Што такое культурныя правы?
Культурныя правы азначаюць правы асобных людзей і груп на ўдзел у культурным жыцці сваёй супольнасці і карыстанне яго дабротамі, на самавыяўленне, а таксама на захаванне і перадачу сваёй культурнай спадчыны. Культурныя правы могуць ажыццяўляцца чалавекам
а) індывідуальна,
б) разам з іншымі,
в) у межах супольнасці або групы.
Усебаковае заахвочванне і павага да культурных правоў мае выключна важнае значэнне для падтрымання чалавечай годнасці і забеспячэння сацыяльнага ўзаемадзеяння ў мультыкультурным свеце.
Культурныя справы на міжнародным узроўні замацаваны ў Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі (арт. 5, е.vi), Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (арт. 13, с), Канвенцыі аб правах дзіцяці (арт. 31.2), Канвенцыі аб правах інвалідаў (арт. 30.1), Дэкларацыі ААН аб правах карэнных народаў і інш.
Прыклады і змест культурных правоў:
- удзел у культурным жыцці (тры ўзаемазвязаныя асноўныя кампаненты: а) удзел у культурным жыцці, б) доступ да культурнага жыцця, в) унёсак у культурнае жыццё);
- карыстанне вынікамі навуковага прагрэсу і іх практычнага ўжытку;
- карыстанне абаронай маральных і матэрыяльных інтарэсаў, што ўзнікаюць у сувязі з любымі навуковымі, літаратурнымі або мастацкімі творамі, аўтарам якіх асоба з’яўляецца;
- свабода навуковых даследаванняў і творчай дзейнасці;
- свабода міжнародных кантактаў і супрацоўніцтва ў навуковай і культурнай сферах.
Змест і аб’ём усіх гэтых правоў вызначаюцца ў спецыяльных тлумачальных дакументах Камітэта па эканамічных, сацыяльных і культурных правах – Заўвагах агульнага парадку (ЗАП). Культурным правам прысвечаны ЗАП № 21 і ЗАП № 17.
У прыватнасці ЗАП прапануюць наступнае вызначэнне культуры ў кантэксце паняцця «ўдзел у культурным жыцці»: «Культура ўяўляе сабой шырокую, інклюзіўную канцэпцыю, якая ахоплівае ўсе праявы жыцця чалавека. Выраз „культурнае жыццё“ адназначным чынам дазваляе разглядаць культуру як гістарычны, дынамічны і развіваны працэс жыцця з яго мінулым, цяперашнім і будучым. Культура ахоплівае, апрача іншага, лады жыцця, мову, вусную і пісьмовую літаратуру, музычную і песенную творчасць, невербальныя зносіны, сістэму рэлігій або вераванняў, рытуалы і цырымоніі, спорт і гульні, метады вытворчасці або тэхналогію, прыроднае і штучнае асяроддзі, традыцыйную кухню, адзенне і жытло, а таксама мастацтва, звычаі і традыцыі, праз якія асобныя індывіды, групы асоб і супольнасці выяўляюць свае чалавечыя якасці і той сэнс, які яны надаюць свайму існаванню, і праз якія фарміруюць сваё ўспрыманне свету, якое адлюстроўвае іх рэакцыю на тыя знешнія сілы, што закранаюць іх жыццё. Культура фарміруе і адлюстроўвае каштоўнасці дабрабыту і эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага жыцця асобных індывідаў, груп асоб і супольнасцяў».
Культурныя правы тычацца толькі дзеячаў культуры ці любога чалавека?
Культурныя правы датычацца любога чалавека. Пункт 1 артыкула Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах замацоўвае наступнае: «Дзяржавы – удзельніцы дадзенага Пакта прызнаюць права кожнага чалавека на а) удзел у культурным жыцці; б) карыстанне вынікамі навуковага прагрэсу і іх практычнага ўжытку; в) карыстанне абаронай маральных і матэрыяльных інтарэсаў, якія ўзнікаюць у сувязі з любымі навуковымі, літаратурнымі або мастацкімі творамі, аўтарам якіх ён з’яўляецца».
Што павінна рабіць дзяржава, каб рэалізоўваць культурныя правы?
