У пачатку 2022 года Аляксандр Лукашэнка выдаў указ аб абвяшчэнні «года гістарычнай памяці» ў краіне. Пазней быў створаны спецыяльны Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы для, як паведамлялася ў афіцыйных навінах, «правядзення адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы гістарычнай памяці».
У 2022 годзе можна было бачыць развіццё негатыўных тэндэнцый, звязаных перадусім з палітыкай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі: знішчэнне незалежных выдавецкіх праектаў, у рамках якіх з’яўлялася літаратура па гісторыі, і магчымасцяў публікацыі для асобных выданняў; працяг рэпрэсій супраць прадстаўнікоў гістарычнай супольнасці і музейных работнікаў, гідаў; знішчэнне месцаў пахавання ўдзельнікаў некамуністычнага супраціву нацызму перыяду Другой сусветнай вайны і Арміі Краёвай; мілітарызацыя адукацыйных праграм; маніпулятыўнае выкарыстанне тэрмінаў «нацызм» і «фашызм».
Сітуацыя вакол гісторыі ў Беларусі ў 2022 годзе не толькі зрабілася працягам палітыкі, якая пачалася задоўга да гэтага перыяду, але і набыла новыя рысы (у тым ліку і ў сувязі з пачаткам вайны Расіі ва Украіне ў лютым 2022 года).
Палітыка памяці ў Беларусі да масавых пратэстаў 2020 года
Палітыка памяці аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з сярэдзіны 1990-х гг. заўсёды была арыентавана на выкарыстанне і маніпуляцыі гістарычнымі адсылкамі, падкрэсліванне важных для гэтага тэм і цэнзураванне палітычна небяспечных гістарычных тэм і постацяў. Важным інструментам такога выкарыстання гісторыі зрабіліся дзяржаўныя медыя, сістэма школьнай гістарычнай адукацыі (а таксама кантроль над універсітэцкімі курсамі гісторыі), спецыяльныя ідэалагічныя аддзелы ў сферы дзяржаўнага кіравання, якія займаюцца ў тым ліку праблемамі ўсталявання мемарыяльных знакаў, помнікаў. Кантраляваліся і музейныя экспазіцыі.
Асаблівая ўвага ў афіцыйнай палітыцы памяці заўсёды надавалася як мінімум дзвюм важным тэмам: сучаснай гісторыі Беларусі канца 1980-х – пачатку ХХІ стагоддзя і гісторыі Другой сусветнай вайны 1939–1945 гг.
Пачынаючы з канца 1990-х, у ходзе актыўнага перапісвання зместу школьных падручнікаў з іх практычна знікла падрабязная інфармацыя пра розныя аспекты гісторыі фіналу СССР, палітычнай барацьбы канца 1980-х – сярэдзіны 1990-х гг. (звесткі пра палітычную апазіцыю, у тым ліку БНФ, яе лідараў і г. д.). Гісторыя пратэснага руху 1990-х і 2000-х таксама адсутнічае, як і звесткі пра пратэсты 2020 года ў свежых выданнях падручнікаў.
Наратыў пра сучасную гісторыю Беларусі ў афіцыйных выданнях і музейных экспазіцыях (напрыклад, у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў Мінску, які ўзнік у 2011 годзе) досыць просты: праз слабасць і памылкі дзяржаўнага кіравання адбыўся распад СССР, які прывёў усё грамадства выключна да крызісу. Асабліва цяжка гэта адбілася на эканоміцы. Аднак усе крызісныя з’явы былі цалкам пераадолены пасля 1994 года, калі да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, і затым нашая гісторыя ўключае толькі дасягненні.
