Прадмова: галасы людзей культуры з Беларусі
Уводзіны
Самацэнзура ў пытаннях творчасці
Самацэнзура ў пытаннях рэпрэсій
Самацэнзура як спосаб захаваць беларускую культуру
Высновы
ПРАДМОВА: ГАЛАСЫ ЛЮДЗЕЙ КУЛЬТУРЫ З БЕЛАРУСІ [1]
Мы жывем у кніжках, якія мы чыталі ў дзяцінстве пра партызанаў і падпольшчыкаў… Людзі сядзяць, так сказаць, у партызанах – хто не сядзеў, каго пагражалі пасадзіць; астатнія папрыціхалі да моманту, пакуль не раскрылі, – такая палітыка… Знаходзячыся ў Беларусі, ёсць палітыка пэўная інфармацыйная, якой мы прытрымліваемся: не рабіць рэпостаў пэўных, не пісаць сур’ёзных пастоў – лёгкая самацэнзура, ці, можа, нават не лёгкая… Лішні раз ніякія спасылкі не кідаем… Мая французская сяброўка-мастачка кажа: «Вось я бачу, што прагляд ёсць маёй публікацыі, але ніводнага лайку няма, – што здарылася?» – Чуеш, у нас <…> адседзеў трое сутак за тое, што ў яго быў трохгадовай даўнасці лайк на канале «Nexta» [2]… Больш прыватныя чаты цяпер мы выкарыстоўваем з калегамі, цяпер толькі для больш побытавых рэчаў… Людзі імкнуцца ўсё несці ў сабе і нават з роднымі-блізкімі-сябрамі размаўляюць коратка: «Я не працую, не працягнулі кантракт» – усё… Не імкнуся падтрымліваць актыўных сувязей, таму што сувязі са мной могуць быць для кагосьці кампрамецыйнымі [3]… Адыходзяць усе ў цень… Усё замерла на самым нізкім узроўні, стала менш публічнасці… Менш стала публічных абмеркаванняў, людзі замкнутыя самі па сабе; не асабліва афішуюць ні сваё імя, ні сваю дзейнасць… Трэба з вуснаў у вусны, толькі па знаёмству. Мерапрыемствы, якія ладзяцца, – не для ўсіх, а толькі для сваіх, для тых, пра каго дакладна ведаеш, хто яны такія… І многія дзеячы культуры прынцыпова не свецяцца, таму што ўсё адно давядзецца жыць у Беларусі… Не хочацца свяціцца, нават калі ты робіш нейкія івэнты непалітычныя, нават калі ты там, груба кажучы, матылькоў выставіш – не хочацца, каб тваё прозвішча дзе-небудзь было. Пагроза бяспекі… Але я баюся. Я гігіену бяспекі захоўваю… Людзі, якія хочуць працаваць тут, яны разумеюць, у якіх межах яны знаходзяцца, таму сабе аддаюць адказнасць, што можна паказваць, што не трэба паказваць… Ужо ў саміх людзях сядзіць самацэнзура, якая вымагае кантраляваць… І вось гэта ўнутраная цэнзура, якая не дазваляе людзям нічога рабіць, і таму нават калі няма гэтай пагрозы знешняй, то яны ці з’язджаюць, каб не адчуваць гэтага ціску, ці хаваюцца і не робяць нічога ў публічнай прасторы, бо іначай трэба маляваць коцікаў і кветачкі, але гэта людзям, якія мысляць, якія маюць крытычны погляд, гэта не можа іх задавальняць, яны не могуць гэтага рабіць… Гэта самацэнзура, якая да такой ступені ўжо дайшла, што яны ўжо самі там [бібліятэкары] кнігі гарталі: калі ім здавалася нешта не так, яны ўжо, не чакаючы ўнясення гэтага ў спіс [4], прыбіралі, г. зн. яна, можа, і не будзе ў спісе… Ну і вось гэтае само выданне [5-томнік Святланы Алексіевіч, выдадзены выдавецтвам «Логвінаў» у 2018 годзе] сапраўды выглядае абуральна – бел-чырвона-белае, таму яго лепш далей паставіць, не ставіць у адкрыты фонд… Мы займаліся самацэнзурай, правяраючы сацсеткі рэжысёраў перад тым, як адправіць іх імёны на ўзгадненне ў Міністэрства культуры… Увесь час чуеш, што пра таго ці пра таго не варта згадваць у дзяржаўных СМІ, але проста ўжо працуе самацэнзура, і часцей за ўсё супрацоўнікі самі не згадваюць такіх людзей [нелаяльных рэжыму]… Рэальна ўсё сыходзіць у падполле, і чым далей… Чым далей, тым людзі робяцца асцярожнейшыя… То-бок мы сыходзім усё глыбей і глыбей… Многія цяпер, хто застаецца ў Беларусі, працуюць пад псеўданімамі – няважна, у Беларусі ці ў Еўропе… Людзі хочуць удзельнічаць, яны гатовыя ездзіць, нейкія свае праекты паказваць, але не гатовыя публічыць сваё імя нават у Еўропе, бо зразумела: еўрапейскае СМІ апублікавала – усё… Называецца «парушэнне права на імя» – калі людзі вымушаны фігураваць пад псеўданімамі: недзе ўдзельнічаць у чымсьці, але сваё прозвішча не паказваць… Зараз ідзе такая мімікрыя. Я думаю, што гэта такая ўнутраная цэнзура і страх, які пераследуе людзей, і мастакоў у першую чаргу…
УВОДЗІНЫ
Самацэнзура, або ўнутраная цэнзура, – свядомае абмежаванне чалавекам свайго самавыяўлення, пры якім ён устрымліваецца ад адкрытага выказвання думак, ідэй і г. д. Прычыны могуць быць розныя: псіхалагічныя, эканамічныя, юрыдычныя, этычныя і інш.
