Пад крымінальным палітычна матываваным пераследам застаюцца шматлікія беларускія літаратары, аўтары і выканаўцы. 29 ліпеня ў Мінскім абласным судзе пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты. Праваабаронцу і літаратуразнаўцу Алесю Бяляцкаму працягнулі ўтрыманне пад вартай яшчэ на 3 месяцы.
Працягваецца пераслед незалежны кнігароў і выдаўцоў, а таксама выдаленне з кнігарняў і бібліятэк выданняў незалежных беларускіх выдавецтваў. 28 ліпеня на круглым стале, арганізаваным у Мінску праўладным Саюзам пісьменнікаў Беларусі, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі заявіў, што можа прывесці «мноства прыкладаў кніг, якім не месца ў публічнай прасторы», і што яны «небяспечныя».
Дзяржава ўзмацняе кантроль над сферай культуры. 25 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які змяняе і дапаўняе нормы Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Законам уводзіцца абавязак атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства.
Дзяржава прэтэндуе на манаполію ў вызначэнні зместу нацыянальнай памяці. На фоне абвешчанага «Года гістарычнай памяці» пашыраецца дзяржаўны вандалізм у дачыненні да месцаў памяці. Знішчаны мясціны памяці польскіх жаўнераў у Ашмянах, Іўі, Ёдкавічах, Багданах, Стрыеўцы, Ваўкавыску. Ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, месцы масавых расстрэлаў часоў СССР, апаганены мемарыяльны крыж беларускаму гісторыку і палітыку Вацлаву Ластоўскаму.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 18 ліпеня Мінскі абласны суд вынес рашэнне ў крымінальнай справе Юліі Чамлай – 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму. Юлія Чамлай – бібліятэкарка з Крупак, яе асудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці). Юлію Чамлай затрымалі 30 верасня 2021 года ў Крупках за каментарыі ў сацыяльных сетках, датычныя гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Да суда яе трымалі ў турме № 8 у Жодзіне.
2. 20 ліпеня стала вядома, што праваабаронцу і літаратуразнаўцу Алесю Бяляцкаму працягнулі ўтрыманне пад вартай яшчэ на 3 месяцы. Алесь Бяляцкі – старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна», сябра Беларускага ПЭНа, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). 14 ліпеня 2021 года арыштаваны ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). 6 кастрычніка стала вядома, што Алесю Бяляцкаму выставілі абвінавачванне паводле аднаго артыкула Крымінальнага кодэкса – ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў). У лістах з турмы дасылае ўспаміны пра працу ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў 1989–1998 гадах.
3. 25 ліпеня стала вядома, што паэт-пчаляр Мікола Папека адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15. Суд Мазырскага раёна змяніў Міколу Папеку «хімію» (пакаранне ва ўстанове адкрытага тыпу) на 8,5 месяца калоніі. Мікола Папека – паэт, пчаляр, заснавальнік літаратурнай «Мядовай прэміі», грамадскі актывіст. З 12 верасня 2021 года адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў Мазыры. Міколу Папеку затрымалі 30 лістапада дома ў вёсцы Лінава Пружанскага раёна. На допытах Мікола Папека гаварыў па-беларуску, патрабаваў перакладчыка, а таксама – каб дакументы следчых былі аформлены па-беларуску. 8 чэрвеня 2021 года Мікола Папека асуджаны на 2 гады «хіміі» паводле «карагоднай справы» (ч. 1 арт. 342 і ч. 1 арт. 75). «Карагодная справа» – адна з самых маштабных крымінальных спраў, звязаных з паслявыбарчымі акцыямі пратэсту ў Брэсце. 13 верасня ў Брэсце адбывалася шэсце на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту. Удзельнікі мірнай акцыі пратэсту выйшлі на скрыжаванне праспекта, спявалі песні, вадзілі карагоды.
4. 26 ліпеня ў Маладзечне затрымалі музыку Аляксандра Казакевіча, у дачыненні да яго распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Першапачаткова Аляксандр Казакевіча затрымалі 12 красавіка, абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады), утрымлівалі ў турме ў Жодзіне. 19 ліпеня музыку прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі» і вызвалілі ў зале суда, пасля 3 месяцаў турмы. 26 ліпеня Аляксандра Казакевіча затрымалі і зноў пачалі крымінальную справу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса за абразу яшчэ аднаго «прадстаўніка ўлады», здзейсненую ў 2021 годзе. Аляксандр Казакевіч граў у гурце «Канфлікт».
