З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН сістэматычна збірае факты парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Гэты дакумент змяшчае статыстыку і аналіз парушэнняў за дзевяць месяцаў 2022 года, а таксама адлюстроўвае асноўныя тэндэнцыі і характар дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры. Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры.
NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, згодна з дзейнымі ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўнымі прадпісаннямі, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні. Больш пра маніторынг.
I. АГУЛЬНЫЯ ВЫНІКІ
За студзень – верасень 2022 года зафіксавана 998 парушэнняў* культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Сярод іх:
- 715 парушэнняў у дачыненні да 403 дзеячаў культуры і асоб, чые культурныя правы былі парушаны;
- 158 парушэнняў у дачыненні да 133 арганізацый і супольнасцяў;
- 94 парушэнні ў дачыненні да аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны або беларускай мовы;
- *у агульны ўлік звестак таксама ўнесены 31 матэрыял, датычны тэмы культуры (сайт, YouTube-канал, артыкул, кліп, кніга і г. д.) або дзеячаў культуры (старонка ў сацыяльнай сетцы), уключаны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь у спіс экстрэмісцкіх.
II. ПАЛІТЫЧНЫЯ ЗНЯВОЛЕНЫЯ – ДЗЕЯЧЫ КУЛЬТУРЫ
Усяго, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі 1324 палітычныя зняволеныя [1] станам на 30 верасня 2022 года. У тым ліку палітзняволеным прызнаны 101 дзеяч культуры.
43 чалавекі адбываюць крымінальнае пакаранне ў калоніях: архітэктар Арцём Такарчук (асуджаны на 3,5 года); бард і праграміст Анатоль Хіневіч (2,5 года); дырэктар канцэртнага агенцтва Іван Канявега (3 гады); аўтар дакументальных фільмаў і блогер Павел Спірын (4,5 года); UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў (7 гадоў узмоцненага рэжыму); барабаншчык Аляксей Санчук (6 гадоў узмоцненага рэжыму); менеджарка культуры Міа Міткевіч (3 гады); пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч Павел Севярынец (7 гадоў узмоцненага рэжыму); танцоры Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў (па 5 гадоў узмоцненага рэжыму); мецэнат Віктар Бабарыка (14 гадоў узмоцненага рэжыму); акцёр Сяргей Волкаў (4 гады ўзмоцненага рэжыму); мастак па святле Даніла Ганчароў (2 гады); музыка Павел Ларчык (3 гады); паэтка і публіцыстка Ксенія Сырамалот (2,5 года); былыя студэнткі факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Яна Арабейка і Кася Будзько (па 2,5 года); былая студэнтка Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік (2,5 года); былая студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Вікторыя Гранкоўская (2,5 года); дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч (8 гадоў узмоцненага рэжыму); музыка, дыджэй Артур Аміраў (3,5 года ўзмоцненага рэжыму); настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Андрэй Пятроўскі (1,5 года); паэт, бард і адвакат Максім Знак (10 гадоў узмоцненага рэжыму); музыка і менеджарка культурных праектаў Марыя Калеснікава (11 гадоў); музыкі Уладзімір Калач і Надзея Калач (па 2 гады); музыкі Пётр Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая) і Антон Шніп [2] (па 1,5 года); мастак Алесь Пушкін (5 гадоў узмоцненага рэжыму); літаратар, музыка і аўтар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Скурко (2,5 года); аўтар музычнага праекта і дырэктар тыпаграфіі Арцём Федасенка (4 гады); рэканструктар гісторыі і актывіст Кім Самусенка (6,5 гадоў); аўтар тэкстаў для часопісаў «Наша гісторыя» і «Arche» Андрэй Акушка (2,5 года); музыка і актывіст Сяргей Спарыш (6 гадоў узмоцненага рэжыму); нон-фікшн інтэрнэт-аўтар і блогер Павел Вінаградаў (5 гадоў); паэт, перакладчык і журналіст Андрэй Кузнечык (6 гадоў узмоцненага рэжыму); архітэктар Іван Паршын (2 гады); літаратарка і актывістка Алена Гнаўк (3,5 года); ювелір і рэканструктар гісторыі Міхаіл Лабань (4 гады); літаратарка і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) (8 гадоў і 3 месяцы ўзмоцненага рэжыму); аўтар і рэдактар інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» Павел Пернікаў (2 гады); паэт і заснавальнік літаратурнай «Мядовай прэміі» Мікалай Папека (замянілі «хімію» на 8,5 месяца калоніі).
6 дзеячаў культуры адбываюць крымінальнае пакаранне ў выглядзе «хіміі» [3]: паэт і рэжысёр Ігнат Сідорчык (асуджаны на 3 гады); дызайнер Максім Таццянок (3 гады); навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Аляксандр Галкоўскі (1,5 года); дырэктар студыі вэб-дызайну Глеб Койпіш (2 гады); віяланчэліст Ілля Ганчарык (4 гады); акцёр кіно Дзяніс Іваноў (2 гады). [6 кастрычніка з’ехала на месца адбыцця пакарання менеджарка культурных праектаў, сацыёлаг Таццяна Вадалажская (2,5 года).]
12 чалавек знаходзяцца ў турмах: мастак Аляксандр Нурдзінаў (асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму); мастак і мультыплікатар Іван Вярбіцкі (8 гадоў і 1 месяц узмоцненага рэжыму); аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок (5 гадоў); прамоўтар гісторыі, блогер Эдуард Пальчыс (13 гадоў узмоцненага рэжыму); аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч (20 гадоў узмоцненага рэжыму) і менеджар культуры, блогер Сяргей Ціханоўскі (18 гадоў узмоцненага рэжыму) знаходзяцца ў турмах, куды іх перавялі з калоній у выніку ўзмацнення рэжыму зняволення. Філосаф, метадолаг і публіцыст Уладзімір Мацкевіч [4] (асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму), стрыт-арт-мастак і IT-спецыяліст Дзмітрый Падрэз (7 гадоў узмоцненага рэжыму), бібліятэкарка Юлія Лаптановіч (5 гадоў) і архітэктар Аляксей Парэцкі (3 гады) чакаюць этапавання ў калоніі. Краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар (ужо асуджаны на 3 гады калоніі) утрымліваецца ў турме з прычыны паўторнага судовага разгляду. Утрымліваецца ў турме і менеджар культуры Павел Мажэйка, затрыманы 30 жніўня 2022 года.
