• Навiны
  • Культурныя правы
  • Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2025 год

Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2025 год

Апошняе абнаўленне: 13 лютага 2026
Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2025 год

Матэрыял падрыхтаваны на падставе абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа з адкрытых крыніц, праз асабістыя кантакты і непасрэдную камунікацыю з дзеячамі культуры. Інфармацыя адлюстроўвае сітуацыю, якая існуе на момант падрыхтоўкі матэрыялу, і можа ўдакладняцца пры атрыманні новых звестак.

Нягледзячы на прыманыя меры для забеспячэння дакладнасці і паўнаты звестак, могуць мець месца асобныя прабелы, у тым ліку ў частцы вызначэння або аднясення асоб да дзеячаў культуры з-за абмежаванасці публічнай інфармацыі. Беларускі ПЭН вітае ўдакладненні ці дадатковую інфармацыю, якой вы можаце падзяліцца. Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.

Улічваючы сітуацыю ў культурнай сферы Беларусі, ролю дзеячаў культуры ў грамадскім жыцці, а таксама значэнне дзейнасці творцаў для захавання і развіцця культурных правоў, мы прызнаём беларускіх дзеячаў культуры абаронцамі культурных правоў у адпаведнасці з падыходам, сфармуляваным у дакладзе A/HRC/43/50 Спецыяльнай дакладчыцы ААН па культурных правах [1] (2020). Больш пра маніторынг гл. тут.

NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі ў дачыненні да іх дзейнічаюць абмежаванні паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Асноўныя вынікі маніторынгу: статыстыка і тэндэнцыі
Памілаванні і прымусовая дэпартацыя дзеячаў культуры з Беларусі
Адвольныя затрыманні, адміністрацыйны пераслед і прыцягненне да крымінальнай адказнасці
Умовы ўтрымання і парушэнне культурных правоў у месцах зняволення
Трансгранічны пераслед дзеячаў культуры
Цэнзура, забарона на кнігі і іншыя парушэнні культурных правоў
Ціск на арганізацыі і супольнасці сферы культуры
Матэрыялы на тэму культуры, прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Беларуская мова, гістарычная спадчына і знішчэнне месцаў памяці
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры
Высновы

 АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ: СТАТЫСТЫКА І ТЭНДЭНЦЫІ

Сацыяльна-палітычны крызіс, які пачаўся ў Беларусі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і сілавога задушэння мірных пратэстаў, застаецца нявырашаным. У 2025 годзе, праз пяць гадоў пасля гэтых падзей, ён па-ранейшаму суправаджаецца сістэмнымі рэпрэсіямі і непасрэдна вызначае стан сферы культуры – абмяжоўваючы свабоду выказвання, кола дапушчальных тэмаў і сам удзел дзеячаў культуры ў публічным жыцці.

На канец 2025 года не менш [2] за 144 дзеячы культуры знаходзяцца ў месцах пазбаўлення або абмежавання волі, у тым ліку на «хатняй хіміі» [3], сярод іх – 30 літаратараў і іншыя людзі слова. Працягваецца ціск у месцах зняволення, адвольныя затрыманні і арышты, палітычна матываваны крымінальны і адміністрацыйны пераслед, звальненні, запалохванне і дыскрэдытацыя. Ключавым парушэннем правоў дзеячаў культуры застаецца адсутнасць права на справядлівы суд і доступу да правасуддзя.

Атрымала развіццё практыка датэрміновага вызвалення і адначасовай высылкі палітычных зняволеных – з Беларусі былі прымусова дэпартаваны 27 дзеячаў культуры. Не аслабляецца трансгранічны пераслед, аж да пагроз жыццю і здароўю.

«Чорны спіс» Міністэрства культуры налічвае сотні імёнаў, магчымасці прэзентацыі ўласнай творчасці крытычна абмежаваны. Цэнзура ў яе шырокім разуменні – культурная, палітычная і ідэалагічная – з’яўляецца асноўным парушэннем у агульным аб’ёме маніторынгу.

Культурныя ініцыятывы як у Беларусі, так і за яе межамі працягваюць прызнавацца дзяржавай экстрэмісцкімі фарміраваннямі, а людзі – прыцягвацца да адказнасці за нібыта садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Працягвае расці колькасць праектаў, твораў і акаўнтаў дзеячаў культуры ў сацыяльных сетках, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пералік друкаваных выданняў, распаўсюд якіх нібыта можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, у 2025 годзе шэсць разоў папаўняўся новымі кнігамі.

Беларуская, мова тытульнай нацыі, працягвае дыскрымінавацца і застаецца ва ўразлівым становішчы. Зафіксаваны новыя выпадкі неналежнага абыходжання з аб’ектамі гістарычна-культурнай спадчыны і месцамі памяці.

У студзені 2025 года ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў (адбыліся 26 студзеня) дзяржаўная культурная палітыка была ў значнай ступені скіравана на публічную падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, які застаецца пры ўладзе ўжо тры дзесяцігоддзі. Сярод іншых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі – узмацненне кантролю над сферай культуры, далейшая яе ідэалагізацыя і манапалізацыя дзяржавай права на афіцыйнае зместавае напаўненне і разуменне гістарычнай памяці, умацаванне супрацы з культурнымі ўстановамі Расіі і замяшчэнне мясцовых спецыялістаў расійскімі, падтрымліванне лаяльных да ўлады артыстаў і шэраг іншых тэндэнцый.

  • Усяго ў 2025 годзе ў маніторынгу зафіксавана 1435 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
  • Антылідары парушэнняў у агульным аб’ёме маніторынгу – прызнанне «экстрэмісцкімі» матэрыялаў культурнай тэматыкі або акаўнтаў дзеячаў культуры ў сацыяльных сетках (356 выпадкаў), цэнзура (333) і парушэнне права на справядлівы суд, доступу да правасуддзя (142).

  • У дачыненні да дзеячаў культуры часцей за ўсё фіксаваліся парушэнні права на справядлівы суд (130 выпадкаў) і факты крымінальнага пераследу (95); у дачыненні да арганізацый і супольнасцяў сферы культуры – цэнзура (55) і стварэнне адміністрацыйных перашкод для дзейнасці (44), у тым ліку прымусовая ліквідацыя.
  • Станам на 31 снежня 2025 года ў Беларусі быў 1131 палітычны зняволены [4], сярод іх – не менш за 77 дзеячаў культуры.
  • Усяго ў месцах пазбаўлення волі (у калоніях, турмах, следчых ізалятарах), а таксама ва ўстановах адкрытага тыпу («хімія») або ва ўмовах «хатняй хіміі» знаходзіліся не менш за 144 чалавекі са сферы культуры: 51 дзеяч культуры – у калоніі, 15 – у следчым ізалятары, 8 – у турме, 3 – на «хіміі», 55 – на «хатняй хіміі», актуальнае месцазнаходжанне яшчэ 12 чалавек праваабаронцам невядомае.

