Беларускі ПЭН заснаваны ў 1989 годзе і з’яўляецца адной з найстарэйшых беларускіх праваабарончых арганізацый, якая адстойвае свабоду выказвання, змагаецца супраць праяў нянавісці і прыцягвае сусветную ўвагу да парушэння правоў чалавека ў Беларусі – у тым ліку культурных правоў.
Беларускі ПЭН аб’ядноўвае Людзей Слова, займаецца адвакацыяй правоў Людзей Слова ў зняволенні, вядзе спіс літаратуры, прызнанай экстрэмісцкімі матэрыяламі. Людзі Слова – беларускія літаратары, перакладчыкі і даследчыкі літаратуры, публіцысты, інтэлектуалы і тыя, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў.
Абое беларускія нобелеўскія лаўрэаты – Святлана Алексіевіч і палітзняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі – з’яўляюцца сябрамі Беларускага ПЭНа.
Мы лічым літаратуру і культуру падмуркам устойлівай дэмакратычнай сістэмы і выкарыстоўваем падыход, заснаваны на правах чалавека. Сябры Беларускага ПЭНа кіруюцца Статутам Беларускага ПЭНа, падзяляюць прынцыпы і каштоўнасці Хартыі Міжнароднага ПЭНа, прызнаюць Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў, распрацаваныя беларускай праваабарончай супольнасцю.
Наша місія: абараняць Людзей Слова і іншых творцаў, культурныя, грамадзянскія правы і свабоды, гуманістычныя каштоўнасці, ідэнтычнасць, ствараючы і даючы прастору для развіцця беларускай культуры, творчасці і міжкультурнага дыялогу.
Два асноўныя кірункі дзейнасці Беларускага ПЭНа – праваабарончы і творчы
Праваабарончы кірунак
Праваабарончая дзейнасць – грунтоўная частка нашай працы. Мы займаемся сістэмным маніторынгам парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і сітуацыі ў сферы культуры. Кожныя два тыдні мы публікуем хронікі парушэнняў правоў чалавека, а кожныя тры месяцы – аналітычныя справаздачы. Таксама мы робім спецыяльныя даследаванні па актуальных тэматычных кірунках (напрыклад, пра самацэнзуру, русіфікацыю).
Мы рэгулярна праводзім кампаніі салідарнасці з Людзьмі Слова ў няволі і рэпрэсаванымі дзеячамі культуры, ажыццяўляем адвакацыйную дзейнасць на міжнародным узроўні і рознымі спосабамі падтрымліваем творцаў, пацярпелых ад рэпрэсій.
Як частка праваабарончай супольнасці Беларусі мы з’яўляемся сузаснавальнікамі Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскага і ўваходзім у кааліцыю беларускіх праваабарончых арганізацый.
Мы займаемся развіццём тэмы культурных правоў і правоў чалавека ў сферы культуры ў Беларусі, фармуем абазнанасць у гэтай тэме творцаў і прадстаўнікоў арганізацый культуры, праводзім адукацыйныя кампаніі і навучанні па абароне сваіх культурных правоў.
Творчы кірунак
У межах творчага кірунку мы ствараем прастору, у якой творцы могуць рэалізаваць свой патэнцыял, знаходзіць падтрымку, натхненне і супольнасць, спрыяльную для развіцця культуры.
Гэты напрамак ахоплівае літаратурныя прэміі (імя Алеся Адамовіча, Францішка Багушэвіча, Ежы Гедройця, Наталлі Арсенневай, Міхала Анемпадыстава, Францішка Аляхновіча, Карласа Шэрмана, «Дэбют» імя Максіма Багдановіча і іншыя), фестывалі (Вандроўны Фэст Караткевіча, літаратурная сцэна на «Hučna Fest» і іншыя), аўдыятэку, творчыя рэзідэнцыі і адукацыйныя праекты (напрыклад, Перакладчыцкая майстэрня, вэбінары для незалежных выдавецтваў і іншыя).
Мы – частка міжнародных арганізацый
Мы ў Міжнародным ПЭНе
Беларускі ПЭН быў створаны ў Беларусі ў 1989 годзе і з’яўляецца часткай Міжнароднага ПЭНа.
P.E.N.: Poets (паэты), Essayists (эсэісты), Novelists (навелісты). Першыя літары гэтых слоў супадаюць у многіх еўрапейскіх мовах, а разам складаюць слова pen – асадка. Больш поўная версія: Poets (паэты), Playwrights (драматургі), Editors (рэдактары), Essayists (эсэісты), Novelists (навелісты), а сёння таксама журналісты, гісторыкі, крытыкі, перакладчыкі, сцэнарысты, блогеры, выдаўцы – незалежна ад этнічнай прыналежнасці, мовы, колеру скуры, полу і веравызнання.
