Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Пляжнага сезона».
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Ці спрабавалі вы калісьці перакладаць мастацкі тэкст, арыгіналу якога няма? Апошняя сустрэча Перакладчыцкай Майстэрні пачалася з абмеркаваньня менавіта такога тэксту. А ўся яна гэтым разам была прысьвечаная ўкраінскай літаратуры, ад мадэрнісцкіх твораў 20-30-х гадоў – да сучаснай актуальнай паэзіі. Стогадовы часавы дыяпазон, але шмат чаго так і не зьмянілася, найперш у абставінах, у якіх пісалі і пішуць украінцы, – ад сталінскага тэрору да сёньняшняй паўнамаштабнай вайны. Максімальны трагізм пісьменьніцкіх лёсаў – і незьнішчальная надзея, любоў, а часам і ўменьне радавацца жыцьцю і пісаньню так, што чытачы й чытачкі далучаюцца да фантастычных прыгодаў, дзе гульня і сьмех трыюмфуюць насуперак усяму.
Гэтым разам Майстэрня злучыла ўдзельнікаў і ўдзельніц, што жывуць на трох розных кантынэнтах, адна ў Бразыліі, другі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, а запрошаная госьця-экспэртка выйшла на сувязь з Харкава, з культавага Дома «Слова». Гэта вядомая ўкраінская дасьледчыца, рэдактарка і ўкладальніца кніг і кніжных сэрыяў, спэцыялістка па літаратуры 20-30-х Ярына Цымбал, што вяртае чытачам твор, які доўгія гады лічыўся страчаным, – і далучыла да свайго праекту шэраг перакладчыц і перакладчыкаў з розных краінаў, сярод якіх і мадэратар Андрэй Хадановіч.
Ярына Цымбал – украінская літаратуразнаўца, дасьледчыца літаратуры 1920-х гадоў і ўкраінскага авангарду. Старшая навуковая супрацоўніца аддзела ўкраінскай літаратуры ХХ стагодзьдзя і сучаснага літаратурнага працэсу Інстытута літаратуры імя Т. Г. Шаўчэнкі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.
Аўтарка праекта «Нашы 20-я» ў выдавецтве «Тэмпора». У межах праекта ўклала анталёгіі ўкраінскай прозы 1920-х гадоў і зборнікі твораў асобных аўтараў, дапоўніўшы іх прадмовамі і біяграфіямі пісьменьнікаў.
«Два апошнія тыдні, – напісаў ён нядаўна, – у мяне была адна з найцікавейшых прыгодаў у жыцьці перакладчыка. Я перакладаў тэкст, арыгінала якога не існуе. Проста няма. Як гэта магчыма, зьдзівіцеся вы? Я таксама зьдзівіўся, калі год таму пабачыў абвестку пра імпрэзу: “Як перакласьці няісны тэкст”. У канцы стаяла кропка, а не пытальнік, то бок удзельнікі імпрэзы мусілі ведаць як. Я, вядома ж, пайшоў – і трапіў у бітма набітую аўдыторыю Ўроцлаўскага Ўнівэрсытэту на падзею удзелам украінскай дасьледчыцы і чатырох перакладчыц і перакладчыкаў з украінскай на свае мовы – польскую, чэскую, швэдзкую і нямецкую. Гаворка ішла пра пераклад страчанага рамана – кнігі “Югурта. Аповесьць пра стары Харкаў” бліскучага літаратара Майка Ёгансэна.

Ёгансэн (па-ўкраінску Майк Йогансен) – мабыць, адзін з найлепшых пісьменьнікаў 20-х – 30-х гадоў. Ён напісаў свайго “Югурту” (гэта мужчынскае імя, так завуць галоўнага героя) у 1935-м, а ў 1937-м, як і большасьць яго ўкраінскіх – і беларускіх – калегаў, быў расстраляны. 27-га кастрычніка, за дзень да свайго дня народзінаў – і за два дні да нашай ночы расстраляных паэтаў. Украінскіх творцаў, як і нашых, фактычна “забівалі” двойчы, адначасова зьнішчаючы ўсе іх творы, якія маглі быць зьнішчаныя сталінскімі катамі – рукапісы (хлусьня, што не гараць), падрыхтаваныя да друку гранкі, кнігі ды часопісныя публікацыі. І ўкраінскі арыгінал “Югурты” бясьсьледна зьнік. Затое знайшоўся рукапіс яго неапублікаванага рускага перакладу. 72 аркушы, сьпісаныя з двух бакоў кожны – і тэкст можна расчытаць!
