![Аляксандр Лукашук: «Літаратура мяняе толькі мінулае»](/wp-content/uploads/2025/02/anketa_01_lukaszuk_1920x1080.png)
Анкета Беларускага ПЭНа
Што думаюць пісьменнікі пра асобныя грані творчага працэсу, новыя выклікі перад майстрамі слова, пра свае літаратурныя табу і грахі, мары і спакусы? Адказы на анкету – гэта не толькі міні-партрэты выбітных творцаў, але і своеасаблівае люстэрка духу нашай арганізацыі.
1. Твор
Які чорт усаджвае вас за пісьмовы стол? Ці ёсць на ім нейкі амулет ці татэм? Ці маеце свой стартавы рытуал?
Калі чорт, дык лысы. А ў лысага галава не чэшацца і расчоскі няма.
Прырода вашага творчага штуршка, азарэння? Вам больш дапамагаюць нататнікі – ці памяць, жыццёвыя калізіі?
Нон-фікшн – адлюстраванне адлюстраванняў, таму найбольш важная іх першакрыніца – дакумент, газетная публікацыя, запіс, успамін. Праз гэтыя люстэркі адбываецца пераход у няскончаны час.
Калі б вашыя сны мелі тэкставы варыянт, пра што і які быў бы гэты твор?
Ён ужо напісаны і надрукаваны, называецца «У фіялетавай ночы вугал крыла». У снах я магу лётаць, хоць і невысока, як душа, якая прабіраецца праз густы туман. Часам я палохаю тых, хто спіць побач, – крычу і пагражаю пакараннем істотам цемры, якіх сустракаю ў снах.
Якую кнігу з сусветнай (ці беларускай) літаратуры вы закрылі б назаўсёды, каб ніхто яе больш не чытаў?
Тую, якая вучыць задаваць такія пытанні.
Які ваш найвялікшы пісьменніцкі грэх? Якое табу ў літаратуры вы парушалі або марыце парушыць?
Найвялікшы пісьменніцкі грэх – судзіць тое, што нельга судзіць, а трэба паказваць, і апраўдваць тое, чаму няма апраўдання.
2. Творцы
Хто найбольш паўплываў на ваш літаратурны стыль? З кім звяраецеся? Чые імпульсы чуеце найлепш?
Эрнэст Хемінгуэй, Марсель Пруст, Джэймс Джойс, Ілья Ільф і Яўген Пятроў, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Венядзікт Ерафееў, Уладзя Арлоў.
Ці просіце кагосьці прачытаць напісанае яшчэ да здачы рукапісу ў працу?
Дакументальная проза мае справу з пустатой як матэрыялам і гарызонтам як задачай, і любы пабочны імпульс дапамагае ў змаганні з першай, але збівае з руху да другой. Гэта не тычыцца істотаў N-вымярэння, якіх завуць рэдактарамі.
Калі б вам прапанавалі спірытычны сеанс з прывідам аднаго пісьменніка – хто б гэта быў і што хацелі б уведаць ад яго?
Васіль Быкаў. Ці зайшоў ён спакой – або наадварот, даводзіцца жыць у свеце сваіх твораў? І якая там ягоная роля, няўжо як Бога для нашага чарнавіка лёсу?
Ваш ТОП-спіс літаратараў – сябраў Беларускага ПЭНа?
ПЭН – неіерархічная структура, гэта сфера, дзе ўсе роўнааддаленыя ад цэнтра.
Каго і што чыталі апошнім часам?
З пэнаўцаў – У. Арлова, А. Бахарэвіча, У. Някляева. Стараюся не прапускаць новыя выданні вядучых беларускіх незалежных выдаўцоў. Часта адкрываю Васіля Быкава. З іншых – перачытваю першага прэзідэнта савецкага ПЭНа Анатоля Рыбакова, трылогію пра 1930-ыя і вайну, якая так ясна прадказвала непазбежнасць ублюдачнага сталінізму сучаснай Расіі і Беларусі.
3. Творчасць
У якім самым дзіўным месцы вас калісьці напаткала творчае натхненне?
За пісьмовым сталом):
Што вы лічыце самым вялікім літаратурным міфам?
Што літаратура мяняе будучыню. Літаратура мяняе толькі мінулае.
Фінал якой сакральнай кніжкі беларускай літаратуры вам карціць перапісаць?
«Незалежнасць – гэта…» Уладзіміра Арлова. Апошні радок гэтага тэксту – дата, 1990. Я памяняў бы яе на 1890 – і ўсё б тады змянілася, і не трэба было б чакаць яшчэ сто год, пакуль гэты тэкст стане ў адзін сакральны шэраг з Кнігай Сірахавай, упершыню надрукаванай яшчэ адным полацкім мальцам.
Якое пытанне хочаце пачуць ад чытачоў, але яно пакуль не прагучала?
На што вы патрацілі Нобелеўскую прэмію? Я нават ведаю адказ, але ён па вызначэнні экстрэмісцкі.
Ці верыце вы, што словам можна змяніць беларускі свет?
Змяніць – не, стварыць – так. Бо Беларусь – гэта слова.
Чытаць іншыя анкеты:
Уладзімір Арлоў: «Прыйдзе пара – і слова яшчэ скажа сваё слова»
Аляксандр Лукашук – беларускі журналіст, публіцыст і перакладчык.
Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода (1998-2023), лаўрэат прэміяў імя Фрацішка Багушэвіча і Алеся Адамовіча.