Міжнародны ПЭН-клуб – сусветнае аб’яднанне прафесійных літаратараў, заснаванае ў Лондане 5 кастрычніка 1921 года з ініцыятывы Кэтрын Эмі Доўсан-Скот і Джона Галсуорсі, каб пашыраць супрацу прадстаўнікоў творчых прафесій і абараняць іх правы. Сёння Міжнародны ПЭН-клуб дзейнічае на пяці кантынентах у больш як 90 краінах, аб’ядноўваючы 130 аўтаномных прадстаўніцтваў, што падтрымліваюць свабодны рух думкі ўнутры краін і паміж імі.
Беларускі ПЭН кіруецца ў сваёй дзейнасці Хартыяй Міжнароднага ПЭН-клуба, а таксама дэкларацыямі і маніфестамі.
Мы ў Сетцы Дамоў правоў чалавека
Беларускі ПЭН з’яўляецца часткай Сеткі Дамоў правоў чалавека (Network of Human Rights Houses).
Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава створаны ў 2006 годзе беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, у тым ліку Беларускім ПЭНам, і Фондам Дамоў правоў чалавека (Нарвегія).
Сёння 80 арганізацый грамадзянскай супольнасці аб’яднаныя ў Сетку Дамоў правоў чалавека, якая дзейнічае ва Усходняй і Заходняй Еўропе, на Балканах і Каўказе. Мандат Сеткі Дамоў правоў чалавека – абараняць, умацоўваць і падтрымліваць праваабарончыя арганізацыі на месцы і аб’ядноўваць іх у міжнародную Сетку. БДПЧ супрацоўнічае з многімі Дамамі і арганізацыямі, якія іх заснавалі, а таксама з беларускімі і замежнымі праваабарончымі і іншымі грамадскімі арганізацыямі, каб палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і свеце, падтрымаць беларускіх праваабаронцаў і ўмацаваць іх арганізацыі.
Гісторыя
Беларускі ПЭН быў створаны ў 1989 годзе аргкамітэтам, у які ўваходзілі 20 пісьменнікаў, і прыняты ў Міжнародны ПЭН-клуб у траўні 1990 года на 55-м кангрэсе, што праходзіў на востраве Мадэйра. Зарэгістраваны Мінюстам Рэспублікі Беларусь 16 лістапада 1990 года на падставе Статута і Пастановы Савета Міністраў № 274 ад 1 лістапада 1990 года і перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 года. Міжнародны ПЭН мае дарадчы статус у ЮНЕСКА і ААН.
У 1994 годзе Беларускі ПЭН заснаваў дзве штогадовыя літаратурныя прэміі, якія прысуджаюцца выбітным літаратарам з мэтай заахвоціць іх у працы і адзначыць іх дасягненні: прэмію імя Алеся Адамовіча і прэмію імя Францішка Багушэвіча. У 2012 годзе Беларускі ПЭН выступіў як адзін з заснавальнікаў Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Гэтыя прэміі існуюць і сёння, з’явіліся таксама і новыя літаратурныя прэміі і праекты. З 1996 года Беларускі ПЭН з’яўляецца сябрам Камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні» (Writers in Prison Committee), заснаванага ў 1960 годзе Асамблеяй дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клуба.
Беларускі ПЭН ліквідавалі ў Беларусі рашэннем Вярхоўнага суда 9 жніўня 2021 года, на гадавіну прэзідэнцкіх выбараў. За 2020–2022 гады мы перажылі праверкі Міністэрства юстыцыі, ператрусы, юрыдычную ліквідацыю, блакаванне сайта, рэлакацыю актыву ў Варшаву – але ні на дзень не спынялі сваёй працы.
Цяпер Беларускі ПЭН зарэгістраваны ў Польшчы і працягвае сваю дзейнасць як асацыяцыя (stowarzyszenie).
Больш пра гісторыю Беларускага ПЭНа можна прачытаць у нашым артыкуле.
Прэзідэнты і прэзідэнткі Беларускага ПЭНа
Што вы можаце зрабіць для нас:
- Падтрымаць нас фінансава. Беларускі ПЭН працуе дзякуючы ахвяраванням: разам мы можам зрабіць больш для падтрымкі пісьменнікаў, абароны правоў чалавека і захавання беларускай культуры.
- Падтрымаць і далучыцца да нашых заяваў, накіраваных уладам Беларусі і міжнароднай супольнасці, а таксама падзяліцца імі ў сваіх сацыяльных сетках ці медыя.
- Стаць сябрам Беларускага ПЭНа, каб разам спрыяць развіццю літаратуры і культуры і абараняць свабоду выказвання.
- Падтрымаць Людзей Слова ў няволі — прачытаць іх гісторыі і распавядаць пра іх паўсюль, дзе вы зможаце.
- Падпісацца на нашыя сацыяльныя сеткі, чытаць нашыя навіны і аналітычныя матэрыялы і дзяліцца імі ў сваіх сацыяльных сетках.