
Уводзіны
Рэпрэсіі ў дачыненні да свабоднай беларускай кнігі: пяцігадовы экскурс
Пераслед літаратараў: статыстыка
Актуальны стан сферы: праблемы і наступствы
Літаратары ўнутры краіны: эмацыйны стан, стратэгіі працы і прагнозы на будучыню
Высновы і запыт на падтрымку
«Вось канфіскавалі сілавікі летась лэптоп, дыскі памяці,
а разам з імі скралі незваротна мае творчыя набыткі апошніх гадоў:
рукапіс паэтычнай кнігі “Узнясенне”, рукапіс маёй славутай грыбной кнігі
“Таямніцы беларускага лесу”, якую збіраў-пісаў больш за чатыры гады і
неўзабаве планаваў выдаць, некалькі апавяданняў, дзясяткі перакладаў, фотаархіў…»
Сярсей Сыс [1], «Пералёт-трава»
УВОДЗІНЫ
2020 год стаў пераломным для сферы культуры Беларусі. Паступальнае развіццё (наколькі яно магчымае ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы) не проста затармазілася: створаныя незалежным сектарам структуры былі фактычна знішчаны, як і адносная творчая свабода, якая раней у пэўнай ступені адчувалася нават у афіцыйных установах.
Людзі культуры, у тым ліку літаратары, выйшлі на пратэст [2], які пасля абярнуўся маштабнымі рэпрэсіямі – ад крымінальнага пераследу да выціскання з публічнай прасторы. Беларуская кніга апынулася ва ўмовах інстытуцыйнага ціску, механізмы цэнзуры і адміністрацыйныя бар’еры ператварыліся ў сістэмны інструмент барацьбы супраць свабоды слова.
Аднак дзяржаўны сектар літаратуры працягвае падтрымлівацца за кошт адміністрацыйнага рэсурсу: выдавецтвы субсідуюцца, праўладны Саюз пісьменнікаў атрымлівае бюджэтныя сродкі, захоўваюцца практыкі савецкага часу – дзяржзаказ, дзяржзакуп, «добраахвотна-прымусовая» падпіска; у спіс «сацыяльна значных» выданняў уключаюцца кнігі праўладных прапагандыстаў. Адначасова незалежны кніжны рынак апынуўся пад беспрэцэдэнтным ціскам: ідзе планамерная барацьба з «няправільнымі» кнігамі, іх аўтарамі і чытачамі.
«Нормай» стала ліквідацыя грамадскіх аб’яднанняў, пазбаўленне выдаўцоў ліцэнзій, дыфамацыя творцаў, канфіскацыя кніг, забарона на іх захоўванне і распаўсюд. Навідавоку шматлікія формы цэнзуры – уключаючы прызнанне «экстрэмісцкімі» навуковых прац, гістарычных матэрыялаў, твораў сучасных беларускіх аўтараў і класікаў айчыннай літаратуры. З’явіўся таксама асобны спіс друкаваных выданняў, «здольных нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». І ўсё гэта – толькі частка рэпрэсій, якія зазнае свабодная кніга на працягу апошніх пяці гадоў.
«Вялікае шчасце, што мы на кніжных паліцах сёння іх не бачым […] Гэта найстрашнейшая, наймагутнейшая зброя. Я кажу пра кнігі [прызнаныя «экстрэмісцкімі»]. Недастатковае разуменне таго, што кніга – значна магутнейшая зброя, чым ракеты і танкі, прыводзіць да таго, што даводзіцца выкарыстоўваць ракеты і танкі», – заявіў у 2022 годзе на круглым стале, прысвечаным палітычнай публіцыстыцы, тагачасны намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.
Гэты матэрыял адлюстроўвае сучасны стан беларускай літаратуры. Ён заснаваны на звестках маніторынгу [3] Беларускага ПЭНа і на дзесяці інтэрв’ю, праведзеных са студзеня па жнівень 2025 года з літаратарамі і Людзьмі Слова [4] – пісьменнікамі, паэтамі, перакладчыкамі, выкладчыкамі, выдаўцамі і даследчыкамі. Яны прадстаўляюць як незалежны, так і дзяржаўны сектары культуры. У аглядзе адлюстраваны факты ціску і статыстыка пераследу беларускіх аўтараў, асноўныя цяжкасці і наступствы для літаратуры ўнутры краіны, патрэбы незалежнай літаратурнай супольнасці.
РЭПРЭСІІ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА СВАБОДНАЙ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ:
ПЯЦІГАДОВЫ ЭКСКУРС
Перш чым перайсці да рэпрэсій, зафіксаваных пасля падзей 2020 года, адзначым ранейшую сітуацыю пераследу дзеячаў культуры, у тым ліку літаратараў.
Так, 7–8 снежня 2019 года ў розных гарадах Беларусі прайшлі мірныя акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй, выкліканыя ўзгадненнем новых «дарожных карт» дзвюх краін [5]. У канцы снежня над удзельнікамі пратэстаў пачаліся суды. Эсэіста, празаіка, публіцыста і грамадскага дзеяча Паўла Севярынца за заклік абараняць незалежнасць краіны затрымалі каля пад’езда яго дома, пакаралі штрафам і 15-сутачным арыштам, які пасля быў працягнуты яшчэ на месяц. Мовазнаўцу і эсэіста Пятра Садоўскага двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, ён атрымаў штрафы. Падчас акцыі ў абарону незалежнасці Садоўскі выканаў патрыятычную песню на словы класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы «А ў бары, бары». Сімвалічна, што яшчэ будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, ён спяваў яе 25 жніўня 1991 года, калі Дэкларацыя аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь атрымала статус канстытуцыйнага закона. Пад пераслед за тыя падзеі трапілі і іншыя літаратары.
2020 год
Адвольныя затрыманні, штрафы і адміністрацыйныя арышты літаратараў сталі рэгулярнымі: спачатку – за акцыі ў абарону незалежнасці краіны, затым – за ўдзел у перадвыбарчых пікетах (легальных), пратэсных маршах, творчых дваравых імпрэзах і іншых ініцыятывах, выкліканых рэакцыяй на несвабодныя выбары і рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў. Вядомыя выпадкі асабліва жорсткіх затрыманняў і збіванняў, у тым ліку ў ізалятарах часовага ўтрымання.
Заводзяцца крымінальныя справы, праводзяцца допыты, прыходзяць позвы ў Следчы камітэт, адбываюцца ператрусы.
