Асноўныя вынікі: колькасць парушэнняў і топ парушаных правоў
Палітычныя зняволеныя – дзеячы культуры
Судовыя прысуды дзеячам культуры і топ-5 крымінальных артыкулаў
Умовы ўтрымання ў зняволенні і практыка ўзмацнення жорсткасці рэжыму
Пераслед дзеячаў культуры за антываенную пазіцыю і падтрымку Украіны
Пераслед дзеячаў культуры, якія выехалі за мяжу
Выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства для задушэння іншадумства
Ціск на арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў сферы культуры
Цэнзура і адміністрацыйныя перашкоды ў сферы культуры
Аўтарскае права
Права на ўдзел у культурным жыцці
Дыскрымінацыя ў дачыненні да беларускай мовы
Ціск на польскую і літоўскую нацыянальныя меншасці
Гісторыка-культурная спадчына
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры
Заключэнне
Пра маніторынг
З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН сістэматычна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Гэты дакумент змяшчае статыстыку і аналіз парушэнняў у сферы культуры ў 2022 годзе. Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры.
NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, згодна з дзейнымі ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўнымі прадпісаннямі, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні. Больш пра маніторынг.
Беларусь знаходзіцца ў стане палітычнага крызісу: фальсіфікацыя 9 жніўня 2020 года вынікаў выбараў прэзідэнта прывяла да самай масавай за ўсю гісторыю незалежнай краіны хвалі пратэстаў і далейшага пераследу іх удзельнікаў. Узровень рэпрэсій супраць дзеячаў культуры беспрэцэдэнтна высокі. Сярод палітычных зняволеных цяпер не менш чым 108 дзеячаў культуры, і іх колькасць пастаянна расце, як і колькасць несправядлівых судовых прысудаў. Дзясяткі і сотні дзеячаў культуры прайшлі праз затрыманні і арышты, допыты і суды, ператрусы і штрафы, калоніі і турмы, многім давялося пакінуць Беларусь.
У дзяржаўных установах працягнуліся палітычна матываваныя звальненні, прымусова ліквідаваны дзясяткі грамадскіх арганізацый культурнай накіраванасці, зачыняліся клубы і арт-прасторы, незалежныя выдавецтвы пазбаўляліся ліцэнзій. Задушэнне іншадумства і свабоды слова, цэнзура і стварэнне адміністрацыйных перашкод для ажыццяўлення дзейнасці, дыскрымінацыя беларускай – мовы тытульнай нацыі, скажэнне гісторыі і пераслед нацыянальных меншасцяў – умовы існавання культуры ў Беларусі 2022 года. Самацэнзура і ананімнасць унутры краіны, перанос прадуктаў беларускай культуры за мяжу – спробы яе захавання і выжывання.
Усяго за 2022 год мы зафіксавалі 1390 сітуацый парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Сярод іх:
- 1004 парушэнні ў дачыненні да 518 дзеячаў культуры і асоб, чые культурныя правы былі парушаны;
- 217 парушэнняў у дачыненні да 185 культурных арганізацый і супольнасцяў;
- 113 парушэнняў у дачыненні да аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны або беларускай мовы;
- у агульны ўлік звестак таксама ўключаны 56 матэрыялаў, якія змяшчаюць кантэнт на культурную тэматыку (сайты, YouTube-каналы, артыкулы, кліпы, кнігі) або тычацца дзеячаў культуры (старонкі ў сацыяльных сетках), уключаных Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь у спіс экстрэмісцкіх.
NB: у гэтай справаздачы мы не паказваем дынаміку парушэнняў за 2020–2022 гады ў сувязі з не стапрацэнтнай супастаўнасцю звестак у выніку змяненняў, якія зазнае метадалогія даследавання: з 2022 года пашырылася мэтавая група дзеячаў культуры (за кошт уключэння настаўнікаў і выкладчыкаў замежных моў), дадалася тэма «культура памяці». У той жа час у агульнай статыстыцы парушэнняў мы перасталі ўлічваць вымушаны выезд дзеячаў культуры з краіны – з прычыны масавасці з’явы аднеслі яе да актуальных тэндэнцый.
ПРАВА НА СПРАВЯДЛІВЫ СУД / ДОСТУП ДА ПРАВАСУДДЗЯ займае першы радок рэйтынга – 382 выпадкі. У 2022 годзе адзін або некалькі разоў яно было парушана ў дачыненні да 201 дзеяча культуры і 72 арганізацый культурнага сектара краіны.
Трэці год запар Беларусь – краіна судоў. Судовыя працэсы на падставе крымінальных і адміністрацыйных спраў у дачыненні да тых, каго пераследуюць паводле палітычных матываў, ішлі ў рэжыме канвеера. Паводле вынікаў 2022 года нам вядома пра 94 крымінальныя суды ў дачыненні да 91 дзеяча культуры, асуджанага ў выніку адбываць пакаранне ў калоніі, папраўчай установе адкрытага тыпу («хіміі» [1]) або «хатняй хіміі» [2]. Часцяком пакаранне суправаджалася патрабаваннямі выплат і кампенсацый на карысць дзяржаўных органаў або «пацярпелых» супрацоўнікаў сілавых структур, канфіскацыяй маёмасці (у асноўным мабільных тэлефонаў і ноўтбукаў). Таксама вядома пра 150 адміністрацыйных працэсаў у дачыненні да 106 дзеячаў культуры, у выніку якіх іх асудзілі сумарна не менш чым на 1670 сутак арышту (больш за 4,5 года) і 24 010 рублёў штрафаў (каля 9000 долараў ЗША).
Беларускія судовыя працэсы не адпавядаюць стандартам адпраўлення правасуддзя: працягласцю ў некалькі хвілін, праз відэасувязь, з міліцыянерам пад псеўданімам, з суддзямі, якія адхіляюць большасць хадайніцтваў абароны. На працягу 2022 года дзеячаў культуры судзілі ў адміністрацыйным парадку пераважна за ўдзел у антываенных акцыях пратэсту, выкарыстанне беларускай (бел-чырвона-белай) або ўкраінскай сімволік – «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, пікетаванне» (арт. 24.23 ПВКаАП) і перапост матэрыялаў незалежных СМІ краіны – «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11). Калі не было магчымасці асудзіць затрыманага дзеяча культуры паводле аднаго з гэтых артыкулаў, тады яго судзілі за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі» (арт. 24.3) або «дробнае хуліганства» (арт. 19.1). Вось вытрымка з аднаго з такіх пратаколаў, якія зрабіліся падставай для арышту музыкі на 14 сутак: «падчас правядзення гутаркі, знаходзячыся ў службовым кабінеце, беспадстаўна пачаў паводзіць сябе агрэсіўна, задзірліва, гучна крычаў, выкарыстоўваў нецэнзурную лаянку, наўмысна нанёс не менш чым адзін удар па крэсле, на заўвагі супакоіцца не рэагаваў». У многіх выпадках суды паводле адміністрацыйных спраў праходзілі без папярэдняга абвяшчэння наконт даты, часу і месца слухання.
Адна з ужо звыклых практык крымінальнага працэсу – правядзенне судоў у закрытым рэжыме («у інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных таямніц і іншых падахоўных законам таямніц»), што не дазваляе сваякам, СМІ і зацікаўленай грамадскасці прысутнічаць у зале судовага пасяджэння і, як вынік, мець уяўленне пра сутнасць выстаўленых абвінавачанняў, пазіцыю бакоў і справядлівасць прысуду, а падсудных пазбаўляе маральнай падтрымкі.
Яшчэ адна з практык, якія закранаюць права на справядлівы суд і доступ да правасуддзя, – суды дзеля ўзмацнення жорсткасці рэжыму адбыцця пакарання, якія пачасціліся ў 2022 годзе. Вядома пра 7 такіх працэсаў у дачыненні да дзеячаў культуры на працягу года.
Апеляцыйныя скаргі не прыводзяць да перагляду рашэнняў судоў. Нам вядомы толькі адзін выпадак, які зрабіўся выключэннем: у кастрычніку 2022 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд бібліятэкарцы Юліі Лаптановіч і ў выніку скараціў ёй тэрмін пазбаўлення волі з 5 да 4 гадоў і 9 месяцаў і паменшыў амаль на 1000 рублёў суму штрафу (пры першапачатковых 7650).
Паводле рашэння судоў на працягу 2022 года ў Беларусі былі прымусова ліквідаваны дзясяткі некамерцыйных арганізацыі культурнай накіраванасці. Ніводная з апеляцый [нам вядома пра 4 абскарджанні рашэнняў судоў] не была задаволена.
АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ
У 2022 годзе мы зафіксавалі 213 такіх затрыманняў у дачыненні да 201 дзеяча культуры. 103 затрыманні пацягнулі за сабой прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці, 66 – адразу да крымінальнай. У выніку 15 затрыманняў дзеячы культуры былі адпушчаны або ў той жа дзень, або праз 3-5 сутак, і мы не ведаем, ці прыцягваліся яны да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама мы не валодаем інфармацыяй пра тое, чым скончыліся яшчэ 29 затрыманняў.
ПЕРАСЛЕД ЗА ІНШАДУМСТВА
У 2021 годзе ён займаў першы радок рэйтынгу парушэнняў, у гэтым – трэці: 197 выпадкаў у дачыненні да 178 дзеячаў культуры. Аднак прычына не ў змяншэнні аб’ёму пераследу, а ў перайначанай класіфікацыі парушэнняў: у 2022 годзе мы ўвялі паняцце адміністрацыйнага пераследу, якое ўвабрала ў сябе ўсе выпадкі пераследу за іншадумства, што скончыліся для дзеячаў культуры складаннем адміністрацыйных пратаколаў, а тут пакінулі палітычна матываванае звальненне і паніжэнне ў пасадзе, скарачэнне выкладчыцкіх гадзін, адлічэнне з навучальнай установы, «прафілактычныя гутаркі» з дзеячамі культуры і выклік іх на допыт, пераслед тых, хто выехаў за мяжу, – абвяшчэнне ў міжнародны вышук, разгром кватэры, ператрус і канфіскацыю маёмасці без далейшага затрымання прадстаўнікоў сферы, а таксама тыя затрыманні, вынік якіх нам невядомы.
У маніторынгу 2022 года змяшчаецца інфармацыя пра:
- 81 звальненне / непрадаўжэнне кантракта,
- 56 ператрусаў у дзеячаў культуры,
- 32 сітуацыі канфіскацыі маёмасці,
- 3 дэпартацыі.
У цэлым жа ў цяперашняй палітычнай сітуацыі ў краіне ўвесь маніторынг парушэнняў у дачыненні да дзеячаў культуры (за выключэннем пытанняў аўтарскага права) можна разглядаць як пераслед за іншадумства, бо і затрыманне, і адміністрацыйны/крымінальны пераслед дзеячаў культуры, і адмова ў якаснай прававой дапамозе, і дэпартацыя, і «асаблівыя» ўмовы ўтрымання ў зняволенні, і цэнзура, і «чорныя спісы» аўтараў і г. д. – усё гэта формы пераследу за іншадумства.
ПРАВА НА ПРАВАВУЮ ДАПАМОГУ (АБАРОНУ)
Паводле частаты парушэнняў займае 4-ы радок рэйтынга – 168 выпадкаў у дачыненні да 119 дзеячаў культуры. Як і ў сітуацыі 2020–2021 гадоў, адбываецца сістэматычнае парушэнне права на прававую дапамогу як у крымінальным, там і ў адміністрацыйным працэсе. Асноўны «аб’ём» зафіксаваных парушэнняў – практыка адміністрацыйных працэсаў, пры якіх роля адваката застаецца фармальнай.
Таксама гэта выпадкі адмовы адвакатам у сустрэчах з падабароннымі, практычна зведзены да некалькіх хвілін час зносін з імі ў месцах адбыцця пакарання. Працягваецца практыка пазбаўлення ліцэнзій адвакатаў, якія абараняюць палітычных зняволеных. У выніку працэдуры атэстацыі за нібыта «сістэматычныя парушэнні закона» або «ў сувязі з немагчымасцю выканання адвакатам сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі» на працягу 2022 года не былі атэставаны наступныя адвакаты, якія абаранялі палітзняволеных – дзеячаў культуры: Юлія Юргілевіч (Алесь Пушкін), Марыя Колесава-Гудзіліна (Эдуард Пальчыс), Віталь Брагінец (Уладзімір Мацкевіч, Алесь Бяляцкі), Уладзімір Пыльчанка (Марыя Калеснікава, Эдуард Бабарыка, Кацярына Андрэева (Бахвалава)), Віктар Мацкевіч (Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Ігар Аліневіч, Алесь Бяляцкі).
Адно з наступстваў ціску на адвакатаў (пазбаўленне ліцэнзій, а таксама выпадкі адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу саміх адвакатаў) – рост колькасці адмоў апошніх ад абароны палітычных зняволеных.
СТВАРЭННЕ АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПЕРАШКОД ДЛЯ АЖЫЦЦЯЎЛЕННЯ ДЗЕЙНАСЦІ / ЛІКВІДАЦЫЯ АРГАНІЗАЦЫЙ
Усяго ў маніторынгу змяшчаецца інфармацыя пра 150 сітуацый стварэння такога віду перашкод у дачыненні да 133 арганізацый і супольнасцяў культурнага сектара краіны, сярод якіх 75 – гэта выпадкі прымусовай ліквідацыі, яшчэ 75 – пазапланавая праверка з боку Міністэрства юстыцыі, адмова ў выдачы гастрольнага пасведчання, адмена мерапрыемства, загад аб прыпыненні дзейнасці, адмова ў рэгістрацыі, прадпісанне аб закрыцці і да т. п. выпадкі.
ПАЛІТЫЧНЫЯ ЗНЯВОЛЕНЫЯ – ДЗЕЯЧЫ КУЛЬТУРЫ
Усяго, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі 1446 палітычных зняволеных [3] станам на 31 снежня 2022 года. Сярод іх 108 дзеячаў культуры: 41 адбывае крымінальнае пакаранне ў калоніі, 7 – на «хіміі», 14 прадстаўнікоў сферы знаходзяцца ў турмах, 45 – у следчых ізалятарах МУС і КДБ у чаканні суда або этапавання ў месцы адбыцця пакарання, яшчэ 1 – пад хатнім арыштам.
