Дзяржава выкарыстоўвае рэпрэсіі як інструмент для ўсталявання манаполіі ў сферы культуры, рэжымам адсочваюцца і знішчаюцца непадкантрольныя культурніцкія актыўнасці. Адбываецца ліквідацыя недзяржаўных арганізацый і фондаў, якія спрыяюць развіццю культуры. 25 кастрычніка рашэннем Мінскага гарадскога суда ліквідаваны дабрачынны фонд «Вяртанне» – шматгадовы партнёр Беларускага ПЭНа. Заведзены крымінальныя справы ў дачыненні да арганізатараў экскурсій Валерыі Чарнаморцавай і Ігара Хмары, музыкі Аляксея Кузьміна. На 8 гадоў пазбаўлення волі асуджаны журналіст і літаратар Сяргей Сацук. Зняволенага нобелеўскага лаўрэата, праваабаронцу і літаратара Алеся Бяляцкага па-ранейшаму абмяжоўваюць у ліставанні. 18 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкай» кнігу Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькi буксiр» і кнігу Уладзіміра Арлова «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi».
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 18 кастрычніка стала вядома, што ў дачыненні да Ігара Хмары заведзена крымінальная справа паводле арт. 342 Крымінальнага Кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Ігара Хмару затрымалі ў Мінску ў жніўні 2022 года пасля экскурсіі па горадзе. Ігар Хмара – экскурсавод і журналіст, супрацоўнічаў з парталам Realt.by.
2. 18 кастрычніка ў Мінску затрымалі арганізатарку экскурсій па Беларусі, даследчыцу гісторыі савецкіх рэпрэсій Валерыю Чарнаморцаву. 28 кастрычніка, пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту Валерыя Чарнаморцава не выйшла на волю, стала вядома, што яна пераведзена ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску, у дачыненні да яе распачалі крымінальную справу.
3. 26 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд у крымінальнай справе журналіста і літаратара Сяргея Сацука – 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама прызначаны штраф 500 базавых велічынь, або 16 000 рублёў. Сяргей Сацук пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з Сяргея Сацука ў даход дзяржавы 12 384 рублёў. Сяргея Сацука судзілі паводле арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару), арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці), арт. 426 Крымінальнага кодэкса (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў). Сяргей Сацук – пісьменнік-фантаст, журналіст-расследавальнік, галоўны рэдактар электроннай газеты «Еженедельник».
4. 26 кастрычніка ў Мінску затрымалі Аляксея Кузьміна, саліста музычнага гурта «Закон гуку», яго абвінавачваюць у перадачы дадзеных адміністратарам «Чорнай кнігі Беларусі», што пагражае крымінальнай справай.
5. 26 кастрычніка ў судзе Баранавіцкага раёна і Баранавічаў вынесены новы прысуд блогеру Уладзіславу Савіну, які ўжо адбывае 8 гадоў калоніі за «махлярства ў буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса), а таксама за арганізацыю і ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Цяпер Уладзіслава Савіна судзілі за верш, які быў напісаны ім у камеры і скарыстаны ў апеляцыйнай скарзе. На думку абвінаваўцаў, у вершы змяшчаецца абраза прэзідэнта. Уладзіслаў Савін асуджаны паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса на 2 гады калоніі, што дадаюцца да яго тэрміну зняволення. Верш на судзе не цытавалі.
6. 27 кастрычніка ў Ваўкавыскім раёне пасля ператрусу і забірання дакументаў у межах расследавання крымінальнай справы затрымалі траіх супрацоўнікаў прадпрыемства «Маёнтак Падароск». Затрыманы: Юры Меляшкевіч – намеснік старшыні грамадскага абʼ яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры», фінансавы дырэктар Дзмітрый Карабач і бухгалтарка Вольга Балтрукевіч. Ініцыятыва «Маёнтак Падароск» аднаўляе сядзібу Чачотаў – Бохвіцаў у Падароску. У 2013 годзе яе выкупіў мецэнат Павел Падкарытаў.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 18 кастрычніка ў Гродне затрымана выкладчыца ГрДУ Святлана Сілава – кандыдатка гістарычных навук, дацэнтка. Святлана Сілава з 2000 года працуе на кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, даследуе гісторыю праваслаўнай царквы з XVIII стагоддзя да часоў камуністычнага таталітарызму. 21 кастрычніка стала вядома, што Святлана Сілава аштрафавана за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і ў яе канфіскавалі мабільны тэлефон.
2. 27 кастрычніка ў Магілёве затрымалі музыку Аляксея Варанцова. Дома ў яго быў праведзены ператрус. Аляксей Варанцоў – бубнач і гітарыст, граў у гуртах «Bez.not», «Wonder Spak».
3. 28 кастрычніка ў Рагачове затрымалі ўдзельнікаў гурта «Tor Band»– ім прызначылі па 15 сутак арышту. Музыкаў арыштавалі паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэнняў за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы і перасылку паведамленняў з іх.