З аднаго боку, гэта неабходны інструмент прафесійнай дзейнасці – у пытаннях рэпутацыі і павагі, адказнасці, захавання пэўных стандартаў і падтрымання балансу паміж свабодай самавыяўлення і захаваннем прынятых у грамадстве межаў. З іншага, самацэнзура можа быць не столькі вынікам асабістага выбару, колькі вымушаным прыстасаваннем, адказам на прамыя вонкавыя пагрозы – менавіта пра такую яе форму пойдзе гаворка.
Ва ўмовах палітычных рэпрэсій, у якіх Беларусь знаходзіцца ўжо больш за чатыры гады [5], унутраная цэнзура стала адказам на новыя абставіны, спосабам выжыць і нават рэфлексам. Звяртаюцца да яе праз асцярогу страціць працу, пагрозу асабістай бяспецы, пераслед чальцоў сям’і і з шэрагу іншых прычын. Зрабіўшыся часткай штодзённасці, яна абмяжоўвае свабоднае выяўленне думак і творчасць, перашкаджае развіццю і прасоўванню беларускай культуры і мастацтва як такіх. Унутраная цэнзура – нябачная, непублічная форма рэпрэсій, якая кепска паддаецца маніторынгу і вымярэнню. Разуменне яе маштабу і наступстваў, пошук спосабаў даследаваць і фіксаваць яе, разуменне яе ўплыву на самаацэнку і маральны стан дзеячаў культуры важныя для грамадскага ўсведамлення і салідарнасці, робяцца базай для дадатковых разважанняў і аналізу.
Дакумент апісвае спосабы вымушанага самаабмежавання дзеячаў культуры, якія трапілі ў поле зроку маніторынгавай групы Беларускага ПЭНа або пра якія нам расказалі самі літаратары, музыкі, мастакі. Таксама закранаецца тэма самацэнзуры ў дылеме «апублічванне vs замоўчванне» фактаў рэпрэсій.
Дарэчы, гэты тэкст – фактычна адзін з прыкладаў самацэнзуры, бо ў ім не пазначаны шэраг імёнаў, назваў, падзей.
САМАЦЭНЗУРА Ў ПЫТАННЯХ ТВОРЧАСЦІ
Упершыню тэндэнцыю самацэнзуры і ананімнасці ў творчасці як вынік рэпрэсій у Беларусі мы адзначылі ў Маніторынгу парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры паводле вынікаў трэцяга квартала 2021 года. На той момант (канец верасня) у краіне ўжо 715 палітзняволеных, сярод іх – больш за 60 прадстаўнікоў культуры, асуджаных у тым ліку за сваю творчасць. Так, на думку следства, музыкі гурта «Irdorath» [6] «з дапамогай дудаў узмацнялі пратэсны настрой»; мастак Алесь Пушкін [7] на той момант ужо асуджаны на пяць гадоў калоніі за партрэт антысавецкага падпольшчыка. Ідуць масавыя звальненні нелаяльных рэжыму творчых асоб; вярнуўся феномен «чорных спісаў» артыстаў; працягваюцца ператрусы, допыты, адвольныя затрыманні, адміністрацыйны і крымінальны пераслед, у тым ліку за публічныя выказванні або каментарыі ў сацыяльных сетках наконт грамадска-палітычных падзей. Набірае абароты кампанія прымусовай ліквідацыі арганізацый некамерцыйнага сектара; працягваецца ціск на польскую меншасць, незалежных кнігавыдаўцоў, арт-пляцоўкі і міжнародныя арганізацыі ў галіне культурнай супрацы, крамы з таварамі з нацыянальнай сімволікай; так званы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў метадычна папаўняецца прадукцыяй незалежнай культуры – кнігамі, песнямі, артыкуламі.
