Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
На 15 траўня 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 24, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 122, забароненых кніг – 340.
Сайт Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org стаў аб’ектам маштабнай хакерскай атакі і часова спыніў працу.
У журналісткі і нон-фікшн аўтаркі Кацярыны Андрэевай перад вызваленнем з калоніі былі канфіскаваны рукапісы – увесь архіў за 5 гадоў зняволення.
Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Threads-акаўнт гурта «Naviband».
Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Instagram-старонку Музея імя Івана Луцкевіча (lutskevichmuseum).
Facebook-старонку загінулага ў зняволенні мастака-палітвязня Алеся Пушкіна «Ales Pushkin» уключылі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны 4 паліталагічныя і праваабарончыя выданні.
Адменены фолк-фэст «Свята Сонца».
І. Атака на інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org
У ноч з 6 на 7 траўня 2026 года сайт беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org стаў аб’ектам маштабнай хакерскай атакі і часова спыніў працу. Кіраўнік праекта Яраслаў Іванюк кажа, што гэтая хакерская атака звязана са спецслужбам: «На маю думку, гэта сведчыць пра тое, што “Камунікат” – гэта сапраўды вельмі добры праект, запатрабаваны тымі беларусамі, якія хочуць захоўваць сваю культурную спадчыну, хочуць чытаць па-беларуску, хочуць захоўваць мову, і таму рэжыму, яго спецслужбам гэта не падабаецца». Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org была заснавана ў Польшчы (Беласток) у 2001 годзе, у 2022 годзе было створана аднайменнае выдавецтва. Папярэдняя спроба ўзлому была ў снежні 2025 года. Першая атака на Kamunikat.org адбылася ў 2023 годзе, калі ў Беларусі быў заблакаваны асноўны дамен. 3 сакавіка Kamunikat.org быў прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Праз хакерскую атаку на інтэрнэт-бібліятэку служба барацьбы з кіберзлачыннасцю ў польскім Беластоку распачала крымінальную справу.
ІІ. Канфіскацыя рукапісаў у месцах зняволення
Журналістка і нон-фікшн аўтарка Кацярына Андрэева (Бахвалава), якую вызвалілі з калоніі 19 сакавіка 2026 года і вывезлі з Беларусі, паведаміла пра канфіскацыю ў калоніі запісаў – усёй карэспандэнцыі, усяго архіва за пяць гадоў.
III. Абвяшчэнне праваабарончых, адукацыйных і культурніцкіх арганізацый «экстрэмісцкімі»
1. 6 траўня КДБ унёс у спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў» тры беларускія праекты, што працуюць у замежжы: «Znivien» – брэнд адзення, вядомы пасля 2020 года беларускай сімволікай, тэмамі эміграцыі і пратэстаў, «The Krama Store» – анлайн-крама беларускіх тавараў, у якой папулярызавалі і прадавалі кнігі беларускіх аўтараў, «LVS Language School» – анлайн-школа замежных моваў. «Экстрэмісцкімі» абвешчаны сайты праектаў і іх старонкі ў Instagram, Facebook і TikTok.
2. 7 траўня стала вядома, што Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Threads-акаўнт гурта «Naviband».
3. 11 траўня стала вядома, што Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Instagram-старонку Музея імя Івана Луцкевіча (lutskevichmuseum).
4. 14 траўня стала вядома, што Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Facebook-старонку «Мова Нанова – Тэлеверсія».
IV. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак дзеячаў культуры
4 траўня суд Глускага раёна Магілёўскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай» Facebook-старонку мастака-палітвязня Алеся Пушкіна, які загінуў у зняволенні 11 ліпеня 2023 года праз несвоечасовую медыцынскую дапамогу. 6 траўня старонку «Ales Pushkin» уключылі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
V. Забароненыя кнігі
1. 6 траўня стала вядома, што паводле заяваў прокуратуры Заводскага раёна Мінска рашэннем суда Заводскага раёна ад 25 красавіка «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны кнігі: «Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму» (Менск: Аналітычны грудок, 2005), «Зборнік аналітычных дакладаў» (Вільня: Цэнтр падтрымкі выдавецкіх ініцыятываў, 2009), «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2008 годзе» (Мінск: Аналітычны агляд, 2009), «Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі» (Менск: Аналітычны грудок, 2003).
2. 11 траўня стала вядома, што пракуратура Заводскага раёна Мінска выявіла, што на адным з сайтаў для рэалізацыі прапаноўвалася кніга Гайнца Гудэрыяна «Воспоминания немецкого генерала. Танковые войска Германии во Второй мировой войне. 1939–1945», уключаная ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пракуратура накіравала афіцыйнае прадпісанне з патрабаваннем неадкладна выдаліць кнігу з каталогаў тавараў, што было выканана.
VI. Адмена падзей культуры
8 траўня стала вядома, што ў 2026 годзе не адбудзецца фолк-фэст «Свята Сонца», які рэгулярна ладзіўся ў музейным комплексе традыцыйных рамёстваў «Дудуткі» і быў прымеркаваны да дня летняга сонцастаяння.