• Навiны
  • Беларускі ПЭН: гісторыя свабоднага слова і культурнага супраціву

Беларускі ПЭН: гісторыя свабоднага слова і культурнага супраціву

Апошняе абнаўленне: 30 мая 2025
Беларускі ПЭН: гісторыя свабоднага слова і культурнага супраціву
Уладзімір Арлоў і Васіль Быкаў на Другім міжнародным кангрэсе ў абарону дэмакратыі і культуры (31 жніўня - 4 верасня 1995 года)

Ні ў часы БССР, ні цяпер у Рэспубліцы Беларусь свабода выказвання не была натуральнай дадзенасцю. Яна заўсёды патрабавала змагання – за права гаварыць, пісаць, сведчыць. Асабліва востра гэта адчуваецца ва ўмовах татальных рэпрэсій, вымушанай эміграцыі, інфармацыйнай вайны. Таму місія Беларускага ПЭНа застаецца нязменна актуальнай: творчае яднанне і абарона людзей слова ад цэнзуры, ціску, несправядлівасці. Гэта патрабуе няспыннай адказнасці, годнасці і веры – у слова, літаратуру, у чалавека.

Адмовіцца ад статуснасці дзеля каштоўнасцяў

Беларускі ПЭН – ініцыятыва, сфармаваная патрэбаю часу. Зломам эпох, калі з роспачы і напружання духу вырастала надзея на годныя перамены. Відарыс заўтрашняга быў яшчэ расплывісты, але беларускія літаратары і мысляры задумалі стварыць структуру, у падмурку якой не будзе ані партыйнай дысцыпліны, ані ідэалагічнай лініі, ані статуснасці. Толькі каштоўнасці: свабода слова, права на думку, адказнасць за выказанае, абароненасць голасу. 

У аргкамітэт альтэрнатыўнай Саюзу пісьменнікаў БССР арганізацыі ўвайшлі знакавыя постаці: Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, Янка Брыль, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Карлас Шэрман ды іншыя. Усяго – два дзясяткі творцаў, сярод якіх толькі адна жанчына…

Карлас Шэрман, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Уладзімір Някляеў, Валянцін Тарас і Давід Сімановіч напярэдадні ўстаноўчага сходу Беларускага ПЭНа

ПЭН (PEN) не толькі «асадка» з англійскай. Гэта яшчэ і абрэвіятура ад Poets, Essayists, Novelists – паэты, эсэісты, пісьменнікі. Менавіта іх у 1921 годзе аб’яднала ініцыятыва Джона Галсуорсі, Герберта Уэлса, Кэтрын Эмі Доўсан-Скот… Творчая супольнасць, да якой неўзабаве па ўсім свеце пачалі далучацца журналісты, даследчыкі, перакладчыкі, выдаўцы, драматургі. Сваімі жывымі словамі яны сцвярджалі каштоўнасці чалавечай годнасці, свабоды і культуры. 

Гэта быў адказ на патрэбу тых, хто, перажыў Першую сусветную і шукаў далей спосабу зразумець іншых праз мастацтва, а не праз зброю. Неўзабаве PEN стаў глабальнай сеткай, а ў 1990-м у яе ўвайшоў і наш ПЭН, створаны годам раней. 

Асобнае месца ў тых падзеях належыць Карласу Шэрману – перакладчыку, літаратару, праваабаронцу. На старонках яго мемуараў «Блуканец» чытаем:

«Іншадумства на абсягах СССР традыцыйна лічылася “першародным грахом”. Нас пастаянна абвінавачвалі, што мы думаем менавіта так, як думаем, а не так, як трэба было думаць… Невыпадкова ў ПЭН-цэнтры сабраліся людзі, якія цанілі і працягваюць цаніць вальнадумства. Таму і існавала такое стаўленне да ПЭНу. І яно, мяркую, захаваецца ў будучым».

