Людзі Слова ў няволі (32)
Пошук

(БЕЛ) ПЕРАСЛЕД ЗА СІМВОЛІКУ. Беларусь, 2022 год


У гэтым дакуменце змяшчаецца інфармацыя пра факты пераследу ў 2022 годзе за выкарыстанне нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікі – сцяга і герба «Пагоня» (і спалучэння чырвонага і белага колераў). Як і ў леташнім матэрыяле, апісаны таксама выпадкі крымінальнага пераследу ў дачыненні да асоб, якія прычынілі шкоду афіцыйнай дзяржаўнай сімволіцы – чырвона-зялёнаму сцягу. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Украіны 24 лютага 2022 года ў Беларусі пачаліся рэпрэсіі за праяву салідарнасці з народам Украіны, у прыватнасці, за антываенныя выказванні і выкарыстанне ўкраінскай афіцыйнай сімволікі – дзяржаўнага сцяга і герба «Трызубец» (Тризуб), а таксама спалучэння сіняга і жоўтага колераў. Усе апісаныя вышэй сітуацыі пераследу мы разглядаем з пазіцыі парушэння права чалавека на выкарыстанне сімволікі (незабароненай) як адной з формаў свабоды выказвання.

Матэрыял падрыхтаваны на аснове інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц: маніторынгу сайтаў і сацыяльных сетак праваабарончага цэнтра «Вясна» (асноўны масіў звестак) і шэрагу незалежных СМІ Беларусі (большасць з якіх мае на сёння статус «экстрэмісцкіх») або дзяржаўных СМІ (пераважна ў дачыненні да фактаў пераследу за прычыненне шкоды афіцыйнай дзяржаўнай сімволіцы).

NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не даём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, згодна з дзейнымі ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўнымі прадпісаннямі, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні.

 

I. Парушэнне права на выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі
II. Парушэнне права на выкарыстанне ўкраінскай сімволікі
III. Крымінальны пераслед за глумленне з дзяржаўных сімвалаў
IV. Заключэнне: дзяржаўная палітыка ў пытанні сімволікі

 

I. ПАРУШЭННЕ ПРАВА НА ВЫКАРЫСТАННЕ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАЙ СІМВОЛІКІ

Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» – сімвалы нацыянальнага руху, незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. Сімвалы, вакол якіх аб’ядналіся прыхільнікі перамен падчас паслявыбарчых пратэстаў 2020 года, што ўзніклі як рэакцыя на фальсіфікацыю вынікаў галасавання, далейшы беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненні да мірных грамадзян і хлусню дзяржаўнай прапаганды. Сімвалы, на знішчэнне і дыскрэдытацыю якіх накіравана сёння дзяржаўная машына рэпрэсій. Гістарычна бел-чырвона-белы (разм. БЧБ) сцяг і герб «Пагоня» – дзяржаўныя сцяг і герб у перыяды Беларускай Народнай Рэспублікі (1918–1919 гг.) і Рэспублікі Беларусь (1991–1995 гг.). У 2007 годзе Пастановай Савета Міністраў (№ 578) герб «Пагоня» быў унесены ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Усяго ў 2022 годзе мы сабралі 120 [рэальны лік – нашмат большы] выпадкаў пераследу беларусаў за бел-чырвона-белую сімволіку, агулам гэта менш у параўнанні з выпадкамі, зафіксаванымі ў 2021 годзе (335). Аднак гэты факт сведчыць не пра паслабленне рэпрэсій у дачыненні да прыхільнікаў дэмакратычных перамен, а пра поспех дзяржаўнага апарату ў задушэнні любых формаў праяўлення іншадумства. У той жа час важна адзначыць, што сабраныя звесткі не адлюстроўваюць рэальнага маштабу ціску на грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, бо не ўсе факты робяцца вядомымі грамадскасці і СМІ, як і не ўсе маглі трапіць у поле зроку маніторынгавай групы ПЭНа. Яшчэ адна са складанасцяў у фіксацыі гэтага віду пераследу – не заўсёды ёсць пэўная і дакладная інфармацыя пра тое, ці непасрэдна сімволіка была першапачатковай прычынай рэпрэсіі.

У большасці выпадкаў пераследу за бел-чырвона-белую сімволіку, якія трапілі ў маніторынг, грамадзян судзілі ў адміністрацыйным парадку, аднак былі сітуацыі і крымінальнага пераследу. У шэрагу выпадкаў вядома толькі тое, што чалавека «затрымалі», «выклікалі ў міліцыю», «прымусілі зафарбаваць [сімволіку]», «запісалі пакаяннае відэа» і г. д. Часцей за ўсё затрымлівалі і прыцягвалі да адказнасці непасрэдна за выявы бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні», час ад часу – за выкарыстанне рэчаў, прадметаў або аксесуараў бела-чырвонай расфарбоўкі.

 Адміністрацыйны пераслед за бел-чырвона-белую сімволіку

Часцей за ўсё ў адміністрацыйных пратаколах, складзеных за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, змяшчалася адсылка да Закона Рэспублікі Беларусь ад 30.12.1997 г. № 114-3 «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» наконт ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Часам фігуравалі арт. 19.1 («Дробнае хуліганства») або 19.11 («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»). Што тычыцца арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях [арт. 23.34 у старой рэдакцыі], які зрабіўся ў гэтым пытанні «народным», з пратакола ў пратакол пераходзіла фармулёўка «несанкцыянаванае пікетаванне» ва ўсіх яе магчымых і немагчымых формах: пікетаванне шляхам размяшчэння на акне сцяга / фатаграфій у сацыяльных сетках / фатаграфій незнаёмых людзей; шапкай / стыкерамі / аўтамабільнай рамкай / шалікам / татуіроўкай / торбай / аб’явай аб продажы календара і да т. п. спосабамі. Прывядзём шэраг прыкладаў такога «пікетавання», дзе і чым яно «ажыццяўлялася».