Дасьледчыца ўкраінскай літаратуры Ярына Цымбал, якая даўно і плённа працуе з тэкстамі Ёгансэна – піша прa іх, чытае лекцыі, рыхтуе іх да друку, а таму цудоўна ведае яго стылістыку, лексіку і сінтаксіс, наважылася ня проста перакласьці гэты пераклад на ўкраінскую, а слова па слове паспрабаваць зрабіць рэканструкцыю страчанага арыгінала. А заадно запрасіла ў інтэлектуальную прыгоду некалькіх перакладчыкаў з украінскай на іншыя мовы. Так я пазнаёміўся з Тэрэзай (Tereza Chlaňová), Сафіяй (Sofia Uggla) і Лукасам (Lukas Joura), а польскага перакладчыка Мацея Пятроўскага (Maciej Piotrowski), які і прыдумаў назву прэзэнтацыі “Як перакласьці няісны тэкст”, я ўжо ведаў раней».
Першая сэсія каманднай працы адбылася пад Уроцлавам, у Замку ў Вайнавіцах, а другая, да якой далучыўся і беларускі ўдзельнік, у Швэцыі, на востраве Готланд, у Балтыйскім Цэнтры Пісьменьнікаў і Перакладчыкаў у Вісьбі. На сёньня рэканструяваная і перакладзеная на шэраг моваў прыкладна палова твора, а ягоныя пралёг і першы разьдзел – як украінскую рэканструкцыю, так і пераклад на беларускую ды іншыя пяць моваў – можна прачытаць на старонцы rozstaje.art. Запрашаем паглядзець, як зьнішчаны твор зьнішчанага аўтара рэканструюецца, перакладаецца, уваскрасае.
Шаноўная экспэртка паказала беларускім калегам цікавую прэзэнтацыю і наступным чынам прадставіла «свайго» аўтара:
«Майк Ёгансэн (1895-1937) – украінскі паэт, празаік, кінасцэнарыст, лінгвіст “нашых 20-х”, рэпрэсаваны і расстраляны ў час Вялікага тэрору. Прадстаўнік авангарду ў літаратуры, аўтар канцэпцыі гукасэнсавай вобразнасьці слова. У 1935 годзе ён напісаў аўтабіяграфічны раман “Югурта (Аповесьць пра стары Харкаў)” і налета апублікаваў яго ў літаратурным часопісе. Наклад часопіса зьнішчылі, аўтограф таксама быў страчаны, але захаваўся пераклад на рускую мову, які ў 1936 годзе зрабіў перакладчык Павел Зянкевіч (1886-1942). Гэта чарнавік, фактычна даслоўнік, які мае свае плюсы (блізкасьць да ўкраінскага тэксту) і мінусы (перакладчык тройчы адсылае да арыгінала, не перакладаючы адпаведныя фрагмэнты).
Раман “Югурта” – гэта наагул рэалістычны аўтабіяграфічны твор, дзе шмат пэрсанажаў маюць сваіх прататыпаў. Паводле жанру гэта часткова раман выхаваньня, часткова ўрбаністычны раман. Гэта таксама ў вялікай меры твор сатырычны. Акрамя таго, у ім нямала гукасэмантычнай гульні, якую Ёгансэн любіў і якая складала важную частку ягонай паэтыкі. Усе гэтыя ўзроўні ў рэканструяваным тэксьце трэба захаваць».
Украінская дасьледчыца, якая, дарэчы, прывыкла займаецца аналізам і падрыхтоўкай да друку, а не перакладаньнем тэкстаў, таму ў перастварэньні з мовы на мову пачуваецца ў нейкай ступені нэафіткай, патлумачыла, чым яе праца ў дадзеным выпадку адрозьніваецца ад мастацкага перакладу.
«Мая задача – ня проста зрабіць зваротны пераклад на ўкраінскую мову, а рэканструяваць тэкст, максімальна наблізіўшы яго да мовы Ёгансэна, перадусім у пляне лексікі і сінтаксісу. Для гэтага я рэгулярна перачытваю іншыя ягоныя творы, выпісваю розныя слоўкі, якія могуць трапіцца ў рамане “Югурта”, або шукаю па адсканаваных ягоных тэкстах пэўныя словы, каб пераканацца, ці ён іх увогуле ўжываў. Гаворка пра ўсе жанры, у якіх працаваў Ёгансэн: насамперш мастацкая проза, але таксама паэзія, рэпартажы, творы для дзяцей, пераклады. Асабліва няпроста бывае ўлавіць аўтарскія нэалягізмы і вярнуць іх у рэканструяваны тэкст. Або здагадацца, што ў пэўных месцах ён ужываў дыялектызмы, архаізмы, русізмы, – там, дзе сёньня ўсе ўжываюць агульналітаратурную лексіку. (Тут мушу дадаць, што даручыць гэтую працу ШІ немагчыма, бо ня ўсе тэксты Ёгансэна існуюць у электроннай форме.)»