Гісторыя Другой сусветнай вайны 1939–1945 гг. падавалася пасля 1994 года ў рамках звыклай савецкай схемы, у цэнтры якой знаходзілася ідэалагема Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг., трагедыі, якая завяршылася Перамогай. Гэтая канцэпцыя пасля распаду СССР была часткова «нацыяналізавана» – акцэнт пачаў рабіцца не на вайне савецкіх людзей у цэлым, а на беларусах, само ж выкарыстанне гісторыі вайны паслужыла апорнай падставай афіцыйнага праекта калектыўнай ідэнтычнасці ўнутры ўжо незалежнай Беларусі.
Шэраг тэм ігнараваўся, да іх звярталіся фрагментарна ці яны зазнавалі цэнзуру – напрыклад, гісторыя Халакосту беларускіх яўрэяў, масавага генацыду ромаў, гісторыі остарбайтараў, факты паражэнняў і памылак савецкіх войскаў, гісторыя некамуністычнага супраціву нацызму (Армія Краёва і інш.), яўрэйскага партызанскага руху, ценявая гісторыя савецкага партызанскага руху, гісторыя нацыянальнага руху ў перыяд вайны (якая асацыявалася выключна з калабарацыяй), рэпрэсіўнай палітыкі савецкага палітычнага рэжыму да, падчас і пасля завяршэння Другой сусветнай вайны, аналіз розніцы гісторыі рэгіёнаў Беларусі (у прыватнасці, Заходняй і Усходняй Беларусі) і г. д.
У афіцыйнай палітыцы памяці таксама заўсёды цэнзураваліся тэмы дзяржаўнага гвалту і сталінскіх злачынстваў у ХХ стагоддзі, гісторыі нацыянальнага руху, памяці пра Чарнобыльскую катастрофу 1986 года, усе эпізоды супольнай гісторыі Беларусі і Расіі рэдка разглядаліся з гледзішча крытычнага падыходу.
Пасля анексіі Крыма Расіяй у 2014 годзе ў палітыцы памяці рэжыму Лукашэнкі адбыўся шэраг змяненняў. Адным з іх былі спробы выкарыстаць той рэсурс гісторыі, які заўсёды выкарыстоўвала палітычная апазіцыя. Гаворка ідзе пра гісторыю нацыянальнага руху і абвяшчэнне ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі.
Улады дазволілі актывістам грамадзянскай супольнасці правесці юбілейныя мерапрыемствы ў гонар стагоддзя ўтварэння БНР у 2018 годзе. І таксама ў 2018 годзе яны паспрабавалі дэпалітызаваць памяць пра сталінскія рэпрэсіі, паставіўшы помнік у месцы масавых расстрэлаў канца 1930-х гг. у Курапатах пад Мінскам. Гэты перыяд «лібералізацыі» і чарговых маніпуляцый з гісторыяй завяршыўся ў 2020 годзе, калі ўладам удалося спыніць масавыя пратэсты і ліквідаваць вулічную актыўнасць.
Ад 2020 года да 2022-га: новыя формы палітычнага выкарыстання гісторыі ў Беларусі
Сёння ў краіне мы можам убачыць розныя аспекты інструменталізацыі гісторыі для выкарыстання ва ўнутранай і замежнай палітыцы рэжыму:
– легітымацыя масавага гвалту 2020 года і рэпрэсіўнай палітыкі пасля задушэння пратэстаў
Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х, у ходзе барацьбы з палітычнай апазіцыяй, прапагандысты рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўвалі адсылкі да гісторыі Другой сусветнай вайны, звязваючы ў сваіх медыйных прадуктах калабарацыю з нацыстамі ў той перыяд і прадстаўнікоў Беларускага Народнага Фронту сярэдзіны 1990-х гг. Такі трук ізноў пачаў прымяняцца практычна адразу ў ходзе пратэснага руху 2020 года, пачынаючы са жніўня.
Сёння гэта самая папулярная адсылка прапагандыстаў аўтарытарнага рэжыму: удзельнікі і ўдзельніцы масавых пратэстаў 2020 года аб’яўляюцца ідэйнымі спадкаемцамі нацыстаў і нацысцкіх калабарантаў перыяду Другой сусветнай вайны. Пры гэтым таксама выкарыстоўваецца рыторыка сярэдзіны 1990-х гг. пра тое, што палітычныя сімвалы супраціву (у прыватнасці, бел-чырвона-белы сцяг) звязаны са спадчынай калабарацыі з нацыстамі таго перыяду.
Таксама прапагандысты пачалі палітычна выкарыстоўваць адсылкі да канцэпцыі генацыду. Падзеі Другой сусветнай вайны абвяшчаюцца «генацыдам беларускага народа», а палітычныя пратэсты 2020 года падаюцца ў выглядзе ідэі працягу гэтага генацыду, у якім абвінавачваецца «калектыўны Захад» (у тым ліку Польшча, Літва, Германія і іншыя краіны).
Крытыка такога выкарыстання канцэпцыі генацыду ад імя гістарычнай супольнасці і незалежных гісторыкаў уключае як аргументы аб праблематычнасці раўнавання нацысцкай палітыкі ў дачыненні да яўрэяў і беларусаў, так і пытанні, звязаныя з вызначэннем генацыду, яго храналагічных рамак. Аднак гэтыя крытычныя заўвагі не былі прыняты да ўвагі, усе фармулёўкі захаваны, а сам тэкст Закона «Аб генацыдзе беларускага народа» прыняты і падпісаны ў снежні 2021 – студзені 2022 гг.
У кнізе «Генацыд беларускага народа», выдадзенай летам 2022 года пад рэдакцыяй генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Шведа, праводзяцца ўсе ідэі, выкладзеныя вышэй, пра нібыта сувязь генацыдальнай палітыкі нацыстаў у перыяд Другой сусветнай вайны і палітычных пратэстаў 2020 года. Прасоўванне канцэпцыі і ідэй з гэтай кнігі зрабілася часткай мерапрыемстваў «Года гістарычнай памяці» – мэтай стала арганізацыя на тэрыторыі краіны шматлікіх экспазіцый або іх раздзелаў, якія расказваюць пра афіцыйную версію «генацыду беларускага народа» на аснове новых лічбаў і фактаў, з паведамленнямі пра якія выступаюць пераважна прадстаўнікі пракуратуры.
У якасці інструментаў для пераследу за палітычную пазіцыю могуць выкарыстоўвацца і прынятыя раней, у 2021 годзе, папраўкі ў законы «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму».
Прапагандысты і ідэолагі рэжыму таксама спрабуюць знайсці новы сімвалічны рэсурс для інтэграцыі постпратэснага грамадства. Такім рэсурсам зрабіліся адсылкі да гісторыі 1939 года. У 2021 і 2022 гадах 17 верасня было арганізавана святкаванне Дня народнага адзінства ў памяць пра ўступленне савецкіх войскаў на тэрыторыю Заходняй Беларусі пасля пачатку Другой сусветнай вайны і рэалізацыю таемных пратаколаў пакта Рыбентропа – Молатава, якія прывялі да таго, што ў афіцыйнай гістарыяграфіі называецца ўз’яднаннем Заходняй і Усходняй Беларусі ў адну дзяржаву. У выступах афіцыйных асоб гаварылася, што Захад спрабуе падзяліць нас, але мы цяпер будзем з гэтым змагацца. Увядзенне новага свята ў каляндар пакінула ў цені ўсе іншыя падзеі таго перыяду: сталінскія рэпрэсіі і дэпартацыі, якія прайшлі пасля ўваходжання савецкіх войскаў у Заходнюю Беларусь; незаконны падзел Польшчы; лёсы беларусаў, якія перажылі на тэрыторыі Заходняй Беларусі за самы кароткі час змену трох палітычных рэжымаў, і г. д.