Самацэнзура ў творчасці і стала вынікам такой грамадска-палітычнай сітуацыі. Вось некалькі прыкладаў з 2021 года:
- Друкуючы кнігу <…> выдавец <…> адмовіўся ўключаць у яе шэраг вершаў, у якіх аўтарка апісвае сваё стаўленне да грамадзянска-палітычнага крызісу ў Беларусі.
- Удзельнікі гурта <…> вырашылі не публікаваць песню пратэснага характару <…>, бо асцерагаюцца пераследу з боку ўладаў.
- Рэжысёр <…> паведаміў, што вымушаны выдаліць відэа спектакля з YouTube-канала тэатра дзеля бяспекі акцёраў, якія засталіся ў Мінску.
- Арганізатары <…> вырашылі адмовіцца ад згадкі імя патронкі прэміі <…> на цырымоніі ўручэння ўзнагароды пераможцы.
- Праз адчуванне небяспекі <…> адмовілася ад удзелу ў штогадовым фестывалі бардаўскай песні «Аршанская бітва».
- У сітуацыі кваліфікацыі рэжымам любога сходу людзей як «несанкцыянаванага масавага мерапрыемства» адзін з арганізатараў акцыі памяці рэпрэсаваных у 1937 годзе літаратараў «Ноч расстраляных паэтаў» прапанаваў зладзіць чытанні ў анлайн-фармаце.
- Каманда фестывалю дакументальнага кіно пра правы людзей «Watch Docs» вырашыла перанесці анлайн-кінафестываль, запланаваны на 13–19 красавіка.
- Арганізатары фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» прынялі рашэнне не ладзіць мерапрыемства ў гэтым годзе.
- І інш.
У 2022 годзе тэндэнцыя ўнутранай эміграцыі пашыралася і замацоўвалася. У краіне 1446 палітзняволеных на канец года і сярод іх – не менш за 108 дзеячаў культуры. Гэта час фармавання рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў і ціску на арт-менеджараў, узмацнення жорсткасці патрабаванняў да экскурсаводаў, «ачышчальных культпаходаў» праўладных актывістаў па кнігарнях і мастацкіх выставах у пошуках «няправільнай» літаратуры або нядобранадзейных аўтараў. Гэтыя ды іншыя формы інстытуцыялізацыі рэпрэсій, пераследу спрыяюць паскарэнню і масавасці знікнення дзеячаў культуры з радараў публічнай дзейнасці. З пачаткам так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі публічная падтрымка Украіны стала яшчэ адной тэмай для самацэнзуры.
У сувязі з патэнцыйнай пагрозай пераследу за творчае выказванне павялічваецца колькасць выпадкаў прыпынення публічнай актыўнасці, частковай або поўнай адмены праектаў/дзейнасці; усё больш практыкуюцца закрытыя ці падпольныя мерапрыемствы, яны пераносяцца ў анлайн-фармат; пераглядаюцца рэпертуары, калектывы дзеля «шыфравання» мяняюць свае назвы. Асцерагаючыся абвінавачанняў у «экстрэмізме», унутраную цэнзуру ўзмацняюць выдаўцы, здымаюцца з продажу тыя кнігі, на якія звярнулі ўвагу праўладныя актывісты і прапагандысты; вымушаны кантраляваць свае выказванні экскурсаводы і музейныя працаўнікі (напрыклад, у рэчышчы новай канцэпцыі «генацыду беларускага народа»); усё абачлівейшымі робяцца бібліятэкары (у прыватнасці, пры закупцы новых кніг) і мастакі (прыбіраюць шэраг сваіх прац з выставачнай прасторы); палітычнае фільтраванне творчасці адзначаецца ў рэжысёраў, арт-менеджараў і іншых удзельнікаў культурнага працэсу. Набірае абароты тэндэнцыя выкарыстання псеўданімаў і ананімнасці аўтарства як такога – кніг, артыкулаў і рэпартажаў, дакументальных фільмаў, песняў, выстаў, экспертызы, каментарыяў для СМІ, удзелу ў мерапрыемствах і г. д.
Прыклады самацэнзуры 2022 года:
- Музыкі гурта «Mister X», чый лідар – былы палітвязень Ігар Банцэр, вырашылі «не гуляць з агнём» і адмовіліся ад канцэртнай прэзентацыі новай вінілавай кружэлкі.
- «Еўрарадыё» закрыла сваю папулярную рубрыку «Такога вы не чулі» (за чатыры гады прагучала больш за 150 праграм). Сваё рашэнне рэдакцыя, сярод іншага, патлумачыла небяспекай супрацы з ёй музыкаў з Беларусі.
