальнага пераследу ў калоніях, турмах, СІЗА, установах адкрытага тыпу або на «хатняй хіміі» знаходзяцца не менш за 133 дзеячы культуры, 114 з якіх прызнаны палітычнымі зняволенымі (усяго ў Беларусі 1496 палітвязняў паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», 1750 – паводле звестак ініцыятывы падтрымкі палітычных зняволеных «DISSIDENTBY»).
Не менш за 15 чалавек знаходзяцца ў зняволенні ўжо больш за 1000 дзён (амаль 3 гады), у прыватнасці: менеджар культуры, відэаблогер і палітык Сяргей Ціханоўскі; пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч Павел Севярынец; мецэнат і палітык Віктар Бабарыка; менеджар культуры Эдуард Бабарыка; музыка і актывіст Сяргей Спарыш; танцоры Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў; аўтар турэмнай літаратуры, анархіст Аляксандр Францкевіч; музыка і менеджарка культурных праектаў, грамадская дзяячка Марыя Калеснікава; літаратар, бард і адвакат Максім Знак; аўтар дакументальных фільмаў і блогер Павел Спірын; UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў; архітэктар Арцём Такарчук; прамоўтар гісторыі, блогер Эдуард Пальчыс; дызайнер, архітэктар Расціслаў Стэфановіч.
Дзеячы культуры, якія пераследуюцца паводле палітычных матываў, зазнаюць у зняволенні жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, знаходзяцца ў стане пастаянных абмежаванняў, ціску, без сувязі з сям’ёй і адвакатамі. Часцяком сваякі месяцамі не маюць ад іх вестак. Так, з сакавіка цалкам адсутнічае незалежная інфармацыя пра Сяргея Ціханоўскага, з красавіка перапынілася ліставанне з Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам, дагэтуль няма сувязі і інфармацыі пра стан здароўя Віктара Бабарыкі, шпіталізаванага ў канцы красавіка ў вельмі цяжкім стане, як і няма ніякіх тлумачэнняў з боку пенітэнцыярнай сістэмы пра тое, што з ім насамрэч адбылося. Людзі культуры ў няволі цярпяць ад дадатковага ціску на працягу ўсяго тэрміну свайго зняволення. Адзін з рэспандэнтаў у рамках даследавання схаваных рэпрэсій назваў гэта «турмой у турме»: «…седзячы ў калоніі, яго [Уладзіміра Мацкевіча] пачынаюць забараняць: з ім нельга размаўляць навакольным, калі навакольныя з ім размаўляюць, то яны атрымліваюць ШІЗА… Яму забараняюць атрымліваць пасылкі, лісты. Гэта ўвогуле фантастыка – унутры крымінальнага пакарання дзейнічаюць рэпрэсіўныя метады яшчэ дадаткова, гэта жах».
Усяго на працягу паўгода ў Беларусі былі асуджаны не менш за 48 дзеячаў культуры. У тым ліку вынесены першы прысуд у рамках спецыяльнага вядзення – завочнага суда ў дачыненні да экс-міністра культуры Рэспублікі Беларусь, былога дырэктара Купалаўскага тэатра, палітыка Паўла Латушкі. У рамках абвінавачанняў дзеячам культуры інкрымінавалі ад аднаго да сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Часцей за ўсё пераслед ажыццяўляўся на падставе артыкула 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») – за ўдзел у мірных сходах і пратэстах 2020 года.
27 дзеячаў культуры былі асуджаны на адбыццё пакарання ў калоніях, 19 – на «хатнюю хімію», 2 – на «хімію».
На 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асуджаны паслядоўны папулярызатар беларускай культуры Павел Белавус – культурны менеджар, заснавальнік незалежнай культурнай пляцоўкі «Арт Сядзіба» (з’явілася ў Мінску ў канцы 2011 года) і крамы нацыянальнай сімволікі Symbal.by (адкрылася ў 2014 годзе). За сваю беларускасць і яе прасоўванне праз арганізацыю канцэртаў, літаратурных сустрэч, лекцый, папулярызацыю беларускіх традыцыйных сімвалаў Павел Белавус абвінавачаны рэжымам у «здрадзе дзяржаве» і «прычыненні шкоды нацыянальнай бяспецы» – «распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму», як гаворыцца ў абвінавачанні. «Гэта самы красамоўны прыклад апошніх тыдняў, – сказаў нам у інтэрв’ю адзін з рэспандэнтаў, – бо гэты чалавек сапраўды не займаўся нейкай палітычнай дзейнасцю, ён у чыстым выглядзе культурніцкі дзеяч, вельмі таленавіты, вельмі актыўны і здольны… Быў асуджаны на такі вялізарны тэрмін, прычым фармулёўкі… нагадваюць выразна сталінскі час, таму што, па-мойму, з фармулёўкай “беларускі нацыяналізм” яшчэ нікога да яго не садзілі… Гэта, відавочна, тыпова палітычны прысуд…»
Страшныя прысуды былі вынесены праваабаронцу, літаратару, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму (10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 185 000 рублёў штрафу (~63 000 USD) за ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці і дапамогу рэпрэсаваным); публіцыстцы, паліталагіні і даследчыцы Валерыі Касцюговай (10 гадоў калоніі за прафесійную дзейнасць); музыку Яўгену Глушкову (9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за здымак вайсковага аэрадрома ў вёсцы Зябраўка Гомельскай вобласці, адкуль былі зафіксаваны запускі ракет на тэрыторыю Украіны); журналісту, эсэісту, сябру Саюза палякаў Беларусі Андрэю Пачобуту (8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за выказванне думкі з нагоды беларускіх пратэстаў 2020 года, гістарычных фактаў 1939 года, абарону польскай меншасці). Заснавальнік іспанскага візавага цэнтра Руслан Лабанок і культуролаг, архівіст, актывіст незалежнага прафсаюза «РЭП» Вацлаў Арэшка асуджаны адпаведна на 11 і 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
З лістапада 2020 года былі асуджаны не менш за 212 дзеячаў культуры.