38 дзеячаў культуры знаходзяцца ў следчых ізалятарах МУС і КДБ, чакаючы суда або этапавання ў месцы адбыцця пакарання: менеджар культуры Эдуард Бабарыка (з 18.06.2020); паэт, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў [5] (з 12.01.2021); паэт і сябра Саюза палякаў Беларусі Андрэй Пачобут (з 25.03.2021); аўтарка і рэдактарка, палітолаг і аналітык Валерыя Касцюгова (з 30.06.2021); літаратуразнаўца, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, эсэіст, праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі (з 14.07.2021); музыка Сяргей Далівеля [6] (з 29.09.2021); фатограф і журналіст Генадзь Мажэйка (з 01.10.2021); заснавальнік symbal.by, менеджар культурных праектаў Павел Белавус (з 15.11.2021); пісьменнік-фантаст і журналіст Сяргей Сацук (з 08.12.2021); музыка Крысціна Чаранкова (з 22.03.2022); настаўнік-мастак Андрэй Раптуновіч (з 16.05.2022); былы дырэктар івэнт-агенцтва «KRONA» Сяргей Гунь (з 03.06.2022); дызайнер і фатограф Дзяніс Шарамецьеў [7] (з 14.06.2022); настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Тарноўская (з 25.07.2022); архітэктар і музыка Аляксандр Кухарэнка (з 02.08.2022); керамістка Наталля Карнеева (з 19.08.2022); краязнаўца і журналіст Яўген Меркіс (з 13.09.2022).
Мастак і дызайнер інтэр’ераў Канстанцін Прусаў (09.02.2022 асуджаны на 3,5 года калоніі); гукааператар Вадзім Дзенісенка (23.03.2022 асуджаны на 2,5 года калоніі); рэжысёр Дзмітрый Панцялейка (28.03.2022 асуджаны на 1 год калоніі); бас-гітарыст Віктар Катоўскі (14.04.2022 асуджаны на 3 гады калоніі); артыстка тэатра Вера Цвікевіч (06.05.2022 асуджана на 1 год калоніі); літаратар Аляксандр Новікаў (27.06.2022 асуджаны на 2 гады калоніі); адлічаная з МДУ імя Куляшова студэнтка рамана-германскай філалогіі Данута Перадня (01.07.2022 асуджана на 6,5 года калоніі); дыджэй Ігар Фалейчык (07.07.2022 асуджаны на 2 гадыкалоніі); удзельнік фестываляў народнай творчасці Аляксей Вячэрні (08.07.2022 асуджаны на 1 год і 9 месяцаў калоніі); публіцыст, аўтар турэмнай літаратуры і актывіст Зміцер Дашкевіч [8] (14.07.2022 асуджаны на 1,5 года калоніі); краязнаўца і падарожнік Ігар Галушка [9] (14.07.2022 асуджаны на 2,5 года калоніі); бібліятэкарка Юлія Чамлай (18.07.2022 асуджана на 2 гады калоніі); фатограф Валерый Кліменчанка (01.08.2022 асуджаны на 1,5 года калоніі); музыка Уладзіслаў Плюшчаў (04.08.2022 асуджаны на 2 гады калоніі); фатограф Аляксандр Кудловіч (17.08.2022 асуджаны на 2 гады калоніі); дыджытал-мастак Віктар Кулінка (01.09.2022 асуджаны на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму); літаратар, перакладчык, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута (05.09.2022 асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); адміністратар культурна-гістарычнага Telegram-канала «Rezystans» Мікіта Слепянок (06.09.2022 асуджаны на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму); мастачка Ганна Кісялёва (15.09.2022 асуджана на 1,5 года калоніі); дызайнерка Марына Маркевіч (15.09.2022 асуджана на 2,5 года калоніі); рэжысёрка дакументальных фільмаў, журналістка Ксенія Луцкіна (28.09.2022 асуджана на 8 гадоў калоніі).
Старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс і былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Эма Сцепулёнак пасля года зняволення ў СІЗА пераведзены под хатні арышт і па-ранейшаму застаюцца ў статусе палітзняволеных.
Разам са 101 палітзняволеным – дзеячам культуры яшчэ 19 прадстаўнікоў сферы знаходзяцца ў зняволенні паводле крымінальных спраў [з тых, пра чый статус нам вядома]: дыджэй Віталь Калеснікаў (у калоніі); рэканструктар гісторыі Вадзім Шылько (у следчай турме); графічныя дызайнеры Уладзімір Яршоў (у калоніі) і Сяргей Стоцкі (няма інфармацыі); паэт, прадзюсар і блогер Уладзіслаў Савін (пераведзены з калоніі ў СІЗА); музыкі Вадзім Гулевіч і Сяргей Нікіцюк (няма інфармацыі пра месцы зняволення); мастак па святле Вадзім Васільеў (у СІЗА); мастак Генадзь Драздоў (няма інфармацыі); спявачка Мэрыем Герасіменка (у СІЗА); экскурсаводка Аксана Манкевіч [10] (у СІЗА). Або адбываюць пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі» [11]: перакладчыца Вольга Калацкая; паэтка і музыка Ганна Важнік; дызайнерка Таццяна Мініна; менеджарка культуры Рэгіна Лавор; гумарыст, удзельнік КВК Васіль Краўчук; настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Пуцыковіч; былы дырэктар музея «Пружанскі палацык» Юрый Зялевіч; аўтар, рэдактар інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» і IT-спецыяліст Марк Бернштэйн.
III. СУДОВЫЯ ПРЫСУДЫ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ
Усяго за дзевяць месяцаў 2022 года былі асуджаны 62 дзеячы культуры. У абвінавачаннях ім выставілі ад аднаго да шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Часцей за ўсё фігураваў адзін або некалькі дыфамацыйных артыкулаў (188, 367–370) – за «абразу» або «паклёп» у дачыненні да Лукашэнкі або іншых прадстаўнікоў улады, «дыскрэдытацыю Беларусі» (ва ўмовах рэжыму Лукашэнкі гэта пакаранне за выказванне меркавання пра тое, што адбываецца ў краіне). Адзін з дыфамацыйных артыкулаў прысутнічаў у абвінавачаннях 22 дзеячаў культуры, а музыка Аляксандр Казакевіч быў асуджаны двойчы паводле аднаго і таго жа артыкула. На другім месцы паводле частаты выстаўленых абвінавачанняў – артыкул 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») – прыцягненне да крымінальнай адказнасці за ўдзел у мірных сходах і пратэстах 2020 года. 21 дзеяч культуры быў асуджаны выключна на падставе гэтага артыкула, яшчэ 6 мелі ў «складзе злачынства» гэтае і іншыя абвінавачанні. На трэцім месцы – крымінальны пераслед паводле артыкула 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу»), які таксама выкарыстоўваецца судовай сістэмай Беларусі як пакаранне за выказванне меркавання: ён прысутнічаў у абвінавачаннях 11 дзеячаў культуры.