- У новай кнізе <…>, прысвечанай кароткаму выкладу гісторыі станаўлення Беларусі і здабыцця ёю незалежнасці, апошняя ілюстрацыя падпісана «Герб і сцяг Рэспублікі Беларусь, зацверджаныя ў 1991 г.», але самой яе няма.
- Праз рэпрэсіі супраць кнігавыдаўцоў на ўдзел у прэміі імя Карласа Шэрмана (уручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову) ад выдаўцоў паступілі ўсяго 3 заяўкі, у той час як звычайная іх колькасць – 15-20.
- Арганізатары фестывалю відэатворчасці «HLIADAČ» перанеслі яго з мінскага афлайну ў YouTube, дзе ён і прайшоў 23–24 верасня.
- З пачаткам вайны ансамбль <…> прыбраў з праграмы, прысвечанай танцам народаў свету, украінскі нумар.
- І інш.
Паступова самацэнзура стала неад’емнай часткай штодзённасці беларускіх дзеячаў культуры незалежна ад іх месцазнаходжання. Унутры краіны яна тычыцца тэмаў, звязаных са стаўленнем да дзейнай улады, рашэнняў чыноўнікаў, выказванняў на рэзанансныя сацыяльна-палітычныя падзеі; небяспечным стала ўсё, звязанае з беларускай нацыянальнай гісторыяй (БНР, ВКЛ, шляхта і г. д.), яе лідарамі і маральнымі аўтарытэтамі (Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў і інш.), гістарычнымі сімваламі (бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня»), з выкарыстаннем беларускай мовы ў побытавай камунікацыі; пад самакантролем праблематыка гендару і ЛГБТ+; хаваецца выяўленне антываеннай пазіцыі і падтрымкі Украіны ў вайне з Расіяй, прасоўванне прадуктаў украінскай і польскай культуры і адукацыі; «шыфруюцца» сувязі з палітзняволенымі, праваабаронцамі, супраца з дзеячамі культуры з «чорных спісаў», са СМІ і арганізацыямі, прызнанымі рэжымам «экстрэмісцкімі», палітычнымі эмігрантамі і г. д.
Прыклады 2023–2024 гадоў:
- «У грамадскіх месцах па-беларуску яшчэ падумаеш, ці адказаць… ці сказаць там “дзякуй”, не кажучы ўжо пра поўнасцю размаўляць».
- Перакладчык <…> просіць на ўказваць яго імя, бо на рэсурсе ёсць палітычныя заявы.
- <…> адклікаў свае фотаздымкі з новай кнігі Альгерда Бахарэвіча, каб «не засвяціцца» з Бахарэвічам і Янушкевічам (выдавец).
- «Працоўная раніца пачынаецца не з кавы, а з паведамлення “Патэлефануй” – тэлефаную: “Бондарава напісала пра кнігу <…>, лепей выдаліць яе з сайта, каб не было наступстваў“ – выдаляю, пішу лісты і паведамленні калегам, працую далей».
- «Трэба прыбраць згадку, што вы праваабаронца».
- «Па такой тэматыцы збіраецца <…> [гаворка ідзе пра дазволенае мерапрыемства ў адным са сталічных музычных клубаў], што нават наведваць такое страшна – каб не ўпісацца ні ў які… каб не затрымалі потым усіх разам падчас канцэрту».
- Турэмныя пасылкі, фотаздымак жонкі ў чырвонай блузцы з белым малюнкам – «нельга, калі ў вязня пры вобшуку знойдуць такое, яму свеціць карцар».
- Дзеля бяспекі героя аўтары фільма <…> папрасілі незалежныя СМІ не пісаць пра прэм’еру.
- Партал пра мастацтва <…> дзеля бяспекі схаваў інтэрв’ю 2022 года з сястрой палітзняволенага <…>, бо аўтарка часопіса знаходзіцца ў Беларусі.
- З нагоды Дня роднай мовы Аб’яднаны пераходны кабінет [8] уручыў медалі Францыска Скарыны за ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай мовы. Узнагароджаны Вінцук Вячорка, Уладзімір Някляеў, Эльжбета Смулкова, Івонка Сурвіла, Сяргей Шупа і яшчэ чацвёра асобаў, чые імёны не раскрываюцца дзеля бяспекі.
- З меркаванняў бяспекі аўтарка кнігі <…> выдавецтва <…> піша пад псеўданімам. Таксама ананімныя рэдактарка, мастачка і перакладчыца кнігі.
- 5 траўня ў Варшаве на пляцоўцы музея Вольнай Беларусі прайшоў тэатральны перформанс <…>. Аўтар – ананімны (драматург знаходзіцца ў Беларусі).
- Друкарня выставіла ўмовы: «Трэба прыбраць вершы на наступных старонках…»
- І інш.
