• Навiны
  • Салідарнасць
  • Крытычныя моманты: даклад PEN International раскрывае пагрозы мастацкаму выяўленню ў Польшчы

Крытычныя моманты: даклад PEN International раскрывае пагрозы мастацкаму выяўленню ў Польшчы

Апошняе абнаўленне: 29 кастрычніка 2025
Крытычныя моманты: даклад PEN International раскрывае пагрозы мастацкаму выяўленню ў Польшчы

«“Крытычныя моманты” — гэта надзвычай важны матэрыял пра тое, з якім ціскам сутыкаліся польскія пісьменнікі, журналісты і дзеячы культуры на працягу апошняга дзесяцігоддзя, а таксама пра тыя імпульсы, што могуць стаць каталізатарам пераменаў. Даклад паказвае не толькі тое, як абмяжоўваліся свабоды, але і мужнасць ды стойкасць тых, хто абараняе незалежныя галасы. Мы маем патрэбу ў гэтых высновах, каб яны дапамаглі ажыццявіць сапраўдныя рэформы і забяспечыць свабоду выказвання ў будучыні.» — Бурхан Сонмэз, прэзідэнт PEN International

28 кастрычніка 2025 года: Сёння PEN International апублікаваў свой новы даклад «Крытычныя моманты: абарона свабоды творчасці ў Польшчы», які апісвае выклікі для свабоды выказвання і культурных правоў у краіне ў перыяд з 2015 па 2025 год, адзначае стойкасць пісьменнікаў, журналістаў і грамадзянскай супольнасці ва ўмовах узмоцненага палітычнага ціску і прапануе выразныя рэкамендацыі для рэформаў.

Спампаваць даклад (ENGLISH)

Pobierz raport (POLSKI)

Асноўныя высновы

У перыяд з 2015 па 2023 год, калі ва ўладзе знаходзілася Партыя «Права і справядлівасць» (PiS), Польшча перажыла рэзкае аслабленне дэмакратычных гарантый. Незалежнасць судовай сістэмы была падарвана, дзяржаўныя медыі ператварыліся ў інструмент урадавой прапаганды, а нязгодныя галасы паступова змаўкалі. Хоць свабода выказвання замацаваная ў Канстытуцыі, яна пастаянна апыналася пад ціскам. Пісьменнікі, журналісты і мастакі сутыкаліся з пераследам — ад судовых пазоваў тыпу SLAPP і анлайн-агрэсіі да кампаній па дыскрэдытацыі. Асабліва жорсткаму ціску падвяргаліся прадстаўнікі маргіналізаваных груп.

Парушэнні, якія датычыліся літаратурнага выяўлення, былі асабліва прыкметнымі. Пісьменнікаў, што не падтрымлівалі дзяржаўны наратыў, пазбаўлялі фінансавання, цэнзуравалі або станавілі аб’ектам нянавісці. Літаратурная супольнасць стала палярызаванай: кансерватыўныя выдаўцы і медыі прасоўвалі патрыятычна-каталіцкія тэмы, у той час як прагрэсіўныя аўтары, якія закраналі тэмы правоў жанчын, LGBTIQ або міграцыі, былі выціснутыя з дзяржаўнай падтрымкі. Як адзначыў сябра Польскага ПЭНа і пісьменнік Адам Шасткевіч: «Літаратурная супольнасць вельмі разнастайная, але той дыялог, які калісьці аб’ядноўваў розныя светапогляды, амаль цалкам знік». Дзяржаўнае фінансаванне і культурныя інстытуты выкарыстоўваліся для паглыблення падзелаў у грамадстве, што спрыяла самацэнзуры, асабліва ў асяроддзі, залежным ад дзяржаўных рэсурсаў або ўразлівым перад рэпрэсіямі.

