Матэрыял падрыхтаваны на падставе абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа з адкрытых крыніц, праз асабістыя кантакты і непасрэдную камунікацыю з дзеячамі культуры. Інфармацыя адлюстроўвае сітуацыю, якая існуе на момант падрыхтоўкі матэрыялу, і можа ўдакладняцца пры атрыманні новых звестак.
Нягледзячы на прыманыя меры для забеспячэння дакладнасці і паўнаты звестак, з-за абмежаванасці публічнай інфармацыі могуць мець месца асобныя прабелы, у тым ліку ў частцы вызначэння або аднясення асоб да дзеячаў культуры. Беларускі ПЭН вітае ўдакладненні ці дадатковую інфармацыю, якой вы можаце падзяліцца. Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
Улічваючы сітуацыю ў культурнай сферы Беларусі, ролю дзеячаў культуры ў грамадскім жыцці, а таксама значэнне дзейнасці творцаў для захавання і развіцця культурных правоў, мы прызнаём беларускіх дзеячаў культуры абаронцамі культурных правоў у адпаведнасці з падыходам, сфармуляваным у дакладзе A/HRC/43/50 Спецыяльнай дакладчыцы ААН па культурных правах (2020). Больш пра маніторынг гл. тут.
Асноўныя вынікі маніторынгу
Памілаванні і далейшы пераслед вызваленых дзеячаў культуры
Пераслед незалежных выдаўцоў і распаўсюднікаў беларускіх кніг
Крыміналізацыя культурнай дзейнасці: пашырэнне спіса «экстрэмісцкіх фарміраванняў»
Адвольныя затрыманні, прыцягненне да крымінальнай адказнасці
Цэнзура і іншыя парушэнні культурных правоў
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры
Высновы
АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ
У першым квартале 2026 года ў Беларусі працягнуўся палітычна матываваны пераслед дзеячаў культуры, крыміналізацыя культурнай дзейнасці ў цэлым і літаратурнай творчасці ў прыватнасці. Вызваленне чарговай групы палітычных зняволеных, якое стала магчымым дзякуючы пасярэдніцтву ўрада ЗША ў перамовах з рэжымам Лукашэнкі, адбывалася на фоне новых арыштаў. Па-ранейшаму фіксуюцца факты прымусовай высылкі з краіны асоб, вызваленых на падставе памілавання, пазбаўлення іх дакументаў і канфіскацыі створаных у зняволенні рукапісаў. Новым відам пераследу стала ануляванне дзейных пашпартоў дэпартаваных з краіны грамадзян.
Сярод іншых рэзанансных рэпрэсій у сферы культуры – беспрэцэдэнтны ціск на незалежных выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў: затрыманні, допыты, адміністрацыйныя арышты і крымінальны пераслед; прыпыненне дзейнасці мінскага выдавецтва «Тэхналогія»; прызнанне «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» фонда «Kamunikat.org», а таксама выдавецтваў «Gutenberg Publisher», «Логвінаў» і «Янушкевіч», якія легальна выдаюць беларускія кнігі ў замежжы.
Падобны лёс напаткаў і шэраг іншых найважнейшых культурных ініцыятыў. Сярод прызнаных «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» – Беларускі ПЭН, найстарэйшая праваабарончая арганізацыя краіны, якая аб’ядноўвае літаратараў.
Крымінальны пераслед і адміністрацыйны ціск закранулі самых розных прадстаўнікоў культуры: асуджэнне на тры гады калоніі Алега Хаменкі – музыкі, кампазітара і лідара фолк-мадэрн гурта «Палац» – за выпуск музычных радыёперадач; затрыманні ў мінскай культурнай прасторы «Parason»; адміністрацыйны пераслед за ўдзел у традыцыйным беларускім абрадзе Гуканне вясны; з’яўленне новых імёнаў у стоп-лістах выканаўцаў, а таксама хваля адмен буйных штогадовых музычных фестываляў.
Адзяржаўленне прыватнага бізнесу ў сферы культуры і забаў: таварныя знакі «Kvitki.by», найбуйнейшага ў краіне сэрвісу продажу квіткоў, прымусова ліквідаванага ў верасні 2025 года, перададзены дзяржаўнаму прадпрыемству «Беларускія латарэі», якое ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
Пагрозы і запалохванне з боку сілавых структур за адзначэнне беларусамі ў эміграцыі нацыянальнага свята Дня Волі, а таксама іншыя формы трансгранічнага пераследу.
Становішча агулам у галіне правоў чалавека ў Беларусі застаецца крытычным. 30 сакавіка 2026 года на 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека была прынятая рэзалюцыя адносна Беларусі, якая адлюстроўвае сур’ёзнасць сітуацыі ў краіне і працяглую беспакаранасць за ўсе парушэнні. Тым не менш, Беларусь працягвае ігнараваць базавыя рэкамендацыі па забеспячэнні свабоды слова, сходаў і асацыяцый.
Пераслед у перыяд са студзеня па сакавік 2026 года ў лічбах:
- Зафіксавана 335 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
- Станам на 31.03.2026 у краіне налічваецца 911 палітычных зняволеных, сярод якіх не менш [1] за 63 дзеячы культуры (каля 7 % ад агульнай колькасці палітзняволеных).
- Агулам паводле палітычных матываў у зняволенні (калоніях, турмах, следчых ізалятарах), установах адкрытага тыпу («хімія») або на пакаранні ва ўмовах «хатняй хіміі» [2] знаходзяцца не менш за 128 прадстаўнікоў сферы культуры. Сярод іх – 47 жанчын. За кратамі або з абмежаваннем волі знаходзяцца 25 літаратараў і іншых людзей слова.
- Самым частым відам рэпрэсій у справаздачны перыяд стала прызнанне матэрыялаў на культурную тэматыку і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» (94 выпадкі). На другім месцы – цэнзура (51 выпадак, з улікам спіса друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюду ў Беларусі). Трэцяе месца займаюць парушэнні права на справядлівы суд і доступ да правасуддзя (33). Далей паводле частаты ідуць адвольныя затрыманні дзеячаў культуры і прызнанне іх «удзельнікамі экстрэмісцкіх фарміраванняў» (па 24 выпадкі).
- Адвольнае затрыманне або арышт зазналі не менш за 23 дзеячы культуры (адна мастачка – двойчы). Вядома пра адміністрацыйны пераслед у дачыненні да 10 чалавек (складзена 18 пратаколаў). Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не менш за 10 прадстаўнікоў сферы; у сямі з іх у абвінавачанні фігураваў артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса за нібыта «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».
- Пяць прадстаўнікоў сферы былі прымусова выправаджаны або дэпартаваны з краіны.
- У «Пералік грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», унесены 11 дзеячаў культуры. Не менш як 24 чалавекі ўнесены ў спіс асоб, якія нібыта з’яўляюцца ўдзельнікамі «экстрэмісцкіх фарміраванняў».
- Рашэннем Мінгарвыканкама ліквідаваны 3 культурна-асветніцкія ўстановы.
- Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» 4 кнігі, у тым ліку дзіцячую. Спіс друкаваных выданняў, распаўсюд якіх «здольны нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы», папоўнены 16 найменнямі.