Нягледзячы на адносную свабоду творчых людзей за межамі Беларусі, самацэнзура ёсць і ў іх. Асцерагаючыся магчымага ціску на пакінутых дома сваякоў, а таксама праз практыку завочнага крымінальнага пераследу [9], якая з 2023 года набрала абароты, многія дзеячы культуры ў выгнанні адмаўляюцца ад інтэрв’ю, пазбягаюць публічных выказванняў і стараюцца не асацыявацца з «экстрэмісцкімі» аўтарамі, арганізацыямі або пляцоўкамі (прычым тыя не абавязкова маюць такі статус). Яны хаваюць твары або канспіруюцца, пазбягаюць фатаграфавання і згадак, адмаўляюцца ад удзелу ў мерапрыемствах ці прысутнічаюць там выключна на ўмовах ананімнасці, просяць не тэгаць у сацсетках, не паказваць у афішах і г. д.
Паколькі публічнасць стала небяспечнай, ізноў выкарыстоўваюцца псеўданімы. Вымушаная ананімнасць аўтарства стала характэрнай для цяперашняй беларускай культуры, прычым часцяком і за межамі краіны. Імёны і твары хаваюць многія як вядомыя, так і маладыя паэты, мастакі, драматургі, перакладчыкі, музыканты, дызайнеры, арганізатары культурных мерапрыемстваў, гукарэжысёры, фатографы, рэдактары, эксперты, журналісты…
Тэндэнцыю росту ананімнасці аўтарства (а таксама працэс перамяшчэння культурнага прадукту за мяжу) можна прасачыць на прыкладзе адной з літаратурных узнагарод – прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, яна ўручаецца за найлепшую вокладку беларускай кнігі. Журы ацэньвае дызайн, паліграфічнае выкананне, а таксама іх адпаведнасць зместу.
Так, поўны спіс Прэміі–2020 складаўся з 37 кніг, імёны ўсіх аўтараў-намінантаў былі вядомыя, а пераможца ўрачыста абвешчаны ў рамках мінскага фестывалю «Pradmova».
У 2021 годзе поўны спіс налічваў 28 кніг, усе імёны публічныя, але цырымонія ўручэння прайшла ўжо ў фармаце анлайн-трансляцыі на YouTube.
У поўным спісе Прэміі–2022 – 32 кнігі, усе імёны намінантаў вядомыя. Гэта першы год эміграцыі прэміі, і цырымонія ўзнагароджання прайшла ў польскім горадзе Бельск-Падляскі.
У 2023 годзе ў сілу розных абставін прэмія не ўручалася.
У 2024 годзе прэмія імя Міхала Анемпадыстава была ўручана двойчы: у траўні – за найлепшую кніжную вокладку 2022 года, у кастрычніку – за вокладку 2023 года. Падчас цырымоніі ўручэння прэміі за найлепшую вокладку кнігі, выдадзенай у 2022 годзе, старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай адзначыла: «Час дыктуе свае правілы – і прэмія змяняецца, каб заставацца даступнай для ўсіх удзельнікаў літаратурнага працэсу: і тых, хто застаецца ў Беларусі, і тых, хто мусіў яе пакінуць. Так, напрыклад, з’явілася магчымасць удзельнічаць у прэміі ананімна».
У 2024 годзе на прэмію за 2022 год было намінавана 14 вокладак, дзве з якіх – ананімнага аўтарства: кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы» і Юліі Цімафеевай «Воўчыя ягады».
За кнігу 2023 года поўны спіс складаўся з 37 кніг, у якім 11 вокладак – ананімнага аўтарства: гэта кнігі Аліны Высоцкай «Беларускі народны соннік», Антанаса Шкемы «Белы саван», Фрэнсіса С. Фіцджэралда «Вялікі Гэтсбі», Вала Клемэнта «Круглая Square», Сяргія Жадана «Месапатамія», Альгерда Бахарэвіча «Ператрус у музэі» і «Плошча Перамогі», вокладкі кніг Віславы Шымборскай, Адама Міцкевіча, Марыі Кунцэвічовай для серыі «Польская класіка для беларускага чытача», Салі Руні «Размовы з сябрамі», Ганны Янкуты «Час пустазелля», Эрыха М. Рэмарка «Чорны абеліск». Агулам – амаль кожная трэцяя вокладка (30 %).
САМАЦЭНЗУРА Ў ПЫТАННЯХ РЭПРЭСІЙ
Сярод тэндэнцый, якія вызначыліся да 2021 года, разам з самацэнзурай, вымушаным ад’ездам з краіны дзеля асабістай бяспекі і шэрагам іншых быў адзначаны трэнд сярод дзеячаў культуры не афішаваць факты ціску на іх – свайго роду самацэнзура ў пытаннях рэпрэсій. На сёння не менш за 10 % інфармацыі маніторынгу парушэнняў у культурнай сферы – канфідэнцыйныя факты звальненняў, адміністрацыйных арыштаў, цэнзуры, вывазу на допыты, і г.д.
