Хартыя ПЭН-клуба заснаваная на рашэннях, што былі прынятыя на Міжнародных кангрэсах і зводзяцца да наступнага:
1. Літаратура не ведае межаў і мусіць быць даступная людзям незалежна ад любых праблемаў палітычнага ці міжнароднага характару.
2. Пры любых умовах, асабліва ў ваенны час, творы мастацтва і сусветная спадчына ў цэлым не павінныя цярпець у супрацьстаяннях нацыянальнага ці палітычнага характару.
3. Сябры ПЭН-клуба мусяць заўсёды выкарыстоўваць свой уплыў дзеля ўмацавання ўзаемнага разумення і павагі паміж людзьмі і нацыямі, усімі сіламі змагацца супраць любых праяваў нянавісці і адстойваць агульначалавечыя ідэалы міру і роўнасці на зямлі.
4. ПЭН-клуб выступае за свабоду думкі ў кожнай краіне і ў міжнародных зносінах, і яго сябры абавязаныя змагацца з любой формай уціску свабоды слова ў сваёй краіне і грамадстве, а таксама, калі гэта магчыма, ва ўсім свеце. ПЭН-клуб выступае за свабоду друку і змагаецца супраць цэнзуры ў мірны час. ПЭН-клуб лічыць, што рух чалавецтва да найвышэйшай формы палітычнай і эканамічнай арганізацыі вымагае свабоднай крытыкі ўрадаў, адміністрацыяў і ўладных структураў. Свабода мае пад сабой добраахвотную адказнасць, таму сябры ПЭН-клуба абавязаныя змагацца з такімі негатыўнымі праявамі свабоднага друку, як хлуслівасць, наўмысная фальсіфікацыя, скажэнне інфармацыі дзеля палітычных і прыватных мэтаў.
Сяброўства ў ПЭН-клубе адкрытае для ўсіх прафесійных пісьменнікаў, выдаўцоў і перакладчыкаў, што падтрымліваюць згаданыя вышэй мэты, незалежна ад іх нацыянальнасці, этнічнага паходжання, мовы, колеру скуры ці рэлігійных перакананняў.