ПАМІЛАВАННІ І ДАЛЕЙШЫ ПЕРАСЛЕД ВЫЗВАЛЕНЫХ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ
19 лютага 2026 года выйшла на волю на падставе памілавання палітзняволеная ілюстратарка Наталля Левая, у ліпені 2024 года асуджаная на шэсць гадоў калоніі за ахвяраванні (у тым ліку для Узброеных сіл Украіны). У афіцыйным паведамленні прэс-службы Лукашэнкі вызваленне падавалася як праява «прынцыпаў гуманнасці і ўліку жыццёвай сітуацыі асуджанай». Дзякуючы былой палітзняволенай журналістцы Марыне Золатавай стала публічнаю інфармацыя пра тое, што Наталля знаходзіцца ў зняволенні на апошніх месяцах цяжарнасці.
19 сакавіка 2026 года адбылося самае маштабнае пасля падзей 2020 года вызваленне палітычных зняволеных: былі памілаваны 250 чалавек. Гэта стала магчыма дзякуючы пасярэдніцтву ўрада ЗША і чарговаму [3] візіту ў Мінск Джона Коўла, спецпасланніка Дональда Трампа па Беларусі. Сярод памілаваных былі як тыя, хто адбываў тэрмін у калоніях, так і асуджаныя на абмежаванне волі («хімія» і «хатняя хімія»). У шэрагу выпадкаў тэрміны пакарання ўжо падыходзілі да канца.
З агульнай колькасці памілаваных 235 асобам дазволілі застацца ў Беларусі.
«Перш чым выпускаць, яны ўсе былі ўзяты на кантроль спецслужбамі і міліцыяй», – папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Пятнаццаць чалавек былі дэпартаваны ў Літву.
«Яны нам тут не патрэбныя ў краіне. Выйшлі б яны заўтра ці не выйшлі, але яны быць тут не павінны», – растлумачыў выдварэнне Лукашэнка.
Агулам сярод памілаваных не менш за 22 [4] дзеячы культуры: 18 чалавек засталіся ў Беларусі, чацвёра – прымусова высланыя.
Пасля больш чым 4,5 года зняволення выйшла на волю «з магчымасцю застацца ў Рэспубліцы Беларусь» палітолаг і рэдактарка Валерыя Касцюгова. Таксама былі памілаваны:
- Алег Супрунюк – журналіст і краязнаўца;
- Ксенія Суша – бібліёграф, былая супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі;
- Павел Ксяндзоў – мастак;
- Ілля Барыскевіч – рэдактар беларускага раздзела Вікіпедыі;
- Дзмітрый Шалак – музыка;
- Сяргей Горлаў – перакладчык і музыка;
- Аляксандра Дуброўская – настаўніца англійскай мовы;
- Сяргей Скібінскі – дызайнер-ілюстратар;
- Яраслава Хромчанкава – настаўніца нямецкай мовы, педагог-арганізатар;
- Іван Фалітар – музыка, арганізатар мерапрыемстваў;
- Сяргей Юнчыц – мецэнат.
Ад адбывання пакарання на «хіміі» вызвалены:
- Алег Зелянко – кіраўнік гістарычнага клуба «Міндоўг»;
- Уладзіслаў Кошалеў – фатограф;
- Андрэй Несцяровіч – уладальнік этнакрамы «Цудоўня».
З «хатняй хіміі»:
- Уладзімір Патапенка – музыка, заснавальнік школы электроннай музыкі «Midi.by»;
- Аляксей Друпаў – гісторык і этнограф;
- Дзмітрый Царук – дызайнер-ілюстратар.
Сярод прымусова вывезеных за межы Беларусі дзеячаў культуры – журналістка і аўтарка дакументальнай прозы Кацярына Андрэева (Бахвалава), блогер і папулярызатар гісторыі Эдуард Пальчыс, рэканструктар гісторыі і актывіст Кім Самусенка, UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў. Як і большасці дэпартаваных у папярэднія хвалі памілаванняў, ім не вярнулі пашпарты і не выдалі афіцыйных дакументаў аб вызваленні.
Журналістка і краязнаўца Ларыса Шчыракова, вызваленая і прымусова вывезеная з Беларусі яшчэ 11 верасня 2025 года, спрабуе адстойваць свае правы. Не атрымаўшы ніякай рэакцыі на свае скаргі ўнутры краіны, яна звярнулася ў міжнародныя структуры. 24 лютага 2026 года яе зварот наконт парушэння правоў жанчын і прымусовай высылкі з Беларусі быў афіцыйна зарэгістраваны Камітэтам ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.
Працяг ціску ў дачыненні да вызваленых дзеячаў культуры
У справаздачны перыяд зафіксаваны новы від транснацыянальнага пераследу – ануляванне пашпартоў дэпартаваных былых палітзняволеных. Гэтая практыка закранула як памілаваных у сакавіку, так і тых, хто выйшаў на волю падчас ранейшых хваль вызвалення. Вядома пра ануляванне МУС Беларусі пашпартоў Эдуарда Пальчыса (памілаваны 19.03.2026), праваабаронцы, літаратуразнаўцы, Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага (памілаваны 13.12.2025) і іншых.
З нагоды адвольнага прызнання пашпартоў нядзейнымі праваабарончая кааліцыя выступіла з адмысловай заявай, у якой падкрэсліла, што «пашпарт – гэта не проста адміністрацыйны дакумент, але пацвярджэнне юрыдычнай і сацыяльнай ідэнтычнасці чалавека». Нягледзячы на тое, што ануляванне дакумента дэ-юрэ не азначае страты грамадзянства, яно стварае сітуацыю фактычнага безграмадзянства і пазбаўляе людзей доступу да базавых правоў: на свабоднае перамяшчэнне, узяцце шлюбу, валоданне ўласнасцю, роўнае абыходжанне (недыскрымінацыю) і іншых.
Пазбаўленнем пашпарта ў дэпартаваных пераслед не заканчваецца – рэжым працягвае ціск на былых палітзняволеных як за мяжой, так і ўнутры краіны:
- Так, у канцы студзеня гэтага года Мікола Дзядок, блогер і аўтар турэмнай літаратуры, памілаваны ў верасні 2025 года, даведаўся, што ў дачыненні да яго заведзена новая крымінальная справа – за нібыта экстрэмісцкія публікацыі або выказванні. Яго бацькоў выклікалі на допыты, а дзяржаўная прапаганда актывізавалася з абразамі і выпадамі на яго адрас. У сакавіку акаўнт Дзядка ў сацыяльнай сетцы «Threads» быў прызнаны «экстрэмісцкім матэрыялам» (іншыя сацсеткі папоўнілі спіс незадоўга да яго вызвалення – у траўні 2025 года).
- У першым квартале 2026 года спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўніў шэраг рэсурсаў і іншых былых палітзняволеных: старонкі ў «Threads» мецэната, бізнесмена, экс-прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, а таксама музыкі і грамадскай дзяячкі Марыі Калеснікавай; Instagram-акаўнт журналіста, краязнаўцы Яўгена Меркіса і актывіста, арганізатара канцэртаў Іллі Міронава; Facebook-акаўнт літаратара і палітычнага дзеяча Паўла Севярынца; YouTube-канал і іншыя сеткі, а таксама два адрасы электроннай пошты блогера, аўтара дакументальных фільмаў Паўла Спірына.
- Усе памілаваныя, якім дазволілі застацца ў Беларусі, так ці інакш узяты на кантроль сілавымі структурамі і застаюцца дэ-факта моцна абмежаванымі ў правах. Пры вызваленні ім пагражалі новым турэмным зняволеннем у выпадку «паўторных парушэнняў».