Большасці дзеячаў культуры прызначылі пакаранне ў выглядзе калоніі. Так, 8 чалавек былі або будуць адпраўлены ў калонію строгага рэжыму, яшчэ 32 – агульнага. 12 дзеячаў культуры былі асуджаны на «хімію», 10 – на «хатнюю хімію».
IV. ДЗЕЯЧЫ КУЛЬТУРЫ, ПРА ЯКІХ МЫ МАЕМ НЯПОЎНУЮ ІНФАРМАЦЫЮ
На працягу студзеня – верасня 2022 года мы фіксавалі затрыманні шэрагу дзеячаў культуры, пра якіх у нас адсутнічае далейшая інфармацыя (цалкам або часткова): 18 лютага быў затрыманы музыка і студэнт Канстанцін Зімніцкі – больш пра яго не было інфармацыі; 5 траўня – музыка Андрэй Задзяркоўскі; 16 траўня – выкладчык гісторыі Мінскага лінгвагуманітарнага каледжа Андрэй Дараховіч; 17 траўня – дызайнерка Аліна Каўтуноўская (пра Аліну вядома, што ёй выставілі абвінавачанне паводле артыкула 342, аднак няма інфармацыі пра яе цяперашняе месцазнаходжанне); 3 чэрвеня быў затрыманы рэканструктар гісторыі і ўладальнік караоке-бара «Шум» Аляксей Гурскі; 14 ці 15 чэрвеня – загадчык аддзела культурна-адукацыйнай працы Магілёўскага абласнога музея імя Масленікава Дзмітрый Жураўскі; 28 чэрвеня – менеджар культурных праектаў і палітычны актывіст Зміцер Бандарчук; 2 жніўня – краязнаўца і журналіст Ігар Хмара (знаходзіцца ў СІЗА, але не вядома, што яму выставілі); 3 жніўня – дырэктарка і заснавальніца турыстычнай кампаніі «Віяполь» Галіна Патаева; 4 жніўня – дырэктар бара «Банкі-Бутэлькі» Андрэй Жук (вядома, што цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА, але няма звестак пра выстаўленыя яму абвінавачанні); 17 жніўня – мастак-ілюстратар Вадзім Багрый (ёсць звесткі пра заведзеную супраць яго справу паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса, але не вядома, дзе ён знаходзіцца); 18 жніўня – бард, пісьменнік Аляксей Ільінчык і мастак Генадзь Драздоў (вядома пра артыкул 342, выстаўлены Генадзю, але няма звестак пра яго цяперашняе месцазнаходжанне). Таксама вядома пра пераслед паводле трох крымінальных артыкулаў затрыманага 25 жніўня музыкі Сяргея Нікіцюка, аднак і яго месца зняволення не вядомае. 27 жніўня быў затрыманы гітарыст Захар Сабін. 13 верасня стала вядома пра затрыманне гісторыка Яўгена Гурынава. Не вядома, якія абвінавачанні выставілі экскурсаводцы Аксане Манкевіч – яе затрымалі 14 верасня і змясцілі ў СІЗА. 21 верасня стала вядома пра затрыманне Арцёма Слізкага, дырэктара праекта «Нязведаная вузкакалейка», які займаецца захаваннем і папулярызацыяй спадчыны вузкакалейных чыгунак. 22 верасня быў затрыманы дзіцячы пісьменнік і выкладчык прыватнай школы Дзмітрый Юртаеў. 28 верасня стала вядома пра затрыманне музыкі Алега Самсонава.
V. УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ Ў ЗНЯВОЛЕННІ, УЗМАЦНЕННЕ ЖОРСТКАСЦІ РЭЖЫМУ І ПРАКТЫКА ПАЎТОРНЫХ СУДОЎ
Пераслед дзеячаў культуры, затрыманых паводле палітычных матываў, працягваецца і ў зняволенні. Паступае шмат сведчанняў, што асуджаныя паводле адміністрацыйных артыкулаў сутыкаюцца з антысанітарнымі ўмовамі, холадам, адсутнасцю ў камерах матрацаў, перапоўненасцю камер, забаронай на ліставанне, чытанне і шпацыры, з начнымі праверкамі, няякасным аказаннем медыцынскай дапамогі, грубым абыходжаннем з боку супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы і інш.
Мы працягваем атрымліваць паведамленні ад затрыманых і асуджаных паводле крымінальных артыкулаў дзеячаў культуры, што яны рэгулярна сутыкаюцца з блакаваннем карэспандэнцыі і пазбаўленнем перадач; з абмежаваннем у шпацырах, чытанні і занятках спортам; з забаронай на званкі і спатканні з роднымі, на зносіны з іншымі зняволенымі; з адмовай у шпіталізацыі і інш. Палітзняволеных нярэдка ставяць на «прафілактычны ўлік», у выніку чаго яны зазнаюць дадатковы кантроль і абмежаванні. Яшчэ адна з практык ціску – вынясенне ў дачыненні да палітычных зняволеных адміністрацыйных спагнанняў паводле надуманых прычын. Так, музыка і менеджарка культурных праектаў Марыя Калеснікава сваё другое спагнанне атрымала за тое, што, як сцвярджае адміністрацыя калоніі, перабівала начальніка папраўчай калоніі падчас накладання першага спагнання.
Адна з распаўсюджаных практык ціску на нелаяльных уладзе зняволеных – змяшчэнне ў штрафны ізалятар (ШІЗА) ці ў карцар. Вядома, што адзін раз (на 10 сутак) або больш туды былі адпраўлены прамоўтар гісторыі і блогер Эдуард Пальчыс, аўтар турэмнай літаратуры і актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок, краязнаўца Уладзімір Гундар, мецэнат Віктар Бабарыка, аўтар нон-фікшн кнігі і журналіст Алег Груздзіловіч, літаратарка і актывістка Алена Гнаўк, нон-фікшн інтэрнэт-аўтар і блогер Павел Вінаградаў. Мікалай Дзядок «адзначыў» у карцары Новы год, у ШІЗА – дзень нараджэння. Туды ж у свой дзень нараджэння быў змешчаны і аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч. Нярэдка менавіта з ШІЗА пачынаецца «жыццё» зняволенага паводле палітычных артыкулаў пасля этапавання ў калонію.