Пераслед за бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня»

  • Кватэра / прыватны дом

За «несанкцыянаванае пікетаванне БЧБ-сцягам, размешчаным на акне прыватнага дома» Партызанскі раённы суд Мінска адправіў Вольгу Пракоп на 7 дзён адміністрацыйнага арышту (студзень). За бел-чырвона-белы сцяг памерам 30 на 60 сантыметраў, прывязаны да ствала дрэва ў двары ўласнага дома ў вёсцы Чарсцвяды, суд Ушацкага раёна пакараў мясцовага жыхара 15 суткамі арышту (студзень). У Іванаве падчас ператрусу ў Андрэя Дражына міліцыянеры ўбачылі на гаражнай браме «Пагоню» і сказалі зафарбаваць яе (што праверылі праз пэўны час), сам жа гаспадар пасля атрымаў 25 сутак арышту паводле двух «народных» артыкулаў: «пікетаванне» і «непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі» (ліпень). Бел-чырвона-белы сцяг на акне, вывешаны мясцовым жыхаром пасля сваркі з жонкай, каб справакаваць яе арышт, падзейнічаў адваротным чынам – суд Кобрына арыштаваў самога мужчыну на 10 сутак (ліпень). За «пікетаванне» ва ўласнай кватэры – намаляваны на сцяне аднаго з пакояў бел-чырвона-белы сцяг з гербам «Пагоня» – Ленінскі суд Брэста асудзіў гаспадыню кватэры паводле ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (снежань, вынік нам не вядомы). Ёсць і іншыя выпадкі пераследу.

  • Адзенне/рэчы

За «несанкцыянаванае адзіночнае пікетаванне» суд Гродна пастанавіў арыштаваць Андрэя Сцепаненку на 15 сутак – яго затрымалі за значок з «Пагоняй» на заплечніку, пра які паведаміў у міліцыю ахоўнік у спартзале КДБ, куды Андрэй прыехаў для ўдзелу ў спаборніцтвах па шматбор’і (люты, пазней была заведзена крымінальная справа). Суд Пінска аштрафаваў Аляксандра Рамановіча на 3840 рублёў (~1240 еўра) за тое, што падчас шпацыру па горадзе ў яго на куртцы быў значок з выявай герба «Пагоня» – «сімвала пратэстаў 2020 года», як сказала суддзя (красавік). Жыхара Кобрына затрымалі на вуліцы за кофту з «Пагоняй» і пакаралі 12 суткамі арышту паводле двух адміністрацыйных артыкулаў: «несанкцыянаванае адзіночнае пікетаванне», а таксама «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» – за татуіроўку «АСАВ» на шыі [«All Cops Are Bastards» / «Усе копы — вырадкі»] (травень). Падлетка затрымалі ў Мінску за бел-чырвона-белую вокладку на пашпарце (травень, інфармацыі пра наступствы ў нас няма). Дзякуючы «неабыякаваму грамадзяніну» для аднаго з пастаяльцаў санаторыя «Лясное» ў Віцебскай вобласці адпачынак скончыўся 15 суткамі адміністрацыйнага арышту – падставай зрабілася майка з «Пагоняй» і  надпісамі «#БНР100» і «Хай воля вечна будзе з намі!», у якой той быў сярод адпачывальнікаў у адзін з дзён. Саму майку як рэч, якая «не мае каштоўнасці», суд Докшыцкага раёна пастанавіў знішчыць (верасень). Суд Ленінскага раёна горада Мінска адправіў мясцовага жыхара ў турму на 15 сутак за «пікетаванне шапкай з нашыўкай герба «Пагоня» (снежань).

  • Аўтамабіль

Паводле пратакола, мужчына «ўзяў удзел у пікеце, выпусціўшы на лінію аўтамабіль DAF з рэфрыжэратарным фургонам KOGEL з бел-чырвона-белым сцягам», за што Лідскі раённы суд аштрафаваў яго на 320 рублёў (~100 еўра) у студзені 2022 года. Відаць, ён жа атрымаў штраф яшчэ раз – у кастрычніку, але ўжо ў памеры 1600 рублёў (~515 еўра). У Оршы мясцовага жыхара арыштавалі на 10 сутак за налепку з «Пагоняй» на багажніку аўтамабіля (травень). За «пікетаванне рамкай з арнаментам на нумары аўтамабіля» суд Мінска пакараў Дзмітрыя Каваленку 15 суткамі адміністрацыйнага арышту – міліцыянеры разгледзелі на нумарным знаку маленькую «Пагоню», машыну забралі на экспертызу (верасень). За «несанкцыянаванае адзіночнае пікетаванне» – налепку «Пагоня» на аўтамабілі – суд Брэста ў верасні пастанавіў аштрафаваць мясцовага жыхара на 640 рублёў (~256 еўра). Вядома, што праз налепку ў яго таксама на час забіралі машыну. Суд Першамайскага раёна горада Мінска аштрафаваў Таццяну Пячко на 3200 рублёў (~1200 еўра) за аўтамабільную нумарную рамку «не тых колераў» – з беларускім арнаментам (верасень). Супрацоўнікі ГУБАЗіКа [Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй] затрымалі ўладальніка аўтамабіля, на нумарах якога засталіся «яўныя сляды адлепленай забароненай сімволікі», і запісалі з ім «пакаяннае» відэа (лістапад).

  • Сацыяльныя сеткі

Суд Вілейскага раёна прызнаў вінаватым мясцовага жыхара і прызначыў 10 сутак арышту за бел-чырвона-белы сцяг на аватарцы ў Viber (студзень). Жыхар Баранавічаў атрымаў 7 сутак за «пікетаванне на сваёй старонцы «УКантакце» фатаграфіямі людзей, якія трымаюць бел-чырвона-белыя палотнішчы»: на яго старонцы былі знойдзены 14 здымкаў, на некаторых з іх ёсць і сам «вінаваты» (травень). Па 15 сутак адміністрацыйнага арышту атрымалі за публікацыі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» жыхар Віцебска – за два бел-чырвона-белыя сцяжкі на аватарцы і жыхар Наваполацка – за фота з бел-чырвона-белым сцягам у руках (травень). Суд Віцебска пастанавіў арыштаваць на 8 сутак Таццяну Мацвееву за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства» з прычыны таго, што яе аватарка ў Facebook была абведзена бел-чырвона-белай рамкай (жнівень). Суд Аршанскага раёна і горада Оршы пастанавіў «накласці адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на тэрмін 15 сутак» на Уладзіслава С. за публікацыю ў сацыяльнай сетцы Instagram «сваёй фотавыявы з палотнішчам у руках, выкананай у тонах бел-чырвона-белага колеру з лозунгам «Жыве Беларусь», яе расцанілі як «удзел у пікетаванні, на правядзенне якога не быў атрыманы адпаведны дазвол Аршанскага раённага выканаўчага камітэта» (верасень). Жыхара Магілёва затрымлівалі некалькі ўзброеных байцоў з ГУБАЗіКа і АМАПа ў цырульні з выкарыстаннем сілы – «за тое, што ў сваіх сацыяльных сетках рэпосціў і распаўсюджваў сцяг БЧБ», як быў вымушаны сказаць затрыманы Аркадзь Г. у відэа, знятым і выкладзеным у публічны доступ на канале сілавых структур (кастрычнік).

