[Прочитать колонку по-русски можно тут]
Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Аляксандра Фядуты.
Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), палітычны аналітык.
У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.
АРЫШТАВАЦЬ ГУТЭНБЕРГА
Штораніцы і штовечар у калоніі адбывалася адно і тое ж: асуджаныя шыхтаваліся на праверку. Мы стаялі на белым снезе, калі снег быў утаптаны і не паспеў растаць, апранутыя ў чорнае форменнае адзенне. Зверху гэтая карціна мусіла нагадваць друкаваную старонку: белая паласа паперы, мітусня чорных літар.
Жизнь как пятна на старом холсте,
Черные пятна на коже березы.
Мы – как буквы на белом листе.
Бог нами пишет новую прозу.
Автор нервничает, грызет перо:
Образ хорош, но здесь он кстати ли?
Что-то новое, что-то старо…
Главное только – найти издателя.
Нашае жыццё – як кніга, напісаная богам. Жыццё кожнага асобна ўзятага чалавека – усяго толькі чарговая старонка ў кнізе ўсеагульнага быцця той сукупнасці жывых істот, якая і называецца чалавецтвам. Навошта напісана гэтая старонка? Верагодна, для таго, каб перадаць нешта важнае будучым пакаленням. Мы з пункту гледжання Вечнасці, а значыць, і Наканавання, – усяго толькі носьбіты інфармацыі. Якой менавіта інфармацыі – гэта іншае пытанне. Але любая інфармацыя, назапашаная намі, мусіць быць перададзена наступным пакаленням, бо яна ўнікальная, як унікальнае чалавечае жыццё.
Можна вырваць адну старонку. Нельга знішчыць кнігу цалкам. «Рукапісы не гараць», – казаў прадстаўнік Вечнасці – той сілы, што вечна хоча зла і вечна здзяйсняе дабро. З гэтага пункту гледжання мы і сапраўды жывём у эпоху Гутэнберга і ў галактыцы Гутэнберга. Так назваў сваю кнігу – адну з самых важных кніг дваццатага стагоддзя – канадскі культуролаг Маршал Маклюэн. Баюся, гэта самая вядомая ў свеце кніга канадскага аўтара, у якім бы жанры ён ні працаваў. І найбліжэйшым часам іншая наўрад ці з’явіцца.
Іаган Гутэнберг, помнік якому стаіць у французскім цяпер горадзе Страсбургу, быў усяго толькі вынаходнікам. Ён прыдумаў друкарскі станок. Дзякуючы гэтаму вытворчасць кніг як носьбітаў інфармацыі стала значна таннейшай, бо сам працэс вырабу стаў хутчэйшым. Друкары ператварылі веды з раскошы і долі нямногіх у здабытак значна большай колькасці людзей. Зразумела, што спачатку гаворка ішла пра вечныя ісціны – перадусім рэлігійныя. Святое Пісанне, раней тыражаванае ад рукі, разыходзілася ўжо не ў адзінкавых асобніках, а ў сотнях, потым – у тысячах. Нават тыя, хто ўмеў чытаць, не заўсёды разбіраліся ў тонкасцях рэлігійнай сімволікі. Так пачалі друкаваць працы тэолагаў, філосафаў, філолагаў (у рэшце рэшт, спачатку было Слова), з якіх вернікі мусілі даведацца, як менавіта трэба разумець боскую Ісціну. Потым пачалі друкаваць іншыя навуковыя працы. Потым – вершы. Паслядоўнасць не абавязкова мусіла быць менавіта такой, але пераход ад таго, што было надзённым, да таго, што лічылася раскошай, быў непазбежны.
