• Навiны
  • Культурныя правы
  • (БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2023 год.

(БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2023 год.

Апошняе абнаўленне: 3 сакавіка 2024
(БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2023 год.

«І вось гэтая раптоўная абрынутасць: ты сёння нармальны, цябе сёння шануюць,
на цябе раўняюцца,
цябе хваляць, табе сёння грамату даюць, а заўтра за тое,
што ты нешта там зрабіў – нават не парушыў, нічога ты не парушыў,
але раптам… – усё, ты ў няміласці…»

З інтэрв’ю з беларускім пісьменнікам

Пра маніторынг
Асноўныя вынікі маніторынгу
Смерці ў калоніях і ўмовы ўтрымання дзеячаў культуры
Крымінальны пераслед і суды над дзеячамі культуры
Адміністрацыйны пераслед і затрыманні
Пераслед за ахвяраванні
Парушэнне права на свабоду перасоўвання
Пераслед дзеячаў культуры, якія выехалі за мяжу
Звальненні і практыка «забароны на прафесію»
Стварэнне адміністрацыйных перашкод, цэнзура і забарона на распаўсюд прадукту беларускай культуры
Ціск на арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў сферы культуры
«Экстрэмісцкія матэрыялы»
Барацьба з гістарычна-культурнай спадчынай – аб’ектамі нацыянальнай гісторыі і польскім мемарыялам
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры
Заключэнне і рэкамендацыі

Пра маніторынг

Беларускі ПЭН з кастрычніка 2019 года сістэмна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Прадстаўляем маніторынг са статыстыкай і аналізам адступленняў ад прававых нормаў у 2023 годзе. Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц, шляхам асабістых кантактаў і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры, у тым ліку ў рамках даследавання схаваных рэпрэсій [1]. Мы не паказваем дынаміку колькасці парушэнняў за 2020–2023 гады ў сувязі з няпоўнай супастаўнасцю звестак з прычыны змен, якія ў той ці іншай ступені зазнаюць парушэнні і метадалогія даследавання. Важна адзначыць, што рэпрэсіі ў Беларусі ўсё больш прымаюць непублічныя формы, а інфармацыя пра іх ідзе ў замкнёныя прафесійныя супольнасці. Маніторынгавая група Беларускага ПЭНа шукае альтэрнатыўныя спосабы збіраць інфармацыю і дзякуе кожнаму і кожнай, хто працягвае ёй дзяліцца. Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнні (у тым ліку канфідэнцыйна) або выправіць недакладнасці, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], telegram: @viadoma. Чым дакладней мы зможам зафіксаваць і прааналізаваць сітуацыю з правамі чалавека ў сферы культуры, тым эфектыўней будзем планаваць працу для падтрымкі дзеячаў і праектаў культуры.

NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, згодна з дзейнымі ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўнымі прадпісаннямі, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні.

АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ

Сітуацыя сацыяльна-палітычнага крызісу, у якой Беларусь апынулася ў выніку фальсіфікацыі рэжымам прэзідэнцкіх выбараў і сілавога задушэння мірных пратэстаў у 2020 годзе, працягвае негатыўна ўплываць на сферу культуры. Не спыняецца палітычна матываваны пераслед дзеячаў культуры: ператрусы, допыты, затрыманні, адміністрацыйныя арышты, крымінальныя тэрміны, арышты маёмасці – у тым ліку ў дачыненні да тых, хто выехаў за мяжу. Публікуюцца дыфамацыйныя матэрыялы ў СМІ. Сфера культуры прасякнута цэнзурай і татальным кантролем: адбываюцца звальненні нелаяльных спецыялістаў, існуе забарона на прафесійную дзейнасць. Рэжым разглядае нобелеўскіх лаўрэатаў, папулярызатараў нацыянальнай культуры, музычныя калектывы, творы літаратурных класікаў як пагрозу «нацыянальнай бяспецы». Пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам ён пазбаўляе творцаў магчымасці выказвацца, зарабляць на жыццё, а часам – і самога жыцця.

Абапіраючыся на сітуацыю ў культурнай сферы ў Беларусі і ролю дзеячаў культуры ў краіне, а таксама на даклад спецыяльнай дакладчыцы ў галіне культурных правоў пра абаронцаў культурных правоў (2020 год), беларускіх дзеячаў культуры мы прызнаём абаронцамі культурных правоў.

  • Усяго ў 2023 годзе ў маніторынгу зафіксавана 1499 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. У іх ліку:
      • 1097 парушэнняў у дачыненні да 605 дзеячаў культуры і асоб, чые культурныя правы былі парушаны;
      • 163 парушэнні ў дачыненні да 147 арганізацый і супольнасцяў;
      • 57 парушэнняў у дачыненні да аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны і беларускай мовы;
      • 182 старонкі дзеячаў культуры ў сацыяльных сетках або музычныя кліпы, кнігі, часопісы, сайты, YouTube-каналы і іншыя матэрыялы на культурную тэматыку ўнесены Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
  • Станам на 31 снежня 2023 года пазбаўлены волі або абмежаваны ў ёй не менш [2] за 155 дзеячаў культуры, 104 з якіх прызнаны праваабаронцамі палітычнымі [3] зняволенымі. Усяго, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі 1452 палітзняволеныя на канец 2023 года. 10 дзеячаў культуры трапілі ў турмы, 80 адбываюць крымінальнае пакаранне ў калоніях, 4 – на «хіміі», 21 чалавек знаходзіцца ў СІЗА Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэта дзяржаўнай бяспекі ў чаканні суда або этапавання ў месцы адбыцця пакарання, 38 дзеячаў культуры – на «хатняй хіміі» [4], актуальнае месцазнаходжанне яшчэ 2 чалавек праваабаронцам невядомае.

  • У зняволенні памерлі мастак Руслан Карчаулі, культурны менеджар і блогер Мікалай Клімовіч, мастак і перформер Алесь Пушкін.
  • Дзеячы культуры зазнаюць у няволі жорсткае і бесчалавечнае стаўленне. Пераслед не спыняецца і пасля поўнага адбыцця пакарання.
  • Паводле Крымінальнага кодэкса асуджаны не менш за 76 дзеячаў культуры і працаўнікоў сферы. Усяго з 2020 года – 245 чалавек.
  • Не менш за 206 дзеячаў культуры сутыкнуліся з адвольнымі затрыманнямі. Новыя крымінальныя справы заведзены ў дачыненні да мінімум 79 чалавек. Пад адміністрацыйны пераслед трапілі не менш чым 143 дзеячы культуры.
  • У дачыненні да дзеячаў культуры часцей за ўсё парушаліся права на справядлівы суд (306 выпадкаў) і мелі месца адвольныя затрыманні (216). У дачыненні да арганізацый і супольнасцяў – стварэнне адміністрацыйных перашкод для дзейнасці, у тым ліку прымусовая ліквідацыя (92) і цэнзура (66).
  • Топ-10 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры выглядае наступным чынам:

                 

У параўнанні з 2022 годам істотна вырасла колькасць зафіксаваных фактаў цэнзуры, «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і парушэнняў свабоды распаўсюду інфармацыі.

  • Сярод формаў пераследу важна адзначыць:
    • поўны інфармацыйны вакуум у дачыненні да вядомых палітычных зняволеных, сярод якіх – музыка і грамадская дзяячка Марыя Калеснікава, літаратар, бард і адвакат Максім Знак, менеджар культуры і палітычны дзеяч Сяргей Ціханоўскі, мецэнат і палітычны дзеяч Віктар Бабарыка;
    • прысуд у дачыненні да дзеяча культуры ў рамках спецыяльнага вядзення – экс-міністр культуры і палітык Павел Латушка, які знаходзіцца за межамі Беларусі, у завочным судзе асуджаны на 18 гадоў калоніі;
    • прысуд за «беларускі нацыяналізм» – культурны менеджар Павел Белавус атрымаў 13 гадоў калоніі за прасоўванне нацыянальнай культуры: арганізацыю канцэртаў, літаратурных сустрэч, лекцый, папулярызацыю нацыянальнай сімволікі;
    • унясенне дзеячаў культуры ў «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» як «удзельнікаў» гэтых «фарміраванняў»;
    • пераслед дзеячаў культуры за зробленыя імі дабрачынныя ахвяраванні ў фонды салідарнасці [5], пасля прызнаныя рэжымам «экстрэмісцкімі фарміраваннямі»;
    • узмацненне праверак на мяжы падчас вяртання ў Беларусь;
    • палітычна матываваныя выключэнні мастакоў з Беларускага саюза мастакоў;
    • прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» твораў класікаў беларускай літаратуры XIX–XX стагоддзяў.
  • Задушэнне іншадумства і свабоды выказвання думкі адбываецца пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам:
    • 10 дзеячаў культуры ўнесены ў «Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» (сёння ў ім ужо 28 чалавек). 80 дзеячаў культуры – у «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» (усяго там не менш за 188 дзеячаў культуры).
    • Музычны гурт «Tor Band», аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў», радыё «Ранак», медыя «Штодзень Гомель» і «MOST» (якія асвятляюць у тым ліку тэмы беларускай мовы, гісторыі і культуры) – у «Пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
    • Не менш за 182 пазіцыі з матэрыяламі на тэму культуры або сацыяльнымі сеткамі дзеячаў культуры ўнесены ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Упершыню  «экстрэмісцкімі» прызнаны асобныя тэксты кнігі. Пачынаючы з 2021 года, у спіс унесены 37 кніг, 2 вершы і 1 прадмова да выдання.
  • Працягваюцца палітычна матываваныя звальненні, практыка «забароны на прафесію».
  • Палітычная і ідэалагічная цэнзура ўскладняюць умовы для творчасці і распаўсюду беларускай культуры:
    • «Чорныя спісы» і спісы «нядобранадзейных» дзеячаў культуры.
    • Стварэнне адміністрацыйных перашкод для канцэртнай дзейнасці, правядзення выстаў, сустрэч, арганізацыі клубаў паводле інтарэсаў і іншых мерапрыемстваў; кантроль рэпертуарнай палітыкі тэатраў і кінапракату, музейных экспазіцый.
    • Ліквідаваны незалежныя беларускія выдавецтвы «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Зміцер Колас».
    • Прымусова ліквідаваны 45 некамерцыйных арганізацый з розных сектараў культуры, якія працавалі пераважна ў сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны, захавання гістарычнай памяці і аб’яднання нацыянальных меншасцяў. Усяго з пачатку мэтанакіраванай кампаніі ў зачыстцы грамадзянскай супольнасці Беларусі (з канца 2020 года) з працэдурай прымусовай ліквідацыі сутыкнуліся не менш за 228 НКА, датычных да сферы культуры Беларусі.
    • Рэжым змагаецца з «непатрэбнай» памяццю – нацыянальнай гісторыяй і польскай мемарыяльнай спадчынай.
    • Новыя выпадкі пераследу ўдзельнікаў культурных мерапрыемстваў.
  • Характар дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры – узмацненне жорсткасці кантролю і ўзаконьванне дыскрымінацыі, дэлегалізацыя незалежнай сферы культуры, ідэалагізацыя, мілітарызацыя, саветызацыя і патрыятызацыя. Антыбеларускі, антызаходні, антыўкраінскі, прарасійскі вектары дзяржаўнай палітыкі. Пераслед за выкарыстанне беларускіх нацыянальных сімвалаў, публікацыі на тэму нацыянальнай гісторыі, дыскрымінацыя ў дачыненні да беларускай мовы. Дыфамацыйныя матэрыялы і выказванні, мова варожасці – характар прапаганды дзяржаўных СМІ.
СМЕРЦІ Ў КАЛОНІЯХ І ЎМОВЫ ЎТРЫМАННЯ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ

5 студзеня 2023 года ў гродзенскай турме памёр мастак Руслан Карчаулі. Паводле наяўнай інфармацыі, смерць наступіла пасля перанесенай пнеўманіі ў выніку неналежнай медыцынскай дапамогі. 5 траўня ў віцебскай калоніі памёр культурны менеджар і блогер Мікалай Клімовіч, 61-гадовы палітзняволены з II групай інваліднасці па сэрцы, асуджаны 28 лютага на год калоніі за смайлік «смешна» на сатырычную выяву Лукашэнкі ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі».
Ноччу 11 ліпеня ў выніку неналежнай медыцынскай дапамогі з прабадной язвай у рэанімацыі памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін, чалавек-легенда мастацтва перформансу, асуджаны на 5 гадоў зняволення за партрэт антысавецкага партызана Яўгена Жыхара, напісаны ім у 2014 годзе. Алесь Пушкін адбываў пакаранне ў гродзенскай турме.
1 чэрвеня ў будынку Лідскага РАУС пры нявысветленых абставінах памёр паэт Дзмітрый Сарокін, падрабязнасцяў здарэння ў нас няма. Праваабаронцы і грамадскасць звязваюць гэтыя трагічныя смерці з умовамі ўтрымання і неналежным аказаннем медыцынскай дапамогі ў закрытых установах сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў.
Рытуалы развітання з Мікалаем Клімовічам (у траўні) і Алесем Пушкіным (у ліпені) праходзілі пад наглядам супрацоўнікаў «праваахоўных» органаў у цывільным, яны здымалі на камеру тых, хто прыйшоў развітацца. Сваякам, блізкім і калегам настойліва рэкамендавалі ўстрымацца ад каментарыяў і інтэрв’ю.