Вось прыклады ўлюбёнай аўтарскай лексікі, якая мусіла непазьбежна зьявіцца ў рэканструкцыі, бо найчасьцей ужывалася і ў іншых творах Ёгансэна: «йор» (не назва літары, а назва расьліны, «аер»), «водопілля» («паводка»), «соннивий», «устой» (у сэнсе «стаяком, стойма»), «смертодайний». Асаблівай згадкі вартае слова «дерзкий», якое зьяўляецца на самым пачатку рамана ў рускім перакладзе Зянкевіча. Першым імпульсам і дасьледніцы-рэканструктаркі, і перакладчыкаў было перакласьці гэта як «дзёрзкі» на адпаведныя мовы. Але ж вэрсія Зянкевіча, як казалася вышэй, шмат у чым даслоўнік, і ў ёй зьяўляецца ўкраінізм «дерзкИй» (менавіта з такім націскам, на другі склад), што азначае «моцны», «крамяны» і г.д. І «дзёрзкія травы» ва ўступе да рамана перастаюць быць «дзёрзкімі» і робяцца «шорсткімі»: «Аддзеленыя адна ад адной круглымі невысокімі пагоркамі, цяклі дзьве рэчкі. Абедзьве яны зарасьлі шорсткімі кіслымі травамі: чаротам, асакой, мячэўнікам ды аерам…»
Дасьледчыца разам зь перакладчыкам паказалі прысутным невялічкія фрагмэнты «Югурты», як ва ўкраінскай рэканструкцыі, так і ў перакладзе. Тры зь іх прывядзём тут па-беларуску, каб трохі даць уяўленьне пра дынамізм аповеду, харкаўскую дарэвалюцыйную ўрбаністыку і гульнёвую прыроду творчасьці Ёгансэна. Вось, напрыклад, сутыкненьне двух вялікіх харкаўскіх аўтарытэтаў, купцоў-канкурэнтаў Дудкіна ды Вухава, якое нечакана прыводзіць да трагічнага фіналу:
“Пятро Іванавіч ветліва, і нават прыветліва, зьняў фетравы капялюш на шнурку. Вухаў не стрываў гэткага глуму й сыпануў яму наўздагон такой сыпучай, рытмічнай, рыфмаванай і ўсеабдымнай лаянкай, што Дудкін папрасіў кандуктара спыніць вагон і пачаў запісваць усе формулы сабе ў кніжачку.
Вухаў, пабачыўшы кніжачку, надзьмуўся як хмара, устаў на ногі і давай дадаваць, дэталізаваць і ўдакладняць. Пятро Іванавіч папрасіў спадароў суседзяў быць сьведкамі і рупліва запісваў далей, ледзь пасьпяваючы за аргумэнтацыяй Вухава. Вухаў пачаў хрыпнуць, ён надсаджваўся, ён уключыў у свой тэкст вагон конкі, пасажыраў, кандуктара, ягоную маці, ягоную прабабулю, дырэктара конкі Вольтэрса, ягоныя бакенбарды, лёгкія, пячонку й селязёнку, неба, сонца, месяц і ўсе нябесныя целы, як рухомыя, так і нерухомыя. Нарэшце ён саскочыў з дрожак і, высунуўшы зь белых манжэтаў валасатыя кулакі, рынуўся да конкі. Дудкін ужо быў схаваўся за сьпіну кучара, рыхтуючыся ўцякаць з вагона, калі Вухаў дабег да прыступкі, ударыўся аб яе каленам, махнуў рукамі, выгукнуў апошняе пажаданьне – і памёр”.
А вось яскравы ўзор сатырычнай палемікі ў харкаўскай прэсе:
“…У перадпакоі рэзка зазьвінеў тэлефонны званок.
– Пятро Іванавіч, – сказаў сярдзіты голас Верасава, – я толькі што пры вас зьняў з Гермеера тры месяцы турмы за кулачную расправу; мне прыносяць “Джала”, і я чытаю:
«Юзафовіч з мордай зьбітай
Выгляд мае самавіты».
І над гэтым карцінка, такая самая таленавітая і дасьціпная, як гэтая… сатыра – так гэта, здаецца, называецца ў вас? Ударыць чалавека па твары, а потым…
– Прабачце, як вы сказалі? – перабіў Дудкін – “Юзафовіч з мордай”? Паўтарыце, калі ласка!
Верасаў разьдзельна паўтарыў Гермеераў твор.
– Вельмі прашу мне прабачыць, – амаль што лісьліва сказаў Пятро Іванавіч, – але я ўсё-ткі не разабраў. Я буду вам надзвычайна ўдзячны, калі вы зробіце ласку паўтарыць мне гэты верш слова за словам: Юзафовіч… так… з мордай… зьбітай ці сьпітай? Ааа… так-так… выгляд сама… што? …віты? Так-так, …віты… Так, усё слушна?
– Да пабачэньня, – рэзка сказаў Верасаў”.
