Беларусь, студзень – верасень 2023 года
З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН сістэматычна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Гэты дакумент змяшчае статыстыку і аналіз парушэнняў у сферы культуры са студзеня да верасня 2023 года. Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц (80 % фактаў), праз асабістыя кантакты (11 %) і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры ў рамках праекта даследавання схаваных рэпрэсій «Сфера культуры Беларусі ў 2022–2023 гадах. Рэпрэсіі. Тэндэнцыі» (9 %).
NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, згодна з дзейнымі ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўнымі прадпісаннямі, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні. Больш пра маніторынг.
Асноўныя вынікі маніторынгу
Дзеячы культуры ў зняволенні: бесчалавечнае і прыніжальнае абыходжанне
Адвольныя затрыманні, крымінальны і адміністрацыйны пераслед дзеячаў культуры
Пераслед за ахвяраванні (данаты)
Цэнзура: забарона на прапаганду творчасці нелаяльных артыстаў, абмежаванні ў распаўсюдзе культурнага прадукту
Пытанні дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры
Мы працягваем фіксаваць парушэнні культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры, рэгіструем адкрыты пераслед, які доўжыцца чацвёрты год, і новыя формы ціску, якія на сёння робяцца ўсё менш бачнымі (публічнымі), але, безумоўна, уплываюць на стан сферы культуры, дзейнасць і творчасць людзей культуры ў Беларусі.
- За студзень – верасень 2023 года ў краіне зафіксаваны 1152 парушэнні культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да работнікаў сферы культуры.
- Права на справядлівы суд / доступ да правасуддзя і цэнзура – асноўныя парушэнні ў дачыненні да дзеячаў культуры ў цяперашні перыяд часу.
- У зняволенні памерлі мастак Руслан Карчаулі (у гродзенскай турме), культурны менеджар і блогер Мікалай Клімовіч (у віцебскай калоніі), мастак і перформер Алесь Пушкін (у гродзенскай турме). Гэтыя трагічныя смерці праваабаронцы і грамадскасць звязваюць з умовамі ўтрымання і неналежнай медыцынскай дапамогай у закрытых установах сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў (МУС). Пры нявысветленых абставінах у Лідскім РАУС памёр паэт Дзмітрый Сарокін.
- Дзеячы культуры, якіх пераследуюць паводле палітычных матываў, зазнаюць у няволі жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, пастаянны фізічны і псіхалагічны ціск. Перавод у карцар, штрафны ізалятар або памяшканне камернага тыпу, узмацненне рэжыму ўтрымання, завядзенне новых крымінальных спраў, блакаванне карэспандэнцыі і сувязі з вонкавым светам і сям’ёй з’яўляюцца ўстойлівай і паўсюднай практыкай пенітэнцыярнай сістэмы. Не менш за 25 чалавек застаюцца ў зняволенні ўжо больш за 1000 дзён – амаль 3 гады.
- У калоніях, турмах, следчых ізалятарах, установах адкрытага тыпу (на «хіміі») або на «хатняй хіміі» [1] станам на 30 верасня 2023 года знаходзяцца не менш [2] за 149 дзеячаў культуры, 106 з іх прызнаны палітычнымі зняволенымі.
- 152 дзеячы культуры прайшлі праз адвольныя затрыманні, некаторыя – двойчы або тройчы ў аналізаваны перыяд. Вядома пра завядзенне новых крымінальных спраў у дачыненні да 49 чалавек, пра адміністрацыйны пераслед 110 чалавек.
- У рамках крымінальнага пераследу асуджаны не менш за 66 дзеячаў культуры. Амаль кожны другі/другая (29 з 66) – за ўдзел у мірных сходах (акцыях пратэсту) 2020 года: у абвінавачаннях фігураваў выключна 342-ы артыкул Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). 36 дзеячаў культуры асуджаны на адбыццё пакарання ў калоніі. Усяго з канца 2020 года да крымінальнай адказнасці прыцягнуты ўжо не менш за 230 работнікаў культурнай сферы.
- Зафіксавана інфармацыя пра 126 адміністрацыйных спраў у дачыненні да 110 дзеячаў культуры. Не менш чым кожная другая (58 % спраў) – за нібыта «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях «Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»), гэта значыць, за падпіску і перасылку навін з рэсурсаў беларускіх незалежных СМІ. Від пакарання, які сустракаецца найчасцей у рамках адміністрацыйнага пераследу дзеячаў культуры, – суткі (2 з 3 пратаколаў).
- 175 дзеячаў культуры (+19 за апошні квартал) унесены Міністэрствам унутраных спраў у «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, датычных экстрэмісцкай дзейнасці», 24 (+1) уключаны Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ў «Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных тэрарыстычнай дзейнасці», прозвішчы яшчэ 10 (+2) фігуруюць у «Пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных экстрэмісцкай дзейнасці» як удзельнікі гэтых «фарміраванняў». Траплянне ў гэтыя спісы на практыцы цягне за сабой дадатковыя абмежаванні ў правах.
- Працягваюцца палітычна матываваныя звальненні дзеячаў культуры з сістэмы дзяржаўных устаноў. Ізноў мелі месца масавыя выпадкі затрымання спецыялістаў на працоўных месцах з наступным звальненнем: у прыватнасці, у трэцім квартале 2023 года такім чынам былі звольнены не менш як 7 супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
- Адна з найбольш распаўсюджаных практык гэтага года – пераслед дзеячаў культуры за дабрачынныя ахвяраванні ў 2020–2021 гадах у фонды дапамогі ахвярам рэпрэсій.
- Адзначаецца ўсё больш рэпрэсій, звязаных з вуснай размовай. Гэта тычыцца прафесійнага асяроддзя: выклікі на размовы ў Міністэрства культуры, пагрозы і ціск з боку кіраўніцтва, нагнятанне варожага стаўлення да пэўных супрацоўнікаў, «рэкамендацыі» куратарам пляцовак не праводзіць тых ці іншых мерапрыемстваў і іншыя працэсы. Таксама шырокі распаўсюд атрымала практыка так званых гутарак, якія праводзяцца з грамадзянамі ва ўстановах сістэмы МУС і КДБ або на выклік, або пасля папярэдняга агляду хатняга памяшкання і тэхнікі (камп’ютара, тэлефона), пасля якога дзеяча культуры забіраюць з дому. У другім выпадку працэдура можа доўжыцца да 10 гадзін, і ўвесь гэты час чалавек не разумее, затрыманы ён ці не, як і не мае магчымасці звязацца са сваякамі і адвакатам.