***

Рэжым пераследуе іншадумцаў і ў месцах пазбаўлення волі, практыкуючы пастаноўку дзеячаў культуры на прафілактычны ўлік, адміністрацыйныя спагнанні паводле надуманых прычын, перавод у адзіночную камеру, штрафны ізалятар, карцар, памяшканне камернага тыпу (у 2023 годзе ўжыта як мінімум у дачыненні да Уладзіміра Мацкевіча, Алеся Папковіча, Марыі Калеснікавай, Паўла Севярынца, Віктара Бабарыкі, Андрэя Пачобута, Уладзіміра Гундара, Івана Вярбіцкага, Паўла Вінаградава, Аляксандра Францкевіча);

узмацненне рэжыму адбыцця пакарання: перавод з калоніі ў турму (у 2023 годзе – у дачыненні да Уладзіміра Мацкевіча, Дзмітрыя Кубарава, Паўла Севярынца, Уладзіміра Гундара, Паўла Вінаградава; вядома, што 4 жніўня мусіў прайсці суд аб замене рэжыму адбыцця пакарання ў дачыненні да Вадзіма Гулевіча – вынік невядомы), замена «хіміі» на калонію (Глеб Койпіш), «хатняй хіміі» – на калонію (Барыс Кучынскі);

завядзенне новых крымінальных спраў за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411) (Сяргей Ціханоўскі, Алена Гнаўк, Зміцер Дашкевіч);

пазбаўленне пасылак і перадач, званкоў і сустрэч з роднымі, адвакатамі, абмежаванні ў прагулках, занятках спортам і камунікацыі з іншымі зняволенымі, выклікі на допыты, ператрусы ў камерах і г. д.

У 2023 годзе ў дачыненні да пэўных палітзняволеных пачала прымяняцца практыка «інкамунікада» – поўнай ізаляцыі асуджанага ад вонкавага свету: блакаванне ліставання, забарона на званкі, спатканні са сваякамі і сустрэчы з адвакатамі. Так, з лютага 2023 года сваякам Марыі Калеснікавай і Максіма Знака нічога не вядома пра месцазнаходжанне і стан блізкіх, з сакавіка цалкам адсутнічае незалежная інфармацыя пра Сяргея Ціханоўскага, з красавіка няма сувязі і інфармацыі пра здароўе Віктара Бабарыкі, шпіталізаванага ў канцы красавіка ў крытычным для жыцця стане, як няма і ніякай афіцыйнай інфармацыі з боку дзяржаўных органаў або органаў выканання пакарання і пракуратуры пра тое, што з ім насамрэч адбылося, дзе ён знаходзіцца і ў якім стане.

Блакаванне карэспандэнцыі і нядопуск да зняволеных адваката робіцца цяжкім выпрабаваннем як для саміх палітзняволеных, так і для чальцоў іх сем’яў, якія на працягу доўгага часу могуць быць у поўным няведанні, што адбываецца з блізкім. «Не маючы магчымасці даведацца, у якім ён стане, я адчуваю бяссілле. Часта вяду ў думках ліставанне і ўяўляю, што ён мог бы мне адказаць. Адсутнасць сувязі – гэта катаванне», расказала нам блізкая сваячка аднаго з палітзняволеных. Беларускія праваабаронцы неаднаразова адзначалі, што пазбаўленне ліставання трапляе пад катэгорыю катаванняў, якое лічыцца злачынствам супраць чалавечнасці і не мае тэрміну даўнасці.

Пераслед і псіхалагічны ціск не заканчваюцца і з выхадам творцаў з месцаў пазбаўлення волі. Гэтая практыка атрымала распаўсюд як у дачыненні да тых, хто цалкам адбыў пакаранне, так і да асуджаных на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»): пастаянная змена ўмоў утрымання, праверкі ў любы час дня і ночы, скарачэнне вольнага часу, абразы, запалохванні, правакацыі і надуманыя парушэнні рэжыму, за якімі ідзе адміністрацыйны арышт, – толькі частка кампаніі ціску.

КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД І СУДЫ НАД ДЗЕЯЧАМІ КУЛЬТУРЫ

З моманту пачатку вядзення маніторынгу (кастрычнік 2019 года) і самых маштабных у гісторыі Беларусі пратэстаў супраць аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі (лета – зіма 2020 года) не менш як 52 дзеячы культуры выйшлі на волю, цалкам адбыўшы пакаранне ў рамках крымінальнага пераследу – 1–3 гады ў калоніі, 1,5–3 гады «хіміі» або 1–2 гады «хатняй хіміі». Аднак на змену ім прыходзяць новыя і новыя людзі творчых прафесій – адвольныя затрыманні, арышты і наступныя суды працягваюцца і ў 2023 годзе. Затрымліваюць і судзяць за ўдзел у мірных сходах 2020 года, за публічныя выказванні з нагоды любых рэзанансных для дзяржавы тэм і падзей, за дабрачынныя ахвяраванні і творчасць, пазбаўляюць права на свабоду распаўсюду інфармацыі і свабоду асацыяцый, у большасці выпадкаў прыкрываючы свае неправамерныя рашэнні барацьбой з экстрэмізмам і тэрарызмам. Суды ў такіх выпадках – толькі фармальны інструмент задушэння іншадумства.

У 2023 годзе новыя крымінальныя справы заведзены ў дачыненні да не менш як 79 дзеячаў культуры, якія знаходзяцца ў краіне або выехалі за мяжу. На тэрміны ад 1 да 18 гадоў пазбаўлення волі асуджаны не менш за 76 людзей культуры. Неймаверныя тэрміны атрымалі многія прафесіяналы сваёй справы.
Культурны менеджар, заснавальнік незалежнай культурнай пляцоўкі «Арт Сядзіба» і крамы нацыянальнай сімволікі Symbal.by, паслядоўны папулярызатар беларускай нацыянальнай культуры Павел Белавус быў затрыманы ў лістападзе 2021 года і за сваю прафесійную дзейнасць абвінавачаны ў здрадзе дзяржаве (арт. 356), у закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361), у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання [6] (арт. 361-1), а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (арт. 342) – «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця… распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму», як заявіў бок абвінавачання. 11 траўня 2023 года падчас закрытага працэсу Павел Белавус асуджаны на 13 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і на 18 500 рублёў штрафу.

Літаратар, старшыня і заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў ліпені 2021 года за праваабарончую дзейнасць і дапамогу рэпрэсаваным, у выніку абвінавачаны ў кантрабандзе – незаконным перамяшчэнні грашовых сродкаў у буйным памеры (арт. 228) і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 2 арт. 342). 3 сакавіка 2023 года суд прызначыў Алесю Бяляцкаму 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 185 000 рублёў штрафу.

Палітолаг, публіцыстка, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка выдання «Беларусский ежегодник» Валерыя Касцюгова была затрымана ў канцы чэрвеня 2021 года і за сваю прафесійную інтэлектуальную дзейнасць абвінавачана рэжымам у закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361), у змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (арт. 357), у распальванні варожасці або разладу (арт. 130). 17 сакавіка 2023 года на закрытым судовым працэсе Валерыя Касцюгова асуджана на 10 гадоў калоніі.

Музыка Яўген Глушкоў быў затрыманы ў жніўні 2022 года ў выніку праверкі тэлефонаў у мясцовых жыхароў праз інцыдэнт, які атрымаў агалоску ў СМІ, на вайсковым аэрадроме «Зябраўка» (аэрадром у Гомельскай вобласці, на якім з пачатку вайны з Украінай размяшчаліся расійскія войскі і адкуль наносіліся ракетныя ўдары па тэрыторыі Украіны). За знойдзеныя ў яго тэлефоне фотаздымкі абвінавачаны ў здрадзе дзяржаве (арт. 356) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4). 20 студзеня 2023 года на закрытым працэсе Яўген Глушкоў асуджаны на 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Музыкі Дзмітрый Галавач, Андрэй Ярэмчык і Яўген Бурло, удзельнікі рагачоўскага гурта «Tor Band», чые песні сталі адным з сімвалаў беларускіх пратэстаў, былі затрыманы ў кастрычніку 2022 года. У лістападзе стала вядома, што 10 песняў, Youtube-канал, старонка на «Patreon» і сацыяльныя сеткі гурта ўнесены ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (прызнаны такімі судом 29 жніўня 2022 года). У студзені 2023 года, праз 2,5 месяца пасля затрымання музыкаў, КДБ прызнаў гурт «Tor Band» «экстрэмісцкім фарміраваннем». У выніку музыкаў абвінавацілі ў распальванні варожасці або разладу (арт. 130), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (арт. 361-1), дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1), знявазе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368). 31 кастрычніка 2023 года на закрытым працэсе суд асудзіў вакаліста, аўтара тэкстаў песень Дзмітрыя Галавача на 9 гадоў, бубнача Яўгена Бурло – на 8 гадоў, бас-гітарыста Андрэя Ярэмчыка – на 7,5 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму (і на 3700 рублёў штрафу кожнага).

Журналіст, эсэіст, сябра Саюза палякаў Беларусі Андрэй Пачобут, які выказваўся на тэму беларускіх пратэстаў 2020 года, гістарычных падзей 1939 года, які бараніў польскую меншасць у Беларусі, быў затрыманы ў сакавіку 2021 года ў рамках пераследу прадстаўнікоў польскай меншасці Беларусі. Абвінавачаны рэжымам у закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361), распальванні варожасці або разладу (арт. 130). 8 лютага 2023 года на закрытым працэсе Андрэй Пачобут асуджаны на 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Эдуард Бабарыка, менеджар культуры, прадпрымальнік і кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, быў затрыманы разам з бацькам у чэрвені 2020 года. Утрымліваўся пад вартай больш за 3 гады, у выніку абвінавачаны ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (арт. 342), ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (арт. 243), у распальванні варожасці або разладу (арт. 130). 5 ліпеня 2023 года Эдуард Бабарыка асуджаны на 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Заснавальнік іспанскага візавага цэнтра Руслан Лабанок і культуролаг, архівіст, актывіст незалежнага прафсаюза «РЭП» Вацлаў Арэшка былі асуджаны ў 2023 годзе адпаведна на 11 і 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Працэсы над імі праходзілі ў закрытым рэжыме.

44 дзеячам культуры прызначана пакаранне ў выглядзе калоніі (навуковага супрацоўніка і мадэратара суполкі «ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ ў Беларусі!» у сацыяльнай сетцы «УКантакце» Уладзіміра Буцькаўца ў выніку разгляду апеляцыйнай скаргі адправілі на «хімію»), 31 чалавек асуджаны на «хатнюю хімію», 1 вынік суда нам невядомы.

У 2023 годзе былі асуджаны:

Студзень: культуролаг, архівіст, актывіст незалежнага прафсаюза «РЭП» Вацлаў Арэшка (8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); краязнаўца і журналіст Аляксандр Лычаўка (3 гады «хатняй хіміі»); экскурсаводка і даследчыца Валерыя Чарнаморцава (2,5 года «хатняй хіміі»); музыка Яўген Глушкоў (9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); спявачка Мерыем Герасіменка (3 гады «хатняй хіміі»); уладальнік бара «Банкі-Бутэлькі» Андрэй Жук (2,5 года «хатняй хіміі»).

Люты: відэааператар і музыка Глеб Гладкоўскі (5 гадоў калоніі); акцёр, кастынг-дырэктар Віктар Бойка (3 гады «хатняй хіміі»); мастак-ілюстратар Вадзім Багрый (невядома, колькі гадоў калоніі); настаўнік гісторыі Сяргей Козел (3 гады «хатняй хіміі»); паэт, музыка, журналіст Андрэй Пачобут (8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); навуковы супрацоўнік і мадэратар гурта «за АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ ў Беларусі!» у сацыяльнай сетцы «УКантакце» Уладзімір Буцькавец (3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму [7]); архітэктарка Валерыя Сокал (2,5 года «хатняй хіміі»); менеджар культуры, відэаблогер і палітык Сяргей Ціханоўскі (паўторны суд: яшчэ 1,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму да папярэдняга прысуду ў 18 гадоў калоніі); культурны менеджар і блогер Мікалай Клімовіч (1 год калоніі).

Сакавік: літаратуразнаўца, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, эсэіст і праваабаронца Алесь Бяляцкі (10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); дырэктар івэнт-агенцтва «KRONA» Сяргей Гунь (невядома, колькі гадоў калоніі); менеджар культуры, міністр культуры Рэспублікі Беларусь у 2009–2012 гадах, палітык Павел Латушка (18 гадоў калоніі ў рамках прысуду, вынесенага ў завочным судаводстве); заснавальнік іспанскага візавага цэнтра Руслан Лабанок (11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); філолаг, італьяністка Наталля Дуліна (3,5 года калоніі); музыкі Дзмітрый і Уладзімір Каракіны (2,5 года «хатняй хіміі» кожнаму); культуролаг і экспертка ў этыкеце Аксана Зарэцкая (1,5 года калоніі); аўтарка і рэдактарка, палітолаг і аналітык Валерыя Касцюгова (10 гадоў калоніі); аспірант гістарычнага факультэта БДУ Юрый Уласюк (3 гады «хатняй хіміі»); фатограф і журналіст Генадзь Мажэйка (3 гады калоніі); літаратар і бард Аляксей Ільінчык (2,5 года калоніі); фатографка Варвара Мядзведзева (2,5 года «хатняй хіміі»).

Красавік: краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар (трэці прысуд: яшчэ 2,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму да папярэдніх 18 гадоў – 20 гадоў у выніку частковага складання пакаранняў); акцёр Андрэй Трызубаў (3 гады «хатняй хіміі»); настаўнік нямецкай мовы, краязнаўца і бакалаўр багаслоўя Андрэй Пуканаў (2 гады калоніі); музыкі Андрэй і Вера Мамойкі (2,5 года «хатняй хіміі» кожнаму); спявачка Аляксандра Захарык (3 гады «хатняй хіміі»); літаратарка і актывістка Алена Гнаўк (чацвёрты прысуд: 1 год калоніі да папярэдняга прысуду ў 3,5 года); аўтар артыкулаў для інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» Іван Марозаў (1,5 года калоніі); дзіцячы пісьменнік і выкладчык Дзмітрый Юртаеў (2 гады калоніі).