Знаходзяцца ў калоніях: архітэктар Арцём Такарчук (асуджаны на 3,5 года); бард і праграміст Анатоль Хіневіч (2,5 года); дырэктар канцэртнага агенцтва Іван Канявега (3 гады); аўтар дакументальных фільмаў і блогер Павел Спірын (4,5 года); UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў (7 гадоў узмоцненага рэжыму); барабаншчык Аляксей Санчук (6 гадоў узмоцненага рэжыму); менеджарка культуры Міа Міткевіч (3 гады); пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч Павел Севярынец (7 гадоў узмоцненага рэжыму); танцоры Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў (па 5 гадоў узмоцненага рэжыму); мецэнат і палітычны дзеяч Віктар Бабарыка (14 гадоў узмоцненага рэжыму); акцёр Сяргей Волкаў (4 гады ўзмоцненага рэжыму); музыка Павел Ларчык (3 гады); дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч (8 гадоў узмоцненага рэжыму); музыка, дыджэй Артур Аміраў (3,5 года ўзмоцненага рэжыму); настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Андрэй Пятроўскі [4] (1,5 года); паэт, бард і адвакат Максім Знак (10 гадоў узмоцненага рэжыму); музыка і менеджарка культурных праектаў Марыя Калеснікава (11 гадоў); музыкі Уладзімір Калач і Надзея Калач (па 2 гады); літаратар, музыка і аўтар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Скурко (2,5 года); аўтар музычнага праекта і дырэктар тыпаграфіі Арцём Федасенка (4 гады); рэканструктар гісторыі і актывіст Кім Самусенка (6,5 года); аўтар тэкстаў для часопісаў «Наша гісторыя» і «Arche» Андрэй Акушка (2,5 года); музыка і актывіст Сяргей Спарыш (6 гадоў узмоцненага рэжыму); нон-фікшн інтэрнэт-аўтар і блогер Павел Вінаградаў (5 гадоў); паэт, перакладчык і журналіст Андрэй Кузнечык (6 гадоў узмоцненага рэжыму); архітэктар Іван Паршын (2 гады); літаратарка і актывістка Алена Гнаўк (3,5 года); ювелір і рэканструктар гісторыі Міхаіл Лабань (4 гады); літаратарка і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) (8 гадоў і 3 месяцы ўзмоцненага рэжыму); аўтар і рэдактар інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» Павел Пернікаў (2 гады); былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Эма Сцепулёнак (2 гады); філосаф, метадолаг і публіцыст Уладзімір Мацкевіч (5 гадоў узмоцненага рэжыму); бібліятэкарка Юлія Лаптановіч (4 гады і 9 месяцаў); публіцыст, аўтар турэмнай літаратуры і актывіст Зміцер Дашкевіч (1,5 года); краязнаўца і падарожнік Ігар Галушка (2,5 года); літаратар, перакладчык, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута (10 гадоў узмоцненага рэжыму); адміністратар культурна-гістарычнага Telegram-канала «Rezystans» Мікіта Слепянок (3 гады ўзмоцненага рэжыму); мастачка Ганна Кісялёва (1,5 года); адлічаная з МДУ імя Куляшова студэнтка факультэта замежных моў (спецыяльнасць «рамана-германская філалогія») Данута Перадня (6,5 года).
Адбываюць крымінальнае пакаранне ў выглядзе «хіміі»: паэт і рэжысёр Ігнат Сідорчык (асуджаны на 3 гады); дызайнер Максім Таццянок (3 гады); акцёр кіно Дзяніс Іваноў (2 гады); навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Аляксандр Галкоўскі (1,5 года); дырэктар студыі вэб-дызайну Глеб Койпіш (2 гады); віяланчэліст Ілля Ганчарык (4 гады); менеджарка культурных праектаў, сацыёлаг Таццяна Вадалажская (2,5 года).
Утрымліваюцца ў турмах: мастак Аляксандр Нурдзінаў (асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму); мастак і мультыплікатар Іван Вярбіцкі (8 гадоў і 1 месяц узмоцненага рэжыму); аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок (5 гадоў); прамоўтар гісторыі, блогер Эдуард Пальчыс (13 гадоў узмоцненага рэжыму); аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч (20 гадоў узмоцненага рэжыму); менеджар культуры, відэаблогер, палітык Сяргей Ціханоўскі (18 гадоў узмоцненага рэжыму); мастак Алесь Пушкін (5 гадоў узмоцненага рэжыму); краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар (18 гадоў узмоцненага рэжыму); пісьменнік-фантаст і журналіст Сяргей Сацук (8 гадоў); стрыт-арт-мастак і IT-спецыяліст Дзмітрый Падрэз (7 гадоў узмоцненага рэжыму); архітэктар Аляксей Парэцкі (3 гады); дыджэй і вядоўца мерапрыемстваў Кірыл Жалудок (1 год); менеджары культуры Павел Мажэйка (з 30.08.2022) і Сяргей Макарэвіч (з 04.11.2022).
Дзеячы культуры, якія знаходзяцца ў следчых ізалятарах МУС і КДБ: менеджар культуры Эдуард Бабарыка (з 18.06.2020); паэт і сябра Саюза палякаў Беларусі Андрэй Пачобут [5] (з 25.03.2021); аўтарка і рэдактарка, палітолаг і аналітык Валерыя Касцюгова (з 30.06.2021); літаратуразнаўца, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, эсэіст і праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі (з 14.07.2021); відэааператар і кавер-выканаўца Глеб Гладкоўскі [6] (з 30.09.2021); фатограф і журналіст Генадзь Мажэйка (з 01.10.2021); заснавальнік Symbal.by, менеджар культурных праектаў Павел Белавус (з 15.11.2021); архівіст, культуролаг, гісторык Вацлаў Арэшка [7] (з 19.04.2022); былы дырэктар івэнт-агенцтва «KRONA» Сяргей Гунь (з 03.06.2022); мастак Генадзь Драздоў (няма звестак); спявачка Мэрыем Герасіменка [8] (з 04.08.2022); уласнік бара «Банкі-Бутэлькі» Андрэй Жук (з 04.08.2022); акцёр, кастынг-дырэктар Віктар Бойка [9] (з 28.08.2022); краязнаўца і журналіст Яўген Меркіс (з 13.09.2022); філолаг, італьяністка Наталля Дуліна (з 03.10.2022); краязнаўца і журналіст Аляксандр Лычаўка [10] (з 06.10.2022); музыкі Уладзімір і Дзмітрый Каракіны (з 13.10.2022); экскурсаводка і даследчыца Валерыя Чарнаморцава [11] (з 18.10.2022); музыка Аляксей Кузьмін (з 26.10.2022); рэжысёрка-дакументалістка Ларыса Шчыракова (з 06.12.2022). А таксама аўтар турэмнай літаратуры, анархіст Аляксандр Францкевіч (асуджаны на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); мастак і дызайнер інтэр’ераў Канстанцін Прусаў (3,5 года калоніі); гукааператар Вадзім Дзенісенка (2,5 года); бас-гітарыст Віктар Катоўскі (3 гады); дыджэй Ігар Фалейчык (2 гады); бібліятэкарка Юлія Чамлай (2 гады); музыка Уладзіслаў Плюшчаў (3 гады); фатограф Аляксандр Кудловіч (2 гады); дыджытал-мастак Віктар Кулінка (3 гады ўзмоцненага рэжыму); дызайнерка Марына Маркевіч (2,5 года); рэжысёрка дакументальных фільмаў, журналістка Ксенія Луцкіна [12] (8 гадоў); паэт, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў [13] (14 гадоў); музыка Сяргей Далівеля (2 гады); музыка Крысціна Чаранкова (2,5 года); настаўнік-мастак Андрэй Раптуновіч (4 гады); паэт, прадзюсар і блогер Уладзіслаў Савін (10 гадоў узмоцненага рэжыму); дызайнер і фатограф Дзяніс Шарамецьеў (2 гады); былы выкладчык гісторыі, бібліятэкар і журналіст Эдгар Шырко (3 гады); мастак па святле Вадзім Васільеў (12 гадоў узмоцненага рэжыму); музыка Сяргей Нікіцюк (3 гады); былая настаўніца англійскай мовы Ірына Абдукерына (4 гады); літаратар Аляксандр Новікаў (2 гады); удзельнік фестываляў народнай творчасці Аляксей Вячэрні (1 год і 9 месяцаў); фатограф Валерый Кліменчанка (1,5 года).
Старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс 25 сакавіка 2022 года, пасля года зняволення ў СІЗА, была пераведзена пад хатні арышт і па-ранейшаму застаецца палітзняволенай.
Разам са 108 палітзняволенымі яшчэ мінімум 17 дзеячаў культуры знаходзяцца ў зняволенні паводле крымінальных спраў [з тых, пра каго нам вядома]: дыджэй Віталь Калеснікаў (у калоніі); рэканструктар гісторыі Вадзім Шылько (у турме); графічныя дызайнеры Уладзімір Яршоў (у калоніі) і Сяргей Стоцкі (няма звестак); музыка і IT-спецыяліст Вадзім Гулевіч (у СІЗА); літаратар і бард Аляксей Ільінчык (у СІЗА); мастак-ілюстратар Вадзім Багрый (няма звестак); музыка Яўген Глушкоў (у СІЗА); дзіцячы пісьменнік і выкладчык Дзмітрый Юртаеў (у СІЗА); менеджар культуры і дырэктар ініцыятывы «Маёнтак Падароск» Юрый Меляшкевіч і фінансавы дырэктар ініцыятывы Дзмітрый Карабач (у СІЗА); аспірант гістарычнага факультэта БДУ Юрый Уласюк [14] (у СІЗА); настаўнік гісторыі Сяргей Козел [15] (у СІЗА); культуролаг і экспертка па этыкеце Аксана Зарэцкая [16] (у СІЗА). Або адбываюць пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі»: стваральніца Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіна Лавор; былы дырэктар музея «Пружанскі палацык» Юрый Зялевіч; аўтар, рэдактар інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» і IT-спецыяліст Марк Бернштэйн.
У нас няма дастатковай інфармацыі пра тое, дзе на цяперашні момант знаходзяцца асуджаныя на «хатнюю хімію» дызайнерка Таццяна Мініна; гумарыст, удзельнік КВК Васіль Краўчук; бібліятэкарка і экскурсаводка Ірына Коваль; гумарыст, арт-дырэктар і вядоўца Аляксандр Талмачоў; керамістка Анастасія Малашук; рамесніца і адміністратарка прасторы «Альфа-Бізнес Хаб» Алеся Курэйчык; настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Тарноўская; керамістка Наталля Карнеева; краязнаўца і экскурсавод Ігар Хмара; архітэктар і музыка Аляксандр Кухарэнка. А таксама пра тое, якія прысуды суды вынеслі дызайнерцы Аліне Каўтуноўскай, архітэктарам Таццяне Калеснік і Ігару Калесніку, у зняволенні яны ці на волі.
Праз непаўнату даступнай інфармацыі мы таксама не ведаем пра наступствы рэпрэсій у дачыненні да цэлага шэрагу дзеячаў культуры. На працягу 2022 года мы фіксавалі наступныя затрыманні, наступствы якіх нам на сёння невядомыя: музыкі Канстанцін Зімніцкі (затрымліваўся ў лютым) і Андрэй Задзяркоўскі (травень); выкладчык гісторыі Андрэй Дараховіч (травень); рэканструктар гісторыі і ўладальнік караоке-бара «Шум» Аляксей Гурскі (чэрвень); супрацоўнік Магілёўскага абласнога музея імя Масленікава Дзмітрый Жураўскі, менеджар культурных праектаў і актывіст Дзмітрый Бандарчук, дырэктарка і заснавальніца турыстычнай кампаніі «Віяполь» Галіна Патаева (жнівень); музыка Алег Самсонаў (верасень); літаратар і інжынер Вадзім Крук (кастрычнік); фатограф Руслан Мазанік (кастрычнік); музыкі Андрэй Гаварушка і Аляксей Варанцоў (кастрычнік); фатограф Андрэй Салаў (кастрычнік); спявачка Антаніна Валькова (лістапад); гісторык і выкладчык Вітольд Ермалёнак (лістапад); арганізатар фестываляў Сяргей Садоўскі (снежань); выкладчык гісторыі Віталь Магучаў (снежань); фатографы Варвара і Павел Мядзведзевы (снежань).
Таксама неабходна адзначыць пераслед у 2022 годзе выкладчыка філасофіі Мінскай духоўнай акадэміі, святара Уладзіслава Багамольнікава, які правёў пад арыштам бесперапынна 7 тэрмінаў (больш за 100 сутак), быў пераведзены ў СІЗА ў рамках крымінальнай справы, але пасля адпушчаны.
СУДОВЫЯ ПРЫСУДЫ ДЗЕЯЧАМ КУЛЬТУРЫ
Усяго з лістапада 2020-га да канца 2022 года ў рамках крымінальнага пераследу былі асуджаны не менш чым 164 дзеячы культуры, 8 з іх – некалькі разоў: літаратарка і актывістка Алена Гнаўк – тройчы; аўтар тэкстаў для часопісаў «Наша гісторыя» і «Arche» Андрэй Акушка; музыкі Уладзіслаў Плюшчаў і Аляксандр Казакевіч; краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар; літаратарка і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава); паэт, прадзюсар і блогер Уладзіслаў Савін і бібліятэкарка Юлія Лаптановіч – двойчы.
У 2022 годзе быў асуджаны як мінімум 91 дзеяч культуры. Трое з іх – двойчы на працягу года: музыкі Уладзіслаў Плюшчаў і Аляксандр Казакевіч, паэт, прадзюсар і блогер Уладзіслаў Савін.
У рамках абвінавачанняў дзеячам культуры інкрымінавалі ад адной (59 дзеячам культуры) да чатырнаццаці (Аляксандру Францкевічу) артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Часцей за іншыя ў выстаўленых абвінавачаннях фігураваў артыкул 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») – прыцягненне да крымінальнай адказнасці за ўдзел у мірных сходах і пратэстах 2020 года: 32 дзеячы культуры былі асуджаны выключна на падставе гэтага артыкула, яшчэ 9 мелі ў «складзе злачынства» гэтае і іншыя абвінавачанні. На другім і трэцім месцах – крымінальны пераслед паводле артыкулаў 130 («Распальванне варожасці або разладу») і 368 («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), якія выкарыстоўваюцца судовай сістэмай краіны як пакаранне за крытыку рашэнняў і дзеянняў прадстаўнікоў дзяржаўнага і сілавога апаратаў краіны: прысутнічалі ў абвінавачаннях у 19 і 18 прадстаўнікоў сферы адпаведна, часцей як адзін з 2-3 выстаўленых у абвінавачанні артыкулаў.
Дзеячы культуры былі асуджаны на тэрміны ад 1 года да 18 гадоў пазбаўлення волі. Большасці прызначылі пакаранне ў выглядзе калоніі: так, 12 чалавек былі або будуць адпраўлены ў калоніі строгага рэжыму, 46 – агульнага. 13 дзеячаў культуры асуджаны на «хімію», 17 – на «хатнюю хімію». Наконт 3 прадстаўнікоў сферы мы не валодаем інфармацыяй адносна рашэння судоў.
На працягу 2022 года былі асуджаны:
Студзень: гукарэжысёр Кірыл Салееў [17] (3 гады «хіміі»); аўтар музычнага праекта і дырэктар друкарні Арцём Федасенка (4 гады калоніі); рэканструктар гісторыі і актывіст Кім Самусенка (6,5 года калоніі).
Люты: менеджар культурных праектаў, бізнесмен Аляксандр Васілевіч [18] (3 гады калоніі); манціроўшчык сцэны Андрэй Шчыгель (2,5 года «хіміі»); віяланчэліст Ілля Ганчарык (4 гады «хіміі»); гумарыст, удзельнік КВК Васіль Краўчук (2 гады «хатняй хіміі»); мастак і дызайнер інтэр’ераў Канстанцін Прусаў (3,5 года калоніі).