Агульная сітуацыя
Дзякуючы сакавіцкаму памілаванню, агульная колькасць палітзняволеных у Беларусі апусцілася ніжэй за адзнаку ў тысячу чалавек. Тым не менш пераслед іншадумцаў і ўзровень рэпрэсій у краіне ў цэлым не зніжаюцца: так, у першым квартале 2026 года былі памілаваны каля двух дзясяткаў работнікаў сферы культуры, пры гэтым у той самы час праз арышты або затрыманні прайшлі не менш за 23 дзеячы культуры, а 15 прадстаўнікоў сферы былі прызнаны палітзняволенымі (у тым ліку былымі [5]). Станам на канец сакавіка 2026 года за кратамі ці ва ўмовах абмежавання волі знаходзіліся не менш за 128 дзеячаў культуры.
ПЕРАСЛЕД НЕЗАЛЕЖНЫХ ВЫДАЎЦОЎ І РАСПАЎСЮДНІКАЎ БЕЛАРУСКІХ КНІГ
На працягу апошніх пяці гадоў незалежнае кнігавыданне ў Беларусі застаецца адной з галоўных мішэняў рэжыму. Сістэмны ціск на беларускую кнігу – ад затрыманняў і допытаў аўтараў і выдаўцоў, прызнання друкаваных выданняў «экстрэмісцкімі» і шкоднымі для распаўсюду да крымінальных спраў і прымусовай ліквідацыі цэлых выдавецтваў – раней ужо быў дэтальна апісаны ў хроніцы «Беларуская кніга пад прэсам рэпрэсій».
Аднак першы квартал 2026 года азнаменаваўся новай, беспрэцэдэнтнай хваляй пераследу – скаардынаванай атакай на інфраструктуру незалежнага кніжнага рынку і спробай «спаліць масты» паміж літаратурай у Беларусі і па-за яе межамі. Так, люты – сакавік 2026 года сталі перыядам маштабнай зачысткі: зафіксавана больш за 20 выпадкаў затрыманняў ці допытаў прадстаўнікоў кніжнай сферы. Ціск насіў транснацыянальны характар.
З публічна вядомых фактаў гэтага перыяду:
- 12 лютага Instagram-акаунт «Gutenberg Publisher» прызнаны «экстрэмісцкім матэрыялам», а ўжо 16 лютага рашэннем КДБ Беларусі выдавецтва «Gutenberg Publisher», якое зарэгістравана і легальна дзейнічае ў Польшчы, прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем».
- 16 лютага сайт, YouTube-канал і шэраг іншых акаўнтаў Беларускага ПЭНа – найстарэйшай праваабарончай і культурнай арганізацыі, якая аб’ядноўвае літаратараў, зарэгістравана і легальна дзейнічае ў Польшчы – прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
- 17 лютага сілавыя структуры ўчынілі пагром у мінскім выдавецтве «Тэхналогія» – адным з першых недзяржаўных выдавецтваў (заснавана ў 1988 годзе). Быў праведзены ператрус, канфіскавана ўся тэхніка, пасля чаго выдавецтва прыпыніла дзейнасць. [2 красавіка Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзеянне пасведчання распаўсюдніка друкаваных выданняў НПК «Тэхналогія».]
- 17–18 лютага ў Мінску прайшлі масавыя ператрусы, канфіскацыі тэхнікі і затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў, якія закранулі як кіраўнікоў, так і супрацоўнікаў. Сілавікі дзейнічалі жорстка, правяралі тэлефоны ва ўсіх прысутных, некаторых затрымлівалі цэлымі сем’ямі. Былі затрыманы не менш за 10 чалавек, частка з іх атрымала адміністрацыйныя арышты на 14–15 сутак (найчасцей для гэтага выкарыстоўваўся артыкул 24.3 КаАП – за нібыта «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню»).
Сярод затрыманых:- Вацлаў Багдановіч – кнігавыдавец, кіраўнік «Тэхналогіі», і ўся яго сям’я, у тым ліку дачка Вікторыя Багдановіч (мастачка, аўтарка кніг);
- Зміцер Колас – перакладчык, заснавальнік выдавецтва «Зміцер Колас» (ліквідавана ўладамі ў траўні 2023 года);
- Алесь Яўдаха – кнігараспаўсюднік, уладальнік сайта Kby;
- Андрэй Кім – перакладчык, стваральнік праекта агучкі кіно «Кінаконг».
- 18 лютага дзіцячая кніга Эліяша Барта «Легенда аб забраным сэрцы» («Тэхналогія», 2023) прызнана «экстрэмісцкім матэрыялам».
- 27 лютага рашэннем КДБ Беларускі ПЭН быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».
- 3 сакавіка статус «экстрэмісцкага фарміравання» атрымала так званая «кааліцыя друкаваных выдавецтваў», куды ўключылі «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House» і «Andrei Yanushkevich Publishing». Насамрэч такой кааліцыі не існуе, яна была выдумана як падстава для пераследу трох вядомых выдавецтваў, якія займаюцца беларускім кнігавыданнем у Польшчы і Літве.
Асобамі, якія маюць дачыненне да дзейнасці гэтага «фарміравання», названы: Яраслаў Іванюк (грамадзянін Польшчы), Андрэй Янушкевіч, Ігар Логвінаў, а таксама Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха. Трое апошніх пражываюць у Беларусі, яны былі затрыманы падчас лютаўскіх рэйдаў. 24 сакавіка, праз пяць тыдняў пасля затрымання, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха былі адпушчаны на волю. - 23 сакавіка сайт і Instagram-старонка інтэрнэт-крамы беларускай літаратуры «by» прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». [У адноўленым спісе стаіць іншая дата суда, 3 красавіка.]
- Таксама ў лютым – сакавіку зафіксаваны іншыя, у тым ліку непублічныя выпадкі пераследу, некаторыя з якіх суправаджаліся збіццём і катаваннем затрыманых. Сярод пацярпелых ад хвалі ціску на прадстаўнікоў кніжнай сферы – 75-гадовы галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія» Зміцер Санько, якога затрымлівалі 25 сакавіка.
Сярод тых, хто застаецца ў СІЗА паводле так званай «справы кнігавыдаўцоў» – перакладчык Зміцер Колас. Яму выстаўлены абвінавачанні паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»).
19 сакавіка 2026 года Беларускі ПЭН разам з праваабарончай і культурнай супольнасцю выступіў з заявай, у якой асудзіў новую хвалю маштабных рэпрэсій супраць незалежных выдаўцоў, распаўсюднікаў кніг і культурных арганізацый у Беларусі. Арганізацыя разглядае гэтыя дзеянні як сістэматычную дзяржаўную палітыку, накіраваную на ліквідацыю іншадумства і этнацыд. Такая практыка наўпрост парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і міжнародныя стандарты, якія гарантуюць права на свабоду выказвання і ўдзел у культурным жыцці:
«Гэта не толькі напад на канкрэтных людзей і ініцыятывы, а ўдар па праве ўсяго беларускага грамадства на доступ да кнігі, ведаў, мовы, культурнай памяці і свабоднага інтэлектуальнага абмену».
З рэзкай крытыкай выступіў і старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, падкрэсліўшы, што дзяржава перайшла да адкрытага тэрору супраць нацыянальнай культуры і «носьбітаў беларушчыны».