Травень: адміністратар Telegram-канала «Па-беларуску» і праграміст Андрэй Філіпчык («хатняя хімія», тэрмін невядомы); мастак Генадзь Драздоў (3 гады калоніі); менеджар культурных праектаў Павел Белавус (13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); дызайнерка Маргарыта Сокал (3 гады «хатняй хіміі»); менеджар культуры і сацыёлаг Юрый Бубноў (2 гады калоніі); менеджар культуры і актывіст Уладзімір Булаўскі (2 гады калоніі); краязнаўца і журналіст Яўген Меркіс (4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму); літаратарка Яна Цэгла (2 гады «хатняй хіміі»).

Чэрвень: студэнтка Акадэміі мастацтваў Дар’я Іксанава (2,5 года «хатняй хіміі»); культурны актывіст Андрэй Прымака (4 гады калоніі).

Ліпень: уладальнік этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч (прысуд невядомы); менеджар культуры і прадпрымальнік Эдуард Бабарыка (8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); дызайнер і тату-майстар Ілля Акішаў («хатняя хімія», тэрмін невядомы); архітэктар Мікіта Каваленка (2 гады «хатняй хіміі»); педагог вакалу Ладарыя Кузняцова (1 год «хатняй хіміі»); паэт, музыка і перакладчык Мікіта Найдзёнаў (3 гады «хатняй хіміі»); літаратар, фатограф і журналіст Дзмітрый Баяровіч (3 гады «хатняй хіміі»); менеджар культуры Павел Мажэйка (6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); выкладчыца кафедры замежнай літаратуры МДЛУ Наталля Жлоба (3 гады калоніі).

Жнівень: спявачка Патрыцыя Свіціна (2,5 года «хатняй хіміі»); скрыпачка Наталля Богуш (2,5 года «хатняй хіміі»); рамесніца Наталля Белая (2,5 года «хатняй хіміі»); супрацоўніца гістарычнага архіва Наталля Пятровіч (6 гадоў калоніі); урбаністка, географка Ганна Скрыган (2 гады калоніі); краязнаўца, рэжысёрка-дакументалістка, журналістка Ларыса Шчыракова (3,5 года калоніі).

Верасень: музыка і IT-спецыяліст Аляксей Кузьмін (7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); танцорка і прадпрымальніца Вікторыя Гаўрыліна (3 гады і 3 месяцы калоніі); настаўніца рускай мовы і журналістка Таццяна Пыцько (3 гады калоніі) [8].

Кастрычнік: настаўніца рускай мовы і літаратуры Ала Зуева (2,5 года калоніі); перакладчык з іспанскай, партугальскай і англійскай моў Васіль Крэз (2 гады «хатняй хіміі»); перакладчыца з кітайскай Кацярына Бруханава (2,5 года калоніі); публіцыст і актывіст Зміцер Дашкевіч (другі прысуд: яшчэ 1 год калоніі строгага рэжыму пасля адбыцця папярэдняга прысуду ў 1,5 года калоніі); музыка Яўген Бурло (8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); музыка і аўтар тэкстаў песень Дзмітрый Галавач (9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму); музыка Андрэй Ярэмчык (7,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму); літаратарка, кандыдат філалагічных навук Надзея Старавойтава (3 гады «хатняй хіміі»); літаратарка, кандыдат філалагічных навук Наталля Сівіцкая (3 гады «хатняй хіміі»).

Лістапад: заснавальнік і галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч (4 гады калоніі).

Снежань: салістка хору Кацярына Цэван (2 гады «хатняй хіміі»).

У 2023-м, як і ў 2021–2022 гадах, часцей за ўсё дзеячаў культуры асуджалі за ўдзел у мірных акцыях пратэстаў 2020 года – паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Усяго паводле гэтага абвінавачання (выключна на падставе яго або паводле аднаго з артыкулаў у «складзе злачынства») асуджаны не менш за 39 дзеячаў культуры. Менеджар культуры і актывіст Уладзімір Булаўскі – паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»).

Усяго з лістапада 2020-га станам на канец 2023 года паводле Крымінальнага кодэкса асуджаны не менш за 245 дзеячаў культуры, 11 з іх – два і больш разоў. Усе тры гады самая распаўсюджаная прычына пераследу – за ўдзел у мірных сходах 2020 года (арт. 342). Спецыфіка 2022 года – рост колькасці крымінальных прысудаў за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» (арт. 361-1) і прысудаў паводле дыфамацыйных артыкулаў (арт. 368, 369); 2023 года – «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4). Рэжым называе экстрэмізмам супрацоўніцтва з незалежнымі медыя, перадачу ім актуальнай інфармацыі, адміністраванне чатаў у сацыяльных сетках.

 
АДМІНІСТРАЦЫЙНЫ ПЕРАСЛЕД І ЗАТРЫМАННІ

У 2023 годзе сабраны выпадкі адміністрацыйнага пераследу 143 дзеячаў культуры, у дачыненні да якіх складзены 163 пратаколы. Пераважная большасць спраў – на падставе арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях («Распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць») – за падпіску, лайкі, каментарыі або размяшчэнне ў сацыяльных сетках публікацый незалежных СМІ ў выгнанні, як прызнаных судамі Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» на момант іх размяшчэння, так і яшчэ да прызнання іх такімі – суду ўсё адно. Як і тое, што гаворка ідзе пра матэрыялы, якія не з’яўляюцца «экстрэмісцкімі» паводле сваёй сутнасці – артыкулы і відэа палітычнага, інфармацыйнага або культурнага зместу, лагатыпы незалежных медыя і г. д.

Вядомыя выпадкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў рамках арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях у выніку маніторынгу сацыяльных сетак дзеячаў культуры («падчас правядзення комплексу мерапрыемстваў у сетцы Інтэрнэт»). Таксама гэта адбываецца ў выніку «агляду тэлефонаў» – працэдуры, якая шмат у чым зрабілася прыкметай нашага часу і буднямі беларусаў. Змест падпісак у сацыяльных сетках, асабістага ліставання, кантакты правяраюцца спецслужбамі падчас перасячэння творцамі беларускай мяжы, у студэнтаў і выкладчыкаў навучальных устаноў, падчас адзіночных або масавых затрыманняў супрацоўнікаў устаноў культуры і адукацыі на працы ці дома.
Так, 29–30 сакавіка затрыманы як мінімум 8 супрацоўнікаў Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка; прыкладна такая ж колькасць спецыялістаў – 29 красавіка ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце; 5 траўня – не менш як 4 супрацоўнікі дзяржаўнай радыёстанцыі «Гомель FM»; 23 траўня – каля 15 супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта; 16 жніўня – не менш за 7 спецыялістаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі; у ноч з 21 на 22 снежня – 7 супрацоўнікаў Браслаўскага музея традыцыйнай культуры. Сярод затрыманых нямала прадстаўнікоў нашай мэтавай групы, якія ў большасці сваёй былі ў выніку асуджаны паводле адміністрацыйных артыкулаў за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Усяго зафіксавана 216 адвольных затрыманняў у дачыненні да 206 дзеячаў культуры.


ПЕРАСЛЕД ЗА АХВЯРАВАННІ

Жнівень 2020 года – час самага яркага для Беларусі мірнага пратэснага ўздыму і небывалай [9] хвалі салідарнасці. Яна выявілася ў тым ліку і ў вокамгненных зборах на дапамогу пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў. Беларусы і беларускія дзеячы культуры актыўна ахвяравалі малыя і вялікія сумы ў «BYSOL», «By_help» і іншыя фонды салідарнасці, якія карысталіся, у прыватнасці, аплатнай сістэмай Facebook. 2023-і – год завядзення крымінальных спраў «паводле факта давання грашовых сродкаў або іншай маёмасці дзеля свядомага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў BY_help, BYSOL)» [10].

Данаты рабіліся пераважна ў 2020 годзе, фонды «BYSOL» і «By_help» рэжым прызнаў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» ў снежні 2021 года, ініцыятывы «Сумленныя людзі» і «Краіна для жыцця» – у лютым і лістападзе 2022-га і г. д.

Першыя выпадкі пераследу дзеячаў культуры за здзейсненыя імі ахвяраванні зафіксаваны ў маніторынгу ў красавіку гэтага года. Рэжым выпрацаваў такую схему ціску: каб не было крымінальнай справы, патрабуецца «дзейнае раскаянне» – падпісанне яўкі з пакаяннем і кампенсацыя ў X-кратным памеры, то-бок нібыта добраахвотнае ахвяраванне на прапанаваны следчым рахунак. Многія мусяць згаджацца на такія ўмовы. У той жа час ёсць выпадкі прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ахвяраванні. Так, старшая выкладчыца кафедры замежнай літаратуры Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Жлоба 6 кастрычніка 2023 года асуджана на 3 гады калоніі на падставе таго ж артыкула Крымінальнага кодэкса – 361-2 («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»). У тым ліку за ахвяраванні асуджана танцорка і прадпрымальніца Вікторыя Гаўрыліна – на 3 гады і 3 месяцы калоніі (усяго паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса) 18 верасня 2023 года, а таксама былая настаўніца англійскай мовы Ірына Абдукерына – на 4 гады калоніі (усяго паводле чатырох артыкулаў) 6 снежня 2022 года. Беларускія праваабаронцы канстатуюць, што пераслед за фінансаванне арганізацый, якія не былі прызнаны экстрэмісцкімі (або тэрарыстычнымі) на момант ахвяравання, з’яўляецца парушэннем закону.

ПАРУШЭННЕ ПРАВА НА СВАБОДУ ПЕРАСОЎВАННЯ

Адна з практык 2023 года – апытанні ў пунктах памежнага пропуску падчас перасячэння дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь. Працэдура асабліва стараннага надгляду на мяжы падчас вяртання дадому ўсіх дзеячаў культуры, якія зафіксаваны ў базе тых, хто прайшоў праз адміністрацыйныя суды падчас і пасля падзей 2020 года, мае паўтаральны характар – адбываецца падчас кожнай замежнай паездкі. Для многіх яна зрабілася ўжо стандартнай працэдурай і новай рэальнасцю. Аднак у 2023 годзе сітуацыя атрымала працяг – недзе з траўня пачалі паступаць звесткі пра вымушаныя «размовы» з прадстаўнікамі сілавых структур і пра агляды тэлефонаў на пунктах памежнага пропуску ў значна шырэйшага кола людзей. «Размову» звычайна вядуць два супрацоўнікі спецслужбаў, адзін з якіх правярае змесціва мабільнага тэлефона (фотаздымкі, падпіскі, гісторыю браўзера, асабістых паведамленняў), а другі задае пытанні:

  • Адкуль і куды едзеце? З якой мэтай ездзілі за мяжу? З кім сустракаліся і якія пытанні абмяркоўвалі?
  • Дзе працуеце? Якая крыніца даходаў у Беларусі? Сямейнае становішча? Дзе і з кім жывяце ў Беларусі?
  • Ці ёсць сваякі за мяжой? А ва Украіне?
  • Ці былі праблемы з законам? Актыўнасць у 2020 годзе, удзел у дваровых чатах, данаты ў фонды і інш.?
  • Як вы думаеце, чаму вы трапілі ў поле нашага зроку?
  • Удакладняльныя пытанні наконт змесціва тэлефона (ад супрацоўніка, які вывучаў тэлефон).

Выпадкі такога пераследу дзеячаў культуры мы класіфікуем як парушэнне права на свабоду перамяшчэння. Да яго ж адносім практыку забароны на выезд з Беларусі пасля выхаду на волю з месцаў пазбаўлення волі, а таксама іншыя сітуацыі абмежавання выезду дзеячаў культуры з Беларусі або адмовы ва ўездзе ў краіну.

ПЕРАСЛЕД ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ, ЯКІЯ ВЫЕХАЛІ ЗА МЯЖУ

Працягваецца пераслед дзеячаў культуры, якія вымушана пакінулі Беларусь і працягваюць сваю дзейнасць за межамі краіны.