Сакавік: настаўнік гісторыі Артур Эшбаеў [19] (3 гады «хіміі»); аўтар нон-фікшн кнігі, журналіст Алег Груздзіловіч [20] (1,5 года калоніі); аўтар тэкстаў для часопісаў «Наша гісторыя» і «Arche» Андрэй Акушка (2,5 года калоніі); літаратар, музыка і аўтар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Скурко (2,5 года калоніі); стрыт-арт-мастак і IT-спецыяліст Дзмітрый Падрэз (7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); нон-фікшн інтэрнэт-аўтар і блогер Павел Вінаградаў (5 гадоў калоніі); гукааператар Вадзім Дзенісенка (2,5 года калоніі); акцёр аматарскага тэатра Канстанцін Шульга [21] (3 гады «хіміі»); рэжысёр Дзмітрый Панцялейка [22] (1 год калоніі); мастак Алесь Пушкін (5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); паэт, блогер і прадзюсар Уладзіслаў Савін (8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму).
Красавік: аўтар і рэдактар інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» Павел Пернікаў (2 гады калоніі); бас-гітарыст Віктар Катоўскі (3 гады калоніі); былы дырэктар музея «Пружанскі палацык» Юрый Зялевіч (1,5 года «хатняй хіміі»); музыка Васіль Ярмоленка [23] (3 гады «хіміі»).
Травень: графічная дызайнерка Галіна Семечка [24] (3 гады «хатняй хіміі»); артыстка тэатра Вера Цвікевіч [25] (1 год калоніі); былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Анастасія Кухарава [26] (3 гады «хатняй хіміі»); ювелір і рэканструктар гісторыі Міхаіл Лабань (4 гады калоніі); архітэктар Іван Паршын (2 гады калоніі).
Чэрвень: студэнтка музычнага каледжа Таццяна Барысовіч [27] (3 гады «хіміі»); менеджарка культурных праектаў, сацыёлаг Таццяна Вадалажская (2,5 года «хіміі»); паэт, перакладчык і журналіст Андрэй Кузнечык (6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); былая настаўніца французскай мовы Ірына Яўмененка [28] (3 гады «хіміі»); галоўная рэдактарка беларускай газеты «Новы Час» Аксана Колб [29] (2,5 года «хіміі»); літаратарка і актывістка Алена Гнаўк (3,5 года калоніі); бібліятэкарка і экскурсаводка Ірына Коваль (3 гады «хатняй хіміі»); гумарыст, арт-дырэктар і вядоўца Аляксандр Талмачоў (3 гады «хатняй хіміі»); філосаф, метадолаг і публіцыст Уладзімір Мацкевіч (5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); аўтар, рэдактар інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» і IT-спецыяліст Марк Бернштэйн (3 гады «хатняй хіміі»); літаратар Аляксандр Новікаў (2 гады калоніі); музыка, выкладчыца скрыпкі Аксана Каспяровіч [30] (1 год і 2 месяцы калоніі); дызайнерка Аліна Каўтуноўская (прысуд невядомы).
Ліпень: былая студэнтка факультэта замежных моў (спецыяльнасць «рамана-германская філалогія») МДУ імя Куляшова Данута Перадня [31] (6,5 года калоніі); дыджэй Ігар Фалейчык (2 гады калоніі); удзельнік фестываляў народнай творчасці Аляксей Вячэрні (1 год і 9 месяцаў калоніі); літаратарка і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) (8 гадоў і 3 месяцы калоніі); публіцыст, аўтар турэмнай літаратуры і актывіст Зміцер Дашкевіч (1,5 года калоніі); краязнаўца і падарожнік Ігар Галушка (2,5 года калоніі); керамістка Анастасія Малашук (3 гады «хатняй хіміі»); бібліятэкарка Юлія Чамлай (2 гады калоніі); бібліятэкарка Юлія Лаптановіч (5 гадоў калоніі); музыка Аляксандр Казакевіч (1,5 года «хатняй хіміі»); архітэктар Аляксей Парэцкі (3 гады калоніі); рамесніца і адміністратарка прасторы «Альфа-Бізнес Хаб» Алеся Курэйчык (3 гады «хатняй хіміі»).
Жнівень: фатограф Валерый Кліменчанка (1,5 года калоніі); музыка Уладзіслаў Плюшчаў (2 гады калоніі); фатограф Аляксандр Кудловіч (2 гады калоніі); крэатыўны дырэктар архітэктурнага бюро Канстанцін Высочын [32] (3 гады «хіміі»); камерцыйны дырэктар сеткі кінатэатраў «Silver Screen» Аляксандр Дземідовіч [33] (2,5 года «хіміі»).
Верасень: дыджытал-мастак Віктар Кулінка (3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму); літаратар, перакладчык, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута (10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); адміністратар культурна-гістарычнага Telegram-канала «Rezystans» Мікіта Слепянок (3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму); аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархісцкага руху Аляксандр Францкевіч (17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); мастачка Ганна Кісялёва (1,5 года калоніі); дызайнерка Марына Маркевіч (2,5 года калоніі); музыка Аляксандр Казакевіч (2 гады «хатняй хіміі»); рэжысёрка дакументальных фільмаў, журналістка Ксенія Луцкіна (8 гадоў калоніі).
Кастрычнік: паэт, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў (14 гадоў калоніі); музыка Сяргей Далівеля (2 гады калоніі); краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар (18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); дызайнер і фатограф Дзяніс Шарамецьеў (2 гады калоніі); настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Тарноўская [34] («хатняя хімія»); арганізатар канцэртаў і актывіст Ілля Міронаў [35] (1,5 года калоніі); пісьменнік-фантаст, журналіст Сяргей Сацук (8 гадоў калоніі); паэт, прадзюсар і блогер Уладзіслаў Савін (паўторны суд, сумарна – 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); настаўнік гісторыі, бібліятэкар Эдгар Шырко (3 гады калоніі).
Лістапад: керамістка Наталля Карнеева (3 гады «хатняй хіміі»); музыка і грамадскі дзеяч Барыс Кучынскі (3 гады «хатняй хіміі»); краязнаўца, экскурсавод і журналіст Ігар Хмара (2,5 года «хатняй хіміі»); мастак па святле Вадзім Васільеў (12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); настаўнік-мастак Андрэй Раптуновіч (4 гады калоніі); музыка Крысціна Чаранкова (2,5 года калоніі); архітэктар і музыка Аляксандр Кухарэнка (2 гады «хіміі»); былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Эма Сцепулёнак (2 гады калоніі); музыка Сяргей Нікіцюк (3 гады калоніі); рэканструктар на «Лініі Сталіна» Вадзім Шылько (3 гады калоніі); музыка Уладзіслаў Плюшчаў (паўторны суд, сумарна – 3 гады калоніі); былая настаўніца англійскай мовы Ірына Абдукерына (4 гады калоніі); настаўніца англійскай мовы Дар’я Цыркун (3 гады «хатняй хіміі»); архітэктары Таццяна Калеснік і Ігар Калеснік (прысуды невядомыя).
Снежань: музыка і IT-спецыяліст Вадзім Гулевіч (18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); дыджэй і вядоўца мерапрыемстваў Кірыл Жалудок (1 год калоніі); экскурсаводка Аксана Манкевіч (3 гады «хатняй хіміі»); гісторык Яўген Гурынаў (2,5 года «хатняй хіміі»).
УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ Ў ЗНЯВОЛЕННІ І ПРАКТЫКА ЎЗМАЦНЕННЯ ЖОРСТКАСЦІ РЭЖЫМУ
У 2022 годзе мы зафіксавалі 117 выпадкаў парушэння ўмоў утрымання дзеячаў культуры ў закрытых установах МУС і КДБ. І гэта толькі малая частка таго, што рэальна адбываецца за сценамі турмаў у дачыненні да зняволеных паводле палітычных матываў.
Умовы ўтрымання асуджаных паводле адміністрацыйных артыкулаў: татальная антысанітарыя, шматразовая перапоўненасць камер, холад, скразнякі, адсутнасць матрацаў і пасцельнай бялізны, кругласутачна ўключанае святло, неядомая ежа, «падкідванне» ў камеру бяздомных для заражэння вошамі, начныя праверкі, адмова або няякаснае аказанне медыцынскай дапамогі, жорсткае і грубае стаўленне з боку супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы і іншыя факты ціску на палітычных зняволеных. Мы працягваем атрымліваць паведамленні ад затрыманых і асуджаных паводле крымінальных артыкулаў пра абмежаванні ў шпацырах, чытанні, занятках спортам; адмову ў званках і спатканнях з роднымі, у шпіталізацыі; пазбаўленне перадач і блакаванне карэспандэнцыі. З 1 чэрвеня 2022 года адмянілася магчымасць дадатковай, «вітаміннай», перадачы, якая дазваляла адпраўляць зняволеным пэўны набор садавіны і агародніны вагой да 10 кг раз на 30 дзён. Мы сабралі факты пра праблемы з перапіскай у дзясяткаў дзеячаў культуры, якія знаходзяцца або былі ў зняволенні. Пацвярджэнне гэтаму – і спыненне працы ініцыятывы «Письма в клеточку» [36], якая адной з прычын такога рашэння назвала адсутнасць зваротнай сувязі ад палітзняволеных больш за паўгода. Вядома таксама, што перапіска ў прынцыпе была істотна абмежавана з пачаткам вайсковай агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Перамяшчэнне пад узмоцненым канваіраваннем і ў кайданах, утрыманне ў кайданах у зале суда, ціск з боку адміністрацыі – гэты будні тых дзеячаў культуры, якія знаходзяцца ў СІЗА; ператрусы, правакацыі, перапрацоўкі, мізэрныя заробкі і цяжкія ўмовы працы – тых дзеячаў культуры, якія адбываюць пакаранне ў калоніях і ўстановах адкрытага тыпу (на «хіміі»). Тым не менш адміністрацыі папраўчых устаноў выкарыстоўваюць дадатковыя метады ціску: вынясенне спагнанняў з надуманых прычын; пастаноўка на прафілактычны ўлік – «схільны(-ая) да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў» (цягне за сабой дадатковую працу, праверкі, абмежаванні і кантроль для такіх зняволеных, іх адзенне і ложкі адзначаюцца адпаведнымі жоўтымі біркамі) – найбольш распаўсюджаная ў дачыненні да палітычных зняволеных катэгорыя; змяшчэнне ў штрафны ізалятар (ШІЗА) або карцар.
За «сістэмныя» парушэнні палітзняволеных, якія адбываюць пакаранне ў калоніі, адпраўляюць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ) – турэмную камеру, з якой яны выходзяць толькі на працу і паўгадзінны шпацыр у дзень, таксама ўводзяцца абмежаванні на пасылкі, лісты, набыццё неабходных рэчаў у турэмнай краме і інш. Вядома, што за аналізаваны перыяд у ПКТ траплялі (або знаходзяцца там на цяперашні момант) аўтар турэмнай літаратуры і актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок (тэрмінам на 4 месяцы), аператар Вячаслаў Ламаносаў (тэрмін невядомы), мастак Алесь Пушкін (быў адпраўлены на 5 месяцаў), UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў (на 6 месяцаў), літаратар, бард і юрыст Максім Знак (тэрмін невядомы), літаратарка і актывістка Алена Гнаўк (на 2 месяцы).
Наступныя пасля ШІЗА і ПКТ віды пакарання – перавод на турэмны рэжым або завядзенне новай крымінальнай справы паводле артыкула 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Гэта дзве новыя тэндэнцыі, якія замацаваліся ў аналізаваны перыяд. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у 2022 годзе як мінімум 41 палітзняволены быў пераведзены на турэмны рэжым, у тым ліку 6 прадстаўнікоў культурнай сферы краіны: мастак і мультыплікатар Іван Вярбіцкі (тэрмін невядомы); мастак Аляксандр Нурдзінаў (тэрмінам на 2 гады); аўтар турэмнай літаратуры Мікалай Дзядок (2 гады і 10 месяцаў); менеджар культуры, відэаблогер і палітык Сяргей Ціханоўскі (3 гады); аўтар турэмнай літаратуры Ігар Аліневіч (тэрмін невядомы); прамоўтар гісторыі і блогер Эдуард Пальчыс (тэрмін невядомы); мастак Алесь Пушкін (1,5 года). Супраць 16 [на канец 2022 года] палітзняволеных заведзены новыя крымінальныя справы паводле артыкула 411 КК, сярод іх і Іван Вярбіцкі. [У студзені стала вядома пра выстаўленне падобнага абвінавачання Сяргею Ціханоўскаму і Алене Гнаўк]. Таксама ў красавіку 2022 года быў узмоцнены прысуд паэту Мікалаю Папеку, якому замянілі «хімію» на 8,5 месяцаў калоніі.
ПЕРАСЛЕД ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ ЗА АНТЫВАЕННУЮ ПАЗІЦЫЮ І ПАДТРЫМКУ УКРАІНЫ
24 лютага 2022 года Расійская Федэрацыя пачала ваенныя дзеянні ў дачыненні да Украіны. 27–28 лютага на фоне рэферэндуму аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь у краіне прайшлі акцыі супраць ваеннай агрэсіі ў дачыненні да Украіны і саўдзелу ў гэтай вайне Беларусі, якая дала сваю тэрыторыю для запуску ракет і перамяшчэння ваеннай тэхнікі. У выніку акцый, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», затрымалі не менш за 1000 чалавек, а ўсяго ў 2022 годзе – як мінімум 2000 чалавек, сярод якіх ёсць і дзеячы культуры.
У 2022 годзе дзеячаў культуры затрымлівалі за антываенныя выказванні, падтрымку Украіны і яе культуры: за ўдзел у антываенных акцыях, малітву за мір, публікацыі і выказванні ў сацыяльных сетках, размяшчэнне «фэйкавых» матэрыялаў пра вайну, адпраўку ў дзяржаўныя інстанцыі антываенных лістоў, выкарыстанне афіцыйнай украінскай (сіне-жоўтай) сімволікі і спалучэнне гэтых двух колераў, надпісы ў падтрымку Украіны, ускладанне кветак да помніка ўкраінскаму класіку Тарасу Шаўчэнку, выкананне песняў на ўкраінскай мове.
Часцей за ўсё на затрыманых дзеячаў культуры складалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні («несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі»), затым пасля вызвалення маглі адбыцца звальненне (з дзяржаўнай установы), адлічэнне з навучальнай установы, дэпартацыя і забарона на ўезд у краіну на 10 гадоў (як у выпадку з акцёрам тэатра Максімам Шышко). Некаторыя з адміністрацыйных спраў потым перацяклі ў крымінальны пераслед – у асноўным ужо паводле «народнага», 342-га артыкула, за кошт выяўленых сведчанняў удзелу ў вулічных пратэстах 2020 года: напрыклад, у дачыненні да аўтара і рэдактара «Вікіпедыі» Марка Бернштэйна (першапачаткова затрыманага за рэдагаванне ў «Вікіпедыі» матэрыялаў пра ўварванне Расіі ва Украіну), настаўніцы французскай мовы Ірыны Яўмененкі (затрыманай у дзень рэферэндуму), спявачкі Мэрыем Герасіменкі (затрыманай за выкананне, сярод іншага, песні «Обіймі» ўкраінскага гурта «Океан Ельзы»).