Фіксуюцца выключэнні нелаяльных літаратараў з Саюза пісьменнікаў.
Адбываюцца звальненні «паводле згоды бакоў» (а таксама добраахвотныя звальненні з дзяржаўных устаноў на знак пратэсту супраць дзейнай улады), выклікі выкладчыкаў на спецыяльныя ідэалагічныя камісіі і ў рэктараты, выносяцца вымовы за ўдзел у масавых мерапрыемствах, словы падтрымкі пратэстоўцаў і іншыя формы выказвання меркавання, праявы грамадзянскай актыўнасці.
Пачынаюцца першыя адмовы «з тэхнічных прычын» даваць пляцоўкі для літаратурных мерапрыемстваў, адмены прэзентацый кніг і аўтограф-сесій.
З’яўляюцца першыя палітвязні-літаратары.
І тыя, хто вымушана пакідае краіну з меркаванняў бяспекі.
2021 год
Затрыманы і дапытаны выдаўцы Андрэй Янушкевіч і Генадзь Вінярскі, у выдавецтвах «Янушкевіч» і «Кнігазбор» прайшлі ператрусы, рахункі былі заблакаваны, праца фактычна паралізавалася амаль на пяць месяцаў.
Беларуская мытня не прапускае кнігі асобных аўтараў і выдавецтваў, адпраўляе іх на экспертызу «на прадмет экстрэмізму».
26 сакавіка кніга «Белорусский Донбасс» журналістаў Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Ігара Ільяша [абое сёння палітзняволеныя] пра ўдзел нашых суайчыннікаў у ваенным канфлікце на ўсходзе Украіны абвяшчаецца «экстрэмісцкай» – першы выпадак у наступным шэрагу аналагічных рашэнняў.
На дзяржаўным тэлебачанні і ў прапагандысцкіх СМІ выходзяць матэрыялы з дыскрэдытацыяй вядомых літаратараў і незалежных гісторыкаў. У фокусе – паэтка Наталля Арсеннева, аўтарка гімна «Магутны Божа», аднаго з сімвалаў пратэсту; кнігі Уладзіміра Арлова, Аляксандра Лукашука, Уладзіміра Някляева, Паўла Севярынца, Алега Латышонка і іншых.
Кніга «Последние свидетели» нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч выключаецца са школьнай праграмы літаратуры для адзінаццатага класа. У раздзеле «Проза. Чалавек і вайна» яе замяняе твор старшыні праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца «Сыновья».
Творы «пратэсных» аўтараў, а таксама выданні з бел-чырвона-белай сімволікай здымаюцца з паліц дзяржаўных крам, канфіскоўваюцца з бібліятэчных фондаў. Найбуйнейшае спецыялізаванае прадпрыемства краіны ААТ «Белкніга» спыняе супрацу з шэрагам выдавецтваў і аўтараў. Дзяржаўнае прадпрыемства «Белсаюздрук» у аднабаковым парадку скасоўвае дамовы на рэалізацыю шэрагу друкаваных выданняў, сярод якіх газета «Новы час», часопіс «Наша гісторыя».
У праўладных прапагандысцкіх Telegram-каналах публікуюцца «пакаянныя» відэа дыфамацыйнага характару, дзе, сярод іншага, дэманструецца наяўнасць у затрыманых «няправільных» кніг. Зафіксаваны факты іх канфіскацыі пры затрыманні актывістаў, падчас ператрусу ва Універсітэце імя Ніла Гілевіча. Канфіскавана ўся бібліятэка з аршанскага офіса Таварыства беларускай мовы, забраны творы з серыі «Беларуская турэмная літаратура». У месцах пазбаўлення волі палітвязні сутыкаюцца з праблемамі доступу да кніг.
У дзяржаўнай перыёдыцы ўзмацняецца цэнзура: адмаўляюцца друкаваць матэрыялы і згадваць імёны пэўных аўтараў. У літаратурных часопісах «Полымя», «Маладосць» і «Нёман» змяняюцца галоўныя рэдактары.
Не выдаюцца гастрольныя дазволы на пастаноўкі паводле твораў нелаяльных аўтараў.
Пачынаецца ціск на арганізацыі грамадзянскай супольнасці: 9 жніўня Вярхоўны суд ліквідуе Беларускі ПЭН-цэнтр, 1 кастрычніка – Саюз беларускіх пісьменнікаў, 8 лістапада –Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Паралельна праўладны Саюз пісьменнікаў рассылае бібліятэкам рэкамендацыі, кнігі якіх аўтараў ім можна або нельга прымаць нават у дар.
Ідуць звальненні работнікаў устаноў культуры, пазбаўленне выкладчыцкіх гадзін і іншыя формы ціску на «ненадзейных» супрацоўнікаў, у тым ліку на філалагічным факультэце галоўнай ВНУ краіны.
Працягваюцца адвольныя затрыманні літаратараў, адміністрацыйныя суды, ператрусы, канфіскацыя тэхнікі, бел-чырвона-белай-сімволікі, а часам і рукапісаў. Заводзяцца крымінальныя справы, праводзяцца допыты (у тым ліку у сувязі з выданнем канкрэтных кніг), адбываюцца закрытыя працэсы, выносяцца новыя прысуды.
Першыя літаратары трапляюць у «тэрарыстычны спіс» Камітэта дзяржаўнай бяспекі – «Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Акаўнты ў сацыяльных сетках пачынаюць абвяшчацца «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Карыстальнікі масава чысцяць свае старонкі ад лайкаў, бел-чырвона-белай-сімволікі і іншага «небяспечнага» кантэнту. Часам літаратары цалкам выдаляюць профілі ў Facebook на патрабаванне сілавікоў («Закрывай – або сядзеш!»).
Расце пласт рэпрэсій, што застаюцца ў цені.
Выдаўцы ўводзяць унутраную цэнзуру, ацэньваючы ўсё запланаванае ў друк на «экстрэмізм».
З-за пагроз аўтары адмаўляюцца ад удзелу ў нефармальных мерапрыемствах, просяць не публікаваць іх імёнаў у выпадку перамогі ў недзяржаўных літаратурных прэміях.
Пачынаецца перанос «прадуктаў беларускай культуры» за мяжу: у Кіеве адбылася прэм’ера спектакля паводле рамана Сашы Філіпенкі «Былы сын», анансавана пастаноўка «Рэвалюцыі» пісьменніка Віктара Марціновіча ў нямецкім тэатры.