  • Дыфамацыя і дыскрэдытацыя ў дзяржаўных медыя – практыка, пачатая яшчэ ў 2020 годзе. Так, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру па літаратуры пісьменніца Святлана Алексіевіч, выдавец беларускай літаратуры Андрэй Янушкевіч, оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, былы дырэктар Купалаўскага тэатра і экс-міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, а таксама многія іншыя дзеячы культуры, майстры сваёй справы, спецыялісты найвышэйшай кваліфікацыі і годныя беларусы беспакарана «прамываюцца» прапагандыстамі ў тэлевізійным эфіры, прэсе, сацыяльных сетках – абразліва, груба, грэбліва, брыдка.
  • Завядзенне крымінальных спраў, ператрусы на месцы прапіскі, разгром кватэр, арышт маёмасці (дамоў, кватэр, тэхнікі), прымяненне практыкі спецыяльнага вядзення, абвяшчэнне ў міжнародны вышук – формы пераследу і ціску, якія актыўна выкарыстоўваюцца з 2021 года. У 2023-м дзеячы культуры рабіліся фігурантамі крымінальных спраў як у індывідуальным парадку, так і ў справах, заведзеных супраць групы асоб. У лістападзе стала вядома пра новы пераслед менеджара культуры і былога палітзняволенага Іллі Міронава, які з’ехаў з Беларусі ў чэрвені 2023 года. Вядзецца таксама пераслед літаратара, журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча, які пакінуў Беларусь 2,5 года таму. На яго кватэру накладзены арышт, у лістападзе прайшоў ператрус, апісаны мэбля і бытавая тэхніка, канфіскаваны кнігі, дыскі і многія асабістыя рэчы. У выніку візіту прадстаўнікоў сілавых структур да бацькоў даведаўся пра свае крымінальныя справы пісьменнік Саша Філіпенка. Пасля правядзення 29 ліпеня 12-гадзіннага марафону «Нам не ўсё адно» дзеля збору сродкаў для падтрымкі палітычных зняволеных у кастрычніку стала вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) супраць каля 60 чалавек («з ліку арганізатараў і іх памагатых», як гаворыцца ў паведамленні СК). Вядома, што ў іх лік трапілі музыка і журналістка Кацярына Пытлева, філолаг і журналіст Сяргей Падсасонны (які жыве ў Польшчы з 2008 года) і іншыя ўдзельнікі дабрачыннага марафону. 28 лістапада прайшла серыя ператрусаў і арыштаў маёмасці, звязаная з завядзеннем крымінальнай справы за спробу захапіць уладу супраць чальцоў Каардынацыйнай рады [11] – паводле звестак Следчага камітэта, гэта больш за 100 чалавек. Сярод іх шмат прадстаўнікоў нашай мэтавай аўдыторыі: менеджар культуры і палітык Павел Латушка, гісторык Павел Церашковіч і іншыя. Паведамлялася таксама, што рыхтуецца працэдура спецыяльнага вядзення ў дачыненні да «фігурантаў» гэтай справы – практыкі, зацверджанай у ліпені 2022 года, якая дазваляе завочна судзіць нелаяльных рэжыму беларусаў, што знаходзяцца за межамі краіны. Паралельна з хваляй ператрусаў і арыштаў нерухомасці гучалі пагрозы пра неабходнасць канфіскаваць кватэры ў адрас чальца прэзідыума Каардынацыйнай рады, пісьменніцы, нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.
  • Працягваюцца ціск на сваякоў і візіты прадстаўнікоў сілавых структур на месцы прапіскі дзеячаў культуры, якія пакінулі Беларусь. У сакавіку супрацоўнікі крымінальнага вышуку прыходзілі з роспытамі да бацькоў опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук (у траўні 2022-га іх ужо затрымлівалі і прысудзілі штрафы паводле адміністрацыйнага пратакола). У лістападзе сем чалавек з аўтаматамі ўчынілі ператрус у кватэры бацькоў Сашы Філіпенкі – пісьменніка, які шмат выказваецца ў еўрапейскіх СМІ пра сітуацыю ў Беларусі. «Бацьку забралі, маці сказалі: “Скажыце дзякуй сыну”», – напісаў тады Філіпенка на сваёй Facebook-старонцы. Канфіскавалі тэхніку і пратакол, а дакумент, на падставе якога праводзілі ператрус, не выдалі. У выніку бацька правёў 13 сутак у ізалятары часовага ўтрымання за рэпост артыкула з «экстрэмісцкага канала», а фактычна – за публічныя выказванні сына. Былі і іншыя выпадкі росшукаў міліцыяй дзеячаў культуры, якія жывуць за межамі Беларусі, візітаў прадстаўнікоў сілавых структур да сваякоў з пагрозамі і затрыманнямі, «аглядамі» кватэр і ператрусамі. Яшчэ адна з формаў ціску – рассылка сваякам лістоў Камісіяй па вяртанні, якая была створана пры Генеральнай пракуратуры і пачала працаваць ў пачатку гэтага года. Родным палітычных мігрантаў прыходзяць лісты з заклікамі да тых, хто з’ехаў, звярнуцца ў камісію з пакаяннем, апісаць прычыны ад’езду з краіны і магчымыя падставы для адміністрацыйнага або крымінальнага пераследу, ад шчырага сэрца раскаяцца і заявіць пра сваё жаданне вярнуцца ў Беларусь. На практыцы вядома, што выкананне ўсіх патрабаванняў камісіі не гарантуе, што чалавек застанецца на волі.
  • Прызнанне «экстрэмісцкімі» выказванняў дзеячаў культуры ў сацыяльных сетках. У 2023 годзе ў геаметрычнай прагрэсіі папаўняецца спіс Міністэрства інфармацыі аб прызнанні «экстрэмісцкімі» асабістых старонак у сацыяльных сетках дзеячаў культуры ў выгнанні. Такімі прызнаны адна, некалькі ці ўсе сацыяльныя сеткі краязнаўцы і журналіста Руслана Кулевіча, музыкі і актывіста Андрэя Павука, музыкі і журналісткі Кацярыны Пытлевай, літаратара, мастацтвазнаўцы і палітыка Зянона Пазняка, музыкі і журналіста Ігара Палынскага, музыкі Андрэя Цяпіна, паэта і медыяактывіста Валерыя Руселіка, спявачкі Маргарыты Ляўчук, пісьменніка і журналіста Севярына Квяткоўскага, рэжысёра і мастацкага кіраўніка Беларускага свабоднага тэатра Мікалая Халезіна, паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча, музыкі Лявона Вольскага і іншых.
ЗВАЛЬНЕННІ І ПРАКТЫКА «ЗАБАРОНЫ НА ПРАФЕСІЮ»

Палітычна матываваныя звальненні «нядобранадзейных» працягваюцца штодзень. Мы не можам ацаніць увесь іх маштаб, бо чым далей ад 2020 года, тым менш дзеячы культуры публічна паведамляюць пра страту месца працы. Аднак нават абвешчаныя факты пацвярджаюць: «чысткі» ў сістэме як частка дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры не спыняюцца. У лютым 2023 года на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры пры падвядзенні вынікаў працы сферы ў 2022 годзе Анатоль Маркевіч паведаміў пра амаладжэнне кадравага складу. З усяго відаць, яно адбылося за кошт учарашніх выпускнікоў устаноў адукацыі на месцы звольненых «нядобранадзейных» спецыялістаў. Тады ж чыноўнік пазначыў перспектыву на 2023 год, заявіўшы, што «здраднікам не месца на сцэне, дзяржспецмерапрыемства гэта ці канцэрт у аграгарадку», і што артыстам, гатовым працаваць на дзяржаву, трэба або публічна раскаяцца ў іншадумстве, або пакінуць сферу культуры назаўжды. Адно з катастрафічных наступстваў такіх звальненняў – дэфіцыт спецыялістаў і дэпрафесіяналізацыя дзяржаўнага культурнага сектара, бо часцяком рэпрэсіі закранаюць найлепшых, самых прафесійных і захопленых справай спецыялістаў.

У маніторынгу змяшчаецца інфармацыя пра 85 звальненняў паводле палітычных матываў у 2023 годзе. У яго пачатку стала вядома, што ўлады ўзяліся за Мемарыяльны музей-майстэрню Заіра Азгура праз «дэструктыўна настроеных» культурных працаўнікоў, а з 1 лютага страціла пасаду дырэктарка Аксана Багданава. За 19 гадоў яе кіраўніцтва музей зрэалізаваўся ў тым ліку як сучасная арт-пляцоўка. У выніку сілавога рэйду, затрыманняў і адміністрацыйных арыштаў супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка былі звольнены некалькі спецыялістаў, у тым ліку кандыдат філасофскіх навук Ігар Бортнік і кандыдат культуралогіі Тамара Джумантаева, уганараваная ў 2021 годзе знакам Міністэрства культуры «За ўнёсак у развіццё культуры Беларусі», «Чалавек года Віцебшчыны – 2014» у намінацыі «Культура, мастацтва, духоўнае адраджэнне». У снежні паведамлялася пра непрадаўжэнне кантракта з дырэктарам Веткаўскага музея стараверства Пятром Цалко. Беларускі дзяржаўны тэатр лялек на працягу года страціў таленавітага мастака-пастаноўшчыка Людмілу Скітовіч, адну з вядучых акторак – Святлану Цімохіну, легендарнага рэжысёра і аднаго з заснавальнікаў беларускага тэатра лялек Аляксея Ляляўскага. Вядома пра звальненні ў 2023 годзе з Вялікага тэатра Беларусі, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Інстытута філасофіі і Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі, Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Полацкага, Гомельскага і Беларускага дзяржуніверсітэтаў, ліцэя Беларускага дзяржуніверсітэта, дзяржаўных архіваў, літаратурных выданняў і іншых устаноў культуры і адукацыі.

Лаяльнасць супрацоўнікаў дзяржустаноў кантралююць спецыялісты па кадрах і спецыяльна ўкаранёныя ў сістэму ідэолагі – намеснікі «па ідэалагічнай працы і бяспецы». Важная роля ў пытаннях «кадравай бяспекі на даручаным яму ўчастку працы» адводзіцца і кіраўніку ўстановы. У гэтай сувязі новымі кіраўнікамі розных інстытуцый у сферы культуры сёння нярэдка прызначаюць былых супрацоўнікаў сілавых структур. Падставамі для звальнення (фармальна часцей за ўсё аформленага «паводле пагаднення бакоў») або непрадаўжэння кантракта служаць факты затрымання, адміністрацыйнага арышту (у 2021-м у падставы для звальнення працаўніка з ініцыятывы наймальніка дадалі пункт «адсутнасць на працы ў сувязі з адбываннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту»), крымінальнага пераследу, дабрачынныя ахвяраванні ў фонды, пазней прызнаныя рэжымам «экстрэмісцкімі», выказванні ў сацыяльных сетках і раней зробленыя заявы ў прафесійнай супольнасці, даносы (у тым ліку калег), дыфамацыйныя публікацыі ў дачыненні да дзеячаў культуры, адмова ўступаць у прафсаюз, а таксама іншыя прычыны (часам невідавочныя для самога пацярпелага). Звальненне з дзяржаўнай установы на падставе адной з такіх прычын робіцца для спецыяліста свайго кшталту «воўчым білетам» – яму закрываецца дарога ў якую-небудзь іншую дзяржаўную інстытуцыю краіны (вядомыя рэдкія выключэнні). Узаконьванне гэтай працэдуры адбылося праз увядзенне ў кастрычніку 2021 года практыкі патрабаваць характарыстыку з папярэдняга месца працы, у якой мусяць адлюстроўвацца прафесійныя, дзелавыя і маральныя якасці працаўніка, звесткі пра захаванне ім працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў. Дзяржава вызначыла адказнасць за падачу характарыстык, якія змяшчаюць загадзя недакладную інфармацыю, таксама і ў дачыненні да спецыялістаў, якія прапусцілі «няправільны» кадр.

Палітычна матываваныя звальненні і праблемы ў прафесіяналаў з наступным працаўладкаваннем – рэпрэсіўнае дзеянне з боку дзяржавы, вядомае як практыка «забароны на прафесію». Больш падрабязна пра яе і яе рэалізацыю ў сучаснай Беларусі можна даведацца са справаздачы Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі «“Забарона на прафесію” ў Беларусі: вяртанне да савецкіх практык і ўнікальныя рысы» (2023 год). Даследчыкі адзначаюць, што забарона на прафесію – гэта абагульненая з’ява. Так, у дачыненні да сферы культуры маюцца на ўвазе не толькі звальненні, але і адлічэнні з ВНУ і іншых прафесійных навучальных устаноў творчай накіраванасці, пазбаўленне выдаўцоў ліцэнзій, экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў – акрэдытацый, а таксама «чорныя спісы» дзеячаў культуры, ліквідацыя грамадскіх арганізацый і іншыя спосабы, якія пазбаўляюць спецыялістаў магчымасці займацца ў краіне прафесійнай дзейнасцю на законных падставах.

СТВАРЭННЕ АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПЕРАШКОД, ЦЭНЗУРА І ЗАБАРОНА НА РАСПАЎСЮД ПРАДУКТУ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ

У 2023 годзе ў Беларусі працягнуліся ліквідацыя незалежнага і кантроль над дзяржаўным сектарам культуры. Татальная цэнзура кніжнага рынку і бібліятэчных фондаў, тэатральных пастановак, канцэртных і выставачных мерапрыемстваў, кінапаказаў, музейных экскурсій і турыстычных маршрутаў, творчых саюзаў і грамадскіх арганізацый; забарона на імя і папулярызацыю творчасці нелаяльных рэжыму дзеячаў культуры; рэйды прадстаўнікоў сілавых структур у месцы арганізацыі і правядзення культурных мерапрыемстваў; цэнзура прапагандыстаў – цяперашнія ўмовы працы культурнай сферы Беларусі і распаўсюду прадукту беларускай культуры. Спісы «нядобранадзейных» дзеячаў культуры, «стоп-лісты» выканаўцаў, спісы «экстрэмісцкай» літаратуры, прымусовая ліквідацыя арганізацый, змены ў Кодэксе аб культуры, рэестры дапушчаных спецыялістаў і «званкі» з Мінкульта, маніторынгавыя камісіі і візіты з праверкамі, вусныя папярэджанні, «зялёнае святло» атакам прарасійскіх прапагандыстаў на беларускіх аўтараў і іх працы – усё гэта фармальныя і нефармальныя механізмы рэпрэсій і характар сённяшняй дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры Беларусі.

Асабліва адзначым барацьбу праўладных блогераў з нацыянальным мастацтвам. Так, меркаванне прапагандыстаў уплывае на дзяржаўную цэнзуру: дазволеныя Міністэрствам культуры выставы могуць раптам адмяніць пасля іх публічнай крытыкі «экспертамі» накшталт Вольгі Бондаравай [адна з прарасійскіх актывістак]. Тое ж тычыцца сітуацый з іншымі культурнымі мерапрыемствамі, кнігамі, аб’ектамі матэрыяльнай спадчыны і іншымі падзеямі, на якія яны звярнулі ўвагу і паскардзіліся ў адпаведныя інстанцыі.

