8 сакавіка 2026 года: аўтарка, рэдактарка і паліталагіня Валерыя Касцюгова адбывае 10-гадовы тэрмін зняволення ў Гомелі, Беларусь. Яе арыштавалі ў чэрвені 2021 года, а ў сакавіку 2023 года асудзілі па палітычна матываваных абвінавачаннях, якія выкарыстоўваюцца для замоўчвання незалежных галасоў. Паводле наяўнай інфармацыі, ёй неабходная медыцынская дапамога.
Міжнародны ПЭН выказвае глыбокую заклапочанасць у сувязі тым, што Касцюгова дагэтуль застаецца ў зняволенні, і заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яе, а таксама забяспечыць ёй доступ да належнай медыцынскай дапамогі падчас утрымання пад вартай.
Далучайцеся да нашых крокаў у Міжнародны жаночы дзень 2026 года.
Як вы можаце дапамагчы:
Міжнародны ПЭН заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць Валерыю Касцюгову і забяспечыць ёй належную медыцынскую дапамогу падчас утрымання пад вартай.
Адвакатаванне
Калі ласка, звярніцеся да вашага Міністэрства замежных спраў і дыпламатычных прадстаўнікоў у Беларусі, заклікаючы іх узняць пытанне справы Касцюговай у двухбаковых кантактах з беларускімі ўладамі.
Салідарнасць
Дашліце Валерыі Касцюговай словы падтрымкі. Паведамленні можна даслаць праз гэтую форму.
Калі ласка, дадайце беларускі або рускі пераклад вашага паведамлення (напрыклад, скарыстаўшыся Google Translate).
Сацыяльныя сеткі
Распаўсюджвайце інфармацыю пра Валерыю Касцюгову ў сацыяльных сетках. Выкарыстоўвайце хэштэгі #ValeryjaKaściuhova, #IWD26 і #InternationalWomensDay, пазначаючы @peninternational (Instagram), facebook.com/peninternational (Facebook) і @peninternational.bsky.social (Bluesky).
Bluesky
#InternationalWomensDay: уявіце, што вы апынуліся за кратамі толькі за тое, што вы жанчына, якая піша і выказваецца. Беларускія ўлады павінны неадкладна і безумоўна вызваліць #ValeryjaKaściuhova і забяспечыць ёй доступ да медыцынскай дапамогі падчас зняволення. Падтрымайце яе сёння. #IWD26
Facebook / Instagram
#InternationalWomensDay: уявіце, што вас зняволілі проста за тое, што вы жанчына, якая піша і выказваецца. Беларускія ўлады павінны неадкладна і безумоўна вызваліць #ValeryjaKaściuhova і забяспечыць ёй доступ да медыцынскай дапамогі падчас утрымання пад вартай.
Яе зняволенне — гэта свядомая атака на жанчын, пісьменніц і незалежныя галасы ў Беларусі. Падтрымайце яе сёння і патрабуйце яе свабоды. Кожны голас мае значэнне. #IWD26
Візуальныя матэрыялы
Каб прыцягнуць увагу да Валерыі Касцюговай, калі ласка, падзяліцеся гэтай графікай у сацыяльных сетках.
Даведка
Валерыя Касцюгова – паліталагіня, рэдактарка і аўтарка – цяпер адбывае 10-гадовы тэрмін зняволення ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму ў Гомелі на паўднёвым усходзе Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, ёй неабходная медыцынская дапамога.
Касцюгову затрымалі 30 чэрвеня 2021 года пасля таго, як супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) правялі ператрус у яе кватэры. Пасля гэтага яе змясцілі ў следчы ізалятар у Мінску. Улады прад’явілі ёй, а таксама даследчыцы Таццяне Кузінай, некалькі абвінавачанняў, у тым ліку ў нібыта закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам і распальванні сацыяльнай варожасці (артыкулы 361 ч. 3, 357 ч. 1 і 130 ч. 4 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
Сумесны судовы працэс над імі пачаўся ў Мінску 6 лютага 2023 года. 17 сакавіка 2023 года абедзве жанчыны былі прызнаныя вінаватымі і асуджаныя да 10 гадоў пазбаўлення волі. 25 ліпеня 2023 года Вярхоўны суд пакінуў прысуд Касцюговай у сіле. У наступным месяцы яе імя было ўключана ў афіцыйныя беларускія спісы асобаў, нібыта датычных да так званай «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» дзейнасці.
Валерыя Касцюгова нарадзілася 30 снежня 1967 года. Яна заснавальніца і рэдактарка незалежнай аналітычнай і дыскусійнай платформы «Наше мнение». Яна таксама з’яўляецца аўтаркай і рэдактаркай зборніка аналітычных аглядаў пра развіццё сітуацыі ў Беларусі за год «Белорусский ежегодник», кіраўніцай групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года яна апублікавала на платформе «Наше мнение» шэраг аналітычных матэрыялаў пра палітычную сітуацыю ў краіне.
Як неаднаразова падкрэслівалі Беларускі ПЭН і Міжнародны ПЭН, умовы ўтрымання ў беларускіх турмах прыраўноўваюцца да катаванняў і іншых формаў жорсткага абыходжання. У 2025 годзе некалькі пісьменнікаў былі вызваленыя з беларускіх турмаў і вымушаныя з’ехаць у выгнанне пасля перамоваў з ЗША, накіраваных на змякчэнне эканамічных санкцый. Сярод іх – сябры ПЭНа Алесь Бяляцкі, Аляксандр Фядута і Максім Знак.
На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу не менш за 30 пісьменніц і пісьменнікаў і не менш за 146 дзеячаў культуры знаходзяцца ў зняволенні або пад хатнім арыштам па сфабрыкаваных абвінавачаннях. Сярод іх – журналістка, пісьменніца і паэтка Кацярына Андрэева, рэдактар, палітолаг і прафсаюзны актывіст Вацлаў Арэшка, аўтар песень і спявак Дзмітрый Галавач, а таксама пісьменнік і журналіст, лаўрэат Прэміі Сахарава за свабоду думкі 2025 года Анджэй Пачобут.
Больш падрабязную інфармацыю пра сітуацыю са свабодай выказвання ў Беларусі можна знайсці ў сумеснай справаздачы Беларускага ПЭНа, Міжнароднага ПЭНа і Амерыканскага ПЭНа, пададзенай у Савет ААН па правах чалавека, дзе дакументуецца маштабнае падаўленне беларускімі ўладамі свабоды выказвання, культурных і моўных правоў.
Каб даведацца больш пра дзейнасць Беларускага ПЭНа, у тым ліку пра маніторынг парушэнняў культурных і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры, перайдзіце па спасылцы.
Раскажыце іншым
Дзякуем вам за падтрымку Валерыі Касцюговай! Калі ласка, падзяліцеся яе гісторыяй у сацыяльных сетках.