КРЫМІНАЛІЗАЦЫЯ КУЛЬТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ: ПАШЫРЭННЕ СПІСА «ЭКСТРЭМІСЦКІХ ФАРМІРАВАННЯЎ»
Наступ на кнігавыдаўцоў стаў часткай больш шырокай хвалі рэпрэсій: рэжым вядзе мэтанакіраваную барацьбу з незалежнай культурай, у тым ліку праз механізм «экстрэмісцкіх фарміраванняў». Гэты статус не проста забараняе дзейнасць арганізацый на тэрыторыі Беларусі, але і крыміналізуе любую датычнасць да іх – ад непасрэднага ўдзелу, супрацы ці фінансавай падтрымкі да падпісак на іх старонкі ў сацыяльных сетках.
На працягу першага квартала 2026 года рашэннямі КДБ або МУС «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» папоўніў цэлы шэраг знакавых беларускіх культурных арганізацый.
З улікам ужо згаданых ініцыятыў, агульны спіс культурных арганізацый, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» цягам першых трох месяцаў, выглядае наступным чынам:
× «Будзьма беларусамі!» (рашэнне МУС ад 29 студзеня) – адна з найбуйнейшых незалежных культурна-асветніцкіх кампаній краіны, заснаваная ў 2008 годзе. Дзейнасць праекта скіравана на папулярызацыю нацыянальных каштоўнасцяў, развіццё беларускай мовы і ўмацаванне гістарычнай памяці [6]. Пасля прымусовай ліквідацыі ўладамі ў 2021 годзе структур-заснавальніц (ЗБС «Бацькаўшчына» і ГНА «Фокус-група») кампанія рэлакавалася і працягвае працу з Літвы як незалежны інфармацыйна-асветніцкі партал.
× «Gutenberg Publisher» (рашэнне КДБ ад 16 лютага) – незалежнае беларускае выдавецтва, заснаванае 8 сакавіка 2023 года ў Кракаве (Польшча). Выдае кнігі, а таксама настольныя гульні па-беларуску [7].
× Беларускі ПЭН (рашэнне КДБ ад 27 лютага) – адна з найстарэйшых культурных і праваабарончых арганізацый краіны (заснавана ў 1989), сябра Міжнароднага ПЭНа, якая пасля прымусовай ліквідацыі ў Беларусі ў жніўні 2021 года працягвае сваю дзейнасць, будучы зарэгістраванай у Варшаве (Польшча) [8].
× Штучна створаная «кааліцыя», якая аб’яднала «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing» (рашэнне КДБ ад 3 сакавіка).
«Fundacja Kamunikat.org» (фонд «Kamunikat») – найбуйнейшая ў свеце беларуская інтэрнэт-бібліятэка, чые фонды налічваюць амаль 60 000 публікацый: ад кніг і аўдыявыданняў да рэдкіх газет і часопісаў. Праект рэалізуецца аднайменнай польскай фундацыяй, заснаванай прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці ў Беластоку. З 2021 года вядзе таксама выдавецкую дзейнасць [9].
«Lohvinau Publishing House» (выдавецтва «Логвінаў») – незалежнае беларускае выдавецтва, якое пасля пазбаўлення ўладамі ліцэнзіі ў кастрычніку 2013 года было вымушана рэлакавацца і з 2014 года працягвае кнігавыдавецкую справу ў Вільнюсе (Літва).
«Andrei Yanushkevich Publishing» (выдавецтва «Янушкевіч») – незалежнае беларускае выдавецтва і кнігарня, што цяпер базуюцца ў Варшаве (Польшча). З’яўляецца пераемнікам мінскага выдавецтва «Янушкевіч», закрытага ўладамі ў студзені 2023 года [10].
× «Spadcyna Belarusi» / «Спадчына Беларусі» (рашэнне КДБ ад 11 сакавіка) – культурна-адукацыйная ініцыятыва ва Уроцлаве (Польшча). Супольнасць займаецца арганізацыяй курсаў і мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы і захаванне культурнай ідэнтычнасці беларусаў у замежжы [11].
× «Northern Lights» / «Паўночное ззянне» (рашэнне КДБ ад 11 сакавіка) – штогадовы міжнародны кінафестываль, заснаваны ў 2015 годзе ў Мінску, які спецыялізуецца на паказе на беларускай мове найноўшага ігравога і дакументальнага кіно Паўночнай Еўропы, краін Балтыі, Украіны і Беларусі, а з 2020 года працуе ў анлайн- і гібрыдным фарматах за межамі краіны, будучы зарэгістраваным у Таліне (Эстонія) [12].
× «Fundacja Brama Dziedzictwa» / фонд «Брама спадчыны» (рашэнне КДБ ад 31 сакавіка) – польская некамерцыйная арганізацыя, дзейнасць якой накіравана на захаванне супольнай культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі і Польшчы (часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай), падтрымку незалежных навукоўцаў і творцаў, а таксама прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў, правоў чалавека і інтэграцыю замежнікаў. Зарэгістравана ў 2024 годзе ў Варшаве (Польшча).
12 сакавіка Міжнародны ПЭН выступіў з рэзкай заявай, у якой асудзіў крыміналізацыю дзейнасці «Беларускага ПЭНа». Выканаўчая дырэктарка арганізацыі Романа Качыёлі назвала прызнанне калег і шэрагу іншых незалежных ініцыятыў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» чарговым этапам сістэмнага наступу на культурныя правы (systematic crackdown on cultural rights). Міжнародная супольнасць расцэньвае гэты крок уладаў Беларусі як выкарыстанне крымінальнага правасуддзя ў якасці зброі супраць творцаў, выдаўцоў і інтэлектуалаў.
АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ, ПРЫЦЯГНЕННЕ ДА КРЫМІНАЛЬНАЙ АДКАЗНАСЦІ
Цягам першых трох месяцаў 2026 года стала вядома не менш як пра 24 выпадкі адвольных затрыманняў і арыштаў дзеячаў культуры (адзін чалавек быў затрыманы двойчы). Пераважная большасць з іх адбылася ў межах лютаўска-сакавіцкай хвалі затрыманняў выдаўцоў і літаратараў. Акрамя таго, 10 лютага паведамлялася пра затрыманні ў мінскай творчай прасторы «Парасон». Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», як мінімум траіх затрыманых змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання; сутнасць абвінавачванняў супраць іх застаецца невядомай.
Раніцай 29 студзеня групай захопу каля пад’езда ўласнага дома ў Мінску была затрымана праваабаронца Алена Танкачова, якая займаецца сярод іншага тэмай культурных правоў. У яе кватэры правялі ператрус – шукалі «прадметы, дакументы і іншыя абставіны, якія былі б звязаны з падтрымкай экстрэмісцкай дзейнасці як унутры Беларусі, так і за яе межамі». Праваабаронцу даставілі ў гарадское ўпраўленне КДБ, дзе яе дапытвалі ў якасці «сведкі» і ўвесь гэты час спрабавалі схіліць да супрацы – найбольш аператыўнікаў цікавіла арганізацыя праваабарончай працы за мяжой. На наступны дзень Алену Танкачову, якая пражыла ў Беларусі больш за 40 гадоў, дэпартавалі з краіны (яна мае расійскае грамадзянства).
У першым квартале 2026 года мінімум 10 дзеячаў культуры былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці паводле палітычна матываваных спраў.