Больш абмежаванымі сталі магчымасці праваабаронцаў і незалежных медыя. Шматлікія факты адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу дзеячаў культуры перасталі трапляць у публічную прастору або робяцца вядомымі толькі праз пэўны час (з гэтай прычыны і ўзнікла практыка прызнання палітычнымі зняволенымі пастфактум). Праваабаронцы рэгулярна просяць паведамляць ім пра факты пераследу, каб мець аб’ектыўную карцінку рэпрэсій.
У 2023 годзе ў серыі інтэрв’ю з 42 людзьмі творчасці, якія жывуць і працуюць у Беларусі, было і такое пытанне: «Як вы лічыце, якая стратэгія сёння больш правільная: апублічваць факты рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры ці замоўчваць гэтыя факты? Чаму вы так думаеце?» Выказаныя тады аргументы актуальныя і дагэтуль. Вось як размеркаваліся адказы:
Практычна кожны другі з ліку апытаных (48 %) палічыў, што стратэгія мусіць быць комплекснай – да апісання гэтай групы мы вернемся ніжэй.
Амаль кожны чацвёрты (24 % рэспандэнтаў) палічыў правільнай стратэгію апублічваць факты пераследу. Важна адзначыць, што сярод апытаных былі як тыя, каго рэпрэсіі наўпрост не закранулі, так і тыя, хто трапіў пад іх каток. Вось частка агучаных аргументаў:
- людзі мусяць ведаць, што адбываецца; ведаць, каб рабіць высновы; разумець, што адбываецца і ў якіх аб’ёмах; «яшчэ бывае такое: з’ехаў чалавек – ну і з’ехаў, а потым аказваецца, што чалавека затрымалі»;
- адна з задач рэжыму – прымусіць усіх замаўчаць, быццам нічога не адбываецца, а розгалас нагадвае: тое, што адбываецца – па-за законам; любое злачынства адбываецца ад таго, што пра яго ніхто не ведае; замоўчванне – часткова таксама садзейнічанне: «Калі ёсць гэты сродак у нас – вядома, яго трэба выкарыстоўваць: СМІ, паблікі. Яно ж тым і палохае розных прадстаўнікоў, што яно мае сілу, яно мае значэнне»;
- павялічваецца імавернасць больш асцярожнага абыходжання з рэпрэсаваным, бо калі пра чалавека не гавораць, з ім можна рабіць усё, што заўгодна: «Шырокае апублічванне дапамагае зразумець, у тым ліку рэпрэсіўнаму апарату, што да гэтага чалавека ёсць увага, ён каштоўны нейкаму грамадству. Мне апублічванне, канкрэтна мне, дапамагло, у мяне вось суб’ектыўны вопыт»;
- ёсць магчымасць падтрымаць рэпрэсаванага, калі пра чалавека ведаюць: «Там лісты і нейкія яшчэ спосабы падтрымкі маюць месца быць»;
- нехта казаў, што калі б яго затрымалі, незалежна ад меркавання сваякоў ён хацеў бы зрабіць інфармацыю пра сваё затрыманне публічнай.
На баку стратэгіі замоўчвання стаяць 10 % рэспандэнтаў – кожны дзясяты дзеяч культуры. Сярод іх аргументаў:
- не прыцягваць увагі да персоны, бо публічнасць можа пагоршыць становішча чалавека, нашкодзіць – не атрымаецца потым уладкавацца некуды яшчэ на працу; калі «пачаць пра гэта расказваць – атрымаецца так, што ты зноў будзеш там, адкуль толькі што выйшаў, вельмі хутка»; можа пагоршыць стаўленне да рэпрэсаванага ў турме: «мы мусім маўчаць і не апублічваць фактаў, якія нам вядомыя пра ягоны стан у турме, таму што ад гэтага залежыць ягоны… не магу сказаць, што камфорт, не магу сказаць, што там нейкае добрае стаўленне, але проста хаця б гэта пытанне адсутнасці нейкіх дзікіх катаванняў»;
- апублічванне сёння – гэта магчымы ціск не толькі на самога чалавека, але і на яго сям’ю, родных;
- заўчасны розгалас можа дэзынфармаваць, выклікаць паніку, нашкодзіць: «Таму што 10 дзён – гэта тое, што зараз могуць трымаць без суда, без нічога, без прад’яўлення абвінавачванняў»;
- таксама выказвалася думка, што чалавеку непрыемна быць ахвярай, атрымаць таўро «ворага народа» – нехта з гэтага зможа пазлараднічаць.