За «сістэмныя» парушэнні палітзняволеных, якія адбываюць пакаранне ў калоніі, могуць адправіць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ) – турэмную камеру, з якой выходзяць толькі на працу і паўгадзінны шпацыр у дзень і дзе ўводзяцца абмежаванні на пасылкі, лісты, куплю неабходных рэчаў у турэмнай краме і інш. Вядома, што за акрэслены перыяд у ПКТ траплялі (ці знаходзяцца там на цяперашні момант) аўтар турэмнай літаратуры Мікалай Дзядок (правёў там 4 месяцы), аператар Вячаслаў Ламаносаў (тэрмін невядомы), мастак Алесь Пушкін (быў адпраўлены на 5 месяцаў), UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў (на 6 месяцаў).
«Злосныя парушальнікі ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання» могуць быць пераведзены ў крытую турму або ва ўмовы больш строгага рэжыму. У сакавіку 2022 года праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў пра 28 палітзняволеных (вядомыя выпадкі), якім узмацнілі рэжым і якіх перавялі ў турму. Сярод іх – і прадстаўнікі культурнай сферы краіны. Так, суд пастанавіў замяніць «хімію» на 8,5 месяца калоніі паэту і пчаляру Мікалаю Папеку. З калоніі на турэмны рэжым перавялі мастака і мультыплікатара Івана Вярбіцкага (тэрмін невядомы); мастака Аляксандра Нурдзінава (тэрмінам на 2 гады); аўтара турэмнай літаратуры Мікалая Дзядка (2 гады і 10 месяцаў); менеджара культуры і блогера Сяргея Ціханоўскага (3 гады) – яму замянілі рэжым на турэмны праз месяц знаходжання ў калоніі; прамоўтара гісторыі і блогера Эдуарда Пальчыса (тэрмін невядомы).
Што тычыцца практыкі паўторных судоў. Як нам вядома з публічных паведамленняў, для далейшага ціску на прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці паводле палітычных матываў выкарыстоўваецца метад, які негалосна атрымаў назву «карусель», – практыка перазатрымання, калі па заканчэнні адных «сутак» адбываецца наступны суд і затрыманне на новыя «суткі». У акрэслены перыяд гэта здарылася з менеджарам культурных праектаў і праваабаронцам Аляксандрам Капуцкім, кнігавыдаўцом Андрэем Янушкевічам, літаратурным крытыкам Настай Карнацкай, настаўнікам-мастаком Андрэем Раптуновічам, музыкам Барысам Жахоўскім, спявачкай Мэрыем Герасіменка, музыкам Ігарам Банцарам, выкладчыкам філасофіі ў Мінскай духоўнай акадэміі і святаром Уладзіславам Багамольнікавым, паэтам Анатолем Санаценкам. У шэрагу выпадкаў адміністрацыйныя справы перацяклі потым у крымінальны пераслед.
Адбываецца гэта і з ужо асуджанымі паводле крымінальных артыкулаў. Так, ажыццяўляліся паўторныя працэсуальныя дзеянні ў дачыненні да літаратаркі і журналісткі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), у выніку чаго яна не толькі не выйшла на волю ў пачатку верасня 2022 года па заканчэнні тэрміну першага прысуду (2 гады калоніі агульнага рэжыму), але і была асуджана паўторна ўжо на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму. У рамках судовага разбору паводле «справы Аўтуховіча» [нібыта аб падрыхтоўцы тэракту] абвінавачаным з’яўляецца і краязнаўца Уладзімір Гундар [12], які ўжо адбываў пакаранне тэрмінам у 3 гады калоніі. Праз некалькі месяцаў пасля вынясення першага прысуду (3 гады «хатняй хіміі») у рамках новай крымінальнай справы была затрымана і асуджана ўжо на 5 гадоў калоніі бібліятэкарка Юлія Лаптановіч. Праз тыдзень пасля першага суда і прысуду ў 1,5 года «хатняй хіміі» быў паўторна затрыманы паводле таго жа крымінальнага артыкула музыка Аляксандр Казакевіч і праз 2 месяцы ў СІЗА асуджаны агулам на 2 гады «хатняй хіміі». Літаратарка і актывістка Алена Гнаўк з’яўляецца рэкардсменкай паводле колькасці прысудаў: спачатку яе асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі», другі раз – на 3 гады «хатняй хіміі» (паводле сумы прысудаў), трэці раз – ужо на 3,5 года калоніі. Таксама стала вядома, што яшчэ адзін суд чакае музыку Уладзіслава Плюшчава і паэта, прадзюсара і блогера Уладзіслава Савіна.
VI. ДЗЕЯЧЫ КУЛЬТУРЫ Ў СПІСАХ «ЭКСТРЭМІСТАЎ» І «ТЭРАРЫСТАЎ»
На працягу дзевяці месяцаў 2022 года ў «Пералік асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», які вядзе Міністэрства ўнутраных спраў, былі ўнесены 30 дзеячаў культуры: Максім Знак, Марыя Калеснікава, Павел Севярынец, Артур Аміраў, Мікалай Дзядок, Эдуард Пальчыс, Юлія Лаптановіч, Алесь Пушкін, Арцём Федасенка, Андрэй Шчыгель, Васіль Краўчук, Максім Шаўлінскі, Сяргей Спарыш, Дзмітрый Падрэз, Міа Міткевіч, Павел Спірын, Ігар Аліневіч, Уладзіслаў Макавецкі, Павел Пернікаў, Павел Вінаградаў, Віктар Катоўскі, Міхаіл Лабань, Іван Паршын, Валерый Кліменчанка, Вадзім Дзенісенка, Алена Гнаўк, Юрый Зялевіч, Аксана Каспяровіч, Андрэй Кузнечык і Андрэй Пятроўскі. З улікам даданых у спіс у кастрычніку 2022 года, усяго на момант публікацыі справаздачы ў ім лічацца ўжо 54 дзеячы культуры.
У «Пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», што вядзецца Камітэтам дзяржаўнай бяспекі, унесены імёны 12 дзеячаў культуры: Сяргей Спарыш, Максім Знак, Марыя Калеснікава, Данута Перадня, Аксана Каспяровіч, Аляксей Парэцкі, Іван Вярбіцкі, Юлія Чамлай, Павел Вінаградаў, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Катоўскі і Іван Паршын. З улікам яшчэ чатырох людзей культуры, унесеных у спіс яшчэ ў 2021 годзе (Ігара Аліневіча, Паўла Латушкі, Антона Матолькі, Вадзіма Гілевіча), Андрэя Пачобута і Ігара Галушкі, якіх туды дадалі ў кастрычніку 2022 года, на момант публікацыі справаздачы ў Беларусі не менш за 18 дзеячаў культуры маюць статус «тэрарыстаў».
Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка адзначае, што людзі, уключаныя ў гэтыя спісы, сутыкаюцца з істотным «пазбаўленнем правоў» на тэрмін судзімасці і пасля яго заканчэння. Яно тычыцца і магчымасці займацца пэўнымі відамі дзейнасці, і складанасцяў з ажыццяўленнем фінансавых аперацый, і некаторых іншых момантаў. Выкладчыца скрыпкі Аксана Каспяровіч, якая выйшла на волю пасля адбыццяпакарання, канстатавала, што траплянне яе імені ў спіс тэрарыстаў прывяло да блакавання ўсіх банкаўскіх рахункаў і немагчымасці адкрыць новыя, што, у сваю чаргу, пазбаўляе яе магчымасці працаўладкавацца ў краіне [13].
VII. ЛІКВІДАЦЫЯ І ЗАКРЫЦЦЁ АРГАНІЗАЦЫЙ І АРТ-ПРАСТОР
Працягваецца ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці. «Lawtrend» супольна з ОЕЕС ладзіць маніторынг прымусовай [14] і самаліквідацыі [15] некамерцыйных арганізацый. За перыяд са студзеня па верасень 2022 года прымусовую ліквідацыю зазнала не менш за 49 грамадскіх арганізацый, якія былі зарэгістраваны як культурныя або мелі ў сваёй дзейнасці такую кампаненту. Сярод іх – тэатр «Тэрыторыя мюзікла». У паўгадавой справаздачы згадвалася, што ў пачатку года тэатру давялося з незалежных ад яго прычын двойчы адмяніць паказ спектакля, дзейнасць установы была прыпынена, а ў ліпені яе ліквідавалі паводле рашэння Мінгарвыканкама. Вядомыя некалькі выпадкаў падачы арганізацыямі апеляцыі і абскарджання прысуду, аднак ні ў адным з іх рашэнне суда не было адменена.
Працягваецца практыка пераследу незалежных выдавецтваў. Увесну Міністэрства інфармацыі прыпыніла на тры месяцы дзейнасць чатырох выдавецтваў, якія друкавалі кнігі беларускіх аўтараў і на беларускай мове: «Медысонт» і «Галіяфы» – з 15 красавіка, «Лімарыус» і «Кнігазбор» – з 16 траўня. На сённяшні дзень няма ніякіх прыкмет таго, каб нейкаму з гэтых выдавецтваў дазволілі працягнуць сваю працу па заканчэнні трох месяцаў. Акрамя таго, у дзяржаўным рэестры можна адсачыць, што «Галіяфы» і «Лімарыус» ужо знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.
З сярэдзіны траўня «пастаўлена на паўзу» дзейнасць мінскага музычнага клуба «Бруге». «З тэхнічных прычын» закрыты бар «Банкі-Бутэлькі», у які 4 жніўня прыходзілі з праверкамі санстанцыя і МНС, а ўвечары таго ж дня быў затрыманы яго кіраўнік Андрэй Жук, і крама антыкварыяту «Буржуазныя каштоўнасці», якую ў пачатку верасня таксама «наведалі» прадстаўнікі сілавых структур. 16 верасня канчаткова закрыўся музычны бар «Графіці», што быў адкрыты ў Мінску ў 1999 годзе і зрабіўся па-сапраўднаму знакавым месцам музычнай індустрыі горада. Яшчэ ў першым паўгоддзі абвясцілі пра спыненне працы ў Мінску культурны цэнтр «Корпус», «Lo-Fi Social Club», івэнт-прастора «Месца», у Гродне закрылася галерэя «400 квадратаў».
VIII. ЦЭНЗУРА і САМАЦЭНЗУРА
У Беларусі наяўнасць цэнзуры, кантролю з боку дзяржавы ў дачыненні да зместу мастацкіх твораў (у шырокім сэнсе) – бясспрэчны факт. Дзесяцігоддзямі існуе феномен «чорных спісаў» нелаяльных уладзе музыкаў, вядома пра спіс акцёраў, літаратараў і нават фатографаў, якім забаронена свабодна распаўсюджваць прадукты сваёй творчасці, мае месца прыхаваная забарона на прафесію. На працягу апошніх двух гадоў мы рэгулярна фіксуем факты адмены спектакляў, канфіскацыі з бібліятэк і крам кніг пэўных аўтараў, адмовы ў выдачы гастрольных пасведчанняў і іншыя падобныя падзеі.
Так, на працягу акрэсленага перыяду не быў дапушчаны да паказу ў Тэатры юнага гледача спектакль «Кантрольнае сачыненне», у сюжэце якога закладзены канфлікт паміж выпускнікамі, якія шукаюць справядлівасці, і школьнай адміністрацыяй. У Музычным тэатры была адменена прэм’ера аперэты «Герцогиня из Чикаго», у якой можна ўгледзець паралелі з сённяшняй рэальнасцю [жарты пра пачатак вайны і інш.]. У пачатку новага сезона з рэпертуару некалькіх тэатраў былі прыбраны спектаклі паводле п’ес асобных аўтараў. Як было сказана ў раздзеле вышэй, ліквідаваны тэатр «Тэрыторыя мюзікла».