- У лютым на два гады калоніі і штраф асуджана журналістка і нон-фікшн аўтарка Ціна Палынская. Яе абвінавацілі паводле артыкула 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»). Паводле наяўных звестак, гэтая справа звязана з рашэннем КДБ аб прызнанні «экстрэмісцкім фарміраваннем» Беларускай аналітычнай майстэрні (16 траўня 2025 года) – незалежнай сацыялагічнай ініцыятывы, заснаванай у 2012 годзе ў Варшаве. Арганізацыя займаецца правядзеннем сацыялагічных апытанняў сярод беларускіх грамадзян. Разам з Палынскай была асуджана яе старэйшая дачка Маргарыта Рабіновіч.
- 4 сакавіка на тры гады калоніі і штраф (больш за 20 000 беларускіх рублёў / ~7000 долараў ЗША) асуджаны Алег Хаменка – музыка, даследчык, лідар фолк-мадэрн гурта «Палац». Яму інкрымінавалі арт. 361-4 КК («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці») за супрацу з «Беларускім Радыё Рацыя» (Беласток; прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем» 16 студзеня 2024 года). Музыка вёў на радыё некалькі асветніцкіх праграм; падчас суда выпускі яго перадач адпраўляліся на экспертызу. Праграмны дырэктар медыя падкрэсліў палітычную матываванасць справы: «Ніякай палітыкі ў праграмах Алега не было. Што было звязана з Беларуссю – гэта мова: усе праграмы ішлі па-беларуску».
- 19 сакавіка на чатыры гады «хіміі» паводле ч. 1 арт. 361-1 КК («Кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем») асуджаны Ягор Бужылаў, адзін з кіраўнікоў ювелірнага брэнда «Bielaruskicry», створанага беларусамі ў Грузіі (прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем» 24 ліпеня 2025 года). Яму паставілі ў віну перадачу аднаго з вырабаў брэнда Святлане Ціханоўскай.
- 19 сакавіка на 8,5 года калоніі і штраф (45 000 беларускіх рублёў / ~16 000 долараў ЗША) паводле арт. 357 КК («Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады») асуджана рамесніца Ірына Якаўлева, якая займалася царкоўным мастацтвам. Прысуд вынесены ў межах справы так званых «дваровых чатаў».
Таксама сярод асуджаных у першым квартале 2026 года:
- Уладзімір Патапенка [13], музыка – паводле арт. 361-4 і 328 КК асуджаны на «хатнюю хімію»;
- Наталля Бачурынская, фатографка дзікай прыроды – паводле арт. 361-4 КК; пасля апеляцыі прысуд на тры гады калоніі са штрафам (22 500 рублёў / ~8000 долараў ЗША) заменены на тры гады «хатняй хіміі»;
- Яна Сырэвіч, дызайнерка – паводле арт. 361-4 КК асуджана на «хатнюю хімію»);
- Міхаіл Масалевіч, гісторык, экскурсавод – паводле арт. 361-4 КК асуджаны на тры гады «хатняй хіміі»);
- Наталля Дзядуля, супрацоўніца БДУКМ – паводле арт. 130 і 361-4 КК асуджана на «хатнюю хімію»;
- Яна Маскалёва, дызайнерка-ілюстратарка – паводле арт. 361-4 КК асуджана на «хатнюю хімію».
Як мінімум двое асуджаных прадстаўнікоў сферы культуры – Уладзімір Патапенка і Яна Сырэвіч – былі затрыманы пасля вяртання ў Беларусь. Характэрнай рысай першага квартала стала тое, што абсалютная большасць прысудаў (у 7 з 10 выпадкаў) тычылася арт. 361-4 КК. Часцей за ўсё яны былі звязаны са справай маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн» – перадачай інфармацыі пра перамяшчэнне расійскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі краіны.
ЦЭНЗУРА І ІНШЫЯ ПАРУШЭННІ КУЛЬТУРНЫХ ПРАВОЎ
Цэнзура пранізвае практычна ўсе сферы культурнага жыцця – ад літаратуры, тэатра і жывапісу да музейнай справы, кінамастацтва і традыцыйнай народнай культуры. Выкарыстоўваючы афіцыйныя і непублічныя спісы, негалосныя «рэкамендацыі» або прамы пераслед, дзяржава сістэмна парушае свабоду творчасці і культурныя правы грамадзян. Пры гэтым самі механізмы фармавання забарон застаюцца непразрыстымі і часта не паддаюцца рацыянальнаму тлумачэнню. Гэты ціск ажыццяўляецца як унутры краіны, так і за яе межамі, закранаючы беларусаў як на волі, так і ў месцах пазбаўлення свабоды.
ЗАБАРОНЕНЫЯ КНІГІ
У справаздачны перыяд агулам 20 кніг было прызнана «экстрэмісцкімі» або «небяспечнымі»:
- Чатыры выданні папоўнілі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: дзіцячая мастацкая кніга пра дыназаўра «Джа. Легенда аб забраным сэрцы» Эліяша Барта (18 лютага); мемуары Іосіфа Ятчэні «Дневники сотрудника НКВД: документальное разоблачение сталинизма» пад рэдакцыяй Настассі Зелянковай (6 сакавіка); лірычны постфікшн Паўла Анціпава «Куда-нибудь приезжать что-нибудь делать и уезжать» (13 сакавіка) і гісторыя сучаснай Беларусі праз прызму біяграфіі «Беларусь Натальи Радиной: журналистка против диктатора» Юрыя Фяльшцінскага (13 сакавіка).
- 26 лютага спіс выданняў, здольных «нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», папоўнілі 16 кніг. Сярод іх – прызнаныя здабыткі сусветнай літаратуры і культуры: «Нацыя празака» Элізабет Вурцэль – знакавы твор для амерыканскай культуры 1990-х; «Песня Ахіла» Мадлен Мілер – раман, які стаў лаўрэатам прэстыжнай брытанскай прэміі «Orange Prize for Fiction» (2012); «Абсалютыст» Джона Бойна – магутная псіхалагічная драма пра падзеі Першай сусветнай вайны ад аўтара сусветнага бестселера «Хлопчык у паласатай піжаме»; іншыя выданні, арыентаваныя на розныя чытацкія аўдыторыі.
«СТОП-ЛІСТЫ» ВЫКАНАЎЦАЎ
У музычнай сферы цэнзура рэалізуецца ў тым ліку праз існаванне так званых «стоп-лістоў» – неафіцыйнага спіса ад ідэолагаў, які забараняе выкарыстанне твораў пэўных беларускіх, украінскіх, расійскіх і іншых замежных артыстаў у публічнай прасторы (дыскатэкі, караоке, радыёэфіры і г. д.).
У сакавіку 2026 года да выдання «Наша Ніва» трапіў абноўлены пералік артыстаў, які цяпер налічвае 179 пазіцый (у папярэднім было 160).
Асноўныя змены ў спісе:
- Папаўненне. Сярод двух дзясяткаў імёнаў, якія не фігуравалі ў спісе раней, пераважна расійскія артысты і медыяперсоны: Анжаліка Варум, гурты «Братья Гримм», «Градусы», «Радиограмма», «Кар-мэн», «Dvanov» і іншыя; тэлевядоўцы Іван Ургант і Ксенія Сабчак. Таксама ў спіс трапілі ўкраінскія спявачкі Alyona Alyona (Алена Саўраненка) і Maruv (Ганна Корсун). Сярод прадстаўнікоў беларускай сцэны – мінская кавер-група «DiscoWox».