  • Цела

У канцы ліпеня на фестывалі «Viva Braslav» адзін з адпачывальнікаў, Міхаіл Тарлоўскі, быў затрыманы за «экстрэмісцкія» татуіроўкі – сімвал анархізму (літара «А» ў коле) і герб «Пагоня» (з Міхаілам было запісана «пакаяннае» відэа, наступстваў мы не ведаем). У верасні суд Магілёва пакараў Яўгена Ганулю 15-сутачным арыштам за татуіроўкі – кулак з бел-чырвона-белай стужкай і гербам «Пагоня» і партрэт Кастуся Каліноўскага [герой нацыянальна-вызваленчага руху 1860-х гадоў].

  • Беларуская мяжа

У студзені суд Брэста прызначыў дальнабойшчыку Аляксандру Крэйдзічу штраф на суму 1280 рублёў (~413 еўра) за «пікетаванне» на беларуска-польскай мяжы дзвюма налепкамі «Пагоня» на шкле аўтамабіля, на якія звярнулі ўвагу супрацоўнікі мытні ў пункце пропуску «Казловічы». У красавіку суд Верхнядзвінскага раёна пакараў кіроўцу 10-сутачным арыштам за бел-чырвона-белы вымпел з «Пагоняй» памерам 8 на 15 сантыметраў, які быў унутры кабіны аўтамабіля, пра што паведаміла ў сваім рапарце супрацоўніца беларуска-латвійскай мяжы. У сакавіку – красавіку яшчэ мінімум чатыры кіроўцы прайшлі праз суды Ленінскага раёна горада Брэста за бел-чырвона-белую сімволіку – вымпелы або стужачкі на шкле аўтамабіля – і атрымалі штрафы на суму ад 960 да 1600 рублёў (~280–470 еўра).

  • Будынак суда

7 студзеня Іллю Дабрадзея затрымалі ў будынку суда Савецкага раёна горада Мінска, куды той прыехаў на суд над палітвязнем Аляксандрам Івуліным, за тры бел-чырвона-белыя паласы на заплечніку. Пасля Ілля быў пакараны судом Партызанскага раёна 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Віталя Борыса затрымалі 10 сакавіка, у дзень суда над мастаком Алесем Пушкіным, – пры аглядзе яго заплечніка на ўваходзе ў будынак была заўважана вокладка ад пашпарта з «Пагоняй». На судзе потым скажуць, быццам Віталь размахваў ёю, і арыштуюць яго на 15 сутак. На такі ж тэрмін адправілі за краты 73-гадовага мастака Алеся Цыркунова, затрыманага тады ж за бел-чырвона-белы значок (невялікая «Пагоня» з надпісам «Героям слава!») на адзенні. У верасні на 14 сутак адміністрацыйнага арышту быў асуджаны мінчанін, затрыманы ў будынку судоў Першамайскага і Савецкага раёнаў Мінска за бірульку з «Пагоняй» на фоне бел-чырвона-белага сцяга.

  • Антываенныя выказванні і Дзень Волі

Актыўная фаза пратэстаў і асэнсаваны выхад на вуліцу з бел-чырвона-белым сцягам засталіся ў асноўным у 2020–2021 гадах. Аднак і ў 2022-м былі як мінімум дзве рэзанансныя даты, якія заахвоцілі людзей да такога яўна небяспечнага для іх выказвання пазіцыі, – пачатак вайны Расіі супраць Украіны (24 лютага) і Дзень Волі (25 сакавіка).

Раніцай 24 лютага ў Маладзечне была затрымана Вольга Барунова, якая выйшла з бел-чырвона-белым сцягам на адзіночны антываенны пікет. 26 лютага дзевяць чалавек сфатаграфаваліся ў лесе пад Жодзінам з плакатамі «Рускі салдат, кідай аўтамат» і «Я/Мы супраць вайны», бел-чырвона-белым сцягамі з «Пагоняй» і гербам горада Жодзіна (бела-чырвоным) і выклалі здымак у адзін з Telegram-каналаў. Два чалавекі (паводле вядомай інфармацыі) былі ідэнтыфікаваны, суд Жодзіна прызнаў іх вінаватымі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» і пакараў 15 суткамі адміністрацыйнага арышту аднаго і 6400 рублямі (~2130 еўра) штрафу другую. У першыя дні вайны вуліцамі Віцебска прайшла група людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі з антываеннымі лозунгамі, за што мінімум адну з удзельніц пакаралі 15-сутачным арыштам. Усяго, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», за два дні – 28 лютага і 1 сакавіка 2022 года – прайшло 328 судоў, дзе ў дачыненні да затрыманых склалі пратаколы паводле арт. 24.23 ч. 1 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях («Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў»), больш за 90 % затрыманых былі пакараны суткамі адміністрацыйнага затрымання. Аднак статыстыкі непасрэдна пра выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі ў антываенных выказваннях няма.

25 сакавіка, у Дзень Волі [105-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі], 78-гадовая Алена Кандрашэвіч выйшла з дому і села на лаўку каля пад’езда з накінутым на плечы бел-чырвона-белым сцягам. Праз пэўны час шасцёра міліцыянераў адвезлі яе ў мясцовы РУУС, дзе быў складзены пратакол за пікетаванне без дазволу гарвыканкама. У красавіку Алена Аляксееўна атрымала ліст з судовым рашэннем аб прызначаным ёй штрафе ў памеры 1920 рублёў (~660 еўра).

Пераслед за бел-чырвона-белыя прадметы і лозунг «Жыве Беларусь!»