Цэнзура «прайшлася» па наступных мастацкіх выставах: «Трывожны чамаданчык» у галерэі Саюза дызайнераў; «Час экранаў» Рыгора Іванова, «Дэмаграфія» Сяргея Грыневіча і «Арт-Мінск» у мінскім Палацы мастацтваў; «СКУЛЬПТУРА» ў галерэі «400 квадратаў» у Гродне; «Гэта дыягназ» у мінскай прасторы «Factory». Нам вядомыя і іншыя выпадкі ўмяшання і кантролю, калі на выставы прыходзілі прадстаўнікі адміністрацыі і загадвалі прыбраць працы пэўных аўтараў. З незразумелых прычын паводле рашэння мясцовых уладаў у Мінску было зафарбавана некалькі муралаў.
Спявачка Мэрыем Герасіменка была затрымана на наступны дзень пасля вулічнага канцэрту, дзе яна, сярод іншага, выканала песню ўкраінскага гурта «Океан Ельзи». Зафіксавана некалькі выпадкаў неапраўданага затрымання вулічных музыкаў. Вядомыя факты знаходжання ў зале прадстаўніка спецслужбаў падчас канцэртаў дзяржаўных калектываў. Міністэрства культуры адмовіла ў выдачы «гастролькі» гурту «Shortparis», чый фронтмен Мікалай Камягін вядомы сваёй антываеннай пазіцыяй.
З фондаў бібліятэк працягваюць выключаць кнігі Святланы Алексіевіч, Сашы Філіпенкі і некаторых іншых пісьменнікаў. Пасля даносаў праўладнай актывісткі з кнігарняў «OZ» было прыбрана некалькі кніг ЛГБТ-тэматыкі. Выдавецтвы вымушаны адклікаць з крам кнігі, неправамерна ўключаныя Міністэрствам інфармацыі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
З меркаванняў цэнзуры ў Беларусі так і не ўдалося арганізаваць афіцыйны паказ кінакарціны «Тры таварышы» Уладзіміра Казлова.
Міністэрства інфармацыі блакавала сайты фотапраекта «Плошча Перамен» і беларускага незалежнага навукова-папулярнага і літаратурна-мастацкага часопіса «Arche».
У сувязі з патэнцыйнай пагрозай пераследу за творчае выказванне набірае абароты практыка самацэнзуры аўтараў. Расце колькасць ананімных работ і праектаў, закрытых мерапрыемстваў, адбываецца прыпыненне або адмена дзейнасці.
Да нас часта паступаюць паведамленні наступнага зместу: «…адмовіўся ад публічнай лекцыі, каб не прыцягваць лішняй увагі», «…з меркаванняў бяспекі вырашыў не працягваць правядзенне літаратурнай…», «…сказала, што пад імем… лепш не ладзіць гэты фестываль», «…папрасіла прыбраць з сацсетак… публікацыі яе ілюстрацый», «…адмовіўся ад уручэння прэміі імя Алеся Адамовіча» і г. д.
Не ўсе работы мастакоў трапляюць у выставачную прастору паводле іх уласнага рашэння. Мерапрыемствы пераходзяць у анлайн – як, напрыклад, фестываль незалежнай відэатворчасці «HLIADAČ», які меўся прайсці ў Мінску афлайн. Можа быць прынята рашэнне не адмяняць мерапрыемства, якое раней ужо прыцягвала ўвагу спецслужбаў, а правесці яго максімальна незаўважна, – так прайшоў традыцыйны фестываль «Аршанская бітва». Застаюцца ананімнымі стваральнікі шэрагу дакументальных фільмаў, рэпартажаў, артыкулаў і іншых матэрыялаў. Экскурсаводам падчас экскурсій даводзіцца падбіраць словы і выбіраць, пра што можна ці не варта казаць, бо «ніколі не вядома, хто цябе слухае».
IX. ПАЛАНАФОБІЯ І РАЗБУРЭННЕ ПОЛЬСКІХ МЕСЦАЎ ПАМЯЦІ
З пачатку пратэстаў у жніўні 2020 года [якія ўзніклі ў адказ на сфальсіфікаваныя выбары прэзідэнта і беспрэцэдэнтны гвалт з боку сілавікоў] і да сённяшняга дня рэжым Лукашэнкі праводзіць антызаходнюю ў цэлым і антыпольскую ў прыватнасці палітыку. Улада зрабіла Польшчу адным з ворагаў беларускага народа, на польскую меншасць учыняецца настойлівы ціск, праз СМІ здзяйсняецца паклёпніцкая антыпольская кампанія.
Так, у сакавіку 2021 года быў затрыманы кіраўнічы склад не зарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў. Яго старшыня Анжаліка Борыс і сябра Андрэй Пачобут з’яўляюцца фігурантамі справы аб «рэабілітацыі нацызму», іх прызналі палітзняволенымі. Мастак Алесь Пушкін, таксама затрыманы ў канцы сакавіка 2021 года, з красавіка 2022 года адбывае 5-гадовы тэрмін у калоніі строгага рэжыму за намаляваны партрэт удзельніка антыбальшавіцкага пасляваеннага падполля Яўгена Жыхара, згодна з выстаўленым абвінавачаннем, мастак «праслаўляў і ўхваляў яго дзеянні». На працягу ўсяго 2021 года ўчыняўся ціск на сябраў і актывістаў Саюза палякаў, польскую меншасць ва ўсёй Беларусі, было ліквідавана ТАА «Польская школа» ў Брэсце. Няма прыкмет дзейнасці Польскага інстытута ў Мінску, яго сайт і старонкі ў сацсетках не абнаўляюцца з вясны – лета 2021 года, а сайт Саюза палякаў Беларусі znadniemna.pl у снежні быў прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам. У траўні 2022 года той жа лёс напаткаў і «люстэрка» сайта – nadniemnemgrodno.pl. У лютым у спіс быў унесены рэсурс «Радыё Рацыя» (СМІ, што базуецца ў Польшчы і крытыкуе ўрад Беларусі), а ў красавіку – інтэрнэт-рэсурс «MOST» («інфармацыйны мост паміж Беларуссю і Польшчай», як напісана на сайце). У канцы ліпеня 2022 года ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі польскія сайты polskieradio.pl і polskieradio24.pl.
У спісе некамерцыйных арганізацый, якія зазналі прымусовую ліквідацыю на працягу студзеня – верасня 2022 года, значацца і найстарэйшыя польскія арганізацыі Беларусі: «Клуб польскіх народных традыцый» (зарэгістраваны ў 1994 годзе), «Таварыства польскай культуры на Лідчыне» (1994), «Польскае навуковае таварыства» (1994), «Польска Мацеж Школьна» (1995), а таксама «Вспульнота полякув» (2019).