  • Вядома пра завядзенне крымінальных спраў у дачыненні да 95 дзеячаў культуры. Амаль у кожным другім выпадку гаворка ідзе пра пераслед палітычных эмігрантаў.
  • Не менш за 66 дзеячаў культуры былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, у тым ліку трое – у рамках завочнага судовага разбору. Як мінімум у дачыненні да 4 былых палітычных зняволеных, якім удалося пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, адбыліся завочныя судовыя працэсы за «ўхіленне» ад адбывання пакарання.
  • Не менш за 62 чалавекі трапілі пад адвольныя затрыманні, трое – двойчы.
  • Вядома пра адміністрацыйны пераслед у дачыненні да 24 чалавек са сферы культуры (26 пратаколаў).
  • 27 дзеячаў культуры з ліку памілаваных у 2025 годзе былі прымусова дэпартаваны з Беларусі.
  • 60 асоб унесеныя ў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», 10 – у «Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Не менш як 61 дзеяч культуры ўнесены ў пералік асоб, якія нібыта з’яўляюцца ўдзельнікамі «экстрэмісцкіх фарміраванняў».
  • 13 грамадскіх арганізацый сферы культуры былі прымусова ліквідаваны.
  • 222 мастацкія, нон-фікшн або гістарычныя кнігі былі ўнесены ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» або ў пералік друкаваных выданняў, распаўсюд якіх «можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
  • Сабрана 97 фактаў неналежнага абыходжання з аб’ектамі гістарычна-культурнай спадчыны і месцамі памяці.
СЯРОД НАЗІРАНЫХ ТЭНДЭНЦЫЙ І ФОРМАЎ ПЕРАСЛЕДУ:
  • Абмежаванне доступу да інфармацыі. З 5 сакавіка 2025 года на сайце Вярхоўнага суда быў закрыты публічны доступ да электроннага раскладу судовых пасяджэнняў – адной з ключавых крыніц інфармацыі пра судовыя справы. Гэта істотна ўскладніла працу праваабаронцаў пры маніторынгу адміністрацыйных і крымінальных працэсаў у дачыненні да іншадумцаў, у тым ліку да дзеячаў культуры. Таксама з сайта быў выдалены раздзел «Спецыяльнае вядзенне».
  • Адкладзеная бачнасць рэпрэсій. Усё часцей інфармацыя пра затрыманні, арышты і судовыя рашэнні робіцца вядомай праваабарончым арганізацыям праз месяцы або значна пазней.
  • Змяненне структуры парушэнняў. У 2025 годзе ў параўнанні з 2024 годам зафіксавана значна больш фактаў цэнзуры і прызнання матэрыялаў «экстрэмісцкімі». Упершыню ў топ-10 маніторынгу ўвайшлі парушэнні ў сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны, а таксама практыка прызнання дзеячаў культуры ўдзельнікамі «экстрэмісцкіх фарміраванняў», што, разам са зніжэннем колькасці фіксаваных у рэжыме рэальнага часу выпадкаў адвольных затрыманняў, адміністрацыйнага пераследу і прыцягнення дзеячаў культуры да крымінальнай адказнасці, у значнай ступені звязана з абмежаваннем доступу да афіцыйнай і публічнай інфармацыі і скарачэннем даступных спосабаў дакументавання.
  • Масавыя крымінальныя справы. Адной з найбольш маштабных спраў 2025 года стаў крымінальны пераслед у межах справы «Беларускага Гаюна» – за перадачу грамадска значнай інфармацыі пра перамяшчэнне расійскай тэхнікі і войск па тэрыторыі Беларусі, які закрануў у тым ліку дзеячаў культуры.
  • Неналежныя ўмовы ўтрымання. Умовы ўтрымання дзеячаў культуры ў месцах пазбаўлення волі па-ранейшаму не адпавядаюць асноўным міжнародным стандартам і нацыянальнаму заканадаўству і ў шэрагу выпадкаў могуць кваліфікавацца як жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне. Ціск з боку дзяржавы працягваецца і пасля поўнага адбыцця пакарання.
  • Кантроль пры перасячэнні мяжы. Працягваюцца агляды і так званыя «гутаркі» з дзеячамі культуры пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы, а таксама адвольныя затрыманні і арышты асоб, якія вяртаюцца з-за мяжы.
  • Пазасудовыя формы пераследу. Захоўваюцца практыкі выклікаў на «прафілактычныя гутаркі» ў праваахоўныя органы і да «спецыялістаў па бяспецы» на працы; прымушэнне да падпісання абавязацельстваў аб няўдзеле ў «экстрэмісцкай дзейнасці», праверка мабільных прылад і акаўнтаў у сацыяльных сетках; стварэнне фэйкавых профіляў ад імя дзеячаў культуры; звальненне або ціск з мэтай звальнення, а таксама пераслед палітычных эмігрантаў і іх родных у Беларусі.
  • Завочныя судовыя выракі. Працягваецца практыка завочных судоў, у тым ліку датычных змянення рэжыму пакарання за «ўхіленне» ад яго адбывання.
  • «Памілаванні» з парушэннем правоў. У 2025 годзе мелі месца некалькі хваляў памілавання палітычных зняволеных, частка з якіх суправаджалася прымусовай дэпартацыяй з Беларусі і праводзілася з парушэннем базавых працэсуальных гарантый. У ходзе вызваленняў быў канфіскаваны значны масіў тэкстаў і рукапісаў, створаных дзеячамі культуры ў зняволенні.
  • Парушэнне маёмасных правоў. Рэпрэсіі шырока закранаюць маёмасную сферу: канфіскоўваецца нерухомасць і іншая маёмасць асуджаных з наступнай рэалізацыяй праз аўкцыёны. Так, у кастрычніку 2025 года на таргі была выстаўлена калекцыя твораў мастацтва Віктара Бабарыкі.
  • Дэмантаж інфраструктуры культуры. Ліквідаваны Kvitki.by – найбуйнейшы білетны аператар у Беларусі.
  • Прызнанне культурных ініцыятыў «экстрэмісцкімі». У 2025 годзе гэтая практыка закранула не толькі праекты ў эміграцыі – Gronka, «Жыццё-маліна», музычны гурт Dzieciuki і іншыя, – але і ініцыятывы, што дзейнічаюць унутры краіны, у тым ліку «Склад бутэлек», Radio Plato, «Барысфен» і «Да Зораў».
  • Пашырэнне практыкі прызнання матэрыялаў «экстрэмісцкімі». «Экстрэмісцкімі» прызнаваліся кнігі і акаўнты ў сацыяльных сетках дзеячаў культуры, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў зняволенні або неўзабаве быў вызвалены (Зміцер Дашкевіч, Уладзімір Мацкевіч, Мікола Дзядок), а таксама асобныя імёны і нікнэймы, у тым ліку kasiavadanosava і dzimicer (Кацярыны Ваданосавай і Дзмітрыя Нарышкіна).
  • Нядопуск да публічнай дзейнасці. Працягваецца практыка нядопуску «ненадзейных» артыстаў да выступленняў, у тым ліку пад нагодай нібыта пагрозы іх дзейнасці «нацыянальнай бяспецы і грамадскаму парадку».
  • Забарона літаратуры. Істотна пашыраны пералік кніг, забароненых для распаўсюду пад нагодай нібыта пагрозы «нацыянальным інтарэсам» Рэспублікі Беларусь.
  • «Нармалізацыя» творчых саюзаў. Працягваецца ціск на творчыя саюзы аж да выкарыстання сілавых метадаў, у тым ліку прэвентыўныя затрыманні напярэдадні з’езда і выбарчых працэдур Беларускага саюза мастакоў.
  • Падмены гістарычнай памяці. Фіксуецца ўстойлівая тэндэнцыя выцяснення і скажэння гістарычнай памяці праз дэмантаж і знікненне мемарыяльных знакаў, ліквідацыю экспазіцый і замяшчэнне канкрэтных гістарычных наратываў уніфікаванай дзяржаўнай ідэалагічнай рыторыкай.
  • Уразлівы стан беларускай мовы. Становішча беларускай мовы застаецца праблемным і характарызуецца не толькі недастатковай інстытуцыйнай увагай, але і практыкамі абмежавання, выцяснення і пераследу яе выкарыстання ў ключавых сферах грамадскага і культурнага жыцця.
  • Ідэалагічны кантроль устаноў культуры. У дзяржаўных установах захоўваецца жорсткі ідэалагічны кантроль, у тым ліку негалосная забарона супрацоўнічаць з недзяржаўнымі арганізацыямі і выбудаваная сістэма падтрымкі і заахвочвання лаяльных рэжыму суб’ектаў.
  • Запаволенне ліквідацыі НДА. Тэндэнцыя да запаволення кампаніі прымусовай ліквідацыі некамерцыйных арганізацый, у тым ліку культурных структур, якая склалася ў першым квартале 2025 года, захоўвалася да канца года і была абумоўлена фактычным вычарпаннем кола арганізацый, у дачыненні да якіх магла прымяняцца гэтая практыка.

ПАМІЛАВАННІ І ПРЫМУСОВАЯ ДЭПАРТАЦЫЯ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ З БЕЛАРУСІ

У 2025 годзе ў Беларусі адбыліся некалькі хваляў памілавання палітычных зняволеных, сярод якіх былі і дзеячы культуры. Так, 22 студзеня на волю выйшла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Стахейка, 8 траўня вызвалены фатограф Аляксандр Зянкоў, 2 ліпеня – былы старшыня габрэйскай супольнасці Раман Смірноў.

Агулам памілаванні закранулі не менш за 30 дзеячаў культуры. Акрамя траіх згаданых вышэй, яшчэ 27 прадстаўнікоў культурнай сферы, у тым ліку 14 літаратараў і іншых людзей слова, былі вызвалены пры пасярэдніцтве ўрада ЗША пасля візітаў у Мінск Джона Коўла, спецыяльнага пасланніка Дональда Трампа па Беларусі. Усе яны былі вызвалены з наступнай прымусовай дэпартацыяй з краіны.