– выкарыстанне гісторыі ў замежнай палітыцы і дзеля легітымацыі вайны ва Украіне
Пасля 2020 года актыўную і крытычную пазіцыю ў дачыненні да існага ў Беларусі рэжыму занялі краіны-суседзі (Польшча, Літва), як і ў цэлым краіны ЕС. Выкарыстанне аўтарытарным рэжымам у Беларусі канцэпцыі «генацыду беларускага народа» зрабілася таксама часткай рыторыкі ў спробах адказаць на гэтую крытычную пазіцыю.
Польшча і Літва, як і «калектыўны Захад» (выраз, што з’явіўся ў расійскай прапагандзе і скапіяваны беларускімі прапагандыстамі), былі абвінавачаны ў тым, што яны не прызнаюць «генацыд беларускага народа» і не кампенсуюць яго наступствы, а таксама не выдаюць злачынцаў, якія ўдзельнічалі ў генацыдзе. Фактычна канцэпцыя «генацыду беларускага народа» ператварылася ў частку антызаходняй рыторыкі ў Беларусі.
Афіцыйныя структуры ў краіне (у тым ліку МЗС) перыядычна таксама абвінавачваюць Польшчу і Літву ў канспіралагічных дзеяннях па падрыве суверэнітэту Беларусі, згадваючы «карту паляка» і іншыя ініцыятывы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, перыяд гісторыі Рэчы Паспалітай (сярэдзіна XVI – канец XVIII стагоддзя) з’яўляецца «польскай акупацыяй і этнацыдам беларусаў».
Часткай афіцыйнай палітыкі памяці зрабілася знішчэнне пахаванняў удзельнікаў некамуністычнага супраціву нацызму ў Заходняй Беларусі – Арміі Краёвай. Прадстаўнікі сілавых структур і дзяржаўныя прапагандысты абвінавачваюць Армію Краёву ва ўдзеле ў «генацыдзе беларускага народа» на баку нацыстаў. Знішчаюцца не толькі пахаванні – з публічнай прасторы знікаюць мемарыяльныя знакі і помнікі, прысвечаныя прадстаўнікам Арміі Краёвай.
Пасля нападу Расіі на Украіну ў лютым 2022 года прапаганда рэжыму Лукашэнкі сінхранізавалася з прапагандай пуцінскага рэжыму, абвінавачваючы ўкраінскі народ і яго палітычных лідараў у нацызме і фашызме, выкарыстоўваючы падмену гэтых гістарычных паняццяў.
– спробы стварыць унутры краіны манаполію на інтэрпрэтацыю гісторыі ў публічнай прасторы, узнікненне праблемы крытэрыяў гістарычных ведаў
Ужо ў 2019 годзе з’явіліся першыя прыкметы таго, што кантроль над гісторыяй і яе публічнымі вобразамі робіцца часткай дзеянняў прадстаўнікоў сілавых структур. У перыяд 2020–2022 гг. палітыка памяці аўтарытарнага рэжыму, выступы сілавікоў і самога Аляксандра Лукашэнкі паказалі, што гісторыя і культура памяці абвешчаны «зонай нацыянальнай бяспекі». Стварэнне Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы таксама мусіць дапамагчы «засцерагчы» ад крытыкі тыя інтэрпрэтацыі гісторыі, якія навязвае дзяржаўная прапаганда.
На працягу 2022 года ўнутры Беларусі была амаль цалкам знішчана інфраструктура, якая дае магчымасць для публічнай прэзентацыі гістарычных даследаванняў і публікацый незалежных гісторыкаў і перакладных тэкстаў.
Гэтая інфраструктура фармавалася досыць доўга. У перыяд з пачатку 1990-х і да 2020 года ўтварыліся лакуны і нішы для феномену незалежнай гістарыяграфіі. Паняцце «незалежная гістарыяграфія» ў беларускім кантэксце мае патрэбу ў тлумачэнні. Гаворка ідзе пра даследаванні і публікацыі, у якіх прадстаўлены ідэі, альтэрнатыўныя афіцыйнай палітыцы памяці. Паслабленне цэнзуры яшчэ ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х прывяло да з’яўлення публікацый на праблемныя тэмы гісторыі, на працягу 1990-х і 2000-х паўставалі выдавецкія праекты (якія ўключалі перыёдыку ці спецыялізаваліся на выданні гістарычных кніг).