- Прымусова ліквідаваны яшчэ 35 некамерцыйных арганізацый (+15 за апошні квартал) – танцавальных, краязнаўчых, аб’яднанняў нацыянальных меншасцяў, а таксама аб’яднанняў, якія працавалі ў сферы аховы спадчыны і ў іншых напрамках культуры. Усяго з пачатку мэтанакіраванай кампаніі ліквідацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі (з канца 2020 года) з працэдурай прымусовай ліквідацыі [3] сутыкнуліся не менш за 218 НКА, датычных сферы культуры Беларусі.
- Не менш за 97 матэрыялаў на культурную тэматыку (у тым ліку сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры) унесены Міністэрствам інфармацыі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Упершыню такімі матэрыяламі былі прызнаны асобныя тэксты кнігі: 15 жніўня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі» вершы «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, класіка беларускай літаратуры XIX стагоддзя, і прадмову Язэпа Янушкевіча, размешчаныя ў кнізе «Выбраныя творы / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч» – сотым томе кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор», які выйшаў у выдавецтве «Беларуская навука» ў 2019 годзе. Акрамя іх на працягу 2023 года «экстрэмісцкімі» былі прызнаны 22 кнігі – творы мастацкай літаратуры, гістарычныя або навуковыя матэрыялы. З сакавіка 2021 года гэта ўжо 33 кнігі.
- Працягваецца блакаванне беларускага кантэнту і незалежных крыніц інфармацыі: Міністэрства інфармацыі зноў заблакавала сайт незалежнага навукова-папулярнага часопіса «ARCHE»; абмежаваны доступ да сайта Беларускай рады культуры (у чэрвені 2022 года прызнанай «экстрэмісцкім фарміраваннем»); з Беларусі перастаў адкрывацца сайт https://audiobooks.by/ – аўдыякнігі на беларускай мове і беларускіх аўтараў; заблакаваны сайт https://horki.info – інфармацыйны рэсурс пра Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны Магілёўскай вобласці, сярод іншага прысвечаныя гісторыі гэтага рэгіёна (раздзел «Гісторыя»); заблакаваны доступ да беларускай інтэрнэт-бібліятэкі kamunikat.org.
- Не спыняецца барацьба з «непатрэбнай памяццю», у прыватнасці, звязанай з нацыянальным вызваленчым рухам, а таксама з польскай гісторыка-культурнай спадчынай: з гродзенскага чыгуначнага вакзала мясцовая ўлада прыбрала мемарыял пра паўстанне 1863–1864 гадоў (і замяніла яго на дошку пра савецкіх падпольшчыкаў); з магіл польскіх салдат на гродзенскіх вайсковых могілках дэмантавалі памятныя шыльды; зніклі 10 турыстычных стэндаў, усталяваных да 180-годдзя з дня нараджэння польскамоўнай пісьменніцы і грамадскай дзяячкі Элізы Ажэшкі (1841–1910), ураджэнкі і жыхаркі Гродзеншчыны; у Мінску з тэрыторыі касцёла Святога Роха прыбралі крыж, усталяваны ў памяць пра каталіцкага святара Вінцэнта Гадлеўскага, аднаго з найбуйнейшых дзеячаў Заходняй Беларусі 1930-х гадоў.
- Ажыццяўляецца палітыка дыскрымінацыйнага стаўлення да беларускай мовы і беларускай ідэнтычнасці, працягваецца русіфікацыя сферы культуры ва ўсіх яе сектарах.
ДЗЕЯЧЫ КУЛЬТУРЫ Ў ЗНЯВОЛЕННІ: БЕСЧАЛАВЕЧНАЕ І ПРЫНІЖАЛЬНАЕ АБЫХОДЖАННЕ
З моманту пачатку вядзення гэтага маніторынгу (кастрычнік 2019 года) і самых маштабных у гісторыі Беларусі пратэстаў супраць дзейнага рэжыму (лета 2020 года) ужо не менш за 45 дзеячаў культуры, якія тым ці іншым чынам падтрымалі рух за перамены ў краіне, паспелі выйсці з турмаў на волю пасля таго, як цалкам адбылі пакаранне ў рамках крымінальнага пераследу: 1–3 гады ў калоніі, 1,5–3 гады «хіміі» або 1–2 гады «хатняй хіміі». Аднак колькасць зняволеных паводле палітычных матываў дзеячаў культуры не робіцца меншай: на змену асуджаным у 2020–2021 гадах прыходзяць новыя і новыя людзі творчых прафесій – затрыманні не спыняюцца. Станам на 30 верасня 2023 года ў зняволенні застаюцца не менш за 149 дзеячаў культуры, якія апынуліся там у выніку несправядлівых затрыманняў, арыштаў і наступных судоў (106 з іх прызнаны на сёння палітзняволенымі).
.
У турмах Беларусі памерлі чатыры дзеячы культуры: у 2021 годзе – прамоўтар гісторыі і актывіст Вітольд Ашурак, у 2023-м – мастак Руслан Карчаулі, культурны менеджар і блогер Мікалай Клімовіч, мастак і перформер Алесь Пушкін. Рэжым не пакінуў іх у спакоі нават пасля смерці – рытуалы развітання з Мікалаем Клімовічам (у траўні) і Алесем Пушкіным (у ліпені) праходзілі пад наглядам супрацоўнікаў «праваахоўных» органаў у цывільным, якія запісвалі на камеру тых, хто прыйшоў развітацца з людзьмі культуры, што загінулі ад рэжыму. Сваякам, блізкім і калегам настойліва рэкамендавалі ўстрымацца ад каментарыяў і інтэрв’ю.