2022 год
Выдавецтва «Янушкевіч» пазбаўляюць офіса, а на адкрыццё «Кнігаўкі», яго новай кнігарні, прыходзяць прапагандысты і прадстаўнікі сілавых структур, «нападаюць» на кнігі – у выніку канфіскавана 200 асобнікаў. Выдавец Андрэй Янушкевіч і супрацоўніца крамы, літаратурная аглядальніца Наста Карнацкая арыштаваны. Праз 7,5 гадзіны пасля пачатку продажаў «Кнігаўка» вымушана закрыцца.
Міністэрства інфармацыі на тры месяцы прыпыняе дзейнасць чатырох незалежных выдавецтваў: «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыус» і «Кнігазбор». Да канца года «Лімарыус» і «Галіяфы» ліквідаваны, а «Медысонт» і «Кнігазбор» застаюцца ў падвешаным стане.
Праўладныя прапагандысты і «неабыякавыя» грамадзяне ўчыняюць «ачышчальныя культпаходы» па кнігарнях: шукаюць на паліцах ідэалагічна «шкодныя» выданні (з бела-чырвона-белай сімволікай), працы незалежных гісторыкаў, аўтараў, нелаяльных да рэжыму, а таксама літаратуру ЛГБТ-тэматыкі.
Распаўсюд ужо выдадзеных кніг незалежных выдавецтваў, а таксама беларускай кнігі ў цэлым, ускладнены: па сетцы бібліятэк распаўсюджваюцца «чорныя спісы», што вядзе да канфіскацыі шэрагу твораў і забароны на папаўненне фондаў.
Працягваюцца звальненні, у тым ліку высокакваліфікаваных спецыялістаў, з СМІ, спецыялізаваных на беларускай культуры: з часопісаў «Мастацтва», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», газеты «Культура». Адбываюцца адлічэнні з універсітэтаў.
Уводзяцца няголасныя забароны на публічныя выступы пэўных аўтараў. Пасля анонсаў адмяняюцца творчыя сустрэчы. Ускладняецца працэдура арганізацыі «культурна-забаўляльнага мерапрыемства». Пры праўладным Саюзе пісьменнікаў ствараецца камісія для ажыццяўлення грамадскага кантролю за прадукцыяй кнігарняў. З тэатральнага рэпертуару здымаюцца пастаноўкі паводле п’ес нелаяльных літаратараў.
Старшыня праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец уганараваны званнем «Народны пісьменнік Беларусі» [апошні раз яно надавалася ў 1995 годзе]. Ён вядомы толькі сваімі дэтэктывамі і мілітарызаванымі сюжэтамі, а яшчэ тым, што не напісаў ніводнага твора па-беларуску. Затое меў прамое дачыненне да «чорных спісаў» пісьменнікаў. Дзяржаўныя медыя працягваюць зневажаць і распаўсюджваць дыфамацыйныя матэрыялы на адрас нязгодных літаратараў, у тым ліку палітвязня, праваабаронцы Алеся Бяляцкага – у сувязі з наданнем яму Нобелеўскай прэміі міру.
Не спыняюцца адвольныя затрыманні, у тым ліку за ўдзел у антываенных акцыях пратэсту супраць так званай СВА, за распаўсюд нібыта фэйкавых антырасійскіх матэрыялаў і падтрымку Украіны ў цэлым. Праводзяцца прафілактычныя «гутаркі», допыты, заводзяцца крымінальныя справы і выкарыстоўваюцца іншыя формы пераследу.
Раней асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў беларускія літаратары трапляюць у так званы «спіс экстрэмістаў» – «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
Узмацняецца перанос прадуктаў беларускай культуры, у прыватнасці літаратурных фестываляў, за мяжу. Нарастае пераслед палітычных эмігрантаў.
Да канца 2022 года ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» унесена ўжо 11 [6] кніг.
2023 год
Затрыманы і правёў 10 сутак за кратамі выдавец Зміцер Колас.
Ліквідаваны яшчэ тры незалежныя выдавецтвы: «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Зміцер Колас».
Працягваецца ўмяшанне ў асартымент кнігарняў і бібліятэчных фондаў: з паліц і з электронных каталогаў знікаюць творы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі». Беларуская кніжная прастора ў значнай ступені адцясняецца расійскімі аўтарамі і выдавецтвамі.
Цэнзура закранае школьныя праграмы. З новага навучальнага 2023/2024 года з курса беларускай літаратуры для адзінаццатага класа з ідэалагічных прычын выключаны гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» (заменены творам «Чорны замак Альшанскі») і верш Алеся Разанава «У горадзе валадарыць Рагвалод» (раздзел дадатковага чытання). Са спіса твораў, рэкамендаваных для вывучэння ў рамках прадмета «Літаратурнае чытанне» для чацвёртага класа, выключаны казка Артура Вольскага «Роднае слова» і апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка «Жаўранак».
Канчаткова блакуецца сайт беларускага незалежнага часопіса «ARCHE» (arche.by), на некаторы час абмяжоўваецца доступ да рэсурсу з беларускамоўнымі аўдыякнігамі audiobooks.by і да найбуйнейшай інтэрнэт-бібліятэкі беларускай літаратуры kamunikat.org.
Вымушана спыняе існаванне друкаваны літаратурна-мастацкі часопіс «Дзеяслоў», першы нумар якога выйшаў у верасні 2002 года.
Уносяцца змены ў Закон «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь», якія пашыраюць паўнамоцтвы Міністэрства інфармацыі, уключаючы права спыняць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцоў друкаваных выданняў.
«Экстрэмісцкімі» абвяшчаюцца творы класікаў беларускай літаратуры XIX–XX стагоддзяў – у прыватнасці вершы «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда» з кнігі тэкстаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Выбраныя творы».
Вядома пра існаванне забароны на згадванне імёнаў нелаяльных аўтараў, спісаў тых, каго нельга цытаваць. Рэжым баіцца нават памерлых – пасля даносу праўладнай актывісткі ў гарадскім пасёлку Зэльва дэмантавалі пастаўлены яшчэ ў 2003 годзе сілумінавы помнік-бюст паэтцы-дысідэнтцы Ларысе Геніюш.
