• Заявы
  • Заява аб сістэмным пераследзе ў кніжнай сферы і прызнанні літаратурных арганізацый «экстрэмісцкімі фарміраваннямі»

Заява аб сістэмным пераследзе ў кніжнай сферы і прызнанні літаратурных арганізацый «экстрэмісцкімі фарміраваннямі»

Апошняе абнаўленне: 19 сакавіка 2026
Заява аб сістэмным пераследзе ў кніжнай сферы і прызнанні літаратурных арганізацый «экстрэмісцкімі фарміраваннямі»

Беларускі ПЭН разам з праваабарончай і культурнай супольнасцю рашуча асуджае новую хвалю маштабных рэпрэсій супраць незалежных выдаўцоў, распаўсюджвальнікаў кніг і культурных арганізацый у Беларусі. Апошнія падзеі сведчаць пра мэтанакіраванае знішчэнне інфраструктуры беларускага кнігавыдання і беспрэцэдэнтную крыміналізацыю легальнай культурнай дзейнасці.

Так, у лютым – сакавіку 2026 года была задакументавана чарговая хваля пераследу, падчас якой стала вядома пра больш чым дваццаць выпадкаў затрыманняў і ціску на прадстаўнікоў кніжнай сферы і літаратурныя і выдавецкія арганізацыі. Адначасова з гэтым дзяржава працягвае актыўна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства і транснацыянальныя рэпрэсіі ў якасці інструментаў для знішчэння беларускай культуры і кнігі і пераследу іншадумцаў.

З публічна вядомых фактаў гэтага перыяду:

16 лютага сайт і сацыяльныя сеткі праваабарончай і культурнай арганізацыі Беларускі ПЭН, якая зарэгістраваная і легальна дзейнічае ў Польшчы, былі абвешчаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» [1].

16 лютага Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» выдавецтва «Gutenberg Publisher», якое зарэгістравана і легальна дзейнічае ў Польшчы [2].

17 лютага сілавыя структуры правялі ператрус у выдавецтве «Тэхналогія», якое працягвала працу ў Беларусі, і канфіскавалі ўсё абсталяванне. Выдавецтва прыпыніла сваю дзейнасць.

17 лютага былі затрыманыя не менш за 10 чалавек, некаторыя з якіх былі асуджаныя на 14–15 сутак адміністрацыйнага арышту, сярод іх – дырэктар выдавецтва «Тэхналогія» Вацлаў Багдановіч, перакладчык і былы выдавец Зміцер Колас, а таксама распаўсюджвальнік кніг Алесь Яўдаха [3].

Вядомыя іншыя, непублічныя, выпадкі пераследу.

Ёсць прыкметы катаванняў і збіцця затрыманых.

27 лютага КДБ прыняў рашэнне аб прызнанні праваабарончай і культурнай арганізацыі Беларускі ПЭН «экстрэмісцкім фарміраваннем» [4].

3 сакавіка  КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» «кааліцыю выдавецтваў і кнігараспаўсюджвальнікаў». Такой кааліцыі насамрэч не існуе: яна была выдумана ў самім рашэнні як падстава для пераследу. У склад «кааліцыі» штучна ўключылі вядомых кніжных выдаўцоў: фонд «Kamunikat.org» (які зарэгістраваны і легальна дзейнічае ў Польшчы), выдавецтвы «Lohvinau Publishing House» і «Andrei Yanushkevich Publishing» (зарэгістраваны і легальна дзейнічае ў Польшчы) [5]. Сярод асобаў, якія маюць дачыненне да дзейнасці так званага экстрэмісцкага фарміравання, былі названыя: Яраслаў Іванюк (грамадзянін Польшчы), Андрэй Янушкевіч, Ігар Логвінаў,  а таксама Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, што стварае для іх рэальную пагрозу крымінальнага пераследу. Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха былі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі [6].

Беларускі ПЭН разглядае гэтыя дзеянні як сістэматычную дзяржаўную палітыку, накіраваную на ліквідацыю іншадумства і этнацыд – знішчэнне незалежнай культурнай сферы Беларусі. Навешваючы на незалежных выдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў цэтлікі «экстрэмістаў», улады фактычна крыміналізуюць усю экасістэму стварэння і распаўсюджвання кніг на беларускай мове. Такія захады з’яўляюцца наўмысным, неапраўдана шырокім і злоўжывальным прымяненнем антыэкстрэмісцкага заканадаўства супраць людзей і арганізацый, якія адстойваюць правы чалавека і абараняюць нацыянальную культуру.

Стварэнне юрыдычных фантомаў, такіх як выдуманая «кааліцыя выдавецтваў і кнігараспаўсюджвальнікаў», сведчыць пра выкарыстанне метадаў таталітарнага мінулага. Штучнае аб’яднанне незалежных дзеячаў у «злоўжывальную структуру» мае на мэце фабрыкацыю крымінальных спраў паводле артыкулаў аб экстрэмізме.

Пераслед выдавецтваў і культурных арганізацый – гэта не толькі напад на канкрэтных людзей і ініцыятывы. Гэта ўдар па праве ўсяго беларускага грамадства на доступ да кнігі, ведаў, мовы, культурнай памяці і свабоднага інтэлектуальнага абмену. Такія дзеянні ствараюць атмасферу страху, прымушаюць да самацэнзуры, разбураюць прафесійныя сувязі і падрываюць саму магчымасць існавання незалежнага культурнага жыцця.