У дачыненні да Дануты Перадні, студэнткі-выдатніцы факультэта замежных моў (спецыяльнасць «рамана-германская філалогія») МДУ імя Куляшова [адлічаная], якая зрабіла перапост тэксту антываеннага зместу з заклікам выступаць супраць вайны ва Украіне, быў пачаты крымінальны пераслед. Яе асудзілі паводле артыкулаў 368 («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») і 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам на 6,5 года. У чэрвені Дануту Перадню ўнеслі ў спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». 20-гадовага мастака Андрэя Раптуновіча асудзілі на 4 гады калоніі паводле двух артыкулаў КК РБ, у тым ліку за спробу далучыцца да палка беларусаў, якія змагаюцца за незалежнасць Украіны (арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса – «Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу»).
ПЕРАСЛЕД ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ, ЯКІЯ ВЫЕХАЛІ ЗА МЯЖУ
Пераслед нелаяльных уладзе дзеячаў культуры, якія вымушана пакінулі Беларусь, набыў у 2022 годзе новыя формы, і ад абразлівых выказванняў [дыфамацыі і дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ] і крымінальнага пераследу, ператрусаў па месцы прапіскі, разгромаў кватэр (вядома некалькі выпадкаў), арышту маёмасці, ціску на сваякоў і абвяшчэння ў міжнародны вышук перарос ва ўвядзенне інстытута спецыяльнага (завочнага) вядзення. 21 ліпеня 2022 года Лукашэнка падпісаў Закон «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» [37], які дазваляе судзіць беларусаў, што знаходзяцца за мяжой і абвінавачваюцца ў масавых беспарадках, тэрарызме і здрадзе дзяржаве. Так, у рамках спецыяльнага вядзення будзе разглядацца справа і ў дачыненні да былога дырэктара Купалаўскага тэатра (2019–2020), міністра культуры Рэспублікі Беларусь (2009–2012) Паўла Латушкі.
ВЫКАРЫСТАННЕ АНТЫЭКСТРЭМІСЦКАГА ЗАКАНАДАЎСТВА ДЛЯ ЗАДУШЭННЯ ІНШАДУМСТВА
Адна з практык задушэння іншадумства, якая актыўна развівалася ў 2022 годзе, – прымяненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў дачыненні да апанентаў рэжыму. Пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам дзейныя ўлады душылі любыя формы выказвання меркавання. Праваабарончыя арганізацыі («Вясна», «Human constanta», БАЖ, «Сава») канстатуюць тэндэнцыю да надзвычай шырокага тлумачэння ў Беларусі палажэнняў заканадаўства аб экстрэмізме з пачатку пратэстаў у жніўні 2020 года. На сёння правапрымяняльная практыка сфарміравалася такім чынам, што экстрэмізм у краіне – гэта ўдзел у мірных акцыях пратэсту, каментарый у сацыяльных сетках з асуджэннем гвалту, эмацыйнае выказванне ў адрас прадстаўніка ўлады. 5 студзеня 2023 года быў падпісаны Закон аб змяненні Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» [38], які замацаваў магчымасць пазбаўляць беларусаў грамадзянства за «экстрэмісцкую» дзейнасць.
Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) Беларусі вядзе 3 спісы [39]: «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных асоб або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» (прызнаюцца такімі без суда) і «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» (паводле рашэння суда). Усе тры спісы папаўняюцца новымі імёнамі і назвамі ў геаметрычнай прагрэсіі.
Спіс «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці»: першыя 140 імёнаў былі апублікаваны ў сакавіку 2022 года. На канец года іх колькасць складала ўжо 2236 чалавек, у тым ліку як мінімум 102 дзеячы культуры.
«Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» гэтак жа, як і спіс асоб, уведзены пасля ўнясення змяненняў у Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» [чэрвень 2021 года]. У ім прысутнічаюць як маладыя ініцыятывы, што ўзніклі на хвалі пратэснага руху 2020 года, так і найстарэйшыя незалежныя арганізацыі Беларусі, такія, як інфармагенцтва «БелаПАН», спадарожнікавы тэлеканал «БелСат», радыёвяшчальная арганізацыя «Радыё Свабода» і іншыя. Усяго на канец года ў пераліку налічваецца 107 арганізацый і аб’яднанняў паводле інтарэсаў (назавём іх так), 80 з якіх дадаліся на працягу 2022 года. З іх 10 «фарміраванняў» адносяцца да сферы культуры: Беларуская рада культуры – ініцыятыва, якая падтрымлівае і развівае беларускую культуру; інтэрнэт-партал «Tut.by», які меў раздзел «Афіша»; «Наша Ніва», «Еўрарадыё» і Kyky.org, якія маюць на сайтах раздзел «Культура»; гомельскае выданне «Флагшток» і гродзенскае Hrodna.life, якія, сярод іншага, пішуць на тэму культуры і захавання гістарычнай спадчыны; Telegram-каналы пра беларускую гісторыю і культуру «Historyja» і «Rezystans»; група «УКантакце» «ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ Беларусі!».
«Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» – самы даўні з трох, вядзецца з верасня 2008 года, пасля прыняцця Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» [2007]. Агульную колькасць матэрыялаў палічыць цяжка, бо нумарацыі ў ім няма, аднак відавочна, што з другой паловы 2020 года спіс пачаў імкліва расці. Напрыклад, толькі за апошні год – са снежня 2021 да снежня 2022 года – Рэспубліканская камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праявы экстрэмізму дала справаздачу аб праведзенай ацэнцы 1400 аб’ектаў даследавання, адзначыўшы, што ў 1379 з іх (98,5 %) была ўстаноўлена наяўнасць прыкмет праявы экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму [40] – адпаведныя найменні дадаліся ў спіс. З унесеных у яго ў 2022 годзе мы вылучаем 56 пазіцый, датычных да сферы культуры або дзеячаў культуры (хоць пры больш дэтальным вывучэнні іх там выявіцца на парадак больш). Сярод такіх матэрыялаў:
- 12 песняў: 10 музычных кампазіцый гурта «Tor Band», а таксама песня «Батько наш – Бандера, Україна – мати» і музычны скетч «ХайТак – На белай сценке выканкама ўціхара».
- 10 кніг: Виктор Ляхор, «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета»; А. Я. Тарас, «Беларусь на распутье. Сборник статей»; Альгерд Бахарэвіч, «Сабакі Эўропы»; Зміцер Лукашук, Максім Гаруноў, «Беларуская нацыянальная iдэя»; Константин Залесский, «Научно-популярное издание: “Герои” Люфтваффе. Первая Персональная энциклопедия»; Анатоль Тарас, «Краткий курс истории Беларуси IX–XXI вв.»; Святлана Казлова, манаграфія «Аграрная палiтыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941–1944 гг.)»; Иосіф Бродскі, «Балада пра маленькі буксір» (пер. з рус. Алесi Алейнiк); Уладзiмiр Арлоў, Павел Татарнiкаў, «Айчына: маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi» (часть 1); Отто Скорцени, «Неизвестная война». [На момант публікацыі справаздачы спіс вырас да 24 кніг].
- Сайты СМІ з кантэнтам на культурную тэматыку: «Беларускае Радыё Рацыя», «Рэгіянальная газета», «Витебский курьер news», media-polesye.by, nadniemnemgrodno.pl, «MOST»; Polskieradio.pl; Polskieradio24.pl; «The Village Беларусь», газета «Царква» і іншыя.
- Іншыя матэрыялы: сайты крам з таварамі нацыянальнай сімволікі Symbal.by і «Росквіт», сайт і сацсеткі Беларускай рады культуры, YоuТubе-канал, Patreon і сацсеткі гурта «Tor Band», кліп «Цветы и пули» і YоuТubе-канал гурта «Deadfall», YouTube-каналы «Жизнь-малина», «Ms. Anne Nittelnacht» – праекта па даследаванні яўрэйскай культуры і некаторыя іншыя.
«Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» [41] вядзе Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ). З восені 2020 года спіс пачаў папаўняцца імёнамі не толькі міжнародна прызнаных тэрарыстаў, але і беларускіх грамадскіх дзеячаў і актывістаў, у тым ліку прадстаўнікоў сферы культуры. У 2022 годзе ў пералік дадаліся 14 дзеячаў культуры: Сяргей Спарыш, Максім Знак, Марыя Калеснікава, Данута Перадня, Аксана Каспяровіч, Аляксей Парэцкі, Іван Вярбіцкі, Юлія Чамлай, Павел Вінаградаў, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Катоўскі, Іван Паршын, Андрэй Пачобут і Ігар Галушка. Ігар Аліневіч, Павел Латушка, Антон Матолька і Вадзім Гілевіч былі ўнесены ў яго яшчэ ў канцы 2021 года. Усяго ў Беларусі абвешчаны «тэрарыстамі» не менш за 18 чалавек, датычных да сферы культуры.
13 дзеячаў культуры ўнесены адначасова ў два спісы – «экстрэмісцкі» і «тэрарыстычны». Адбываецца гэта, як адзначаюць праваабаронцы, у сувязі з падабенствам падстаў для іх папаўнення.
Як указвае юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка, людзі, уключаныя ў такія спісы, зазнаюць істотнае «пазбаўленне правоў» на тэрмін судзімасці і пасля. Гэта тычыцца і магчымасці займацца пэўнымі відамі дзейнасці (у прыватнасці, выдавецкай і педагагічнай), і складанасцяў з ажыццяўленнем фінансавых аперацый (блакаванне банкаўскіх рахункаў), і некаторых іншых.
***
У лістападзе 2022 года прывітанне «Жыве Беларусь!» і водгук «Жыве!» унесены ў «Спіс нацысцкіх арганізацый, сімволікі і атрыбутыкі» [42]. «Калабарацыянісцкае прывітанне» – так называюць лозунг «Жыве Беларусь!» прапагандысцкія СМІ [43]. Праўда, з дакумента незразумела, ці лічыцца нацысцкім прамаўленне гэтага выказвання без жэставага суправаджэння.
ЦІСК НА АРГАНІЗАЦЫІ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦІ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
У 2022 годзе зафіксавана 217 парушэнняў у дачыненні да арганізацый і супольнасцяў культурнай сферы. Амаль кожны другі выпадак мае дачыненне да дзейнасці грамадскіх арганізацый. У цэлым «топ-3» парушэнняў у дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і культурных прастор у Беларусі ў апошнія два гады – стварэнне адміністрацыйных перашкод для ажыццяўлення дзейнасці, парушэнне права на свабоду асацыяцый і цэнзура.
- Прымусовая ліквідацыя
Са студзеня 2021 года «Lawtrend» сумесна з ОЕЕС вядзе маніторынг прымусовай ліквідацыі некамерцыйных арганізацый [44]. На працягу 2022 года былі прымусова ліквідаваны 411 НКА, у тым ліку 74 арганізацыі культурнай накіраванасці: пісьменніцкія, тэатральныя, гістарычныя, танцавальныя і іншыя. 25 з іх – найстарэйшыя арганізацыі, створаныя яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Гэта грамадскія арганізацыі Гродзеншчыны – «Клуб польскіх народных традыцый» (1994), «Таварыства польскай культуры на Лідчыне» (1994) і «Польска Мацеж школьна» (1996); Віцебшчыны – «Полацкі яўрэйскі культурны цэнтр» (1992) і «Віцебскае музычнае таварыства» (1994); Міншчыны – «Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў» (1994), «Беларуская асацыяцыя гісторыкаў» (1994), «Беларуская асацыяцыя педагогаў фартэпіяна» (1996), «Беларускае таварыства немцаў “Нямецкі Дом”» (1997), «Падарожная дружына беларусаў “Каляднікі”» (1999) і іншыя.
Паводле вынікаў двухгадовага маніторынгу ў спісе змяшчаецца інфармацыя пра 750 НКА [45], 183 з якіх адносяцца да арганізацый сферы культуры Беларусі.
Паралельна з прымусовай ліквідацыяй у 2022 годзе працягнуўся самароспуск некамерцыйных арганізацый. У маніторынгу не вядзецца ўлік фактаў самаліквідацыі арганізацый, але важна разумець, што ў большасці сваёй гэта вымушаныя рашэнні іх заснавальнікаў з прычыны неспрыяльнай грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, нярэдка і ціску з боку ўладаў. Усяго на канец 2022 года ў спісе «Lawtrend» [46] налічвалася 417 арганізацый грамадзянскай супольнасці, 180 з якіх самаліквідаваліся на працягу 2022 года, 34 з іх мы адносім да сферы культуры. Часцей за іншыя гэта адбывалася з арганізацыямі з Брэсцкай вобласці (15 з 34) і Мінска (8). Усяго ж за 2021–2022 гады ў выніку як прымусовай, так і самаліквідацыі некамерцыйны сектар Беларусі страціў 1167 грамадскіх арганізацый, як мінімум 280 з якіх адносяцца да сферы культуры.
- Крымінальная адказнасць за арганізацыю і ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі
22 студзеня 2022 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь № 144-З «Аб змяненні кодэксаў», а з ім і артыкул 193 («Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання і ўдзел у ёй») КК Беларусі, скасаваны ў ліпені 2019 года. Цяпер за арганізацыю і ўдзел у дзейнасці структуры без дзяржаўнай рэгістрацыі зноў прадугледжваецца пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі. Так, паведамлялася, што пракуратура Гродзенскай вобласці завяла крымінальную справу на службовых асоб ТАА «Клерыгата», на базе якога працаваў Саюз палякаў Беларусі, за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб’яднання і ўдзел у ёй [47].
- Скарачэнне пераліку НКА, якія маюць ільготы на арэнду памяшканняў
Працягнулася практыка пазбаўлення арганізацый ільгот. 30 сакавіка 2022 года ўступіла ў сілу Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2021 года. Згодна з гэтым дакументам у разы скараціўся пералік НКА, у дачыненні да якіх прымяняецца паніжальны каэфіцыент 0,1 пры арэндзе памяшканняў. У новы зацверджаны спіс не ўвайшлі 80 грамадскіх аб’яднанняў і фондаў з папярэдняга, адпаведна, для 78 з іх цана арэнды вырасла з красавіка 2022 года ў 10 разоў [2 самаліквідаваліся ў снежні 2021 года]. Сярод такіх арганізацый – і 15 грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць у сваёй дзейнасці культурную кампаненту: «Беларускі саюз архітэктараў», «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці», «Беларускі саюз музычных дзеячаў», «Беларускі саюз тэатральных дзеячаў», Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемаразуменне», некалькі аб’яднанняў яўрэяў і іншыя. Большасць з гэтых 15 – арганізацыі з больш чым 25-гадовай гісторыяй дзейнасці ў Беларусі. У той жа час спіс на льготу папоўніўся зарэгістраваным у канцы 2020 года праўладным аб’яднаннем «Патрыёты Беларусі».
Усяго за апошнія два гады пералік некамерцыйных арганізацый, якім аказваецца дзяржаўная падтрымка ў арэндзе памяшкання, скараціўся са 195 да 23. На момант прыняцця пастановы ў 2010 годзе іх было каля 500, да ўвядзення пераліку права на льготы мелі ўсе грамадскія аб’яднанні [48].
- Вынясенне санкцый у дачыненні да грамадскіх аб’яднанняў
У кастрычніку 2022 года абазначылася новая тэндэнцыя выносіць санкцыі ў дачыненні да грамадскіх аб’яднанняў – прыпыняць іх дзейнасць [49]. Вядома пра як мінімум сем такіх выпадкаў, якія закранулі ў тым ліку тры аб’яднанні, якія мы адносім да арганізацый сферы культуры: грамадскае аб’яднанне «Дом дружбы іранцаў», спартыўнае грамадскае аб’яднанне «Танцавальна-спартыўная ліга» і дзіцячае грамадскае аб’яднанне «Танцавальна-спартыўны клуб “Людміла”».