- Персаналізацыя забароны. Характэрна, што некаторыя лідары гуртоў цяпер вынесены ў спіс таксама і персанальна: гэта тычыцца Андрэя Макарэвіча (асобна ад гурта «Машина времени»), Максіма Пакроўскага (гурт «Ногу свело»), Аляксандра Васільева (гурт «Сплин») і ўкраінскага выканаўцы Аляксея Патапенкі («Потап и Настя»).
АДМЕНА ЗАЦВЕРДЖАНЫХ КУЛЬТУРНЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ, ПЕРАСЛЕД ЗА ЎДЗЕЛ
Цягам студзеня – сакавіка 2026 года не адбыліся раней зацверджаныя мерапрыемствы – у тым ліку паводле новых «падстаў», напрыклад, «з меркаванняў бяспекі». Пад пераслед трапілі нават удзельнікі аднаго з дазволеных мерапрыемстваў.
Так, з ідэалагічных меркаванняў у Гомельскай карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі было адменена мерапрыемства «Дзень закаханых з Вудзі Аленам», запланаванае на 14 лютага. У праграме былі заяўлены прагляд і абмеркаванне камедыйнай меладрамы «Эні Хол», гульні і наведванне выстаў.
Жалобную цырымонію ў памяць аб 84-й гадавіне расстрэлу вязняў Мінскага гета, якая мелася адбыцца 2–3 сакавіка ў мемарыяльным комплексе «Яма», перанеслі «з меркаванняў бяспекі».
18 сакавіка стала вядома, што ў горадзе Ветка Гомельскай вобласці «ў сувязі з рэкамендацыяй не праводзіць масавыя мерапрыемствы ў памяць сумнай гадавіны Хатынскай трагедыі» было адменена запланаванае на 22 сакавіка святкаванне традыцыйнага беларускага свята Гуканне вясны – праводзін зімы. Пры гэтым агучаная ідэолагамі прычына адмены не перашкодзіла правядзенню аналагічнага мерапрыемства ў іншым месцы, як і яго асвятленню на нацыянальным тэлебачанні.
Святкаванне Гукання вясны на закрытай тэрыторыі гомельскага рэстарана «Спадчына», дзе 21 сакавіка на народны абрад сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек (у тым ліку дзеці), не было адменена. Аднак афіцыйна дазволенае мясцовымі ўладамі мерапрыемства скончылася затрыманнямі. Некаторых удзельнікаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці – у прыватнасці, паводле арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Як мінімум адзін чалавек быў пакараны 15 суткамі арышту, астатнія атрымалі вялікія штрафы. Вядома як мінімум пра адзін выпадак утрымання ўдзельніцы ў РАУС на працягу 8 гадзін для правядзення «прафілактычнай працы».
АДМЕНА ШТОГАДОВЫХ ФЕСТЫВАЛЬНЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ
У жніўні 2025 года была прынята пастанова Савета Міністраў № 454 «Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў», якая чарговы раз узмацніла дзяржаўны кантроль у сферы культуры. Наступствы не прымусілі сябе чакаць: у канцы 2025 – пачатку 2026 года стала вядома пра адмену шэрагу штогадовых музычных фестываляў, арганізатары якіх не змаглі трапіць у новы рэестр. Пры тым, што пасля 2020 года фестывальная карта Беларусі агулам значна парадзела, а цяперашнія культурна-забаўляльныя мерапрыемствы часта арыентаваныя на расійскую сцэну, нават яны апынуліся пад ударам.
Фактычна праз механізм рэестра адбываецца далейшая манапалізацыя рынку дзяржавай. Яскравым пацвярджэннем гэтага з’яўляецца «belbet fest», запланаваны на 13 чэрвеня 2026 года на стадыёне «Дынама». Да яго арганізацыі мае дачыненне Музычная медыякампанія (ММК), звязаная з сям’ёй Лукашэнкі, што забяспечвае ёй бесперашкоднае атрыманне ўсіх неабходных дазволаў.
Ніжэй – кароткая гісторыя фестываляў, якія вымушана не адбудуцца ў 2026 годзе, у парадку з’яўлення паведамленняў пра іх адмену. А таксама інфармацыя пра колькасць патэнцыйных гледачоў, чые інтарэсы такім чынам закрануты і якія страцілі магчымасць скарыстацца звыклым культурным фарматам.
- Рок-фестываль «Сонцастаянне» праводзіўся ў Пружанах Брэсцкай вобласці на стадыёне «Мухавец». Гісторыя мерапрыемства пачалася ў 2023 годзе: дэбютны маштабны канцэрт пад назвай «Пружаны.FEST» прайшоў 15 ліпеня і быў прымеркаваны да 590-годдзя горада. Ужо ў 2024-м фэст атрымаў сваю афіцыйную назву, стаў платным і змяніў час правядзення на канец чэрвеня. Усяго адбыліся тры сезоны: «Пружаны.FEST» (2023) і «Сонцастаянне» (2024–2025). Колькасць гледачоў ужо на другі год правядзення перавысіла колькасць насельніцтва самога горада (каля 19 000 чалавек). 12 снежня 2025 года каманда арганізатараў паведаміла ў сацсетках, што ў 2026 годзе фестываль не адбудзецца:
«ТАА “Сонцастаянне” не ўнесена ў Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў (ліст Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 02-01-09/550 ад 14.11.2025 г.) і не мае права ажыццяўляць пракат замежных (у тым ліку расійскіх) выканаўцаў».
- «Wostrau Nesvizh Fest» праходзіў у канцы жніўня на тэрыторыі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж». Гэты опэн-эйр суседнічаў з помнікам архітэктуры XVI–XIX стагоддзяў, унесеным у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (2005). Фестываль праводзіўся тры гады запар (пачынаючы з 2023-га), збіраючы ў сярэднім ад 15 000 да 25 000 чалавек за ўік-энд. 5 лютага арганізатары паведамілі пра яго адмену:
«Дзякуй гораду Нясвіжу – за прыгажосць, атмасферу і цёплы прыём. Дзякуй нашым партнёрам, падрадчыкам і ўсёй камандзе – за каласальную працу і веру ў праект. І самае галоўнае – дзякуй ВАМ, нашым гасцям. За давер, каханне і за тое, што ўсе гэтыя гады вы стваралі WOSTRAU разам з намі».
- «LIDBEER» – штогадовы фестываль, які праходзіў у Лідзе з 2015 года як сацыяльны праект кампаніі «Лідскае піва». Уваход на большасць пляцовак горада традыцыйна быў бясплатным. Мерапрыемства, прымеркаванае да Дня горада, звычайна праводзілася ў пачатку верасня, а галоўная сцэна месцілася каля сцен Лідскага замка – яшчэ аднаго аб’екта з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусі. За час свайго існавання фестываль адбыўся восем разоў, прайшоўшы шлях ад рокавага опэн-эйра да маштабнага мультыжанравага свята. У пікавыя гады (2018–2019) колькасць гасцей перавышала 130 тысяч чалавек. Сёлета кампанія «Лідскае піва» святкуе сваё 150-годдзе, аднак 19 сакавіка стала вядома, што і гэтае мерапрыемства адменена:
«З сумам і жалем паведамляем, што фестываль LIDBEER у гэтым годзе не адбудзецца».
[28 красавіка з’явілася інфармацыя, што фестываль усё ж такі адбудзецца.]