І нарэшце, узор ёгансэнаўскай іроніі ды гульні словамі:
“Пятро Іванавіч быў шчасьлівы. Яго вонкавае жыцьцё, споўненае славы і велічы, не задавальняла яго. Ён любіў сваю гарадзкую гаспадарку, свае прадпрыемствы, свае аптовыя склады і ўсю сваю дзяржаву толькі таму, што гэтая ўлада і магутнасьць далі яму Жэнечку…
Яны гулялі, як дзеці. Яны выдумвалі новыя словы й вышуквалі дзіўны таямнічы сэнс у старых. Яны гулялі пальцамі: пальцы іхныя, аднолькава невялікія й пяшчотныя, сплятаючыся, змагаліся, як пяць рыцараў у мігдаловых шаломах зь пяцьцю рыцарамі ў такіх самых шаломах. Яны пілі гарбату, і кожны кубачак быў Пяцюбачак, і кожная філіжаначка – Філіжэнечка”.
***
Пасьля міні-прэзэнтацыі «Югурты» пачалося ўласна абмеркаваньне перакладаў, зробленых удзельнікамі і ўдзельніцамі Майстэрні. Першы тэкст, вынесены на разбор, таксама належыць літаратару 20-30-х, яскраваму ўкраінскаму «панфутурысту» – паэту, празаіку і кінасцэнарысту Геа Шкурупію (1903-1937), які сваю першую паэтычную кнігу «Псыхетозы» (1922) падпісаў эпатажным тытулам «кароль футурапрэрыяў». Некалькі яго вершаў нядаўна перакладаліся на беларускую і публікаваліся ў інтэрнэт-часопісе «Таўбін». Цяпер Мірон Вітушка прадставіў першы разьдзел аповесьці Шкурупія «Штаб сьмерці».
Паказваючы сваю працу, малады перакладчык так пракамэнтаваў выбар правапісу:
«Выбар тарашкевіцы ў гэтым перакладзе невыпадковы. Геа Шкурупій – аўтар, росквіт якога адбыўся якраз ў 1920-я гады – гады рашучай сьмеласьці, нястрымнага наступу і ўкраінскіх, і беларускіх маладых паэтаў. Наступу, які пазьней задушылі сталінскія рэпрэсіі 1930-х. Я карыстаўся тарашкевіцай, каб перадаць адпаведнасьць часу, паколькі ў 1920-я і ў Беларусі (у БССР – на афіцыйным узроўні) выкарыстоўвалася тарашкевіца».

Рашэньне пра тарашкевіцу ў перакладах украінскіх твораў 20-х выглядае настолькі лягічным, што і ўвесь «украінскі» выпуск Нататак Майстэрні, дзе разьбіраюцца пераклады ня толькі Шкурупія, але і Майка Ёгансэна, заканамерна даём клясычным правапісам.
Прадстаўленая праца, як на дэбютны пераклад, выглядае грунтоўна і пераканаўча, і перакладчык атрымаў порцыю заслужаных пахвал. Даслоўна некалькі фрагмэнтаў выклікалі пытаньні і прапановы правак.
“Ходзіць ёю ўсялякі люд з кайстрамі й кійкамі, …бадзяецца й бяз справы з наганамі й абрэзамі за поясам альбо за шырокім, гафтаваным бляшкамі пасам”. Адпаведны сказ у арыгінале выглядае так: “Ходять нею всякий люд з саквами й ціпками, …вештається й без діла з наганами й одрізанами за очкуром або за широким гаптованим бляшками пасом”. Для перакладу калярытнага слова “очкур” замала проста “пояса”, які, да таго ж, выглядае дзіўнаватым дублетам побач з “пасам”. Таму ўвесь сказ варта было б перарабіць. Напрыклад, так: “Ходзіць ёю ўсялякі люд з кайстрамі й кійкамі, …бадзяецца й бяз справы, падперазаўшыся вяроўкай альбо шырокім гафтаваным бляшкамі пасам ды заткнуўшы за іх наган ці абрэз”.
Найбольш пытаньняў выклікала ў перакладзе фраза «Хрыпіць спатнелае чало». Шкурупій, безумоўна, аддаў даніну ня толькі футурызму, але й сюррэалізму, але нават сюррэалістычнай лёгікі ў гэтай канструкцыі не праглядаецца. У прадстаўленым перакладчыкам для Майстэрні арыгінальным тэксьце: «Хриптить спітніле чоло». Нават не «хрыпіць», а «хрыпціць» – што б гэта значыла? А значыць гэта роўна тое, што трэба асьцярожна карыстацца інтэрнэт-крыніцамі, у якіх могуць сустракацца ўсякага роду недакладнасьці і памылкі (набору або сканаваньня). Як толькі пачынаеш гугліць тэкст па іншых фразах, адразу знаходзіш арыгінал са слушнай вэрсіяй, якая выглядае так: «Хрестить спітніле чоло». Здаецца, цяпер зразумела і безь перакладу.
Вось жа, пасьля нязначных заўваг і прапанаваных правак, якія ніяк не паўплывалі на высокую ацэнку прысутнымі перакладу, беларуская вэрсія тэксту можа выглядаць так:
“Шырока раскінулася Ўкраінская Мэксыка зь лясамі, стэпамі, ярамі, з Каліфорніяй залатых палёў, жыта й пшаніцы, з шырокімі бітымі шляхамі й прыхаванымі па нетрах сьцежкамі й дарогамі.
Ходзіць ёю ўсялякі люд з кайстрамі й кійкамі, езьдзіць вярхом на конях і валамі на рыпучых вазах, бадзяецца й бяз справы, падперазаўшыся вяроўкай альбо шырокім гафтаваным бляшкамі пасам ды заткнуўшы за іх наган ці абрэз.
Ад тубыльскай вайны за вызваленьне з-пад прыгнёту паноў нахмурылася Ўкраінская Мэксыка, ходзяць ёю тубыльцы ў шырокіх штанах у ботах, намазаных дзёгцем, а іх выцікоўвае з прыдарожных палёў высокага жыта, зь яроў і лясоў небясьпека й жах.
Ходзяць і езьдзяць тубыльцы, расказваюць адзін аднаму страшныя казкі ды прыгоды, і іхні крык на валоў ужо ня так голасна разносіцца ў стэпах і гаях, не рыпяць вазы, а ціха пасоўваюцца наперад, памятаючы пра небясьпеку.
Цяпер каля бітых шляхоў і дарог затаіўся Чучупак.
Сустракае ён мінакоў і вершнікаў і ціха пытаецца ў іх, ці не баяцца яны сьмерці. І сама сьмерць глядзіць ягонымі вачыма на іх.
Кажуць: Чучупак закаханы ў сьмерць. Яму ня трэба ні грошай, ні хлеба, ён толькі шукае сьмерці й цешыцца, калі яна глядзіць на яго скрозь страх у вачах мінакоў і вершнікаў.
Выходзіць Чучупак зь лясоў на дарогі. Не баіцца.
Ды й чаго ж яму баяцца, калі ён разшуквае сьмерць, калі яна сама глядзіць скрозь ягоныя шэрыя вочы з-пад вялікіх чорных і калматых брывоў.
Млее дзяржаўная варта УНР, калі сустракае яго.
Абы толькі ня бачыць таго, што тлее ў вачах Чучупака.
Шуміць лес.
У зорную ноч гадзюкай паблісквае шлях.
Шэры воўк выходзіць на дарогу й вые ад нуды.
А можа, то Чучупак?
Слухае енкі й шумы Ўкраінская Мэксыка ад зары да зары.
Хрысьціць спатнелае чало. Прыслухоўваецца”.
***
Напрыканцы сустрэчы абмяркоўваліся пераклады сучаснай украінскай паэзіі. Абодва аўтары пайшлі абараняць сваю краіну ў паўнамаштабнай вайне, і адзін зь іх, Максым Крыўцоў, на ёй загінуў. Пераклады і аўтараў прадстаўляла Вольга Ермалаева Франко, якая цяпер жыве ў Бразыліі і апублікавала свае пераклады Крыўцова адразу на дзьвюх мовах.
Вольга Ермалаева Франко – перакладчыца і выкладчыца, працуе зь беларускай, партугальскай, украінскай, ангельскай мовамі. Актывістка беларускай дыяспары і прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Бразіліі. Сябра Беларускага ПЭНа і БАЖ.
Аўтарка ідэі і перакладаў на партугальскую і англійскую мовы «Вершаў з-за кратаў» — супольнага праекта Народнай амбасады Беларусі ў Бразіліі і «Вольных паштовак».
«Вершамі Максыма Крыўцова, – расказала Вольга, – я жыву апошнія два з паловай гады, з дня сьмерці аўтара, зь якім (і зь ягонай творчасьцю), на жаль, не была знаёмая пры яго жыцьці. Перакладала спачатку асобныя вершы, пачаўшы з апошняга, найбольш вядомага і прарочага — «Мая галава коціцца ад пасадкі да пасадкі». У 2025 годзе ў Бразыліі апублікаваныя «Poemas da Seteira» («Вірші з бійниці») Крыўцова, у маім супольным перакладзе на партугальскую з Патэрсанам Франко. І толькі потым я наважылася перакладаць на беларускую: на пачатку 2026 года вершы Крыўцова апублікаваныя ў анляйн-часопісе “Таўбін”, дзе выйшла падборка «Чорнае мора сланечнікаў», а пасьля выйшаў зборнік «Крык на Тэрыконе» ў выдавецтве hochroth Minsk. Не губляю надзеі на публікацыю поўнага яго зборніка вершаў «Вершы з байніцы» па-беларускую, таму на Майстэрню прынесла тое-сёе зь перакладзенага, але яшчэ не апублікаванага».