Асобнай «бітвай» сталі дзяржаўныя медыі. Пад кантролем PiS яны ператварыліся ў крыніцу дэзінфармацыі і кампаній нянавісці супраць крытыкаў улады, уцекачоў і LGBTIQ-супольнасці. Паралельныя спробы «рэпаланізацыі» прыватных медыя — у тым ліку набыццё Polska Press дзяржаўнай кампаніяй PKN Orlen у 2020 годзе — яшчэ больш падарвалі плюралізм. Хоць рэформы пасля 2023 года спынілі дзяржаўныя кампаніі нянавісці, дзяржаўныя медыі ўсё яшчэ застаюцца палітызаванымі і патрабуюць структурных зменаў. Гэта адлюстроўваецца і ў міжнародных рэйтынгах: Польшча ўпала ў Індэксе свабоды прэсы з 18-га месца ў 2015 годзе да 66-га ў 2023-м, але паднялася да 31-га ў 2025 годзе — знак далікатнай надзеі на паляпшэнне.

Выбары прадэмакратычнай кааліцыі ў 2023 годзе ўзмацнілі чаканні рэформаў. Аднак многія рэпрэсіўныя законы і структуры захаваліся — у тым ліку крымінальная адказнасць за «абразу Прэзідэнта» або «пакрыўджанне рэлігійных пачуццяў». Абарона ад SLAPP-пазоваў застаецца недастатковай, а анлайн-пераслед пісьменнікаў, асабліва жанчын, квір-аўтараў і прадстаўнікоў меншасцяў, працягваецца. Выбары ў чэрвені 2025 года Прэзідэнта Караля Навроцкага, чые погляды адрозніваюцца ад большасці ўрада, прыносяць новую няпэўнасць, бо яго вета можа блакаваць неабходныя рэформы.

Нягледзячы на варожае асяроддзе, нязгода не знікла. Пісьменнікі, журналісты і дзеячы культуры працягваюць ствараць, дыскутаваць і крытыкаваць. Грамадскія арганізацыі застаюцца актыўнымі ў абароне плюралізму і права на свабоднае выказванне. Гэта пакідае Польшчу ў крытычным моманце, калі абарона мастацкай свабоды павінна суправаджацца не толькі юрыдычнымі рэформамі, але і культурнай трансфармацыяй, якая будзе спрыяць інклюзіі, роўнасці і плюралізму.

Рэкамендацыі

Даклад «Крытычныя моманты: абарона свабоды творчасці ў Польшчы» заснаваны на інтэрв’ю з пісьменнікамі, журналістамі, дзеячамі культуры і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці па ўсёй краіне, а таксама на аналізе медыйных матэрыялаў, заканадаўства і дзяржаўнай палітыкі фінансавання культуры за апошняе дзесяцігоддзе. Ён прапануе выразныя рэкамендацыі як для польскіх уладаў, так і для міжнародных інстытуцый. Сярод найбольш неадкладных:

  • увядзенне гарантый супраць злоўжывання судовымі пазовамі і дэкрыміналізацыя паклёпу;

  • рэформа дзяржаўных медыя дзеля забеспячэння іх незалежнасці і плюралізму;

  • празрыстае і справядлівае кіраванне культурнымі інстытутамі;

  • стварэнне доўгатэрміновай, недапалітызаванай сістэмы падтрымкі пісьменнікаў;

  • абарона журналістаў і аўтараў ад пераследу і запалохвання;

  • фарміраванне інклюзіўнай культурнай палітыкі, якая надае голас недастаткова прадстаўленым супольнасцям.

Міжнародныя структуры, у тым ліку Еўрапейскі саюз і Рада Еўропы, таксама павінны адыгрываць сваю ролю — манітараваць прагрэс Польшчы, падтрымліваць незалежных і маргіналізаваных дзеячаў культуры і забяспечваць прызнанне мастацкай свабоды як ключавога паказчыка дэмакратыі.

У гэты крытычны момант стойкасць польскіх пісьменнікаў, мастакоў і грамадзянскай супольнасці павінна суправаджацца рэальнымі рэформамі. Захаванне плюралізму, незалежнасці і разнастайнасці ў культурным жыцці Польшчы залежыць ад моцных прававых гарантый, адказных інстытутаў і выразнай адданасці правам чалавека.

PEN International заклікае польскія ўлады выкарыстаць гэтую ўнікальную магчымасць, каб аднавіць давер і абараніць свабоду творчасці — не як палітычны выбар, а як абавязак, замацаваны міжнародным правам, і як аснову грамадства, што сапраўды грунтуецца на фундаментальных свабодах.