У Беларусі працягваюцца адвольныя затрыманні, у тым ліку людзей творчых прафесій. На працягу студзеня – чэрвеня 2023 года затрымлівалі экскурсаводаў і музыкаў, менеджараў культуры і выкладчыкаў гуманітарных дысцыплін, мастакоў і літаратараў, фатографаў і работнікаў музеяў, танцораў і рамеснікаў. Мелі месца і масавыя затрыманні: супрацоўнікаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка (канец сакавіка), тэлерадыёкампаніі «Гомель» (пачатак траўня), Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (сярэдзіна траўня), Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (другая палова траўня).
За першыя шэсць месяцаў 2023 года мы зафіксавалі 130 выпадкаў адвольных затрыманняў дзеячаў культуры. Вядома, што як мінімум 88 затрыманняў прывялі да адміністрацыйных судоў, у шэрагу выпадкаў пачаўся крымінальны пераслед. Некалькіх чалавек праз нейкі час адпусцілі, інфармацыя пра яшчэ шэраг выпадкаў затрымання не з’яўляецца поўнай. У даследаваны перыяд у маніторынгу сабраны звесткі пра 104 адміністрацыйныя справы ў дачыненні да людзей культуры – у рэдкіх выпадках ім не папярэднічала затрыманне, або гэта мог быць другі пратакол, або адміністрацыйны пераслед у дачыненні да тых, хто ўжо адбывае крымінальнае пакаранне. Як мінімум кожны другі адміністрацыйны пратакол складзены за падпіску або рэпосты ў інтэрнэце публікацый, прызнаных рэжымам «экстрэмісцкімі», – артыкул 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць »). Найбольш распаўсюджаны від пакарання – адміністрацыйны арышт (не менш за 2/3 выпадкаў). Усяго не менш за 861 суткі (амаль 2,5 года) і 18 798 рублёў штрафаў (~5600 EUR) прысуджаны дзеячам культуры ў рамках адміністрацыйных судоў у аналізаваны перыяд.
Пасля адбыцця сутак ва ўмовах антысанітарыі, перапоўненасці камер і пастаяннага ціску з боку супрацоўнікаў закрытых устаноў людзі абавязаны аплаціць у даход дзяржавы «выдаткі на іх утрыманне» ў ЦІП (Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў) або ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання) – 15 сутак абыходзяцца ў 277,5 рублёў (~82 EUR). Тых жа дзеячаў культуры, якія працавалі ў якой-небудзь з дзяржаўных устаноў, у большасці выпадкаў (калі не ва ўсіх) пасля адміністрацыйных арыштаў звальняюць.
У Беларусі працягваюцца звальненні «нядобранадзейных». За першыя шэсць месяцаў 2023 года ў маніторынгу сабраны факты пра звальненні 48 дзеячаў культуры, пра якія нам стала вядома з адкрытых крыніц і з даследавання схаваных рэпрэсій. Мы робім дадатковыя намаганні для пошуку і збору інфармацыі пра гэты від рэпрэсій, але ўсведамляем, што факты з гэтага раздзела не адлюстроўваюць поўнай карціны звальненняў у сферы культуры перадусім з прычыны таго, што многія людзі не хочуць агучваць гэтую інфармацыю нават на ўмовах яе канфідэнцыйнасці: «Я не хачу называць іх імёнаў», «Не магу сказаць», «Лепш не буду называць яе прозвішча» (©) і г. д. У дзяржаўных установах культуры спецыялістаў працягваюць правяраць на лаяльнасць, на тых, хто не адпавядае ідэалагічным патрабаванням, ціснуць, іх звальняюць або ствараюць ім умовы для звальнення. У 2023 годзе падставамі для звальнення (фармальна часцей аформленага «паводле пагаднення бакоў») або непрадаўжэння кантракта служаць факты затрымання («…пазнака ў міліцыі пра тое, што затрымлівалі… гэта значыць, там пару гадзін, там нават сутак не было» (©)), адміністрацыйнага арышту або крымінальнага пераследу – паводле артыкула «за прагулы»; подпіс, пастаўлены за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты ўлетку 2020 года («Проста прыходзіць нейкі спіс – і ўсё, ты ў ім – і прывет» (©)); «…даносы, якія пішуцца праз прафесійную дзейнасць» (©); ахвяраванні («…данаціў у “экстрэмісцкія” фонды» (©)); дыфамацыйныя публікацыі ў дачыненні да каго-небудзь з дзеячаў культуры ў праўладных СМІ, інтэрнэт-каналах і сацыяльных сетках актывістаў.