4. 28 кастрычніка пяты раз вынесена рашэнне пра арышт праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава, які служыў паніхіду па забітым падчас паслявыбарчых пратэстаў у 2020 годзе мастаку Раману Бандарэнку. Уладзіслаў Багамольнікаў – клірык храма Богаяўлення ў Мінску, загадчык царкоўна-гістарычнага музея Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчык філасофіі ў семінарыі, сын вядомага беларускага археолага Уладзіміра Багамольнікава.
ІІІ. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
Распачата крымінальная справа ў дачыненні да 6 чалавек, якія напачатку кастрычніка вывесілі ў Мінску вялікія бе-чырвона-белы і жоўта-блакітны сцягі і былі затрыманы.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. Нобелеўскага лаўрэата, літаратуразнаўцу і праваабаронцу Алеся Бяляцкага па-ранейшаму абмяжоўваюць у ліставанні.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
1. 18 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкай» кнігу Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькі буксір», выдадзеную ў выдавецтве «Янушкевiч». Кіраўнік выдавецтва Андрэй Янушкевіч пракаментаваў судовае рашэнне: «Калі 16 траўня губазікаўцы прыйшлі ў «Кнігаўку» і пачалі канфіскоўваць кнігі, я запытаўся ў галоўнага начальніка, што не спадабалася ў кнізе нобелеўскага лаўрэата. Дзіцячы верш, апублікаваны ў 1962 годзе, тэкст не мае ніякага дачынення да Беларусі… У адказ я пачуў, што падазронай зʼяўляецца афарбоўка буксіра на ілюстрацыях (?!). За ўвесь час ні мне, ні камусьці, хто меў дачыненне да выхаду, нават думка не прыходзіла асацыяваць выявы буксіра цёмна-аранжавага колеру з нашымі нацыянальнымі сімваламі. Такіх думак, нават жартам, не выказваў ніхто з нашых пакупнікоў. Не бачыў я іх і ў сацсетках. Першым, хто ўбачыў у малюнках пагрозу для беларускага рэжыму, быў вышэйзгаданы губазікавец».
2. 18 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкай» кнігу Уладзіміра Арлова «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi». Кніга выдадзена ў выдавецтве «Янушкевіч».
VI. Звальненні з дзяржаўных устаноў культуры за грамадзянскую пазіцыю
1. 20 кастрычніка зʼявілася інфармацыя, што Яўген Клімакоў звольнены з пасады дырэктара Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.
2. 21 кастрычніка стала вядома, што дырэктарцы Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганне Запартыцы не працягнулі кантракт. Ганна Запартыка працавала ў архіве з 1978 года, у 1994 г. афіцыйна стала дырэктаркай БДАМЛМ. Ганна Запартыка – аўтарка гістарычных нарысаў, укладальніца кнігі паэта Паўлюка Труса «Выбранае» (2000), бесцэнзурнай версіі ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі «Сцежкі жыцця» (2018), адна са складальнікаў збору твораў літаратуразнаўцы Адама Бабарэкі (2011), удзельніца шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый.
3. 29 кастрычніка стала вядома, што вядучаму навуковаму супрацоўніку літаратурнага музея Янкі Купалы Паўлу Каралёву не працягваюць працоўны кантракт.
VII. Дзяржаўны вандалізм у дачыненні да мясцінаў памяці
23 кастрычніка зʼявілася інфармацыя, што ў Гродзенскай вобласці ў Лідзе на могілках пашкоджаны помнік жаўнерам Войска Польскага, якія загінулі ў 1920 годзе ў Нёманскай бітве, каля вёскі Феліксава Лідскага раёна. Акту вандалізму папярэднічала публікацыя 5 кастрычніка ў дзяржаўным выданні «СБ. Беларусь сегодня», у якой прапагандыстка Людміла Гладкая абуралася, што на Лідскіх могілках пахаваны ўдзельнікі Арміі Краёвай, а на помніку жаўнерам Войска Польскага напісана «загінулі за Радзіму ў 1919–1920 гадах». «За радзіму, разумееце? То-бок ужо тады Заходнюю Беларусь польскія акупанты лічылі сваёй. У мяне пытанне: у гэтай сітуацыі нічога не бянтэжыць дзяржслужбоўцаў, спецыялістаў, якія адказваюць за ідэалогію, гістарычную памяць (камунальную гаспадарку, урэшце) на месцах?» – напісала Гладкая.
VIIІ. Ліквідацыя арганізацый і фондаў, што спрыяюць культуры
25 кастрычніка рашэннем Мінскага гарадскога суда ліквідаваны дабрачынны фонд «Вяртанне», заснавальнікам якога зʼяўляецца мецэнат Павел Падкарытаў (Бераговіч). Фонд «Вяртанне» спрыяў развіццю беларускай культуры, навукі, адукацыі, быў шматгадовым партнёрам Беларускага ПЭНа.