Карлас Шэрман за працоўным сталом. Адзін з першых офісаў Беларускага ПЭНа з 1991 па 19?? гады месціўся па адрасе вуліца Аранская, 9 у Мінску. Карлас Шэрман быў віцэ-прэзідэнтам арганізацыі 12 гадоў, ад самага заснавання ў 1989 годзе да 2001 года.

Шэрман не толькі вызначыў выразны праваабарончы напрамак арганізацыі, але і ператварыў яго ў сэрца супраціву новай уладзе, якая паступова вярталася да савецкіх ідэалагічных канонаў. Пэнаўцы ж адстойвалі галоснасць і аўтарскую годнасць, не баяліся стаць у апазіцыю да маўчання, актыўна маніторылі цэнзурныя парушэнні, выдалі знакамітую «жоўтую кнігу» пераследу СМІ ў 1990-х. Беларускі ПЭН удзельнічаў у прыняцці Усеагульнай дэкларацыі лінгвістычных правоў, дакумента, створанага найперш у падтрымку моваў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

Васіль Быкаў так згадваў час гэтага сталення:

«Наша літаратура і палітыка традыцыйна былі звязаныя  моцнай пупавінай, і тое няблага. Іншая справа, якая то палітыка. ПЭН-цэнтр у сваёй дзейнасці імкнуўся праводзіць нацыянальна-дэмакратычную палітыку, скіраваную найперш на незалежнасць і свабоду краіны. ПЭН-цэнтр стаўся саўтваральнікам такой важнай праваабарончай арганізацыі, як Хельсінкскі камітэт, дзе ягоныя сябры напачатку занялі ключавыя пасады. Да гонару ПЭН-цэнтру як арганізацыі трэба адзначыць, што яна ці не адзіная ў краіне, якая за дзесяць год не зазнала расколу, захавала адзінства».

Прастора для літаратараў

Беларускі ПЭН ніколі не забываў, што яго сэрца – гэта літаратура. Менавіта дзякуючы творчасці супольнасць трымала сябе жывой, натхняла, злучала пакаленні. Ужо ў 1990-ыя гады з’явіліся першыя незалежныя літаратурныя прэміі: імя Алеся Адамовіча за публіцыстыку і Францішка Багушэвіча за кнігі, што фармуюць гістарычную свядомасць. Абедзве ўзнагароды існуюць і сёння, застаючыся сімваламі культурнага гонару і памяці.

У перыяд, калі беларуская культура апынулася пад катком дэбеларусізацыі, наш ПЭН распачаў шырокі адукацыйны рух. У сярэдзіне 2000-х узніклі конкурсы для маладых літаратараў, якія адкрывалі шлях да ўдзелу ў майстар-класах, аўтары мелі магчымасць вучыцца ў прафесійных пісьменнікаў, паэтаў, філосафаў. Размова тут не толькі пра навучанне, бо адначасова тое было і ўваходжаннем ў літаратурную прастору, творчыя партнёрствы і сяброўствы, у супольныя праекты і кнігі.

Менавіта з гэтай хвалі нарадзілася прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча – супольны праект Беларускага ПЭНа, Саюза беларускіх пісьменнікаў і фонду «Вяртанне». Далей – болей: з’яўляюцца Рэзідэнцыя маладога літаратара, паэтычны фестываль «Вершы на асфальце», Перакладчыцкая майстэрня… 

У 2010-ыя гады ўзніклі новыя літаратурныя прэміі: імя Ежы Гедройця за найлепшую кнігу ў прозе; імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную; імя Карласа Шэрмана за мастацкі пераклад; імя Францішка Аляхновіча за творы, напісаныя ў зняволенні; імя Міхала Анемпадыстава за дызайн кніжнай вокладкі. Шэраг гэтых прэмій – вынік супрацы з іншымі ініцыятывамі ды інстытуцыямі: Польскім інстытутам у Мінску, радыёстанцыямі, Саюзам дызайнераў, Лятучым універсітэтам…

Уганараванне найлепшых твораў не мае на мэце толькі пошук і адзначэнне талентаў. Гаворка яшчэ і пра сцвярджэнне прысутнасці беларускай літаратуры ў сучаснасці. Бо калі кніга атрымлівае ўзнагароду, яна не толькі ацэньваецца па шкале прафесійнай годнасці, але і актыўна чытаецца. У тым ліку і далёка за межамі нашай краіны.