Фіксуюцца адмены лекцый, візіты з «папярэджаннем» супрацоўнікаў сілавых структур да літаратараў дадому і на працу, «размовы» ў Міністэрстве культуры з падазраванымі ў нелаяльнасці, вядзецца маніторынг сацыяльных сетак работнікаў культуры, працягваюцца звальненні – у тым ліку пасля даносаў праўладных актывістаў або адміністрацыйных затрыманняў, нарастаюць праблемы з наступным працаўладкаваннем у тых, каго злавілі на іншадумстве.
Літаратары апынаюцца ў спісах грамадзян, прызнаных удзельнікамі «экстрэмісцкіх фарміраванняў». Напрыклад, за прыналежнасць да Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Адбываюцца затрыманні і допыты літаратараў на беларускай мяжы, масавы пераслед за ахвяраванні, зробленыя ў фонды дапамогі пацярпелым у 2020–2021 гадах. Узмацняецца пераслед палітычных эмігрантаў: арышт маёмасці, ціск на родных у Беларусі.
Да канца 2023 года ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» унесена ўжо 40 кніг.
2024 год
Ліквідаваны літаратурна-мастацкі фонд «Нёман», які выпускаў часопіс «Дзеяслоў».
На некаторы час блакуецца доступ да сайтаў кнігарні ў Варшаве выдавецтва «Янушкевіч» – Knihauka.com; некамерцыйнай арганізацыі «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў», што паўстала ў Вільні на месцы ліквідаванага Саюза беларускіх пісьменнікаў – Bellit.info; найбуйнейшай рускамоўнай анлайн-пляцоўкі аўтараў-аматараў «Фикбук» – ficbook.net.
Выставу «Васіль Быкаў. Жыццё праз абрысы і лініі…», прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, аднаго з паслядоўных крытыкаў рэжыму Лукашэнкі, закрываюць на дзясяты дзень працы – замест заяўленых 4,5 месяца экспанавання.
Працягваюць фіксавацца выпадкі гвалту супраць чытачоў – аж да збіцця за знойдзеныя падчас ператрусаў творы на беларускай мове, напрыклад, гістарычныя. Адзначаны факты «чыстак» бібліятэк у турмах і калоніях, уключаючы кнігі на замежных мовах і навучальную літаратуру, аж да іх фізічнага знішчэння.
Да «экстрэмісцкіх матэрыялаў» аднесены Instagram-старонка Беларускага ПЭНа, літаратурны YouTube-канал «Chadanovič», а таксама відэакліп і тэкст песні «Не быць скотам» гурта «Ляпіс Трубяцкі», заснаваны на вершы народнага паэта БССР Янкі Купалы «Хто ты гэткі?» (1908). У пералік, які бесперапынна расце, уключаны і кнігі палітвязняў-літаратараў: Паўла Севярынца, Ігара Мельнікава, Змітра Дашкевіча.
У выніку паправак, унесеных у 2023 годзе ў Закон «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь», уводзіцца новы механізм цэнзуры – пералік друкаваных выданняў, забароненых для распаўсюду як «здольных нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны». На момант складання спіса большасць уключаных у яго кніг прысвечана ЛГБТ-тэматыцы і выпушчана расійскімі выдавецтвамі. Усяго ў спісе 35 найменняў.
Змены закранаюць сферу дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў: істотна скарачаецца пералік дазволеных відаў дзейнасці: напрыклад, выключаецца выдавецкая справа; пасля 31 снежня 2025 года ім давядзецца перарэгістравацца як юрыдычным асобам, што пацягне рост выдаткаў, ускладненне працы і ўзмацненне дзяржаўнага кантролю.
Да канца 2024 года ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» унесена ўжо 59 кніг.
Студзень – жнівень 2025 года
Працягваюцца адвольныя затрыманні, адміністрацыйны і крымінальны пераслед літаратараў і Людзей Слова, выклікі на допыты і «прафілактычныя гутаркі», дыфамацыя і забарона на імя. Звальненні і забарона на прафесію. Цэнзура і поўная забарона або абмежаванне на распаўсюд вынікаў творчай працы, іншыя формы рэпрэсій.
Даносы на літаратараў, іх кнігі, абвінаваўчыя публікацыі ў сацыяльных сетках і іншая актыўнасць прыхільнікаў рэжыму не спыняюцца, а наадварот, выкарыстоўваюцца як падстава для пакаранняў і рэпрэсій.
Працягваецца пераслед літаратараў – палітычных эмігрантаў, у тым ліку ўнясенне іх у базы вышуку Беларусі і Расіі. «Экстрэмісцкім матэрыялам» прызнана Instagram-старонка лонданскага выдавецтва і анлайн-крамы беларускіх кніг «Скарына» («Skaryna Press»).
Да канца жніўня 2025 года ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» унесена 81 кніга. У спісе друкаваных выданняў, «распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам» краіны, – 141 кніга. У краіне – 30 літаратараў-палітзняволеных.
ПЕРАСЛЕД ЛІТАРАТАРАЎ [7]: СТАТЫСТЫКА
Да канца 2020 года ў Беларусі налічвалася 6 літаратараў і Людзей Слова, прызнаных палітзняволенымі, а да канца жніўня 2025-га – ужо 30. З улікам непублічных выпадкаў і тых, хто адбывае пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі», агульная колькасць складае 40 [8] чалавек.
Ігар Аліневіч, Андрэй Аляксандраў, Кацярына Андрэева (Бахвалава), Вацлаў Арэшка, Дзмітрый Баяровіч, Алесь Бяляцкі, Павел Вінаградаў, Дзмітрый Галавач, Зміцер Дашкевіч, Мікола Дзядок, Максім Знак, Дзяніс Івашын, Аляксандр Ільін, Ігар Ільяш, Валерыя Касцюгова, Алег Кацапаў, Максім Лепушэнка, Павел Мажэйка, Іван Марозаў, Уладзімір Мацкевіч, Ігар Мельнікаў, Аляксей Навагродскі, Эдуард Пальчыс, Ціна Палынская, Алена Панкратава, Анджэй Пачобут, Паліна Піткевіч, Сяргей Сацук, Павел Севярынец, Наталля Сівіцкая, Надзея Старавойтава, Алег Сычоў, Аляксандр Францкевіч, Аляксандр Фядута, Алег Хаменка, Алена Церашкова, Ларыса Шчыракова, Аксана Ючкавіч і яшчэ як мінімум двое літаратараў пазбаўлены волі або абмежаваны ў ёй.
