У Віцебску паводле крымінальнай справы затрымалі былую настаўніцу рускай мовы і літаратуры Таццяну Пыцько, маці траіх непаўналетніх дзяцей.
У Лідзе ў аддзяленні міліцыі пры нявысветленых абставінах памёр паэт, аўтар кнігі вершаў «Кто-то очень», удзельнік фестываляў сучаснага мастацтва Дзмітрый Сарокін.
Менеджара культуры Паўла Белавуса этапавалі ў калонію № 17 у Шклове.
У Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы Ігара Цяпцеева, Юрыя Несцярэнкі, Віктара Грынько, Уладзіміра Савельева, Ігара Цікача. Іх судзяць за вывешванне вялікіх нацыянальных беларускіх і ўкраінскіх сцягоў.
Вольгу Міцянкову, кіраўніцу хору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, затрымалі за адмову выступіць на Данбасе.
10 чэрвеня ў аграсядзібе «Стулы» Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці падчас паказу спектакля традыцыйнага лялечнага тэатра «Батлейка» затрымалі папулярызатарку беларускай культуры, гаспадыню сядзібы Ларысу Быцко і яшчэ шасцярых чалавек.
Прадпрымальніка з Магілёва Уладзіміра Тычынскага затрымалі за ўкраінскі сцяг у салоне аўтамабіля.
З Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта звольнены гісторыкі Віктар Чараўко, Сяргей Глазырын, Юрый Кежа.
Мовазнаўцу, былую кіраўніцу Таварыства беларускай мовы і дэпутатку Алену Анісім звольнілі з Нацыянальнай акадэміі навук падчас адбыцця 12 сутак адміністрацыйнага арышту.
У бібліятэках прыбралі са свабоднай выдачы кнігі нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры Святланы Алексіевіч.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- 6 чэрвеня ў Віцебску паводле крымінальнай справы затрымалі былую настаўніцу рускай мовы і літаратуры Таццяну Пыцько, жонку відэааператара Вячаслава Лазарава. Яе вінавацяць на падставе арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Таццяна Пыцько – маці трох непаўналетніх дзяцей, малодшай дачцэ Еве – 1 год. Пасля затрымання Таццяны Пыцько Еву перадалі ў дзіцячы шпіталь пад апеку дзяржавы, пакуль прыватную апеку не аформяць сваякі. Мужа Таццяны Пыцько Вячаслава Лазарава з лютага 2023 года ўтрымліваюць у СІЗА № 2, супраць яго выстаўлена абвінавачанне паводле арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за сувязь з недзяржаўным СМІ, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем.
- 7 чэрвеня краязнаўцу Уладзіміра Гундара этапавалі ў калонію ў Бабруйск.
- 13 чэрвеня стала вядома, што заснавальніка крамы Symbal.bу, менеджара культуры Паўла Белавуса этапавалі ў калонію № 17 у Шклове. Прысуд Паўлу Белавусу быў вынесены 11 траўня ў Мінскім гарадскім судзе – 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паўла Белавуса прызналі вінаватым у парушэнні чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 356 (здрада дзяржаве), арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Павел Белавус больш за 10 гадоў займаўся праектамі, якія прасоўваюць беларускую культуру і ідэю нацыянальнай ідэнтычнасці.
- 15 чэрвеня мецэната і прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі не было на судовым пасяджэнні паводле крымінальнай справы яго сына, менеджара культуры, кіраўніка платформаў «Ulej» і «MolaMola» Эдуарда Бабарыкі. Папярэдне праўладная газета «Мінская праўда» паведамляла, што дзяржаўны абвінаваўца ўключыў Віктара Бабарыку ў спіс сведкаў, якія будуць даваць паказанні ў судзе паводле справы Эдуарда Бабарыкі. «У нас па-ранейшаму няма дакладнай інфармацыі пра месцазнаходжанне Віктара Дзмітрыевіча і стан яго здароўя», − паведамляе Telegram-канал «Віктар Бабарыка». Суд над Эдуардам Бабарыкам ідзе ў Мінскім абласным судзе, падсуднага абвінавачваюць паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу), ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў), ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў). Эдуард Бабарыка быў арыштаваны 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, калі ішоў у Цэнтральную выбарчую камісію здаваць сабраныя за Віктара Бабарыку подпісы.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- 6 чэрвеня стала вядома, што Вольгу Міцянкову, кіраўніцу Народнай студэнцкай харавой капэлы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, затрымалі за адмову выступіць на Данбасе. Праўладныя каналы паказалі відэа, на якім Вольга Міцянкова распавядае, што адмовілася выступаць на Данбасе і паслала тых, хто яе запрашаў, «следам за рускім караблём».
- 6 чэрвеня, напярэдадні інды-поп-фестывалю, у Наваполацку адбыліся затрыманні музыкаў – вакаліста «Detroit Hills» Аляксея Запасніка і басіста «BTTF» Арцёма Новікава.