У студзені – пачатку лютага суд Мастоўскага раёна асудзіў як мінімум 13 мясцовых жыхароў за падпіску і рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў, перапіску ў чатах і праз асабістыя паведамленні, а таксама захоўванне шэрагу матэрыялаў, якія змяшчаюць асабістыя фатаграфіі або здымкі невядомых людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі; малюнкі з бел-чырвона-белай сімволікай, шарыкамі і іншымі прадметамі; перасылку разнастайных бел-чырвона-белых стыкераў з малюнкамі і надпісамі. У суме жыхароў Мастоўскага раёна аштрафавалі на 10 560 рублёў (~3580 еўра). У сакавіку 2022 года раённы суд Бешанковічаў аштрафаваў паэта, барда і журналіста Георгія Станкевіча на 2240 рублёў (~750 еўра) за фатаграфію на фоне сцяга партыі «Народная Грамада» [бела-чырвонага], размешчаную ў артыкуле на сайце віцебскай «Вясны». Характэрна, што літаратар не меў дачынення да публікацыі, а сама фатаграфія была архіўнай (фактычна, яна зрабілася фармальнай падставай, каб пакараць Станкевіча за яго антываенны заклік, апублікаваны раней на сайце beshankovichi.by). У красавіку мінчанку Сафію С. асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за бел-чырвона-белы бранзалет на руцэ. За бел-чырвона-белыя фіранкі, вывешаныя ў 2020 годзе, мінчанка Алена Жарына атрымала ў траўні 15 сутак адміністрацыйнага арышту (пасля «сутак» у дачыненні да яе завялі крымінальную справу). У жніўні мясцовы суд пастанавіў аштрафаваць жыхарку Ваўкавыска на 4960 рублёў (~1910 еўра) за тое, што «ў багажніку сваёй машыны размясціла для агульнага агляду торбу бел-чырвона-белага колеру, а на панэлі аўтамабіля – сімволіку з выявай арнаменту таго ж колеру», яе машына і тэлефон былі пакінуты пад арыштам да поўнай выплаты штрафу. У верасні суд Кобрына арыштаваў мясцовага жыхара на 10 сутак за тое, што той, «дзейнічаючы наўмысна, накінуў і завязаў на помніку-бюсце імя Суворава» чырвона-белы [польскі] шалік, пра што паведаміў у міліцыю «неабыякавы грамадзянін» – сам жа затрыманы сказаў на судзе, што знайшоў на дарозе чыйсьці шалік і павесіў яго так, каб было лёгка знайсці.

12 студзеня 2022 года суд Пружанскага раёна наклаў на М. адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышту тэрмінам на 10 сутак за фразы «Верым, можам, пераможам!» і «Жыве Беларусь!», якія той прамовіў вечарам 12 лістапада 2021 года, патэлефанаваўшы на спецыялізаваны нумар 102 у Пружанскі РАУС, чым, згодна з рашэннем суда, парушыў грамадскі парадак і спакой грамадзян (арт. 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях – «Дробнае хуліганства»). У лістападзе суд Ленінскага раёна горада Мінска пакараў 15 суткамі арышту аўтара аб’явы аб продажы «Перакіднога насценнага календара на 2021 год. Пагоня» (за 5 рублёў) на сайце карыстаных тавараў kufar.by, гэта было расцэнена як «пікетаванне шляхам размяшчэння аб’явы аб продажы календара з выявай Пагоні і лозунгамі: Жыве Беларусь!, Жыве вечна!, Не разбіць!, Не спыніць!, Не стрымаць!». У снежні суд Чыгуначнага раёна горада Віцебска асудзіў Р. на 10 сутак за надпіс «Жыве Беларусь», які ён зрабіў на капоце заснежанай машыны суседа-міліцыянера (абвінавачваны хацеў такім чынам падняць яму настрой).

Крымінальны пераслед за бел-чырвона-белую сімволіку

Гэтак жа, як і ў сітуацыях пераследу за іншадумства ў Беларусі ў цэлым, затрыманні за бел-чырвона-белую сімволіку паводле адміністрацыйных спраў маглі пазней перацякаць у крымінальны пераслед – знаходзіліся фатаграфіі з пратэстаў або іншыя доказы нелаяльнасці чалавека рэжыму. У той жа час вядомыя выпадкі, калі пераслед за сімволіку адразу класіфікаваўся паводле крымінальнага артыкула – часцей гэта арт. 339 Крымінальнага кодэкса («Хуліганства») або арт. 341 Крымінальнага кодэкса («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»).

Так, 1 лютага 2022 года за малюнкі сэрцайкаў і надпісы «Жыве!», «Беларусь», зробленыя чырвоным маркерам у кабіне ліфта жылога дома ў сакавіку – красавіку 2021 года, Мінскі раённы суд пастанавіў аштрафаваць Наталлю Сляпцову на 4800 рублёў (~1655 еўра). Характэрна, што ў 2021 годзе Наталлю ўжо прыцягвалі за іх жа да адказнасці: спачатку ў траўні яна правяла за кратамі 22 сутак (адміністрацыйны арышт), потым атрымала 3 месяцы хатняга арышту ў межах крымінальнага пераследу. Матэрыяльнай шкодай, што фігуравала ў абвінавачанні, прызналі выдаткі суседкі на шчотку, якой тая сцірала надпісы з уласнай ініцыятывы, – «не менш за тры беларускія рублі».

4 лютага суд Полацкага раёна і горада Полацка вынес прысуд паводле крымінальнай справы ў дачыненні да Вольгі Труновай і Святланы Фірсавай. За бел-чырвона-белыя надпісы і выявы на слупах электраперадач, дрэвах, лаўках, асфальце, зробленыя з дапамогай балончыкаў з фарбай, а таксама за расклейванне белых аркушаў паперы з чырвонай паласой у лістападзе 2020 года суд прызначыў ім пакаранне ў памеры 6080 і 6400 рублёў (~2100 і 2200 еўра) адпаведна. Матэрыяльную шкоду сельсавету на суму 20 рублёў абвінавачваныя кампенсавалі яшчэ да абвяшчэння прысуду.