Звальненне з дзяржаўных устаноў з указаных прычын стварае для чалавека праблемы ў наступным працаўладкаванні. Гэта значыць, што яму закрыта дарога ў якую-небудзь дзяржаўную структуру краіны: «Паўвальнялі і далі зразумець, што “вы нікуды больш не ўладкуецеся”» (©). Вядомыя асобныя выпадкі, калі спецыялісту ўдавалася ўладкавацца ў іншую дзяржаўную арганізацыю, але гэта хутчэй рэдкае выключэнне са складзенага правіла.
У аналізаваны перыяд звальненні нелаяльных спецыялістаў («…хто нязручны» (©)) адбываліся ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытуце філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Полацкім і Беларускім дзяржаўных універсітэтах, ліцэі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры і шэрагу іншых устаноў культуры і адукацыі. Усяго з 2020 года мы зафіксавалі 376 фактаў звальнення супрацоўнікаў паводле палітычных матываў.
Дзеячы культуры зазнаюць ператрусы, допыты – у КДБ, ГУБАЗіКу, мясцовых РАУС і іншых падраздзяленнях сілавых структур, іх запрашаюць «на размову», на «гутарку» ў пракуратуру. Атрымалі распаўсюд таксама візіты сілавікоў да сваякоў, пагрозы, прымус да запісу «пакаянных» відэа і іншыя формы ціску і застрашвання.
Расце колькасць выклікаў на допыты за ахвяраванні праз інтэрнэт, якія рабіліся ў фонды дапамогі пацярпелым беларусам: пагражаючы крымінальным пераследам за фінансаванне «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» дзейнасці, следчыя «прапануюць» аплаціць суму, роўную дзесяціразоваму памеру ахвяравання, на рахунак канкрэтнай установы, або падаюць спіс некалькіх «для самастойнага выбару». У шэрагу выпадкаў дзеячаў культуры спрабуюць завербаваць – ім прапануюць падпісаць дакумент аб супрацоўніцтве і абяцаюць гарантаваць канфідэнцыйнасць і лаяльнасць узамен за інфармацыю ў будучыні.
Нарастае адна з практык пераследу і застрашвання – апытанні ў пунктах памежнага пропуску. Працэдура асабліва пільнага надгляду на мяжы падчас вяртання дадому ўсіх дзеячаў культуры, якія ёсць у базе людзей, што прайшлі праз адміністрацыйныя суды, мае паўтаральны характар: «…у мяне таксама 23.34, яны надглядаюць, мытнікі, акт агляду складаюць, але гэта збольшага я б назвала стандартнай працэдурай… гэта такая рэальнасць ужо проста звычайная» (©). Хоць і яна бывае вельмі рознай: «…мытнікі надглядаюць, пералічваюць грошы – але вось… расказваў, што яго раздзявалі, напрыклад. Ну, гэта з непрыемнага…» (©). Цяпер жа праз «размову» і агляд тэлефона падчас вяртання ў Беларусь праходзіць у разы больш людзей. Гутаркі на пункце пропуску могуць доўжыцца 40 хвілін і больш. «Пытаюць, дзе была і навошта ездзіла. Апытанне, якое пераходзіць у допыт, бо чапляюцца за словы і круцяць далей» (©), цікавяцца сябрамі, сваякамі за мяжой, ва Украіне, глядзяць падпіскі на тэлефоне і г. д. Вядомыя выпадкі, калі чалавека адпускалі пасля размовы, а праз кароткі час прыходзілі з ператрусам да яго дадому і затрымлівалі. Усе гэтыя выпадкі мы схільныя класіфікаваць як парушэнне права на свабоду перамяшчэння, што патрабуе асобных дадатковых даследаванняў спецыялістаў у гэтым пытанні. Тут жа неабходна адзначыць сітуацыі з польскай пісьменніцай Маяй Вольных, якую ў студзені не пусцілі ў Беларусь (і забаранілі ўезд у краіну на 20 гадоў), нягледзячы на бязвізавы рэжым, што дзейнічае для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы, і з былой дырэктаркай і выкладчыцай польскай школы, актывісткай Саюза палякаў Беларусі Анжалікай Арэхвай – у чэрвені яе без тлумачэння прычын не выпусцілі з Беларусі.
СТВАРЭННЕ АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПЕРАШКОД ДЛЯ АЖЫЦЦЯЎЛЕННЯ ДЗЕЙНАСЦІ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ. ЦЭНЗУРА І «ЧОРНЫЯ СПІСЫ» ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ
Не спыняюцца рэпрэсіі ў дачыненні да незалежнага кнігавыдавецтва. 10 студзеня 2023 года Эканамічны суд горада Мінска пастанавіў спыніць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Янушкевіча ў якасці выдаўца – закрылася выдавецтва «Янушкевіч». Фармальная прычына такога рашэння – «выпуск у свет» друкаваных выданняў, «у якіх размяшчаюцца заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды знешняй бяспецы Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці, або загадзя непраўдзівыя звесткі, якія ганяць гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама змяшчаюць інфармацыю экстрэмісцкага або парнаграфічнага характару, інфармацыю, якая прапагандуе вайну, нацысцкую сімволіку або атрыбутыку, культ гвалту і жорсткасці, або накіраваны на распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або разладу», а менавіта выданне рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы», дзіцячай кнігі паводле верша Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькі буксір» і навуковай манаграфіі пра вайну Святланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941–1944 гг.)». У 2022 годзе гэтыя дзве мастацкія і адна навуковая кнігі былі прызнаны Міністэрствам інфармацыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Паводле такога ж прынцыпу ліквідавана найстарэйшае прыватнае выдавецтва «Зміцер Колас», якое працавала ў Беларусі з канца 1980-х гадоў: на падставе іску Міністэрства інфармацыі за выпуск зборніка дакументаў пра польска-беларускае памежжа 1939–1941 гадоў «„Вызваленыя” і заняволеныя» аўтарства доктара гістарычных навук Аляксандра Смаленчука, унесенага ў студзені гэтага года ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», 11 красавіка Эканамічны суд горада Мінска пастанавіў спыніць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка Змітра Коласа. «Механізм такі: спачатку яны чапляюцца за нейкую кнігу, што яна экстрэмісцкая, а потым закрываюць выдавецтва на гэтай падставе» (©). З 12 лютага гэтага года ў працэсе ліквідацыі знаходзіцца выдавецтва «Кнігазбор», чыю дзейнасць Міністэрства інфармацыі прыпыняла на некалькі месяцаў летась. У 2022 годзе таксама былі ліквідаваны недзяржаўныя выдавецтвы «Галіяфы» і «Лімарыус». Кнігі ўсіх гэтых выдавецтваў прыбіраюцца з сістэмы продажаў у дзяржаўных кнігарнях, як вынік – «…зніклі цэлыя паліцы. Не проста той аўтар ці гэтая кніжка – паліцамі знікаюць. Я адчуваю прыкладна тое, што адчуваў… у 2003 годзе ў Мінску: заходзіш – і там толькі мастацкая літаратура, выдавецтва “Беларусь”, “Беларуская энцыклапедыя”… А, “Энцыклапедыя” ужо закрылася сама. І больш нічога няма… Можна сказаць, адна дзяржаўная кніжнасць прадстаўлена ў крамах» (©).
Нягледзячы на тое, што сектар некамерцыйных арганізацый (НКА) у Беларусі зазнаў істотнае скарачэнне ў 2021–2022 гг. – «…А пра арганізацыі – ну як бы таксама іх закрылі адразу практычна, пачалі закрываць з 20-га года, і цяпер няма ніякіх арганізацый», «НДА так і не засталося… зусім», «…а мне здаецца, усе закрылі наогул у 22-м, у 23-м якое ўжо…» (©), прымусовыя ліквідацыі арганізацый грамадзянскага сектара працягваюцца. За першыя паўгода ў краіне стала менш яшчэ прынамсі на 21 НКА, якія працавалі ў сферы культуры. Так, 10 студзеня Вярхоўны суд ліквідаваў найстарэйшую грамадскую арганізацыю Беларусі – Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, створанае яшчэ ў 1966 годзе. Апошнія 15 гадоў яе ўзначальваў гісторык-этнолаг і культуролаг Антон Астаповіч. Унёсак гэтай арганізацыі ў захаванне гісторыка-культурнай спадчыны складана пераацаніць. 28 красавіка Гродзенскі абласны суд вынес рашэнне аб ліквідацыі першага афіцыйна зарэгістраванага ў Беларусі грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімціне» («Радзіма»). Арганізацыя працавала на базе сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання ў вёсцы Пеляса Гродзенскай вобласці з 1993 года (сама пяляская сярэдняя школа была прымусова закрыта ўладамі ў жніўні 2022 года). Усяго з пачатку мэтанакіраванай кампаніі ліквідацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі (з канца 2020 года) прымусова ліквідавана не менш за 204 арганізацыі культурнай накіраванасці.