***
Разам з усім сказаным вышэй у 2022 годзе няўрадавыя арганізацыі культурнага сектара Беларусі сутыкаліся з «павышанай увагай» з боку Міністэрства юстыцыі, адмовамі ў задавальненні грашовых пераводаў і рэгістрацыі фінансавання ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці, «рэкамендацыямі» органаў бяспекі не ладзіць тыя ці іншыя мерапрыемствы, пазапланавым скасаваннем дамоў арэнды.
Варта звярнуць увагу на сітуацыю выкарыстання даменных імёнаў раней заблакаваных арганізацый. Так, на адрасе pen-centre.by – дамена спачатку заблакаванага, а ў жніўні 2021 года ліквідаванага Беларускага ПЭН-цэнтра – цяпер размяшчаецца турыстычны сэрвіс з такой жа назвай «ПЭН», больш падобны на махлярскі сайт, і гэта ўжо не адзінкавы такі выпадак.
ЦЭНЗУРА І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫЯ ПЕРАШКОДЫ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
Гэты маніторынг парушэнняў грунтуецца на фактах, якія трапілі ў поле ўвагі маніторынгавай групы, і не з’яўляецца вычарпальным аналізам стану сферы, аднак адлюстроўвае асноўныя страты ў кожнай з творчых абласцей.
Актуальную сітуацыю з беларускай кнігай у Беларусі перадае тэрмін, які выкарыстоўвае філосаф Павел Баркоўскі, – «кнігацыд» [50]. Другі год незалежная кніжная сфера краіны знаходзіцца пад катком рэпрэсій, ідзе яе спланаванае і паслядоўнае знішчэнне: ціск і дыскрэдытацыя беларускіх выдавецтваў, выдаўцоў, кнігараспаўсюднікаў, аўтараў, а часам і чытачоў. Сітуацыя ў незалежнай кніжнай сферы Беларусі паводле вынікаў 2022 года:
- Ліквідаваны выдавецтвы «Лімарыус» і «Галіяфы», прыпынена дзейнасць «Медысонта» і «Кнігазбора»; упачатку 2023 года пазбаўлена ліцэнзіі выдавецтва «Янушкевіч».
- Ускладнены распаўсюд ужо выдадзенага незалежнымі выдавецтвамі і беларускай кнігі ў цэлым.
- З кнігарняў і бібліятэк прыбіраюцца кнігі нелаяльных рэжыму аўтараў, якія не адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі.
- Кнігі, якія выдаюцца на беларускай мове, прыцягваюць павышаную ўвагу з боку дзяржорганаў.
- Спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў папоўніўся дзясяткам мастацкіх кніг і кніг на гістарычную тэматыку.
- Звальненні ў сферы.
22 сакавіка «ў сувязі з вострай неабходнасцю» арэндадаўца «папрасіў» выдавецтва «Янушкевіч» вызваліць офіс на працягу трох дзён. 16 траўня выдавецтва адкрыла новую кнігарню «Кнігаўка», куды ў той жа дзень прыйшлі праўладныя прапагандысты і выставілі прэтэнзіі з нагоды наяўнасці ў продажы нібыта экстрэмісцкай і нацысцкай літаратуры. Увечары таго ж дня супрацоўнікі спецслужбаў учынілі ў кнігарні ператрус, намесніку дырэктара Сяргею Макарэвічу загадалі закрыць краму. Дырэктар выдавецтва Андрэй Янушкевіч і супрацоўніца крамы, літаратурная аглядальніца Наста Карнацкая былі затрыманы і ў выніку правялі ў зняволенні 28 і 23 сутак адпаведна. На наступны дзень пасля ператрусу стала вядома пра канфіскацыю з крамы 200 кніг, 15 з якіх былі адпраўлены «на экспертызу» на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет экстрэмізму. Непасрэдна ў дзень адкрыцця «Кнігаўкі» і на працягу некалькіх дзён пасля рэйду прапагандысты выпусцілі серыю паклёпніцкіх матэрыялаў пра выдавецтва, яго супрацоўнікаў і кнігарню [51]. «Кнігаўка» закрылася, прапрацаваўшы 7,5 гадзіны. Андрэй Янушкевіч вымушана пакінуў Беларусь. Сяргей Макарэвіч быў затрыманы 4 лістапада 2022 года і знаходзіцца ў турме. [10 студзеня 2023 года выдавецтва «Янушкевіч» пазбаўлена ліцэнзіі і права выдаваць кнігі ў Рэспубліцы Беларусь.]
Вясной 2022 года Міністэрства інфармацыі прыпыніла на тры месяцы дзейнасць чатырох незалежных выдавецтваў, якія друкуюць кнігі беларускіх аўтараў і/або на беларускай мове: «Медысонт» і «Галіяфы» – з 15 красавіка, «Лімарыус» і «Кнігазбор» – з 16 траўня. Па заканчэнні трохмесячнага тэрміну спробы выдавецтваў прайсці пераатэстацыю ў Міністэрстве юстыцыі не мелі поспеху. На канец снежня 2022 года дзейнасць «Кнігазбора» прыпынена Міністэрствам інфармацыі яшчэ на месяц [26 студзеня 2023 года выдавец паведаміў пра ліквідацыю, якая рыхтуецца], выдавецтва «Галіяфы» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, «Лімарыус» – ліквідавана.
Не менш за 11 выдавецтваў/выдаўцоў цалкам або часткова перанеслі сваю дзейнасць за мяжу.
Выдавецтвам забараняюць не толькі выдаваць, але і прадаваць выдадзеныя раней кнігі. У кастрычніку «Белкніга», найбуйнейшая сетка дзяржаўных кнігарняў па ўсёй Беларусі [якая ўжо ў 2021 годзе прыбірала з паліц сваіх крам творы пэўных аўтараў], скасавала дамовы на рэалізацыю кніг выдавецтваў «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Галіяфы».
У сетцы бібліятэк распаўсюджваюцца «чорныя спісы» аўтараў і выдавецтваў, чыімі кнігамі не могуць папаўняцца фонды і якія мусяць быць з іх канфіскаваны.
Праўладныя прапагандысты і «неабыякавыя» грамадзяне наведваюць кнігарні з мэтай «ачышчальных культпаходаў», шукаюць на паліцах ідэалагічна «шкодныя» матэрыялы: выданні з нацыянальнай (бел-чырвона-белай) сімволікай, кнігі незалежных гісторыкаў, нелаяльных рэжыму аўтараў, на ЛГБТ-тэматыку. Так былі выключаны з продажу або прыбраны на склад у асобных крамах кнігі, якія не маюць статусу экстрэмісцкіх матэрыялаў: «Мифы о Беларуси» Вадзіма Дзеружынскага і «Welcome to Belarus» Алеся Гутоўскага; раман «Лето в пионерском галстуке» Алены Малісавай і Кацярыны Сільванавай пра адносіны двух юнакоў і іншыя кнігі ЛГБТ-тэматыкі. Ідэя такіх «чыстак» кнігарняў гучна падтрымліваецца лаяльнымі рэжыму актарамі [52].
Працягваецца практыка дыскрэдытацыі незалежных выдавецтваў, «непажаданых» аўтараў і кніг у дзяржаўных СМІ і праўладных Telegram-каналах.
На працягу года 10 кніг былі прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі. Цяпер іх распаўсюд крымінальна караецца, і пракуратура перыядычна ўчыняе маніторынг кнігарняў і інтэрнэт-пляцовак на прадмет продажу ў іх кніг з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, выносіць арганізацыям адпаведныя прадпісанні з патрабаваннем выключыць іх з продажу. «Вялікае шчасце, што мы на кніжных паліцах сёння іх не бачым… Неўразуменне таго, што кніга – значна больш магутная зброя, чым ракеты і танкі, прыводзіць да таго, што даводзіцца выкарыстоўваць ракеты і танкі», – заявіў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі падчас круглага стала праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі на тэму палітычнай публіцыстыкі [53]. Вядома, што на ацэнцы ў рэспубліканскай камісіі знаходзяцца і кнігі Нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры Святланы Алексіевіч.
Пазбаўляецца высокакваліфікаваных спецыялістаў перыёдыка пра беларускую культуру. Ідуць «аптымізацыя» і звальненні ў адным з найстарэйшых выданняў пра мастацтва, якое адзначае сваё 40-годдзе ў студзені 2023 года, – часопісе «Мастацтва». У 2022 годзе «паводле пагаднення бакоў» адтуль былі звольнены пісьменніца і балетны крытык Таццяна Мушынская, якая працавала рэдактаркай аддзела музыкі з 1991 года; рэдактарка аддзела сучаснага мастацтва Алеся Белявец; вярстальшчыца Аксана Карташова і яшчэ як мінімум тры літаратары. Вядома пра звальненні з газеты «Культура» [54]. Летась змяніліся галоўныя рэдактары адразу ў трох літаратурных часопісах – «Полымя», «Маладосць» і «Нёман», звольнены шэраг спецыялістаў. Як адзначае адна з былых супрацоўніц, працаваць «пакідаюць толькі правераных і паслухмяных».
У канцы лютага з Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа быў звольнены акадэмік-мовазнаўца Аляксандр Лукашанец, які пасля выбараў 2020 года выступіў з асуджэннем гвалту, – з ім не прадоўжылі кантракт, а ў лістападзе, пасля адміністрацыйнага затрымання, – намеснік дырэктара па навуковай працы Сяргей Гаранін. З 1 ліпеня з Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі звольнены дырэктар, гісторык-медыявіст Аляксандр Груша.
У 2022 годзе працягваўся ціск на палітычна «нядобранадзейных» мастакоў.
- На 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асуджаны ў сакавіку 2022 года мастак Алесь Пушкін за экспазіцыю ў 2021 годзе партрэта антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара ў памяшканні гродзенскай установы «Цэнтр гарадскога жыцця».
- Міністэрства культуры аказвае ціск на нелаяльных рэжыму аўтараў, папаўняючы іх імёнамі так званыя «чорныя спісы», адмаўляючы ім у далейшым у персанальных і групавых экспазіцыях на дзяржаўных выставачных пляцоўках, набыцці работ у фонды музеяў і іншым.
- Праўладныя актывісткі з дапамогай скаргаў і даносаў здымаюць з выстаў асобныя працы і закрываюць цэлыя павільёны.
- Цэнзура – умова жыцця і творчасці.
- Самацэнзура мастака як спосаб выжывання і рэфлекс.
Пасля заявы аб нібыта распаўсюдзе парнаграфіі ў рамках выставы «Трывожны чамаданчык», якая прайшла з 10.12.2021 па 10.01.2022 у галерэі Саюза дызайнераў, была прызначана культуралагічная экспертыза арт-аб’екта «Пакуль смерць не разлучыць нас» мастачкі Ганны Сілівончык. У выніку пачаўся разбор у дачыненні не толькі самой выставы, але і грамадскага аб’яднання ў цэлым.
У канцы сакавіка ў мінскім Палацы мастацтваў на тыдзень раней за тэрмін дэмантавалі персанальную выставу Рыгора Іванова «Час экранаў». У той жа час «з тэхнічных прычын» раней за заяўлены тэрмін закрылася і выстава Сяргея Грыневіча «Дэмаграфія», лёс якой цікавы таксама тым, што на экспазіцыю не трапілі сем работ аўтара, якія не прайшлі цэнзуру.
Выстава станковай скульптуры «СКУЛЬПТУРА» адкрылася ў галерэі «400 квадратаў» у Гродне 29 красавіка і прапрацавала ўсяго 4 гадзіны. Гродзенскія ідэолагі настойвалі на выдаленні з экспазіцыі пэўных аўтараў і работ, на што куратар праекта Іван Арцімовіч і галерысты не пайшлі, бо палічылі няправільным выключаць працы асобных аўтараў з абсалютна надуманых прычын. Выстава з творамі 17 скульптараў закрылася адразу пасля адкрыцця. Неўзабаве ў сувязі з непрадаўжэннем арэнды закрылася і сама галерэя.
12 траўня ў сталічным Палацы мастацтваў адкрылася штогадовая мастацкая выстава «Арт-Мінск», на якой першапачаткова анансавалася экспазіцыя 550 твораў ад 240 сучасных беларускіх аўтараў. Аднак у выніку цэнзуры Міністэрства культуры былі зняты працы некалькіх дзясяткаў мастакоў (паводле непацверджанай інфармацыі, гаворка ідзе пра больш чым 40 аўтараў). У маніторынгу Беларускага ПЭНа змяшчаецца інфармацыя пра 19 мастакоў, якія страцілі выставачную прастору.
28 чэрвеня ў мінскай прасторы «Factory» прайшла, паводле слоў адной з трох удзельніц праекта Ірыны Малукалавай, «самая хуткая выстава ў маім жыцці». Мастацкая выстава пра крытыку ў творчасці «Гэта дыягназ» прапрацавала ўсяго некалькі гадзін.
10 лістапада ў сталічным Палацы мастацтваў адкрылася выстава прац з керамікі, шкла і тэкстылю – трыенале дэкаратыўнага мастацтва «Дэкарт-22». На наступны дзень зверху былі спушчаны спісы палітычна нядобранадзейных мастакоў, чые працы патрабавалася прыбраць з экспазіцыі, – гаворка ішла пра як мінімум траціну аўтараў. На сёння дакладна не вядомы працяг гісторыі і тое, як гэтае патрабаванне адбілася на працы выставы.
Сутыкаюцца з цэнзурай і фатографы. Так, у культурным цэнтры «Фестывальны» адмянілі выставу Святланы Несцярэнкі «Гродзенскія заходы». Падобнае адбывалася і з іншымі аўтарамі.
Вядомыя і іншыя выпадкі ўмяшання і кантролю над мастацкімі і фатаграфічнымі выставамі і далейшыя размовы з іх арганізатарамі ў раённых адміністрацыях. Таксама працягнуліся выклікі на допыты дызайнераў і фатографаў, якія працавалі з няўрадавымі арганізацыямі і саюзамі, што цяпер пераследуюцца ўладамі. На рашэнне мясцовых уладаў у Мінску зафарбавалі некалькі муралаў, а гродзенскім мастакам загадалі заплаціць дзяржаве 22 000 рублёў (каля 8000 еўра) за карыстанне майстэрнямі ў апошнія шэсць гадоў.
- Звальненні ў тэатрах ва ўсёй Беларусі.
- Кантроль і цэнзура ў рэпертуарнай палітыцы.
- Зняцце спектакляў як спосаб самазахавання.
- Русіфікацыя беларускага тэатра.