З палітвязняў 2020 года на свабоду сёння выйшлі толькі паэтка (і ўдзельніца ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта) Святлана Купрэева: у кастрычніку 2021 года ёй змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе; паэт, рэжысёр Ігнат Сідорчык: у ліпені 2023 года скончыўся яго трохгадовы тэрмін адбывання пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
Усяго за пяць з невялікім гадоў 16 чалавек з ліку літаратараў цалкам адбылі прысуды на 1,5–4 гады калоніі / 2–3 гады «хіміі» / 1–3 гады «хатняй хіміі»: Андрэй Акушка, Марк Бернштэйн, Таццяна Вадалажская, Ганна Важнік, Аляксандр Васілевіч, Аляксей Ільінчык, Вольга Калацкая, Сяргей Макарэвіч, Іван Марозаў (зноў знаходзіцца ў зняволенні), Мікалай Папека, Павел Пернікаў, Ігнат Сідорчык, Андрэй Скурко, Ксенія Сырамалот, Яна Цэгла, Дзмітрый Юртаў.
Шасцёра былі вызвалены на падставе памілавання: Алег Груздзіловіч, Настасся Мацяш, Дар’я Хмяльніцкая, Наталля Дуліна, Ігар Карней, Андрэй Кузнечык (апошнія трое прымусова дэпартаваны з краіны).
Усяго не менш за 67 літаратараў і Людзей Слова былі асуджаны паводле крымінальных артыкулаў (у вочным парадку). Дзевяць чалавек атрымалі тэрміны на 10–20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі, часцей за ўсё ўзмоцненага рэжыму:
- аўтар турэмнай літаратуры і актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч – 20 гадоў;
- аўтар турэмнай літаратуры і актывіст анархісцкага руху Аляксандр Францкевіч – 16 гадоў і 9 месяцаў;
- паэт, журналіст Андрэй Аляксандраў – 14 гадоў;
- паэт, журналіст Дзяніс Івашын – 13 гадоў і 1 месяц;
- блогер, публіцыст, папулярызатар гісторыі Эдуард Пальчыс – 13 гадоў;
- паэт, бард, адвакат Максім Знак; літаратуразнаўца, эсэіст, праваабаронца Алесь Бяляцкі; палітолаг, рэдактарка Валерыя Касцюгова; літаратар, літаратуразнаўца, перакладчык Аляксандр Фядута – па 10 гадоў.
Топ-3 артыкулаў, паводле якіх вынесены крымінальныя прысуды ў дачыненні да літаратараў:
- арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» – фігуруе ў абвінавачаннях у 32 чалавек;
- арт. 130 КК «Распальванне варожасці або разладу» – у 11 чалавек;
- арт. 361-1 КК «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» – таксама ў 11 чалавек.
Усяго з 2020 года як мінімум [9]:
- 67 літаратараў і Людзей Слова прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і асуджаны, прычым пяцёра з іх – двойчы або тройчы;
- 5 асуджаны паводле крымінальных артыкулаў у парадку завочнага спецвядзення;
- 62 прызнаны палітвязнямі;
- 117 трапілі пад адміністрацыйны пераслед;
- 160 прайшлі праз адвольныя затрыманні;
- 52 – у спісах «экстрэмістаў», 12 – «тэрарыстаў».
Дзясяткі і сотні сутыкнуліся з ператрусамі, допытамі, звальненнямі, забаронай на прафесію. Трапілі пад пераслед за раней зробленыя ахвяраванні ў фонды дапамогі пацярпелым. Пры перасячэнні беларускай мяжы праходзяць праз працэдуры праверкі і агляду тэлефонаў.
Імёны многіх унесены ў «чорныя спісы», а іх творы, медыяпрадукты або сацыяльныя сеткі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Не адчуваючы бяспекі ў сваёй краіне, яны вымушаны маўчаць або выкарыстоўваць самацэнзуру ў творчасці, публічных выступах і паўсядзённай камунікацыі.
Многія з’ехалі за мяжу, але і там працягваюць зазнаваць пераслед.
АКТУАЛЬНЫ СТАН СФЕРЫ: ПРАБЛЕМЫ І НАСТУПСТВЫ
Творчае жыццё і літаратурны працэс, нягледзячы на сталы ціск, не спыняюцца ў Беларусі ні на дзень: кожны і кожная працягваюць рабіць на сваім месцы тое, што могуць – «культура не можа аб’яўляць перапынкі».
Тым не менш, сітуацыя сёння такая, што незалежныя аўтары фактычна пазбаўлены доступу да ключавой інфраструктуры: дзяржаўных кнігарняў, бібліятэк і культурных пляцовак. Правядзенне афіцыйных прэзентацый і сустрэч або немагчымае, або максімальна ўскладненае. Практыка цэнзуры і наяўнасць «чорных спісаў» прывялі да выціскання сучасных беларускіх літаратараў з публічнай прасторы і адукацыйных праграм, тады як у дзяржаўных выдавецтвах друкуюцца пераважна класікі і лаяльныя пісьменнікі. Кнігі апошніх гадоў застаюцца нябачнымі для даследчыкаў.
Незалежныя літаратурныя фестывалі і прэміі перамясціліся за межы краіны, візіты замежных аўтараў у Беларусь фактычна спынены. Дадатковы ўплыў на дзейнасць выдавецтваў аказваюць і еўрапейскія санкцыі. Распаўсюд кніг унутры краіны абмежаваны, частка незалежных выдаўцоў працуе за мяжой, аднак дастаўка іх прадукцыі ў Беларусь застаецца спарадычнай і ўскладненай.
Нашыя рэспандэнты адзначаюць наступныя праблемы і негатыўныя наступствы для сферы ў цэлым:
Падзенне накладаў, пагаршэнне якасці і разнастайнасці кніг
«Наклады сталі ў нас таксама малыя: 500 асобнікаў – гэта ўжо будзе даволі шмат. Калі я прыйшла працаваць, […] у нас быў нармальны наклад 1000 асобнікаў, 1000–1500, вось зараз ён зменшыўся да 500. Таму што чытачы нашыя з’ехалі – тыя, хто чытае па-беларуску».
«Таксама кніжкі ў нас сталі купляць менш, менавіта таму, што дорага. І вось мы думаем, што трэба, значыць, у мяккай вокладцы больш выдаваць, каб людзі куплялі. А гэта ж усё дрэнна для выдавецкай культуры, праўда? Якасць кніг пагаршаецца».
«Мастацкая якасць твораў імкліва зніжаецца, у цэлым».
«Памяншэнне колькасці, якасці, тэмаў».