Дзяржава ўмешваецца ва ўсе сектары сферы культуры, а стварэнне ёй адміністрацыйных перашкод пераплятаецца з татальнай цэнзурай і забаронай на свабоду выяўлення. Міністэрства культуры адным званком адмяніла афлайн-фестываль аўтарскіх фільмаў «Нефільтраванае кіно», які меўся прайсці ў Мінску 24–26 сакавіка. Пасля такім жа чынам тройчы былі сарваны адукацыйныя кіналекторыі фестывалю. Паводле разнарадкі Мінкульта знята з пракату новая частка расійскага фільма «О чем говорят мужчины». Перад прэм’ерай быў адменены паказ і адпраўлены «на дадатковую праверку» беларускі псіхалагічны трылер «Странный дом», які 6 красавіка без перашкод выйшаў у расійскі кінапракат. У цэнзураваным выглядзе выйшаў у Беларусі руска-беларускі серыял «За полчаса до весны», прысвечаны легендарнаму ансамблю «Песняры», – «на патрабаванне Міністэрства культуры твары гэтых двух акцёраў [Дзмітрый Есяневіч і Георгій Пятрэнка] … заблюрылі, гэта значыць, такія кружочкі, … канкрэтна масачка расфокусу на гэтых тварах» (©). Міністэрства культуры забараніла ладзіць фестываль касплэю «Free Time Fest» у Гомелі. Не адбыўся юбілейны канцэрт фолк-гурта «Ягорава Гара», чыя дзейнасць у прынцыпе вымушана прыпынена; быў адменены монаспектакль Івана Кірчука на пляцоўцы Купалаўскага тэатра; на некалькі месяцаў вымушана закрывалася адна з самых папулярных канцэртных пляцовак сталіцы – «Prime Hall». Ад цэнзуры і ўмяшання Мінкульта пацярпелі выставы беларускага жывапісу «Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне…» і «Выстава беларускай станковай і кніжнай графікі ХХ–ХХІ стагоддзяў» у Палацы мастацтва, арганізаваныя Саюзам мастакоў. У Мінску і ў рэгіёнах адмянялі прэзентацыі кніг, лекцыі, круглыя сталы, здымалі з рэпертуару спектаклі, не давалі гастрольных пасведчанняў, не дапускалі ўдзелу ў выставах, канферэнцыях, фестывалях, сустрэчах і іншых мерапрыемствах «нядобранадзейных» для рэжыму дзеячаў культуры – «Можна запрашаць толькі вось як бы “правільных”» (©). Сказанае вышэй пацвярджаюць словы міністра культуры Анатоля Маркевіча, якія прагучалі на выніковай калегіі Міністэрства культуры Беларусі ў лютым гэтага года: «Здраднікам не месца на сцэне, дзяржспецмерапрыемства гэта – або канцэрт у аграгарадку». Дзеля ўзмацнення ролі дзяржавы ў рэгуляванні канцэртнай дзейнасці з 1 жніўня 2020 года вядзецца рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, праца для правядзення гастроляў замежных выканаўцаў сканцэнтравана ў руках Белдзяржфілармоніі і іншых буйных дзяржаўных канцэртных арганізацый. Унесены прапановы для стварэння рэестра выканаўцаў і іншых творчых работнікаў, якія адказваюць за распрацоўку і рэалізацыю сцэнарыяў [6] .
Цэнзура ў Беларусі існуе ў двух выглядах:
- інстытуцыялізаваным – у прыватнасці, змены ў Кодэксе аб культуры рэгулююць і рэгламентуюць склад удзельнікаў культурнага мерапрыемства, яго тэму, назву, змест, арганізатара (ім можа выступаць толькі той, хто ўключаны ў Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў) і г. д. «Гэта сумна вядомы загад, ці як ён там, пра арганізацыю масавых мерапрыемстваў, і ўсе думаюць, што з гэтым рабіць»; «…бо трэба атрымліваць дазвол, і не ўсе мерапрыемствы пацвярджаюцца», «…цяпер амаль усё, што ты робіш, нават бясплатна, ты павінен узгадняць. Ну а калі ты не ў рэестры, то ты нават і падаць на гэтае гастрольнае пасведчанне не можаш» (©). Аднак і прысутнасць арганізатара ў дзяржаўным рэестры не гарантуе таго, што яму дазволяць правесці мерапрыемства. Мы ведаем пра шэраг выпадкаў, калі даваліся адмовы на заявы аб выдачы пасведчання на права арганізаваць і правесці культурна-відовішчнае мерапрыемства, напрыклад, на падставе падпункта 1.12 («парушэнне іншых патрабаванняў прававых актаў») пункта 1 артыкула 215 Кодэкса аб культуры – гэта значыць, па сутнасці, без тлумачэння прычын.
- няголасным: «чорныя спісы» – феномен, які дзесяцігоддзямі існуе ў Беларусі, а пасля пратэстаў 2020 года як ніколі актуальны і маштабны. На сёння яны ёсць у дачыненні да прафесіяналаў усіх відаў мастацтва – літаратараў, мастакоў, фатографаў, музыкаў, гісторыкаў, музейшчыкаў, экскурсаводаў: «…калі чалавек дзесьці засвяціўся, яго не бяруць на працу ў дзяржаўную ўстанову, яго, хутчэй за ўсё, не запросяць таксама на дазволеную імпрэзу»; «і гэтыя спісы – яны нейкія вялізныя, ніхто іх ніколі не бачыў, але там рэгулярна адбываецца так, што ўсе новыя мастакі нейкім чынам апынаюцца ў гэтых спісах»; «…у нас няма допуску, напрыклад, … да таго, каму нельга. Мы павінны кожную кандыдатуру пасылаць [у Мінкульт] … на праверку»; «…гэта ўсё становіцца вядома эксперыментальным шляхам. Напэўна, хтосьці ведае дакладна, што ён у гэтым спісе, хтосьці не ведае, калі ты ніяк не сутыкаешся, напрыклад, ты мастак і не выстаўляешся, то можа да канца і не ведаеш, ці ты ёсць там, ці ты не» (©).