16 чэрвеня суд Маскоўскага раёна Брэста прызначыў 1,5 года калоніі Ірыне Прыгавай, яе абвінавацілі ў развешванні бел-чырвона-белых стужачак і сцяжкоў на вуліцах Брэста (у справе фігуравала «не менш за 15» – са студзеня да сакавіка 2022 года), а таксама ў нанясенні на будынкі надпісаў, частку з якіх класіфікавалі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса («Знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»). Сваёй датычнасці да апошніх Ірына на судзе не прызнала. Таксама абвінавачваную абавязалі выплаціць штраф за судовыя экспертызы ў памеры 398,2 рубля.

6 верасня суд Баранавіцкага раёна прысудзіў Уладзіміру Бранавіцкаму 1 год калоніі за тое, што той «з выключным цынізмам 17 разоў размясціў… самаробныя вырабы з палотнішчаў у бел-чырвона-белых колерах» на лініях электраперадач у горадзе і акрузе ў студзені – чэрвені 2022 года. Матэрыяльныя прэтэнзіі Баранавіцкага філіяла РУП «Брэстэнерга» ў памеры 1277 рублёў Уладзімір прызнаў.

23 снежня суд Бярэзінскага раёна прызначыў Пятру Пятрушу 6 месяцаў калоніі за тое, што ў перыяд з лютага 2021 года да верасня 2022-га той 11 разоў нанёс на розныя паверхні (апоры ліній электраперадач, прыпыначныя пункты, дарожны знак) «выявы ў выглядзе бел-чырвона-белых палос». Матэрыяльная шкода ў памеры 700 рублёў была пагашана абвінавачваным яшчэ падчас папярэдняга следства.

Ёсць і іншыя факты пераследу.

***

Вядома шмат выпадкаў (назваць дакладную іх колькасць на сённяшні дзень немагчыма), калі людзей спачатку затрымлівалі, потым падчас праверкі іх тэлефона знаходзілі фатаграфіі з сімволікай, якія і рабіліся далейшай падставай для арышту. Новае ў 2022 годзе – унясенне ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» рэчаў з сімволікай або чырвона-белай расфарбоўкай з міжнародных пасылак: інфармацыйная прадукцыя, «якая нанесена на адрэз тканіны, запальнічку, змяшчае выяву палос бел-чырвона-белага колеру і вершніка на кані з мячом і шчытом у руках»; «якая нанесена на бранзалет белага колеру з чырвонай палоскай у цэнтры, змяшчае надпіс «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! ЖЫВЕ ВЕЧНА!» і выяву вершніка на кані з мячом і шчытом у руках»; «нашыўка, якая змяшчае выяву палос бел-чырвона-белага колеру»; значкі і паштоўкі, маскі і майкі, налепкі і календары, бранзалеты і кубкі, бірулькі і магніты і г. д. У яго ж трапіў Instagram-акаўнт «Беларусь на целе» – «Гісторыі беларусаў з татуіроўкамі пра 2020 год», напоўнены пратэснай сімволікай, у тым ліку бел-чырвона-белай. А вітанне «Жыве Беларусь!» і водгук «Жыве!» у лістападзе 2022 года былі ўнесены ў «Спіс нацысцкіх арганізацый, сімволікі і атрыбутыкі».

    

II. ПАРУШЭННЕ ПРАВА НА ВЫКАРЫСТАННЕ ЎКРАІНСКАЙ СІМВОЛІКІ

У маніторынгу ўтрымліваецца 36 [рэальны лік нашмат большы] сітуацый пераследу беларусаў за ўкраінскую сімволіку – дзяржаўныя сцяг і герб, а таксама іх каляровую гаму (спалучэнне жоўтага і блакітнага/сіняга). Сабраная інфармацыя з’яўляецца фрагментарнай і не адлюстроўвае рэальнага маштабу рэпрэсій у дачыненні да тых, хто выкарыстоўваў сімвалы Украіны і выказваў такім чынам сваю падтрымку ўкраінскаму народу з моманту пачатку 24 лютага 2022 года вайсковай агрэсіі з боку Расійскай Федэрацыі.

27 лютага, у асноўны дзень [нелегітымнага] рэферэндуму наконт змяненняў у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прайшлі мірныя сходы грамадзян. Паводле паведамленняў праваабарончага цэнтра «Вясна», толькі 27–28 лютага за антываенныя выказванні затрымалі больш за тысячу чалавек, усяго за 2022 год – больш за дзве тысячы. Нярэдка ўкраінская сімволіка выкарыстоўвалася разам з бел-чырвона-белай. Як і ў выпадках пераследу за бел-чырвона-белую сімволіку, зварот да ўкраінскай, а таксама лозунгі «Не вайне!» і «Слава Украіне!» у большасці выпадкаў кваліфікаваліся паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях як «несанкцыянаванае пікетаванне» і караліся часцей суткамі арышту, радзей – штрафам. Прывядзём шэраг прыкладаў такога пераследу.