Скарачэнне каналаў, цяжкасці распаўсюду
«Робіш кніжку, харошую кніжку, якая на Беларусь працуе – а ты ведаеш, што яе будзе цяжка або немагчыма распаўсюджваць».
«Выдавецтва як працуе: яно павінна супрацоўнічаць з кнігарнямі, з бібліятэкамі, з музеямі, каб ладзіць нейкія імпрэзы для таго, каб рэалізоўваць кнігі. А гэта ўсё ў нас зараз закрыта».
«Раней быў такі цэнтр закупкі, які закупляў на ўсе бібліятэкі Мінска. Можа, каля 50 бібліятэк, плюс […] у кожным раёне па кожнай вобласці – гэта было больш за 200 бібліятэк, якія набывалі ў кожным раёне дзіцячыя кніжкі. Зараз ніхто не набывае. Ніводная кніжка не трапляе ў бібліятэку. Недзе ў 2021 годзе яны перасталі набываць кніжкі ў недзяржаўных выдавецтваў».
«Трэба такі вытрымаць баланс: і прадаць, і рэкламы занадта не даць, таму што адразу прыходзяць цікавіцца: “А што гэта вы тут, чым тут займаецеся?”»
«Абцяжараны распаўсюд, бо цалкам спыніў супрацоўніцтва з “Белкнігай” [10]».
Цэнзура
«Незалежным пісьменнікам нельга выступаць у Беларусі».
«Я знаходжуся пад забаронай публічных лекцый і выступаў. Я знаходжуся пад персанальнай забаронай».
«Вось да пытання рэалізацыі: калі ты рэалізуешся як навуковец, ты можаш рэалізавацца як навуковец, але ты не павінен спасылацца на артыкулы, напрыклад, нейкага “экстрэміста”, што выехаў. І ёсць пэўны спіс асобаў, на якіх ты не можаш спасылацца, якіх ты не можаш цытаваць».
«Ёсць пэўны спіс аўтараў, якіх нельга цытаваць у сваіх працах. Ёсць пэўны спіс аўтараў, якіх нельга даследаваць. Ну спіс ён, як… Спіса няма такога выразнага, але ёсць, як сказаць, ёсць апрыёры аўтары, якіх нельга даследаваць, апрыёры даследчыкі, якіх нельга цытаваць».
«Цяпер гэта ўсё пад забаронай. І яны зноў вярнуліся да фармату, што можна друкаваць толькі дазволеных, плюс яшчэ дадаліся новыя забароненыя пасля 2020 года».
«Вельмі складана выбраць сучасную тэму […] для абароны курсавой, дыплома. Рэжуцца такія тэмы. І адначасова вельмі падтрымліваецца тэматыка рускамоўная, рускалітаратурная – як бы не выклікае супярэчнасцяў, не выклікае ніякага раздражнення, а толькі падтрымліваецца».
«Існуе а) афіцыйны спіс экстрэмістаў, б) няголасныя чорныя спісы. Проста нават у аўдыторыях не называюць літаратараў тых, якія з’ехалі. Калі называюць, то рэальна баяцца, што хтосьці данясе».
«Як правіла, гэта звязана з цэнзурай, з нейкімі забаронамі, з табуяванасцю некаторых тэм, калі, дапусцім, яшчэ працуе хтосьці ў афіцыйным нейкім выданні». [Напрыклад, табуяваная постаць Кастуся Каліноўскага, згадка «шляхты», нельга казаць “Другая сусветная вайна” – трэба “Вялікая Айчынная вайна” і іншыя прыклады.]
«Зараз проста вал гэтай літаратуры, аплачанай дзяржавай. […] Шмат выдаюць кніг пра “генацыд”, ідэалагічных кніг, у іх вялікія наклады, ім добра плацяць. […] На патрэбу дня, скажам так. Іх абавязаны купіць і бібліятэкі, школьныя бібліятэкі, яны, канешне, шырока ляжаць у кнігарнях».
«Тое ж выдавецтва “Мастацкая літаратура”: перш чым чалавека надрукаваць, яны сто разоў пераправераць, ці не выступаў ён там супраць, ці не засвяціўся ў дваццатым годзе, ці не маюць да яго прэтэнзій сілавікі».
«Не-не, ніхто не высылае спісы [гаворка пра “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”], проста яны з’яўляюцца на сайце – і выдавецтва мусіць пільнаваць, ці не з’явілася ягоная кніжка, якую яны прадаюць, на гэтым сайце».
«А тут ужо проста згадка імя некаторага, нават у якасці рэдактара ці карэктара, і то можа пэўныя праблемы выдаўцу стварыць».
«Вось 2021-ы – я рабіла, што хацела; 22-і – з нейкімі трошачку малымі карэкцыямі; 23-і –з большымі карэкцыямі; 24-ы – цяжка; вось 24–25-ы – проста кашмар. Проста за кожнае слова зачэпка, па пяць разоў перапісваю тое самае. Зараз, у параўнанні з 2021 годам, вельмі ўзмацнілася цэнзура».
«Пільная ўвага да ўсіх кніг, якія выходзяць па-беларуску».
Самацэнзура
«Шляхі для рэалізацыі ёсць, але яны вельмі абмежаваныя. То-бок крок улева, крок управа – усе баяцца рабіць. Усе баяцца называць там экстрэмісцкія імёны, экстрэмісцкія назвы, то-бок “чорныя спісы”, якія існавалі ў нас ужо не памятаю з якога года, павялічыліся».
«Ніхто не ведае, што можна, а што нельга. Многія забароны – гэта проста самацэнзура. Я канкрэтна з той часткай, якая цэнзуруецца, пакуль не сутыкалася, але таксама буду ўжываць самацэнзуру».
«А тыя, хто на месцах людзі, кшталту, можа там, у нейкіх кнігарнях, яны часта самі перастрахоўваюцца, баючыся, каб ім не прыляцела».
«Напрыклад, […] хацеў прыйсці на [літаратурную імпрэзу], а пасля засумняваўся, што, можа, ён прыйдзе – і сваёй персонай раптам неяк нашкодзіць. Магчыма, гэта ўяўныя страхі, але мы ў іх, і мы на іх мусім зважаць».
«І айчынныя выдаўцы таксама баяцца выдаваць мой новы паэтычны зборнік».
«Але вельмі складана казаць пра самарэалізацыю, калі тое, што ты робіш, ніяк не пашыраецца сярод людзей. Калі мой пераклад, напрыклад, які я зрабіла, […] быў прывезены ў Беларусь, распаўсюднік кажа: “Не кажы нікому, не пішы пра гэта ў Фэйсбуку!” […]. То-бок лозунг такі: можна штосьці рабіць – але каб гэта не трапіла ў інтэрнэт».
«Ідзе, безумоўна, гіганцкая самацэнзура».
Страта кадраў, працы і культурная эміграцыя
«Я ведаю толькі, што месца, дзе я працавала, […] (я не скажу, што там літаратары, але людзі культуры) – там памяняўся практычна на 90 % увесь склад, то-бок усе былі звольненыя».
«Пачысцілі ўсе рэдакцыі дзяржаўныя, паскарацілі».
«Абсалютная большасць маіх калег і сяброў колішніх страцілі працу».
«Я не магу працаваць на тым месцы, дзе б я хацела працаваць, дзе я працавала 20 год. І таму мне ўнутры краіны рэалізавацца немагчыма».
«Як бы ва ўсіх есць гэтая агульная сітуацыя знемагчымлівання гэтай культурнай рэалізацыі».
«Большасць маіх сяброў з’ехала, літаратараў».
«Вельмі шмат творчых людзей пакінулі тэрыторыю Беларусі. […] Страты вялікія».
Разрыў пакаленняў і забыванне імёнаў
«Сфера адукацыі страціла вялізную колькасць выкладчыкаў. […] Ужо вырасла пакаленне, якое не кантактавала з тымі людзьмі, якіх звольнілі. А звольнілі тых, хто а) быў носьбітам беларускай культуры, б) носьбітам свабоднага настрою, умення думаць».
«Наступствы такія, што людзі, якіх улады прызналі “экстрэмістамі”, “тэрарыстамі”, якіх нельга называць у краіне, яны паступова забываюцца. Імёны, творы…»
«І тыя творцы, якія раней былі ў цэнтры ўвагі ўнутры краіны, цяпер па-за межамі. І вельмі малая іх колькасць захоўвае тую ўвагу ўнутры краіны, якой яны карысталіся раней. Прычым гэта робіцца менавіта ўладамі з дапамогай прызнання “экстрэмістамі”».
«Забыванне. Унутры краіны забываюць тых, хто з’ехаў».
Адкат назад, застой, правінцыялізацыя і культурны голад
«Адкат назад. Пяць год таму гэта быў трошачкі рух наперад. Цяпер як дзесяць гадоў таму, калі дзіцячых кніг было вельмі мала».
«Калі браць літаратурную сферу, то адназначна страціла, таму што сучаснай літаратуры фактычна ў продажы ў Беларусі няма. Так, класікі перадрукоўваюцца: і тыя, хто ў школьнай праграме, і тыя, хто ў гэтым Саюзе пісьменнікаў існым, так сказаць. Але сярод апошніх класікаў, мякка кажучы, мала. А так менавіта адсутнасць сучаснай літаратуры – яна кідаецца ў вочы, у якую кнігарню ні зайдзі. Практычна некалькі аўтараў – і ўсё. Ясна, што гэта вельмі адчувальна».
«Я заходзіла ўлетку мінулага года, у мяне быў найдзічэйшы шок, калі […] на адной паліцы стаіць, значыцца, Чаргінец, Караткевіч, Чаргінец – то-бок Караткевіч паміж двума Чаргінцамі. А зверху яшчэ прыплюснуты Мукавозчыкам. Гэта проста… шок».
«“Мастацкая літаратура”, напрыклад. Ну, выдаюць: мастацкае афармленне кніг – нічога такое. Але ўнутры ўсе, як мы жартуем, мёртвыя душы – пісьменнікі, якія ўжо памерлі, часцей за ўсё. […] Ніякіх іншых людзей зараз не друкуюць».
«Вельмі шмат аматараў павылазіла замест культуры».
«І ў такіх умовах дэградацыі, правінцыялізацыі, у адсутнасці інстытутаў крытыкі і рэцэнзавання – рэзкае зніжэнне агульнага ўзроўню ў сферы літаратуры і мастацтва, яно як бы ўжо відавочнае».
«Зараз, наадварот, шмат кнігарняў пішуць, што “мы вельмі хочам вашыя кніжкі”. Як заўсёды, самыя папулярныя кніжкі былі пра […], іх пытаюць. Іх ужо даўно няма, але людзі прыходзяць і пытаюць».
«Адчуваецца вялікі культурны голад, але рэалізаваць, як бы наталіць гэты культурны голад праз тыя сцяжынкі, якія зараз ёсць, па якіх паступаюць кніжкі, проста немагчыма».
«Вось выдавецтва “Беларусь” выдавала кнігу. […] І мы з нашымі знаёмымі палічылі, што гэта падзея – ну, на фоне таго, што яны выдаюць агулам, гэтыя “генацыдныя” кніжкі. “Беларуская навука” таксама выдае кнігі […] – вось гэта падзея. Але яны адзінкавыя».
ЛІТАРАТАРЫ ЎНУТРЫ КРАІНЫ: ЭМАЦЫЙНЫ СТАН, СТРАТЭГІІ ПРАЦЫ І ПРАГНОЗЫ НА БУДУЧЫНЮ
Многія нашы суразмоўцы апісваюць сваё эмацыйнае становішча ва ўмовах працяглых рэпрэсій як дэпрэсіўнае, з пачуццём ізаляцыі, штодзённай трывогі, няспынным напружаннем і немагчымасцю планаваць будучыню. Няздольнасць адкрыта гаварыць, працаваць, друкавацца ўнутры краіны наўпрост уплывае на самаацэнку і прафесійнае самаўспрыманне аўтараў.
Частка рэспандэнтаў адзначае, што ў параўнанні з 2020–2021 гадамі стала крыху спакайней: адбылася адаптацыя да псіхалагічна цяжкіх умоў. Іншыя сцвярджаюць адваротнае: атмасфера працягвае пагаршацца, прасвету не бачна, а сама звычка жыць у такіх абставінах успрымаецца як ненармальная.
Літаратары канстатуюць: з цягам часу рэпрэсіі набылі амаль «сімвалічны» характар – абвяшчэнне кнігі «экстрэмісцкай» ужо не выклікае ў грамадстве былога шоку (на адрозненне ад аўтара). Адна з рэспандэнтак параўнала сітуацыю са «сланом у пакоі», які займае ўсю прастору – але ўсе схільныя рабіць выгляд, нібы яго няма, быццам нічога незвычайнага не адбываецца. Такая своеасаблівая «нармалізацыя ненармальнага» стала часткай і культурнай паўсядзённасці.
