• Навiны
  • Навіны сябраў
  • Сяргей Дубавец: «На спірытычным сеансе Купала дакладна адказаў нам, хто яго забіў. Гэта…»

Сяргей Дубавец: «На спірытычным сеансе Купала дакладна адказаў нам, хто яго забіў. Гэта…»

Апошняе абнаўленне: 13 лютага 2025
Сяргей Дубавец: «На спірытычным сеансе Купала дакладна адказаў нам, хто яго забіў. Гэта…»
Анкета Беларускага ПЭНа

Што думаюць пісьменнікі пра асобныя грані творчага працэсу, новыя выклікі перад майстрамі слова, пра свае літаратурныя табу і грахі, мары і спакусы? Адказы на анкету – гэта не толькі міні-партрэты выбітных творцаў, але і своеасаблівае люстэрка духу нашае арганізацыі.

1. Твор

Які чорт усаджвае вас за пісьмовы стол? Ці ёсць на ім нейкі амулет ці татэм? Ці маеце свой стартавы рытуал?

Бывае, да нясцерпнасці запісацца просяцца словы, не важна, дзе, калі і куды, найчасцей цяпер у тэлефон. Ідэальна, калі гэта назва, якая сама і ёсць увесь твор у скручаным выглядзе. Тады застаецца знайсці час і ўжо ў кампе – раскручваць. Чым больш дакладная назва, тым з большаю асалодай яе расшыфроўваеш, быццам гэта робіцца неяк само сабой. Для мяне гэта і ёсць рытуал, нічога лішняга, нічога, што магло б адцягнуць увагу.

Прырода вашага творчага штуршка, азарэння? Вам больш дапамагаюць нататнікі – ці памяць, жыццёвыя калізіі?

Няма такога, каб я шукаў штуршок, падаецца, што гэта ён знаходзіць мяне. У працэсе, вядома ж, спатрэбваюцца і нататнікі, і калізіі, і цытаты. Асабліва цікава бывае з цытатамі і можна цэлы дзень шукаць «канцы» – дзе я такое чытаў?

Калі б вашыя сны мелі тэкставы варыянт, пра што і які быў бы гэты твор?

У маім разуменні, у сне чалавек выходзіць у адкрыты космас калектыўнага несвядомага, то-бок злучаецца з адной вялікай агульнай галавой. Калі б было інакш, не мелі б такой папулярнасці розныя соннікі – якія, нібыта, універсальныя. То-бок сон я не магу назваць творчасцю, прынамсі, маёй прыватнай творчасцю.

Якую кнігу з сусветнай (ці беларускай) літаратуры вы закрылі б назаўсёды, каб ніхто яе больш не чытаў?

Гэта, выглядае, цэнзарская задача. Мне цікавей адкрываць і каб чыталі чым шырэй.

Які ваш найвялікшы пісьменніцкі грэх? Якое табу ў літаратуры вы парушалі або марыце парушыць?

Гармонія – як святы дух тэксту, які асвячае яго, там не можа быць граху ці табу. Калі яны ёсць, значыць, тэкст не мае ў сабе гармоніі. Інакш кажучы, кожны пісьменнік, па-мойму, мае адваротныя памкненні.

2. Творцы

Хто найбольш паўплываў на ваш літаратурны стыль? З кім звяраецеся? Чые імпульсы чуеце найлепш?

Моцнае ўражанне пакінуў у памяці Таніна Гуэра. Гадоў 40 таму я мог сказаць сабе: гэта цалкам маё, вось так я хачу пісаць. Заварожваў мастацтвам думаць на паперы Альбэр Камю: пачаўшы, ніколі не ведаеш, якія адкрыцці цябе чакаюць – у паперы свая логіка і свой свет. Усведамляць сябе беларускім пісьменнікам мне хацелася б у адным шэрагу з Філонам Кмітам-Чарнабыльскім – гэта ў плане ідэнтыфікацыі і агульнай настроенасці.

Ці просіце кагосьці прачытаць напісанае яшчэ да здачы рукапісу ў працу?

Калі казаць пра кнігу, дык кожная з іх прачытваецца і абмяркоўваецца, прынамсі, з рэдактарам. Мэтанакіравана я паспрабаваў «раздаць» на прачытанне дзве апошнія кніжкі. Гэта было карысна не столькі для гэтых кніг, колькі для майго разумення самога сябе і таго, што я раблю. Мне быццам дапамаглі «даляпіць» сябе. І пакуль што гэтае «даданае вартасці» мне, так адчуваю, хапае на наступныя тэксты.

Калі б вам прапанавалі спірытычны сеанс з прывідам аднаго пісьменніка – хто б гэта быў і што хацелі б уведаць ад яго?