Права кожнага чалавека на ўдзел у культурным жыцці, як і іншыя правы, замацаваныя ў Пакце, накладае на дзяржаву-ўдзельніцу абавязацельствы трох тыпаў або ўзроўняў:
а) абавязацельства паважаць: дзяржава сама не павінна ўмешвацца (проста або ўскосна) у рэалізацыю чалавекам права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта значыць, дзяржава не павінна прымаць рашэнняў, дзяржаўныя органы не павінны ажыццяўляць дзеянняў, якія парушаюць культурныя правы.
б) абавязацельства абараняць: дзяржава павінна рабіць усё магчымае, каб прадухіліць умяшанне трэціх асоб, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі або пад яе юрысдыкцыяй (фізічных і юрыдычных), у рэалізацыю чалавекам права на ўдзел у культурным жыцці. Напрыклад, яна павінна прымаць меры, каб бізнес, які працуе пад яе юрысдыкцыяй, таксама не парушаў культурных правоў.
в) абавязацельства ажыццяўляць: дзяржава павінна прымаць усе неабходныя меры на ўзроўні палітыкі, каб забяспечыць найбольш поўную рэалізацыю культурных правоў. Напрыклад, ліквідоўваць прабелы і вырашаць праблемы, якія перашкаджаюць людзям рэалізоўваць свае культурныя правы, на заканадаўчым, адміністрацыйным, судовым і іншых узроўнях. Сюды ж адносіцца і асвета, і адукацыя людзей у сферы культурных правоў і іх рэалізацыі.
Прыклады парушэнняў культурных правоў
Разбурэнне культурнай спадчыны
Войны, а часам і праекты развіцця мірнага часу могуць прыводзіць да руйнавання аб’ектаў культурнай спадчыны. У некаторых выпадках гэтае разбурэнне наўмыснае, гэта сродак знішчэння культурнай самабытнасці пэўнай групы.
Абмежаванні на выкарыстанне моў меншасцяў
Законы або правапрымяняльная практыка могуць абмяжоўваць выкарыстанне моў меншасцяў у адукацыі, СМІ або афіцыйнай камунікацыі, што замінае паўнавартаснаму ўдзелу гэтых моўных меншасцяў у культурным жыцці грамадства. Асобна разглядаюцца парушэнні правоў, звязаныя з выкарыстаннем мовы тытульнай нацыі, якую нельга назваць мовай меншасці (такія парушэнні ў свеце сустракаюцца радзей, але для Беларусі гэта тэма вельмі актуальная).
Эксплуатацыя традыцыйных ведаў і культурнага самавыяўлення асобных груп
Традыцыйныя веды і культура карэнных народаў і іншых супольнасцяў могуць эксплуатавацца без іх згоды або справядлівай кампенсацыі. Напрыклад, у выпадку несанкцыянаванага выкарыстання традыцыйнага дызайну ў камерцыйных прадуктах або патэнтавання традыцыйных лекавых сродкаў пабочнымі арганізацыямі.
Культурная цэнзура
Абмежаванне свабоды самавыяўлення асобных індывідаў і груп, якое пазбаўляе іх магчымасці ўвасабляць сябе праз літаратуру, выяўленчае мастацтва або іншыя формы культурнага самавыяўлення.
Такім чынам, парушэнне культурных правоў – гэта ўсё, што перашкаджае чалавеку ўдзельнічаць у культурным жыцці; карыстацца вынікамі навуковага прагрэсу і іх практычнага ўжытку, а таксама абаронай маральных і матэрыяльных інтарэсаў, якія ўзнікаюць у сувязі з любымі навуковымі, літаратурнымі або мастацкімі творамі, аўтарам якіх асоба з’яўляецца; рэалізоўваць свабоду навуковых даследаванняў і творчай дзейнасці і свабоду міжнародных кантактаў і супрацоўніцтва ў навуковай і культурнай сферах.
Чым культурныя правы адрозніваюцца ад іншых правоў чалавека?