Падставай для затрымання 27 лютага жыхаркі Віцебска Кацярыны Бекан зрабіўся букет жоўта-блакітных кветак, з якім яна была на плошчы Перамогі, за што гарадскі суд пакараў яе 10 суткамі арышту. Сяргея Хлебадара затрымалі на адным з выбарчых участкаў Полацка, куды ён прыйшоў у жоўта-блакітным шаліку, за што атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Жанна Трафімец выйшла на Кастрычніцкую плошчу Мінска з плакатам «Спыніце вайну» і прывязанымі да яго жоўта-блакітнымі шарыкамі. Яе затрымалі разам з унучкай, з якой яна была на плошчы, і даставілі ў Цэнтральнае РУУС. На наступны дзень суд аштрафаваў Трафімец на 3040 рублёў (~1050 еўра). 4 сакавіка настаўніца гісторыі з Бабруйска Ларыса Секержыцкая «парушыла парадак арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства» тым, што прыйшла на працу з жоўта-блакітнымі стужачкамі ў валасах, яе калегі паведамілі пра гэта ў міліцыю. 31 сакавіка гарадскі суд аштрафаваў Секержыцкую на 2240 рублёў (~680 еўра), а ў канцы жніўня стала вядома, што школа не прадоўжыла з ёй кантракт. Віцебскага актывіста і распаўсюджвальніка беларускіх кніг Барыса Хамайду затрымалі 15 сакавіка – спачатку падпалкоўнік міліцыі звярнуў увагу на прывязаную да століка з кнігамі жоўта-блакітную стужачку і папрасіў яе зняць, а затым падчас ператрусу ў РУУС у заплечніку Барыса знайшлі бел-чырвона-белую стужачку і нашыўкі з украінскай сімволікай. На волю Хамайда выйшаў 4 красавіка, праз 20 сутак. Ксяндза з Лынтупаў Аляксандра Барана затрымалі ў сакавіку за фатаграфію профілю ў сацыяльнай сетцы, якую ён абнавіў яшчэ 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расіі супраць Украіны, – выяву бел-чырвона-белага і ўкраінскага сцягоў. У выніку ён правёў 6 дзён у ізалятары часовага ўтрымання, пасля чаго суд 4 красавіка дадаў яшчэ 4 сутак (адпусцілі на некалькі дзён раней). Пасля вызвалення ксёндз адзначыў, што бел-чырвона-белы сцяг для хрысціян – знак уваскрэслага Хрыста, які нясе мір, а ўкраінскім сцягам ён хацеў паказаць, што памятае і любіць сваіх украінскіх сяброў і сваякоў. За тое, што ён не выдаліў старых пастоў з аватаркамі, у жніўні Аляксандр Баран быў пакараны паўторна і атрымаў яшчэ 17 сутак адміністрацыйнага арышту. Вячаслава Букаса затрымалі і арыштавалі праз 2,5 тыдня пасля таго, як 24 жніўня, у Дзень незалежнасці Украіны, ён паставіў жоўтыя і блакітныя лампадкі ля помніка бабруйчанам – ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій. 12 верасня гарадскі суд пакараў яго 15 суткамі за «пікетаванне».

На працягу 2022 года затрымлівалі або пераследавалі за накінуты на плечы ўкраінскі сцяг; запуск жоўта-блакітных шарыкаў; сцяг Украіны ў акне; «фатаграфаванне на лаўцы, выконваючы жоўта-сінюю гаму»; значкі з выявай жоўтага поля і сіняга неба; аркушы паперы на акне, размаляваныя жоўта-блакітнымі кветкамі; налепку герба «Трызубец» на аўтамабілі; жоўта-блакітныя стужачкі на машыне; «пікетаванне» выявай украінскага сцяга ў Instagram; запальванне піратэхнікі жоўта-блакітных колераў і г. д.

У шэрагу выпадкаў былі заведзены крымінальныя справы. У абодвух прыведзеных ніжэй прыкладах гаворка ідзе пра адначасовае вывешванне ўкраінскага і бел-чырвона-белага сцягоў. У канцы жніўня ў Мінску на фасадзе 19-павярховага дома на вуліцы Лесі Украінкі з’явіліся вялікія бел-чырвона-белыя і ўкраінскі сцягі. У сярэдзіне верасня за гэта затрымалі пяцярых мінчан. Першапачаткова на іх завялі крымінальную справу за злоснае хуліганства (арт. 339 Крымінальнага кодэкса), якую пасля перакваліфікавалі ў больш цяжкую: «Стварэнне і ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» (арт. 361.1) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361.4). 6 красавіка 2023 года Дзяніс Воразаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах і Кацярына Зарэцкая за вывешванне нацыянальных сцягоў Беларусі і Украіны асуджаны на 5 гадоў, Уладзімір Лавор – на 4 гады і 9 месяцаў калоніі. 8 кастрычніка, у дзень падрыву Крымскага моста [вядзе з Краснадарскага краю ў анексаваны Крым], група мінчан павіншавала ўкраінскі народ «з цудоўнымі навінамі з Крымскага моста» тым, што вывесіла на адной з мінскіх апор лініі электраперадач бел-чырвона-белы і ўкраінскі сцягі. У канцы кастрычніка прэс-служба МУС зрабіла справаздачу аб ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і затрыманні шасцярых мінчан. За вывешванне сцягоў былі затрыманы Ігар Цяплееў, Ігар Цікач, Віктар Грынько, Уладзімір Савельеў, Юрый Несцярэнка і Валерый Балабешка, на іх заведзены крымінальныя справы.


III. КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД ЗА ГЛУМЛЕННЕ З ДЗЯРЖАЎНЫХ СІМВАЛАЎ

У 2022 годзе ў Беларусі працягнуліся выпадкі крымінальнага пераследу за «зняважлівае стаўленне да дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь» – чырвона-зялёнага сцяга ў першую чаргу. У сітуацыі задушаных паслявыбарчых пратэстаў, рэпрэсій за выказванне іншай думкі і татальнай несвабоды ў прынцыпе ўжо трэці год працягваюцца гісторыі з пашкоджаннем усталяваных на будынках сцягоў (пераважна здзейсненым у стане алкагольнага ап’янення) – адзін з маркераў стаўлення грамадзян да дзейнай улады.

У маніторынгу адлюстравана інфармацыя пра 36 [звесткі не прэтэндуюць на паўнату] крымінальных спраў на падставе арт. 370 Крымінальнага кодэкса «Глумленне з дзяржаўных сімвалаў», прысуды паводле якіх былі вынесены непасрэдна ў 2022 годзе. У 7 з 36 спраў таксама фігуравалі арт. 339 («Хуліганства») або 368 («Публічная абраза прэзідэнта»). Выпадкі, калі грамадзянам выстаўлялі абвінавачанні паводле больш чым двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса (з улікам 370-га), мы не ўключалі ў гэты агляд.