Гэта наўпрост парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе свабоду выказвання (арт. 33) і права на ўдзел у культурным жыцці (арт. 51), а таксама груба супярэчыць міжнародным стандартам, у тым ліку артыкулу 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкулу 15 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, артыкулам  2, 7, 11 Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення (2005 года), якія гарантуюць права людзей і культурных арганізацый ствараць, вырабляць і распаўсюджваць культурныя выказванні, а таксама прызнаюць ключавую ролю грамадзянскай супольнасці ў культурным жыцці.

Больш за тое, такія дзеянні набываюць характар транснацыянальных рэпрэсій, паколькі яны маюць на мэце запалохаць і абмежаваць дзейнасць тых культурных дзеячаў і арганізацый, якія вымушана працягваюць сваю працу за межамі краіны.

Мы падкрэсліваем, што прызнанне мірнай культурнай і праваабарончай дзейнасці «экстрэмісцкай» не мае нічога агульнага з абаронай грамадскай бяспекі. Гэта форма адвольнай крыміналізацыі законнай дзейнасці і злоўжыванне антыэкстрэмісцкім заканадаўствам з мэтай задушэння свабоды выказвання, свабоды асацыяцыі і права на ўдзел у культурным жыцці.

Мы выказваем безумоўную салідарнасць з усімі затрыманымі і пераследаванымі прадстаўнікамі кніжнай галіны. Незалежныя выдаўцы, перакладчыкі і кнігараспаўсюджвальнікі – гэта стрыжнёвыя інстытуцыі і асобы, дзякуючы якім сёння захоўваецца беларуская літаратура і інтэлектуальнае жыццё.

Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна спыніць сістэматычны пераслед у кніжнай сферы, культурных ініцыятыў, дзеячаў культуры;
  • неадкладна вызваліць усіх беспадстаўна затрыманых;
  • спыніць практыку стварэння штучных падстаў для пераследу за ажыццяўленне прафесійнай культурнай дзейнасці;
  • адмяніць неправамерныя рашэнні аб прызнанні выдавецтваў, кнігараспаўсюджвальнікаў і Беларускага ПЭНа «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Мы таксама звяртаемся да міжнароднай супольнасці, праваабарончых арганізацый і міжнародных культурных інстытуцый, урадаў дзяржаў,  а таксама да Спецыяльнага дакладчыка ААН у галіне культурных правоў, Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, ЮНЕСКА з просьбай падтрымаць нашыя патрабаванні і заклікам:

  • публічна асудзіць гэтыя парушэнні культурных правоў,
  • патрабаваць ад уладаў Беларусі неадкладнага вызвалення затрыманых і адмену неправамерных рашэнняў,
  • праявіць дзейную салідарнасць з беларускімі кнігавыдаўцамі, у тым ліку праз пашырэнне магчымасцяў падтрымкі культурніцкіх праектаў,
  • працягваць рашучы ціск на ўлады Беларусі дзеля забеспячэння выканання тымі сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека,
  • да маніторынгу захавання культурных правоў у Беларусі.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць не абмяжоўвацца сімвалічнай падтрымкай, а даваць публічную і паслядоўную ацэнку гэтым дзеянням як злоўжыванню антыэкстрэмісцкім заканадаўствам і як форме сістэмнага разбурэння незалежнай беларускай культуры.

Дадатковая інфармацыя

Каб даведацца больш пра дзейнасць Беларускага ПЭНа, у тым ліку пра сітуацыю з  правамі чалавека ў сферы культуры і культурнымі правамі, калі ласка, націсніце тут.

Заяву падтрымліваюць:

Беларускі ПЭН
Правовая инициатива
Human Constanta
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Lawtrend
Беларуская асацыяцыя журналістаў
Беларускі Хельсінкскі Камітэт
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Тутэйшы Тэатр
Fundacja Tutaka, Paweł Stana Stankiewicz
Беларуская Рада культуры
Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”
Фундацыя “Дом творцаў”
Stowarzyszenie Czabor
Крысціна Дробыш, аўдыявыдаўца
Belarusische Gemeinschaft Razam e. V.
Razamkunst 
Выдавецтва Сведкі
Gutenberg Publisher
hochroth Minsk
Fundacja RozUM Media
Фонд Kamunikat.org
Skaryna Press
Grunwald Publishing

Калі вы хочаце далучыцца да гэтай заявы, напішыце на адрас [email protected]  назву арганізацыі, якую вы ўпаўнаважаныя прадстаўляць.


[1] /2026/02/23/sajt-i-staronki-u-saczsetkah-belaruskaga-pena-abveshchanyya-ekstremisczkimi.html
[2] /2026/03/02/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-15-28-lyutaga-2026-goda.html
[3] /2026/03/02/hronika-parushennyau-pravou-chalaveka-u-sfery-kultury-15-28-lyutaga-2026-goda.html
[4] /2026/03/04/belaruski-pen-pryznany-ekstremisczkim-farmavannem.html
[5] https://www.mvd.gov.by/ru/news/8642
[6] https://spring96.org/be/news/119818