
Анкета Беларускага ПЭНа
Што думаюць пісьменнікі пра асобныя грані творчага працэсу, новыя выклікі перад майстрамі слова, пра свае літаратурныя табу і грахі, мары і спакусы? Адказы на анкету – гэта не толькі міні-партрэты выбітных творцаў, але і своеасаблівае люстэрка духу нашае арганізацыі.
Твор
Які чорт усаджвае вас за пісьмовы стол? Ці ёсць на ім нейкі амулет ці татэм? Ці маеце свой стартавы рытуал?
Мой чорт – гэта якая-ніякая дысцыпліна. З часам рамантызаванае ўяўленне пра пісьменніцтва саступіла месца практыцы. Пісьменніцтва, як і нейкая замежная мова (а часам і свая) – гэта, у тым ліку, пра практыку рэгулярнага пісання, нават калі напісанае пасля не варта нікому паказваць. Я стараюся пісаць рэгулярна, то няхай гэта і будзе маім «чортам». Перад тым, як пачаць, люблю паслухаць любімую музыку, пачытаць любімыя вершы: гэта супакойвае, дапамагае настроіцца на працу і проста часова адключыцца ад «зямнога жыцця».
Прырода вашага творчага штуршка, азарэння? Вам больш дапамагаюць нататнікі – ці памяць, жыццёвыя калізіі?
Напэўна, у мяне гэта залежыць ад таго, што і як я хачу расказаць. Дзесьці гэта само жыццё як яно ёсць, дзесьці – памяць (напрыклад, цяпер). А бывае – проста мова (мовы), гульні, у якія яна (ці яны) гуляе. А нататнікі – гэта ўвогуле неабходны інструмент: у нататках я і пішу звычайна.
Калі б вашыя сны мелі тэкставы варыянт, пра што і які быў бы гэты твор?
Мне хацелася б, каб гэта быў верш, напісаны рознымі мовамі, над якім б паэт, а хутчэй, паэтка, працавала б некалькі гадоў. Каб гэты тэкст ляжаў спачатку дзесьці ў шуфлядцы, а пасля б аўтарку ўгаварылі паказаць яго людзям. І каб некаторым ён нават бы спадабаўся.
Якую кнігу з сусветнай (ці беларускай) літаратуры вы закрылі б назаўсёды, каб ніхто яе больш не чытаў?
Біблію – у ёй ёсць усе адказы і пытанні, якімі мы мелі і маем магчымасць скарыстацца, але не карыстаемся, таму проста бессэнсоўна, марна, але і адважна нясёмся, асядлаўшы вялікую кулю, кудысьці ў бясконцасць і цемру.
Які ваш найвялікшы пісьменніцкі грэх? Якое табу ў літаратуры вы парушалі або марыце парушыць?
Мой найвялікшы пісьменніцкі грэх – у немагчымасці спыніцца пісаць і пазбавіць гэты свет ад лішніх слоў. Але больш-менш сур’ёзна – то люблю рабіць з любімых песень вершы – варыяцыі на тэму. Ці грэх? Не ведаю. А табу ў літаратуры няма.
Творцы
Хто найбольш паўплываў на ваш літаратурны стыль? З кім звяраецеся? Чые імпульсы чуеце найлепш?
Уплыў мне цяжка ацаніць, але калісьці мы заўважылі з Крысцінай Бандурынай, што гуляемся вобразамі адно аднаго. Цяпер адкрываю для сябе сусвет Вальжыны Морт і Карын Бое. То няхай яны і ўплываюць. Таксама магу тут назваць кніжку Паўла Капанскага. Ну і тэксты Кэй Тэмпэст і Эноні.
Ці просіце кагосьці прачытаць напісанае яшчэ да здачы рукапісу ў працу?
Прасіць асабліва не прашу – так, закідваю ў Facebook, напрыклад. Але калі вядзецца пра працу над кнігамі, то вядома. Гэта і нейкія сяброўскія чытанні, і рэдактарская праца. Цяпер, працуючы над новай кнігай, і злуюся, і захоплены, і натхнёны ўсім, што адбываецца з гэтымі тэкстамі.
Калі б вам прапанавалі спірытычны сеанс з прывідам аднаго пісьменніка – хто б гэта быў і што хацелі б уведаць ад яго?
А няхай будзе Юлі Таўбін. Хацеў б з ім памаўчаць.
Ваш ТОП-спіс літаратараў – сябраў Беларускага ПЭНа?
Цяпер хачу назваць два імя: Ганна Комар і Ганна Янкута. Першую – за апошнюю кнігу «Ribwort», якая чамусьці не была заўважаная. Другую – за эксперыменты ў літаратуры і шчырасць у «Часе пустазелля».
Каго і што чыталі апошнім часам?
Вершы Паўла Капанскага, Вальжыны Морт, Карын Бое, Ганны Райс, раман Хан Канґ «Вегетарыянка», раман Ганьі Янаґігары «Да раю».
Творчасць
У якім самым дзіўным месцы вас калісьці напаткала творчае натхненне?
Праблема ў тым, што я магу пісаць дзе заўгодна: у кавярні, у аэрапорце, у цягніку, у парку, на пляжы, плаваючы ў моры, ува сне. Выбраць штосьці незвычайнае даволі цяжка. Ну і як я ўжо казаў, гэта не натхненне, а дысцыпліна, няхай і спантанічная.
Што вы лічыце самым вялікім літаратурным міфам?
Натхненне.
Фінал якой сакральнай кніжкі беларускай літаратуры вам карціць перапісаць?
Для мяне сакральная кніжка – гэта толькі «Новая Зямля». Мне хацелася б, каб гэта і сапраўды быў новы сусвет для ўсіх: чалавека, раслін, жывёл і таго, што немагчыма ўбачыць. Але я не ведаю, хацеў бы я перапісаць толькі фінал – ці нешта яшчэ. У любым выпадку, я так не змагу. Таму застаецца цешыцца тым, што ёсць.
Якое пытанне хочаце пачуць ад чытачоў, але яно пакуль не прагучала?
Пра што «гэты» верш?
Ці верыце вы, што словам можна змяніць беларускі свет?
Само па сабе – не. Мова – гэта дыялог. Але часцей па іншы бок маўчаць.
Чытаць іншыя анкеты:
Уладзімір Арлоў: «Прыйдзе пара – і слова яшчэ скажа сваё слова»
Аляксандр Лукашук: «Літаратура мяняе толькі мінулае»
Сяргей Дубавец: «На спірытычным сеансе Купала дакладна адказаў нам, хто яго забіў. Гэта…»
Артур Камароўскі – паэт, мастак і перакладчык.
Рэдактар часопіса пра сучасную беларускую літаратуру «Таўбін», удзельнік ВІА «Красный Борщевик». Аўтар паэтычных зборнікаў «Вада пачынае жыць» (2020), «Corpus Vile» (2023), «Я і ёсць забаронены сцяг» (2023). Перакладае з украінскай, польскай, англійскай і шведскай моў. Лаўрэат прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.