- 10 чэрвеня ў аграсядзібе «Стулы» Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці падчас паказу спектакля традыцыйнага лялечнага тэатра «Батлейка» затрымалі папулярызатарку беларускай культуры, гаспадыню сядзібы Ларысу Быцко і яшчэ шасцярых чалавек. Затрыманых змясцілі ў ізалятары часовага ўтрымання ў Кобрыне і Пружанах.
- 13 чэрвеня ў Кобрыне судзілі затрыманых у аграсядзібе «Стулы» паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Дваіх асудзілі на сем сутак арышту, дваіх выпусцілі па заканчэнні 72 гадзін, але іх тэлефоны забралі на экспертызу. 13 чэрвеня ў судзе Пружанскага раёна паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях асудзілі гукарэжысёра батлеечнага спектакля Ігара Паляшэнку і гаспадыню аграсядзібы Ларысу Быцко. Вядомы вынік суда над Ларысай Быцко – 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
- 2 чэрвеня стала вядома, што прадпрымальніка з Магілёва Уладзіміра Тычынскага затрымалі за ўкраінскі сцяг у салоне аўтамабіля. У прапагандысцкім сюжэце на дзяржаўным канале «Беларусь 4» афіцыйны сцяг Украіны назвалі «ўкраінскай нацыяналістычнай сімволікай».
- 6 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы Ігара Цяпцеева, Юрыя Несцярэнкі, Віктара Грынько, Уладзіміра Савельева, Ігара Цікача. Іх судзяць за вывешванне вялікіх нацыянальных беларускіх і ўкраінскіх сцягоў на лініі электраперадач у кастрычніку 2022 года. Ім выстаўлены абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства), арт. 361.2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта), ч. 4 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
- 7 чэрвеня жыхара Мінска затрымалі за «захоўванне пратэснай сімволікі» – сярод яе афіцыйны герб Украіны. Відэа з затрыманым супрацоўнікі міліцыі суправадзілі песняй пра расейскае ўзброенае фарміраванне ПВК Вагнера.
- 8 чэрвеня стала вядома, што каталіцкага святара з вёскі Ідолта Мёрскага раёна Вячаслава Адамовіча арыштавалі на 7 сутак. Святар абвінавачваўся паводле двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях: ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і ч. 1 арт. 24.23 (удзел у масавых мерапрыемствах). У адной з сацыяльных сетак у ксяндза знайшлі падпіску на суполку і старонку са спіса так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў, а ў другой знайшлі ў стужцы профілю выяву палотнішча бел-чырвона-белага сцяга з гербам «Пагоня».
- 11 чэрвеня стала вядома, што ў канцы траўня супрацоўніцу глыбоцкай бальніцы Наталлю Міцько арыштавалі на 12 сутак за захоўванне ў тэлефоне выявы герба «Пагоня». Гэта была выява з інтэрнэт-рэсурсу «Хартыя» − «вершнік на кані са шчытом і мячом (Пагоня) на бел-чырвона-белым фоне». Суд кваліфікаваў наяўнасць выявы гістарычнага герба паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях як «захоўванне з мэтай распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі, уключанай ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» і паводле ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях «як парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення пікетавання, здзейсненае ўдзельнікам такога мерапрыемства».
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных
- 1 чэрвеня ў Лідскім РАУС памёр 37-гадовы паэт, аўтар кнігі вершаў «Кто-то очень», удзельнік фестываляў сучаснага мастацтва Дзмітрый Сарокін. Падрабязнасці смерці і прычыны яго знаходжання ў РАУС невядомыя.
- 5 чэрвеня аўтара турэмнай літаратуры, актывіста анархісцкага руху Аляксандра Францкевіча ў калоніі строгага рэжыму ў Івацэвічах змясцілі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) да 15 чэрвеня.
- 9 чэрвеня стала вядома, што грамадскага дзеяча і літаратара Паўла Севярынца змясцілі на 3 месяцы ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) у калоніі № 17 у Шклове.
- Гісторык Яніна Пушкіна, жонка зняволенага мастака Алеся Пушкіна, паведаміла, што паўтара месяца не атрымлівае ад мужа лістоў.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
У бібліятэках прыбралі са свабоднай выдачы кнігі лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч, якія карысталіся вялікім попытам у чытачоў.
VI. Звальненні за грамадзянскую пазіцыю
- Мовазнаўцу, былую кіраўніцу Таварыства беларускай мовы і дэпутатку Алену Анісім звольнілі з Нацыянальнай акадэміі навук падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту. Алену Анісім затрымалі 17 траўня на працы ў Акадэміі навук, яна правяла за кратамі 12 сутак.
- 13 чэрвеня дацэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Чараўко (археолаг, гісторык, дацэнт кафедры гісторыі і турызму) і Сяргей Глазырын (гісторык, даследчык гісторыі паўстання 1863 года ў Беларусі, дацэнт кафедры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання), затрыманыя 23 траўня і асуджаныя на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, звольнены з універсітэта «паводле дамовы бакоў». З універсітэта звольнены і дацэнт кафедры гісторыі і турызму Юрый Кежа.