12 лютага быў вызвалены на падставе памілавання і вывезены ў Літву разам з двума іншымі палітзняволенымі паэт, перакладчык і журналіст Андрэй Кузнечык.
21 чэрвеня – філолаг і італьяністка Наталля Дуліна, журналіст і аўтар тэкстаў на культурную тэматыку Ігар Карней, культурны менеджар і блогер Сяргей Ціханоўскі (усяго 14 палітзняволеных).
11 верасня былі вызвалены філосаф Уладзімір Мацкевіч, журналіст, культурны менеджар і выдавец Павел Мажэйка, публіцыст Зміцер Дашкевіч, аўтар турэмнай прозы і блогер Мікола Дзядок, нон-фікшн інтэрнэт-аўтар і блогер Павел Вінаградаў, рэжысёрка-дакументалістка Ларыса Шчыракова, краязнаўца і журналіст Яўген Меркіс, заснавальнік і галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч, архітэктар і музыка Аляксей Сіленка, відэааператар і музыка Глеб Гладкоўскі, актывіст і аўтар музычных твораў Сяргей Спарыш. Усяго ў той дзень былі вызвалены 52 чалавекі, з якіх 40 з’яўляліся палітзняволенымі.
13 снежня былі вызвалены і дэпартаваны на тэрыторыю Літвы і Украіны 123 чалавекі. Сярод іх – літаратуразнаўца і праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, адвакат, літаратар і бард Максім Знак, мецэнат, бізнесмен і палітычны дзеяч Віктар Бабарыка, музыка, менеджарка культурных праектаў і грамадская дзяячка Марыя Калеснікава, літаратар і грамадскі дзеяч Павел Севярынец, публіцыстка і актывістка Алена Гнаўк, літаратар, перакладчык і журналіст Аляксандр Фядута, перакладчык Сяргей Паўлавіцкі, дыджэй Арцём Макавей, музыка і сцэнарыст Кірыл Вевель, выкладчык японскай мовы, грамадзянін Японіі Наканісі Масатосі, студэнтка лінгвістычнага факультэта Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ганна Курыс.

Былыя палітзняволеныя дзеячы культуры, якія ў 2025 годзе выйшлі на волю на падставе памілавання і былі прымусова дэпартаваны з Беларусі

Сярод вызваленых дзеячаў культуры было нямала тых, чый тэрмін зняволення набліжаўся да заканчэння. Так, Наталля Дуліна ў інтэрв’ю незалежным медыя адзначала, што да завяршэння тэрміну ёй заставалася ўсяго некалькі месяцаў, пасля чаго яна магла б самастойна прыняць рашэнне – застацца жыць у сваёй краіне ці з’ехаць.

Падчас дэпартацыі палітычныя зняволеныя не былі праінфармаваны пра тое, што адбываецца, аж да моманту перасячэння мяжы – з Літвой або Украінай – і перадачы прадстаўнікам дыпламатычнай місіі. У шэрагу выпадкаў транспартаванне ажыццяўлялася з мерамі, якія зневажаюць чалавечую годнасць, – з мяшкамі на галаве, завязанымі вачыма і ў кайданках. Частка вызваленых была перамешчана на тэрыторыю Украіны – дзяржавы, якая знаходзіцца ва ўмовах узброенага канфлікту.

Прымусовая дэпартацыя адбывалася без выдачы афіцыйных дакументаў, якія пацвярджаюць вызваленне. У часткі людзей адсутнічаў нават асноўны дакумент, што сведчыць асобу, – пашпарт, што ў далейшым стварае сур’ёзныя перашкоды для легалізацыі за межамі Рэспублікі Беларусь.

Прымусовае перамяшчэнне, нявызначаны прававы статус, пазбаўленне пашпартоў і іншыя парушэнні закранулі такія правы былых палітычных зняволеных, як свабода перамяшчэння, свабода выбару месца жыхарства, права на грамадзянства, а таксама шырокае кола базавых правоў чалавека, звязаных з сямейным жыццём, уласнасцю, працоўнымі правамі, правам на ахову здароўя і сацыяльнае забеспячэнне. У сувязі з актывізацыяй практыкі прымусовай высылкі з Беларусі памілаваных палітычных зняволеных кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый выступіла з супольнай заявай [5].

У завяршэнне тэмы памілаванняў варта падкрэсліць, што, нягледзячы на серыю вызваленняў, якія адбыліся ў 2025 годзе, казаць пра зніжэнне ўзроўню рэпрэсій у Беларусі – як у цэлым, так і ў сферы культуры – не выпадае. Так, у той самы перыяд, на працягу якога былі памілаваны 30 дзеячаў культуры, як мінімум 34 працаўнікоў сферы прызналі новымі палітычнымі зняволенымі, а на канец 2025 года агулам у Беларусі быў не менш як 1131 палітычны зняволены.

Вызваленні вітаў і адначасова засцерагаў ад празмернага аптымізму спецыяльны дакладчык ААН пра становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс. Ён адзначыў, што «ўлады Беларусі не падаюць ніякіх прыкмет змены палітыкі або практыкі рэпрэсій і не робяць ніякіх заяў у гэтым кірунку», што выключае падставы казаць пра нармалізацыю сітуацыі ў краіне [6].

АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ, АДМІНІСТРАЦЫЙНЫ ПЕРАСЛЕД І ПРЫЦЯГНЕННЕ ДА КРЫМІНАЛЬНАЙ АДКАЗНАСЦІ

АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ

На працягу 2025 года не менш як 62 дзеячы культуры прайшлі праз адвольныя затрыманні або арышты, трое з іх былі затрыманы паўторна. Прыблізна ў дзвюх трацінах зафіксаваных выпадкаў такія меры суправаджаліся завядзеннем крымінальных спраў.

Сярод арыштаваных – нон-фікшн-аўтарка Ціна Палынская, музыка, радыёвядоўца і кампазітар, лідар фолк-мадэрн-гурта «Палац» Алег Хаменка, мастачка Аксана Шаляпіна, кіраўнік рыцарскага клуба «Барысфен» Павел Пастухоў (Станкевіч), стрыт-арт мастак Алег Ларычаў, дырэктар ліквідаванага Цэнтра ўкраінскай культуры «Січ» Валянціна Логвін, гусляр і вакаліст гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» Алесь Чумакоў, а таксама дзясяткі іншых прадстаўнікоў культурнай сферы.

Адначасова ў 2025 годзе фіксаваліся затрыманні і сярод працаўнікоў культуры, якія лічыліся лаяльнымі да ўлады, пераважна ў канцэртнай сферы. Паводле інфармацыі незалежнага выдання «Наша Ніва», падставай стала выяўленне ў тэлефоне аднаго з затрыманых Telegram-чата «Орг BY», створанага ў пачатку 2020 года для абмену досведам у арганізацыі мерапрыемстваў ва ўмовах пандэміі COVID-19. Пасля гэтага адбыліся затрыманні кіраўнікоў і прадстаўнікоў буйных івэнт-структур, у тым ліку дырэктара кампаніі Blackout Studio Ільі Пятроўскага, Аляксандра Манышава, звязанага з агенцтвамі «Атам Інтэртэйнмент» і «Анбрэйкбл», а таксама кіраўніцтва найбуйнейшага білетнага аператара краіны Kvitki.by. Сам чат быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем», пры гэтым у межах такіх спраў фігуравалі таксама карупцыйныя, эканамічныя і антыманапольныя абвінавачанні, частка затрыманых была вызвалена пасля «супрацоўніцтва» са следствам.

АДМІНІСТРАЦЫЙНЫ ПЕРАСЛЕД

Адміністрацыйны пераслед быў зафіксаваны ў дачыненні да 24 дзеячаў культуры, агулам складзена не менш за 26 адміністрацыйных пратаколаў. У шэрагу выпадкаў адміністрацыйныя меры папярэднічалі завядзенню крымінальных спраў.

Пачынаючы з 2022 года, найбольш распаўсюджанай падставай для адміністрацыйнага пераследу застаецца артыкул 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»), выкарыстанне якога непасрэдна звязана з імклівым ростам «Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў». Побач з гэтым па-ранейшаму актыўна ўжываецца артыкул 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў») – цяпер пераважна ў форме так званага «пікетавання ў сацыяльных сетках».

Адметнай асаблівасцю 2025 года стаў зафіксаваны выпадак адміністрацыйнага пераследу паводле артыкула 10.9 КаАП («Парушэнне заканадаўства аб выбарах»). 26 студзеня 2025 года ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, у дзень галасавання Цэнтральная выбарчая камісія паведамляла пра выпадкі фатаграфавання выбарчых бюлетэняў. Нам вядома як мінімум пра адзін адміністрацыйны працэс паводле гэтага артыкула ў дачыненні да дзеяча культуры, аднак нельга выключаць, што такіх выпадкаў было больш.

З кожным годам устанаўленне прычын і абставін адміністрацыйнага пераследу робіцца ўсё больш складаным. У 40 % зафіксаваных у справаздачным годзе выпадкаў нам невядомыя артыкулы, паводле якіх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы, як і не ўдалося ўстанавіць вынік кожнага другога судовага рашэння. Разам з тым з даступных звестак вынікае, што найбольш часта ўжыванай санкцыяй заставаўся адміністрацыйны арышт тэрмінам на 15 сутак – як мінімум пры кожным трэцім пратаколе.

Адміністрацыйнаму арышту або штрафам у даход дзяржавы падвяргаліся дзеячы культуры з самых розных сфер, у тым ліку бібліятэкары, паэты, настаўнікі гісторыі, акторы, гітарысты, культуролагі, дырыжоры, фатографы, музыкі, рэканструктары і іншыя.

КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД

У 2025 годзе былі зафіксаваны факты крымінальнага пераследу ў дачыненні да 95 дзеячаў культуры, з якіх 55 знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, а 40 – за яе межамі. Пытанне трансгранічнага пераследу разглядаецца ў асобным раздзеле, тады як тут увага засяроджваецца на сітуацыі ўнутры краіны.

З 55 дзеячаў культуры, у дачыненні да якіх у 2025 годзе быў ініцыяваны палітычна матываваны крымінальны пераслед, 47 сутыкнуліся з ім упершыню; шэсць чалавек на момант завядзення новых спраў ужо адбывалі пакаранне ў месцах пазбаўлення волі і мелі статус палітычных зняволеных; яшчэ двое – аўтар артыкулаў для інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» Іван Марозаў і журналіст, краязнаўца Аляксандр Любянчук – былі затрыманы паўторна пасля поўнага адбыцця папярэдніх тэрмінаў пакарання.

Падставы для крымінальнага пераследу дзеячаў культуры застаюцца нязменнымі і па-ранейшаму звязаныя з выказваннем меркавання і меркаванай палітычнай нелаяльнасцю. Да іх адносяцца ўдзел у пратэстах 2020 года, публічная крытыка ўладаў, уцягнутасць у прадэмакратычныя і іншыя грамадскія ініцыятывы. Таксама адбываецца пераслед у месцах пазбаўлення волі, у тым ліку праз штучнае падаўжэнне тэрмінаў пакарання шляхам завядзення спраў паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі»). Заканчэнне да канца 2025 года тэрміну прыцягнення да адказнасці за ўдзел у пратэстах 2020 года – паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – абумоўлівала ўжыванне гэтай нормы ў сціслыя тэрміны з мэтай прыцягнення да адказнасці як мага большай колькасці асоб.

Адной з найбольш маштабных калектыўных крымінальных спраў 2025 года стала справа «Беларускага Гаюна», якая закранула ў тым ліку дзеячаў культуры. Таксама ў гэтым раздзеле разглядаюцца арышты рэдактараў беларускага раздзела інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя».

Справа «Беларускага Гаюна»

У студзені 2022 года, напярэдадні пачатку поўнамаштабнай расійска-ўкраінскай вайны, грамадскі актывіст і менеджар культуры Антон Матолька запусціў маніторынгавы OSINT-праект «Беларускі Гаюн» [7], накіраваны на адсочванне перамяшчэння расійскай тэхнікі і войск па тэрыторыі Беларусі. У лютым таго ж года ў ініцыятывы з’явіўся Telegram-канал, у якім публікавалася сабраная інфармацыя. Ужо ў сакавіку 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў прызнала Telegram-канал «Беларускі Гаюн» «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Праз тры гады, у лютым 2025-га, ініцыятыва паведаміла пра несанкцыянаваны доступ спецслужбаў да інфармацыі яе чат-бота і пагрозу ідэнтыфікацыі карыстальнікаў, якія перадавалі звесткі. Неўзабаве пасля гэтага праект спыніў сваю дзейнасць. З гэтага моманту ў Беларусі пачаліся масавыя затрыманні асоб, падазраваных у перадачы інфармацыі ў чат-бот, і іх крымінальны пераслед паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

На канец 2025 года вядома пра амаль дзве сотні фігурантаў «справы Гаюна», сярод якіх – не менш за адзінаццаць дзеячаў культуры, у тым ліку гісторыкаў, краязнаўцаў, музыкаў, фатографаў і іншых прадстаўнікоў культурнай сферы. Паводле наяўных звестак, восем з іх у 2025 годзе былі асуджаны на розныя віды пакарання – ад абмежавання волі з накіраваннем або без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія» або «хатняя хімія») да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Пераслед асоб, якія перадавалі інфармацыю праз чат-бот маніторынгавага праекта «Беларускі Гаюн», носіць рэпрэсіўны характар і накіраваны на крыміналізацыю дзеянняў, якія фактычна з’яўляюцца рэалізацыяй права на атрыманне і распаўсюд грамадска значнай інфармацыі. Крымінальныя справы ў дачыненні да фігурантаў гэтага вядзення, у тым ліку да дзеячаў культуры, з’яўляюцца чарговым прыкладам сістэмнага абмежавання свабоды выказвання меркаванняў і права на інфармацыю, а таксама выкарыстання заканадаўства аб «экстрэмізме» як інструмента палітычных рэпрэсій.

Арышты адміністратараў беларускай «Вікіпедыі»

Яшчэ адным напрамкам рэпрэсіўнай палітыкі 2025 года сталі затрыманні адміністратараў беларускамоўнага раздзела інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя».

Пасля 13 сакавіка супольнасць страціла сувязь з Kazimier Lachnovič – адным з чатырох адміністратараў раздзела на тарашкевіцы. На працягу больш як паўгода не было пацверджана ні яго затрыманне, ні асоба. Толькі ў лістападзе прэс-служба Генеральнай пракуратуры паведаміла [8] пра тое, што выкладчыку ВНУ прысудзілі два гады пазбаўлення волі і штраф за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Паводле абвінавачання, у 2020–2025 гадах ён размясціў на рэсурсе «Вікіпедыя» 25 тэкставых паведамленняў, якія нібыта ўтрымлівалі «загадзя лжывыя звесткі» пра гісторыю, дзяржаўныя сімвалы, прэзідэнцкія выбары, рэферэндумы і дзейнасць дзяржаўных органаў і ваенізаваных арганізацый. Пазней журналісты выдання «Наша Ніва» вызначылі, што гаворка ішла пра Ілью Барыскевіча, які працяглы час захоўваў ананімнасць і публікаваў крытычныя матэрыялы на палітычныя тэмы.

17 красавіка на сувязь перастала выходзіць яшчэ адна адміністратарка – Вольга Сітнік (нік «Хомелка»). У той жа дзень яна была затрымана і неўзабаве вызвалена, аднак 7 траўня адбылося паўторнае затрыманне. У чэрвені было зафіксавана выкарыстанне аднаго з яе акаўнтаў для распаўсюду лжывай інфармацыі ў чатах беларускай дыяспары. Сітнік правяла пад вартай каля шасці месяцаў, пасля чаго суд прызначыў ёй на падставе артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК) пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

15 траўня быў затрыманы рэдактар і найстарэйшы дзейны адміністратар беларускай «Вікіпедыі» Максім Лепушэнка. Пазней ён быў асуджаны на 2,5 года «хатняй хіміі» паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у пратэстах 2020 года.

Затрыманні некалькіх адміністратараў беларускага раздзела «Вікіпедыі», якія адбыліся за кароткі прамежак часу, маюць прыкметы скаардынаванага ціску, што пацвярджаецца публікацыямі дзяржаўных прапагандысцкіх медыя. У прыватнасці, неўзабаве пасля знікнення першага адміністратара на сайце «Беларусь. Сегодня» быў размешчаны артыкул [9], у якім «Вікіпедыя» прадстаўлялася як «зброя інфармацыйнай вайны», а яе беларускі раздзел – як праект, які нібыта рэдагуецца з Польшчы.

КРЫМІНАЛЬНЫЯ ПРЫСУДЫ

У 2025 годзе былі вынесены прысуды як мінімум у дачыненні да 66 дзеячаў культуры, у тым ліку тры прысуды, вынесеныя завочна ў рамках працэдуры спецыяльнага вядзення. Для шасці асуджаных гэта ўжо не першы палітычна матываваны прысуд.

Топ-3 артыкулы вочнага крымінальнага пераследу [10]:

  • артыкул 342 КК – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» – 20 чалавек;
  • артыкул 361-4 КК – «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» – 19 чалавек;
  • артыкул 361-1 КК – «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» – 10 чалавек.

Не менш за 27 дзеячаў культуры былі асуджаны на пазбаўленне волі ў папраўчых калоніях агульнага або ўзмоцненага рэжыму, 26 – на «хатнюю хімію», чацвёра – на «хімію». Для чатырох судовых спраў выракі праваабаронцам на гэты момант невядомыя; з высокай імавернасцю гаворка ідзе пра пазбаўленне волі або «хімію». На падставе адной справы прызначана прафілактычнае назіранне.

