Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронцу і літаратара Алеся Бяляцкага этапавалі з СІЗА № 1 у Мінску ў папраўчую калонію № 9 у Горках.
Пачаўся суд над адміністратарам тэлеграм-канала «Па-беларуску» Андрэем Філіпчыкам.
На 3 гады калоніі агульнага рэжыму асуджаны мастак Генадзь Драздоў.
Вынесены прысуд заснавальніку крамы Symbal.bу, культурніцкаму менеджару Паўлу Белавусу – 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пачаўся суд над журналістам, гісторыкам і краязнаўцам, папулярызатарам беларускай гісторыі Яўгенам Меркісам.
Пачаўся працэс у крымінальнай справе арт-менеджара і музыкі Уладзіміра Булаўскага.
На 15 сутак арыштаваны паэт Сяргей Краснабарод.
На 30 сутак арыштавана арганізатарка культурніцкіх і асветніцкіх імпрэз Валянціна Болбат, з суда яна адразу трапіла ў шпіталь.
У Віцебску ў калоніі № 3 памёр блогер з Пінска Мікалай Клімовіч (псеўданім – Мікалай Верасень).
Эканамічны суд ліквідаваў адно з найстарэйшых прыватных выдавецтваў – «Зміцер Колас».
Здзейснены акт вандалізму ў дачыненні да народнага мемарыяла на месцы сталінскіх расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- 2 траўня стала вядома, што лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронцу і літаратара Алеся Бяляцкага этапавалі з СІЗА № 1 у Мінску ў папраўчую калонію № 9 у Горках. 3 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска яму прысудзілі 10 гадоў калоніі за дзейнасць у абароне правоў чалавека і за дапамогу рэпрэсаваным.
- 3 траўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся суд над адміністратарам тэлеграм-канала «Па-беларуску» Андрэем Філіпчыкам. Яго вінавацяць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Тэлеграм-канал «Па-беларуску» публікуе жарты і мэмы на беларускай мове. Праўладныя каналы паведамляюць, што на канале прапагандавалася «лацінка і нянавісць да рускамоўнай сацыякультурнай прасторы». Андрэя Філіпчыка затрымалі 31 студзеня, да суда яго ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 у Мінску.
- 4 траўня ў Мінскім гарадскім судзе на 3 гады калоніі агульнага рэжыму асуджаны экс-кіраўнік творчага аб’яднання «Пагоня», мастак Генадзь Драздоў. Ён абвінавачваўся паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 361.4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Генадзь Драздоў быў затрыманы 10 жніўня 2022 года і з таго часу знаходзіўся за кратамі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
- 6 траўня стала вядома пра арышт на падставе палітычна матываванай крымінальнай справы Наталлі Жлобы, выкладчыцы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якая працавала на кафедры замежнай літаратуры факультэта англійскай мовы. Арышт адбыўся ў канцы сакавіка, з таго часу Наталля Жлоба знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску.
- 11 траўня ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд заснавальніку крамы Symbal.bу, культурніцкаму менеджару Паўлу Белавусу – 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго судзілі 20 лютага ў закрытым рэжыме. Паўла Белавуса прызналі вінаватым у парушэнні чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 356 (здрада дзяржаве), арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Павел Белавус больш за 10 гадоў займаўся праектамі, якія прасоўваюць беларускую культуру і ідэю нацыянальнай ідэнтычнасці.
- 11 траўня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся суд над журналістам, гісторыкам і краязнаўцам, папулярызатарам беларускай гісторыі Яўгенам Меркісам, якога абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама ч. 3 арт. 361.1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні). Суд праходзіць у закрытым рэжыме.
- 15 траўня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска пачаўся працэс паводле палітычна матываванай крымінальнай справы арт-менеджара і музыкі Уладзіміра Булаўскага, якога абвінавачваюць на падставе арт. 342.2 Крымінальнага кодэкса (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- 3 траўня стала вядома, што ў Гродне затрымалі вакаліста кавер-бэнда «Fair Play» Аляксандра Гайваронскага. Ён выступаў у адзенні белага і чырвонага колераў з Пагоняй. У музыкі знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. Пры яго затрыманні на працоўным месцы выкарысталі сілу. Аляксандр Гайваронскі вядомы як Саша Ленан.
- 5 траўня ў Гомелі на працоўным месцы затрымалі рэдактара гомельскага радыё, паэта і празаіка Сяргея Краснабарода. Суд Цэнтральнага раёна Гомеля асудзіў Сяргея Краснабарода за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
- 10 траўня ў Гродне за «распаўсюд і захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у Instagram» затрыманы акцёр тэатра і кіно, арганізатар культурніцкіх імпрэз Аляксандр Енджэеўскі.
