29 чэрвеня ў Варшаве на беразе Віслы прайшоў Hučna Fest.
Беларускі ПЭН ладзіў на фэсце літаратурную сцэну «БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ», прысвечаную беларускай жаночай і квір-літаратуры. Глядзіце ў фотасправаздачы, як мы разам бавілі час, слухалі сучасных беларускіх аўтарак і аўтараў і набывалі кнігі незалежных выдавецтваў.
Анхела Эспіноса Руіс прэзентавала свой новы зборнік вершаў «Астралябія Божых таямніц». На музыку вершы Анхелы паклалі Юстына Карпіловіч і Зміцер Бартосік – атрымалася цудоўна! Раім вам сачыць за дзейнасцю гэтай творчай калабарацыі.
Што можа прапанаваць беларуская літаратура супольнасцям у 2024-м? Якая роля літаратарак у асэнсаванні асабістай і калектыўнай памяці, рэфлексіі над траўматычнымі падзеямі нядаўняга мінулага і пошуку стратэгій аднаўлення? Гэтыя пытанні падчас дыскусіі абмеркавалі літаратаркі Наста Кудасава, Света Бень, Ганна Кандрацюк, Кася Чэкатоўская пры мадэрацыі тоні лашдэн.
Ганна Янкута прэзентавала сваю кнігу «Час пустазелля». Акторка і вядоўца ўсёй літаратурнай сцэны Крысціна Дробыш правяла з Ганнай размову на тэмы, што падымаюцца ў кнізе, і зачытала адтуль некалькі ўрыўкаў.
Скончылася літаратурная сцэна музычна-перфарматыўнымі чытаннямі квір-літаратуры ў выкананні тоні лашдэн, Уладзя Гарбацкага, Артура Камароўскага і Светы Бень. Музычны сэт ад праекта «WTBSK» ствараў асаблівую атмасферу на працягу ўсіх чытанняў!
На фэсце працавалі кніжныя стэнды беларускіх выдавецтваў, дзе можна было набыць кнігі і падпісаць іх у прысутных там аўтарак і аўтараў.
А яшчэ Беларускі ПЭН узяў удзел у сацыяльных актыўнасцях фэсту. На нашым НДА-стэндзе мы распісвалі торбы і закладкі для кніг, разгадвалі крыжаванкі, прадказвалі будучыню з дапамогай беларускіх літаратарак і літаратараў і збіралі дапамогу для Людзей Слова ў няволі.
Больш пра літаратурную сцэну Hučna Fest чытайце на гэтай старонцы.