У 2023 годзе ў маніторынгу зафіксаваны 237 фактаў цэнзуры ў дачыненні да дзеячаў культуры і арганізацый, а таксама 92 выпадкі адміністрацыйных перашкод для дзейнасці апошніх.

Працягнуліся рэпрэсіі ў дачыненні да кнігавыдавецтваў, якія выпускалі кнігі беларускіх аўтараў і на беларускай мове. 10 студзеня Эканамічны суд горада Мінска пастанавіў спыніць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Янушкевіча – ліквідавана выдавецтва «Янушкевіч». Фармальная прычына – выданне рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы», дзіцячай кнігі паводле верша Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькі буксір» і навуковай манаграфіі пра вайну Святланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941–1944 гг.)». У кастрычніку 2022 года гэтыя дзве мастацкія і адна навуковая кніга былі прызнаны Міністэрствам інфармацыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У студзені стала вядома пра падрыхтоўку ліквідацыі выдавецтва «Кнігазбор», пра што паведаміў у Facebook заснавальнік, выдавец Генадзь Вінярскі, а ў кастрычніку 2023-га працэс завяршыўся. 11 красавіка Эканамічны суд Мінска пастанавіў спыніць дзеянне пасведчання аб дзяржрэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка Змітра Коласа – ліквідавана найстарэйшае прыватнае выдавецтва «Зміцер Колас», якое працавала ў Беларусі з канца 1980-х гадоў. Падстава – выпуск зборніка дакументаў пра польска-беларускае памежжа 1939–1941 гадоў «“Вызваленыя” і заняволеныя» пад навуковай рэдакцыяй доктара гістарычных навук Аляксандра Смаленчука: у студзені гэтага года зборнік быў унесены Міністэрствам інфармацыі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Нагадаем, што ў 2022 годзе ліквідаваны два іншыя незалежныя выдавецтвы – «Галіяфы» і «Лімарыус». Таксама адзначым факт ліквідацыі выдавецкага дома «Віта», пра што стала вядома з адказу Міністэрства інфармацыі на зварот прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай, якая паскардзілася на распаўсюд кнігі « Откуда я взялся?», выпушчанай гэтым выдавецтвам.

Зафіксаваны факты цэнзуры школьнай праграмы. З новага навучальнага года – 2023/2024 – казка Артура Вольскага «Роднае слова» і апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка «Жаўрук» выключаны з пераліку твораў, рэкамендаваных для вывучэння ў рамках вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» для 4 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (яшчэ адзін «паспяховы кейс» Вольгі Бондаравай). З вучэбнай праграмы па беларускай літаратуры для 11 класа прыбраны гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» (заменены на «Чорны замак Альшанскі») і верш Алеся Разанава «У горадзе валадарыць Рагвалод» (раздзел дадатковага чытання). Адмову ад твора Караткевіча ініцыяваў праўладны прапагандыст, гісторык Вадзім Гігін з прычыны яго нібыта неадпаведнасці «правільнай» гістарычнай памяці – у рамане згадваюцца паўстанец Кастусь Каліноўскі і ўкраінскі паэт Тарас Шаўчэнка, польскае паўстанне 1863–1864 гадоў.

Працягваецца ўмяшанне ў асартымент кнігарняў – з сістэмы продажу прыбіраюць прадукцыю ліквідаваных выдавецтваў, нелаяльных рэжыму пісьменнікаў, гісторыкаў, чыё бачанне пэўных перыядаў беларускай гісторыі – у прыватнасці, 1930-х гадоў і часоў Вялікай Айчыннай вайны – адрозніваецца ад ідэалагічнай лініі дзяржавы. Ёсць тэндэнцыя чысткі фондаў бібліятэк. У 2023 годзе не раз гучала, што ў некаторых гарадскіх бібліятэках, школах і гімназіях прыбіралі са стэндаў, у прыватнасці, кнігі Святланы Алексіевіч – першай нобелеўскай лаўрэаткі ў гісторыі незалежнай Беларусі. З паліц і электронных каталогаў знікаюць творы, прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Ізноў блакаваліся сайты з матэрыяламі на культурную тэматыку. У сакавіку 2023 года гэта закранула сайт arche.by беларускага незалежнага навуковага, навукова-папулярнага, грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «Arche» (так і не запрацаваў), у красавіку – сайт з беларускамоўнымі аўдыякнігамі audiobooks.by, у ліпені – найбуйнейшую інтэрнэт-бібліятэку беларускай літаратуры kamunikat.org.

У канцы снежня 2023 года заявіў пра сваё закрыццё літаратурна-мастацкі часопіс «Дзеяслоў», першы выпуск якога з’явіўся ў верасні 2002 года. «Гэтым нумарам “Дзеяслоў” развітваецца з вамі. Далей як часопіс ён не будзе выходзіць. Такая сусветная тэндэнцыя, што літаратурныя і ўвогуле друкаваныя выданні, пачаўшы свой шлях адныя сотні, а іншыя дзясяткі гадоў таму, цяпер саступаюць месца выданням электронным. Хоць у нашым выпадку асноўная прычына іншая, і, мяркуем, абсалютна зразумелая і вядомая вам…» – напісалі аўтары ў апошнім друкаваным нумары часопіса.

***

У лютым апублікаваны «стоп-ліст» забароненых у Беларусі выканаўцаў, які ўключае 87 назваў гуртоў і імёнаў артыстаў. Амаль кожны другі (38 з 87) з пералічаных выканаўцаў/гуртоў прадстаўляе расійскую сцэну, кожны трэці (29 з 87) – беларускі артыст, кожны пяты (18 з 87) – украінскі выканаўца. На працягу года мы з некалькіх крыніц атрымлівалі пацвярджэнні, якія тычыліся забароны ратацыі на радыё, у клубах і іншых месцах выканаўцаў, чые імёны ёсць у «стоп-лісце», таму разглядаем гэты спіс як праўдзівы дакумент. З беларускіх выканаўцаў у яго трапілі «N.R.M.», Зміцер Вайцюшкевіч, «Крамбамбуля», «Палац», «Navy Band», Ганна Шаркунова, Макс Корж, «Litesound» і іншыя.

У пачатку студзеня ў Гомелі быў адменены канцэрт, прымеркаваны да 10-годдзя фолк-гурта «Ягорава Гара», тады ж музыкі паведамілі пра вымушанае прыпыненне канцэртнай дзейнасці. Паўгода не працавала адна з самых папулярных канцэртных пляцовак Мінска – «Prime Hall». У сярэдзіне студзеня на сайце арганізацыі з’яўлялася інфармацыя пра часовае закрыццё клуба «з тэхнічных прычын». Калі меркаваць з агучаных у СМІ версій, спыненне канцэртнай дзейнасці «Prime Hall» звязана з выступам артыста з «чорнага спісу» на навагоднім карпаратыве фірмы, якая арандавала пляцоўку. У чэрвені «Prime Hall» аднавіў сваю працу.

У 2023 годзе зафіксаваны крымінальны пераслед за музычную творчасць. Удзельнікі гурта «Tor Band» абвінавачаны рэжымам у стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання» і асуджаны за песні на 7,5–9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

***

Міністэрства культуры адным званком адмяніла IX незалежны афлайн-фестываль аўтарскага кіно «Нефільтраванае кіно», які меўся прайсці ў mooon-кінатэатры мінскага ГЗЦ «Dana Mall» 24–26 сакавіка. Такім жа чынам тройчы былі сарваны адукацыйныя кіналекторыі фестывалю, а ў снежні затрыманы ўдзельнікі прагляду «Сеанса нязнятага кіно» (згадаем таксама ніжэй у сувязі з пераследам спажыўцоў прадукту культуры). Паводле разнарадкі Мінкульта знята з пракату новая частка расійскага фільма «Пра што гавораць мужчыны». Перад прэм’ерай быў адменены паказ і адпраўлены «на дадатковую праверку» беларускі псіхалагічны трылер «Дзіўны дом», які 6 красавіка без перашкод выйшаў у расійскі кінапракат. На патрабаванне Міністэрства культуры ў цэнзураваным выглядзе выйшаў у Беларусі руска-беларускі серыял «За паўгадзіны да вясны», прысвечаны легендарнаму ансамблю «Песняры», – твары Дзмітрыя Есяневіча і Георгія Пятрэнкі зарэтушавалі. Падчас пераносу з аднаго паверха на другі ў сувязі з рамонтам у Музеі гісторыі беларускага кіно галоўную экспазіцыю значна скарацілі. Што характэрна, менавіта за кошт «падазроных элементаў» як у самой экспазіцыі, так і ў гісторыі беларускага кіно.

***

Не адбыўся монаспектакль Івана Кірчука ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы. У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі перасталі паказваць спектакль «Гэта ўсё яна» паводле п’есы Андрэя Іванова, зніклі з афіш пастаноўкі паводле п’ес Юліі Чарняўскай, рэжысуры былога мастацкага кіраўніка тэатра Аляксандра Гарцуева, звольненага паводле палітычных матываў у канцы снежня 2021 года, і іншых. У парку «Вялікае княства Сула» з незалежных ад арганізатараў прычын адмянілі прэм’еру інтэрактыўнай тэатралізаванай экскурсіі паводле твора У. Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», прызначанай на 4–6 лістапада. Ад цэнзуры і ўмяшання Мінкульта пацярпелі выставы беларускага жывапісу «Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне…» і выстава беларускай станковай і кніжнай графікі ХХ–ХХІ стагоддзяў у Палацы мастацтва, арганізаваныя Саюзам мастакоў. Не адбылося адкрыццё выставы «Лес» мастака пад псеўданімам Vova Televerdok. У снежні пра вымушанае закрыццё паведаміла каманда культурнай пляцоўкі «Вершы», прасторы, якая прыняла вялікую колькасць канцэртаў, кінапраглядаў, лекцый і майстар-класаў.

***

У Мінску і іншых гарадах Беларусі адмянялі прэзентацыі кніг, лекцыі, круглыя сталы, здымалі з рэпертуару спектаклі ці не дапускалі да паказу новыя пастаноўкі, не давалі гастрольных пасведчанняў, не дапускалі да ўдзелу ў выставах, канферэнцыях, фестывалях, сустрэчах і іншых мерапрыемствах «нядобранадзейных» для рэжыму дзеячаў культуры: «не прайшлі адбор», «тэрміновы рамонт памяшкання», «яны ў спісах», «з гэтым мадэратарам мы працаваць не будзем», «не прайшлі праверку», «мы не можам уключыць ваш даклад» і з іншымі агаворкамі. Або афіцыйнымі адпіскамі на запыт аб выдачы пасведчання на правядзенне мерапрыемства: «парушэнне іншых патрабаванняў прававых актаў» п. 1 арт. 215 Кодэкса аб культуры – гэта значыць, фактычна без тлумачэння прычын. У сувязі з канфідэнцыйным характарам пададзенай інфармацыі мы не можам агучыць у гэтым матэрыяле значную частку выпадкаў цэнзуры.

Цэнзура і шматлікія сітуацыі адмены канцэртаў, выстаў, пастановак, кінасеансаў і іншых мерапрыемстваў так ці інакш закранаюць і гледача, для якога ўсё гэта робіцца ў выніку недаступным. Сітуацыя ж сілавога пераследу спажыўцоў культурнай прадукцыі – крайняя форма ўмяшання дзяржавы ў рэалізацыю права на ўдзел у культурным жыцці. 13 студзеня, у Шчодры вечар, былі затрыманы і правялі ў аўтобусе 5 гадзін – пакуль ва ўсіх не праверылі дакументы і тэлефоны – каля 80 чалавек, якія ехалі ў суправаджэнні трох экскурсаводаў у аграгарадок Семежава Мінскай вобласці на абрад «Калядныя цары», уключаны ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Для экскурсаводаў Івана Сацукевіча і Алеся Варыкіша тая паездка скончылася 15 і 9 суткамі адміністрацыйнага арышту. 10 чэрвеня супрацоўнікі Брэсцкага АМАПа ўварваліся на тэрыторыю аграсядзібы «Стулы» і сарвалі паказ спектакля народнага тэатра лялек «Батлейка». Усім дарослым гледачам загадалі выйсці на вуліцу і легчы на зямлю тварам уніз у пазіцыі «рукі за галаву». У выніку агляду тэлефонаў затрымалі шэсць чалавек, у тым ліку гаспадыню сядзібы Ларысу Быцко і музыканта Ігара Паляшэнку. Некалькі гледачоў атрымалі 3–15 сутак у ізалятары часовага ўтрымання. 21 снежня былі затрыманы арганізатары і гледачы, якія прыйшлі на адно з мерапрыемстваў фестывалю «Нефільтраванае кіно» – «Сеанс нязнятага кіно». Затрыманым прысудзілі суткі арышту. Таксама адзначым сітуацыю з моладзевай субкультурай «ЧВК Рэдан» – прыхільнікамі японскай мультыплікацыі: калі падлеткі паспрабавалі сабрацца ў адным з гандлёвых цэнтраў Гомеля (28 лютага) і Брэста (1 сакавіка), прайшлі іх масавыя затрыманні, Следчы камітэт выставіў інцыдэнт як спыненне спробы ўчыніць несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы.

