Абвешчаны лаўрэат прэміі імя Наталлі Арсенневай 2026 года

Апошняе абнаўленне: 27 мая 2026
Абвешчаны лаўрэат прэміі імя Наталлі Арсенневай 2026 года

«Немагчыма не быць, калі помніш Мора»
Ігар Кулікоў

27 траўня ў Новым тэатры ў Варшаве адбылася цырымонія ўручэння прэміі імя Наталлі Арсенневай – адной з найважнейшых узнагарод у галіне беларускай паэзіі.

Сёлетняя прэмія адзначыла кнігі, у якіх паэзія робіцца не толькі спосабам асэнсавання рэчаіснасці, але і формай існавання ў часе, дзе, як гучыць у адным з намінаваных тэкстаў, «немагчыма не быць». У вершах фіналістаў памяць і досвед, страта і прысутнасць, адлегласць і блізкасць складаюцца ў адзіны, напружаны і вельмі асабісты ландшафт.

Лаўрэатам прэміі 2026 года стаў Ігар Кулікоў з кнігай «Нетутэйшая далечыня» (Янушкевіч, 2025)  за метафізічную адвагу ў працы з мовай і стварэнні апрычонага мастацкага свету

Журы адзначыла працу аўтара ў стварэнні свайго моўнага экзістэнцыйна-паэтычнага космасу.

У кароткі спіс таксама ўвайшлі:
«Хроніка адмаўлення пустаты» – Ілля Кульбіцкі (Skaryna Press, 2025)
«Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» – Макс Шчур (SayBeat, 2025)

Цырымонія сабрала прадстаўнікоў літаратурна-культурнай беларускай і міжнароднай супольнасці і стала не толькі момантам прызнання, але і прасторай для слова і супольнага перажывання досведу праз паэзію.

Прэмія імя Наталлі Арсенневай працягвае сваю місію – падтрымліваць беларускую паэзію і адзначаць творы, якія адкрываюць новыя магчымасці мовы і мыслення.

Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Партнёры: Новы Тэатр (Nowy Teatr, Варшава), «Estate of Vitaut Kipel», «Belarusian Charitable Trust» і «Fundacja Trzy Trąby».
Праект суфінансаваны Цэнтрам Мерашэўскага ў межах IV Адкрытага конкурсу.