Цяпер можна спрачацца, што з’яўляецца асноўным носьбітам інфармацыі. Інтэрнэт? Паслухайце, як крытыкуюць яго тыя, каму хочацца аднаасобна фармаваць грамадскую думку, указваць, як жыць і, што значна важнейшае, навошта жыць. Адсякаюцца ўсё новыя і новыя каналы інфармацыі. Спісы экстрэмістаў складаюцца людзьмі, якія, нібы персанаж старога савецкага фільма, збіраюцца правесці не эксперымент нават, а экскрэмент: пачалі з тых, хто, як ім здавалася, рыхтуе тэрарыстычныя акты, працягнулі «канапавымі войскамі», што арудуюць «лайкамі» і каментарыямі, працягнулі спісамі непажаданых кніг і арыштамі тых, хто кнігі пісаў, выдаваў, распаўсюджваў. Ерэтыкоў яшчэ не паляць на вогнішчах і ў печах па месцы адбывання пакарання, але ад гэтага карціна зусім не менш нагадвае геніяльную антыўтопію-прадбачанне Рэя Брэдберы «451 паводле Фарэнгейта». Праз тое, што кнігі і рукапісы паляць не публічна, як у фашысцкай Германіі, а таемна, рэжымы не робяцца менш фашысцкімі. Інквізіцыя не перастае быць менш небяспечнай праз тое, што забараняюць кнігі, якія пагражаюць не святой рэлігіі, а (чамусьці) – свецкай уладзе.
Можна арыштаваць выдаўца – нельга арыштаваць думку. Можна арыштаваць нават самога Гутэнберга, але немагчыма перакрэсліць яго Сусвет, яго Галактыку. На змену Гутэнбергу непазбежна прыйдуць Скарына, Мсціславец, Будны, Цяпінскі, браты Мамонічы, Марцін Кухта. Статут Вялікага Княства Літоўскага будзе надрукаваны. Дунін-Марцінкевіч выдасць пераклад «Пана Тадэвуша» на беларускую мову. Будзе выходзіць «Наша Ніва». З’явіцца «Вянок» Багдановіча. Людзі прачытаюць паэмы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Праз дзесяцігоддзі беларусам вернуцца кнігі Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Дубоўкі, Ларысы Геніюш – колькі б іх ні забаранялі. З’явіцца «Ладдзя Роспачы» Караткевіча, «Людзі на балоце» Мележа, «Данута» Карпюка і «Чужая бацькаўшчына» Адамчыка, несмяротныя аповесці Васіля Быкава. Будуць апублікаваныя поўныя ўспаміны Паўліны Мядзёлкі, лісты Зоські Верас, навуковыя працы Генадзя Кісялёва, Віталя Скалабана, Адама Мальдзіса. І «Фаўст» загаворыць радкамі Васіля Сёмухі, і «Песня пра зубра» загучыць мелодыяй Язэпа Семяжона, і Адам Міцкевіч вернецца на радзіму разам з Андрэем Хадановічам…
Гэта можна затрымаць, забараніць, запалохаць чытачоў, арыштаваць выдаўцоў – але любая забарона бессэнсоўная. Ватыкан сведка. Усё вернецца ў свядомасць людзей, як толькі тыя, хто не здольны стварыць нічога, акрамя спісаў забароненай літаратуры, на імгненне перастануць падманваць сябе.
У дзяцінстве я заляцаўся да дзяўчынкі, з якой, на шчасце для нас абаіх, не ажаніўся. Ейны бацька быў найлепшым хірургам горада. На стале ў яго сярод газет я аднойчы ўбачыў нумар «Раман-газеты» з аповесцю нейкага дзядзькі з барадой – «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». Я быў тады ў восьмым класе і ўспомніў прозвішча аўтара, якога, калі я быў у трэцім класе, у нас на палітінфармацыях было прынята лаяць. І я папрасіў дзядзю Жэню даць мне прачытаць гэтую аповесць.
Дзядзя Жэня зірнуў на выданне, на мяне і кінуў праз плячо дачцэ:
– Каця, абгарні ў газетку, каб не запэцкаў.
Ужо пасля студэнцтва я нагадаў Яўгену Аляксандравічу гэты выпадак і спытаў, ці не баяўся ён трымаць забароненага Салжаніцына сярод сваіх кніг.
– Чаго баяцца? – з халоднай усмешкай спытаў найлепшы хірург Гродна. – Ім жа ўсім да мяне пад нож класціся.
Чаго баяцца? Ім усім прасіць пенсію ў тых, хто сёння чытае беларускія кнігі.
Аляксандр Фядута
Чытаць папярэднія тэксты:
Звычка да сякеры. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты