Мы радыя распачаць публікацыю аўтарскай калонкі сябра Беларускага ПЭНа Лявона Вольскага!
Лявон Вольскі – музыка, літаратар, мастак, вядоўца. Публікуецца як паэт, празаік, журналіст. Аўтар зборнікаў паэзіі «Калідор» і «Фотаальбом», празаічнага зборніка «Міларусь», суаўтар п’есы «Народны альбом», ілюстратар кнігі «Ашуканкі» Яны Вольскай і рамана Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба».
У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.
Некаторыя нюансы здачы тары ў Варшаве
Я жыву ў Варшаве. Даўно. Хутка ўжо будзе першы юбілей – пяць гадоў. Сюды перабраліся ледзьве ня ўсе мае знаёмыя і прыяцелі па старым менскім жыцьці. Цяпер ня трэба ехаць у Менск ці Бярэсьце, каб адчуць беларускую атмасфэру, наадварот. Зь Менску едуць сюды. Тут ёсьць беларускія кавярні, пабы, беларускі тэатр, беларускі моладзевы хаб, беларускія крамы з мэрчам і прадуктамі (калі вам нясьцерпна захочацца зэфіру ці згушчонкі, дык набыць – не праблема), беларускі аўтасэрвіс (і не адзін), беларуская аўташкола (прынамсі, я ведаю адну, можа, іх і болей), беларускія лекары розных спэцыяльнасьцяў. Штомесяц адбываюцца канцэрты беларускіх выканаўцаў. Улетку пачынаюцца беларускія фэстывалі…
Але гэта так, уступ. Трэба ж з чагосьці пачынаць, вось я й пачаў. А так, наогул, я тут зьбіраюся публікаваць замалёўкі з эмігранцкага жыцьця. Простыя няхітрыя назіраньні – што кінулася ў вочы, што парадавала, што не спадабалася, што прывяло да шаленства, што легла бальзамам на раны… Пачынаем!
Мы жывем недалёка ад аднаго папулярнага супэрмаркета. Ня буду вымаўляць ягоную назву, скажу толькі, што ў якую эўрапейскую краіну не прыедзь – ён там знойдзецца. І нават у Злучаных Штатах – ня ў кожным, але трапляюцца.
І вось у нашым гэтым пасьпяховым і папулярным супэрмаркеце вырашылі ўвесьці адну новую прагрэсыўную рэч. А менавіта – апарат, які прыймае плястыкавыя бутэлькі і бляшанкі. Мы-то іх выкідалі колькі гадоў, а вось, высьвятляецца, можна гэтую тару назьбіраць за пару тыдняў (усе ж п’юць мінэралку, сокі з плястыкавых бутэлек, піва ці кока-колу зь бляшанак) і атрымаць за яе зваротныя сродкі.
Напачатку народ так насьцярожана-баязьліва ставіўся да апарату – гэта ж не Нямеччына ці то Данія якая – не прызвычаіліся да такога. Але паступова, пакрысе, зразумелі, што за пустыя бутэлькі-бляшанкі даюць рэальны купон, якім ты потым у касе можаш аплаціць частку таго, што набыў.
Да прыймальнага апарату пачалі шыхтавацца чэргі. Асабліва ўвечары.
І тут высьветлілася, што ў канструкцыі апарата існуюць хібы. Не зусім ён дасканалы, гэты апарат. Штосьці гэткае часам здаралася з электроннымі мазгамі, і зьнянацку ён пачынаў адмаўляцца прыймаць тару. Пісаў нешта накшталт “неадпаведны фармат прадукту” і выплёўваў бутэльку назад. І вось стаіць доўгая чарга, а агрэгат плюецца й адмаўляецца працаваць. Можа, пераграецца?
Тады хтосьці найбольш сьмелы й дзейсны з чаргі ідзе да абслугі крамы, якая і бяз гэтага разрываецца паміж традыцыйнымі касамі, касамі самаабслугі і адказамі на тупыя пытаньні пакупнікоў, і гаворыць, што прыймовы апарат завіс. Прадстаўнік абслугі з праклёнамі (ня ўголас, але выраз твару гаворыць сам за сябе) бяжыць да апарату і перагружае яго.
На кароткі час гэта дае эфэкт, але чалавек празь дзесяць гісторыя паўтараецца.
І вось колькі разоў мы заракаліся ўвечары везьці на здачу бутэлькі! Бо мы не прывязаныя да нейкае рэжымнае працы – ад восьмай да пятай – можна наведаць краму ў любы час – хоць раніцай, хоць у абед. І вось чамусьці стаім у даўжэзнай чарзе сярод прадстаўнікоў розных слаёў варшаўскага насельніцтва ў вечар пятніцы, калі там самы аншляг. Мы прынесьлі сюды пакунак, дзе чакаюць сваёй чаргі пятнаццаць няшчасных бутэлек, а нород, здаецца, зьбіраў тару па некалькі месяцаў – у кагосьці поўны гіпэрмаркетны воз – з горачкай, у кагосьці – даверху запоўненыя некалькі сьмецьцевых пакункаў па 60 літраў. Асобна трэба вылучыць трох хуліганістых хлопцаў, гадоў па 11-12, якія, здаецца, прафэсійна займаюцца зборам і здачай тары.
Я кажу жонцы:
– Можа, ня будзем тут стаяць? Паехалі лепей у адзін вядомы гаспадарчы гіпэрмаркет (там таксама ёсьць апарат, і ня глючны), дарога зойме дзесяць хвілінаў, паздаем усё хутка ды вернемся дадому.
А яна мне адказвае:
– Вось таму й Лукашэнак не перамаглі, бо ўпартасьці не хапіла! Я тут буду стаяць, пакуль усё ня здам, і ніхто мяне з гэтае чаргі ня зрушыць! Толькі перамога!
Я падумаў, што, відаць, сапраўды, у гэтым падыходзе ёсьць рацыя. Вось любім мы за паўкроку да перамогі самаліквідавацца, адступіць. А трэба ісьці да канца! Тады й пераможам.
Я пакінуў жонку ў чарзе, а сам пайшоў набываць прадукты. Калі я вярнуўся з поўным возам да чаргі (мінула з паўгадзіны), дык жонка было ўжо на другім мейсцы сярод здаўцаў. Перад ёю стаялі дзьве жанчыны, якія нэрвова-іранічна сьмяяліся, крытыкуючы няроўную працу апарату.
– Нічога-нічога, – аптымістычна запэўніла жонка, – яго ўжо другі раз перазагружаюць, зараз запрацуе!
Тым часам у кадры зьявілася старажытная бабуля, якая запатрабавала прапусьціць яе без чаргі. Ніхто не пагадзіўся, толькі жонка сказала:
– Так, калі ласка, станьце перада мною.
Бабуля была вельмі суворая, яна не падзякавала, маўляў, так яно ўсё й мусіла быць, бо яна сваім доўгім жыцьцём і працаю заслужыла гэтае ганаровае другое мейсца.
Калі бабуля апынулася перад апаратам, яна надзіва спрытна закінула яму ў джэрала тры пустыя плястыкавыя бутэлькі. Апарат аслупянеў: ён прызвычаіўся да таго, што людзі няўпэўнена сунуць у ягоную адтуліну па аднае бутэльцы штрых-кодам угару, каб ён літасьціва гэты код счытаў і прыняў (ці не) тару. А тут – такое нахабства!
Апарат задумаўся.
З чаргі выйшаў хлопец, які цярпліва, але крыху нэрвова спрабаваў растлумачыць бабулі, што так ня робіцца. Ён, падвяргаючы сябе сур’ёзнай рызыцы, засунуў у апаратаву пашчу руку (аж па плячо) і выцягнуў тры бабульчыны бутэлькі. Але яна рашуча запратэставала: я мушу атрымаць свае грошы! І паспрабавала ажыцьцявіць наезд на хлопца сваім возам.
Пакуль усё гэтае адбывалася, жонка апынулася перад апаратам, паклала ў ягонае джэрала бутэльку і – дзіва! – усё запрацавала! Жонка хуценька рэалізавала тару, забрала купон, і мы накіраваліся да касы самаабслугі, але перад намі ўзьнікла ўсё тая ж бабуля.
– Дзе мяе паўтара злотых за тры бутэлькі? – пагрозьліва запыталася яна.
Жонка адлічыла грошы і аддала бабулі.
– Вось так! Пакрасьці хацелі! – пераможна сказала старая і годна зьнікла.
– Бачыш? – сказаў я жонцы. – Усё як ты хацела. Упартасьць перамагла. Мы ўрэшце ўсё здалі.
Жонка задуменна й крыху змрачнавата азвалася:
– Можа, лепей было сапраўды паехаць у адзін вядомы гаспадарчы гіпэрмаркет ды хуценька здаць там гэтыя няшчасныя бутэлькі? А то цяпер я баюся, што ўначы прысьню гэтую бабку.
Абыйшлося. Не прысьніла.