У мінулым матэрыяле мы таксама пісалі пра «стоп-ліст» забароненых у Беларусі выканаўцаў, а цяпер атрымліваем пацвярджэнні гэтага на практыцы: расказваючы «Вясне» пра сваю былую працу гукааператарам у бабруйскім Доме культуры, музыка Вячаслаў Аркатаў гаварыў пра цэнзураванне з боку Міністэрства культуры, адкуль спускаўся спіс забароненых песняў і гуртоў, сярод якіх, напрыклад, – украінскі выканаўца Макс Барскіх, таксама ўнесены ў згаданы вышэй «стоп-ліст».
Упершыню за час маніторынгу зафіксаваны такі від пераследу за іншадумства, як практыка выключэння з творчых саюзаў. Вядома, што рашэннем рады з Беларускага саюза мастакоў выключаны 10 мастакоў, сярод якіх – Алесь Пушкін, Генадзь Драздоў (у траўні гэтага года асуджаны на 3 гады калоніі), Уладзімір Цэслер (жыве ў эміграцыі) і іншыя.
ПАПАЎНЕННЕ Ў СПІСЕ «ЭКСТРЭМІСЦКІХ МАТЭРЫЯЛАЎ»
На сёння ўнясенне матэрыялаў у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» – адна з формаў барацьбы рэжыму з іншадумствам. За выключэннем адзінкавых відаў прадукцыі неанацысцкага, нацыяналістычнага і радыкальна-рэлігійнага кірунку, абсалютная большасць матэрыялаў уключана ў спіс паводле палітычных матываў [7]. У студзені – чэрвені 2023 года Міністэрства інфармацыі ўнесла ў яго не менш за 75 матэрыялаў, якія змяшчаюць кантэнт культурнай тэматыкі (кнігі, часопісы, музычныя кліпы, сайты, YouTube- і Telegram-каналы, артыкулы і інш.) або маюць дачыненне да дзеячаў культуры (старонкі ў сацыяльных сетках). Усе такія выпадкі мы фіксуем дзеля мэтаў гэтага маніторынгу фармулёўкай «прызнана экстрэмісцкім матэрыялам», аднак важна адзначыць, што падставы, на якіх спіс папаўняецца, уступаюць у канфлікт са стандартамі выканання правасуддзя і ствараюць негатыўную правапрымяняльную практыку.
- Літаратура і гісторыя
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» на працягу паўгода прызнаны 18 кніг. Гэта працы Анатоля Тараса або пад яго рэдакцыяй – «Беларусь превыше всего! (О национальной беларусской идее)», «Запісы таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага. Выклікі “рускага свету” і Беларусь. Выпуск 6», «Постсоветский транзит: между демократией и диктатурой: Сборник статей», «Страницы прошлого: статьи по истории Беларуси», «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі: Матэр’ялы навукова-практычнай канферэнцыі», «Трансфармацыі ментальнасці беларусаў у XXI ст.: Матэр’ялы навукова-практычнай канферэнцыі», а таксама наступныя кнігі: Владимир Бешанов, «Год 1942 – учебный»; Вадим Деружинский, «Забытая Беларусь»; Сергей Захаревич, «Большая кровь: как СССР победил в войне 1941–1945 гг.»; Леанід Лыч, «Нацыянальна-культурнае жыццё на Беларусі ў часы вайны (1941–1944 гг.)»; Виктор Суворов, «Тень Победы»; Олег Усачев, «Кто, как и зачем убил Вильгельма Кубе»; Аляксандр Смалянчук, «”Вызваленыя” і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў»; Альгерд Бахарэвіч, «Апошняя кніга пана А.»; Анатоль Гатоўчыц, «Адысея капітана БНР»; Сергей Сюзев, «Двадцать лет рабства: Беларусь сегодня»; Алиция Дыбковская, Малгожата Жарын, Ян Жарын, «История Польши с древнейших времен до наших дней»; «Polskie pieśni patriotyczne».
Усяго з 2021 года ўжо 29 кніг – мастацкіх, публіцыстычных, навуковых – прызнаны «экстрэмісцкімі».
Статус «экстрэмісцкіх матэрыялаў» атрымалі Telegram-каналы пра гісторыю Беларусі: 27 лютага Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спісы канал «Historyja» («Kanał pra našu historyju / Канал пра нашу гісторыю»), які з чэрвеня 2022 года ўжо лічыцца «экстрэмісцкім фарміраваннем»; 6 красавіка – «Belarus history» («История Беларуси в фото и коротких интересных фактах» – «Гісторыя Беларусі ў фота і кароткіх цікавых фактах»); 13 красавіка – аўтарскі канал краязнаўцы і экскурсавода Цімафея Акудовіча «Беларускі Бабілон» («Беларуская гісторыя ў незвычайных ракурсах»). 6 сакавіка спіс папоўніўся дзевяццю нумарамі навукова-папулярнага часопіса «Наша гісторыя» і трыма нумарамі незалежнага навуковага, навукова-папулярнага, грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «ARCHE», якія выйшлі ў 2018–2020 гадах.