Вользіны пераклады зрабілі на прысутных моцнае ўражаньне. Большасьць зь іх – вэрлібры зь вельмі нерэгулярным рытмам, якія складана «сапсаваць», калі ведаеш мову, уважліва ўчытваесься ў арыгінал і верыш аўтару ды йдзеш за ім, нічога не перавыдумляючы за яго. Асобныя заўвагі датычылі хутчэй драбнічак, якія Вольга пасьля абмеркаваньня сама і пералічыла ды сыстэматызавала.
«З папярэдняга досьведу і нататак Майстэрні я памятала, што ў перакладах з блізкіх моваў варта балянсаваць між жаданьнем пакінуць «усё як было» і занадта перакруціць, але ясна, аб гэта і спатыкнулася».

Так здарылася ў фрагмэнце «ти кошеня / що гаса по газону». У перакладчыцы спачатку выйшла «ты кацяня / што гацае па газоне». Але вылучанае слова па-ўкраінску больш звычайнае і зразумелае, чым яго беларускі адпаведнік, аб які «спатыкнулася» большасьць удзельнікаў, таму было прапанавана замяніць на больш ужыванае «гойсае».
Беларускай мове трошкі менш уласьцівыя сінтэтычныя канструкцыі, чым украінскай, таму было прапанавана замяніць, напрыклад «найжахлівейшае ток-шоў у сьвеце» на «самае жахлівае ток-шоў…», а канструкцыя «пашнараванае неба» («пошрамоване небо») выглядала надта ўжо мэханічнай калькай, і перакладчыцы прапанавалі «неба ў шнарах».
Абмяркоўвалі праблему перадачы імёнаў. Захоўваць або не клічны склон? У поўных імёнах вырашылі захоўваць («Андрію», «Сергію» — «Андрыю», «Сяргію»), але ў скароце – не («Колю» — «Коля»). Пагадзіліся з думкай, што на сёньня няма адзінай стратэгіі трансьлітэрацыі імёнаў. (Толькі імя «Сергій», перакладаючы творчасьць Жадана ці апавядаючы пра асобу аўтара, у розныя часы беларусы спрабавалі трансьлітэраваць чатырма рознымі спосабамі (Сяргей / Сэргій / Сяргій / Саргій)). Але вырашылі максімальна захоўваць арыгінальнае гучаньне, наколькі гэта дазваляе беларуская фанэтыка, пачынаючы зь імені аўтара – «Максым». Мусілі абмеркаваць і пераклады пазыўных. У беларускай няма дакладнага адпаведніка слову « Сновидіння », таму, перабраўшы магчымыя варыянты, спыніліся на беларускай вэрсіі «Відзежа».
У іранічным вершы (хай сабе гэтая іронія і чорная) прапанавалі перакладчыцы трохі сьмялей карыстацца беларускімі мэмамі. Напрыклад, скарыстаць «усеагульную млявасьць і абыякавасьць да жыцьця»: арыгінал «Купуйте також мікстуру “Байдужість” / і льодяники “Втомився”» — пераклад «Купляйце таксама мікстуру “Млявасьць” / і ледзянцы “Абыякавасьць”». У выніку атрымалася такое:
Вітаем усіх на самым жахлівым ток-шоў
«Вайна»
на тэлеканале «Забыцьцё»:
пляскайце ў далонькі, пакуль яны ў вас ёсьць
тупачыце ножкамі, пакуль яны ў вас ёсьць.
Знаёмцеся з гасьцямі ў студыі
яны вярнуліся з агню
іхныя вочы — зямля
яны раскажуць нам
усё пра вайну
якая яна цудоўная
і рамантычная.
Знаёмцеся, першы госьць:
гэта Андрый «Агонь», да вайны працаваў
пекарам
ах, не перадаць, якія смачныя сінабоны ён
выпякаў
цяпер ён чакае пратэзаваньня левай нагі.
А вось і другі госьць:
гэта Сяргій «Цемра»
ён абажае цішыню й сьнег
а таксама
хавацца ў снах.
Гэта Коля «Відзежа»
ён ненавідзіць каву на арабіцы
й неба
зь якога могуць выпасьці мэтэарыты
як яблык зь дзіравай торбачкі
разам з хлопцамі
ён трымаў пасадку пад Ізюмам у траўні
накрылі «касэткаю» й фосфарам
«Відзежа» адзіны
хто не загінуў у той вечар.
Хвілінка навінаў на самым жахлівым
ток-шоў у сьвеце
«Вайна»
на тэлеканале «Забыцьцё»:
хаймарсы
шмаймарсы
контратакі
сьвінасабакі
вова ябош іх
заўтра пераможам.
— Андрыю, раскажыце пра сябе, хто вы?
— Ніхто я і дом мой — пустэча.
— Сяргію, як вы пачуваецеся?
— Гэта сон, гэта проста сон,
як мне выйсьці адсюль?
— Коля, куды б вы хацелі паехаць у падарожжа?
— Я хацеў бы ў мінулае — адгаварыць
хлопцаў ісьці
ў тую пасадку.
Рэкляма на тэлеканале «Забыцьцё»:
замест звычайных пахаў парфумы
абірайце
«Джываншы» з ноткамі крыві,
зямлі ды агню.
Ня бачыце сонца трэці тыдзень, бо па вас
працуюць танчыкі
«Арлан» назаляе, як мухі?
У пячонках цяжкі бронік?
Для вас прапануем пігулкі
«Звычайнае жыцьцё»:
прымайце шторанку нашча
запіваючы латэ на міндальным малацэ.
Купляйце таксама мікстуру «Млявасьць»
і ледзянцы «Абыякавасьць».
— Андрыю, пра што вы марыце?
Андрый маўчыць
нібы прыхаджанін на літургіі.
— Сяргію, што вы бачыце перад сабою?
— Цемру, цемру, цемру.
— Коля, ці маеце вы сяброў?
— Мае сябры
туманы й макі
птушкі й лясы.
Магчыма
там мае хлопцы?
Ужо празь некалькі хвілін на тэлеканале
«Забыцьцё»
адбудзецца дзяржаўная лятарэя «Міннае поле».
Заўтра на самым жахлівым ток-шоў у сьвеце
«Вайна»
пагаворым пра наступнае:
Грамада разьвіталася з ваяром
зорная пара разыходзіцца
экстрасэнс ведае, калі мы пераможам
хатняе печыва
Слава Украіне!
Найжалівейшае ток-шоў у сьвеце «Вайна»:
пляскайце ў далонькі, пакуль яны ў вас ёсьць
тупачыце ножкамі, пакуль яны ў вас ёсьць.
У ходзе абмеркаваньня зьвярнулі ўвагу, што часам у рыфмаванай паэзіі перакладчыцы «дапамагала» сама мова, бо беларуская граматыка спрыяла рыфмам дакладнейшым, чым у арыгінале: «мінне поле (…) по колу» — «міннае поле (…) па коле», «по газону (…) безсоння» — «па газоне (…) бяссоньне».
Задумаліся разам над выпадкамі, калі ў перакладзе раптам зьяўляюцца дадатковыя сэнсы, не прадугледжаныя арыгіналам. Часам гэта ня мае істотнага ўплыву на разуменьне і ацэнку верша (выраз «на арабіцы» кантэкстуальна падказвае, што гаворка пра каву, а не адзін з ужываных у беларускай гісторыі альфабэтаў). Але здараецца і так, што на дадатковым сэнсе спатыкаесься сур’ёзьней, як на слове «пасадка» зь перадсьмяротнага верша Максыма Крыўцова (у арыгінале «посадки» гэта лесапасадкі зь відавочным ваенным кантэкстам, а для беларусаў гэтае слова патыхае яшчэ і турмой, і на адзін моцны трыгер накладаецца іншы).
Мая галава коціцца ад пасадкі да пасадкі
як перакаці-поле
ці мяч
мае рукі адарваныя
прарастуць фіялкамі напрадвесьні
мае ногі
расьцягнуць сабакі ды каты
мая кроў
афарбуе сьвет у новы чырвоны
Pantone чалавечая кроў
мае косткі
уцягнуцца ў зямлю
утвораць каркас
мой прастрэлены аўтамат
заржавее
бедненькі
мае зьменныя рэчы ды экіпіроўку
перададуць навабранцам
ды хутчэй бы ўжо вясна
каб нарэшце
расквітнець
фіялкаю.
Найбольш горача абмяркоўваўся верш «Ты болей…» («Ти більше…»), дзе ўжываецца ня толькі рэгулярная рыфма, але і гульня словаў. Каб трапіць у рыфму («вітер-літо»), беларуская перакладчыца ўдала выкруцілася («вецер-квецень»), а потым, ужо сутыкнуўшыся са словам «квітка», наадварот, замяніла яго «летам». На першы погляд, атрымалася вельмі вынаходліва, вось толькі «лета» цяпер менш пасавала да суседніх словаў «торцік» і «кава» – і давялося выкручвацца далей, ужываючы «ружу».
Моцнае фінальнае ўкраінскае «ніж ніж» – даслоўна «чым нож», але адначасова гучыць як запінка на слове «чым… чым…» плюс адгалосак Кафкі пра каханьне як нож – проста патрабавала нейкага вольнага, не-даслоўнага рашэньня. У працэсе мазгавога штурму прапанавана згуляць з «болей» і «болем».
Арыгінал:
Ти більше
ніж дотик чи слово
ти руки
ти риба
ти мова.
(ти кошеня
що гаса по газону)
Ти більше
ніж сон та безсоння
ти річка
ти ліс
заповідна зона.
Ти більше
ніж дощ
ніж вітер
ти книги
ти хліб
ти літо.
Ти більше
ніж ти
ніж уява
ти квітка
ти тортик
ти кава.
Ти більше ніж
ніж
ніж усе це
ти вушка
ти губи
ти
серце.
Было:
Ты болей
чым дотык ці слова
ты рукі
ты рыба
ты мова.
(ты кацяня
што гацае па газоне)
Ты болей
чым сон і бяссоньне
ты рэчка
ты лес
запаведная зона.
Ты болей
чым дождж
чым вецер
ты кнігі
ты хлеб
ты квецень.
Ты болей
чым ты
чым уява
ты лета
ты торцік
ты кава.
Ты болей чым
сьвет
чым акенца
ты вушкі
ты вусны
ты
сэрца.
Прапанавана:
Ты болей
чым дотык ці слова
ты рукі
ты рыба
ты мова.
(ты кацяня
што гойсае па газоне)
Ты болей
чым сон і бяссоньне
ты рэчка
ты лес
запаведная зона.
Ты болей
чым дождж
чым вецер
ты кнігі
ты хлеб
ты квецень.
Ты болей
чым ты
чым уява
ты ружа
ты торцік
ты кава.
Ты болей чым
боль
ты акенца
ты вушкі
ты вусны
ты
сэрца.

Напрыканцы сустрэчы разабралі таксама пераклад верша «Сніг» Валерыя Пузіка — украінскага пісьменьніка, мастака, рэжысёра і вайскоўца. Задумаліся над тым, чаму «сьмецьцевыя пакеты», у якія героі верша зьбіраюць сьнег, сталі ў перакладзе «мяхамі». Мабыць, падзейнічала навагодне-калядная магія зь яе чаканьнем падарункаў. Паразважалі, як слушна перакласьці слова «горня» — так называюць керамічны кубак у пэўных мясцовасьцях Украіны, але ў кантэксьце верша выглядала б дзіўнавата, і ў выніку пакінулі ў перакладзе слова «жменя», якое пасуе кантэкстуальна. Некаторыя іншыя словы было прапанавана падаць больш «простымі» адпаведнікамі: «одягнути / медичні рукавички» — «надзець / мэдычныя пальчаткі» (замест «нацягнуць»); «сніг — це вода / тамуйте спрагу» — «сьнег — гэта вада / наталяйце смагу» (замест «сьнег — то вада / натольвайце смагу»); «тішимось снігом» — «радуемся сьнегу» (замест «цешымся сьнегу»); «не їж багато холодного» — «ня еж зашмат халоднага» (замест «многа»). А таксама карацейшы адпаведнік «на мить забуваєш» — «на хвілю забываеш» (замест «на імгненьне забываесься»). У выніку перакладзены верш – дзякуй перакладчыцы і перадусім аўтару – загучаў па-беларуску натуральна, добра і сьвяточна, наколькі гэта наагул магчыма ў чорныя часы.
Сьнег
і быў Бог
і ён сказаў:
вось вам сьнег
бярыце мяхі для сьмецьця
вылазьце на паверхню
зьбірайце яго
не забудзьцеся
надзець
мэдычныя пальчаткі
каб чыстымі былі
рукі і лініі лёсу
акуратна
толькі зьверху
зьбірайце
каб бяз бруду
сьнег — гэта вада
наталяйце смагу
запарвайце каву сабе ды чай
ежы ня будзе нейкі час
таму няхай
хоць смага не катуе вас
вылазьце
я прыкрыю
і мы пакорліва
разьбіраем уваход у нару
вылазім на белую прасьціну зімы
пакідаем сьляды гліны ды зямлі
набіраем сьнег
у мяхі для сьмецьця на трыццаць пяць літраў
адзін мех — паўтары пляшкі вады
кава і гарбата
два мяхі — запас
тры мяхі — падвойны запас
вады шмат не бывае
падае сьнег
пухнаты
белы
Бог прыкрывае нас
замятае сьляды
і мы шчасьлівыя
радуемся сьнегу нібы дзеці
кожная жменька
кожная кропля
робіць нас маленькімі
хтось не вытрымлівае
бярэ лыжку
есьць яго
і сьмяецца:
шчасьце ёсьць!
мама казала:
ня еж зашмат халоднага
будзе горла балець
але як стрымацца
мама?
калі ён белы і смачны
калі ён дорыць спакой
на хвілю забываеш
што са сьнегам таксама прыходзіць вораг
30.12.2025