На сёння ўжо больш за 1000 дзён застаюцца ў зняволенні не менш за 25 дзеячаў культуры Беларусі: менеджар культуры, відэаблогер і палітык Сяргей Ціханоўскі; пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч Павел Севярынец; мецэнат і палітык Віктар Бабарыка; менеджар культуры Эдуард Бабарыка; музыка і актывіст Сяргей Спарыш; танцоры Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў; аўтар турэмнай літаратуры і актывіст анархісцкага руху Аляксандр Францкевіч; музыка і менеджарка культурных праектаў, грамадская дзяячка Марыя Калеснікава; літаратар, бард і адвакат Максім Знак; аўтар дакументальных фільмаў і блогер Павел Спірын; UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў; архітэктар Арцём Такарчук; прамоўтар гісторыі, блогер Эдуард Пальчыс; дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч; мастак і мультыплікатар Іван Вярбіцкі; мастак Аляксандр Нурдзінаў; аўтар турэмнай літаратуры і актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч; рэканструктар гісторыі і актывіст Кім Самусенка; барабаншчык Аляксей Санчук; аўтар турэмнай літаратуры і актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок; літаратарка і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава); дырэктар канцэртнага агенцтва Іван Канявега [4]; рэжысёрка дакументальных фільмаў, журналістка Ксенія Луцкіна; краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар.
Яшчэ ў 2021 годзе з’явіліся першыя паведамленні з турмаў пра тое, што ўсіх палітычных зняволеных пазначаюць жоўтай біркай, сегрэгуючы такім чынам нелаяльных рэжыму. Іх пераследуюць на працягу ўсяго тэрміну адбыцця пакарання: ставяць на прафілактычны ўлік (што цягне за сабой дадатковы кантроль і праблемы); змяшчаюць у карцар і штрафны ізалятар; пазбаўляюць пасылак, перадач і сустрэч з роднымі; абмяжоўваюць у прагулках, занятках спортам і камунікацыі з іншымі зняволенымі; блакуюць карэспандэнцыю; выносяць адміністрацыйныя спагнанні з надуманых прычын; выклікаюць на допыты; учыняюць ператрусы ў камерах; неналежным чынам аказваюць медыцынскую дапамогу і многімі іншымі спосабамі ціснуць на людзей фізічна і псіхалагічна. Беларускамоўных пераследуюць у турмах яшчэ і на падставе іх мовы камунікацыі. Асобна спынімся на такіх відах ціску на палітзняволеных – дзеячаў культуры, як перавод у памяшканне камернага тыпу (турэмная камера), замена рэжыму ўтрымання на больш строгі (з калоніі – на турму, з «хіміі» або «хатняй хіміі» – на калонію), крымінальны пераслед паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), а таксама блакаванне ўваходнай і выходнай карэспандэнцыі.
- Перавод у памяшканне камернага тыпу
У аналізаваны перыяд не менш за 6 дзеячаў культуры былі пераведзены ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), утрыманне ў якім можна параўнаць з умовамі ў калоніі строгага рэжыму: філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч (на 3 месяцы); музыка Алесь Папковіч; музыка і грамадская дзяячка Марыя Калеснікава (не да канца пацверджаная інфармацыя); пісьменнік і палітычны дзеяч Павел Севярынец (на 3 месяцы); мецэнат і палітык Віктар Бабарыка; паэт, журналіст і сябра польскай супольнасці ў Беларусі Андрэй Пачобут (на паўгода). Усяго ўжо не менш за 11 работнікаў сферы культуры сутыкнуліся з гэтым відам пераследу.
- Узмацненне рэжыму ўтрымання
У студзені ў выніку апеляцыйнай скаргі пракурора Гродзенскі абласны суд пастанавіў замяніць 2 гады «хатняй хіміі» на 2 гады калоніі ў дачыненні да 73-гадовага музыкі і грамадскага дзеяча Барыса Кучынскага. У лютым суд Шклоўскага раёна зрабіў больш жорсткім рэжым утрымання 66-гадовага філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча, у выніку чаго яго перавялі з калоніі ў турму. У сакавіку рашэннем суда Наваполацка з калоніі на 3 гады турэмнага рэжыму быў пераведзены UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў. У траўні суд Мазырскага раёна замяніў абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімію») на пазбаўленне волі з адбываннем тэрміну ў калоніі ў дачыненні да дырэктара студыі вэб-дызайну Глеба Койпіша [5]. У чэрвені ў судзе Шклова адбыўся працэс дзеля змены рэжыму ўтрымання пісьменніка і палітычнага дзеяча Паўла Севярынца, у выніку чаго яго перавялі з калоніі ў турму тэрмінам на 3 гады. Усяго ўжо не менш чым 10 дзеячам культуры замянілі рэжым утрымання на больш строгі.
- Крымінальны пераслед паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса
Адна з формаў пераследу ўнутры пенітэнцыярнай сістэмы – завядзенне новых крымінальных спраў за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 Крымінальнага кодэкса) і падаўжэнне такім чынам тэрмінаў пазбаўлення волі. Гэта і адзін са спосабаў не даць чалавеку выйсці на волю па заканчэнні тэрміну адбыцця пакарання, як гэта зноў (тое ж было ў 2012 годзе) адбылося з публіцыстам і актывістам Змітром Дашкевічам: 11 ліпеня ён меўся выйсці на волю пасля 1,5 года ў калоніі, аднак у гэты дзень стала вядома, што яго перавялі ў следчую турму на падставе новага крымінальнага пераследу паводле артыкула 411. Беларускія праваабаронцы неаднаразова казалі пра адвольную практыку і выбарачнае прымяненне гэтага артыкула адміністрацыямі турмаў і калоній – у прыватнасці, «напрыклад, супраць непажаданага зняволенага або з палітычнага матыву ўладаў». Усяго вядома пра 4 дзеячаў культуры, на якіх завялі крымінальныя справы паводле гэтага артыкула пасля 2020 года.