Прысуд Ніне Багінскай

Адной з паказальных крымінальных спраў першай паловы 2025 года стаў пераслед 78-гадовай грамадзянскай актывісткі Ніны Багінскай – сімвала мірных пратэстаў у Беларусі. На працягу дзесяцігоддзяў яна публічна адстойвае права на выкарыстанне нацыянальнай сімволікі і сістэматычна зазнае пераслед з боку дзяржавы, у тым ліку затрыманні, штрафы, канфіскацыю маёмасці і скарачэнне пенсійных выплат.

У пачатку траўня стала вядома пра завядзенне ў дачыненні да Багінскай крымінальнай справы паводле артыкула 342-2 Крымінальнага кодэкса [11] («Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») на падставе адміністрацыйных спагнанняў 2024 года паводле артыкула 24.23 КаАП за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі. У матэрыялах справы фігуравалі таксама канфіскаваныя падчас ператрусу бела-чырвона-белы сцяг і плакат з гербам «Пагоня».

У ходзе следства Багінскую неаднаразова накіроўвалі на псіхіятрычную экспертызу. 30 траўня ў закрытым пасяджэнні суд прызнаў яе вінаватай, аднак ужыў артыкул 79 КК («Асуджэнне без прызначэння пакарання»), абмежаваўшыся прафілактычным назіраннем.

У 2025 годзе былі асуджаны:

Бібліятэкарка Юлія Лаптановіч (інкрымінавалі арт. 361-4 КК, 2,5 года калоніі [12]); удзельнік харавога калектыву Даніэль-Ландсэй Кейта (арт. 342 КК, 2 гады калоніі); рамеснік, уладальнік ювелірнай майстэрні «Самародак» Міхаіл Лабань (арт. 361-2 КК, 2,5 года «хіміі» [13]); менеджар культуры і бізнесмен Эдуард Бабарыка (арт. 411 КК, – [14]); музыка і сцэнарыст Кірыл Вевель (арт. 361-1 і 130 КК, яшчэ 1,5 года калоніі); літаратар і анархіст Аляксандр Францкевіч (арт. 411 КК, –); настаўніца беларускай мовы і літаратуры Анжаліка Алясюк (арт. 368 КК, –); актрыса, мадэль і сцюардэса Вераніка Жалубоўская (арт. 342 КК, 1 год калоніі); літаратарка і журналістка Паліна Піткевіч (арт. 361-1 КК, 3 гады калоніі); гісторык па адукацыі, педагог Віктар Кухарчук (арт. 130 КК, «хатняя хімія»); выкладчык японскай мовы Наканісі Масатосі (арт. 358-1 КК, 7 гадоў калоніі); літаратарка і журналістка Алена Панкратава (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); уладальнік этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч (арт. 342 КК, 1,5 года «хіміі»); актывістка і прамоўтарка культуры Ніна Багінская (арт. 342-2 КК, прафілактычнае назіранне); культурны актывіст Яўген Бойка (арт. 361-1 і 361-3 КК, 5 гадоў калоніі); былы дырэктар выдавецтваў дзіцячай і навукова-папулярнай літаратуры Вадзім Пажывілка (арт. 361-2 КК, «хатняя хімія»); выкладчыца англійскай мовы Алена Бразінская (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); прызёр танцавальных конкурсаў і IT-спецыяліст Сяргей Салажэнцаў (арт. 361-2 КК, калонія); заснавальніца Devil Dance studio Аляксандра Ашурка (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); кіраўнік гістарычнага клуба «Міндоўг» Алег Зелянко (арт. 361-4 КК, –); краязнаўца і рэлігіязнаўца Павел Лаўрыновіч (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Аліна Шаўцова (арт. 361-1 КК, 3 гады калоніі); адміністратар беларускай «Вікіпедыі» Максім Лепушэнка (арт. 342 КК, 2,5 года «хатняй хіміі»); журналіст і краязнаўца Алег Супрунюк (арт. 361-1 КК, 3 гады калоніі); актрыса і мадэль Кацярына Явід (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); літаратар і журналіст Руслан Равяка (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); бібліятэкарка Ірына Кішкурна (арт. 361-1 КК, 2 гады калоніі); нон-фікшн інтэрнэт-аўтар Іван Марозаў (арт. 368 КК, 2,5 года калоніі); мастак Ігар Рымашэўскі (арт. 130 КК, 1 год і 2 месяцы калоніі); мастачка Людміла Шчамялёва (арт. 130 КК, 1 год і 2 месяцы калоніі); джазавая спявачка Вераніка Яноўская (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); выкладчыца вакалу Марына Рапавец (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); ударніца ў аматарскіх музычных гуртах Вольга Нікалаева (арт. 361-1 і 342 КК, 3 гады калоніі); бібліятэкарка Анастасія Трубчык-Дзівакова (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); музыка Міхаіл Стоцік (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); педагог-баяністка Лілія Пажарыцкая (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); педагог-баяніст Аляксандр Пажарыцкі (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); краязнаўца Яўген Старавойтаў (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); журналіст і літаратар Ігар Ільяш (арт. 361-4 і 369-1 КК, 4 гады калоніі); паэт, бард Валерый Пазнякевіч (арт. 368 КК, 3 гады «хіміі»); музыка і культурны менеджар Анатоль Вольскі (арт. 361-4 КК, –); гісторык і экскурсавод Антон Арцюх (арт. 361-4 КК, 3 гады «хіміі»); мастак Павел Ксяндзоў (арт. 361-1 КК, 2,5 года калоніі); рэдактарка беларускай «Вікіпедыі» Вольга Сітнік (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); дызайнер Дзмітрый Царук (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); мастачка Аксана Шаляпіна (арт. 361-4 КК, 3 гады калоніі); фатограф Вадзім Здаравеннаў (арт. 368 КК, 2 гады калоніі); заснавальнік арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» Кірыл Краўцоў (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); гісторык і этнограф Аляксей Друпаў (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); актрыса Алена Барсукова (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); настаўніца нямецкай мовы Яраслава Хромчанкава (арт. 361-4 і 369-1 КК, 3 гады калоніі); рэдактар беларускай «Вікіпедыі» Ілья Барыскевіч (арт. 369-1 КК, 2 гады калоніі); музыка і танцоўшчыца Таццяна Лук’янава (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); настаўніца англійскай мовы Аляксандра Дуброўская (арт. 361-1 КК, 3 гады калоніі); старэйшая выкладчыца кафедры лінгвістычных дысцыплін БДСГА Алена Сафронава (арт. 361-1 КК, –); харэограф Войцех Грабіцкі (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); былая старшыня Цэнтра ўкраінскай культуры «Січ» Валянціна Логвін (арт. 368, 130 і 361-4 КК, «хатняя хімія»); папулярызатар беларускай мовы ў IT Віктар Гаўрылавец (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); архівіст Уладзімір Монзуль (арт. 130 і 361-4 КК, «хатняя хімія»); музыка і арганізатар святаў Іван Фалітар (арт. 361-4 КК, 3 гады калоніі). А таксама яшчэ як мінімум тры чалавекі з ліку дзеячаў культуры.

У парадку спецыяльнага вядзення былі асуджаны не менш як тры дзеячы культуры ў эміграцыі.

УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ І ПАРУШЭННЕ КУЛЬТУРНЫХ ПРАВОЎ У МЕСЦАХ ЗНЯВОЛЕННЯ

УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ Ў МЕСЦАХ ЗНЯВОЛЕННЯ

У 2025 годзе было зафіксавана 76 парушэнняў умоў утрымання ў закрытых установах у дачыненні да 36 дзеячаў культуры. Сярод найбольш распаўсюджаных практык – неабгрунтаванае змяшчэнне ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ), правакацыі і абвінавачанні ў надуманых парушэннях, псіхалагічны ціск, ізаляцыя і працяглае інкамунікада, неналежная медыцынская дапамога, прымусовая праца ў цяжкіх умовах, цэнзура і абмежаванні або поўная забарона на ліставанне, пазбаўленне пасылак і перадач, пастаянны пранізлівы холад. Ва ўмовах беларускай пенітэнцыярнай сістэмы палітычны зняволены па змаўчанні з’яўляецца «парушальнікам», а яго статус «экстрэміста» пастаянна падкрэсліваецца – жыццё там суправаджаецца станам няспыннай трывогі.

Літаратар, праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, вызвалены на падставе памілавання ў канцы 2025 года, правёў у беларускіх турмах больш за сем гадоў, з іх чатыры гады і чатыры месяцы – паводле другога тэрміну. У сваіх інтэрв’ю ён адзначаў, што і пятнаццаць гадоў таму, і цяпер пенітэнцыярная сістэма накіравана на абмежаванне чалавека і знішчэнне яго чалавечай годнасці, асабліва ў дачыненні да палітычных зняволеных.

