• Навiны
  • Салідарнасць
  • Міжнародны ПЭН заклікае вызваліць пісьменніка і журналіста Анджэя Пачобута

Міжнародны ПЭН заклікае вызваліць пісьменніка і журналіста Анджэя Пачобута

Апошняе абнаўленне: 15 сакавіка 2023
Міжнародны ПЭН заклікае вызваліць пісьменніка і журналіста Анджэя Пачобута
Пісьменнік і журналіст Анджэй Пачобут атрымаў васьмігадовы тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму па сфабрыкаваным абвінавачванні ў распальванні нянавісці і закліку да санкцый, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. Пачобут, які мае двайное грамадзянства Беларусі і Польшчы, быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года і да вынясення несправядлівага прысуду правёў у зняволенні амаль два гады. Вядома, што ў яго сур’ёзныя праблемы са здароўем і што яму рэгулярна адмаўляюць у доступе да ліставання, асабліва на польскай мове. Па словах яго сям’і, нядаўна яго на сем дзён змясцілі ў адзіночную камеру. Прычына такога пакарання пакуль невядомая.

Міжнародны ПЭН лічыць, што Пачобут зазнае пераслед за ўласныя перакананні і крытычныя публікацыі ў адносінах да беларускіх уладаў. Арганізацыя патрабуе яго неадкладнага і безадгаворачнага вызвалення і адмены прысуду судом апеляцыйнай інстанцыі.

УЗЯЦЬ УДЗЕЛ У АКЦЫІ

Адвакацыя

Калі ласка, накіруйце зварот да ўладаў Беларусі, заклікаючы іх:

  • Неадкладна і безадгаворачна вызваліць Анджэя Пачобута і адмяніць яго прысуд праз суд апеляцыйнай інстанцыі;
  • Забяспечыць яму да вызвалення ўмовы ўтрымання, адпаведныя міжнародным стандартам абыходжання са зняволенымі, у тым ліку гарантаваць яму доступ да медыцынскай дапамогі і рэгулярнай сувязі з сям’ёй і адвакатамі.

Звароты накіроўваць на адрас:

Алегу Маткіну
Пасада: Начальнік Упраўлення выканання пакаранняў Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ
Email: [email protected]

Дасылайце копіі ў амбасады Беларусі ў вашай краіне. Адрасы амбасад можна знайсці тут.

Калі ласка, звярніцеся ў Міністэрства замежных спраў і да дыпламатычных прадстаўнікоў у Беларусі, заклікаючы іх акцэнтаваць увагу на справе Пачобута на двухбаковых сустрэчах.

***Калі ласка, накіроўвайце звароты неадкладна. Калі зварот будзе дасланы пасля 15 мая 2023 года, пракансультуйцеся з Міжнародным ПЭНам. ***

Салідарнасць

Калі ласка, дасылайце лісты салідарнасці на адрас:

Анджэю Пачобуту
Турма № 1, вул. Кірава 1
230023, Гродна, Беларусь

Паведамленні могуць быць адпраўленыя праз гэтую форму.

Калі ласка, дасылайце копіі Аўрэліі Донда: [email protected].

Інфармаванне

Сябрам ПЭНа варта:

  • Публікаваць артыкулы і меркаванні ў сваёй нацыянальнай або мясцовай прэсе, звяртаючы ўвагу на справу Пачобута і стан свабоды слова ў Беларусі;
  • Дзяліцца інфармацыяй пра Пачобута і вашу адвакацыйную дзейнасць у сацыяльных сетках.

Калі ласка, інфармуйце нас пра вашу дзейнасць.

Даведка

Анджэй Пачобут нарадзіўся 16 красавіка 1973 года, ён эсэіст, журналіст, калумніст, блогер, паэт і музыкант. Ён карэспандэнт польскага штодзённага выдання «Gazeta Wyborcza», супрацоўнічае з некалькімі беларускімі СМІ. Яго кніга «System Białoruś» («Сістэма Беларусь»), апублікаваная ў 2013 годзе, даследуе рэжым беларукага прэзідэнта Лукашэнкі. Пачобут − вядомы актывіст польскай меншасці ў Беларусі і мае двайное грамадзянства. На працягу многіх гадоў ён быў мішэнню для ўладаў, у прыватнасці, у ліпені 2011 года ён быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі за «паклёп на прэзідэнта».
Сябра праўлення Саюза палякаў у Беларусі, Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродна пасля ператрусу ў офісах Саюза палякаў па ўсёй краіне. Яго даставілі ў Следчы камітэт у Мінску і абвінавацілі ў распальванні нянавісці ў сувязі з асвятленнем антыўрадавых пратэстаў 2020 года ў Беларусі, заявамі ў падтрымку польскай меншасці ў Беларусі і тым, што ён назваў напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе «актам агрэсіі». У жніўні 2022 года Пачобут быў абвінавачаны ў закліку да санкцый, скіраваных на спрычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, а ў кастрычніку 2022 года дададзены ў «спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Польскія ўлады неаднойчы патрабавалі яго вызвалення, але безвынікова.

У жніўні 2022 года Анджэй Пачобут быў пераведзены ў следчы ізалятар у Гродна. Закрыты суд над ім пачаўся 16 студзеня 2023 года. Ён быў прызнаны віноўным і 8 лютага 2023 года асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Беларускі і Польскі ПЭНы асудзілі гэты прысуд. Яго сям’я заявіла, што падала апеляцыйную скаргу. 4 сакавіка 2023 года Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) паведаміла, што Пачобут на тыдзень з невядомых прычын быў змешчаны ў адзіночную камеру. Апрача таго, БАЖ паведаміла, што ў Пачобута праблемы са страўнікам, ён можа ўжываць толькі пэўныя прадукты і заўважна схуднеў. Беларускі ПЭН фіксуе жахлівыя ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах. Зняволеныя знаходзяцца ў маленькіх змрочных камерах і павінны забяспечваць сябе самі, спадзеючыся на сямейнікаў, якія мусяць перадаваць ежу, цёплае адзенне і лекі.
Сітуацыя са свабодай выказвання меркаванняў у Беларусі па-ранейшаму выклікае сур’ёзную заклапочанасць, бо няспыннае падаўленне ўладамі правоў на свабоду выказвання меркавання, асацыяцый і мірных сходаў не спыняецца. Па дадзеных БАЖ, на момант напісання артыкула за кратамі знаходзілася 32 журналісты. У рашэнні, апублікаваным 7 сакавіка 2023 года, улады прызналі БАЖ «экстрэмісцкай» арганізацыяй, што яшчэ больш ускладняе працу незалежных журналістаў у Беларусі. Беларускі ПЭН, які быў ліквідаваны ў жніўні 2021 года і працуе з Польшчы, з кастрычніка 2019 года сістэматычна дакументуе парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. У іх апошняй справаздачы падрабязна апісана 1390 выпадкаў парушэнняў толькі ў 2022 годзе; па дадзеных на канец 2022 года 108 дзеячаў культуры апынуліся ў зняволенні, у тым ліку пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і сябра Беларускага ПЭНа Алесь Бяляцкі і выдатны філосаф і сябра Беларускага ПЭНа Уладзімір Мацкевіч. У справаздачы таксама паведамляецца пра ўзмацненне ціску з боку уладаў на польскую і літоўскую нацыянальныя меншасці. Кодэкс аб адукацыі, які ўступіў у сілу 1 верасня 2022 года, у прыватнасці, забараняе выкладанне на іншых мовах, за выключэннем рускай і беларускай.

Для атрымання дадатковай інфармацыі пра працу Міжнароднага ПЭНа для Беларусі, калі ласка, націсніце тут.