Культурныя правы адрозніваюцца зместам, аднак з пазіцыі абавязковасці, адносін носьбіта правоў (чалавека) і носьбіта абавязкаў (дзяржавы) паміж імі і іншымі правамі чалавека няма адрознення. Усе правы чалавека ўніверсальныя, непадзельныя і ўзаемазалежныя. Культурныя правы – неад’емная частка правоў чалавека. Пры гэтым з некаторымі правамі яны звязаныя больш шчыльна. Права кожнага чалавека на ўдзел у культурным жыцці непарыўна звязана з правам на адукацыю (арт. 13 і 14 Пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах), бо дзякуючы адукацыі асобныя індывіды і супольнасці перадаюць свае каштоўнасці, рэлігію, звычаі, мову і іншыя асновы культуры, адукацыя ж дапамагае фарміраваць атмасферу ўзаемаразумення і павагі да культурных каштоўнасцяў. Апрача таго, права на ўдзел у культурным жыцці больш шчыльна ўзаемазвязанае з некаторымі правамі, замацаванымі ў Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (права ўсіх народаў на самавызначэнне, права на пошук і атрыманне інфармацыі, а таксама на выказванне меркаванняў, свабоду веравызнання) і ў Пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (права на дастатковы жыццёвы ўзровень). Рэалізацыя правоў магчымая толькі комплексна. Абарона аднаго віду правоў спрыяе абароне іншых.
Чым свабода слова пісьменніка адрозніваецца ад свабоды слова любога іншага чалавека?
Свабода слова – гэта фундаментальнае права чалавека, якое распаўсюджваецца на ўсіх людзей, незалежна ад іх прафесіі або статусу. Яно забяспечвае кожнаму чалавеку магчымасць адкрыта выяўляць свае думкі, не асцерагаючыся цэнзуры або пакарання. Аднак можна вылучыць пэўныя адметнасці ў тым, як свабода слова рэалізуецца пісьменнікамі.
Уздзеянне
Слова пісьменніка можа мець значна сур’ёзнейшае ўздзеянне дзякуючы распаўсюджанню. Літаратурныя творы друкуюцца ў кнігах, часопісах, газетах, у папяровым і электронным фармаце, таму яны могуць мець большы ўплыў на грамадскую думку і дыскурс. У абывацеляў можа быць менш доступу да такіх платформаў, і іх меркаванні звычайна больш абмежаваныя з гледзішча ахопу аўдыторыі. Варта адзначыць, што сёння дзякуючы інтэрнэту гэтая розніца ў ахопе аўдыторыі паміж прафесійным творцам і прыватнай асобай сціраецца.
Прафесійная дзейнасць
Творчае самавыяўленне – аснова працы пісьменніка. Адпаведна, яго меркаванне можа мець большую вагу, чым меркаванне непрафесіянала. Таксама творчая дзейнасць прафесійных пісьменнікаў можа быць лепш абаронена юрыдычна дзякуючы маральнаму і матэрыяльнаму аспектам аўтарства.
Ці ёсць розніца паміж свабодай выказвання меркаванняў «звычайнага» чалавека і творчым выказваннем?
Свабода слова і свабода выяўлення меркаванняў – розныя назвы аднаго і таго ж права.
Чым свабода слова пісьменніка адрозніваецца ад свабоды слова журналіста?
Свабода слова пісьменнікаў падобная да свабоды слова журналістаў тым, што яна дазваляе ім, як і ўсім людзям, адкрыта выказваць свае думкі, не асцерагаючыся цэнзуры ці пакарання. Тым не менш, можна вылучыць некаторыя адрозненні ў тым, як свабода слова рэалізуецца гэтымі дзвюма групамі.
Мэта
Асноўная мэта журналіста – інфармаваць грамадства пра актуальныя падзеі і праблемы, у той час як асноўная мэта пісьменніка – творча выяўляць сябе праз літаратуру ці паэзію.
Стандарты
Журналісты прытрымліваюцца пэўных стандартаў праўдзівасці і аб’ектыўнасці, у той час як пісьменнікі маюць большую свабоду творчага самавыяўлення.
Прафесійныя абавязкі і адказнасць
Журналісты нясуць прафесійную адказнасць за сумленнае і аб’ектыўнае інфармаванне. Яны могуць быць прыцягнуты да адказнасці за дыфамацыю (распаўсюджванне праўдзівай, але зняважлівай інфармацыі), паклёп (распаўсюджванне лжывай інфармацыі) і на іншых падставах, якія вынікаюць з іх працы. Пісьменнікі не звязаныя такімі правіламі і могуць мець большую прававую абарону сваёй творчасці.