Судовыя працэсы за сцягі, вырваныя з кранштэйнаў на будынках гарадскіх і сельскіх школ, прадуктовых крам, аддзяленняў пошты, дамоў культуры, інтэрнатаў, выканкамаў і шэрагу іншых дзяржаўных устаноў, праходзілі на працягу года па ўсёй краіне. 18 студзеня суд Бабруйска на закрытым пасяджэнні прысудзіў Глебу Лёгкаму і Арцёму Прыгажаеву 1,5 года калоніі за сарваны з будынка школы сцяг, які яны затым кінулі на зямлю, тапталіся па ім і кінулі на яго недакурак. У лютым лідчане Яраслаў Гебень і Мікіта Мурын атрымалі па 2,5 года калоніі за «абразлівае і зняважлівае стаўленне да Дзяржаўнага сцяга Беларусі»: яны падняліся на дах будынка, выламалі сцяг з флагштока, кідалі палотнішча на зямлю і кусты, знялі з ім відэа «ў непрыстойным выглядзе». 15 красавіка суд Брэста пастанавіў арыштаваць на 3 месяцы Максіма Хамічука і Данііла Мурашкіна за сарваны ў студзені з крамы «Хіт!» сцяг і паламанае дрэўка, самога палотнішча хлопцы не рвалі, проста аднеслі дадому. 15 красавіка суд Гомельскага раёна прысудзіў пазбаўленне волі тэрмінам на 1 год ва ўмовах калоніі Сяргею Алейнікаву і Яну Аляксейчыкаву за два сарваныя ў студзені з мясцовых Дома культуры і выканкама дзяржаўныя сцягі, з якімі яны потым пайшлі прагуляцца, а таксама «дэманстратыўна, у прысутнасці старонніх асоб, размахвалі ім, кідалі на зямлю, тапталіся па палотнішчы нагамі». Вядома, што адзін са сцягоў вярнулі сваякі, а другі знайшлі схаваным у туі ў двары дома аднаго з абвінавачваных. 22 красавіка суд Магілёўскага раёна пастанавіў арыштаваць на 3 месяцы Ігара Шнейдэрава за сарваны ў пачатку сакавіка з будынка сельскага Дома культуры сцяг, які ён пасля аднёс у гараж, дзе ў той вечар бавіў час у кампаніі сяброў. 10 траўня суд Жабінкаўскага раёна прысудзіў Валянціну Шуміку 2 гады «хіміі» за сарваны з крамы сцяг, які ён затым перакінуў праз найбліжэйшы плот. 13 снежня Івацэвіцкі суд прысудзіў Аляксею Мігно пазбаўленне волі ва ўмовах калоніі на 1 год за тое, што той забраўся па вадасцёкавай трубе на будынак сельсавета, зняў дзяржаўны сцяг і паклаў на ганак (а знаёмая, якая была разам з ім, прыставіла сцяг да сцяны). Мелі месца і іншыя факты пераследу паводле 370-га артыкула, значную колькасць крымінальных спраў паводле якіх завялі ў дачыненні да групы асоб (двух і больш чалавек), – «дзеянні ў групе асоб паводле папярэдняй змовы», як гэта часцяком фігуравала ў матэрыялах спраў.

Беларусы не толькі зрывалі чырвона-зялёныя сцягі з кранштэйнаў будынкаў, але і псавалі іх, падпальвалі або параўноўвалі з нацысцкай сімволікай. Так, жыхар Салігорска распыліў маторную аліву на сцяг, усталяваны ля ўваходу ў будынак дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, і пашкодзіў палотнішча, за што быў асуджаны судом на 1,5 года «хіміі». Дзмітрый Матусевіч і Вячаслаў Люцінскі паспрабавалі спаліць набыты ў краме сувенірны сцяжок пасля таго, як выйшлі з яе, пра гэта паведаміў у міліцыю ахоўнік крамы. Суд Оршы і Аршанскага раёна прысудзіў абодвум 2 гады «хіміі». За фатаграфію чырвона-зялёнага сцяга на фоне нацысцкай свастыкі, размешчаную ў сацыяльных сетках, суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прысудзіў Віталю Галавачу 1 год «хатняй хіміі». Зміцер Янушкевіч быў абвінавачаны паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «зняважлівую і блюзнерскую карцінку са свастыкай, асноўнымі колерамі якой з’яўляюцца чырвоны і зялёны, што паўтараюць колеры сцяга Рэспублікі Беларусь», размешчаную ім у «Аднакласніках». Суд Гродна вынес яму прысуд у выглядзе 1 года калоніі.

Людзі, асуджаныя паводле 370-га артыкула (як і паводле шэрагу іншых палітычных артыкулаў), пазней трапляюць у спісы «экстрэмістаў» – «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», які вядзе Міністэрства ўнутраных спраў, што накладае на іх дадатковыя абмежаванні як падчас адбыцця пакарання, так і пасля вызвалення.

Вядомыя выпадкі пераследу за дзеянні з афіцыйным дзяржаўным сцягам у дачыненні да людзей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі і выказалі сваю думку пра тое, што адбываецца ў краіне. Так, 10 лютага Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь завяла крымінальную справу на Барыса Філатава, кіраўніка ўкраінскага горада Дняпра, яму інкрымінаваны арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне нацыянальнай варожасці») за тое, што 9 лютага 2022 года ў знак пратэсту супраць антыўкраінскіх выказванняў Лукашэнкі чырвона-зялёны сцяг ля мэрыі Дняпра быў заменены на бел-чырвона-белы. У траўні Следчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 370 («Глумленне з дзяржаўнага сцяга») на беларуса, які абліў фарбай сцяг Беларусі, што вісіць на алеі сцягоў дзяржаў свету на тэрыторыі ЗША, а таксама размясціў пад ім шыльду «Country aggressor» [«Краіна-агрэсар»] і павесіў бел-чырвона-белы сцяг.

***

У маніторынгу змяшчаецца і інфармацыя пра адміністрацыйны пераслед за «незаконныя дзеянні ў дачыненні да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь», у прыватнасці, да гімна. 25 чэрвеня падчас выканання дзяржаўнага гімна перад футбольным матчам паміж «Нёманам» і «БАТЭ» адзін з заўзятараў не ўстаў з месца, за што яго прыцягнулі да адказнасці паводле арт. 24.54 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях. Ён атрымаў штраф у памеры 480 рублёў (~190 еўра).

IV. ЗАКЛЮЧЭННЕ: ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў ПЫТАННІ СІМВОЛІКІ

Скрыншоты з сюжэта на дзяржаўным тэлеканале “Беларусь 1”

Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», сцяг і герб Украіны не з’яўляюцца ў Беларусі заканадаўча забароненымі сімваламі. Апошнія тры гады стратэгія аўтарытарнага рэжыму краіны ў дачыненні да сімволікі (як аднаго з кірункаў рэпрэсій) пабудавана на дыфамацыі гістарычнай (бел-чырвона-белай) сімволікі і спробах прышчапіць павагу да дзяржаўнай (чырвона-зялёнай). З канца лютага 2022 года – на пераследзе ў дачыненні да ўкраінскіх сімвалаў (як праявы салідарнасці з Украінай) і пры гэтым на публічнай дэманстрацыі знакаў ваеннай агрэсіі Расіі – георгіеўскіх стужачак, літар «Z» і «V». Наяўнасць на афіцыйных дзяржаўных мерапрыемствах расійскага «трыкалора» і савецкай сімволікі – таксама частка сучаснага палітычнага поля Беларусі.