- Стадыённы фестываль «FESTIWOW» – самы малады ў гэтым спісе, праходзіў у самым пачатку жніўны на мінскім стадыёне «Дынама» ў 2024 і 2025 гадах. Гэта фестываль актуальнай поп-музыкі, індзі і альтэрнатывы. Сярэдняя наведвальнасць – каля 11 000 чалавек. 30 сакавіка каманда паведаміла пра адмену з незалежных ад іх прычын:
«Для нас гэта было вялікім ударам, бо мы ўжо падпісалі кантракты з артыстамі, заключылі дамовы з партнёрамі, планавалі абвясціць хэдлайнераў і выйсці ў продаж. Мы да апошняга верылі, што атрымаем дазвол на правядзенне нашага фестывалю, але, на жаль, закон ёсць закон».
У каментарыях пад паведамленнямі пра адмену кожнага з фестываляў – суцэльнае шкадаванне гледачоў: людзі планавалі паездкі ўсёй сям’ёй, чакалі сустрэч і штогадовых любімых імпрэз, да якіх прызвычаіліся. Тым не менш, тысячы беларусаў пазбаўлены права на адпачынак у звыклым для іх фармаце і магчымасці атрымаць чаканы культурны прадукт.
КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД І АДЗЯРЖАЎЛЕННЕ ЯК ІНСТРУМЕНТЫ ТАТАЛЬНАЙ ЦЭНЗУРЫ
Адмена фестываляў, забароны на выступы артыстаў ці распаўсюд кніг – гэта толькі частка сістэмнай цэнзуры. Сёння ў Беларусі яна ахоплівае ўсе сферы мастацтва і асветы: ад прамога зняцця прац мастакоў з экспазіцый і ідэалагічнай атэстацыі экскурсаводаў да адкрытай крыміналізацыі культуры (гл., напрыклад, раздзелы пра пераслед незалежных выдаўцоў, прызнанне культурных арганізацый «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», крымінальныя прысуды за творчасць і г. д). Судовыя справы робяцца сродкам ліквідацыі незалежных пляцовак, а эканамічны ціск – спосабам прымусовага адзяржаўлення культурнай прасторы.
Сярод праяў гэтага працэсу, якія зафіксаваны ў справаздачны перыяд:
- Закрыццё творчых прастор і пляцовак. Пасля рэйду сілавых структур спыніла дзейнасць мінская прастора «Parason» (сацсеткі праекта не абнаўляюцца з 10 лютага). Пасля затрымання ўладальніка сайт беларускіх кніг «Kby» заблакаваны і прызнаны «экстрэмісцкім», а на партале з’явілася паведамленне «Кнігарня не працуе». Сайт https://knihi.by/ з тых часоў не адкрываецца.
- Пераслед за гістарычную асвету. Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу за «аўтарскую інтэрпрэтацыю гістарычных падзей» супраць вядоўцы Кацярыны Ваданосавай – яе лекцыі на YouTube палічылі «рэабілітацыяй нацызму» (ч. 3 арт. 130-1).
- Канфіскацыя рукапісаў. Працягваюць фіксавацца выпадкі канфіскацыі рукапісаў, дзённікаў і асабістых запісаў у палітзняволеных пры іх выхадзе на волю. Гэтая практыка накіравана на тое, каб не даць думкам і творам выйсці за сцены турмаў.
- Адзяржаўленне праз эканамічны ціск. Яскравым прыкладам выціскання незалежных суб’ектаў з культурнага поля стала сітуацыя з найбуйнейшым білетным аператарам «Kvitki.by». Пасля затрымання кіраўніцтва кампаніі ў жніўні 2025 года ўжо ў кастрычніку пачаўся працэс ліквідацыі арганізацыі. У студзені 2026 года стала вядома, што таварныя знакі сэрвісу перайшлі да дзяржаўнага прадпрыемства «Беларускія латарэі», якое знаходзіцца ў структуры Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Такім чынам дзяржава атрымала прамы кантроль над значнымі фінансавымі патокамі і інфраструктурай культурных мерапрыемстваў.
- Іншыя выпадкі прамой і ўскоснай цэнзуры і парушэнняў культурных правоў, у тым ліку непублічныя факты.
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
На сённяшні дзень вектар дзяржаўнай палітыкі застаецца статычным: гэта цэнзура і паслядоўнае ўзмацненне кантролю, выцясненне іншадумцаў пры адначасовым заахвочванні лаяльных творцаў, мілітарызацыя культурнай прасторы і манапалізацыя дыскурсу гістарычнай памяці, антызаходні дыскурс і выразны прарасійскі курс. Спынімся на некалькіх, у тым ліку заканадаўчых, аспектах дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры за акрэслены перыяд.
Дзяржаўная праграма «Культурная прастора» на 2026–2030 гады
На пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры «Аб выніках дзейнасці сферы культуры ў 2025 годзе і задачах развіцця на 2026 год» тагачасны міністр Руслан Чарнецкі ў савецкім духу разважаў пра культуру як інструмент «духоўнага і маральнага выхавання пакаленняў». Сярод ключавых падзей ён вылучыў прыняцце пастановы Савета Міністраў № 454, якая ўзмацніла кантроль праз рэестр арганізатараў мерапрыемстваў і ўжо прывяла да адмены шэрагу буйных музычных фестываляў. Адной з галоўных праблем быў названы кадравы голад – значная колькасць працяглых вакансій у сярэднім звяне галіны.
Асноўнай задачай на 2026 год міністр абвясціў завяршэнне будавання новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея – гіганцкага навабуду афіцыйнай ідэалогіі з максімальна выверанай і адфільтраванай трактоўкай мінулага. Далейшае фінансаванне гэтага праекта замацавана ў Дзяржаўнай праграме «Культурная прастора» на 2026–2030 гады, якая пачала дзейнічаць з 1 студзеня 2026 года.
У цэлым новая дзяржпраграма ўяўляе сабой класічны ўзор планавай эканомікі, дзе развіццё галіны вымяраецца пераважна колькаснымі паказчыкамі: колькасцю экспазіцый, праведзеных мерапрыемстваў, наведванняў і г. д. На гэтым фоне афіцыйныя дэкларацыі пра «забеспячэнне доступу да мастацтва» або «паглыбленне інтэграцыі беларускай культуры ў сусветную прастору» выглядаюць як фармальныя лозунгі, цалкам адарваныя ад рэчаіснасці. У сённяшніх умовах масавых рэпрэсій супраць дзеячаў культуры і глыбокай міжнароднай ізаляцыі Беларусі спробы заяўляць пра «сусветную інтэграцыю» толькі падкрэсліваюць прорву паміж бюракратычным планаваннем і рэальным станам рэчаў.
Гэты разрыў добра відаць на прыкладзе запланаванай мадэрнізацыі бібліятэк і сельскіх клубаў, якая будзе адбывацца паралельна з практыкай канфіскацыі «непажаданай» літаратуры пад наглядам сілавых структур. Падобная селектыўнасць закране і лічбавізацыю музейных каталогаў: у межах зацверджанай у 2025 годзе Дырэктывы № 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы» гэты працэс ахопіць толькі тыя аб’екты, што прайшлі ідэалагічную фільтрацыю. Пры гэтым у праграме цалкам адсутнічае падтрымка незалежных ініцыятыў і нізавых культурных рухаў – на фоне сістэмнага знішчэння любых незалежных праяў усё, што не ўпісваецца ў вертыкаль Мінкульта, застаецца па-за межамі фінансавання і легальнага поля.