У мяне былі такія сеансы ў студэнцкія часы. Мы студэнтамі крыху займаліся спірытызмам – паводле ўсіх правілаў: вялікі аркуш паперы з напісаным па коле алфавітам, сподачак, які аб’язджае літары, складаючы іх у словы, кончыкі пальцаў, якія хутка адрываюцца ад сподачка, які ездзіць ужо сам, адчуваючы энергію нашых душ… Першы ж сеанс азадачыў на ўсё жыццё. Гаварылі з Янкам Купалам, пыталіся: хто яго забіў? Адказ быў максімальна канкрэтны: Мірольд Камінскі. Гэты персанаж так і застаўся загадкай, але быў названы. Наступныя сеансы выглядалі драбнейшымі і не запомніліся. А скончылася ўсё выклікам «духу сівой кабылы». Гэта значыць, што надакучыла. Здавалася, што імя забойцы Купалы – нашае бінга і большага здабыць не ўдасца.

Ваш ТОП-спіс літаратараў – сябраў Беларускага ПЭНа?

На маю думку, у ПЭНе як арганізацыі, што захавала сваю гарызантальную структуру і тым пацвердзіла роўнасць сябраў, складаць рэйтынг паводле персанальных якасцяў і дасягненняў не выпадае. ПЭН як рондаль, у якім, як у супе, усе кіпяць аднолькава: і морква, і цыбуля, і бульба… Ніхто не важнейшы за іншых. Кожны можа ўразіць, ёсць павага да зробленага і найбольшае тут – чаканне.

Каго і што чыталі апошнім часам?

Так ці інакш чытаў і буду чытаць усё, што выходзіла і выходзіць. Гэта даволі сумбурны працэс, і калі складаць спіс, то ніяк не магу назваць яго рэкамендацыйным. Разам з тым, шмат важных рэчаў бачу сёння ў літаратуры. Уражваюць пераклады іншамоўнай літаратуры. Патроху ажывае літаратурная крытыка. Моцныя прарывы Альгерда Бахарэвіча, Евы Вежнавец ды іншых у іншамоўную літаратурную прастору. Па-мойму, гэта каштоўныя парасткі і варта нам усім сачыць за імі і спрыяць іхнаму росту.

3. Творчасць

У якім самым дзіўным месцы вас калісьці напаткала творчае натхненне?

Творчае натхненне для мяне і ёсць дзівам, і яно прыходзіць у кожнае месца, дзіўнасць якога адразу становіцца неістотнай.

Што вы лічыце самым вялікім літаратурным міфам?

Напэўна, тое, што літаратура можа змяняць свет. Яна дакладна можа ўплываць на людзей, «гадаваць» дзяцей – як Янка Маўр ці Марк Твэн ці Джэк Лондан. І ўжо гэтыя дзеці, значная іх частка, уплываюць на свет. Але так, каб непасрэдна, як Оруэл, як бы нам ні хацелася, уплываць на свет яна не можа – бо ўсе выкрытыя, абсмяяныя і, здавалася б, вынішчаныя пад корань аўтарам заганы паўтараюцца зноў.

Фінал якой сакральнай кніжкі беларускай літаратуры вам карціць перапісаць?

У сакральных кніжак сакральны фінал, то бок гэта ўжо не літаратурны факт і не літаратурны матэрыял, а нешта большае і нешта іншае. Якраз сакральнасць мы не перапішам.

Якое пытанне хочаце пачуць ад чытачоў, але яно пакуль не прагучала?

Што найперш мусіць зрабіць новая беларуская ўлада? Думаю, што яна мусіць увесці крымінальную адказнасць за адмаўленне беларускай нацыі. Трэба перайсці ад гэтага бясконцага адмаўлення і даказвання нас як суб’екта ў новую суб’ектную якасць – нармальнае нацыі, роўнай сярод іншых.

Ці верыце вы, што словам можна змяніць беларускі свет?

Веру ў гэта ад пачатку. Менавіта беларускі свет, які і паўстаў у літаратуры, мусіць і ў рэальнасці заадпавядаць кніжнаму. Але гэта ўжо палітыка.


Чытаць іншыя анкеты:

Уладзімір Арлоў: «Прыйдзе пара – і слова яшчэ скажа сваё слова»

Аляксандр Лукашук: «Літаратура мяняе толькі мінулае»

Артур Камароўскі: Для мяне сакральная кніжка – «Новая Зямля»


Сяргей Дубавец – беларускі літаратар і журналіст.

Быў рэдактарам аддзелу крытыкі часопіса «Нёман», галоўным рэдактарам газет «Наша Ніва» і «Свабода», радыё «Балтыйскія хвалі», аўтар перадач і калонак на Радыё Свабода. Аўтар шэрагу кніг, узнагароджаны медалём Літвы «За адвагу», лаўрэат прэмій Ежы Гедройця і Алеся Адамовіча, «Гліняны Вялес», «Залаты апостраф».