ЦІСК НА АРГАНІЗАЦЫІ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦІ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

Ліквідацыя некамерцыйных арганізацый

Згодна з маніторынгам «Lawtrend», з моманту першых ліквідацый у 2020-м да канца 2023 года некамерцыйны сектар Беларусі ў прымусовым парадку страціў 958 арганізацый. З іх не менш чым 228 адносіліся да сферы культуры або мелі ў сваёй дзейнасці культурную кампаненту. Непасрэдна на працягу 2023 года прымусова ліквідаваны 45 арганізацый культурнай накіраванасці. Сярод найбольш пацярпелых у гэты перыяд – гістарычна-культурная спадчына. 10 студзеня 2023 года Вярхоўны суд пастанавіў ліквідаваць найстарэйшае грамадскае аб’яднанне «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры», заснаванае ў Мінску яшчэ ў 1966 годзе і з 2007 года ўзначаленае гісторыкам культуры Антонам Астаповічам. У красавіку Гомельскі абласны суд ліквідаваў гістарычна-культурнае грамадскае аб’яднанне «Спадчына Палесся», чые энтузіясты займаліся аднаўленнем з руін былога будынка каталіцкага кляштара ў Мазыры (закладзенага ў пачатку XVIII стагоддзя) і сядзібы Горватаў у Нароўлі (XIX стагоддзе). Таксама ў красавіку Мінскі абласны суд прымусова ліквідаваў мясцовы фонд аднаўлення будынка помніка архітэктуры – былога кляштара бернардзінцаў у г. Нясвіжы (XVI стагоддзе). У траўні Мінскі гарадскі суд ліквідаваў мясцовы фонд «Культурная спадчына і сучаснасць», старшынёй якога з моманту заснавання ў 2014 годзе была Ала Сташкевіч, экспертка ЮНЕСКА і ICOM. У чэрвені Гродзенскі абласны суд пастанавіў ліквідаваць мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак», які займаўся захаваннем гэтага найстарэйшага беларускага архітэктурнага помніка (XIV стагоддзе). У жніўні Мінскі абласны суд ліквідаваў мясцовы гістарычна-культурны фонд «ЛЕЛІВА», які займаўся захаваннем спадчыны роду графаў Чапскіх, у тым ліку добраўпарадкаваннем і рэканструкцыяй сядзібнага комплексу ў вёсцы Прылукі (XVII стагоддзе).

Таксама адзначым факты ціску і выбарачнага прымянення дзяржавай заканадаўчых нормаў у дачыненні да арганізацый, якія працуюць з аб’ектамі культурнай спадчыны. Так, выканаўчыя ўлады арыштавалі маёмасць ТАА «Сядзібы і замкі», якое набыла і аднаўляла сядзібу Плятэраў у аграгарадку Опса Браслаўскага раёна, і ПУП «Маёнтак Падароск», якое займалася сядзібным комплексам у аднайменным аграгарадку Ваўкавыскага раёна. Практыка паказвае, што мясцовая вертыкаль «бярэцца» за ўладальнікаў адных аб’ектаў і нічога не робіць з іншымі, якія могуць гадамі быць у занядбаным стане.

Прымусовая ліквідацыя закранула і арганізацыі, сфакусаваныя на захаванні, развіцці нацыянальных культур і традыцый. У красавіку 2023 года Гродзенскі абласны суд пастанавіў у прымусовым парадку ліквідаваць пяляскае грамадскае аб’яднанне «Гімціне» – першую афіцыйна зарэгістраваную ў Беларусі (яшчэ ў 1993 годзе) літоўскую арганізацыю. Раней, у жніўні 2022 года, улады закрылі сярэднюю школу ў Пелясе, прыкрываючыся праверкай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якая нібыта выявіла шэраг парушэнняў пажарнай бяспекі. У лістападзе гэты ж суд пастанавіў ліквідаваць яшчэ адну найстарэйшую літоўскую арганізацыю – «Клуб “Гервечай”», – зарэгістраваную ў вёсцы Рымдзюны ў 1994 годзе. Так, у перыяд з 2021 да 2023 года вымушана скончылася гісторыя не менш як 4 нацыянальных НКА літоўцаў (яшчэ не менш за 4 прынялі рашэнне аб самаліквідацыі). А з 11 зарэгістраваных у Беларусі некамерцыйных арганізацый палякаў засталося ўсяго 2: 6 закрылі прымусова, яшчэ 3 самараспусціліся. Таксама на працягу 2023 года прымусова ліквідаваны Таварыства беларуска-іранскай дружбы, Ашмянская цыганская грамада, Беларуская асацыяцыя цыган «Рома», цэнтр украінскай культуры «СІЧ», грамадскае аб’яднанне «Сірыйская грамада», міжнародная грамадская арганізацыя армян «Урарту».

Таксама адзначым знішчэнне адміністрацыйным прымусам грамадскіх арганізацый, якія працавалі з тэмай захавання гістарычнай памяці. Сярод іх – Беларускае грамадскае аб’яднанне ахвяр палітычных рэпрэсій 1920–1980 гадоў, Гродзенскі гістарычна-патрыятычны пошукавы клуб «Аркона» і Гомельскае абласное пошукавае грамадскае аб’яднанне «Памяць Айчыны». Ігар Свірыдзенка, кіраўнік апошняй, у лютым 2022 года публічна выступіў з асуджэннем ваеннай агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны, што не засталося па-за ўвагай рэжыму.

14 лютага 2023 года прыняты Закон № 251-3 «Аб змяненні законаў наконт пытанняў дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў» і заяўлена неабходнасць прывесці статуты ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі – так з’явіўся дадатковы рычаг уздзеяння на грамадскія аб’яднанні. «Lawtrend» прадракае, што завяршэнне працэсу прывядзення статутаў у адпаведнасць з новымі зменамі прычыніцца да росту колькасці закрытых аб’яднанняў. На сёння, паводле ацэнак кіраўніцы Вольгі Смалянка, знікла меркавана каля 25 % зарэгістраваных НКА.

Самаліквідацыя

На канец 2023 года спіс «Lawtrend» налічвае 552 арганізацыі грамадзянскай супольнасці, у дачыненні да якіх прынята рашэнне аб самаліквідацыі. Не менш за 110 з іх мы адносім да сферы культуры. Усяго за 2020–2023 гады ў выніку як прымусовай, так і самаліквідацыі (не ўлічанай у статыстыцы парушэнняў) некамерцыйны сектар Беларусі страціў 1510 грамадскіх структур, як мінімум 338 з іх мелі культурную накіраванасць або кампаненту ў сваёй дзейнасці.

Ціск на творчыя саюзы

У 2023 годзе працягнуўся ціск на творчыя саюзы (Саюз мастакоў, Саюз дызайнераў і іншыя). Для патрэб Міністэрства культуры на кожнага старшыню творчага саюза была складзена характарыстыка, каб ацаніць, наколькі ён/яна адпавядае ідэалагічным патрабаванням дзяржавы. Адно з наступстваў і вынікаў такога нармавання – практыка прыпынення сяброўства. На сёння неабгрунтавана выключаны з Саюза мастакоў не менш за два дзясяткі майстроў, якія тым ці іншым чынам выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю. У першы эшалон трапілі Уладзімір Цэслер, Святлана Петушкова і іншыя мастакі, якія з’ехалі з Беларусі, а таксама палітзняволеныя Алесь Пушкін і Генадзь Драздоў. Акрамя таго, 11 снежня стала вядома, што на патрабаванне Міністэрства культуры знішчана створаная ў 1990 годзе творчая група «Пагоня», адным з кіраўнікоў якой быў мастак Генадзь Драздоў (2011–2016 гады), асуджаны 4 траўня 2023 года на 3 гады калоніі (падрабязнасці судовага працэсу, які праходзіў над ім, невядомыя). Арт-група аб’ядноўвала каля 50 чалавек.

    Так выглядае «нармалізаваны» лагатып Беларускага саюза мастакоў (сайт http://belartunion.by/)


«ЭКСТРЭМІСЦКІЯ МАТЭРЫЯЛЫ»

У 2023 годзе атрымала далейшае развіццё практыка ўносіць тэксты, музычныя кампазіцыі, відэаматэрыялы, старонкі дзеячаў культуры ў сацыяльных сетках у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» – адзін са спосабаў пераследу рэжымам за іншадумства пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам. Калі да 2020 года спіс змяшчаў пераважна матэрыялы неанацысцкага, нацыяналістычнага або радыкальна-рэлігійнага кшталту, то з таго часу абсалютная іх большасць уключана ў яго паводле палітычных матываў. У 2023 годзе Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спіс «экстрэмісцкіх» не менш за 182 пазіцыі: кнігі, часопісы, музычныя кліпы, сайты, YouTube- і Telegram-каналы, іншыя матэрыялы на тэму культуры, гісторыі, беларускай мовы, а таксама сацыяльныя сеткі беларускіх дзеячаў культуры (апошнія часткова згаданы ў раздзеле «Прызнанне “экстрэмісцкімі” выказванняў дзеячаў культуры ў сацыяльных сетках»). Усе гэтыя выпадкі мы фіксуем для мэт маніторынгу фармулёўкай «прызнана экстрэмісцкім матэрыялам». Важна адзначыць, што падставы, на якіх папаўняецца спіс, уступаюць у канфлікт са стандартамі адпраўлення правасуддзя і ствараюць негатыўную правапрымяняльную практыку. Гэты спіс не з’яўляецца вычарпальным: не ўсе матэрыялы мы можам ідэнтыфікаваць як культурныя або тыя, што маюць дачыненне да дзеячаў культуры, нейкія са старонак ужо выдалены.

  • Літаратура і гісторыя

У 2023 годзе Міністэрства інфармацыі прызнала «экстрэмісцкімі» 26 мастацкіх, гістарычных або навуковых кніг, вершы «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда» з кнігі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Выбраныя творы», а таксама прадмову Язэпа Янушкевіча да гэтага выдання. Поўны спіс твораў беларускіх класікаў, гісторыкаў і іншых аўтараў, прызнаных рэжымам «экстрэмісцкімі матэрыяламі», можна паглядзець на сайце Беларускага ПЭНа.

Усяго з 2021 года прызнаны «экстрэмісцкімі» 37 кніг (мастацкіх, публіцыстычных, навуковых), 2 вершы і 1 прадмова да кнігі.

6 сакавіка спіс дапоўнілі 9 нумарамі навукова-папулярнага часопіса «Наша гісторыя» і 3 нумарамі незалежнага навуковага, навукова-папулярнага, грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «Arche», якія выйшлі ў 2018–2020 гадах.

Статус «экстрэмісцкіх матэрыялаў» атрымалі Telegram-каналы пра гісторыю Беларусі: 27 лютага Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спісы канал «Historyja» («Kanał pra našu historyju / Канал пра нашу гісторыю»), які з чэрвеня 2022 года ўжо лічыцца «экстрэмісцкім фарміраваннем»; 6 красавіка – «Belarus history» («Гісторыя Беларусі ў фота і кароткіх цікавых фактах»); 13 красавіка – аўтарскі канал краязнаўцы і экскурсавода Цімафея Акудовіча «Беларускі Бабілон» («Беларуская гісторыя ў незвычайных ракурсах»); 30 лістапада – «Beer&history» (гістарычны клуб, заснаваны беларусамі Беластока); 11 траўня – закрытую Facebook-суполку «Мой Мінск: палітыка, гісторыя, сацыялогія».

  • Музыка

7 лютага прызнаны «экстрэмісцкім» панк-гімн канца 1990-х гадоў «Наш дом – Беларусь», 8 лютага – кліп і тэкст песні «Экстрэміст» (2023) гурта «Дай дарогу!» (гэта другое відэа, якое стала «экстрэмісцкім», – у жніўні 2021 года такім прызналі кліп 2020 года «Баю-бай»). 17 жніўня і 21 верасня ў спіс унеслі, адпаведна, акаўнт гурта «УКантакце» і ў Instagram. 24 лютага стала чорным для старонкі «УКантакце» беларускага неафолк-гурта «Крывакрыж», чыім opus magnum лічыцца альбом «Малітвы вайны» (2009) – «гранічна палітызаваны, ангажаваны і русафобскі». 14 сакавіка ў спіс уключылі відэакліп «Sumarok – Чэрці» гурта «Sumarok», які змяшчае кадры пратэстаў у Маладзечне ў 2020 годзе (год таму «экстрэмісцкім» прызналі артыкул пра гэты кліп, які выйшаў у «Рэгіянальнай газеце» ў кастрычніку 2020 года), а 31 сакавіка – яшчэ адзін відэакліп гурта, «Sumarok – 2020». 12 красавіка «экстрэмісцкімі» сталі музычныя кампазіцыі «2020», «Таракан (дэма)» і «Папіцот» гурта «Дзеці Хрушчовак», а таксама яго YouTube-канал і сацсеткі. 26 красавіка ў спісе з’явілася яшчэ адна ўкраінская песня «Ах, Бандеро!» (у лістападзе 2022 года «экстрэмісцкай» атэставалі «Батько наш – Бандера, Україна – мати»). 25 траўня ў яго ўнеслі 4 песні гурта «faceOFF»: «Пара!!», «Вартавыя Галактыкі», «Нянавісць» і «Вясна», а таксама яго старонку «УКантакце». 23 чэрвеня – YouTube-канал «Tyapin CREW», сайт і сацсеткі рэпера Андрэя Цяпіна.

  • Кіно і іншыя віды мастацтва

24 лютага суд Салігорскага раёна Мінскай вобласці сярод іншага прызнаў «экстрэмісцкім матэрыялам» суполку «УКантакце», прысвечаную ігравому фільму «Жыве Беларусь! || Viva Belarus!», які выйшаў у пракат у 2013 годзе. «Першы мастацкі фільм пра сучасную Беларусь на беларускай мове», як гаворыцца ў апісанні суполкі. 5 чэрвеня – Youtube-канал «Радыё 97 ART», 27 ліпеня – акаўнт у Instagram з назвай «karikatu.rama» (ілюстрацыі) і «belarus_culture_in_photography» («Культура Беларусі ў фотаздымках»).