У 2022 годзе тэатры Беларусі працягнулі страчваць высокапрафесійных спецыялістаў. Нам вядомыя імёны 19 прадстаўнікоў сферы, з якімі не прадоўжылі кантракт або якіх звольнілі «паводле пагаднення бакоў», пра 14 з іх вядома з публічных крыніц. 20 студзеня з Тэатра юнага гледача ў Мінску быў звольнены Уладзімір Савіцкі, які кіраваў ім з 2010 года. З 15 сакавіка «паводле пагаднення бакоў» больш не кіруе студэнцкім тэатрам БДУ «На балконе» рэжысёр Андрэй Саўчанка. У сакавіку – красавіку з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі былі звольнены акторы Марына Здаранкова, Максім Шышко, Алена Баярава і Марыя Пятровіч. З 1 красавіка не працуе дырыжорам у Нацыянальным тэатры оперы і балета Іван Касцяхін, з канца снежня – Алег Лясун. У незалежных СМІ прайшла інфармацыя пра тое, што за сваю грамадзянскую пазіцыю з тэатра будуць звольнены «некалькі дзясяткаў чалавек» – нам вядомыя імёны 5 супрацоўнікаў. 26 красавіка з віцебскага Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа быў звольнены (не прадоўжылі кантракт) рэжысёр Міхаіл Краснабаеў, які прыйшоў туды яшчэ ў 1985 годзе. 13 сакавіка Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча не прадоўжыў кантракт з акцёрам Вадзімам Бабінічам (у 2022 годзе ён таксама перастаў быць кіраўніком трупы Народнага тэатра ў Палацы мастацтваў горада Бабруйска), а 31 жніўня – з актрысай Алай Грахавай, якая прапрацавала ў гэтым тэатры больш за 40 гадоў. Больш не дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яўген Клімакоў, які кіраваў ім з 1985 года. Са Слонімскага драматычнага тэатра быў звольнены загадчык літаратурнай часткай Сяргей Чыгрын. У канцы снежня скасаваны кантракт з дырэктаркай Гомельскага гарадскога моладзевага тэатра Аленай Маставенка.
Што тычыцца пытанняў цэнзуры. Мінкульт не дапусціў да паказу ў Тэатры юнага гледача спектакль «Кантрольнае сачыненне», у сюжэце якога закладзены канфлікт выпускнікоў, якія шукаюць справядлівасці, і школьнай адміністрацыі. У верасні чыноўнікі з Мінгарвыканкама не зацвердзілі аперэту Музычнага тэатра «Герцагіня з Чыкага», у якой можна было ўгледзець паралелі з цяперашняй рэальнасцю [жарты пра пачатак вайны і інш.], і прэм’ера, запланаваная на 23 і 24 верасня, адмянілася. 11 лістапада спектакль усё ж адбыўся, але ўжо ў крыху ўрэзанай версіі з цэнзурнымі праўкамі. У канцы снежня, пасля звароту праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай наконт неадпаведнасці спектакля тэатральнай майстэрні «КАКТУСС» «Монстры на навагодніх вакацыях» «духоўна-маральнаму выхаванню дзяцей і моладзі», камісія з Міністэрства культуры забараніла далейшы паказ пастаноўкі.
12 ліпеня была прымусова ліквідавана ўстанова культуры «Тэатр-Тэрыторыя мюзікла». Вядома, што ў пачатку года яна двойчы не змагла атрымаць дазвол на паказ спектакля «Фігаро» ў мінскім Палацы прафсаюзаў. Акрамя таго, да пачатку новага сезона (восень 2022) з рэпертуару некалькіх тэатраў былі вымушана зняты спектаклі паводле п’ес асобных аўтараў.
Дэбеларусізацыя прыйшла і ў тэатральную сферу. Новым дырэктарам Тэатра юнага гледача зрабілася лаяльная рэжыму Лукашэнкі актрыса Вера Палякова, якая першапачаткова заявіла, што трупа адмовіцца ад пастановак выключна на беларускай мове, што раней вылучала ТЮГ сярод іншых прафесійных калектываў: усяго 6 з 28 дзяржаўных тэатраў у краіне працавалі толькі на беларускай мове. У чэрвені адбылася рускамоўная прэм’ера спектакля паводле матываў аповесці класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава «Альпійская балада» – так у краіне стала на адзін беларускамоўны тэатр менш. А адказваючы на пытанне пра сітуацыю з беларускай мовай у бабруйскім тэатры, актрыса Ала Грахава прывяла ў прыклад маладых акцёраў, якія адмаўляюцца граць п’есы на беларускай мове, спасылаючыся на сваё рускае паходжанне [55].
- Звальненні з дзяржаўных устаноў культуры.
- Крымінальны пераслед за прафесійную дзейнасць.
- Адміністрацыйныя перашкоды для ажыццяўлення канцэртнай дзейнасці.
- Змяншэнне колькасці пляцовак для выступаў.
На працягу аналізаванага перыяду звольнены з Беларускай дзяржаўнай філармоніі намеснік генеральнага дырэктара Андрэй Лапцёнак і арфістка сімфанічнага аркестра Алена Максімава, а таксама некалькі іншых спецыялістаў. Паведамлялася пра звальненне больш чым 20 выкладчыкаў з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі, публічна вядомыя імёны трох: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь і кіраўнік канцэртнага аркестра БДАМ Уладзімір Перлін, мастацкая кіраўніца дзіцячага хору «Музыкі, якія спяваюць» Ала Мазурава і саліст-канцэртмайстар групы габояў аркестра БДАМ Сяргей Тумаркін.
За сваю музычную дзейнасць працягваюць адбываць 2-гадовае пакаранне ў калоніі лідары гурта «Irdorath» Надзея і Уладзімір Калач, асуджаныя за тое, што ў жніўні 2020 года «неаднаразова ўзначальвалі калону пратэстоўцаў… з выкарыстаннем музычных інструментаў» [56]. Спявачка Мэрыем Герасіменка была затрымана ў пачатку жніўня на наступны дзень пасля вулічнага канцэрта на пляцоўцы бара «Банкі-Бутэлькі», дзе выканала песню ўкраінскага гурта «Океан Ельзы». Пасля амаль паўгода ў СІЗА яна была асуджана на 3 гады «хатняй хіміі». У канцы жніўня YоuТubе-канал, Patreon, сацсеткі і музычныя кампазіцыі гурта «Tor Band», створанага ў Рагачове ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, былі прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам. Праз два месяцы затрымалі саміх удзельнікаў – музыкі Дзмітрый Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык некалькі разоў запар былі асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. З YоuТubе-канала «Tor Band» былі выдалены ўсе кліпы гурта, якія ў суме набралі больш за 5 мільёнаў праглядаў, а 16 студзеня 2023 года сам музычны калектыў быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем – крымінальныя справы заведзены на ўсіх трох музыкаў. Таксама варта адзначыць затрыманне ў сярэдзіне кастрычніка братоў Уладзіміра і Дзмітрыя Каракіных, музыкаў гурта «Litesound». Нягледзячы на тое, што яны былі затрыманы за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах, ёсць падстава меркаваць, што іх пераслед – гэта ў тым ліку помста дзяржструктур за «няўдзячнасць» і палітычную нявернасць гурта, які прадстаўляў Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне» ў 2012 годзе. На сёння музыкі прызнаны палітзняволенымі.
У 2022 годзе таксама зафіксаваны выпадкі затрымання вулічных музыкаў і канфіскацыі ў іх тэхнікі. Мелі месца факты знаходжання ў зале прадстаўнікоў спецслужбаў падчас канцэртаў дзяржаўных калектываў, адмовы Міністэрства культуры ў выдачы гастрольных пасведчанняў гурту «Shortparis», чый фронтмен Мікалай Камягін вядомы сваёй антываеннай пазіцыяй, і некаторым іншым расійскім гуртам. У канцы снежня «з не залежных ад гурта прычын» быў адменены канцэрт гомельскага фолк-гурта «Бан-Жвірба». Вядомыя і іншыя, непублічныя выпадкі забарон на ўдзел музыкаў у канцэртах і фестывалях.
Адміністрацыйныя перашкоды, цэнзура і агульныя абставіны пераследу ў краіне пазбаўляюць музыкаў магчымасці ладзіць рэпетыцыі і весці гастрольную дзейнасць, некаторыя калектывы прыпыняюць сваю працу на няпэўны час, зачыняюцца і так нешматлікія канцэртныя пляцоўкі. З сярэдзіны траўня «пастаўлена на паўзу» дзейнасць мінскага музычнага клуба «Бруге». «З тэхнічных прычын» пасля канцэрта і затрымання Мэрыем Герасіменкі закрыты бар «Банкі-Бутэлькі», чый кіраўнік Андрэй Жук ужо больш за паўгода знаходзіцца ў СІЗА. 16 верасня канчаткова закрыўся музычны бар «Графіці», адкрыты ў Мінску ў 1999 годзе. У канцы снежня паведаміў пра сваё закрыццё мінскі рэйв-клуб «HIDE», куды 5 лістапада на начную вечарынку прыходзіў АМАП.
- Сервільны характар беларускага дзяржаўнага кінематографа.
- Цэнзура ў дачыненні да ігравых фільмаў.
- Крымінальны пераслед рэжысёра за дакументальную стужку.
У маніторынг 2022 года трапіла зусім няшмат эпізодаў, звязаных непасрэдна з парушэннямі ў сферы беларускага кінематографа. Асноўны аб’ём таго, што мы фіксавалі з публічных крыніц, тычыўся пытанняў дзяржаўнага рэгулявання і ідэалагізаванасці Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»: ідэалагічныя кінапаказы і творчыя сустрэчы; кіналекторыі для дзяцей, якія ладзяцца сумесна з праўладным грамадскім аб’яднаннем «Белая Русь»; выкананне дзяржзамовы на здымкі «правільных» фільмаў пра вайну і патрэбных герояў; актыўная праца ў рамках беларуска-расійскага супрацоўніцтва і г. д. Адно з незалежных СМІ пісала пра масавыя звальненні на кінастудыі, аднак мы не маем канкрэтных фактаў. Таксама вядома, што ўдзел кожнага з акцёраў у праектах «Беларусьфільма» мусіць узгадняцца з Міністэрствам культуры і галоўным ідэолагам Нацыянальнай кінастудыі.
Пасля расійскага ўварвання ва Украіну рэпертуарная палітыка кінатэатраў шмат у чым звялася да паказу расійскіх і савецкіх фільмаў, мультфільмаў і стужак на ваенную тэматыку ў сувязі з адыходам найбуйнейшых амерыканскіх кінакампаній з рынку Расіі і аўтаматычна – Беларусі. У канцы восені кінатэатры пачалі «круціць» пірацкі кантэнт, а 3 студзеня 2023 года быў апублікаваны Закон, які афіцыйна ўхваляе паралельны імпарт – увоз аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці без згоды праваўладальнікаў [57].
Да пытання пра цэнзуру. У Беларусі так і не ўдалося арганізаваць афіцыйны паказ фільма Уладзіміра Казлова «Тры таварышы» – у выніку рэжысёр выклаў стужку на сваім Yotube-канале [58]. У кастрычніку стала вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу на Вольгу Швед пасля выхаду яе дакументальнага фільма «Каліноўскі» [адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў і антыгерой у дзяржпрапагандзе], а гісторык Васіль Герасімчык, галоўны герой фільма, мусіў з’ехаць з Беларусі ў сувязі з пераследам з боку сілавых структур. У лістападзе ўлады забаранілі паказ ігравой карціны Андрэя Кудзіненкі «Дзесяць жыццяў мядзведзя» – першапачаткова заяўлены ў пракаце ў рамках кінафестывалю «Лістапад» і ў некалькіх кінатэатрах Мінска фільм знік з афіш. З праграмы польскага кінафестывалю беларускага кіно была прыбрана стужка «Гэта я, Мінск», правы на якую належаць кінастудыі «Беларусьфільм». Мяркуючы з усяго, згодна з дамовай фільм можа быць паказаны за мяжой толькі пасля яго прэм’еры ў Беларусі, дзе яна з невядомых прычын так і не можа адбыцца (у рамках фестывалю «Лістапад» фільм таксама вырашылі не паказваць).
- Звальненні з дзяржаўных устаноў культуры.
- Умяшанне ў сферу турызму і пераслед экскурсаводаў.
Працягнуліся палітычна матываваныя звальненні і ў музейнай сферы. У кастрычніку не прадоўжылі кантракт дырэктару Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганне Запартыка, якая прыйшла туды на працу ў 1978 годзе і ўзначальвала музей з 1994 года. У снежні, перад 20-годдзем на пасадзе, з Музея гісторыі беларускага кіно быў звольнены яго кіраўнік, кінакрытык Ігар Аўдзееў. У канцы снежня стала вядома пра масавае звальненне з Нацыянальнага мастацкага музея. У маніторынгу сабраны імёны 8 чалавек, звольненых 23 снежня, незалежныя ж СМІ пісалі пра 18 супрацоўнікаў – і гэта не першыя і не адзіныя «адстаўкі» з 2020 года. Таксама ў нас ёсць звесткі пра факты такога кшталту ў Дзяржаўных літаратурных музеях Максіма Багдановіча і Янкі Купалы ў Мінску і некаторых іншых. Усяго – толькі пра 13 звольненых са сферы, што вельмі далёка ад рэальных маштабаў таго, што адбываецца. Напрыклад, з’яўлялася інфармацыя пра «ціхія» звальненні ў Нацыянальным гістарычным музеі, аднак яна не атрымала публічнага розгаласу.
У лістападзе зазнаў цэнзуру прыватны музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах Мінскай вобласці, вулічная экспазіцыя якога з выявай шэрагу беларускіх палітычных і культурных дзеячаў – паэтак Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш, рэвалюцыянера Кастуся Каліноўскага і іншых персаналій – трапіла ў фокус увагі праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай, якая ахарактарызавала яе як «русаненавісніцкую пранацысцкую» [59]. У выніку ўсе бюсты і барэльефы былі прыбраны.
У 2022 годзе чыноўнікі ўзяліся і за сферу турызму, у прыватнасці, за экскурсаводаў. У жніўні – верасні прайшла серыя затрыманняў, а ў праўладных СМІ з’яўляліся публікацыі дыфамацыйнага характару ў дачыненні да прадстаўнікоў турыстычных агенцтваў і шэрагу экскурсаводаў. У сувязі з патэнцыйнай пагрозай пераследу за свабоднае самавыяўленне экскурсаводы таксама звярнуліся да самацэнзуры і цяпер мусяць выбіраць словы, як і тое, пра што можна, а што не варта казаць. 2 верасня была прынята Пастанова № 582 «Аб экскурсійным абслугоўванні» [60], згодна з якой экскурсаводам і гідам-перакладчыкам неабходна праходзіць атэстацыю, якая пацвярджае іх кваліфікацыю. Пасведчанне выдаецца тэрмінам на 5 гадоў, а яго дзеянне можа быць прыпынена, калі будуць скаргі на якасць абслугоўвання. 7 снежня выйшла яшчэ адна Пастанова [61], згодна з якой асуджаныя паводле пратэсных артыкулаў (130, 342, 367–368 і іншых) не дапускаюцца да атэстацыі. З 1 студзеня 2023 года да працы дапушчаны толькі спецыялісты з гэтага рэестра.
ІНШЫЯ ПРАСТОРЫ КУЛЬТУРЫ
Пасля падзей 2020 года культурная сфера шмат у чым паралізавана: з Беларусі з’ехалі сотні музыкаў, тэатральных дзеячаў, прамоўтараў, дыджэяў і іншых людзей творчых прафесій (на жаль, рэальнай статыстыкі адносна колькасці тых, хто пакінуў краіну, няма). Закрыўся шэраг міждысцыплінарных культурных пляцовак. З не згаданых у раздзелах вышэй: яшчэ ў першым паўгоддзі абвясцілі пра спыненне працы ў Мінску культурны цэнтр «Корпус» – знакавая крос-культурная прастора горада, «Lo-Fi Social Club», івэнт-прастора «Месца».