Прававая абарона
Журналісты могуць мець дадатковую прававую абарону ў адпаведнасці з законамі аб СМІ, якія спецыяльна абараняюць свабоду распаўсюджвання інфармацыі, у прыватнасці, яе крыніцы, а таксама, напрыклад, карэспандэнтаў, якія працуюць падчас узброеных канфліктаў, у той час як у пісьменнікаў такой абароны няма.
У якіх выпадках цэнзура − гэта парушэнне культурных правоў?
У міжнародных актах у сферы правоў чалавека няма вызначэння цэнзуры. Яно ёсць у нацыянальным заканадаўстве Беларусі. Згодна з часткай 1 артыкула 7 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі» ад 17 ліпеня 2008 г., цэнзура масавай інфармацыі − патрабаванне з боку службовых асоб, дзяржаўных органаў, палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, іншых юрыдычных асоб да юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, да інфармацыйнага агенцтва, карэспандэнцкага пункта, галоўнага рэдактара, журналіста, заснавальніка (заснавальнікаў) СМІ, папярэдне ўзгадняць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, за выключэннем выпадкаў узгаднення з аўтарам або тым, хто інтэрв’юіруецца, распаўсюджвання афіцыйных інфармацыйных паведамленняў. А частка 3 артыкула 33 Канстытуцыі наўпрост яе забараняе: «Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, арганізацыямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца».
Часта тэрмін «цэнзура» ўжываюць у кантэксце любога абмежавання свабоды слова ці пакарання за выказванне меркаванняў.
Важна адзначыць, што свабода выказвання меркаванняў гарантуе свабоду слова, але гэтая свабода не абсалютная. Свабода слова можа быць абмежавана для пэўных мэт (абароны правоў іншай асобы або інтарэсаў грамадства, у прыватнасці, аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва) і пры выкананні пэўных патрабаванняў (абмежавання на падставе закона, у сітуацыі неабходнасці і пры выкананні прынцыпу прапарцыйнасці).
Артыкул 20 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах наўпрост забараняе «мову нянавісці» − выступ на карысць нацыянальнай, расавай або рэлігійнай нянавісці, які ўяўляе сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці або гвалту.
Пошук балансу паміж свабодай слова і абаронай іншых інтарэсаў складаны і вырашаецца ў розных грамадствах і ў розны час па-рознаму. Пры гэтым у дакуменце ААН «Рабацкі план дзеянняў па забароне прапаганды нацыянальнай, расавай або рэлігійнай нянавісці, што ўяўляе сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці або гвалту» (A/HRC/22/17/Add. 4) праводзіцца выразнае размежаванне паміж рознымі тыпамі выказванняў: «выказванне, якое з’яўляецца крымінальным злачынствам; выказванне; якое не з’яўляецца крымінальна каральным, але можа падлягаць грамадзянскаму іску або адміністрацыйным санкцыям; выказванне, якое не падлягае крымінальным, грамадзянскім ці адміністрацыйным санкцыям, але, тым не менш, выклікае заклапочанасць з пазіцыі талерантнасці, карэктнасці і павагі правоў іншых людзей» (п. 20).
Прыклады сітуацый, калі свабода выказвання меркаванняў (а значыць, і некаторыя культурныя правы) абмяжоўваецца правамерна:
- ахова дзяржаўнай таямніцы (нацыянальная бяспека);
- абарона грамадскага парадку;
- абарона здароўя або маральнасці насельніцтва;
- прадухіленне падбухторвання да гвалту;
- абарона дзяцей ад кантэнту, неадпаведнага ўзросту;
- прадухіленне паклёпу і дыфамацыі як механізм абмежавання распаўсюджвання лжывай або паклёпніцкай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду годнасці і рэпутацыі чалавека;
- забарона непрыстойнасці або парнаграфіі.
Важна адзначыць, што такія абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў павінны быць вузка вызначанымі і сувымернымі. Яны павінны ажыццяўляцца празрыстым і падсправаздачным чынам, падлягаць нагляду і магчымасці абскарджання. Важна разумець, што мэтай абмежаванняў з’яўляецца абарона іншых людзей і грамадства ў цэлым, а не ўладаў, і гэтыя абмежаванні павінны тлумачыцца дзяржавай добрасумленна, не адвольна. Дзяржава не павінна маніпуляваць імі ў сваіх інтарэсах. Цэнзура не павінна выкарыстоўвацца як сродак задушэння іншадумства ці прыгнёту палітычнай апазіцыі.