  • Беларуская мова і культура

6 сакавіка прызнаны «экстрэмісцкім» каляндар «Не маўчы па-беларуску 2021 з малюнкамі і словамі». 10 красавіка – Telegram-канал «VolnayaMova» («Утульны чацік для ўсіх, хто жадае гаварыць па-беларуску ці цікавіцца мовай, літаратурай, гісторыяй Беларусі»). 22 траўня – Telegram-канал «Толькі пра мову» («Канал для тых, хто пра мову думае і дбае. І пра чалавечую мову наагул – як унікальную зьяву і каштоўнасьць, і – найперш – пра беларускую мову зь яе багацьцем і праблемамі»). 5 ліпеня – Telegram-канал, а 9 кастрычніка – Instagram «РазМова», («“РазМова” – цікавы канал пра мову»). 19 снежня – Instagram «supermovaby» («Энцыкляпэдыя годных асоб, падзей і мерапрыемстваў, прызначаная падняць сьвядомасьць і пачуцьцё гонару за сябе беларусаў і за нашу беларускую мову»).

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» унесены сацыяльныя сеткі культурна-асветніцкага партала пра Беларусь «Будзьма беларусамі!»; сайт «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”» («Аб’ядноўвае арганізацыі беларускай дыяспары болей чым з 20 краін свету»); Telegram-канал «Беларускі Моладзевы Хаб у Варшаве» («Дапамога, падтрымка, рэалізацыя культурніцкіх і адукацыйных праектаў»); «Музей вольнай Беларусі» («Новая культурная прастора»); Telegram-канал «Бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны ў Лёндане»; Instagram-акаўнт «Fundacja Tutaka» («Традыцыйная і сучасная культура, беларуская мова, музыка, мастацтва, тэатр, фільм, ці ўрэшце – сустрэча чалавека з чалавекам»); акаўнт у сацыяльнай сетцы «УКантакце» «Прастора КХ» (сама ўстанова прымусова ліквідавана ў чэрвені 2021 года); сайт і сацсеткі «Радыё Ўнэт»; Тelegram-канал «Беларуская Рада культуры» (у чэрвені 2022 годзе прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем»); сацсеткі ініцыятывы «Spadčyna» («Клуб развіцця і культуры») і іншыя.

БАРАЦЬБА З ГІСТАРЫЧНА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНАЙ – АБЕКТАМІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ГІСТОРЫІ І ПОЛЬСКІМ МЕМАРЫЯЛАМ

Афіцыйная палітыка цяперашняй улады – антынацыянальная, антызаходняя (і, у прыватнасці, антыпольская), прарасійская. У гэтым раздзеле мы згадаем факты барацьбы з «непатрэбнай» рэжыму гісторыяй на прыкладзе знішчэння аб’ектаў беларускай нацыянальнай, а таксама польскай мемарыяльнай спадчыны.

Ноччу 30 сакавіка ў пасёлку Зэльва Гродзенскай вобласці дэмантаваны помнік беларускай паэтцы-дысідэнтцы Ларысе Геніюш, усталяваны ў 2003 годзе на тэрыторыі храма Святой Тройцы. Адбылося гэта за тыдзень да 40-й гадавіны смерці пісьменніцы. Дэмантаж – вынік адной з кампаній праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай, скіраванай на ачарненне памяці Ларысы Геніюш, што вялася з восені 2022 года: шэраг зваротаў да ідэолагаў гродзенскіх выканкамаў, у Адміністрацыю прэзідэнта, Мінскую епархію і іншыя інстанцыі, у якіх паэтка называлася «фігурай адназначна адмоўнай», «памагатай гітлераўскіх акупантаў» і «нацысцкім злачынцам». Нягледзячы на абсурднасць абвінавачанняў і прамежкавыя няўдачы актывісткі (у прыватнасці, адказ Зэльвенскага райвыканкама наконт законнасці ўсталявання помніка), бюст у выніку дэмантавалі. У красавіку зазнаў вандалізм помнік расстралянаму ў часы сталінскага тэрору беларускаму акадэміку, пісьменніку, грамадскаму і палітычнаму дзеячу Вацлаву Ластоўскаму, усталяваны ў Курапатах – на месцы масавых расстрэлаў і пахаванняў рэпрэсаваных. У траўні тут жа былі пашкоджаны і апаганены нецэнзурнымі надпісамі драўляныя мемарыяльныя крыжы. У ліпені «намаганнямі Камуністычнай партыі», як напісала ў сваім Telegram-канале Бондарава, з тэрыторыі касцёла Святога Роха ў Мінску прыбралі крыж памяці каталіцкага святара, публіцыста і перакладчыка, аднаго з лідараў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху Вінцэнта Гадлеўскага. «Геніюш, Гадлеўскі, хто наступны?» – з трыумфам запытвае адыёзная прапагандыстка. На гродзенскім вакзале дэмантаваны памятны знак у гонар паўстанцаў 1863–1864 гадоў. Аўтары Telegram-канала «Спадчына» адзначалі, што, згодна з беларускім заканадаўствам, гэта расцэньваецца як крадзеж твора мастацтва. У кастрычніку зафіксаваны новыя выпадкі вандалізму ў дачыненні да ахвяр сталінскага рэжыму – апаганены абразлівымі надпісамі крыжы памяці Ластоўскаму і рэпрэсаваным палякам. У траўні такі інцыдэнт адбыўся ў «віцебскіх Курапатах» – народным мемарыяле ў памяць пра ахвяр бальшавіцкага тэрору каля вёскі Хайсы: паламаны крыжы, знішчаны мемарыяльныя шыльды і паказальнікі да ямаў, дзе ў трыццатых – саракавых гадах праходзілі расстрэлы. Вядома, што аддзел міліцыі Віцебскага раёна адмовіўся рабіць праверку паводле фактаў вандалізму.

Мелі месца падобныя акты і ў дачыненні да польскай спадчыны ў Беларусі. У сярэдзіне студзеня стала вядома, што пэўны час таму ў аграгарадках Грозава і Семежава Мінскай вобласці зніклі крыжы памяці ўдзельнікаў антыбальшавіцкага паўстання 1920 года. У лютым на патрабаванне мясцовых уладаў у каталіцкім храме Маці Божай Ружанцовай (уключаным у Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь) у аграгарадку Солы Гродзенскай вобласці зафарбавана вядомая фрэска «Цуд на Вісле», дзе была паказана Варшаўская бітва 1920 года – пераломны момант савецка-польскай вайны. Прадвесцем стаў прапагандысцкі рэпартаж, які выйшаў на дзяржаўным тэлеканале ў снежні 2022 года. Характэрна, што за савецкім часам гэтую фрэску ўжо зафарбоўвалі. У красавіку 2023 стала вядома пра знішчэнне служкамі рэжыму памятнай гранітнай дошкі з могілак каля вёскі Варзяны Астравецкага раёна, дзе пахаваны 18 байцоў Арміі Краёвай, якія загінулі ў 1944 годзе. У жніўні памятныя знакі зніклі з пахаванняў польскіх салдат на Вайсковых могілках у Гродне.

Адзначым, што сітуацыя з мемарыялам – адна з праяў антыпольскай палітыкі дзяржавы. Ліквідацыя грамадскіх аб’яднанняў палякаў, пераслед польскай меншасці Беларусі, польскіх моўных школ, уладальнікаў карты паляка, адмена права на атрыманне адукацыі на мове нацыянальнай меншасці – часткі гэтай кампаніі.

***

У гэтым раздзеле мы не закранулі яшчэ два важныя аспекты, наконт якіх працягваем збіраць даступную інфармацыю: дыскрымінацыя беларускай мовы і праблемы з захаваннем аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны. Што тычыцца пытання парушэння моўных правоў, рэкамендуем звярнуцца да аглядаў, якія сістэматычна выпускае Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Што да гістарычна-культурнай спадчыны, то ў 2023 годзе ў рамках нашага маніторынгу зафіксаваны парушэнні ў дачыненні да 38 аб’ектаў. Разам з ужо згаданымі актамі вандалізму і неабгрунтаванага дэмантажу сабрана дадатковая інфармацыя пра неналежную кансервацыю, халатнасць мясцовых уладаў, правядзенне незаконных работ, антырэстаўрацыю, знішчэнне помнікаў драўлянага народнага дойлідства і іншых аб’ектаў спадчыны, якія ўяўляюць сабой гістарычную каштоўнасць. Акрамя таго, 22 жніўня 2023 года Міністэрства культуры прыняло пастанову «Аб змяненні пастановы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 19 сакавіка 2020 г. № 23», тым самым зацвердзіўшы ўнясенне змяненняў у праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, што дазволіла паменшыць на 3 гектары зоны аховы і змяненне гістарычнай планіроўкі дзеля функцыянавання на тэрыторыі комплексу «Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі».

Неабходна адзначыць, што маніторынг Беларускага ПЭНа не ставіць перад сабой асобнай задачы даследаваць тэму гістарычна-культурнай спадчыны. Мы фіксуем толькі тыя выпадкі, якія сталі публічнымі ў СМІ або былі адзначаны ў Telegram-канале «Спадчына», які на цяперашні момант з’яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі для зацікаўленай грамадскасці ў адпаведных пытаннях. Важна, каб прадметным, падрабязным і прафесійным маніторынгам у гэтай сферы займаліся спецыялізаваныя арганізацыі (ініцыятывы, спецыялісты), якія паставілі б перад сабой мэты сістэмнага і максімальна поўнага збору, абагульнення, аналізу сітуацыі і данясення да грамадскасці вынікаў гэтай працы.

ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

Сваю ролю ў сферы культуры дзяржава бачыць у яе кантролі. Пазначаныя кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Ігарам Сергеенкам на пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства культуры задачы ў развіцці сферы на 2023 год адлюстроўваюць вектар палітыкі, якая рэалізуецца пасля падзей 2020 года: «…неабходна, каб нацыянальная культура працавала на ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці. Неабходна ўзмацніць кантрольныя і метадычныя функцыі апарату міністэрства, асабліва на цэнтральных рэспубліканскіх аб’ектах і ў творчых калектывах – яны сёння больш маюць патрэбу ва ўвазе». Працаўнікі культуры – «байцы ідэалагічнага фронту», адзначыў Сергеенка, іх задача – «аператыўна даводзіць пазіцыю дзяржавы».

Тады ж прагучала, што ў 2022 годзе была істотна закранута заканадаўчая база – у абноўленым Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб культуры перайначаны 126 артыкулаў з 257 – фактычна, кожны другі (49 % артыкулаў). Увядзенне рэестра арганізатараў і неабходнасць зацвярджаць рыхтаваныя выставы дазволілі дзяржаве ўзяць кантроль над культурна-відовішчнымі мерапрыемствамі, канцэртнай і выставачнай дзейнасцю. У 2023 годзе ён узмацніўся яшчэ больш і адбылося заканадаўчае замацаванне дыскрымінацыі і цэнзуры – легалізаваны механізм адхілення пэўных людзей ад таго ці іншага віду паслуг. У 2023 годзе адбываліся:

  • Пераатэстацыя экскурсаводаў

1 студзеня ўступіла ў сілу Пастанова № 582 «Аб экскурсійным абслугоўванні», якая рэгулюе дзейнасць экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Цяпер працаваць паводле прафесіі могуць толькі спецыялісты, што прайшлі атэстацыю, да якой не дапускаюцца асобы, што мелі судзімасць на падставе шэрагу (палітычных) артыкулаў. Таксама, згодна з новымі нормамі, экскурсіі ў музеях і музейных комплексах маюць права праводзіць толькі іх працаўнікі. 4 ліпеня 2023 года Міністэрства спорту і турызму зацвердзіла пастанову «Аб устанаўленні прафесійных і этычных патрабаванняў да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў». Сярод іх – «праява павагі да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці»; недапушчэнне «суб’ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў» пра краіну, «правакацыйных і іншых негатыўных выказванняў або дзеянняў» з боку турыстаў і экскурсантаў; выключэнне «любых формаў правакацыі ў адзенні і вонкавым абліччы».

  • Пераатэстацыя рамеснікаў

Каб застацца ў ранейшай сістэме падаткаабкладання (плаціць рамесны збор, а не падатак на прафесійны даход), майстры мусілі да 1 ліпеня пацвердзіць свой статус рамесніка ў спецыяльна створанай для гэтага камісіі пры мясцовай адміністрацыі. Адно з патрабаванняў – выстаўляць свае вырабы на спецыяльных дзяржаўных пляцоўках – выставах-кірмашах. У той жа час і яго выкананне не гарантавала атрымання неабходнага статусу рамесніка – крытэрыі так і засталіся для майстроў непразрыстымі. Паводле наяўнай інфармацыі, ставілася задача скараціць колькасць рамеснікаў да 50 %.

  • Перарэгістрацыя аграсядзіб

1 студзеня 2023 года ўступіў у сілу Указ № 351 «Аб развіцці аграэкатурызму», згодна з якім да 1 ліпеня 2023 года суб’екты абавязаны былі атрымаць дазвол раённага выканаўчага камітэта на дзейнасць у гэтай сферы паслуг. На канец года пераатэстацыю прайшлі менш за палову сядзіб – 1297 пры зарэгістраваных 3043 на пачатак 2023 года.

  • Новыя патрабаванні да арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў

19 верасня 2023 года пастановай «Аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў» Савет міністраў зрабіў больш жорсткім допуск да арганізацыі мерапрыемстваў – вызначаны новыя патрабаванні да арганізатараў, уключаных у рэестр Міністэрства культуры (усе іншыя не могуць весці сваёй дзейнасці). Да ліку такіх патрабаванняў адносяцца: «дзейнасць у арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў мусіць з’яўляцца асноўным відам дзейнасці для арганізатара»; арганізатар, заснавальнік, кіраўнік арганізатара і (або) спецыяліст «мусяць мець досвед прадпрымальніцкай дзейнасці або стаж працы, не меншы за 3 гады, звязаныя з арганізацыяй і правядзеннем культурна-відовішчных мерапрыемстваў». Так, у верасні 2023 года ў рэестры было 706 арганізатараў (737 найменні, з каторых 31 з пазнакай «выключаны»), на люты 2024 года – усяго 45 (46 найменняў і 1 «выключаны»).