- Музыка
7 лютага быў прызнаны «экстрэмісцкім» панк-гімн канца 1990-х гадоў «Наш дом – Беларусь», 8 лютага – кліп і тэкст песні «Экстремист» (2023) гурта «Дай дарогу!» (гэта другое відэа, якое зрабілася «экстрэмісцкім», – у жніўні 2021 года такім прызналі кліп «Баю-бай» (2020)). 24 лютага ў спіс трапіла старонка «Укантакце» беларускага неафолк-гурта «Крывакрыж», чыім opus magnum лічыцца альбом «Малітвы вайны» (2009) – «гранічна палітызаваны, ангажаваны і русафобскі»; 14 сакавіка ў яго ўключылі відэакліп «Sumarok – Чэрцi» гурта «Sumarok», які змяшчае кадры пратэстаў у Маладзечне ў 2020 годзе (год таму «экстрэмісцкім» быў прызнаны артыкул пра гэты кліп, які выйшаў у «Рэгіянальнай газеце» ў кастрычніку 2020 года), а 31 сакавіка спіс папоўніўся яшчэ адным відэакліпам гурта – «Sumarok – 2020». 12 красавіка «экстрэмісцкімі» прызналі музычныя кампазіцыі «2020», «Таракан (демо)» і «Папицот» гурта «Дети Хрущёвок», а таксама яго YouTube-канал і сацыяльныя сеткі. 26 красавіка ў спісе з’явілася яшчэ адна ўкраінская песня «Ах, Бандеро!» (у лістападзе 2022 года «экстрэмісцкай» была прызнана песня «Батько наш – Бандера, Україна – мати»). 25 траўня ў яго ўнеслі чатыры песні гурта «faceOFF»: «Пора!!», «Стражи галактики», «Ненависть» і «Вясна», а таксама яго старонка «Укантакце»; 23 чэрвеня – YouTube-канал «Tyapin CREW», сайт і сацыяльныя сеткі рэпера Андрэя Цяпіна.
- Кіно
24 лютага суд Салігорскага раёна Мінскай вобласці сярод іншага прызнаў «экстрэмісцкім матэрыялам» групу «Укантакце», прысвечаную ігравому фільму «Жыве Беларусь! || Viva Belarus!», які выйшаў у пракат у 2013 годзе. «Першы мастацкі фільм пра сучасную Беларусь на беларускай мове», як сказана ў апісанні групы.
- Беларуская мова і культура ў цэлым
7 красавіка было прызнана «экстрэмісцкім матэрыялам» незалежнае друкаванае выданне «Рэгіянальная газета», якое шырока асвятляе тэмы культуры, гісторыі і мовы. Гэта беларускамоўная газета, якая выходзіла ў краіне з 1995 года і мусіла спыніць друкаваныя выпускі з ліпеня 2021 года пасля ператрусаў у рэдакцыі і ў журналістаў (галоўны рэдактар Аляксандр Манцэвіч – палітвязень). 26 красавіка ў спісы занесены сайт Euroradio.fm (само СМІ мае статус «экстрэмісцкага фарміравання» з ліпеня 2022 года); 22 траўня – Telegram-канал «Толькі пра мову» («Канал для тых, хто пра мову думае і дбае. І пра чалавечую мову наагул — як унікальную зьяву і каштоўнасьць, і – найперш – пра беларускую мову зь яе багацьцем і праблемамі»); 8 чэрвеня – сайт (і сацыяльныя сеткі) Беларускай асацыяцыі журналістаў (прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем» у лютым гэтага года). 28 чэрвеня ў спісах Міністэрства інфармацыі з’явіліся сайт і Telegram-канал культурна-асветніцкага партала пра Беларусь «Будзьма беларусамі!» Таксама можна адзначыць унясенне ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» інфармацыйна-забаўляльнае YouTube-шоу «Гэта Мінск, дзетка».
ПЫТАННІ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПАЛІТЫКІ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
У канцы чэрвеня стала вядома са СМІ пра вываз з Беларусі гісторыка-культурных каштоўнасцяў: рэлікварыя святога Феліцыяна Мучаніка – рэліквіі з Мінскага кафедральнага сабора, а таксама Берасцейскай (Радзівілаўскай) Бібліі – найрадчэйшага заходнеславянскага палеатыпа.
У апублікаваных матэрыялах ставіцца пад сумнеў законнасць вывазу рэліквій, аднак да цяперашняга часу дзяржаўныя органы не далі публічнай ацэнкі гэтым фактам, і гэтак жа мы не ведаем, ці вядзецца афіцыйнае расследаванне і якія захады робяцца [падчас падрыхтоўкі матэрыялу да публікацыі стала вядома, што гісторыя атрымала працяг [8]].