Прыпыніла анлайн-продажы крама сувеніраў і адзення з нацыянальным каларытам «Мой модны кут» [афлайн-крама не працуе з мінулага года]. «Росквіт» у Баранавічах закрыты з 17 кастрычніка. Не працуе крама антыкварыяту «Буржуазныя каштоўнасці» ў Мінску. 23 снежня быў апошні дзень працы гродзенскага бара «Svaboda», чые меню з партрэтамі вядомых беларусаў не падабаліся кантрольным органам.
Усяго за 2020–2022 гады ў маніторынгу сабраны 18 фактаў парушэнняў аўтарскага права. Адзначым некалькі з іх, якія адбыліся на працягу 2022-га.
У пачатку года кінакрытык Тарас Тарналіцкі пісаў пра тое, што ў сеціве знайшлося некалькі пірацкіх копій фільма «Мішэнь» беларускай рэжысёркі Аляксандры Бутар [62]. Вядома, што ў шырокім пракаце стужкі не было, як і яе публічнай прэм’еры. Мастак Андрэй Задорын сутыкнуўся з тым, што яго праца «Стара-Барысаўскі тракт» (1987 года) экспанавалася ў Музеі Савіцкага на выставе «Зіма ў горадзе» ў напалову зменшаным выглядзе. Прадстаўніца музея пракаментавала, што карціна была ўзята з фондаў СМ БССР, і музей не мае дачынення да гэтай «пераробкі» [63]. Музыку і тату-майстру Алесю Таболічу давялося адстойваць назву «Tattoo Fest», зарэгістраваную ім у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці. Гэтае пытанне атрымалася вырашыць з арганізатарамі аднайменнага фестывалю татуіроўкі ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва без суда, хоць выбачэнняў за неправамернае выкарыстанне сваёй назвы Таболіч так і не атрымаў. На вокладцы кнігі «Геноцид белорусского народа», выдадзенай пад рэдакцыяй генеральнага пракурора краіны ўлетку 2022 года, без дазволу выкарыстаны фотаздымак чужога аўтарства [здымак належыць аднаму з незалежных СМІ, які мае ў Беларусі статус экстрэмісцкага].
ПРАВА НА ЎДЗЕЛ У КУЛЬТУРНЫМ ЖЫЦЦІ
У індэксе Беларускага Хельсінкскага Камітэта [64] права на ўдзел у культурным жыцці ацэньваецца паводле 4 кампанентаў: удзел у культурным жыцці, доступ да культурнага жыцця, магчымасць рабіць унёсак у культурнае жыццё і абарона культурнай разнастайнасці. У гэтым раздзеле мы прывядзём шэраг прыкладаў, якія ілюструюць стан сферы з гледзішча магчымасці ўдзелу і доступу да культурнага жыцця краіны.
Згаданая вышэй сітуацыя з дзяржаўнай цэнзурай на паказ ігравых фільмаў «Тры таварышы», «Дзесяць жыццяў мядзведзя» і «Гэта я, Мінск» закранула, з аднаго боку, культурныя правы непасрэдна саміх аўтараў і стваральнікаў карцін, а з іншага – правы гледачоў, якія страцілі магчымасць убачыць гэтыя аўтарскія творы. Тое ж тычыцца сітуацый са спектаклямі, канцэртамі або выставамі, якія не прайшлі цэнзуру, адмененага менш чым за суткі да пачатку «з тэхнічных прычын» штогадовага мерапрыемства «Belarus Fashion Week» у Мінску, Хэлаўін-вечарынкі ў моладзевым цэнтры «Гродна» або забароненага Мінгарвыканкамам свята «Вясёлыя гарбузы» ў Цэнтральным батанічным садзе сталіцы [часткова святкаванне, мяркуючы з усяго, усё ж адбылося].
8 сакавіка ў Брэсце затрымалі людзей, якія прыйшлі ўскласці кветкі да помніка ўкраінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку напярэдадні яго дня нараджэння. Як мінімум адзін з удзельнікаў сустрэчы – Алег Вялаў – быў пакараны 15 суткамі арышту. 27 чэрвеня міліцыя разагнала грамадзян у парку Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, не даўшы валанцёрам правесці свята «Дзень дзён народзінаў» для дзяцей уцекачоў з Украіны. У праграме былі заяўлены гульні і конкурсы, квэсты і падарункі. Ала Караленка, адна з арганізатараў мерапрыемства, была асуджана на 7 сутак зняволення. Адзначэнне пад Пінскам традыцыйнага народнага свята Купалле на пляцоўцы летняй кавярні ў ноч з 6 на 7 ліпеня прывяло да адміністрацыйнага суда і штрафу ў дачыненні да дырэктара сялянска-фермерскай гаспадаркі, які арганізаваў гэтае мерапрыемства. Узброеныя прадстаўнікі сілавых структур, якія ўварваліся 5 лістапада каля трэцяй гадзіны ночы на вечарынку ў «Hide Club», фактам «аблавы» парушылі як грамадзянска-палітычныя (сваімі агрэсіўнымі і хамскімі паводзінамі, ператрусамі і збіццём), так і культурныя правы ўсіх адпачывальнікаў. Адміністрацыйны пераслед Юліі Харытановіч, якая слухала ў машыне каля «Акрэсціна» (месца зняволення ў Мінску) песню Віктара Цоя «Перемен»; затрыманне ў Мінску Арцёма Панявежскага за праслухоўванне ў двары «антырасійскіх» песняў, а Багдана Вераса – за набыццё ў краме кнігі Ганса Кіншэрмана «Кроваво-красный снег. Записки пулеметчика Вермахта»; выстаўленне абвінавачанняў гамельчуку Уладзіміру Прадкіну за публікацыю ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» кнігі з мемуарамі нацысцкага генерала і фатаграфіі сябе ў форме нямецкага афіцэра, зробленай падчас здымання мастацкага фільма шмат гадоў таму, – усё гэта прыклады парушэння права на ўдзел у культурным жыцці.
ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
У другой палове 2022 года Беларускі ПЭН падрыхтаваў аналітычны дакумент «Беларуская мова ў перыяд грамадска-палітычнага крызісу: праявы моўнай дыскрымінацыі», які раскрывае тэму паслядоўнага ўціску беларускай мовы на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі. Усяго ў 2022 годзе мы зафіксавалі 41 сітуацыю дыскрымінацыі паводле прыкметы беларускай мовы як у дачыненні да індывідаў або арганізацый, так і на нацыянальным узроўні.
Грамадзяне Беларусі сутыкаюцца з фактамі дыскрымінацыі паводле прыкметы выкарыстання беларускай мовы ў самых розных месцах: у рэгістратурах дзяржаўных паліклінік – «разговаривайте нормально, а не по-белорусски» (мінчанка); у моманты затрыманняў – «Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает» (Зміцер Дашкевіч); у аддзелах па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю – «загадалі “говорить по-русски”» (мінчанка); у зняволенні – «настоятельно не советуют» весці ліставанне на беларускай (Анатоль Латушка) або «У асаблівым выглядзе пазначылі мне, дзе я знаходжуся, і таму павінны карыстацца рускаю» (Алег Кульша). Размова на беларускай мове можа нават зрабіцца падставай для затрымання – «разговаривал по-белорусски» (Алесь Цыркуноў).
У лютым на рэферэндуме – мерапрыемстве дзяржаўнага значэння – у камісій не было бюлетэняў на беларускай мове, а на стэндах бібліятэк, аформленых да Дня беларускай мовы, магло не быць ніводнай кнігі на беларускай мове. Усе сем ролікаў, якія прэзентуюць турыстычны патэнцыял краіны ў цэлым і кожнай вобласці ў прыватнасці, створаных Нацыянальным агенцтвам па турызме ў першую чаргу для саміх беларусаў [са слоў начальніка аддзела маркетынгу [65]], мелі толькі рускую і англійскую версіі. Галоўны рэдактар газеты «Бабруйскае жыццё» адмаўляецца друкаваць артыкулы на беларускай мове. Дэпутаты Слонімскага раённага савета дэпутатаў аднагалосна адмовіліся ад прапановы прымаць рашэнні адносна нарматыўна-прававых актаў не толькі на рускай, але і на беларускай, бо «так зручней большасці».
Улетку ва ўсёй Беларусі з’явіліся банеры, распрацаваныя Міністэрствам культуры ў гонар юбілеяў вядомых беларускіх дзеячаў, – усе яны былі выкананы выключна на рускай мове. Пераважна на рускай зроблена шматлікая вонкавая рэклама, прысвечаная «Году гістарычнай памяці». Памятная дошка на аршанскай школе ў гонар класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, які вучыўся ў ёй, таксама выканана на рускай, як і шчыт у Капылі з патрыятычным вершам Цішкі Гартнага.
Асобная дыскусія разгарнулася вакол прапановы чыноўнікаў адмовіцца ад выкарыстання беларускай лацінкі. Кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка выступіў 8 снежня з заявай аб магчымасці разгляду ў Беларусі пытання транслітарацыі беларускіх геаграфічных назваў і найменняў вуліц з выкарыстаннем рускай мовы [цяпер пераклад на лацінку робіцца з беларускай], аднак пазней гэтая інфармацыя была выдалена з матэрыялу дзяржагенцтва [66].
ЦІСК НА ПОЛЬСКУЮ І ЛІТОЎСКУЮ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ МЕНШАСЦІ
Асобная тэма, якая праходзіць у кантэксце парушэння правоў дзеячаў культуры і культурных правоў, – тэма палітычнага выкарыстання гісторыі, якая стала ў Беларусі асабліва вострай пасля задушэння масавых пратэстаў 2020 года. У рамках гэтага маніторынгу і паводле вынікаў 2022 года гісторык Аляксей Братачкін падрыхтаваў матэрыял, прысвечаны афіцыйнай палітыцы памяці, – «2022-ы – год «гістарычнай памяці» і палітычнага выкарыстання гісторыі ў Беларусі». Мы ж у гэтым раздзеле спынімся толькі на пытанні знішчэння культурнай разнастайнасці – прыгнёце культуры польскай і літоўскай нацыянальных меншасцяў як наступства палітыкі Лукашэнкі ў барацьбе з Польшчай і Літвой, нібыта каардынатарамі [67] спробы гвалтоўна змяніць уладу ў Беларусі ў 2020 годзе.
У пачатку 2023 года пачаўся суд над паэтам, журналістам і сябрам незарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў Андрэем Пачобутам [8 лютага 2023 года асуджаны на 8 гадоў калоніі строгага рэжыму], якому сярод іншага ставяць у віну заявы ў абарону польскай меншасці Беларусі. У кастрычніку 2022 года КДБ уключыў журналіста ў «Пералік асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Пад хатнім арыштам застаецца старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс, якая нібыта рэалізоўвала «дэструктыўныя ідэі, накіраваныя на гераізацыю ваенных злачынстваў, апраўданне генацыду беларускага народа, узбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і разладу» [68]. Абое сябры Саюза палякаў знаходзяцца ў зняволенні з сакавіка 2021 года. У лютым 2022 года затрымлівалася намесніца старшыні Рэната Дзем’янчук, у лістападзе ў яе і ў старшыні савета Саюза палякаў Ірэны Валюсь прайшлі ператрусы. У красавіку міліцыя выклікала «на размову» актывістку Саюза Анжаліку Арэхву, паведамлялася, што ў дачыненні да яе пачаты адміністрацыйны пераслед за публікацыю ў Facebook. Інфармацыйная прадукцыя сайта Саюза палякаў Беларусі – Znadniemna.pl. – была прызнана экстрэмісцкім матэрыялам яшчэ 30 снежня 2021 года. У траўні 2022 года тая ж доля спасцігла і «люстэрка» сайта – nadniemnemgrodno.pl. У лістападзе пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў эканамічны суд заяву аб ліквідацыі ТАА «Клерыгата», праз якое фактычна ажыццяўляў сваю дзейнасць Саюз палякаў Беларусі, у канцы снежня пачаўся працэс яго ліквідацыі.
Таксама ў 2022 годзе спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўніўся наступнымі СМІ: у лютым у яго было ўнесена «Радыё Рацыя» – СМІ, што базуецца ў Польшчы і крытыкуе ўрад Беларусі; у красавіку – інтэрнэт-рэсурс «MOST» («інфармацыйны мост паміж Беларуссю і Польшчай», як пазначана на сайце); у канцы ліпеня – польскія сайты Polskieradio.pl і Polskieradio24.pl. Сярод прымусова ліквідаваных у 2022 годзе НКА – некалькі найстарэйшых польскіх арганізацый Беларусі: «Клуб польскіх народных традыцый» (зарэгістраваны ў 1994 годзе), «Таварыства польскай культуры на Лідчыне» (1994), «Польскае навуковае таварыства» (1994), «Польска мацеж школьна» (1995), «Вспульнота полякув» (2019), а таксама «Браслаўскае раённае грамадскае аб’яднанне літоўцаў “Рытас”» (2000).
Паводле рэкамендацыі органаў дзяржбяспекі ў Пінску адмянілі запланаваныя мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю земляка – вядомага польскага пісьменніка і журналіста Рышарда Капусціньскага. У выніку ціску і заяў праўладнай актывісткі наконт «прапольскасці» літаратуразнаўцы, крытыка і перакладчыка Адама Мальдзіса Гродзенскі аблвыканкам прыпыніў працэдуру надання Астравецкай раённай бібліятэцы імя гэтага выбітнага земляка.
Адна з тэм антыпольскай рыторыкі ў дзяржаўных СМІ тычыцца партызан польскай Арміі Краёвай, якія нібыта мэтанакіравана знішчалі беларусаў падчас Другой сусветнай вайны. Яшчэ ў красавіку 2021 года афіцыйны Мінск завёў крымінальную справу на былых байцоў арміі, а ў канцы чэрвеня 2022-га з’явіліся першыя сведчанні знішчэння «непатрэбнай» для сістэмы памяці. 30 чэрвеня прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы Лукаш Ясіна звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць апаганьванне месцаў нацыянальнай польскай памяці ў Беларусі, спыніць акты вандалізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасці [69]. Усяго ў чэрвені – ліпені 2022 года была ўчынена шкода не менш чым 12 мясцінам памяці ў Гродзенскай вобласці: у вёсках Едкавічы, Стрыеўка, Сурканты, Плябанішкі, Мікулішкі, Качычы, Пескаўцы, Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, у Ваўкавыску і Ашмянах вандалы адсоўвалі надмагіллі, знішчалі і разбуралі адзінкавыя або брацкія магілы салдат, зносілі помнікі, здымалі з крыжоў памятныя дошкі. З касцёла Святых Пятра і Паўла ў Іўі паводле пастановы мясцовых улад выдалілі мемарыяльную дошку ў памяць пра салдат Арміі Краёвай. У канцы кастрычніка вандалы пашкодзілі помнік на магіле салдат Войска Польскага, палеглых у 1920 годзе ля вёскі Феліксава Лідскага раёна. У снежні тая ж доля спасцігла Катынскі крыж на вайсковых могілках у цэнтры Гродна – помнік палонным польскім афіцэрам, расстраляным НКУС у 1940 годзе.