Пра рэзкае ўзмацненне ціску ўнутры сістэмы пасля 2020 года гаворыць публіцыст і анархіст, таксама двойчы былы палітычны зняволены, Мікола Дзядок. Паводле яго слоў, за амаль пяць гадоў другога зняволення ён перажыў фізічныя збіцці, катаванні холадам, распыленне газу ў вочы, абразы і прыніжэнні, правакацыі з боку суседзяў па камеры, спробы загнаць яго ў «нізкі сацыяльны статус» [15], пазбаўленне перадач, лістоў, пасылак, званкоў і каля года ШІЗА. Публіцыстка і актывістка Алена Гнаўк амаль палову чатырохгадовага тэрміну зняволення правяла ў ШІЗА і ПКТ.

У 2025 годзе ў ПКТ працягвалі ўтрымліваць музыку і IT-спецыяліста Вадзіма Гулевіча. Журналісту і публіцысту Андрэю Пачобуту пасля чарговага ШІЗА зноў падоўжылі рэжым ПКТ яшчэ на паўгода; за ўвесь час зняволення ў яго не было ніводнага спаткання з роднымі. Пасля завяршэння трохгадовага турэмнага рэжыму аўтар турэмнай прозы, анархіст Ігар Аліневіч і прамоўтар гісторыі Эдуард Пальчыс былі пераведзены ў калоніі, дзе неўзабаве таксама апынуліся ў ШІЗА і ПКТ. Паэт, блогер і журналіст Дзяніс Івашын рэгулярна змяшчаецца ў штрафны ізалятар і больш за год пазбаўлены тэлефонных званкоў з сям’ёй.

Працягваецца практыка спланаванага падаўжэння тэрмінаў зняволення. У дачыненні да менеджара культуры і бізнесмена Эдуарда Бабарыкі і аўтара турэмнай прозы, анархіста Аляксандра Францкевіча ў 2025 годзе адбыліся паўторныя суды паводле артыкула 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі»). Францкевічу таксама быў прызначаны трохгадовы турэмны рэжым, а больш за год ён знаходзіцца ў стане інкамунікада; у палітычна матываваным зняволенні знаходзіцца і яго маці.

Працяглая ізаляцыя ўжывалася і да іншых вядомых дзеячаў: Максім Знак правёў у зняволенні больш за пяць гадоў, амаль тры з іх – без сувязі з роднымі і адвакатамі; аналагічны рэжым да вызвалення ўжываўся да Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай.

Фіксуюцца сістэмныя абмежаванні ліставання. Паводле наяўнай інфармацыі, Андрэй Пачобут пазбаўлены ліставання з роднымі. Журналіст і літаратар Ігар Ільяш не мае магчымасці ліставацца з жонкай – таксама палітычнай зняволенай Кацярынай Бахвалавай (Андрэевай), нягледзячы на адсутнасць фармальнай забароны на ліставанне паміж зняволенымі. За ўвесь 2025 год Алесь Бяляцкі атрымаў ад жонкі адзін ліст, а ад яго ўвогуле ніводзін не быў адпраўлены з калоніі. Краязнавец і актывіст Уладзімір Гундар упершыню за два гады атрымаў прадуктовую перадачу.

На працягу 2025 года паступалі трывожныя звесткі пра стан здароўя палітычных зняволеных і неналежнае медыцынскае забеспячэнне. Паведамлялася пра страту зроку ў культуролага Вацлава Арэшкі, пра пагаршэнне зроку ў Уладзіміра Гундара, пра страты прытомнасці ў палітолага і публіцысткі Валерыі Кастюговай і пра адмову ў доступе да неабходных лекаў, а таксама пра хранічныя захворванні ў пісьменніка і журналіста Сяргея Сацука.

Асобнай праблемай застаецца прымусовая праца ў цяжкіх умовах за сімвалічную аплату. Рэжысёрка-дакументалістка Ларыса Шчыракова працавала ў жаночай калоніі поўны працоўны дзень на швейнай вытворчасці, атрымліваючы літаральна капейкі. Паэт Андрэй Кузнечык, вызвалены ў лютым 2025 года, так успамінае пра сваю працу ў калоніі падчас інтэрв’ю для выдання «Медыязона Беларусь»:

«Праца мянялася, але амаль заўсёды яна была на вуліцы, пад адкрытым небам. Я насіў пілавінне ў кацельню, загружаў паддоны, пілаваў адходы вытворчасці, каб іх можна было спаліць, чысціў правады. І заўсёды на вуліцы, пад снегам, у холадзе. Нам забаранялі заходзіць у памяшканне пагрэцца. Ад дажджу можна было схавацца толькі пад тэхнічнымі канструкцыямі».

ПАРУШЭННЕ КУЛЬТУРНЫХ ПРАВОЎ У МЕСЦАХ ЗНЯВОЛЕННЯ

Парушэнні культурных правоў палітычных зняволеных у месцах пазбаўлення волі ўяўляюць сабой асобную праблему, якая патрабуе самастойнага і паглыбленага даследавання. Зафіксаваны шматлікія абмежаванні, у тым ліку: забарона на наведванне моўных курсаў і вывучэнне замежных моў; канфіскацыя падручнікаў і кніг на замежных мовах – аж да змяшчэння ў ШІЗА за выяўленне такіх выданняў у камеры (папраўчая калонія № 15) або да ліквідацыі адпаведных аддзелаў у турэмных бібліятэках (жаночая папраўчая калонія № 3); забарона на выдачу кніг па псіхалогіі; канфіскацыя асобных твораў, у тым ліку «Архіпелага ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына, а таксама ўвядзенне агульнай забароны на карыстанне бібліятэкай для асоб, прызнаных «экстрэмістамі» (папраўчая калонія № 17).

Таксама паведамлялася пра канфіскацыю рукапісаў, напісаных у зняволенні, пра сістэматычныя выпадкі масавага знішчэння кніг, а таксама пра забарону ўдзелу палітычных зняволеных у культурных мерапрыемствах – канцэртах, клубах і іншых формах калектыўнай актыўнасці.

Асобнай увагі заслугоўваюць выпадкі пераследу за выкарыстанне беларускай мовы ў месцах пазбаўлення волі. Так, рэжысёрка-дакументалістка Ларыса Шчыракова пасля вызвалення распавядала, што начальнік калоніі ўспрымаў яе беларускамоўнасць як спробу «падставіць адміністрацыю». Краязнаўца і журналіст Яўген Меркіс адзначаў, што за выкарыстанне беларускай мовы зняволеных ставяць на «прафілактычны ўлік» і пагражаюць змяшчэннем у штрафны ізалятар. Вядома таксама, што грамадскі дзеяч, прамоўтар гісторыі Вітольд Ашурак і мастак Алесь Пушкін, якія памерлі ў месцах пазбаўлення волі, падвяргаліся там узмоцненаму ціску, у тым ліку з-за сваёй прынцыповай беларускамоўнасці.

Фіксуюцца выпадкі пераследу за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі, у тым ліку патрабаванні адміністрацыі выдаліць татуіроўкі з выявай герба «Пагоня» – нацыянальнага сімвала, уключанага ў спіс гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі, аднак разгляданага ўладамі як «апазіцыйны».

ТРАНСГРАНІЧНЫ ПЕРАСЛЕД ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ

Улады краіны працягваюць рэпрэсіўныя меры ў дачыненні да беларускіх дзеячаў культуры, якія знаходзяцца ў палітычнай эміграцыі. Пераслед ажыццяўляецца шляхам завядзення новых крымінальных спраў у Беларусі, правядзення завочных судовых працэсаў, арышту маёмасці, публічнай дыфамацыі, уключэння ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», прызнання ініцыятыў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а таксама праз ціск на родных, якія застаюцца ў Беларусі.

ПАГРОЗЫ ЖЫЦЦЮ

З восені 2020 года апазіцыйны палітык і былы міністр культуры Беларусі Павел Латушка знаходзіцца пад мэтавым і сістэмным ціскам з боку спецслужбаў Беларусі і ўжо атрымаў дзясяткі пагроз, скіраваных на прымус да спынення яго палітычнай дзейнасці за мяжой.

Толькі ў 2025 годзе фіксаваліся пагрозы фізічнай ліквідацыі і выкрадання, спробы вызначыць яго месцазнаходжанне праз падстаўныя журналісцкія кантакты, а таксама публічная дыфамацыя на найвышэйшым дзяржаўным узроўні. Пасля прызнання Аб’яднанага пераходнага кабінета [16] «тэрарыстычнай арганізацыяй» і ўключэння Паўла Латушкі ў «тэрарыстычны спіс» былі адкрытыя пагрозы забойства, напад у Варшаве, маштабная прапагандысцкая кампанія з удзелам былых і дзейных сілавікоў і інтэнсіўны ціск спецслужбаў, у тым ліку пагрозы родным.