Такая тэндэнцыя характэрная агулам для дзяржпраграмы на 2026–2030 гады: акцэнт на вонкавую мадэрнізацыю фасадаў выкарыстоўваецца для маскіроўкі глыбокага кадравага крызісу і замяшчэння культурнай прасторы стэрыльнай ідэалагічнай формай.
Магчымая рэарганізацыя літаратурных музеяў – Якуба Коласа і Янкі Купалы
Трывожным сігналам з’яўляецца ініцыятыва Міністэрства культуры наконт рэарганізацыі музеяў беларускіх класікаў – Якуба Коласа і Янкі Купалы. Гаворка ідзе пра магчымае пазбаўленне гэтых устаноў самастойнасці. Прафесійная супольнасць успрымае гэтыя планы рэзка негатыўна, асцерагаючыся, што такая «аптымізацыя» нанясе непапраўную шкоду навуковай, асветніцкай і экспазіцыйнай дзейнасці абодвух музеяў.
Законапраект аб выкарыстанні музыкі без згоды аўтараў
11 лютага дэпутаты ў першым чытанні прынялі праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прававой аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці». Дакумент прадугледжвае магчымасць вольнага выкарыстання музычных твораў без згоды праваўладальнікаў (пры ўмове выплаты ўзнагароджання) рэдакцыямі тэлевізійных СМІ, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет.
Гэта фактычна азначае абмежаванне правоў уласнасці, і галоўная праблема не ў адсутнасці згоды як такой, а ў страце аўтарам кантролю над кантэкстам: музыка можа быць выкарыстана ў прапагандысцкіх роліках, і творца не зможа на гэта паўплываць.
Асабліва красамоўна гэта выглядае ў сувязі з новым статусам тэлекампаніі «ВоенТВ». З 23 лютага 2026 года гэты вайсковы канал, у аснове вяшчання якога «патрыятычны кантэнт і кіно», стаў самастойнай вяшчальнай пляцоўкай і ўвайшоў у агульнадаступны пакет.
Новае прызначэнне ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы
10 сакавіка 2026 года калектыву тэатра быў прадстаўлены новы мастацкі кіраўнік – расійскі рэжысёр Дзмітрый Акімаў, які раней працаваў з трупай як запрошаны пастаноўшчык. Афіцыйная пазіцыя Міністэрства культуры трактуе гэтае прызначэнне як пачатак «новай старонкі» ў гісторыі флагманскага тэатра.
Аднак у прафесійным асяроддзі рашэнне выклікала вялікі скепсіс. Эксперты разглядаюць прыход замежнага кіраўніка як разбурэнне нацыянальных тэатральных традыцый і сістэмы Купалаўскага тэатра. Асноўным аргументам крытыкаў з’яўляецца тое, што чужы для беларускай культуры чалавек, асоба, якая не ведае беларускай мовы, не інтэграваная ў беларускі культурны кантэкст і нацыянальныя рэаліі, не можа паўнавартасна ўзначальваць галоўную сцэну краіны.
Гэтае прызначэнне стала лагічным вынікам сістэмнага кадравага і рэжысёрскага голаду – прамога наступства падзей 2020 года, калі тэатр пакінула асноўная частка трупы. За мінулыя гады кіраўніцтву не ўдалося аднавіць творчы патэнцыял: праз масавыя адмовы беларускіх акцёраў ад супрацы тэатр апынуўся ў поўнай залежнасці ад вонкавых прызначэнняў.
ВЫСНОВЫ
За перыяд са студзеня па сакавік 2026 года ў Беларусі зафіксавана 335 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры: арышты, крымінальны пераслед, катаванні ў месцах зняволення, прымусовая высылка з краіны, трансгранічны ціск, шматлікія праявы цэнзуры і іншыя. Сакавіцкае памілаванне больш як двух дзясяткаў дзеячаў культуры не змяніла сістэмнага характару рэпрэсій, бо вызваленні адбываліся паралельна з новымі хвалямі затрыманняў.
Сістэмны пераслед у сферы культуры прывёў да таго, што нават на афіцыйным узроўні паводле вынікаў 2025 года ўлады вымушаны прызнаваць востры дэфіцыт кадраў. Паводле справаздачы Міністэрства культуры, «сёння ў краіне не хапае бібліятэкараў, артыстаў, рэжысёраў і кіраўнікоў творчых калектываў». Гэты кадравы голад з’яўляецца прамым наступствам палітыкі «зачыстак» і вымушанай эміграцыі прафесіяналаў.
На канец сакавіка ў месцах пазбаўлення або ва ўмовах абмежавання волі знаходзіліся не менш за 128 прадстаўнікоў сферы культуры. Характэрна, што ў абвешчаны дзяржавай «Год беларускай жанчыны» за кратамі або на «хатняй хіміі» адбываюць палітычна матываванае пакаранне як мінімум 47 дзяячак культуры.
Незалежны сектар культуры зазнае далейшую крыміналізацыю, а літаратура, беларуская кніга і ініцыятывы, выбудаваныя вакол нацыянальнай мовы, застаюцца прыярытэтнымі мішэнямі. Праз выкарыстанне статусу «экстрэмісцкіх фарміраванняў» дзяржава манапалізуе культурнае поле, фактычна прыраўноўваючы незалежную творчую дзейнасць да крымінальнага злачынства і ствараючы ўмовы для поўнай ізаляцыі ўнутранага асяроддзя.
Крыміналізацыя культуры разам з дыскрымінацыяй тытульнай мовы з’яўляюцца часткамі сістэмнай палітыкі ўладаў па разбурэнні нацыянальнай ідэнтычнасці. Праваабаронцы, у тым ліку Міжнародны ПЭН, патрабуюць неадкладна спыніць выкарыстанне «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства для задушэння свабоды выказвання і заклікаюць міжнародную супольнасць да працяглай падтрымкі беларускай мовы і культуры – як унутры краіны, так і за яе межамі.
[1] Інфармацыя пра колькасць дзеячаў культуры не з’яўляецца канчатковай, бо не пра ўсіх іх адразу робіцца вядома.
[2] Абмежаванне свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
[3] У перыяд з чэрвеня 2025 года па сакавік 2026 года пры пасярэдніцтве ўрада ЗША і пасля візітаў Джона Коўла ў Мінск адбыліся чатыры хвалі памілаванняў, у выніку якіх на волю выйшлі 439 чалавек, у тым ліку 48 дзеячаў культуры.
[4] Наконт шэрагу дзеячаў культуры ў праваабаронцаў адсутнічае пацверджаная інфармацыя пра тое, што людзі з апублікаваных спісаў на памілаванне сапраўды выйшлі на волю.
[5] Практыка прызнання людзей, пра чый пераслед стала вядома ўжо пасля іх вызвалення, «былымі палітзняволенымі».
[6] https://budzma.org/about/.
[7] https://gutenbergpublisher.eu/vydaviectva/.
[8] /pen.html.
[9] https://kamunikat.org/about.
[10] https://knihauka.com/pl/i/O-firmie/8.
[11] https://instagram.com/spadcyna_belarusi?igshid=YmMyMTA2M2Y=.
[12] https://www.northernlightsff.com/about.
[13] Уладзімір Патапенка – адзін з памілаваных у сакавіку 2026 года.