Такім чынам, сярод аргументаў за апублічванне рэпрэсій – інфармаванне грамадства пра тое, што адбываецца, супраціў стратэгіі замоўчвання, абарона, падтрымка пацярпелых. У тых, хто выбірае стратэгію замоўчвання, – асцярогі, што розгалас можа пагоршыць сітуацыю, нашкодзіць, паставіць пад пагрозу бяспеку блізкіх; страх за сваю кар’еру і будучыню, жаданне пазбегнуць статусу ахвяры.
Самы часты адказ, як адзначалася вышэй, – што стратэгія мусіць быць комплекснай, і ў кожным канкрэтным выпадку трэба падыходзіць да сітуацыі індывідуальна: «сітуацыйна», «патрэбны дыферэнцыяваны погляд», «тут усё залежыць ад таго, дзе знаходзіцца чалавек», «яна мусіць быць комплексная, гэта стратэгія», «трэба шукаць нейкі такі падыход, каб засцерагчы тых людзей, якія знаходзяцца ў гэтым становішчы, але нельга пра гэта не казаць», «напэўна, гэта магчыма толькі з асабістай згоды», «ёсць сітуацыя, калі апублічванне можа вельмі моцна нашкодзіць чалавеку, нашкодзіць непапраўна, і тады абсалютна нельга гэта публікаваць, а ёсць сітуацыі, пра якія трэба крычаць ва ўсё горла», «дылема заўсёды… дылема даволі цяжкая».
Гаворачы пра апублічванне фактаў рэпрэсій, рэспандэнты асабліва падкрэслівалі павелічэнне адказнасці за словы і захаванне журналісцкай этыкі:
- варта быць асцярожнымі ў выказваннях; не даваць інфармацыі бяздумна; пісаць толькі тое, пра што вядома, і не казаць нічога гіпатэтычнага; не пачынаць вольную інтэрпрэтацыю: «Таму што вельмі часта чалавек сам паняцця не мае, нават тыя, хто яго затрымаў, паняцця, можа, не маюць. Таму не трэба ім дапамагаць у гэтым плане»;
- паводле магчымасці публікаваць імёны з дазволу пацярпелых;
- абачлівасць у пытаннях культурнай журналістыкі: «Такое агульнае правіла павінна быць, што ўсе мерапрыемствы цяпер не для СМІ. Як дзейнічаць у сферы культуры – трэба спачатку ўзгадніць, ці арганізатары мерапрыемства жадаюць, каб пра іх напісалі, што яны жадаюць, каб пра іх напісалі, і ў рэшце рэшт даць матэрыял на фактчэкінг».
Незалежна ад таго, якой са стратэгій трымаюцца дзеячы культуры, усе былі згодныя ў тым, што вельмі важна працягваць збіраць інфармацыю, бо фіксацыя гэтых фактаў дапамагае захоўваць цэласнае ўяўленне пра тое, што адбываецца, яго высокую цану. І гэта не толькі спосаб запратакаляваць для нашчадкаў жах нашага часу, а таксама інструмент, які дазволіць праз гады зразумець, чаму культура сталася менавіта такой, дазволіць аднавіць аб’ектыўную гісторыю, бо адсутнасць дакладнай інфармацыі з часам скажае карціну.
САМАЦЭНЗУРА ЯК СПОСАБ ЗАХАВАЦЬ БЕЛАРУСКУЮ КУЛЬТУРУ
Самацэнзура ў тым выглядзе, у якім мы дагэтуль яе тут разглядалі, – механізм самаабароны дзеячаў культуры, спосаб выжыць у адказ на патэнцыйную пагрозу пераследу за творчасць. Адначасова гэта і час цішыні, нярозгаласу як свядомага выбару; самазахаванне беларускай культуры да яе чарговага адраджэння: «захавацца, прыхавацца ў балоце, а потым вылезці». Незалежная беларуская культура аддала перавагу творчаму падполлю: перайшла ў рэжым кватэрнікаў і «хатнікаў», андэграўнду і «сарафаннага радыё», закрытага і камернага фармату, эзопавай мовы і завуаляванасці, самаізаляцыі і ўнутранай эміграцыі, працы ў стол і назапашвання. У такім выглядзе замоўчванне – гэта спосаб сумленна працягваць сваю справу далей: «чым менш red rags, тым больш рэальных магчымасцяў нешта рабіць і развіваць беларускую культуру».