ЦІСК НА РОДНЫХ У БЕЛАРУСІ

Распаўсюджанай практыкай застаецца ціск на родных палітычных эмігрантаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Ён уключае візіты прадстаўнікоў сілавых структур, пагрозы, допыты і іншыя формы пераследу.

Так, пасля ўдзелу блогера і музыкі Андрэя Павука ў прайд-парадзе ў Вільні – у кіцелі беларускай міліцыі і з дзяржаўным чырвона-зялёным сцягам – прадстаўнікі сілавых структур наведалі яго пажылых бацькоў і запісалі з імі «пакаяннае» відэа, якое пазней было прадэманстравана ў стрыме прапагандыста Грыгорыя Азаронка.

Музыка Аляксандр Дзянісаў паведамляў пра візіты сілавікоў да яго маці з папярэджаннямі пра «сур’ёзныя праблемы» для сына ў выпадку працягу публічных выступаў. Журналіст і філатэліст Андрэй Мялешка, які адсутнічае ў Беларусі больш за чатыры гады, распавядаў пра ператрус у яго хворай маці. Ціск зазнаюць родныя паэта і блогера Валерыя Руселіка (Daroha): іх дапытваюць і распытваюць пра яго і ягоную сям’ю без тлумачэння прычын такіх візітаў.

Вядомыя і іншыя выпадкі, калі родныя дзеячаў культуры ў Беларусі вымушаны праходзіць допыты, сутыкацца з ператрусамі і іншымі формамі ціску, што выкарыстоўваюцца як інструмент уздзеяння на палітычных эмігрантаў, якія знаходзяцца за мяжой.

ДЫСКРЭДЫТАЦЫЯ І ФЭЙКАВЫЯ РАССЫЛКІ

У верасні 2025 года еўрапейскім палітыкам і дзяржаўным органам рассылаліся фэйкавыя электронныя лісты ад імя палітычнага дзеяча, блогера і менеджара культуры Сяргея Ціханоўскага. Паведамленні ўтрымлівалі заклікі да супрацы і канкрэтныя звароты, у тым ліку ліст у пракуратуру Літвы з патрабаваннем пачаць расследаванне ў дачыненні да аднаго з дэпутатаў Сейма ў сувязі з яго публічнымі выказваннямі і акцыямі, накіраванымі супраць Сяргея і Святланы Ціханоўскіх. Ні сам Сяргей Ціханоўскі, ні яго каманда не мелі дачынення да гэтых рассылак.

У лістападзе 2025 года стала вядома пра вылучэнне Міністэрствам культуры Германіі фінансавання ў памеры 500 тысяч еўра на кінапраект беларускага рэжысёра Андрэя Палуяна «Спадчына», прысвечаны канфлікту пакаленняў на фоне рэвалюцыйнага лета 2020 года. Праз некалькі дзён беларусам пачалі прыходзіць фэйкавыя лісты з запрашэннем на кастынг, якія суправаджаліся пытаннямі пра ўдзел адрасатаў у пратэстах 2020 года ў Беларусі. Рэжысёр заявіў, што гэтыя паведамленні з’яўляюцца падробленымі і не маюць дачынення ні да яго, ні да ягонай каманды.

ЗАВОЧНЫ КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД, СУДЫ І ЗМЯНЕННЕ РЭЖЫМУ ПАКАРАННЯ

У 2025 годзе быў зафіксаваны крымінальны пераслед у дачыненні да 55 дзеячаў культуры ў эміграцыі. Як правіла, асобы, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, даведваюцца пра распачатыя супраць іх крымінальныя справы праз уключэнне ў вышуковыя спісы і базы дадзеных, у тым ліку праз стэнды «Іх шукае міліцыя» і базу вышуку Расійскай Федэрацыі, куды грамадзяне Беларусі трапляюць праз патрабаванне сілавых структур Беларусі. Ва ўмовах цеснага ўзаемадзеяння праваахоўных органаў Беларусі і Расіі гэта азначае рызыку затрымання і экстрадыцыі, у тым ліку з так званых «дружалюбных» дзяржаў.

Так, у 2025 годзе з Расіі быў экстрадаваны комік Васіль Краўчук, асуджаны ў лютым 2022 года на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). Праз тры месяцы пасля прысуду ён перастаў выходзіць на сувязь, быў абвешчаны ў вышук, а праз тры гады затрыманы ў Санкт-Пецярбургу і экстрадаваны ў Беларусь.

Асобным напрамкам рэпрэсій з’яўляюцца завочныя судовыя працэсы. Так, 3 чэрвеня 2025 года ў парадку спецыяльнага вядзення актывіст, менеджар культуры і стваральнік маніторынгавага праекта «Беларускі Гаюн» Антон Матолька быў завочна прызнаны вінаватым паводле 13 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, уключаючы «здраду дзяржаве» (арт. 356 КК), і асуджаны на 20 гадоў пазбаўлення волі, а таксама на штраф у памеры 84 000 беларускіх рублёў (каля 25,5 тыс. долараў ЗША).

У завочным парадку таксама былі асуджаны актывіст і культурны менеджар Аляксандр Лапко – на 16 гадоў пазбаўлення волі з прызначэннем штрафу ў памеры 231 000 беларускіх рублёў (каля 70,5 тыс. долараў ЗША) паводле абвінавачванняў на падставе 15 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку і са «здрадай дзяржаве», а мастачка Віялета Майшук –на тры гады пазбаўлення волі на падставе артыкулаў аб «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-1 КК) і аб «знявазе прэзідэнта» (арт. 368 КК).

Таксама былі зафіксаваны завочныя судовыя працэсы пра замену пакарання. У выпадках «ухілення» ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі («хіміі» або «хатняй хіміі») у дачыненні да дзеячаў культуры, якія пакінулі краіну, раней прызначанае пакаранне завочна замянялася на пазбаўленне волі з накіраваннем у папраўчую калонію. У 2025 годзе такія выракі былі прыняты як мінімум у дачыненні да паэта, музыкі і перакладчыка Мікіты Найдзёнава, былой галоўнай рэдактаркі газеты «Новы Час» Аксаны Колб, архітэктара Рамана Забелы і настаўніка гісторыі Артура Эшбаева.

ПРЫЗНАННЕ «ЭКСТРЭМІСЦКІМІ» І «ТЭРАРЫСТЫЧНЫМІ»

Пасля завочных прысудаў дзеячы культуры, якія знаходзяцца ў эміграцыі, таксама як і асуджаныя ўнутры краіны, уключаюцца ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». Працягваецца практыка прызнання ініцыятыў, што дзейнічаюць за межамі Беларусі, «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а дзеячаў культуры – іх удзельнікамі. Упершыню ў пераліку арганізацый, аднесеных Камітэтам дзяржаўнай бяспекі да «тэрарыстычных», указваюцца канкрэтныя імёны асоб, пазначаных як нібыта ўпаўнаважаныя прадстаўнікі.

Так, Павел Латушка, а таксама журналістка і менеджарка культуры Аліна Коўшык апынуліся сярод асоб, уключаных у спіс, звязаны з Аб’яднаным пераходным кабінетам, які 9 ліпеня 2025 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў «тэрарыстычнай арганізацыяй».

У 2025 годзе да «ўдзельнікаў экстрэмісцкіх фарміраванняў» былі аднесены актрыса Крысціна Дробыш (краўдфандынгавая платформа Gronka), палітык, мастацтвазнаўца, пісьменнік Зянон Пазняк (ініцыятыва «Вольная Беларусь»), мастацтвазнаўца Мікіта Моніч, музычны крытык Аляксандр Чарнуха, культуролаг Максім Жбанкоў (праект Democratic Media Institute), шэсць удзельнікаў музычнага гурта Dzieciuki і іншыя дзеячы культуры.

Больш падрабязна практыка прызнання культурных ініцыятыў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а прадукцыі і сацыяльных сетак дзеячаў культуры – «экстрэмісцкімі матэрыяламі» разглядаецца ў адпаведных раздзелах.

ЗАПАЛОХВАННЕ І ПЕРАСЛЕД ЗА АКЦЫІ ЗА МЯЖОЙ

Асобна варта адзначыць практыку папераджальнага запалохвання і наступнага выяўлення ўдзельнікаў пратэставых і культурных акцый за межамі Беларусі. Так, 27 студзеня Следчы камітэт паведамляў [17] пра ідэнтыфікацыю 365 удзельнікаў і арганізатараў акцый, што адбыліся за мяжой 26 студзеня – у дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі; пазней колькасць падазраваных вырасла да «каля 400». Аналагічныя пагрозы [18] гучалі і напярэдадні святкавання Дня Волі, пасля чаго прапагандысцкія медыя паведамлялі пра выяўленне 260 удзельнікаў акцый 25 сакавіка.