- Пазбаўленне ліставання
Адной з самых распаўсюджаных формаў ціску на палітычных зняволеных – дзеячаў культуры зрабілася пазбаўленне іх сувязі і падтрымкі з вонкавага свету: сям’і, сяброў, салідарных з імі людзей. Правілы турэмнага ліставання – якія лісты і каму перадаюцца, а якія не – немагчыма апісаць у рамках якой-небудзь логікі, аднак вядома, што яно блакуецца выбарачна і ў большасці выпадкаў перадаюцца лісты толькі ад блізкіх сваякоў (але ў гэтым выпадку не ўсе).
На працягу аналізаванага часу ў матэрыялах незалежных СМІ або на старонках Facebook мы рэгулярна фіксавалі паведамленні наступнага характару: «лісты нікому, акрамя сям’і, ад яго не прыходзяць» (Яўген Меркіс), «мы нічога не ведаем пра стан яго здароўя» (Уладзімір Мацкевіч), «сёлета не атрымаў ніводнага ліста або віншавання» (Ігар Аліневіч), «лісты ёй прыходзяць, мабыць, толькі ад сваякоў» (Наталля Дуліна), «на жаль, амаль усё выходзіла ў трубу» (Віктар Бойка), «зусім не атрымлівае лістоў – толькі ад брата» (Уладзімір Булаўскі) і іншыя такія факты. З некаторымі палітзняволенымі – дзеячамі культуры сувязі няма не толькі днямі і тыднямі, а і месяцамі: з лютага – ужо 8 месяцаў – сваякі Максіма Знака і Марыі Калеснікавай не атрымалі ад іх ніводнага ліста з калоніі; некалькі месяцаў няма інфармацыі пра Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Уладзіміра Гундара [6], Аляксандра Францкевіча. Практыка блакавання карэспандэнцыі закранае як саміх палітзняволеных, так і чальцоў іх сем’яў, якія на працягу доўгага часу могуць зусім нічога не ведаць пра тое, што адбываецца з іх блізкім чалавекам. Беларускія праваабаронцы схільныя класіфікаваць гэты від ціску як катаванні.
- Іншыя формы і віды ціску на палітзняволеных – дзеячаў культуры
У красавіку менеджара культуры Уладзіміра Булаўскага не адпусцілі на пахаванне бацькі, у чэрвені не змагла развітацца з памерлай маці краязнаўца і журналістка Ларыса Шчыракова. Зняволеных – дзеячаў культуры пазбаўляюць сустрэч з адвакатамі, а тым пад рознымі падставамі могуць тыднямі не даваць сустрэч з іх падабароннымі. Як і раней, ідзе ціск і непасрэдна на саміх адвакатаў, якія прадстаўляюць інтарэсы палітзняволеных – дзеячаў культуры: затрыманні, адміністрацыйны і крымінальны пераслед, пазачарговая пераатэстацыя, пазбаўленне ліцэнзій, што наўпрост звязана з парушэннем права зняволеных – дзеячаў культуры на прававую дапамогу. Так, у аналізаваны перыяд кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пазбавіла ліцэнзій адвакатаў, якія прадстаўлялі інтарэсы Паўла Севярынца, Паўла Вінаградава і Таццяны Вадалажскай (адвакатка Таццяна Лішанкова), Максіма Знака і Паўла Белавуса (Юрый Козікаў), Андрэя Пачобута (Аляксандр Бірылаў), Сяргея Ціханоўскага (Інэса Аленская).
***
Пераслед і псіхалагічны ціск не заканчваюцца і з выхадам дзеячаў культуры з месцаў пазбаўлення волі. Пасля вызвалення яны сутыкаюцца з дадатковым кантролем і абмежаваннямі. Так, былы палітвязень, бард і праграміст Анатоль Хіневіч, вызвалены ў лютым гэтага года пасля заканчэння адбыцця пакарання тэрмінам 2,5 года, праз пэўны час быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, бо і пасля выхаду з калоніі знаходзіўся ў пастаянным напружанні праз візіты прадстаўнікоў сілавых структур дадому (часам нават ноччу), выклікі ў інспекцыі, на размовы ў мясцовы аддзел міліцыі і іншыя формы ціску. Яшчэ адзін з відаў пераследу пасля вызвалення – забарона на выезд з краіны. З ёй сутыкнуліся, у прыватнасці, музыкі «Irdorath» Надзея і Уладзімір Калачы, якія выйшлі на волю ў красавіку гэтага года пасля 2,5 года ў калоніі. Музыкі змаглі з’ехаць з Беларусі, аднак у такіх і падобных выпадках варта разумець, што рашэнне пра ад’езд прымаецца з парушэннем забароны на выезд і гэта фактычна азначае немагчымасць вярнуцца ў краіну праз патэнцыйнае пакаранне за парушэнне.
АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ, КРЫМІНАЛЬНЫ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫ ПЕРАСЛЕД ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ
- Адвольныя затрыманні
За 9 месяцаў 2023 года ў маніторынгу зафіксаваны 158 фактаў затрыманняў дзеячаў культуры (столькі ж было за аналагічны перыяд 2022 года). Сабраны факты крымінальнага пераследу ў дачыненні да 49 чалавек і адміністрацыйнага – у дачыненні да 110 чалавек.
- Крымінальны пераслед
У аналізаваны перыяд у рамках крымінальнага пераследу асуджаны ўжо не менш за 66 дзеячаў культуры. Як мінімум кожны другі – а гэта 36 чалавек – быў асуджаны на калонію, 28 – на «хатнюю хімію», 2 чалавекі – на «хімію».
28 дзеячаў культуры былі асуджаны выключна на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Культурны менеджар і актывіст Уладзімір Булаўскі 26 траўня 2023 года асуджаны на 2 гады калоніі на падставе артыкула 342-2 («Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») – гэта першы выпадак пераследу дзеяча культуры, калі мы сутыкаемся з абвінавачаннямі ў «неаднаразовым парушэнні». У рэаліях цяперашняга «правасуддзя» пераслед паводле гэтых артыкулаў – гэта пакаранне нелаяльных уладзе грамадзян за ўдзел у пратэстах 2020 года і, паводле сваёй сутнасці, парушэнне права на свабоду мірных сходаў. Усяго артыкулы 342 і 342-2 згадваліся ў абвінавачаннях у 38 работнікаў сферы культуры.
Другі паводле частаты крымінальнага пераследу – артыкул 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу»). У аналізаваны перыяд часу ён фігураваў у матэрыялах спраў як адзін з 2–5 абвінаваўчых артыкулаў, за выключэннем сітуацыі з кандыдатам геаграфічных навук, урбаністкай Ганнай Скрыган, асуджанай на 2 гады калоніі на падставе толькі 130-га артыкула Крымінальнага кодэкса (суд над ёй праходзіў у закрытым рэжыме).
Парушэнне права на доступ да правасуддзя:
- па-ранейшаму працягваецца практыка разгляду крымінальных спраў і апеляцыйных скаргаў на закрытых судовых працэсах, што пазбаўляе падсудных права на галоснасць судовага пасяджэння, а грамадскасць – права на атрыманне інфармацыі;
- не задавальняюцца апеляцыі і застаюцца ў сіле амаль усе прысуды першай інстанцыі. Выключэнні калі і здараюцца, то наступнага характару: у лютым Вярхоўны суд «змякчыў» на 3 месяцы 17-гадовы тэрмін пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму ў дачыненні да аўтара турэмнай літаратуры і анархіста Аляксандра Францкевіча; у красавіку замяніў 3 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ў дачыненні да мадэратара групы «ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ ў Беларусі!» у сацыяльнай сетцы «УКантакце», навуковага супрацоўніка Уладзіміра Буцькаўца;
- публіцыстку і актывістку Алену Гнаўк выдалілі з судовага працэсу паводле яе справы ў рамках новага крымінальнага пераследу; падсуднай Ксеніі Луцкіной не далі слова падчас судовага пасяджэння ў яе справе; Віктар Бабарыка, уключаны ў якасці сведкі ў спіс дзяржабвінаваўцы ў справе Эдуарда Бабарыкі, не быў дапытаны ў судзе над сынам і не змог даць паказанняў, нягледзячы на неаднаразовыя хадайніцтвы адвакатаў.
- Адміністрацыйны пераслед
Сабраны выпадкі адміністрацыйнага пераследу 110 дзеячаў культуры – усяго ў дачыненні да іх зафіксавана 126 пратаколаў. Найбольш часты з прымененых артыкулаў (мінімум кожныя тры з пяці спраў) – 19.11 («Распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»), які прадугледжвае пакаранне за падпіску на незалежныя беларускія СМІ (унесеныя рэжымам у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў») і перасылку навін. Найбольш часты від пакарання – адміністрацыйны арышт (мінімум два пратаколы з трох), часцей гэта 15 сутак (амаль кожная другая справа), крыху радзей – 10 сутак (амаль кожная пятая). Прыкладна ў кожнай шостай адміністрацыйнай справе суд прызначыў затрыманым дзеячам культуры штрафы, якія ў аналізаваны перыяд мелі памер ад 111 рублёў (~33 долараў) паводле артыкула 19.10 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях да 3700 рублёў (~1110 долараў) паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях.
ПЕРАСЛЕД ЗА АХВЯРАВАННІ (ДАНАТЫ)
Завядзенне крымінальных спраў за данаты – адна з тэндэнцый 2023 года і адзін з самых частотных спосабаў пераследаваць беларускіх дзеячаў культуры на гэты момант: «цяпер, як высветлілася, вельмі шмат пацярпела ад гэтага людзей – вось гэтыя данаты праз Facebook. У мяне ўжо, маіх асабістых блізкіх вельмі знаёмых вось чатыры чалавекі, каго выклікалі з гэтай нагоды… даўно пачалі рабіць, а цяпер гэта проста сапраўды набыла вельмі масавы характар… У гэтай базе вось гэтых данатаў праз Фэйсбук 63 000 чалавек, і вось яны цяпер усе, яны пачалі паводле алфавіта як бы ісці». [7]
Першыя выпадкі пераследу дзеячаў культуры за перавод ахвяравання ў «BySol», «ByHelp» і іншыя фонды дапамогі беларусам, пацярпелым ад самавольства сілавых структур у часы пратэстаў, былі зафіксаваны ў красавіку гэтага года. Вось вытрымка з аднаго з тыповых пратаколаў: «Паводле крымінальнай справы… паводле ч. 2 арт. 290-1, 4.4.1 2 арт. 361-2 і 4.2 арт. 361-3 КК РБ, у т. л. паводле факта перадачы грашовай або іншай маёмасці для свядомага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў BYSOL, BYHELP, Сумленныя людзі…» Характэрна, што ахвяраванні пераважна былі зроблены ў 2020 годзе, а фонды прызнаны «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» ў 2021–2022 гадах: «BySol» і «ByHelp» – адпаведна 3 і 14 снежня 2021 года, «Сумленныя людзі» – 4 лютага 2022 года. Тым не менш, сітуацыя прызнання арганізацыі «экстрэмісцкай» постфактум не толькі не перашкаджае Следчаму камітэту заводзіць паток крымінальных спраў супраць беларусаў, якія данацілі ў 2020 годзе, але і з’яўляецца на сёння звыклай практыкай. Гэтак адбываецца і ў сітуацыях з абвінавачаннем, напрыклад, дзеячаў культуры паводле артыкула 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім») – гэта адно з абвінавачанняў, выстаўленых менеджару культуры Паўлу Белавусу, асуджанаму 11 траўня 2023 года на 13 гадоў калоніі ў тым ліку за нібыта кіраванне ініцыятывай «Беларуская рада культуры», якая была прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем» у чэрвені 2022 года – праз 7 месяцаў пасля затрымання Паўла. Практыкуецца і ліквідацыя прыватных выдавецтваў з прычыны выпуску імі «экстрэмісцкіх матэрыялаў», прызнаных рэжымам такімі праз некалькі гадоў пасля таго, як яны былі выдадзены, – паводле такога прынцыпу было спынена дзеянне пасведчанняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў Андрэя Янушкевіча і Змітра Коласа і, адпаведна, закрыліся выдавецтвы «Янушкевіч» і «Зміцер Колас».
Вяртаючыся да гісторыі з данатамі, адзначым: дзеячаў культуры запрашаюць на размову ў КДБ (апошнім часам – і ў ДФР), падчас якой следчы прапануе закрыць заведзеную на чалавека крымінальную справу, калі ён ці яна кампенсуе раней зробленае добраахвотнае ахвяраванне, перавёўшы суму, якая ў Х-кратным памеры перавышае данат, на адзін з названых рахункаў. Фактычна гэта прапанова адкупіцца ад далейшага крымінальнага пераследу, «…і хто быў вымушаны заплаціць нейкія вялікія грошы вось такога водкупу як бы, які табе нічога ў будучыні не гарантуе. У іх нават няма ніякіх чэкаў, што яны заплацілі там, напрыклад, 500 еўра… Ну, 500 еўра – гэта мінімум, людзі тысячы еўра плацяць… Проста ім кажуць: “Прыйдзіце туды, там каса, дайце ў касу гэтыя грошы”, – ім не даюць ні чэка, нічога… Ім кажуць, што “вы заплаціце – і ўсё, мы вас пакінем у спакоі”, але ў гэтага няма наогул ніякага… гэта проста такое рабаванне, і не факт, што гэта не паўторыцца заўтра…» [8] І ў большасці выпадкаў людзі пішуць «пакаянне» на прапанаваны ўзор, плацяць указаную суму («дзейнае раскаянне») і ідуць з установы з распіскай (пастановай) аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці:
У той жа час ужо больш за 200 дзён (на момант падрыхтоўкі матэрыялу) застаецца ў СІЗА старшы выкладчык кафедры замежнай літаратуры МДЛУ Наталля Жлоба, 27 ліпеня 2023 года асуджаная на 3 гады калоніі на падставе артыкула 361-2 Крымінальнага кодэкса («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання») за пералічэнні грошай ініцыятывам, прызнаным «экстрэмісцкімі». За ахвяраванні была асуджана танцорка і прадпрымальніца Вікторыя Гаўрыліна – на 3 гады і 3 месяцы калоніі (усяго паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса) 18 верасня 2023 года, а таксама былая настаўніца англійскай мовы Ірына Абдукерына – на 4 гады калоніі (усяго паводле чатырох артыкулаў) 6 снежня 2022 года.
Нягледзячы на тое, што ў маніторынгу сабрана толькі каля дзясятка фактаў пераследу дзеячаў культуры за добраахвотныя ахвяраванні (на сёння многія выбіраюць не паведамляць пра гэта), мы дакладна ведаем пра масавы характар гэтай з’явы.
ЦЭНЗУРА: ЗАБАРОНА НА ПРАПАГАНДУ ТВОРЧАСЦІ НЕЛАЯЛЬНЫХ АРТЫСТАЎ, АБМЕЖАВАННІ Ў РАСПАЎСЮДЗЕ КУЛЬТУРНАГА ПРАДУКТУ
Умовы, у якіх пасля 2020 года знаходзіцца сфера культуры Беларусі, добра апісвае цытата аднаго з рэспандэнтаў даследавання: «Ну, вы разумееце, што ёсць спрыяльная сітуацыя або неспрыяльная, так зараз супернеспрыяльная сітуацыя для ўсіх культурных падзей, таму што, як казаў мне калісьці В. А., міліцыянер для творца – заўжды вораг. Ну а ў нас у краіне зараз у пашане якраз не дзеячы культуры. Агульна неспрыяльная сітуацыя для культуры у-во-гу-ле».
У 2023 годзе выканаўчыя ўлады працягнулі ліквідацыю прыватных выдавецтваў («Янушкевіч», «Кнігазбор», «Зміцер Колас»), некамерцыйных арганізацый культурнай накіраванасці (мінімум 35 грамадскіх аб’яднанняў і фондаў); умяшанне ва ўсе сектары сферы культуры (гл. раздзел «Стварэнне адміністрацыйных перашкод для дзейнасці ў сферы культуры. Цэнзура і “чорныя спісы” дзеячаў культуры» ў матэрыяле паўгадавога маніторынгу) – у літаратуру, музыку, выяўленчае мастацтва, тэатр, кіно, спадчыну і іншыя сферы. З кнігарняў і бібліятэк прыбіраюцца творы мастацкай і навуковай літаратуры, прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі»; знікаюць з продажу творы сучасных класікаў беларускай літаратуры (перадусім выдадзеныя пасля 2020 года); беларускі кніжны рынак у значнай ступені выцясняецца расійскімі аўтарамі і выдавецтвамі. Музыкі са спісу «нядобранадзейных» (так званага «чорнага спісу») не дапускаюцца да канцэртных пляцовак і радыёэфіру, акцёры, рэжысёры, драматургі – да тэатральнай сцэны і кіно, мастакі – да выстаў, літаратары – да публікацый у дзяржаўных СМІ, экскурсаводы – да турыстычных маршрутаў. Папулярызацыя творчасці нелаяльных (або тых, якія сталі непажаданымі) рэжыму артыстаў знаходзіцца пад забаронай. Забараняючы дзеячаў культуры, сістэма зацірае і гісторыю пра іх: дзяржаўныя ўстановы культуры і адукацыі выдаляюць са сваіх сайтаў персанальныя старонкі звольненых паводле палітычных матываў людзей культуры, быццам іх ніколі там не было і яны не аддалі нярэдка дзясяткі гадоў свайго творчага жыцця гэтым інстытуцыям.
Пры гэтым усе «нельга-нельга-нельга», якія забараняюць тое ці іншае культурнае мерапрыемства, дзяржава робіць «паводле закона» («яны ўсё робяць паводле закона – не падкапаешся» (©)) [9] – усё рэгламентавана («і глупствы на месцах»), на ўсё існуюць выразна прапісаныя інструкцыі («вельмі пладавітыя ў нарматыўнай дзейнасці»). У прыватнасці, унесены неабходныя змены ў Кодэкс аб культуры – кожнае мерапрыемства мусіць быць узгоднена і мець адпаведнае пасведчанне (не датычыць дзяржаўных структур); уведзены «Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў» і «Нацыянальны рэестр экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў», у якія ад пачатку закладзены дыскрымінацыйныя механізмы; створаны разнастайныя камісіі і рады, якія кантралююць ідэалагічны складнік культурнага прадукту і яго стваральнікаў. Так, калі раней экскурсаводы маглі сказаць «сустракаемся каля помніка Марату Казею – і пойдзем» (©), то цяпер кожны крок мусіць быць зацверджаны – здадзены экзамен, пройдзена атэстацыя, атрыманы дазвол, напрыклад, гастрольнае пасведчанне («на любы чых. Дзіўна, што на вяселлі яшчэ не патрэбны гастролькі» (©)), дазвол на правядзенне выставы, лекцыі («лекцыі – так, паэтычныя чытанні – не» (©)) і інш. Па вялікім рахунку, як казалі нам рэспандэнты, акрамя дзяржаўных інстытуцый, якія яшчэ неяк «брыкаюцца з гэтай цэнзурай, больш наогул нічога няма, нічога не адбываецца» (©). І калі яшчэ першы час арганізатары спрабавалі рабіць запыты, каб атрымаць дазвол на тое ці іншае мерапрыемства (і ім адмаўлялі), то цяпер ужо ў асноўным перасталі і пытаць: «Ідзеш некуды і ў прынцыпе разумееш, што, можа, прыйдзеш на забароненае нешта, а трапляючы на нейкія прэзентацыі кніг, думаеш – як гэта людзям удаецца так?» (©).
Дзяржава ў выглядзе чыноўнікаў, праўладных прапагандыстаў і нярэдка «ціхароў» займаецца выяўленнем «нелегальных» культурных мерапрыемстваў і паслуг. Так, Упраўленне культуры Мінгарвыканкама абавязала «Мінскканцэрт» сачыць за сацсеткамі культурна-забаўляльных устаноў і паведамляць пра «няправільныя» вечарынкі; Мінінфармацыі «ініцыявала стварэнне пры Саюзе пісьменнікаў камісіі па маніторынгу друкаванай прадукцыі, якая распаўсюджваецца на тэрыторыі Беларусі»; праводзіцца і маніторынг экскурсійных паслуг – вядомы выпадак адміністрацыйнага пераследу індывідуальнага прадпрымальніка за «незаконную» экскурсію па Брэсцкай крэпасці. Прадстаўнікі Мінкульта і «ціхары» з такой жа мэтай наведваюць мерапрыемствы ў кнігарнях, бібліятэках і на іншых пляцоўках краіны. Акрамя таго, як ужо згадвалася ў папярэдніх квартальных матэрыялах, час ад часу пераслед зазнаюць непасрэдна ўдзельнікі творчых сустрэч: у студзені разам з экскурсаводамі была затрымана экскурсійная група, якая ехала на абрад «Калядныя цары»; у чэрвені прадстаўнікі сілавых структур здзейснілі рэйд на тэрыторыю аграсядзібы «Стулы» і затрымалі некалькіх гледачоў, якія прыехалі на паказ батлейкі. Прысутнасць дзяржаўных «назіральнікаў» на культурных мерапрыемствах сёння не рэдкасць. Так, наведвальнікі традыцыйнага каталіцкага фестывалю «Будслаўскі фэст», які праходзіў сёлета з 30 чэрвеня да 1 ліпеня, адзначалі прысутнасць на ім вялікай колькасці міліцыянераў – рэжым кантралюе сваіх грамадзян.
Максімальна абмяжоўваючы незалежную культуру, улада напоўніцу выкарыстоўвае рэсурс дзяржаўнага апарату не толькі з гледзішча карыстання ўсімі заканадаўчымі прэферэнцыямі ў пытанні арганізацыі мерапрыемстваў, але і для прасоўвання свайго прадукту. Так праходзяць навязаныя школьнікам «патрыятычныя паходы» на пастаноўкі ў Купалаўскі тэатр і арганізаваныя прагляды прапагандысцкага фільма «На другом берегу» (пра Заходнюю Беларусь пад уладай Польшчы), квіткі на якія не купляюцца, а размяркоўваюцца праз мясцовыя выканкамы, Міністэрства культуры, кінапракат, праўладныя арганізацыі накшталт «Белай Русі» і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Або збіраецца публіка на любімы ўладамі Славянскі базар – «дзеля пашырэння аўдыторыі гледачоў» распараджэннем Лукашэнкі быў прадугледжаны бязвізавы парадак уезду ў Рэспубліку Беларусь для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю з 73 краін: білет на яго мерапрыемствы служыў пропускам на дзяржаўнай мяжы.
ПЫТАННІ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПАЛІТЫКІ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
У трэцім квартале 2023 года дзяржава працягнула ўмешвацца ў сферу культуры і ўзмацняць кантроль над ёй: зацверджаны новыя патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, узмацніліся патрабаванні да арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў; унесены змены ў законы «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» і «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь»; прынята пастанова, якая дазваляе змяняць гістарычную планіроўку на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці – нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны. Міністэрства культуры займаецца распрацоўкай Праграмы культурнага імпартазамяшчэння.
Экскурсаводы
– 4 ліпеня 2023 года Міністэрства спорту і турызму зацвердзіла пастанову «Аб устанаўленні прафесійных і этычных патрабаванняў да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў». Сярод гэтых патрабаванняў – «праява павагі да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці»; недапушчэнне «суб’ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў» пра краіну, «правакацыйных і іншых негатыўных выказванняў або дзеянняў» з боку турыстаў і экскурсантаў; выключэнне «любых формаў правакацыі ў адзенні і вонкавым абліччы».