У новых умовах многія творцы не спыняюцца, знаходзяць стратэгіі і шляхі для самавыяўлення, выкарыстоўваюць магчымасці інтэрнэту, удзельнічаюць у канферэнцыях і абмеркаваннях, падтрымліваюць сувязь з тымі, хто з’ехаў. «Іх звальняюць, яны самі сыходзяць з працы афіцыйнай, але яны не кідаюць тое, чаму прысвечанае жыццё. Гэта сутнасць, гэта душа. Чалавек нікуды не дзенецца. Чалавек не можа рабіць інакш, і ён працягвае рабіць тое, што ён рабіў. Можа, ён проста менш пра гэта расказвае, таму што…»; «людзі імкнуцца жыць і нешта рабіць, і для іх чуць толькі адмоўнае, што тут “просто пустыня”, што тут ужо “Хатынь” – канешне, гэта іх раздражняе».
Сцвярджаць, што сёння праз рэпрэсіі ў Беларусі нічога не адбываецца, нібыта ўсе леглі на дно – няправільна. Насамрэч унутры краіны ладзяцца розныя творчыя акцыі. І вельмі важна іх фіксаваць, хоць гэта надзвычай складана:
«Ёсць складанасць у гэтай самай фіксацыі: з аднаго боку, хочацца, каб нейкая падзея, якая тут адбываецца, яна была зафіксавана, яна была недзе адлюстравана, бо тут ёсць жыццё і тут засталіся людзі, і тыя людзі штосьці робяць. З іншага боку, ты пачынаеш жартаваць, што як гэта будзе адлюстравана, наколькі яно будзе сціснута, недамоўлена, перададзена намёкамі. І, па-трэцяе, дзе гэта будзе апублікавана (калі гэта будзе), на якіх рэсурсах: заблакаваных рэсурсах, “экстрэмісцкіх” рэсурсах – то-бок хто дабярэцца да гэтай самай інфармацыі. Вось гэта такая кампрэсацыя: вось мы бачым карціну – гэта 100 %, а на выніку, калі дабярэцца той самы чытач, ён убачыць там на 60 % таго, што адбывалася. Ну вось гэта вельмі такая дылема».
ВЫСНОВЫ
Ва ўмовах глыбокага грамадска-палітычнага крызісу, інстытуцыялізацыі рэпрэсій, пранікнення цэнзуры ва ўсе сферы грамадскага жыцця і культуры самацэнзура стала адной з ключавых рэалій культурнага жыцця Беларусі. Гэта вымушаны інструмент выжывання для многіх людзей творчасці, але адначасова і фактар, які падрывае яе развіццё, крытычнае мысленне і культурную разнастайнасць. Самацэнзура мяняе ландшафт беларускай культуры, замыкаючы яе ў вузкіх рамках ананімнасці і ізаляцыі.
Сёння, калі свабода творчага выказвання ўспрымаецца як выклік дзяржаве, а кожнае слова або жэст могуць быць інтэрпрэтаваны як пагроза рэжыму, культурная супольнасць як ніколі мае патрэбу ў салідарнасці і падтрымцы. Міжнародныя і ўнутраныя механізмы дапамогі – ад прапановы платформаў для ананімнага самавыяўлення да пільнавання бяспекі творчых асоб – мусяць быць часткай стратэгіі захавання і падтрымкі беларускай культуры. Важна абараняць тых, хто застаўся, дапамагаць тым, хто вымушана эміграваў, і фіксаваць кожную гісторыю, кожны твор, народжаныя ў гэтыя няпростыя часы.
Беларуская культура сёння – гэта, з аднаго боку, культура супраціву і захавання, з іншага – вымушаная культура цішыні і ананімнасці. Надзённая задача будучыні – аднавіць цэласнасць культурнага ландшафту, вызваліць творчасць ад цэнзуры і самацэнзуры, а ўсім аўтарам, якія, нягледзячы на жорсткія пагрозы і пастаянны ціск, працягвалі ствараць, неабходна вярнуць іх галасы і права на імя.
[1] Вытрымкі з серыі інтэрв’ю (усяго 42), праведзеных з дзеячамі культуры Беларусі ўвесну 2023 года.
[2] Адзін з самых папулярных апазіцыйных беларускіх медыяканалаў.
[3] Былы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, звольнены пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
[4] «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
[5] Фальсіфікацыя вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, жорсткае задушэнне пратэстаў, якія пачаліся пасля іх, і наступныя рэпрэсіі супраць прыхільнікаў дэмакратычных перамен увялі краіну ў стан грамадска-палітычнага крызісу.
[6] У снежні 2021 года пяцёра музыкаў гурта былі асуджаныя на 1,5–2 гады калоніі.
[7] Алесь Пушкін памёр у турме 11 ліпеня 2023 года праз нясвоечасова аказаную медыцынскую дапамогу.
[8] АПК – адна са структур беларускага дэмакратычнага руху.
[9] У 2022 годзе былі прыняты змены ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь, якія дазволілі пераследаваць палітычных эмігрантаў праз завочнае крымінальнае вядзенне.