Так творчыя высілкі Беларускага ПЭНа мацавалі стварэнне асяродка, у якім літаратура не замыкаецца на сабе, а прарастае – у перакладах, дыялогах. У новых пакаленнях тых, хто працягвае пісаць, нават калі творчасць робіцца адкрыта небяспечнай. Гэта прастора, дзе слова жыве і развіваецца.

У тым ліку і ва ўмовах сённяшняй вымушанай эміграцыі. Яна не найлепшая глеба для пісьменніцтва, але і не пустэча. Крэатыўны працэс у такіх варунках вельмі індывідуальны, часта аўтары пішуць праз «не магу». І тады асаблівую вагу набывае ненавязлівая сяброўская падтрымка.

Сённяшняя старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай разважае:

«Апошнія гады паказалі, што жыццё цікавейшае за літаратуру. Тое, што адбылося, узрасціла нас, дазволіла падняцца па-над сабою. Творчы працэс – вельмі індывідуальны, нельга казаць за ўсіх агулам. Хтосьці фіксуе ўражанні, піша паэтычны дзённік і ён выходзіць. Хтосьці, як Святлана Алексіевіч, стварае кнігу ў сваім жанры і стылі. Хтосьці творыць, а хтосьці замаўкае. І можа быць, для таго, каб некалі зноў пачаць пісаць, калі апынаецца ў бяспецы. Я б нават сказала, што мы можам быць удзячныя той рэчаіснасці, якая дала нам столькі эмоцый і перажыванняў, якія цяпер можна выкладаць на паперу».

У выніку паступова пачало назірацца своеасаблівае вяртанне празаікаў і паэтаў, аўтараў нон-фікшну да стварэння беларускай літаратуры на новым вітку яе развіцця. Высветлілася: глыбока траўматычны досвед таксама можа стаць падмуркам як для асэнсавання часу бяды, так і для погляду на беларускую перспектыву.

Літаратура была, ёсць і будзе: «ліквідаваць» яе немагчыма 

У 2020 годзе ўлада ў Беларусі зноў вярнулася да старых метадаў: літаратура і гуманітарная супольнасць апынуліся ў спісе тых, каго дзяржава вырашыла задушыць. Пад асаблівым ударам апынулася тагачасная кіраўніца Беларускага ПЭНа Святлана Алексіевіч, якая адкрыта выказвалася пра гвалт і беззаконне. У выніку набеліятка вымушана пакінула краіну.

У чэрвені 2021-га арганізацыя зазнала спланаваную бюракратычную атаку. Міністэрства юстыцыі тройчы запытвала дакументы – і кожны раз атрымлівала ўсе патрэбныя матэрыялы, хоць дастаць усе даведкі, дакументы было надзвычай складана. Урэшце ж здарыўся ператрус. А затым суд. Ён відавочна выглядаў не пошукам праўды, а часткай загадзя запушчанага механізму. І хоць усе закіды чыноўнікаў аспрэчваліся неабходнымі дакументамі, глыбокай аргументацыяй, «суддзі» не прынялі ніводнай пазіцыі. Праштампавалі вырак аб ліквідацыі… 

Тагачасная старшыня Беларускага ПЭНа Святлана Алексіевіч пасля наведвання Следчага камітэту, 2020 год. Фота: Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

Літаратар і адзін з кіраўнікоў Беларускага ПЭНа ў розныя гады Андрэй Хадановіч тады канстатаваў:

«Пераслед творчых, пісьменніцкіх (і шмат якіх яшчэ) арганізацый з боку рэжыму – свайго роду помста ўсёй беларускай культуры, бо менавіта яна, беларуская культура, аказалася сімвалам мірных пратэстаў супраць гвалту, хлусні і беззаконнасці. Можна выгнаць пратэстоўцаў за мяжу або загнаць глыбока ў падполле, але нельга вярнуць любові і павагі да ўлады, калі яе ўжо няма. Не думаю, што ў сённяшняй Беларусі ўвогуле ёсць нейкі суд і яго рашэнне нешта для некага значыць. А вось літаратура ў Беларусі была, ёсць і будзе – і “ліквідаваць” яе немагчыма».