Таксама з’яўляецца альтэрнатыўная акадэмічная інфраструктура, задача якой – публічнасць і падтрымка важных незалежных публікацый і тэм гістарычных даследаванняў (узнікае Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Каўнасе, затым яго арганізатары распрацоўваюць сістэму прэмій за найлепшыя публікацыі ў галіне гісторыі і іншых гуманітарных дысцыплін). У 2018 годзе пачынае выпускацца часопіс «Наша гісторыя», рэдакцыя якога спрабавала стварыць папулярны прадукт, абапіраючыся пры гэтым на прафесійную падрыхтоўку тэкстаў гісторыкамі. У дзяржаўных універсітэтах і акадэмічных інстытуцыях акрамя адкрытых ідэолагаў і прапагандыстаў працавалі гісторыкі, якія кіраваліся прафесійным стандартам.
На цяперашні момант ад рэпрэсій у краіне пацярпелі больш за 70 прадстаўнікоў і прадстаўніц гістарычнай супольнасці (выкладчыкаў, даследчыкаў, работнікаў музеяў і г. д.). Працэс звальнення і фактычнай забароны на прафесію закрануў усе важныя гістарычныя інстытуцыі, у тым ліку Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Многія гісторыкі былі вымушаны з’ехаць у Польшчу, Літву, Германію. Большасць незалежных выдавецкіх праектаў у Беларусі закрыта, іх заснавальнікі таксама вымушаны эміграваць і цяпер спрабуюць працягваць сваю дзейнасць за межамі краіны.
Унікальным у пэўным сэнсе стала абвяшчэнне «экстрэмісцкай» у кастрычніку 2022 года манаграфіі Святланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі», выдадзенай у незалежным выдавецтве «Янушкевіч» на аснове афіцыйна абароненай у 2006 годзе ў Беларусі дысертацыі.
Гэтая падзея падкрэслівае праблему, звязаную з максімальна ўзмоцненай інструменталізацыяй гісторыі, – у краіне афіцыйна прызнаецца такая інтэрпрэтацыя гісторыі, якая на цяперашні момант адпавядае афіцыйнай палітыцы памяці, пры гэтым крытэрыі акадэмічнай гісторыі і ацэнкі даследаванняў не працуюць. На жаль, праблема пагаршаецца і тым, што частка гісторыкаў у Беларусі актыўна выконвае прапагандысцкія функцыі, робячы кар’еру і легітымуючы сваімі выступамі адкрыта прапагандысцкія тэзісы.
– цэнзура і мілітарызацыя адукацыйных праграм
У Беларусі сістэма школьнай гістарычнай адукацыі строга цэнтралізавана, і змест гэтай адукацыі цалкам кантралюецца. Адзіныя падручнікі і навучальныя матэрыялы павінны спрыяць гэтаму кантролю. Сітуацыя ва ўніверсітэтах і інстытуцыях вышэйшай адукацыі адрознівалася – нягледзячы на адзіныя навучальныя праграмы, выкладчыкі маглі карыстацца рознымі вучэбнымі дапаможнікамі і адсылкамі да літаратуры. У канцы вясны – пачатку лета 2022 года была запланавана праверка вучэбнай літаратуры для ВНУ на прадмет «скажэння гістарычнай памяці і праўды».
Школьнікаў збіраюцца актыўна ўцягваць у дзейнасць «ваенна-патрыятычных лагераў», арганізаваных сілавікамі. У лістападзе 2022 года з’явілася інфармацыя, што адна з самых прэстыжных навучальных устаноў краіны – Ліцэй БДУ – супольна з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ладзіць конкурс на прэзентацыю дзейнасці Фелікса Дзяржынскага, які ўваходзіў у лік заснавальнікаў савецкай сістэмы дзяржаўнага тэрору ў 1920-я гг. Таксама ў школах уводзіцца факультатыў па вывучэнні «генацыду беларускага народа».