Пасля «рэкамендацыі» органаў дзяржбяспекі ў Пінску адмянілі запланаваныя мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю земляка – вядомага польскага пісьменніка і журналіста Рышарда Капусціньскага. У выніку ціску і заяў праўладнай актывісткі наконт «прапольскасці» літаратуразнаўца, крытыка і перакладчыка Адама Мальдзіса Гродзенскі аблвыканкам прыпыніў працэдуру надання Астравецкай раённай бібліятэцы імя гэтага выбітнага ўраджэнца Астравецкага раёна.
Таксама ў 2022 годзе, на новым этапе пераследу палякаў, польскую меншасць [як і літоўскую] пазбавілі магчымасці навучацца на роднай мове – 1 верасня ўступілі ў сілу змены ў Кодэксе аб адукацыі [16], згодна з якімі мовай выкладання можа быць толькі дзяржаўная [руская ці беларуская]. Так, у гродзенскай і ваўкавыскай польскіх школах з новага навучальнага года навучанне вядзецца на рускай мове, а польская звялася да ўрокаў польскай мовы і літаратуры па адной гадзіне на тыдзень.
Адна з тэм антыпольскай рыторыкі ў дзяржаўных СМІ тычыцца партызан польскай Арміі Краёвай, якія нібыта мэтанакіравана знішчалі беларусаў падчас Другой сусветнай вайны. Яшчэ ў красавіку 2021 года афіцыйны Мінск завёў крымінальную справу ў дачыненні да былых байцоў арміі, а ў канцы чэрвеня 2022 года пачалося знішчэнне «непатрэбнай» сістэме памяці – польскай гістарычнай спадчыны ў Беларусі [17]. Станам на канец верасня шкода ўчынена не менш чым 12 месцам памяці ў Гродзенскай вобласці: у вёсках Едкавічы, Стрыеўка, Сурканты, Плябанішкі, Мікулішкі, Качычы, Пескаўцы, Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, у Ваўкавыску і Ашмянах вандалы адсоўвалі надмагіллі, знішчалі і разбуралі адзінкавыя або брацкія магілы салдат, зносілі помнікі, здымалі з крыжоў памятныя дошкі. З касцёла Святых Пятра і Паўла ў Іўі паводле пастановы мясцовых улад выдалілі мемарыяльную дошку ў памяць пра салдат Арміі Краёвай. Такую ж памятную дошку дэмантавалі ў касцёле Маці Божай Ружанцовай у аграгарадку Солы яшчэ ў жніўні 2021 года.
У верасні гэтага года Лукашэнка звярнуў увагу на ўладальнікаў карты паляка – «ці яны грамадзяне Беларусі, ці яны проста аблудныя, проста ўзялі гэтую карту нібыта выпадкова, ці ў іх іншая “арыентацыя”» [18]. Неўзабаве пасля яго заявы пачалі паступаць першыя сведчанні, што праваахоўныя органы збіраюць звесткі пра наяўнасць у грамадзян віду на жыхарства ў іншай дзяржаве або карты паляка.
X. ІНШЫЯ НЕГАТЫЎНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
- Дыскрымінацыя беларускай мовы
Працягваецца парушэнне правоў беларускамоўных грамадзян і дыскрымінацыйнае стаўленне да беларускай мовы ў цэлым. У Беларусі пераследуюць за беларушчыну, і ёсць сведчанні таго, што прычынай затрымання на вуліцы можа зрабіцца размова на беларускай мове. У пенітэнцыярнай сістэме, а таксама ў сферы дзяржаўных паслуг супрацоўнікі ўстаноў могуць патрабаваць, каб з імі размаўлялі «на нармальнай мове» [рускай]. Вельмі мала беларускай, адной з дзвюх дзяржаўных моў, і ў публічнай прасторы. Так, улетку па ўсёй краіне з’явіліся банеры, распрацаваныя Міністэрствам культуры ў гонар юбілеяў вядомых беларускіх дзеячаў – выключна на рускай мове. Па-руску транслюецца ўсюдыісная вонкавая рэклама, прысвечаная так званаму Году гістарычнай памяці. Абмежаванне выкарыстання беларускай мовы вядзе да недабораў у беларускамоўныя класы, нізкага попыту на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура» (напрыклад, у Гродзенскі ўніверсітэт у межах новага набору было пададзена ўсяго 16 заявак) і іншых наступстваў.
- Звальненні з дзяржаўных устаноў культуры і адукацыі
Працягваюцца пачатыя яшчэ ў другой палове 2020 года звальненні нелаяльных рэжыму спецыялістаў, якія працуюць у сферы культуры або выкладаюць культуралагічныя, моўныя, гістарычныя навукі ва ўстановах адукацыі. У маніторынгу ўтрымліваюцца звесткі пра 55 выпадкаў звальнення, непадаўжэння кантракта або стварэння ўмоў для таго, каб спецыяліст звольніўся «паводле пагаднення бакоў». Зафіксаваны факты звальненняў з Міністэрства культуры, Тэатра юнага гледача, РТБД, Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа, Магілёўскага тэатра драмы і камедыі, Універсітэта культуры, Гімназіі-каледжа пры Акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Вялікага тэатра оперы і балета, Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, «Белкнігі», часопіса «Мастацтва», Полацкага, Гродзенскага і Беларускага дзяржаўных універсітэтаў, а таксама з ліцэяў, гімназій і сярэдніх агульнаадукацыйных школ і іншых устаноў культуры і адукацыі.
- Прызнанне матэрыялаў экстрэмісцкімі
За трэці квартал 2022 года адпаведны спіс папоўніўся новымі сайтамі і YouTube-каналамі на тэму культуры: гэта ўжо згаданыя раней polskieradio.pl і polskieradio24.pl, сайт і сацсеткі Беларускай рады культуры, сайты symbal.by і hodna.by, YouTube-канал «ТОК | TALK» і інш. Таксама да экстрэмісцкіх матэрыялаў залічаны навукова-папулярная энцыклапедыя «”Герои” Люфтваффе» аўтарства Канстанціна Залескага і кніга «Краткий курс истории Беларуси IX–XXI вв.» Анатоля Тараса. Усяго ў 2022 годзе ў гэты спіс было ўнесена 6 кніг.
- Пераслед за беларускую нацыянальную і ўкраінскую сімволіку
Працягваецца пераслед за выкарыстанне бел-чырвона-белай і ўкраінскай (сіне-жоўтай) сімволік.
Ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу, рэпрэсій, забароны на прафесію, асабліва актуальнай у апошнія два гады, дзеячы культуры пакідаюць краіну – выязджаюць індывідуальна або цэлымі калектывамі тэатральныя трупы, музычныя калектывы, выдавецкія групы і г. д. Цяпер ужо за мяжой выдаюцца новыя кнігі незалежных беларускіх кнігавыдаўцоў, ладзяцца прэзентацыі, фестывалі, кінапаказы і г. д. Унутры краіны значна зменшылася колькасць канцэртаў, тэатральных прэм’ер, літаратурных сустрэч. У сувязі з ад’ездам вялікай колькасці прадстаўнікоў незалежнага сектара культуры масава падае якасць культурнага прадукту ў краіне ў цэлым. Асноўны запыт дзяржаўнай культуры – на прасоўванне тэмы Другой сусветнай вайны і генацыду беларускага народа: тэматычныя экспазіцыі, «урокі памяці» і школьныя факультатывы, музейныя выставы, відэапраекты, прэзентацыі кніг і конкурсы творчых работ гэтай тэматыкі, перасоўныя агітацыйныя канструкцыі на вуліцах гарадоў, дзяржзакупкі фільмаў пра вайну, спектакляў і г. д. На знешнепалітычнай арэне дзеянні ўлады зводзяць на нішто магчымасць культурнага ўзаемаабмену і разнастайнасці. Прадстаўнікі замежнай сцэны не маюць магчымасці (і не хочуць) выступаць у Беларусі, у выніку ў краіну экспартуецца пераважна прадукт расійскай культуры. Расце спіс міжнародных мерапрыемстваў, якія прайшлі без удзелу беларускіх (і расійскіх) выканаўцаў, а Украіна робіць захады, каб зменшыць у сваёй краіне прысутнасць прадукту беларускай культуры – кніг, твораў у школьнай праграме, назваў вуліц.
XI. МАНАПАЛІЗАЦЫЯ ДЗЯРЖАВАЙ ДЗЕЙНАСЦІ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
Дзяржава робіць далейшыя крокі для ўзмацнення кантролю ў сферы культуры і мінімізацыі прысутнасці ў ёй незалежнага сектара, ствараючы новыя рэестры, спісы, камісіі, атэстацыі і г. д. Вось некалькі прыкладаў пашырэння яе кантрольных функцый у акрэслены перыяд.
- Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў
1 жніўня ўступіла ў сілу пастанова, згодна з якой толькі арганізацыі, размешчаныя ў гэтым рэестры, могуць весці такую дзейнасць. Арганізатары, якія падлягаюць уключэнню ў рэестр, але не ўключаны ў яго, не могуць ладзіць культурна-відовішчныя мерапрыемствы [19]. Спіс стварае і вядзе Міністэрства культуры або ўпаўнаважаная ім асоба, а для прыняцця рашэння пра ўключэнне ў рэестр камісія аналізуе мастацкі ўзровень мерапрыемстваў, якія раней ладзіла гэтая асоба, наяўнасць якіх-небудзь парушэнняў, судзімасці або прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці арганізатара паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса [20] [у тым ліку і дыфамацыйных, а таксама «пратэснага» артыкула 342].
- Нацыянальны рэестр экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў
2 верасня ўрад прыняў пастанову № 582 «Аб экскурсійным абслугоўванні» [21], згодна з якой экскурсаводы і гіды-перакладчыкі мусяць праходзіць атэстацыю для пацвярджэння кваліфікацыі. У выніку Міністэрствам спорту і турызму або ўпаўнаважанай ім дзяржаўнай арганізацыяй будзе ўкладзены нацыянальны рэестр экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў [22]. З 1 студзеня 2023 года да працы будуць дапускацца толькі спецыялісты з гэтага рэестра.
- Камісія па кантролі за якасцю кніжнай прадукцыі
3 верасня старшыня праўладнага Саюза пісьменнікаў расказаў, што «на даручэнне і з падказкі» Міністэрства інфармацыі створана камісія па кантролі за якасцю кніжнай прадукцыі, асноўнай задачай якой будзе здзяйсненне грамадскага кантролю за прадукцыяй кнігарняў з гледзішча ідэалагічнага складніка і мастацкай якасці [23].
- Камісія па праверцы дзейнасці Інстытута гісторыі
Вядома, што гэтая камісія была створана пры Адміністрацыі Лукашэнкі, узначальвае яе намеснік кіраўніка Адміністрацыі Максім Рыжанкоў. У складзе камісіі – ідэалагічна вывераныя гісторыкі.
[1] Працэдура прызнання палітзняволеным замацавана пэўным рамачным дакументам.
[2] 11 кастрычніка Пётр Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая) і Антон Шніп выйшлі на волю, пасля поўнага адбыцця пакарання.
[3] Так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакарання паводле крымінальных артыкулаў – абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
[4] 14 кастрычніка Уладзімір Мацкевіч пераведзены ў калонію.
[5] 6 кастрычніка Андрэй Аляксандраў асуджаны на 14 гадоў калоніі.
[6] 7 кастрычніка Сяргей Далівеля асуджаны на 2 гады калоніі.
[7] 18 кастрычніка Дзяніс Шарамецьеў асуджаны на 2 гады калоніі.
[8] У пачатку кастрычніка Зміцер Дашкевіч пераведзены ў калонію.
[9] У пачатку кастрычніка Ігар Галушка пераведзены ў калонію.
[10] 5 кастрычніка Генадзь Драздоў, Мэрыем Герасіменка і Аксана Манкевіч прызнаны палітзняволенымі.
[11] Так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакарання паводле крымінальных артыкулаў – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
[12] 17 кастрычніка краязнаўца Уладзімір Гундар асуджаны на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
[13] «Я аддала шмат гадоў працы, сіл гэтай краіне. Чаму мяне прымушаюць з’язджаць?»
[14] Маніторынг НКА, якія знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі.
[15] Пералік НКА, у дачыненні да якіх прынята рашэнне аб самаліквідацыі
[16] Аб змене Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
[17] Знішчэнне польскіх месцаў памяці і могілак у Беларусі.
[18] Лукашэнка пра карту паляка.
[19] Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў у Беларусі.
[20] Пра рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў.
[21] Пастанова «Аб экскурсійным абслугоўванні».
[22] Нацыянальны рэестр экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.