Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
На 31 траўня 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 24, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 127, забароненых кніг – 357.
У дачыненні да спевака, кампазітара і паэта Сяргея Міхалка распачалі «спецыяльнае вядзенне» паводле палітычна матываванай крымінальнай справы.
У дачыненні да грамадскага дзеяча, літаратара, былога палітвязня Паўла Севярынца распачалі крымінальную справу.
Музыка з Гомеля Цімафей Пугачоў асуджаны на 3 гады калоніі паводле палітычна матываванай справы.
Аляксандр Баранаў, заснавальнік культурніцкай прасторы ў Мазыры «Даліна анёлаў», арыштаваны паводле палітычна матываванай крымінальнай справы.
Затрымалі спевака Аляксея Хлястова, яму прысудзілі 14 сутак адміністрацыйнага арышту.
У Гомелі працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў Гукання вясны.
Адбыліся ператрусы на месцах рэгістрацыі ў Беларусі ўдзельнікаў святкавання Дня Волі ў замежжы.
У спіс друкаваных выданняў, якія «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», дадалі 17 новых кніг.
У «экстрэмісцкі спіс» дадалі facebook-старонку «Vesna Books / Выдавецтва Вясна», а таксама сайт і старонкі ў сацыяльных сетках тэатра «Крылы халопа».
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 16 траўня стала вядома, што ў дачыненні да спевака, кампазітара і аўтара тэкстаў Сяргея Міхалка, які жыве за межамі Беларусі, распачалі «спецыяльнае вядзенне» паводле палітычна матываванай крымінальнай справы. Сяргею Міхалку інкрымінуюць ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці) і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта). Музыку прапануюць вярнуцца ў Беларусь і з’явіцца ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску.
2. 25 траўня стала вядома, што ў дачыненні да грамадскага дзеяча, літаратара, былога палітвязня Паўла Севярынца распачалі крымінальную справу. «За Дзень Волі», – паведаміў Павел Севярынец на facebook-старонцы. Дзень Волі – гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), якое адбылося 25 сакавіка 1918 года.
3. 26 траўня стала вядома, што музыка з Гомеля Цімафей Пугачоў асуджаны на 3 гады калоніі паводле палітычна матываванай справы. Ён быў арыштаваны 12 жніўня 2025 года. Цімафея Пугачова судзілі ў Гомельскім абласным судзе паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Пераслед тычыцца справы «Беларускага Гаюна» (маніторынгавы праект пра перамяшчэнне расійскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі). Цімафей Пугачоў граў на барабанах у розных гуртах, працаваў у гомельскай кампаніі «Саўнд-ЛД» (SoundLand), якая займаецца стварэннем і продажам прафесійнай гукавой апаратуры.
4. 28 траўня стала вядома, што Аляксандр Баранаў, заснавальнік культурніцкай прасторы ў Мазыры «Даліна анёлаў», арыштаваны паводле палітычна матываванай крымінальнай справы. Ён быў затрыманы 5 студзеня 2026 года, змешчаны ў СІЗА ў Гомелі, дзе ўтрымліваецца да суда. Аляксандра Баранава вінавацяць паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Пераслед тычыцца справы «Беларускага Гаюна». 28 траўня праваабаронцы прызналі Аляксандра Баранава палітзняволеным. Аляксандр Баранаў быў старшынём гістарычна-культурніцкага грамадскага аб’яднання «Спадчына Палесся», стварыў на месцы былога кляштара цыстэрцыянцаў у Мазыры культурніцкую прастору «Даліна анёлаў».
II. Затрыманні і адміністрацыйныя арышты дзеячаў культуры
1. 21 траўня ў Мінску затрымалі спевака Аляксея Хлястова, яму прызначылі 14 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства). На Instagram-старонцы Аляксея Хлястова з’явілася відэа, запісанае яшчэ да затрымання, у якім ён паведамляе, што супрацоўнікі міліцыі двойчы праводзілі з ім «прафілактычныя гутаркі». Пасля пратэстаў 2020 года Аляксей Хлястоў трапіў у чорныя спісы і яму забаранілі выступаць у Беларусі, ён працаваў таксістам.
2. 21 траўня стала вядома, што ў Гомелі працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да аматараў этнаграфіі. Яшчэ траіх чалавек асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула за ўдзел у народным свяце Гуканне вясны, з абвінавачаннем у правядзенні «несанкцыянаванага масавага мерапрыемства».
III. Рэпрэсіі, датычныя святкавання Дня Волі ў замежжы
21 траўня адбылася новая хваля ціску на актывістаў, праваабаронцаў і дзеячаў культуры, які пакінулі Беларусь у выніку палітычнага пераследу і 25 сакавіка ўдзельнічалі ў святкаванні Дня Волі ў Варшаве і Вільні. Паводле месцаў іх рэгістрацыі ў Беларусі адбыліся ператрусы.
IV. Забароненыя кнігі
26 траўня 2026 года ў спіс друкаваных выданняў, якія, паводле версіі ўладаў, «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», дадалі 17 новых кніг. Сярод іх – здабыткі сусветнай літаратуры: «Дзікія хлопчыкі» Уільяма Бэраўза, «Начны бок ракі» Джэнэт Уінтэрсан, «Каштанавы чалавечак» Сёрэна Свайструпа, «Нячыстыя душы» Хань Суна, «Шэпт пітона» Cілье Ульстайн.
Увесь спіс даступны тут.
V. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак культурніцкіх арганізацый
1. 21 траўня ў «экстрэмісцкі спіс» дадалі facebook-старонку «Vesna Books / Выдавецтва Вясна».
2. 26 траўня суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкімі» сайт і старонкі ў сацыяльных сетках тэатра «Крылы халопа».