• Заявы
  • Беларусь: Справаздача ў ААН падкрэслівае жорсткае падаўленне культурных правоў

Беларусь: Справаздача ў ААН падкрэслівае жорсткае падаўленне культурных правоў

Апошняе абнаўленне: 30 кастрычніка 2025
Беларусь: Справаздача ў ААН падкрэслівае жорсткае падаўленне культурных правоў

30 кастрычніка 2025 г. Напярэдадні разгляду ў ААН 3 лістапада 2025 года справаздачы аб стане правоў чалавека ў Беларусі, Беларускі ПЭН, PEN International і PEN America зноў выказваюць сур’ёзную занепакоенасць жорсткімі рэпрэсіямі беларускіх уладаў супраць свабоды выказвання, культурных і моўных правоў. Арганізацыі заклікаюць Савет ААН па правах чалавека і яго дзяржавы-сябры даць прадметныя рэкамендацыі, якія маглі б значна палепшыць жыццё ўсіх беларусаў – як у краіне, так і за яе межамі.

Беларускі ПЭН, PEN International і PEN America падалі сумесную справаздачу па сітуацыі ў Беларусі ў межах Усеагульнага перыядычнага агляду (UPR) перад яго чарговым разглядам у Савеце ААН па правах чалавека 3 лістапада 2025 года. У дакуменце зафіксаваны брутальны наступ беларускіх уладаў на незалежныя галасы, з асаблівым акцэнтам на іх няспынныя атакі на беларускую мову, культуру і ідэнтычнасць. Асноўныя пытанні, якія выклікаюць занепакоенасць ПЭНаў, былі адзначаныя ў Аглядзе справаздач зацікаўленых бакоў па Беларусі.

«Пасля апошняга агляду UPR па Беларусі ўлады яшчэ больш узмацнілі свае намаганні па падаўленні культурных правоў. Яны ліквідавалі культурныя НДА, закрылі незалежныя выдавецтвы і забаранілі мноства кніг і мастацкіх рэсурсаў пад ілжывымі падставамі. Культурныя ўстановы былі ператвораныя ў інструменты дзяржаўнай прапаганды. Улады жорстка дыскрымінуюць беларускую мову, пазбаўляючы мільёны беларусаў магчымасці выказвацца на сваёй роднай мове. Мы заклікаем Савет ААН па правах чалавека і яго дзяржавы-сябры звярнуць пільную ўвагу на беларускую культуру і мову, а таксама патрабаваць стварэння бяспечных умоў для ажыццяўлення творчай дзейнасці і культурных праектаў», – заявіла Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭНа.

«Беларускія ўлады працягваюць адвольна затрымліваць пісьменнікаў і дзеячаў культуры і трымаць іх ва ўмовах, раўназначных катаванням і іншым відам жорсткага абыходжання, у тым ліку ганаровых сябраў ПЭНа – Алеся Бяляцкага, Максіма Знака і Кацярыны Андрэевай. Яны павінны неадкладна спыніць ізаляцыю зняволеных ад знешняга свету і вызваліць усіх, хто ўтрымліваецца выключна за мірнае выказванне сваіх поглядаў. Тых, хто ўжо вызвалены, не павінны змушаць да выгнання – ім трэба гарантаваць права вярнуцца ў Беларусь», – сказала Ма Тыда, старшыня Камітэта PEN International па справах пісьменнікаў у зняволенні.

«За апошнія чатыры гады беларускія ўлады разгарнулі цэлы арсенал рэпрэсіўнага заканадаўства, накіраванага на падаўленне любога іншадумства. Мы заклікаем іх спыніць пераслед і запалохванне дзеячаў культуры як у Беларусі, так і за яе межамі – у тым ліку праз адмену так званага “Пашпартнага дэкрэту”, распрацаванага, каб перашкодзіць беларусам за мяжой атрымліваць дакументы, якія пацвярджаюць асобу чалавека, і іншыя дакументы, – а таксама праз адмену рэпрэсіўных зменаў у Закон аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь, паводле якіх беларусаў могуць пазбавіць грамадзянства адвольна, у парушэнне міжнароднага права», – адзначыла Лізл Гёрнтгольц, выканаўчая дырэктарка PEN/Barbey Freedom to Write Center пры PEN America.


Дадатковая інфармацыя

Каб атрымаць больш звестак пра дзейнасць Беларускага ПЭНа, у тым ліку пра маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры, калі ласка, перайдзіце па спасылцы.