• Навiны
  • Галасы
  • Не час паміраць. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Не час паміраць. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Апошняе абнаўленне: 15 студзеня 2026
Не час паміраць. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

[Прочитать колонку по-русски можно тут]

Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Аляксандра Фядуты.

Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), палітычны аналітык.

У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.

НЕ ЧАС ПАМІРАЦЬ

«Наша Ніва» надрукавала матэрыял пра хлопца з Жодзіна, салдата тэрміновай службы, які скончыў жыццё самагубствам. Салдат тэрміновай службы, ажаніўся два месяцы таму – і вось такая смерць.

Не будзем разглядаць версіі таго, што здарылася. І мы не следчыя, і трагедыя блізкіх – бацькоў, маладой жонкі – занадта вялікая і невымерная. Скажу толькі, што версія, выкладзеная «НН», не падаецца мне пераканаўчай: буйную нястачу ў войску нельга «павесіць» на салдата тэрміновай службы. Ён жа не генерал і нават не старшына.

Але я ўспомніў іншую смерць. Дакладней, іншае самагубства.

У нашай калоніі пазбавіў сябе жыцця «бэчар». «Бэчарамі» называлі ўсіх «палітычных» тыя з асуджаных, хто імкнуўся падкрэсліць, што не падзяляе нашых поглядаў. Само слова было ўтворанае ад беларускамоўнага апісання старога, цяпер забароненага сцяга: «бел-чырвона-белы». Адсюль «бэчар» або, дакладней было б сказаць, «бэчыр».

Я яго ведаў, як мне здавалася. Андрэй Паднябенны яго звалі. Ён быў грамадзянінам Расіі, а адбываў тэрмін адразу па цэлым букеце артыкулаў: тут і 369-ы (знявага прадстаўніка ўлады), і 368-ы (знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), акт тэрарызму, распальванне нацыянальнай варожасці, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім і г.д., і да т.п.

Ні на тэрарыста, ні на распальвальніка страсцей Андрэй падобны не быў. Высокі, спакойны, інтэлігентны, відаць, шмат чытаў і яшчэ больш думаў. Яму было трыццаць сем гадоў. Сімвалічны ўзрост.

Нашы атрады знаходзіліся па суседстве – шосты, мой, і васямнаццаты – Андрэя. Мы часта размаўлялі. Пераважна пра нейкія палітыка-эканамічныя праблемы, у якіх ён разбіраўся значна лепш за мяне. Але заканчвалася ўсё аднолькава. Андрэй пытаўся ў мяне:

– Іосіфавіч, як Вы думаеце, калі гэта скончыцца?

І пра што б ні ішла гаворка, пра расійска-ўкраінскую вайну ці пра тэрміны нашай адседкі, я казаў прыблізна адно і тое ж:

– Не ведаю, Андрэй. Не ведаю.

Я казаў праўду. Я сапраўды нічога не ведаў.

І Андрэй, высокі, худы, разварочваўся і сыходзіў.

На волі ў яго засталося двое, здаецца, дзяцей. І ён не «грэўся» (як і ўсім асуджаным па тэрарыстычных артыкулах, яму былі забароненыя грашовыя пераводы).

Андрэя не вадзілі на «промку» – у прамысловую зону. Ён падмятаў двор. Мы былі з ім калегамі: я лічыўся прыбіральшчыкам у цэху.

А потым мяне павезлі ў рэспубліканскую бальніцу для асуджаных. Лекары калоніі вырашылі правесці маё поўнае абследаванне.

Праз два з паловай тыдні я вярнуўся. І яшчэ праз некалькі дзён быў уражаны чуткай, што прайшла па ўсёй калоніі: у штрафным ізалятары скончыў жыццё самагубствам бэчар.

Любое самагубства, і нават спроба самагубства, – для адміністрацыі рэч непрыемная. Прыязджаюць пракуроры, следчыя, трэба запаўняць паперкі. Тут яшчэ праблема ў тым, што гаворка ідзе пра бэчара – то бок, справа ў любым выпадку атрымае розгалас. І, урэшце, адбылося гэта амаль адразу пасля першага «траншу» вызваленых «імя Дональда Фёдаравіча Трампа». То бок у той момант, калі практычна ва ўсіх палітвязняў з’явілася хоць нейкая надзея.

Мы ніколі не даведаемся, што адбылося насамрэч. Што падштурхнула Андрэя да кроку, які мог быць прадыктаваны толькі поўным адчаем. Казалі, нібыта ён паспеў атрымаць нейкі ліст з дому. Але што магло здарыцца, каб малады мужык, які захоўваў спакой пасля агалошвання прысуду ў шаснаццаць з лішнім гадоў зняволення, раптам упаў у такую дэпрэсію, што вырашыў пазбавіць сябе жыцця?

Дэпрэсія ў калоніі – з’ява жахлівая. У маім атрадзе мужык, які на працягу аднаго месяца страціў жонку і маці, спрабаваў перарэзаць сабе горла, і толькі няведанне ўласнай анатоміі не дало яму памерці. Але там – дзве такія страшныя страты і двое непаўналетніх дзяцей, якіх аддалі ў дзіцячы дом. А з Андрэем – што?

Не ведаю.

Ведаю толькі, што гэта не выйсце.

За некалькі месяцаў да трагічнага фіналу жыцця бэчара Паднябеннага я даслаў жонцы з калоніі ліст з чарговым вершам. Верш, як заўсёды, быў слабым, але мне было важна, каб Марына пачула: я не ўпаў у дэпрэсію, я раблю ўсё, каб выжыць і выйсці на волю. Які ёсць – стары, хворы, з кіем у руцэ, атрыманым ў спадчыну ад любімай цешчы, – але дачакацца волі.

Андрэй не дачакаўся.

НОВЫЙ ЭККЛЕЗИАСТ

Время – жить, не время умирать.
Время снова камни собирать,
Чтобы из камней построить дом
И наполнить радостным трудом,
Женскою улыбкой, детским смехом,
И туда вернуться нам – потом,
Целый мир успев в мечтах объехать.

Время – жить. Не время умирать.
Время книги новые читать.
Время щелкать майским соловьям,
Время теплым ласковым дождям,
Время и закатам, и рассветам,
Время, в общем, неплохим стихам,
В общем, никудышнейших поэтов.

Время – жить. Не время умирать.
Время счастье нам от жизни брать.
Время счастье женщинам дарить,
За любовь их к нам благодарить,
Посвящая искренние строчки
Тем, ради кого и стоит жить,
Книгу жизни прочитав до точки…

Время – жить. Не время умирать.

Прашу ўсіх вас, у каго ёсць блізкія, што знаходзяцца ў калоніях і турмах. Будзьце асцярожныя са словамі. Кожнае неабачлівае слова, напісанае вамі ў лісце або сказанае па тэлефоне, можа абярнуцца «мыйкай» (кавалкам ляза ад брытвы) ці пятлёй, бо наступнае слова, якім вы маглі б усё выправіць, дойдзе да яго ў лепшым выпадку праз тыдзень.

Майце літасць да іх, нават калі вам здаецца, што яны, сышоўшы з вашага жыцця, не злітаваліся над вамі.

Аляксандр Фядута


Чытаць папярэднія тэксты:

Буквы и жизнь. Авторская колонка Александра Федуты

Свободней всех. Авторская колонка Александра Федуты

Мамин век. Авторская колонка Александра Федуты


Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага