Уладзімір Арлоў: «Прыйдзе пара – і слова яшчэ скажа сваё слова»

Апошняе абнаўленне: 30 студзеня 2025
Уладзімір Арлоў: «Прыйдзе пара – і слова яшчэ скажа сваё слова»
Анкета Беларускага ПЭНа

Што думаюць пісьменнікі пра асобныя грані творчага працэсу, новыя выклікі перад майстрамі слова, пра свае літаратурныя табу і грахі, мары і спакусы? Адказы на анкету – гэта не толькі міні-партрэты выбітных творцаў, але і своеасаблівае люстэрка духу нашай арганізацыі.

1. Твор

Які чорт усаджвае вас за пісьмовы стол? Ці ёсць на ім нейкі амулет ці татэм? Ці маеце свой стартавы рытуал?

Творчасць – сродак супрацьстаяць абсурду гэтага свету.

Калі казаць пра абярэг, то на пісьмовым стале – каменьчык з Дзвіны, падараваны мне нядаўна землякамі-палачанамі на сустрэчы ў Скандынавіі.

Недалёка таксама вельмі важны для мяне падарунак – дасланая на Новы год сябрам з Нямеччыны рэпрадукцыя малюнка вучонага-энцыклапедыста, механіка і вынаходніка Габрыэля Грубэра, славенца па нараджэнні, які пры канцы ХVIII стагоддзя быў прафесарам Полацкага езуіцкага калегіума і аўтарам ідэі яго пераўтварэння ў акадэмію са статусам універсітэта, што пазней і адбылося. На малюнку якраз галерэя калегіума.

Калі казаць пра стартавы рытуал, то ён існуе, але гэта занадта інтымная рэч.

Прырода вашага творчага штуршка, азарэння? Вам больш дапамагаюць нататнікі – ці памяць, жыццёвыя калізіі?

І сны таксама.

Калі б вашыя сны мелі тэкставы варыянт, пра што і які быў бы гэты твор?

У мяне ёсць тэксты, якія ўяўляюць сабой якраз запіс сноў. Напрыклад, верш «Падарожнікі», з якога пачалася мая першая паэтычная кніга. Наогул жа, колькі сябе памятаю, сны – самыя разнастайныя – прыходзяць да мяне штоночы, таму такіх тэкстаў нямала.

Якую кнігу з сусветнай (ці беларускай) літаратуры вы закрылі б назаўсёды, каб ніхто яе больш не чытаў?

Калі казаць пра айчынных графаманаў, то такіх кніг безліч. Калі ж – пра сапраўдную літаратуру, то я, відаць, да такой кнігі яшчэ не дачытаўся.

Які ваш найвялікшы пісьменніцкі грэх? Якое табу ў літаратуры вы парушалі або марыце парушыць?

Калі пра грэх, то гэта няздольнасць пасадзіць сябе за стол. Папросту лянота. Так шкада акіяна часу, калі маглі б нараджацца кнігі – даўно задуманыя, але дагэтуль не напісаныя. Зрэшты, магчыма, што без таго акіяна, дзе я плаваў далёка ад пісьмовага стала, не нарадзіліся б потым кнігі, якія ўсё ж маю.

Наконт табу. Вось парушу, тады і даведаецеся.

2. Творцы

Хто найбольш паўплываў на ваш літаратурны стыль? З кім звяраецеся? Чые імпульсы чуеце найлепш?

Калісьці даўно крытыкі пісалі, што найбольш паўплываў Уладзімір Караткевіч. Але потым адзін мэтр ад літаратуразнаўства іх абвергнуў: маўляў, у Караткевіча – жывапіс, а ў Арлова – графіка. Здаецца, мае рацыю.

Ці просіце кагосьці прачытаць напісанае яшчэ да здачы рукапісу ў працу?

Найчасцей прашу самога сябе, але ўжо крыху іншага. Напрыклад, праз месяц. А бывае, і праз год.

Калі б вам прапанавалі спірытычны сеанс з прывідам аднаго пісьменніка – хто б гэта быў і што хацелі б уведаць ад яго?

Ніколі і ні ў якай сферы не магу выбраць аднаго: мастака, кампазітара, пагатоў, пісьменніка.

А ўведаць хацеў бы тое, пра што «прывіды», як вы іх называеце, усё адно адказаць не змогуць: якія мае кнігі чытаюць, дапусцім, праз 50 гадоў – і ці чытаюць іх увогуле? Але калі «прывідам» дадзеная здольнасць зазіраць у будучыню, дык яна будзе і ў мяне самога.

Ваш ТОП-спіс літаратараў – сябраў Беларускага ПЭНа?

У гэтым спісе абавязкова апынуліся б не толькі сябры ПЭНа.

Каго і што чыталі апошнім часам?

Апошнім часам пішу другую частку адной сваёй гістарычнай кнігі, таму мушу чытаць шмат адпаведных даведачных і навукова-папулярных тэкстаў і кніг – і ў папяровай, і ў электроннай іпастасях.

З іншай літаратуры – у розных яе ўвасабленнях – прачытаў няшмат: «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» Валянціна Акудовіча, леташняга лаўрэата прэміі Гедройця, «Слёзы на вецер» Дар’і Бялькевіч, доўгачаканую кнігу паэзіі «Там, за сцяной» Таццяны Нядбай, каторай, як і мне, сніцца родная Дзвіна. Калі пра пераклады, то кнігі паэзіі Віславы Шымборскай і Чэслава Мілаша, а цяпер адольваю «Ляльку» Баляслава Пруса.

Асабліваю чытанкаю былі «Іліяда», «Эпас пра Гільгамеша» і яшчэ нявыдадзеная «Энэіда», якія загучалі па-беларуску дзякуючы Лявону Баршчэўскаму.

3. Творчасць

У якім самым дзіўным месцы вас калісьці напаткала творчае натхненне?

Па-першае, хачу сказаць, што ў гэты незвычайны стан, які ўмоўна называецца натхненнем, я веру – хоць, напрыклад, Ян Парандоўскі, аўтар знакамітай «Алхіміі слова», пісаў, што яно выйшла з моды. Мне даспадобы вызначэнне Фрыдрыха Шылера, які назваў гэты стан неспадзяванкай душы. Я дадаў бы – і розуму.

З такой неспадзяванкаю я сустрэўся аднойчы на сярэдзіне майго ўлюбёнага полацкага возера Люхава. Плыву, а насустрач – вуж. Ён сфінксава замёр, як быццам хацеў паведаміць, што ён – толькі нібыта вуж. Я адказаў: магчыма, я таксама толькі нібыта чалавек. Мы расплыліся кожны ў сваё нібыта, аднак мне ўжо не даваў спакою той дзівосны стан, пра які мы гаворым.

Але падобных выпадкаў можа набрацца цэлая анталогія.

Што вы лічыце самым вялікім літаратурным міфам?

Відаць, не настолькі ведаю сусветную літаратуру, каб казаць пра яе.

Што да айчыннай, то тут культывуецца міф, быццам замежнага чытача мы, беларускія літаратары (натуральна, і нашыя творы) цікавім толькі як сведкі ці як ахвяры.

Фінал якой сакральнай кніжкі беларускай літаратуры вам карціць перапісаць?

Адрозна ад некаторых калегаў ніколі не перапісваў сваіх фіналаў, а проста ставіў пры перавыданнях дату: тады я быў такім. І нікога іншага нават у думках перапісваць не хачу.

Якое пытанне хочаце пачуць ад чытачоў, але яно пакуль не прагучала?

Яшчэ са школы зацвердзіў, што падказваць нельга.

Ці верыце вы, што словам можна змяніць беларускі свет?

Як вядома, беларусы ў 1918 годзе вярнулі сабе статус народа дзяржаўнага – ужо пад сваёй сучаснай назваю – найперш дзякуючы людзям слова. Нашыя палітыкі былі ўадначас пісьменнікамі, публіцыстамі, выдаўцамі, гісторыкамі etc.

Сёння такі час, што людзі слова захоўваюць беларускую мову і – шырэй — культуру як заруку захавання дзяржавы. А гэта пакідае магчымасць змены самога беларускага свету. Прыйдзе пара, і слова, перапрашаю за каламбур, яшчэ скажа сваё слова.


Уладзімір Арлоў – беларускі празаік, паэт, гісторык.

Аўтар больш чым паўсотні кніг, лаўрэат прэмій Францішка Багушэвіча, Алеся Адамовіча, Цёткі, Ежы Гедройця і шматлікіх іншых, беларускіх і не толькі.