– знішчэнне культурнай разнастайнасці і ідэі інклюзіўнасці, мультыперспектыўнасці гісторыі
Выкарыстоўваючы адсылкі да гісторыі і пагрозу «гераізацыі нацысцкіх злачынцаў», яшчэ ў 2021 годзе сілавыя структуры ў Беларусі пачалі знішчаць усе арганізацыі, якія не з’яўляліся афіцыйнымі і прадстаўлялі інтарэсы беларускіх палякаў. Частка актывістаў была арыштавана (гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут уваходзіць у лік ужо амаль паўтары тысячы палітычных зняволеных). Гаворка ішла не толькі пра арганізацыі палітычнага характару, але і пра адукацыйныя інстытуцыі, школы. Была зачынена адна са школ з літоўскай мовай навучання, у іншай жа, як і ў дзвюх польскіх, згодна са зменамі ў Законе аб адукацыі, мовай выкладання зрабілася дзяржаўная (руская або беларуская). Польская і літоўская звяліся да прадметных гадзін, па адной гадзіне мовы і літаратуры на тыдзень.
Яшчэ з пачатку 1990-х гг. у публічным дыскурсе актыўна прасоўваўся вобраз Беларусі як талерантнай, мультыкультурнай краіны з мірным суіснаваннем розных этнасаў і з гарантыяй правоў у дачыненні да прадстаўнікоў гэтых этнасаў. Аднак палітычная практыка ўказвае на адваротнае і прапануе спецыфічную версію прымальных мадэляў грамадзянства ў краіне: вы зможаце рэалізоўваць свае правы толькі ў выпадку абсалютнай лаяльнасці да палітычнага рэжыму. Прынятае ў 2022 годзе заканадаўчае рашэнне пазбаўляць грамадзянства Беларусі тых, хто вінаваты ў «экстрэмісцкай дзейнасці» (пералік злачынстваў шырокі), толькі падкрэслівае базавую ідэю татальнага кантролю над грамадзянамі.
Спробы ператварыць гісторыю Беларусі ў лінейны, пазбаўлены складанасці палітычны інструмент забеспячэння лаяльнасці грамадзян і інтэграцыі ў рамках кантраляванага аўтарытарнага грамадзянства знішчае самую галоўную каштоўнасць гісторыі – яе плюральнасць, інклюзіўнасць і мультыперспектыўнасць. Тое, што зрабілі з гісторыяй 1990-х у афіцыйнай палітыцы памяці, спрасціўшы яе да міфалагічнай схемы, хочуць зрабіць і з гісторыяй самых траўматычных перыядаў ХХ стагоддзя.
На фоне працягу вайны Расіі ва Украіне, прысутнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і «інтэграцыйных праграм» таксама паўстае пытанне пра самастойнасць палітыкі рэжыму Лукашэнкі ўнутры краіны. Знішчэнне любых альтэрнатыўных пляцовак і магчымасцяў для гістарычных даследаванняў і публікацый, пераслед за нацыянальную сімволіку выглядаюць у гэтым кантэксце інструментам разбурэння незалежнасці Беларусі і калектыўнай ідэнтычнасці. Афіцыйная палітыка памяці, якая выбірае стратэгіі знішчэння любых слядоў альтэрнатыўных вобразаў гісторыі ў публічнай прасторы, можа завяршыцца і ўласным бясследным знікненнем.
Аляксей Братачкін, навуковы супрацоўнік кафедры публічнай гісторыі Гагенскага завочнага ўніверсітэта (Германія). Агляд падрыхтаваны на запыт і на падставе матэрыялаў маніторынгу Беларускага ПЭНа за 2021–2022 гады.