5. 29 ліпеня ў Мінскім абласным судзе пачаўся судовы працэс паводле крымінальнай справы літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты. Аляксандра Фядуту затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Маскве. Суд адбываўся ў адкрытым рэжыме. У раскладзе судовых пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага Суда было пазначана, што суд будзе закрытым, аднак суд пастанавіў разглядаць справу ў адкрытым рэжыме. Як паведамляе БелТА, гэта адбылося праз хадайніцтва Аляксандра Фядуты: «Прашу весці судовае пасяджэнне ў адкрытым рэжыме. Гэта магчыма з наступных прычын: матэрыялы крымінальнай справы не маюць звестак пра дзяржаўную або іншую падахоўную законам таямніцу». Марына Шыбко, выдавец і жонка Аляксандра Фядуты, напісала на Facebook-старонцы пра яго стан на судзе: «схуднеў, ходзіць кепска, бо падагра адолела, дазволілі кій перадаць у СІЗА, пры ўсмешцы не назіраецца зубоў 5-6, пастрыжаны караценька, кругі пад вачыма. Сапраўды, турма не ўпрыгожвае». Аляксандр Фядута абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), выдавец, палітычны аналітык. Сябра Беларускага ПЭНа, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 19 ліпеня ў Мінску затрыманы і асуджаны на 15 сутак тату-майстар Алег Фалей. На «пакаянным відэа», якое з’явілася на праўладных тэлеграм-каналах, ён кажа, што ў жніўні 2020 года наведаў адзін з пратэсных маршаў, пасля якога ў пад’ездзе пакінуў надпіс «Жыве Беларусь».
2. 19 ліпеня стала вядома, што былога гітарыста гурта «Dzieciuki» Андрэя Пудзіна арыштавалі на 15 сутак, паводле папярэдняй інфармацыі за падпіску на незалежныя тэлеграм-каналы.
3. 25 ліпеня ў Мінску за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 2020 года затрымалі настаўніцу беларускай мовы Галіну Тараноўскую.
4. 28 ліпеня ў Мінску затрымана Сняжана Рогач – магістарка гісторыі, былая выкладчыца кафедры паліталогіі, сацыялогіі і сацыяльнага ўпраўлення БНТУ. Пра яе затрыманне паведамілі сябры ў сацыяльных сетках. У 2021 годзе Сняжану Рогач звольнілі з працы за грамадзянскую пазіцыю. Паводле папярэдняй інфармацыі, падставай для затрымання стала «абраза прадстаўніка ўлады».
5. 28 ліпеня стала вядома, што ў Наваполацкім гарадскім судзе асудзілі Кацярыну Вінакураву, паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) за зроблены ў 2018 годзе перапост артыкула з «Нашай Нівы» пра смерць паэта і мастака Міхала Анемпадыстава. Рашэнне суда – штраф 25 базавых велічынь (800 рублёў).
III. Узмацненне кантролю дзяржавы над сферай культуры
25 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які змяняе і дапаўняе нормы Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Законам уводзіцца абавязак атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства ўсімі арганізатарамі, акрамя фізічных асоб, якія праводзяць мерапрыемства для ўласных патрэб і без атрымання прыбытку (юбілеі, вяселлі і гэтак далей). Праводзіць мерапрыемствы могуць толькі арганізацыі з дзяржаўнага рэестра. У законе таксама ўтрымліваюцца змены ў сферах бібліятэчнай, музейнай, рамеснай дзейнасці, кінематаграфіі, народнай творчасці.
IV. Рэпрэсіі ў дачыненні да кніжнай сферы
28 ліпеня на круглым стале, арганізаваным у Мінску праўладным Саюзам пісьменнікаў Беларусі, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі заявіў, што можа прывесці «мноства прыкладаў кніг, якім не месца ў публічнай прасторы», і што яны «небяспечныя». «Вялікае шчасце, што мы на кніжных паліцах сёння іх не бачым, вялікае шчасце, што ў нас ёсць воля, сіла, разуменне і ўсведамленне таго, што гэта найстрашнейшая, наймагутнейшая зброя. Я кажу пра кнігі. Недастатковае разуменне таго, што кніга – значна больш магутная зброя, чым ракеты і танкі, прыводзіць да таго, што даводзіцца выкарыстоўваць ракеты і танкі».
V. Дэбеларусізацыя
Візуальная прадукцыя, датычная культуры, вырабляецца на рускай мове. Напрыклад, 6 жніўня ў мястэчку Гальшаны ў Ашмянскім раёне пройдзе традыцыйны, ужо дзявяты, фэст «Гальшанскі замак». На афішы з праграмай фэсту няма ні слова па-беларуску. Плакаты, прысвечаныя «Году гістарычнай памяці», аформлены на рускай мове.
VI. Дзяржаўны вандалізм у дачыненні да месцаў памяці
1. Ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, месцы масавых расстрэлаў часоў СССР, апаганены мемарыяльны крыж беларускаму гісторыку і палітыку Вацлаву Ластоўскаму.
2. Разбурана пахаванне польскіх жаўнераў часоў Другой сусветнай вайны ў вёсцы Стрыеўка на Гарадзеншчыне. Там быў усталяваны помнік у памяць пра больш як 30 загінулых у 1943 годзе падчас сутычкі з фашысцкай жандармерыяй жаўнераў Арміі Краёвай.