Усё гэта – формы адаптацыі да навязаных умоў: у атмасферы сістэмнага ціску, страху даносаў, (сама)цэнзуры і няспыннага прыстасавання культурная супольнасць не столькі выбірае, колькі вымушана балансуе паміж выжываннем і захаваннем прысутнасці ў публічнай прасторы. Для значнай часткі прадстаўнікоў культурнага сектара сёння задача нумар адзін – быць непрыкметнымі, не прыцягваць да сябе непажаданай увагі. Гэты парадаксальны прынцып стаў своеасаблівым «трэйдмаркам цяперашняга часу».
Сярод іншых стратэгій адаптацыі – перанос праектаў за мяжу або ў анлайн-фармат, ананімная праца, развіццё нішавых ініцыятыў і камерных фарматаў, адмова ад прысутнасці ў сацыяльных сетках. Для многіх аўтараў важным застаецца працягваць пісаць і гаварыць па-беларуску, нягледзячы на ўзмацненне русіфікацыі. А прынцып «мы ведаем, дзеля чаго мы робім; мы робім, пакуль можам» застаецца асабістым стымулам і спосабам заставацца ў прафесіі.
У прагнозах найбліжэйшай будучыні рэспандэнты асцярожныя. Адны чакаюць далейшага пагаршэння сітуацыі ў сферы, другія спадзяюцца на з’яўленне «вокнаў магчымасцяў», аднак агульны настрой можна апісаць як гатоўнасць працаваць «на доўгую дыстанцыю».
ВЫСНОВЫ І ЗАПЫТ НА ПАДТРЫМКУ
Лаўрэатамі сімвалічнай прэміі «Людзі Свабоды – 2024», якую штогод прысуджае беларуская служба «Радыё Свабода», сталі выдаўцы беларускіх кніг – тыя, «хто пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі, свету» [11]. Гэтае прызнанне невыпадковае: нягледзячы на рэпрэсіі, выгнанне, выдаўцы і літаратары здолелі захаваць прастору для беларускай культуры і працягваюць яе развіваць.
Пасля падзей 2020 года беларуская літаратурная супольнасць апынулася пад беспрэцэдэнтным ціскам. Жорсткія атакі на аўтараў і выдаўцоў, канфіскацыі кніг, унясенне твораў у «экстрэмісцкія спісы», абмежаванні для кнігарняў і бібліятэк істотна змянілі інфраструктуру незалежнага літаратурнага працэсу.
Тым не менш, ён працягваецца. Інтэрнэт і пачуццё салідарнасці дапамагаюць утрымліваць сувязі паміж тымі, хто застаўся ў краіне, і тымі, хто працуе ў эміграцыі. Большасць рэспандэнтаў падкрэсліваюць, што падзел на «ўнутры» і «звонку» шмат у чым штучны, літаратары жывуць адной тэмай, ідэяй і мэтай – хутчэй нават, узнікла паразуменне і ўзаемная зацікаўленасць у супрацы. Аднак частка ўдзельнікаў адзначае паралельна і наяўнасць напружанасці ды ўзаемных крыўдаў, што робіць асабліва важным захаванне гарызантальных сувязяў і даверу ў супольнасці.
Дапамога калегам унутры краіны застаецца надзвычай адчувальнай тэмай: любое згадванне падтрымкі можа абярнуцца для іх рызыкай. Тым не менш, менавіта таму патрэба ў салідарнасці (візавай, фінансавай, арганізацыйнай), а таксама ў міжнароднай дапамозе застаецца адной з самых вострых. Як і запыт не падзяляцца.
Асноўныя выклікі сёння – захаваць гэтае адзінства, мінімізаваць наступствы цэнзуры і стварыць умовы для працягу творчай працы, незалежна ад таго, дзе знаходзіцца аўтар.
На фоне негатыўных наступстваў ціску акрэсліліся і новыя пазітыўныя тэндэнцыі. Рэспандэнты адзначаюць, што за апошнія гады прыкметна павялічылася колькасць беларускамоўных выданняў, якія выходзяць за мяжой: гэта кнігі сучасных аўтараў, пераклады, актуальная проза і паэзія. Паралельна ўзмацнілася цікавасць да нацыянальнай культуры і мовы, у тым ліку сярод моладзі. У выніку назіраецца своеасаблівы «кніжны бум»: для чытачоў літаратура робіцца магчымасцю звярнуцца да чагосьці, што выходзіць за межы паўсядзённага побыту і выжывання, для аўтараў – прасторай свабоды і самарэалізацыі.
[1] Паэт, журналіст і праваабаронца Сяргей Сыс быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года ў дзень ператрусаў у офісах дзясяткаў грамадскіх арганізацый па ўсёй краіне, 15 ліпеня вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Праз некаторы час пакінуў краіну.
[2] У 2020 годзе адбыліся масавыя акцыі пратэстаў, справакаваныя фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і гвалтам супраць мірных дэманстрантаў.
[3] Пра маніторынг Беларускага ПЭНа.
[4] Людзі Слова – беларускія літаратары, перакладчыкі і даследчыкі літаратуры, публіцысты, інтэлектуалы і тыя, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў.
[5] Пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй.
[6] Гаворка ідзе пра творы мастацкай, гістарычнай і навуковай літаратуры, прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» пасля 2020 года. Тэксты рэлігійнага зместу і некаторыя іншыя творы, успрыманне якіх можа выклікаць спрэчкі або розныя тлумачэнні, тут не ўлічваюцца.
[7] Група «Літаратары і Людзі Слова» аб’ядноўвае не толькі прафесійных аўтараў, але і прадстаўнікоў сумежных прафесій – музыкаў, журналістаў, навукоўцаў і іншых, калі літаратура з’яўляецца для іх адной з формаў творчасці.
[8] Людзі слова ў няволі – Беларускі ПЭН.
[9] Інфармацыя пра колькасць не з’яўляецца канчатковай.
[10] «Белкніга» – найбуйнейшае кнігагандлёвае прадпрыемства Рэспублікі Беларусь, налічвае 94 гандлёвыя аб’екты ва ўсіх рэгіёнах краіны.
[11] Выдаўцы беларускіх кніг – «Людзі Свабоды – 2024».