Да восені 2022 года польскую меншасць [як і літоўскую] пазбавілі магчымасці вучыцца на роднай мове. 1 верасня ўступілі ў сілу змяненні ў Законе аб адукацыі [70], згодна з якім мовай выкладання можа быць толькі дзяржаўная [руская або беларуская]. Так, у Гродзенскай і Ваўкавыскай польскіх школах з новага навучальнага года – 2022/2023 – навучанне ажыццяўляецца на рускай мове, а польская звялася да прадметнай дысцыпліны – да ўрокаў мовы і літаратуры па адной гадзіне на тыдзень. Тое ж здарылася і з адзінай у краіне літоўскай школай – Рымдзюнскай сярэдняй школай, вучні якой страцілі магчымасць вучыцца на літоўскай мове. Другую – Пеляскую сярэднюю школу – улады закрылі незадоўга да пачатку новага навучальнага года, спаслаўшыся на «шэраг выяўленых парушэнняў» [71].
Тэма парушэнняў у дачыненні да аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны часткова закраналася ў раздзеле пра пераслед польскай нацыянальнай меншасці – гэта акты вандалізму, якія тычацца разбурэння месцаў польскай памяці (могілак і помнікаў). Усяго ў маніторынгу зафіксавана 80 парушэнняў, большасць з якіх тычыцца дрэннага ўтрымання аб’ектаў нерухомай спадчыны Беларусі – цэркваў, касцёлаў, сядзіб, сінагог і іншых гістарычных будынкаў, адсутнасці работ дзеля іх кансервацыі, няякаснай рэстаўрацыі, часам нават зносу, а таксама адсутнасці ў іх ахоўнага статусу.
У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь уключаны 5350 нерухомых матэрыяльна-культурных каштоўнасцяў, а распрацаваны толькі 385 праектаў аховы для 1602 аб’ектаў спадчыны, што складае 31 % ад агульнай колькасці [72]. Гэта значыць, што істотная частка помнікаў архітэктуры ніяк не абаронена і знішчаецца ў непасрэдным сэнсе слова. Звальненне ў пачатку 2022 года з упраўлення па абароне гістарычных помнікаў Міністэрства культуры ключавых фігур, якія дбалі пра сваю справу, – Наталлі Хвір з пасады загадчыцы ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і Святланы Краюшкінай з пасады намесніцы начальніка аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння – вялікі ўдар па сферы захавання спадчыны.
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
- Нізкае бюджэтаванне сферы: заробкі работнікаў культуры складаюць 54,9 % ад сярэдніх па краіне [73]; у 2022 годзе бюджэт горада Мінска на культуру [«культура і мастацтва», «кінематаграфія» і «іншыя пытанні ў галіне культуры»] склаў 0,69 % ад агульнага бюджэту сталіцы (7,1 млрд рублёў) [74].
- Забарона на прафесію: «чорныя спісы» дзеячаў культуры; падача характарыстыкі пры ўладкаванні на новую працу; цэнзура на свабодны распаўсюд прадуктаў творчасці.
- Дыскрымінацыйны характар дзейнасці дзяржавы ў сферы культуры: рост колькасці рэестраў і спісаў, камісій і саветаў; папраўкі ў Кодэксе аб культуры [75] паслужылі стварэнню «Рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў» і «Нацыянальнага рэестра экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў», у атэстацыі якіх закладзены першапачаткова дыскрымінацыйныя механізмы; экскурсійнае абслугоўванне наведвальнікаў музеяў могуць ажыццяўляць толькі работнікі гэтых музеяў; стварэнне камісій па кантролі за якасцю кніжнай прадукцыі і па праверцы дзейнасці Інстытута гісторыі – спосаб ідэалагічнага кантролю сферы і мінімізацыі прысутнасці ў ёй незалежнага сектара краіны.
- Сервільнасць сферы культуры для дзяржавы: складанне тэматычнага плана па выпуску сацыяльна значнай літаратуры, якая спансуецца Міністэрствам інфармацыі; дзяржзамова на здыманне кінафільмаў; перапрафіляванне музеяў пад патрэбы дзяржаўнай ідэалогіі; умяшанне ў рэпертуар дзяржаўных тэатраў.
- Дэбеларусізацыя: пераслед усяго нацыянальна арыентаванага – мовы, сімвалаў, гісторыі.
- Русіфікацыя і прасоўванне ідэалогіі «рускага свету»: агрэсіўная праца прадстаўніцтва «Россотрудничества» «Русский дом» у папулярызацыі рускай мовы, культуры і традыцый Расіі ў дзіцячых садках, школах і ВНУ Беларусі; святкаванне Дня Расіі ў Мінску і рэгіёнах; дамоўленасць паміж Лукашэнкам і Пуціным пра абвяшчэнне 2023 года «Годам рускай мовы» [76]; Дні расійскай культуры; русіфікацыя з дапамогай манументальнай прапаганды. Упершыню за ўсю гісторыю існавання ўзнагароды званнем народнага пісьменніка Беларусі быў ушанаваны выключна рускамоўны аўтар.
- Звядзенне культурнай разнастайнасці да «супрацоўніцтва двух брацкіх народаў» – беларусаў і рускіх: прыгнёт культуры польскіх і літоўскіх нацыянальных меншасцяў; гала-канцэрты ў гонар Дня народнага адзінства; фестываль «Славянскае адзінства»; беларуска-расійскія форумы; прапановы павялічыць фінансаванне праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы ў сферы культуры, навукі і адукацыі [77].
- Саветызацыя паўсядзённасці: ускладанне кветак да помніка Леніну; выстава «Эпоха СССР» і мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя ўтварэння СССР; цырымонія развітання з піянерскім гальштукам і ўступленне ў шэрагі БРСМ; савецкая сімволіка на дзяржаўных святах і мерапрыемствах.
- Ідэалагізацыя сферы культуры: актыўная праца з кадрамі ў ВНУ і на прадпрыемствах; прарэктары па бяспецы і кадрах; прызначэнне адказных за ідэалогію.
- Прапаганда і мова варожасці: мэтанакіраваная дыфамацыя і дыскрэдытацыя дзеячаў культуры ў дзяржаўных СМІ і праўладных Telegram-каналах.
- Заахвочванне дзейнасці праўладных актывістаў у барацьбе з беларускім мастацтвам: у выніку надуманых зваротаў (даносаў) праўладных актывістаў у аддзелы культуры мясцовага і рэспубліканскага значэння чыноўнікі адмяняюць мерапрыемствы і канцэрты, закрываюць экспазіцыі, прыбіраюць карціны з выстаў, а кнігі – з продажу.
ЗАМЕСТ ВЫСНОЎ: КУЛЬТУРА – У ЗНЯВОЛЕННІ
Аўтарская публікацыя ў Facebook і сітуацыя вакол яе як ілюстрацыя таго, што адбывалася з культурай Беларусі ў 2022 годзе і хто трапляе за турэмныя краты [78].
Сяргей Гаранін, навуковец, намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» НАН Беларусі. Быў затрыманы ў выніку «візіту» КДБ у Акадэмію навук 2 лістапада 2022 года і правёў на Акрэсціна 10 сутак паводле арт. 19.11 ПВКаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Звольнены з Акадэміі навук пасля адбыцця адміністрацыйнага пакарання.
***
Спампаваць pdf-версію маніторынга
[1] Так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакаранняў паводле крымінальных артыкулаў – абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
[2] Так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакаранняў паводле крымінальных артыкулаў – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
[3] Працэдура прызнання палітзняволеным замацавана пэўным рамачным дакументам.
[4] Андрэй Пятроўскі цалкам адбыў пакаранне і выйшаў на волю 31.01.2023.
[5] 8 лютага 2023 года Андрэй Пачобут асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
[6] 1 лютага 2023 года Глеб Гладкоўскі асуджаны на 5 гадоў калоніі.
[7] 5 студзеня 2023 года Вацлаў Арэшка асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
[8] 19 студзеня 2023 года Мэрыем Герасіменка асуджана на 3 гады «хатняй хіміі» і вызвалена з-пад варты.
[9] 3 лютага 2023 года Віктар Бойка асуджаны на 3 гады «хатняй хіміі» і вызвалены з-пад варты.
[10] 13 студзеня 2023 года Аляксандр Лычаўка асуджаны на 3 гады «хатняй хіміі» і вызвалены з-пад варты.
[11] 16 студзеня 2023 года Валерыя Чарнаморцава асуджана на 2,5 года «хатняй хіміі» і вызвалена з-пад варты.
[12] У сярэдзіне студзеня 2023 года Ксенія Луцкіна была этапавана ў калонію.
[13] У канцы студзеня 2023 года Андрэй Аляксандраў быў этапаваны ў калонію.
[14] 6 лютага 2023 года Юрый Уласюк быў прызнаны палітзняволеным.
[15] 7 лютага 2023 года Сяргей Козел асуджаны на 3 гады «хатняй хіміі» і адпушчаны ў зале суда.
[16] 6 лютага 2023 года Аксана Зарэцкая была прызнана палітзняволенай.
[17] Кірыл Салееў пакінуў краіну дзеля бяспекі.
[18] Аляксандр Васілевіч быў вызвалены ў зале суда ў сувязі з заканчэннем тэрміну прыцягнення да адказнасці.
[19] Артур Эшбаеў пакінуў краіну дзеля бяспекі.
[20] Алег Груздзіловіч вызвалены 21.09.2022 паводле памілавання.
[21] Канстанцін Шульга пакінуў краіну дзеля бяспекі.
[22] Дзмітрый Панцялейка цалкам адбыў пакаранне і выйшаў на волю 25.11.2022.
[23] Васіль Ярмоленка пакінуў краіну дзеля бяспекі.
[24] Галіна Семечка пакінула краіну дзеля бяспекі.
[25] Вера Цвікевіч цалкам адбыла пакаранне і выйшла на волю 26.10.2022, была дэпартавана.
[26] Анастасія Кухарава пакінула краіну дзеля бяспекі.
[27] Таццяна Барысовіч пакінула краіну дзеля бяспекі.
[28] Ірына Яўмененка пакінула краіну дзеля бяспекі.
[29] Аксана Колб пакінула краіну дзеля бяспекі.
[30] Аксана Каспяровіч цалкам адбыла пакаранне і выйшла на волю 08.07.2022.
[31] 22 лістапада справа Дануты Перадні была разгледжана паўторна (з прычыны фармальнай памылкі).
[32] Канстанцін Высочын пакінуў краіну дзеля бяспекі.
[33] Аляксандр Дземідовіч пакінуў краіну дзеля бяспекі.
[35] Ілля Міронаў быў вызвалены ў зале суда ў сувязі з заканчэннем тэрміну прыцягнення да адказнасці.
[36] https://www.instagram.com/p/CiHa-Y6IXLe/?igshid=YmMyMTA2M2Y%3D.
[37]https://president.gov.by/ru/events/aleksandr-lukashenko-podpisal-zakon-ob-izmenenii-ugolovno-processualnogo-kodeksa-respubliki-belarus.
[38] https://president.gov.by/ru/events/vneseny-popravki-v-zakon-o-grazhdanstve-respubliki-belarus.
[39] https://www.mvd.gov.by/ru/news/8642.
[40] Рэспубліканская камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі.
[41] https://www.kgb.by/ru/perechen-inf-ru/.
[42] https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=W22238985&p1=1&p5=0.
[43]https://www.belta.by/society/view/kollaboratsionistskoe-privetstvie-vkljucheno-v-perechen-natsistskoj-simvoliki-i- atributiki-534099-2022/.
[44] Маніторынг НКА, якія знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі.
[45] У маніторынгу фіксуюцца НКА 4 арганізацыйна-прававых форм: грамадскія аб’яднанні, фонды, прыватныя ўстановы і асацыяцыі.
[46] Прыняцце рашэння некамерцыйнымі арганізацыямі пра самаліквідацыю.
[47]https://prokuratura.gov.by/ru/media/novosti/nadzor-za-resheniyami-po-ugolovnym-i-grazhdanskim-delam/nezakonno-organizova/.
[48]https://www.lawtrend.org/freedom-of-association/svoboda-assotsiatsij-i-pravovoe-polozhenie-organizatsij-grazhdanskogo-obshhestva-v-respublike-belarus.
[49]https://www.lawtrend.org/freedom-of-association/situatsiya-so-svobodoj-assotsiatsij-i-organizatsiyami-grazhdanskogo-obshhestva-respubliki-belarus-obzor-za-oktyabr-2022-g.
[50] https://www.facebook.com/pavel.barkouski/posts/pfbid025HDDhw5sRfRovp7YgzJNLVJ72GtZuWNXvS77fb1csB7MgVF7qtgPHFbFkEen9zjTl.
[51] Людміла Гладкая. СБ. Беларусь сёння.
[52] https://telegra.ph/Kn%D1%96g%D1%96-Baradul%D1%96na-Izyat-12-30.
[53] https://www.youtube.com/watch?v=SWwpMj1zG-0.
[54] https://reform.by/315521-u-chasopise-mastactva-prado-zhylasja-aptymizacyja.
[55]https://1387.by/paslja-zvalnennja-mne-nihto-z-kaleg-ne-patjelefanava-jak-byccam-ja-perastala-dlja-ih-isnavac-razmova-z-artystkaj-alaj-grahavaj/.
[56] https://t.me/pressmvd/3259.
[57] https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=H12300241&p1=1&p5=0.
[58] https://youtu.be/chU-CDMLSz4.
[59] https://t.me/grodno_specnaz2/4869.
[60] Пастанова «Аб экскурсійным абслугоўванні».
[61] https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=C22200839&p1=1&p5=0.
[62] https://t.me/holybelawood/3187.
[63] https://www.facebook.com/100001176392035/posts/4642997712416063/.
[64] https://belhelcom.org/ru.
[65]https://marketing.by/keysy/strana-udivitelnykh-otkrytiy-natsionalnoe-agentstvo-po-turizmu-snyalo-sem-videorolikov-o-belarusi/.
[66]https://www.belta.by/society/view/sergeenko-pamjatnik-narodnomu-edinstvu-dolzhen-nahoditsja-v-tsentre-minska-539011-2022/.
[67] https://president.gov.by/ru/events/torzhestvennoe-sobranie-v-chest-dnya-nezavisimosti.
[68] https://adu.by/images/2022/08/Genocide-belorusskogo-naroda.pdf.
[69] https://www.gov.pl/web/dyplomacja/oswiadczenie-msz11.
[70] Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
[71] https://www.shliah.by/news/obshhestvo/news29261.html.
[72] http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=18202.
[73] http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=18840.
[74] https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=D922o0113271&p1=1&p5=0.
[75] https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=H12200201&p1=1&p5=0.
[76] https://www.belarus.kp.ru/online/news/5074654/.
[77]https://www.belta.by/society/view/sojuznye-parlamentarii-predlozhili-uvelichit-v-3-raza-finansirovanie-programm-v-sfere-kultury-nauki-i-513022-2022/.
[78] https://www.facebook.com/100010397918086/posts/pfbid0332LMZdgjguhugQ58uSKmvFbPNXkBXbSdRyVrc45D5XpB7r9xdXWy4JUzcxAuftCul/.