Беларуская мова
– 17 ліпеня 2023 года былі ўнесены змены ў Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», паводле якіх:
- адменена права на атрыманне адукацыі на мове нацыянальнай меншасці («Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на роднай мове маюць і асобы іншых нацыянальнасцей, якія жывуць у рэспубліцы» адсутнічае ў новай рэдакцыі артыкула 21 Закона) і пакінута толькі магчымасць ствараць групы для вывучэння мовы нацыянальнай меншасці ў сістэме дашкольнай адукацыі, мовы і літаратуры – у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі («У адпаведнасці з пажаданнямі выхаванцаў, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, узгодненым з Міністэрствам адукацыі, могуць стварацца групы ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх выхаванцы вывучаюць мову нацыянальнай меншасці, класы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучэнцы вывучаюць мову і літаратуру нацыянальнай меншасці» – артыкул 22 Закона ў новай рэдакцыі);
- з кіраўнікоў і супрацоўнікаў сістэмы адукацыі знята патрабаванне валодаць беларускай і рускай мовамі, яно засталося толькі для педагагічных работнікаў (артыкул 21 Закона ў старой рэдакцыі: «Кіраўнікі і іншыя супрацоўнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі», у новай: «Педагагічныя работнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі»).
Выдавецкая справа
– 17 ліпеня 2023 года былі ўнесены змены ў Закон «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь», што:
- пашырыла пералік падстаў для перарэгістрацыі «выдаўцоў і вытворцаў друкаваных выданняў»;
- увяло больш прычын для спынення і прыпынення дзеяння пасведчання аб дзяржрэгістрацыі;
- пашырыла паўнамоцтвы Міністэрства інфармацыі, у тым ліку ў пытанні спынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі для выдаўцоў друкаваных выданняў.
Спадчына
– 22 жніўня 2023 года Міністэрства культуры прыняло пастанову «Аб змяненні пастановы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 19 сакавіка 2020 г. № 23», якая зацвердзіла ўнясенне змяненняў у праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, размешчаных на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ў горадзе Брэсце, што дае дазвол зменшыць на 3 гектары зону аховы і змяніць гістарычную планіроўку дзеля функцыянавання на тэрыторыі комплексу Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі.
Менеджмент мерапрыемстваў
– 19 верасня 2023 года пастановай «Аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў» Савет міністраў зрабіў больш жорсткім допуск да арганізацыі такіх мерапрыемстваў – вызначаны новыя патрабаванні да арганізатараў, уключаных у рэестр Міністэрства культуры (арганізатары не з рэестра не могуць ажыццяўляць сваю дзейнасць). Да ліку такіх патрабаванняў адносяцца:
- «дзейнасць па арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў мусіць быць асноўным відам дзейнасці для арганізатара»;
- арганізатар, заснавальнік, кіраўнік арганізатара і (або) спецыяліст «мусіць мець досвед прадпрымальніцкай дзейнасці або стаж працы не менш за 3 гады, звязаныя з арганізацыяй і правядзеннем культурна-відовішчных мерапрыемстваў».
Пры гэтым самі культурна-відовішчныя мерапрыемствы мусяць адпавядаць такім крытэрыям, як «эстэтычная каштоўнасць выкананых твораў, мастацкая цэласнасць і кампазіцыйная завершанасць мерапрыемства, яго мастацкае афармленне, выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў». Акрамя таго, для ўключэння ў рэестр арганізатар павінен, сярод іншага, падаць у Міністэрства культуры выпіску аб правапарушэннях; копію працоўнай кніжкі, даведкі або копіі дамоў, якія пацвярджаюць адпаведныя досвед і стаж працы; інфармацыю пра праведзеныя за апошнія 3 гады мерапрыемствы.
Праграма культурнага імпартазамяшчэння
– 12 верасня Міністэрства культуры паведаміла пра тэрміны грамадскага абмеркавання праекта Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады, «неабходнасць» якой «абумоўлена пэўным негатыўным уплывам палітычных, маральных, эстэтычных поглядаў і каштоўнасцяў замежнага паходжання і створаных на іх аснове культурных прадуктаў, вынікаў інтэлектуальнай і творчай дзейнасці на светапогляд, маральнасць, сацыяльныя паводзіны грамадзян, якія ўяўляюць патэнцыйную пагрозу для палітычнай, сацыяльнай і дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Асноўную пагрозу, на думку аўтараў дакумента, нясе заходняя культура англійскага і амерыканскага паходжання, «якая сцвярджае каштоўнасці індывідуалізму, неабмежаванай свабоды творчасці, прапаганды ненатуральных адносін паміж паламі і ў сям’і». У дакуменце, сярод іншага, гучаць ідэі «традыцыйных каштоўнасных арыентацый беларускага народа», «традыцыйнага беларуска-рускага двухмоўя», «перагляду музейных экспазіцый, прысвечаных перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай», «стварэння беларускімі аўтарамі твораў выяўленчага мастацтва на дзяржаўную замову», «абароны ўнутранага выдавецкага рынку ад замежнай канкурэнцыі», «фарміравання рэпертуарнай палітыкі калектываў прафесійнай і аматарскай творчасці», пэўнага адбору «зместу вучэбных прадметаў “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, “Руская мова”, “Руская літаратура”, “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства”» і іншыя канцэпты, якія ў значнай ступені адсылаюць да савецкага мінулага і дэманструюць сервільнае стаўленне чыноўнікаў да пытання пра ролю культуры для грамадства ў цэлым.
Спасылкі:
- Адзін з відаў пакаранняў паводле крымінальных артыкулаў – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
- Інфармацыя пра колькасць дзеячаў культуры ў зняволенні не з’яўляецца канчатковай, бо не пра ўсіх з іх адразу робіцца вядома.
- Маніторынг «Lawtrend».
- 19 кастрычніка 2023 года Іван Канявега выйшаў на волю, цалкам адбыўшы пакаранне.
- 23 чэрвеня 2023 года Глеб Койпіш выйшаў на волю, цалкам адбыўшы пакаранне.
- Праз 2,5 месяца цішыні ў кастрычніку прыйшоў першы ліст ад Уладзіміра Гундара.
- Цытата з інтэрв’ю з адным з экспертаў у рамках даследавання схаваных формаў рэпрэсій, праведзенага Беларускім ПЭНам у сакавіку – чэрвені 2023 года.
- Там жа.
- (©) – цытаты з даследавання схаваных рэпрэсій.