- 10 траўня суд Верхнядзвінскага раёна вынес рашэнне аб арышце Валянціны Болбат, арганізатаркі культурніцкіх і асветніцкіх імпрэз. Валянціна Болбат была асуджана на 30 сутак і адразу трапіла ў шпіталь. Гэта ўжо пяты суд над ёй. Першы суд адбыўся 25 лістапада 2022 года на падставе двух адміністрацыйных пратаколаў. Рашэнне суда – 10 сутак арышту. Яшчэ адзін пратакол разбіралі 30 лістапада, рашэнне суда – яшчэ 10 сутак арышту. Здароўе Валянціны Болбат істотна пагоршылася ва ўмовах ЦІП у Наваполацку, таму ў сярэдзіне снежня 2022 года яе датэрмінова выпусцілі на волю. Але ўжо 11 студзеня 2023 года яе зноў затрымалі і накіравалі ў ЦІП – «дабыць» трое сутак арышту. 13 студзеня, калі яна знаходзілася за кратамі, над актывісткай адбыўся чарговы суд. Суддзя прызнала Валянціну Болбат вінаватай і аштрафавала на 100 базавых велічынь (3700 рублёў – 1500 долараў). Агульная сума штрафаў і выплат за знаходжанне за кратамі складае больш за 4000 рублёў (больш за 1600 долараў).
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
8 траўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі хлопца за татуіроўкі з Пагоняй і гербам Украіны. Відэа з ім з’явілася ў праўладным тэлеграм-канале. Затрыманы кажа, што набіў Пагоню ў 2021 годзе «ў знак пратэснай дзейнасці», а Трызуб – у 2022 годзе, каб падтрымаць Украіну.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных
- 5 траўня ў Віцебску ў калоніі № 3 памёр блогер з Пінска Мікалай Клімовіч (псеўданім – Мікалай Верасень). 28 лютага 2023 года яго асудзілі на 1 год пазбаўлення волі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта) за ўпадабанне палітычнай карыкатуры на Лукашэнку ў сацыяльных сетках. Мікалая Клімовіча асудзілі на турэмнае зняволення, нягледзячы на тое, што ён меў інваліднасць II групы. Яго арыштавалі ў зале суда. У 2022 годзе Мікалай Клімовіч перанёс інсульт і аперацыю на сэрцы. Перад прысудам ён сказаў: «Любое турэмнае зняволенне для мяне – гэта смерць, бо я мушу быць пад сталым наглядам доктара, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца». Мікалай Клімовіч нарадзіўся 27 верасня 1961 года. Скончыў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, у 1980-х працаваў мастацкім кіраўніком лемяшэвіцкага Дома культуры, загадчыкам іншага ДК, загадчыкам кавярні «Дыялог». У 1991 годзе ён скончыў Інстытут культуры ў Маскве. Вёў блог пад псеўданімам Мікалай Верасень. Апошняя публікацыя ў блогу з’явілася за дзень да суда – 27 лютага 2023 года. У сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» ў яго быў статус «Украіна, трымайся, Беларусь з вамі! Слава Украіне, жыве Беларусь!». 12 траўня Мікалая Клімовіча пахавалі ў Пінску.
- Літаратара і палітолага Аляксандра Фядуту не вызвалілі ад лагернай працы, нягледзячы на стан здароўя. Аляксандр Фядута адбывае 10-гадовы тэрмін у калоніі № 15 у Магілёве.
- Аўтара турэмнай літаратуры Аляксандра Францкевіча месяц утрымлівалі ў штрафным ізалятары калоніі № 5 у Івацэвічах.
- Адміністрацыя турмы № 1 у Гродне змясціла журналіста, аўтара кнігі турэмнай прозы «Фарбы паралельнага свету» Мікалая Дзядка ў штрафны ізалятар на 10 сутак за тое, што ён лёг спаць на некалькі хвілін раней, чым было дазволена.
- Родныя літаратара і грамадскага дзеяча Паўла Севярынца месяц не атрымліваюць ад яго лістоў.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
10 траўня Эканамічны суд ліквідаваў адно з найстарэйшых прыватных выдавецтваў – «Зміцер Колас». Пазоў Міністэрства інфармацыі ў дачыненні да аднаго з найбольш дасведчаных беларускіх выдаўцоў Змітра Коласа, які пачаў сваю дзейнасць яшчэ ў савецкія часы, судовая інстанцыя пачала разглядаць 2 траўня. У сваёй заяве ведамства патрабавала ануляваць выдадзенае раней пасведчанне аб рэгістрацыі.
Нагодай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў «„Вызваленыя“ і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў». 6 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў кнігу «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і забараніў распаўсюджваць.
VI. Дзяржаўны вандалізм у дачыненні да мясцінаў памяці
15 траўня стала вядома пра акт вандалізму ў дачыненні да народнага мемарыяла на месцы расстрэлаў часоў Сталіна каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна. На магілах ахвяр расстрэлаў выламаны драўляныя крыжы з прозвішчамі расстраляных, знішчаны ўказальнікі. Металёвая шыльда з надпісам «Мемарыял „Хайсы“» знята з балтоў, а рамка пагнута. На думку Яна Дзяржаўцава, стваральніка ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты», гэта мэтавая дзейнасць уладаў дзеля знішчэння памяці пра масавыя расстрэлы ў Хайсах.