Працягваецца супрацьпраўная і бесчалавечная паводле сваёй сутнасці практыка «пакаянных» відэа, якая заахвочваецца ўладамі і зрабілася на сёння паўсядзённай. Адна з іх задач – дыскрэдытацыя нацыянальных сімвалаў: бел-чырвона-белага сцяга, герба «Пагоня», лозунга «Жыве Беларусь!» На такіх відэа пад ціскам прадстаўнікоў сілавых структур затрыманыя апраўдваюцца і выбачаюцца за тое, што з’яўляецца іх неад’емным правам (на карыстанне і выказванне) – за бел-чырвона-белыя стужачкі ў салоне машыны; «апазіцыйны» сцяг, кепку і стыкеры, знойдзеныя дома падчас ператрусу; беларускі сцяг, з якім падарожнічалі за мяжу і фатаграфаваліся; налепку «Пагоня» на багажніку аўтамабіля; відэа з танцамі на фоне бел-чырвона-белага сцяга; публікацыі ў «Аднакласніках» фатаграфій з нібыта «нацысцкай» сімволікай; удзел у пратэстах 2020 года і выхад на дарогу з бел-чырвона-белым сцягам. Яны вымушана дэманструюць свае татуіроўкі – кулак з бел-чырвона-белай стужачкай, «Пагоню» або партрэт рэвалюцыянера Кастуся Каліноўскага. Для здымкі іх могуць захутаць у бел-чырвона-белы сцяг, прыляпіць на лоб бел-чырвона-белы стыкер, даць у рукі сцяжок, прымусіць на камеру таптаць кепку з «Пагоняй», зафарбоўваць татуіроўку герба проста ў кабінеце «праваахоўнікаў» або выціраць зубачысткай бел-чырвона-белы сцяг з карціны, замяняючы яго на белы. Затрыманых прымушаюць раскаяцца, паабяцаць «добра вучыцца», казаць, што «перагледзеў(-ла) свае погляды». Заахвочваюцца «яўкі з пакаяннем». Відэа запісваюцца на фоне дзяржаўнай чырвона-зялёнай сімволікі.

Адначасова з дыфамацыяй адной сімволікі, ідэалагічна няслушнай з гледзішча рэжыму, прадстаўнікі дзяржапарату робяць серыю крокаў, каб прышчапіць павагу да іншай – «правільнай». Так, з 2021 года працягваецца кампанія ўрада з усталяваннем чырвона-зялёнага сцяга на як мага большай колькасці будынкаў дзяржаўных устаноў. Даходзілі і паведамленні пра тое, што раённыя адміністрацыі рассылалі лісты з патрабаваннем усталяваць дзяржаўны сцяг «з улікам усебаковай агляднасці» таварыствам уласнікаў – на дахах жылых дамоў, супрацоўнікам дзяржпрадпрыемстваў – на дахах прыватных дамоў. Разам з тым у 2022 годзе былі ўведзены рытуалы ўшанавання дзяржаўных сімвалаў на ўсіх узроўнях адукацыі. Дзеля выканання праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва на 2022–2025 гады Міністэрства адукацыі распрацавала дакумент, згодна з якім «у мэтах удасканалення работы па патрыятычным выхаванні навучэнцаў, фармавання ў іх традыцыйных каштоўнасных установак, традыцый ушанавання сімвалаў дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь (Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь)» загадала арганізаваць на пастаяннай аснове мерапрыемствы «з абавязковым праслухоўваннем (выкананнем) Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, узняццем (вынасам) Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі ўстановы адукацыі». Дадатковыя абавязкі, звязаныя з пытаннямі дзяржаўнай сімволікі, увялі, дарэчы, і ў дачыненні да спартсменаў і трэнераў – у прыватнасці, гэта тычыцца ведання тэксту дзяржаўнага гімна («Аб змяненні законаў па пытаннях фізічнай культуры і спорту»). Відавочна, дзяржаўны гімн не так добра вядомы беларусамі, як песня «Магутны Божа», якая зрабілася адным з сімвалаў пратэсту.

Паралельна з афіцыйнай (чырвона-зялёнай) сімволікай на дзяржаўных святах і мерапрыемствах можна ўбачыць сцяг Расіі, а таксама савецкую сімволіку, у прыватнасці, сцяг СССР, партрэты Леніна і Сталіна. З часу поўнамаштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Украіны дадаліся сімвалы расійскай агрэсіі – літары «Z» і «V», георгіеўская стужачка. Так, 30 красавіка ў Мінску прайшло шэсце «Беларусь Zа Расію». У Буда-Кашалёве на святкаванні дня здароўя каманда РАУС выйшла з літарамі «Z» і «V», выкананымі ў колерах дзяржаўнага сцяга Беларусі. 29 чэрвеня ў Бабруйску мясцовыя прадстаўнікі гарсавета і гарвыканкама адзначалі 78-ую гадавіну Бабруйскай аперацыі і вызвалення горада ад фашысцкай акупацыі, у канцы мерапрыемства рабілася супольная фатаграфію з гасцямі з Расіі, у тым ліку з Z-сімволікай. Гэта толькі некалькі прыкладаў прысутнасці расійскіх вайсковых сімвалаў, забароненых у шэрагу краін, у публічнай прасторы беларускіх гарадоў.

У першых днях студзеня 2022 года на адным з будынкаў у цэнтры Віцебска быў дэмантаваны герб вобласці – «Пагоня». Мясцовая адміністрацыя супакойвала, што ён адпраўлены на «мадэрнізацыю» і неўзабаве вернецца з «нязначнымі» зменамі, якімі стала замена белага фону герба на зялёны. Гэткім чынам рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі робіць усё, каб «мадэрнізаваць» Беларусь на свой лад.