  • Абмежаванні для аматараў аэрафотаздымкі

У 2023 годзе ўведзены парадак эксплуатацыі дронаў і максімальна ўскладнены магчымасці для аэрафотаздымкі. З 4 чэрвеня ўступілі ў сілу новыя правілы выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў: стала больш абмежаванняў; практычна ўсе БЛА падлягаюць дзяржаўнаму ўліку; кожны аператар мусіць прайсці адпаведную падрыхтоўку, атрымаць дазвол на выкарыстанне паветранай прасторы і права на аэрафотаздымку; падчас выканання палётаў неабходна мець пры сабе пэўны набор дакументаў.

  • Змяненне парадку рэгістрацыі выдаўцоў

17 ліпеня 2023 года ўнесены змены ў Закон «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь». Пашыраны пералік падстаў для перарэгістрацыі выдаўцоў і вытворцаў друкаванай прадукцыі, спынення і прыпынення дзеяння пасведчанняў аб дзяржрэгістрацыі.

***

Таксама падпісаны дакумент, які заахвочвае інтэлектуальнае пірацтва. 6 студзеня апублікаваны Закон «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці», які дапускае ўвоз і выкарыстанне музычных і аўдыявізуальных твораў, камп’ютарных праграм і г. д. без згоды на тое праваўладальнікаў і без выплаты ўзнагароджання, а фактычна – узаконьвае паралельны імпарт і пірацкае выкарыстанне фільмаў, музыкі, тэле- і радыёперадач з «замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні». Закон дзейнічае да 31 снежня 2024 года.

***

24 сакавіка 2023 года апублікавана і ўступіла ў сілу Пастанова Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь «Аб перадачы найменняў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай моў на іншыя мовы», якая рэгламентуе замену ў краіне транслітарацыі геаграфічных назваў і найменняў з выкарыстаннем беларускай мовы на выкарыстанне рускай – фактычна, адмова ад транслітарацыі лацінкай. Гэтае рашэнне – вынік масіраванай кампаніі праўладных актывістаў, інтэрпрэтацыя беларускай лацінкі ў тэрмінах уплыву заходняй культуры і небяспекі ад яе. Так, на працягу года ішла рэалізацыя пастановы, якая пачалася з замены шыльдаў – знікнення беларускай мовы – на прыпынках гарадскога транспарту, у метрапалітэне, на чыгуначных станцыях, гарадскіх паказальніках. У прыватнасці, прадстаўнікі Гомельшчыны ў сярэдзіне снежня 2023 года зрабілі справаздачу, што праца ў рэгіёне, скіраваная на выключэнне лацінкі з паказальнікаў і дарожных знакаў, практычна завершана.

17 ліпеня 2023 года ўнесены змены ў Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», згодна з якім адменена права на атрыманне адукацыі на мове нацыянальнай меншасці, а з кіраўнікоў і супрацоўнікаў сістэмы адукацыі знята патрабаванне валодаць беларускай і рускай мовамі – яго пакінулі толькі для педагагічных працаўнікоў.

***

Пастановай Савета Міністраў ад 28 снежня 2023 года № 961 зацверджана Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады – праграма культурнага імпартазамяшчэння, неабходнасць якой «абумоўлена пэўным негатыўным уплывам палітычных, маральных, эстэтычных поглядаў і каштоўнасцяў замежнага паходжання і створаных на іх аснове культурных прадуктаў, вынікаў інтэлектуальнай і творчай дзейнасці на светапогляд, маральнасць, сацыяльныя паводзіны грамадзян, якія ўяўляюць сабой патэнцыйную пагрозу палітычнай, сацыяльнай і дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Асноўную пагрозу, на думку аўтараў дакумента, нясе заходняя культура англійскага і амерыканскага паходжання, «якая сцвярджае каштоўнасці індывідуалізму, неабмежаванай свабоды творчасці, прапаганды ненатуральных адносін паміж мужчынам і жанчынай і ў сям’і».

***

Адмова ад еўрапейскай культурнай інтэграцыі:

Завяршэнне рэалізацыі праектаў, фінансаваных міжнароднымі арганізацыямі. Спыненне дзеяння пагаднення з Польшчай у сферы адукацыі (у тым ліку аб павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы ў Польшчы і польскай у Беларусі), падпісанага ў 2016 годзе. Спыненне дзеяння пагаднення з Францыяй у галіне культуры, адукацыі, навукі і СМІ, падпісанага ў 2010 годзе. Адмена пагаднення з Украінай аб супрацоўніцтве ў галіне абароны культурнай спадчыны, падпісанага ў 2010 годзе. Прыпыненне дзеяння на тэрыторыі Беларусі Еўрапейскай культурнай канвенцыі, якая была прынята Радай Еўропы ў 1954 годзе і для Беларусі ўступіла ў сілу ў 1993 годзе.

***

Падсумоўваючы, пералічым змены дзяржаўнай культурнай палітыкі, адзначаныя Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі ў рамках аналітычнага агляду «Беларуская сфера культуры ў 2020–2023 гадах: страты і здабыткі»:

  • Узмацненне кантролю і цэнзуры, ідэалагізацыя культуры.
  • Стварэнне прававых і інстытуцыйных перашкод для незалежнай сферы культуры.
  • Згортванне дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на развіццё адкрытасці краіны для замежных гасцей і роўнага супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі.
  • Паўзучая русіфікацыя.

З прыкладамі апошняй можна азнаёміцца ў спецыяльным матэрыяле Беларускага ПЭНа «Русіфікацыя Беларусі: сфера культуры (2022–2023 гг.)». З тэндэнцыямі рэпрэсій – у справаздачы паводле вынікаў даследавання «Сфера культуры Беларусі ў 2022–2023 гадах».

ЗАКЛЮЧЭННЕ І РЭКАМЕНДАЦЫІ

У параўнанні з папярэднімі перыядамі колькасць зафіксаваных парушэнняў у 2023 годзе не зменшылася, нават нягледзячы на тое, што факты пераследу робяцца ўсё менш публічнымі. Рэжым працягвае затрымліваць і саджаць дзеячаў культуры ў турмы, ціснуць на іх сваякоў, пераследаваць за свабоду слова і думкі. Рэпрэсіі і неспрыяльная грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне ўжо трэці год значна змяняюць сферу культуры Беларусі – ідзе кардынальнае пагаршэнне сітуацыі. Задушаны і амаль вычышчаны незалежны сектар: закрыта большасць значных культурных арганізацый і ініцыятыў, амаль цалкам перакрыты легальныя магчымасці для вытворчасці і дэманстрацыі вынікаў творчасці. Афіцыйная культура Беларусі зазнае выцясненне непадкантрольных спецыялістаў, татальную ідэалагізацыю, адмову ад міжнароднага супрацоўніцтва, замыканне на прарасійскім вектары развіцця. Творцам вельмі складана знайсці месца для выказвання. Усё гэта вядзе да адыходу незалежнага сектара ў падполле і яго герметызацыі; дэпрафесіяналізацыі дзяржаўных інстытутаў і падзення якасці прадукту, які яны вырабляюць; самацэнзуры і масавага выезду прафесіяналаў сферы з краіны.

Непасрэдна для саміх прадстаўнікоў незалежнай культуры Беларусі 2023 год прайшоў шмат у чым у рэжыме цішыні і самазахавання. Гэта быў яшчэ адзін год страху: «такой няўпэўненасці і такой сталай небяспекі…», «рэжыму стрэсу» і «вельмі вялікай нагрузкі на псіхіку», «людзей апанаваў самы сапраўдны страх за свае жыццё, страх за будучыню»; недаверу: «мы ў такой сітуацыі, што мы адно аднаму баімся нават расказаць нешта паміж сабой», «вось гэтае КДБ і вот гэтыя даносы – трэба быць асцярожным, каму ты давяраеш, каму не»; крытычнага стаўлення да таго, што адбываецца: «дзеячы культуры разумеюць гэтую стратэгію [рэжыму] і стараюцца не ўключацца ў агульную паніку», «гэта вельмі непрыемна, калі ты жывеш у паранаідальным рэжыме насамрэч. Ён аргументаваны, ён небеспадстаўны, з аднаго боку, з другога боку, я не выключаю, што, можа быць, ёсць нават больш міфаў і больш вось менавіта ўтрыравання гэтага страху, чым насамрэч страху зрабіць нейкія дзеянні, што сапраўды пасля гэтых дзеянняў здарыцца тое і тое. Тут складана гэта сказаць, мы можам толькі потым усё высветліць, калі дакументы адкрыем і будзе зразумела»; працягу сваёй справы, нягледзячы на ўсю складанасць сітуацыі: «аднаго пасадзілі, другога пасадзілі… і людзі проста баяцца, шчыра кажучы. Але мы нешта робім, разумееце», «калі ты бярэшся за справу, ты ведаеш, што павінен яе проста выканаць, бо нехта павінен гэта рабіць», «нягледзячы на ўсе стэрэатыпы пра цяперашнюю Беларусь, што тут нічога не адбываецца, нічога не засталося, што мы тут усе гніды – гэта не так. Тут засталося шмат цудоўных людзей, для якіх я раблю тое, што я раблю» [12].

У сітуацыі масавых рэпрэсій у Беларусі асноўнымі суб’ектамі аказання дапамогі беларускім дзеячам культуры выступаюць міжнародная супольнасць і дэмакратычныя сілы ў выгнанні, а таксама творцы, якія выехалі з краіны. З боку міжнароднай супольнасці запатрабаваны праграмы падтрымкі тым прадстаўнікам сферы, якія працягваюць сваю працу ў Беларусі. Пры гэтым важна, каб намаганні былі накіраваны як на прадстаўнікоў незалежнай культуры Беларусі, так і на дзяржаўных актараў – крытэрыем мусяць быць погляды і творчасць кожнага канкрэтнага майстра, а не яго/яе бэкграўнд або цяперашняя прыналежнасць да нейкай з інстытуцый. Пры гэтым важна, каб меркаваныя праграмы дапамогі былі максімальна дэпалітызаваны, бо ў адваротным выпадку гэта не столькі падтрымка, колькі новыя рызыкі для канкрэтных людзей. Дэмакратычным сілам у выгнанні важна падтрымліваць дыпламатычнае кам’юніці і беларускі парадак дня ў фокусе міжнароднай увагі, каб у прадстаўнікоў культуры былі магчымасці для часовага выезду з краіны, перазагрузкі, міжнароднага абмену і творчага выказвання за межамі краіны. Прафесіяналам у эміграцыі важна падтрымліваць і ўмацоўваць сувязі з беларусамі ўнутры краіны: наладжваць з імі масты, а не нарошчваць разрыў «тыя, што з’ехалі – тыя, што засталіся». І быць голасам тых, хто яго на сёння пазбаўлены або вельмі абмежаваны ў формах публічнай творчасці і выказвання. Прынцыпова важна максімальна падтрымліваць незалежны творчы патэнцыял у Беларусі, каб людзі культуры адчувалі рэальную зацікаўленасць і дапамогу, а іх дзейнасць і творчасць перасталі быць нябачнымі.

Беларускіх дзеячаў культуры, якія дзейнічаюць у грамадскіх інтарэсах, неабходна вылучаць як асобную мэтавую групу для маніторынгу, абароны і падтрымкі. Іх неабходна ўключаць у праграмы, накіраваныя на абарону свабоды выяўлення думкі ў Беларусі, бо яны адыгрываюць ключавую ролю ў абароне культурных правоў [13].

Таксама неабходна працягваць фіксаваць з усёй магчымай дакладнасцю парушэнні ўнутры краіны, шукаць спосабы збіраць інфармацыю, якая не трапляе ў публічную прастору, падтрымліваць інфармацыйны абмен.


  1.  42 паўструктураваныя інтэрв’ю з беларускімі дзеячамі культуры, праведзеныя ў перыяд з сакавіка да чэрвеня 2023 года.
  2.  Інфармацыя пра колькасць дзеячаў культуры ў зняволенні не канчатковая, бо не пра ўсіх адразу робіцца вядома.
  3.  Працэдура прызнання палітзняволеным замацавана пэўным рамачным дакументам.
  4.  Так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакаранняў паводле крымінальных артыкулаў – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
  5.  Фонды дапамогі ахвярам рэпрэсій, такія, як «BYSOL», «BY_help», «Сумленныя людзі», «Краіна для жыцця».
  6.  За нібыта кіраўніцтва ініцыятывай «Беларуская Рада культуры», прызнанай «экстрэмісцкім фарміраваннем» у чэрвені 2022 года, праз 7 месяцаў пасля затрымання Белавуса.
  7.  У выніку разгляду апеляцыйнай скаргі пакаранне было заменена на «хімію».
  8.  У выніку апеляцыі суд пастанавіў даць адтэрміноўку ў 3 гады, Таццяну Пыцько вызвалілі ў зале суда.
  9.  Насамрэч яна прысутнічала таксама ў перыяд пандэміі COVID-19.
  10.  Вытрымка з аднаго з тыповых пратаколаў.
  11.  Недзяржаўны ўрадавы орган, створаны беларускай апазіцыяй у жніўні 2020 года дзеля пераадолення палітычнага крызісу ў краіне.
  12.  Цытаты з серыі інтэрв’ю з дзеячамі культуры ў Беларусі.
  13. Абаронцы культурных правоў.