Дзяржава працягвае палітыку, накіраваную на дэбеларусізацыю (дыскрымінацыйнае стаўленне да беларускай мовы, пераслед за беларускую ідэнтычнасць) і прасоўванне культуры і ідэалогіі «рускага свету»; вядзе барацьбу з «заходнімі каштоўнасцямі» і культурай (ЛГБТ-літаратурай, днём святога Валянціна і Хэлаўінам, персанажам Хагі Вагі і г. д.), польска-літоўскай спадчынай; распрацоўвае метадычкі для патрыятычнага выхавання новага пакалення і для адзінай дзяржаўнай палітыкі гістарычнай памяці; закрывае ўстановы са сферы прыватнай адукацыі; пераследуе чальцоў навуковых супольнасцяў, а таксама арганізацыі і супольнасці, заснаваныя на рэлігіі, палітычныя партыі і іншыя аб’яднанні.
Робяцца новыя крокі для ўзмацнення кантролю ў сферы культуры:
- 1 студзеня ўступіла ў сілу Пастанова № 582 «Аб экскурсійным абслугоўванні», якая рэгулюе дзейнасць экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Цяпер працаваць у прафесіі могуць толькі спецыялісты, якія прайшлі атэстацыю, да якой ад пачатку не дапускаюцца асобы, што мелі судзімасць паводле шэрагу (палітычных) артыкулаў. Адпаведна, у некаторых спецыялістаў пачалі ануляваць раней выдадзеныя пасведчанні аб атэстацыі. Аднак сярод пазбаўленых права на працу ёсць і тыя, хто не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, але на іх нібыта паступіла скарга або яны «не адпавядаюць маральным нормам экскурсавода». Таксама, паводле новых нормаў, экскурсіі ў музеях і музейных комплексах маюць права праводзіць толькі іх супрацоўнікі.
- У даследаваны перыяд праходзіла працэдура пераатэстацыі не толькі экскурсаводаў, але і рамеснікаў. Каб застацца ў ранейшай сістэме падаткаабкладання (плаціць рамесны збор, а не падатак на прафесійны даход), майстры мусілі да 1 ліпеня пацвердзіць свой статус у спецыяльна створанай для гэтага камісіі пры мясцовай адміністрацыі, адным з патрабаванняў якой з’яўляецца выстаўленне вырабаў на спецыяльных дзяржаўных пляцоўках (выставах-кірмашах). Паводле наяўнай інфармацыі, ставілася задача скараціць колькасць рамеснікаў да 50 %. Як і ў сітуацыі з правам на арганізацыю культурна-відовішчных мерапрыемстваў, а таксама з экскурсаводамі і гідамі-перакладчыкамі, гэтая новаўведзеная працэдура – легалізаваны механізм адхілення пэўных людзей ад таго ці іншага віду паслуг.
- З 6 студзеня Законам «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці» дзяржава на два гады легалізавала паралельны імпарт і пірацкае выкарыстанне музычных і аўдыявізуальных твораў, камп’ютарных праграм і іншых аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці без згоды на тое праваўладальнікаў і без выплаты ўзнагароджання.
- 24 сакавіка 2023 года была апублікавана і ўступіла ў сілу Пастанова Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь «Аб перадачы найменняў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай моў на іншыя мовы», якая рэгламентуе замену ў краіне транслітарацыі геаграфічных назваў і найменняў з выкарыстаннем беларускай мовы на выкарыстанне рускай – гэта, па сутнасці, адмова ад транслітарацыі беларускай лацінкай. Сістэма транслітарацыі геаграфічных назваў была «ўдасканалена» ў выніку масіраванай кампаніі праўладных актывістак, якія нястомна змагаюцца з нацыянальна арыентаванай спадчынай Беларусі, у тым ліку з беларускай мовай. Цяпер у рамках рэалізацыі пастановы пачалася замена назваў – у прыватнасці, замена шыльдаў на прыпынках гарадскога транспарту.
- Уведзены парадак эксплуатацыі дронаў і максімальна ўскладнены магчымасці для аэрафотаздымкі. З 4 чэрвеня ўступілі ў сілу новыя правілы выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў (БЛА): стала больш абмежаванняў; практычна ўсе БЛА падлягаюць дзяржаўнаму ўліку; кожны аператар мусіць прайсці адпаведную падрыхтоўку, атрымаць дазвол на выкарыстанне паветранай прасторы і права на аэрафотаздымку; падчас выкананні палётаў неабходна мець пры сабе пэўны набор дакументаў.
- 42 паўструктураваныя інтэрв’ю з беларускімі дзеячамі культуры, праведзеныя ў перыяд з сакавіка да чэрвеня 2023 года.
- (©) – цытаты з даследавання схаваных рэпрэсій.
- Адзін з відаў пакаранняў паводле крымінальных артыкулаў – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
- Інфармацыя пра колькасць дзеячаў культуры ў зняволенні не з’яўляецца канчатковай, бо не пра ўсіх з іх адразу робіцца вядома.
- Пра смерць Алеся Пушкіна стала вядома ўжо падчас падрыхтоўкі матэрыялу.
- https://www.sb.by/articles/markevich-predatelyam-ne-mesto-na-stsene-no-raskayavshimsya-daetsya-vtoroy-shans.html.
- https://humanconstanta.org/razbiraemsya-s-ekstremistskimi-spiskami-chto-vxodit-v-ekstremistskie-materialy/.
- https://t.me/spadczyna/9249