Але нават у гэты момант арганізацыя засталася вернай сабе і апублікавала ў верасні Маніфест няпэўнага часу, у якім Беларускі ПЭН абвясціў пра захаванне сваёй місіі і каштоўнасцяў. Створаная для гэтага ініцыятыўная група правяла ўстаноўчы сход і зарэгістравала новую юрыдычную асобу – у Польшчы. Цэнтр прыняцця рашэнняў перамясціўся за мяжу, але цэнтр прыцягнення – па-ранейшаму Беларусь.

Бо галоўнае, што засталося – гэта яе творцы. Людзі слова, раскіданыя па свеце, але звязаныя сваёй мовай, культурай, адказнасцю. Супольнасць, якая працягвае дзейнічаць сэрцам і розумам, сумленнем і талентам. 

Так што размова не паразу, а пра новы этап.

У эміграцыі: абараніць тых, хто трымае культуру жывой

На пачатку новага стагоддзя праваабарончы кірунак згас, хоць заўсёды заставаўся маральным арыенцірам арганізацыі.

Але ў 2017 годзе, калі Таццяна Нядбай стала першай жанчынай – старшынёй Беларускага ПЭНа, пад ціскам часу і на запыт супольнасці арганізацыя наўпрост вярнулася да сваёй найважнейшай місіі. Але не для таго, каб замяніць літаратуру абаронай, а для таго, каб пашырыць поле. 

Пачыналася ўсё з фіксацыі пераследу літаратараў. Але даволі хутка высветлілася: ніхто ў краіне не маніторыць становішча мастакоў, музыкаў, тэатральных дзеячаў, рэжысёраў… І Беларускі ПЭН ахапіў сваёй увагай усё поле, бо культура не падзяляецца на сектары, калі яе рэпрэсуюць як з’яву.

Гэтая праца важная не толькі як хроніка. Яна – інструмент доказу, які дапамагае камунікаваць з міжнароднымі інстытуцыямі, дэманструе маштабы ціску, зняпраўджвае міфы пра ідэалагічную нейтральнасць дзяржавы. 

У мірныя часы такая аналітыка магла стаць падставай для дыялогу з уладамі, аргументам для зменаў у заканадаўстве. Сёння ж гэта засеўкі на будучыню, бо пакуль пра ўнутраны светапоглядны кансэнсус гаварыць не выпадае. Але праца вядзецца – і яна маральна ясная: абараніць тых, хто трымае культуру жывой. Падчас падзей 2020 года гэта ператварылася ў сапраўдны фронт: рэпрэсіі сталі штодзённасцю, якую патрабавалася фіксаваць, каб не згубіць праўду.

Беларускі ПЭН заўсёды сумяшчаў абедзве функцыі (падтрымку літаратуры і абарону культурных правоў), аднак менавіта апошняя стала цяпер асабліва вострай. Паводле маніторынгу, пераслед за іншадумства – найбольш масавае парушэнне правоў чалавека ў Беларусі.

Слайд з маніторынга парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры ў Беларусі за 2024 год

Арганізацыя абараняе права на слова не толькі ў сімвалічным, але і ў практычным сэнсе. Штотыднёвыя і штомесячныя хронікі парушэнняў у сферы культуры, рэгулярныя аналітычныя агляды, публікацыі пра рэпрэсаваных творцаў, кампаніі падтрымкі і міжнародная адвакацыя – гэта практыка, якая не мае прыпынку і адпачынку. Бо паводле пэнаўскай статыстыкі каля 8 % усіх палітзняволеных у Беларусі – людзі творчых прафесій. І многія з іх апынаюцца за кратамі менавіта за карыстанне словам як інструментам супраціву. Усе вядомыя на гэты конт факты дакументуюцца, ахвярам рэжыму адпраўляюцца лісты падтрымкі, арганізуецца хваля міжнароднай салідарнасці ў імя іх вызвалення, ладзяцца акцыі і падзеі…

Беларускі ПЭН вядзе таксама і спіс літаратуры, прызнанай экстрэмісцкай. Гэта не проста фіксацыя забароненых кніг. Фактычна ствараецца мапа культурнай цэнзуры, якая дапамагае зразумець, чаго найбольш баіцца сістэма. Адначасова актыўна развіваецца і тэма культурных правоў – на ідэнтычнасць, мову, самавыяўленне. Майстар-класы, інфармацыйныя кампаніі, матэрыялы для людзей творчасці і ўсіх, хто хоча ведаць, як сябе абараняць у сферы культуры – усё гэта таксама частка дзейнасці арганізацыі.

Кнігі, унесеныя ў 2024 годзе ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Рэпрэсіі выклікалі беспрэцэдэнтную хвалю вымушанай эміграцыі. Перад дзеячамі культуры, Беларускім ПЭНам паўстаў новы выклік: не знікнуць у чужых культурных асяродках, а захаваць сябе і сваё. 

Аднак не менш важным за падтрымку тых, хто выехаў, застаецца клопат пра творцаў, якія працягваюць жыць і дзейнічаць у Беларусі. Гэтыя людзі не могуць гаварыць адкрыта. Але цішыня – зусім не адсутнасць. Беларускі ПЭН з разуменнем ставіцца да новай нестандартнай сітуацыі, таму падтрымлівае калег з улікам далікатных момантаў бяспекі, на практыцы салідарызуецца з імі. 

Прыклады самацэнзуры з аналітычнага матэрыяла “Самацэнзура як нябачная форма рэпрэсій (і спосаб захаваць беларускую культуру)”

Напрыклад, прайшло спецыяльнае даследаванне, прысвечанае феномену самацэнзуры сярод творцаў у Беларусі і ў выгнанні. І выявіўся парадаксальны дуалізм: з аднаго боку, варта весці размову пра культуру супраціву, з іншага – пра культуру цішыні, стрыманасці, ананімнасці.

Закрытасць ператварылася ў стратэгію выжывання. Унутраная эміграцыя, «хатнікі», андэграўнд, эзопава мова – усё гэта робіцца новай рэальнасцю беларускай культуры. Людзі звальняюцца, з’язджаюць, але не перастаюць працаваць. 

І хоць адкрытая адвакацыя ўнутры краіны цяпер немагчымая, Беларускі ПЭН працягвае сваю працу – не гучна, але няспынна. Як сведка, архівіст, абаронца. Не дзеля сенсацый, а каб захаваць файлы нашай памяці і ўрэшце назваць рэчы сваімі імёнамі. Каб зняць заслону маўчання і пакінуць сведчанне пра час і творцаў, літаратурную супольнасць. Каб праз год, дзесяць ці нават стагоддзе было да чаго вярнуцца. 

Вольга Шпарага, філосафка, сябра Рады Беларускага ПЭНа:

«Значэнне Беларускага ПЭНа складана пераацаніць. Вельмі важна, што ён абапіраецца на каштоўнасці, найважнейшыя з якіх – паразуменне паміж людзьмі і рознымі супольнасцямі, уключаючы нацыянальныя, барацьба супраць любых праяваў нянавісці ў імя агульначалавечых ідэалаў міру і роўнасці. Вольнае слова немагчыма забараніць».

Гэтая нязломнасць і вернасць каштоўнасцям робіць Беларускі ПЭН не толькі арганізацыяй, але маральным арыенцірам ва ўмовах, калі слова спрабуюць кантраляваць, глушыць ажно да пераўтварэння ў глухое маўчанне. 

Там, дзе застаецца Беларускі ПЭН, захоўваецца памяць, годнасць і надзея.