Аўтарскае права ўваходзіць у культурныя правы?
Аўтарскае права − гэта юрыдычнае паняцце, якое звязана з культурнымі правамі чалавека, але само па сабе яно не лічыцца іх часткай. Культурныя правы адносяцца да правоў асобных індывідаў і груп на ўдзел у культурным жыцці сваёй супольнасці і на атрыманне прыбытку ад яго, на самавыяўленне, а таксама на захаванне і перадачу сваёй культурнай спадчыны. Аўтарскае права − гэта юрыдычная канцэпцыя, якая дае стваральнікам арыгінальных твораў (у любой форме: літаратура, музыка і выяўленчае мастацтва) выключныя правы на кантроль за іх выкарыстаннем і распаўсюджваннем. Яно ўключае права на ўзнаўленне твора, распаўсюджванне копій і стварэнне вытворных твораў. Аўтарскае права прызначана для абароны правоў творцаў і забеспячэння таго, каб яны маглі атрымліваць прыбытак ад сваіх твораў.
Пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах замацоўвае гарантыі абароны маральных і матэрыяльных інтарэсаў асобы, якія ўзнікаюць у сувязі з любымі навуковымі, літаратурнымі або мастацкімі творамі, аўтарам якіх гэтая асоба з’яўляецца (арт. 15.1.с). Аднак гэта не азначае, што аўтарскае права адназначна можна разглядаць як інструмент абароны і прасоўвання культурных правоў. З аднаго боку, яно дазваляе стваральнікам кантраляваць свае творы і атрымліваць ад іх прыбытак, а таксама рабіць іх даступнымі для грамадскасці і перадаваць сваю культурную спадчыну будучым пакаленням. З іншага боку, аб’ём і працягласць абароны аўтарскага права ў розных краінах розныя, і яны не заўсёды ўзгоднены з абаронай культурных правоў.
Напрыклад, строгія законы аб аўтарскім праве могуць абмяжоўваць доступ да твораў культуры і ўскладняць для супольнасцяў захаванне і перадачу сваёй культурнай спадчыны. Апрача таго, законы аб аўтарскім праве могуць выкарыстоўвацца для эксплуатацыі традыцыйных ведаў і формаў культурнага самавыяўлення, асабліва карэнных народаў і меншасцяў.
І самае галоўнае адрозненне: сутнасць канцэпцыі правоў чалавека ў тым, што правы належаць кожнаму чалавеку ад нараджэння, праз тое, што ён чалавек і валодае чалавечай годнасцю. Менавіта таму правы чалавека з’яўляюцца неабмежаванымі ў часе, яны не могуць спыніцца, іх нельга перадаць і ад іх нельга адмовіцца.
Таму права кожнага чалавека на карыстанне абаронай маральных і матэрыяльных інтарэсаў, якія ўзнікаюць у сувязі з любымі навуковымі, літаратурнымі ці мастацкімі творамі, аўтарам якіх ён з’яўляецца (як культурнае права чалавека), адрозніваецца ад большасці юрыдычных правоў, якія прызнаюцца ў сістэмах інтэлектуальнай уласнасці. У адрозненне ад правоў чалавека, правы інтэлектуальнай уласнасці звычайна носяць часовы характар і могуць быць ануляваны, ліцэнзаваны або перададзены іншай асобе, абмежаваны ў тэрмінах і сферы прымянення, прададзены, зменены і нават страчаны.
Дзе можна даведацца больш:
Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭНам і Беларускім Хельсінскім Камітэтам
Калі вашы культурныя правы былі парушаныя або вам вядома пра падобныя парушэнні, калі ласка, паведаміце пра гэта Беларускаму ПЭНу праз email: [email protected] ці тэлегарм @viadoma.
Мы гарантуем ананімнасць, не публікуем дадзеныя, якія просяць не абнародаваць. Ваша інфармацыя важная для дакументавання парушэнняў, лепшага разумення сітуацыі і тэндэнцый у сферы культуры, а таксама аказання дапамогі рэпрэсаваным Людзям Слова.