Даследаванне наступстваў гэтай практыкі для дзеячаў культуры працягваецца.

ЦЭНЗУРА, ЗАБАРОНА НА КНІГІ І ІНШЫЯ ПАРУШЭННІ КУЛЬТУРНЫХ ПРАВОЎ

Паводле прынятай намі класіфікацыі парушэнняў, у 2025 годзе цэнзура стала другім паводле частаты відам парушэнняў правоў дзеячаў культуры і на працягу апошніх гадоў стабільна ўваходзіць у лік найбольш ужываных. А з улікам таго, што на першым месцы паводле колькасці зафіксаваных выпадкаў знаходзіцца прызнанне матэрыялаў на культурную тэматыку і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» (вылучанае намі ў асобную катэгорыю), можна сцвярджаць, што цэнзура ў яе больш шырокім – культурным і ідэалагічным – разуменні з’яўляецца найбольш фіксаваным парушэннем паводле вынікаў года.

Па-ранейшаму застаюцца закрытымі сцэнічныя і выставачныя пляцоўкі для дзеячаў культуры, уключаных у нефармальныя спісы «ненадзейных», хаця фіксуюцца адзінкавыя выпадкі выдачы дазволаў на выступы і выставы аўтарам, якім раней у гэтым адмаўлялі. Для «забароненых» дзеячаў культуры захоўваецца забарона на публікацыі ў дзяржаўнай перыёдыцы; працягваюцца выпадкі анулявання раней выдадзеных гастрольных пасведчанняў і датэрміновага закрыцця ўжо зацверджаных выстаў. Адначасова пашыраецца пералік літаратуры, забароненай для распаўсюду пад нагодаю пагрозы нацыянальнай бяспецы, і расце спіс культурных матэрыялаў, прызнаных «экстрэмісцкімі».

Цэнзура закранула практычна ўсе сферы культурнага жыцця – літаратуру, тэатр, выяўленчае мастацтва, музейную справу, акадэмічную адукацыю і нават традыцыйную беларускую культуру. Існуюць табуяваныя тэмы і шматузроўневая ідэалагічная цэнзура. У акадэмічным асяроддзі паведамляецца пра неабходнасць фактычнай праверкі асоб, згаданых у публікацыях, і пра існаванне негалосных спісаў аўтараў, якіх забаронена цытаваць і даследаваць. У выніку цэнзура, а часта і самацэнзура, унутры прафесійных супольнасцяў істотна ўзмацнілася за апошнія некалькі гадоў.

Сярод зафіксаваных у 2025 годзе фактаў цэнзуры:

  • уключэнне дзеячаў культуры ў «чорныя спісы» (стоп-лісты, спісы «ненадзейных»), што выклікае адмовы ў выдачы гастрольных пасведчанняў, адсутнасць ратацыі на радыё, забарону на ўдзел у выставах і іншых публічных выступах, а таксама на распаўсюд вынікаў творчай дзейнасці ў цэлым;
  • адмена раней узгодненых мерапрыемстваў, ануляванне гастрольных пасведчанняў, зняцце прац з экспазіцый ужо падрыхтаваных выстаў;
  • канфіскацыя вынікаў інтэлектуальнай працы – аўтарскіх рукапісаў і іншых творчых матэрыялаў – пры вызваленні палітзняволеных дзеячаў культуры з месцаў пазбаўлення волі;
  • уключэнне кніг Міністэрствам інфармацыі ў спіс друкаваных выданняў, «распаўсюджанне якіх можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

Практыка прызнання культурных прадуктаў і лічбавых рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» таксама разглядаецца ў гэтым раздзеле.

«ЧОРНЫЯ СПІСЫ» І «СТОП-ЛІСТЫ» Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

Пасля таго, як у 2023 годзе цалкам уступілі ў сілу папраўкі [19] ў Кодэкс аб культуры, якія істотна пашырылі дзяржаўны кантроль над культурнай сферай, ключавым элементам рэгулявання стала абавязковая папярэдняя праверка ўдзельнікаў культурных мерапрыемстваў – у тым ліку артыстаў, аўтараў і арганізатараў – з прыцягненнем органаў унутраных спраў і іншых дзяржаўных структур. У выніку фармальныя прававыя абмежаванні сталі цесна звязаны з практыкай нефармальных «чорных спісаў», якія зрабіліся адным з асноўных інструментаў выключэння ідэалагічна «ненадзейных» аўтараў з публічнай культурнай прасторы.

У цяперашняй практыцы арганізатары культурных мерапрыемстваў, як правіла, не атрымліваюць тлумачэння прычын адмовы ва ўзгадненні ўдзелу таго ці іншага артыста, паколькі рашэнні прымаюцца не на ўзроўні мастацкага ці прафесійнага адбору, а на падставе вынікаў знешняй праверкі канкрэтнага ўдзельніка. Разам з тым зафіксаваны выпадак афіцыйнага адказу на адпаведны запыт, у якім адмова была абгрунтавана спасылкай на артыкул № 81 Кодэкса аб культуры [20] – з фармулёўкай пра тое, што дзейнасць аўтара «ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку».

Афіцыйных дакументаў пра колькасць дзеячаў культуры, на якіх распаўсюджваюцца такія персанальныя забароны, у адкрытых крыніцах не існуе. У асобных выпадках інфармацыя пра такія спісы робіцца публічнай. Так, у лютым 2023 года ў адкрытым доступе з’явіўся «стоп-ліст» з 87 выканаўцаў, якім у Беларусі былі забаронены выступы і ратацыя на радыё. На працягу 2025 года гэты пералік ізноў з’яўляўся ў публічнай прасторы – у тым ліку ў сувязі з арганізацыяй школьных выпускных вечароў, а пад канец года рэдакцыя партала CityDog атрымала доступ да абноўленага «стоп-ліста» [21], які налічваў ужо 160 пазіцый (разам з паўторамі і памылкамі ў назвах).

У выніку аналізу гэтага спіса ў маніторынг былі ўключаны выканаўцы, якія раней у ім не фігуравалі. Значную частку складаюць расійскія (Барыс Грабеншчыкоў, Юрый Шаўчук, Максім Леанідаў, Сямён Слепакоў, гурты «Аигел», «Парк Горького» і іншыя), а таксама ўкраінскія (Артэм Півавараў, Даша Дарафеева, гурты «Грибы», Quest Pistols), армянскія (Джаро & Ханза), узбекскія (Наргіз), казахстанскія («Скриптонит»), нямецкія (Rammstein). Сярод беларускіх выканаўцаў у спісе знаходзяцца, у прыватнасці, гурты «Грязь», «Дай Дорогу!», «ЛСП», Ціма Беларускіх і іншыя.

Пры гэтым практыка абмежавання доступу дзеячаў культуры да сцэны і аўдыторыі не зводзіцца да фармальных «стоп-лістоў». Прадстаўнікі культурнай сферы паведамляюць пра існаванне некалькіх узроўняў нефармальнай класіфікацыі артыстаў, якія вызначаюць ступень іх допуску да публічнай дзейнасці.

Паводле асобных звестак, у «чорных спісах» можа знаходзіцца больш як траціна чальцоў Беларускага саюза мастакоў, а агульная колькасць фактычна забароненых мастакоў можа налічваць сотні. Публічнага пераліку такіх асоб не існуе, аднак у межах маніторынгу штогод фіксуюцца новыя імёны.

Паказальным з’яўляецца прыклад аднаго з найбуйнейшых фестываляў беларускага выяўленчага мастацтва – «Арт-Мінск», які штогод праводзіцца з 2018 года і карыстаецца высокім попытам сярод мастакоў: у 2025 годзе было пададзена каля 1300 заявак [22] (для параўнання: больш за 1200 у 2024 годзе, больш за 1000 у 2023 годзе, … 810 – у 2018 годзе), з якіх да ўдзелу былі дапушчаны каля 700. Паводле сведчанняў мастакоў, падача заяўкі на ўдзел фактычна стала спосабам праверыць наяўнасць персанальнай забароны. Але частка аўтараў увогуле адмаўляецца апошнімі гадамі ад удзелу, разумеючы, што іх заяўкі не будуць разгледжаны:

«У мяне ўсё гэта доўжыцца з 2022 года – калі ўвялі гэты закон. Тады мяне і яшчэ каля 30 мастакоў папрасілі не прыносіць працы [на “Арт-Мінск”] [23]».

АДМЕНА КУЛЬТУРНЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ

У 2025 годзе цэнзура закранула шэраг ужо ўзгодненых культурных мерапрыемстваў, у тым ліку выставы і канцэрты. Адмены і пераносы адбываліся пасля крытыкі з боку праўладных актывістак, у выніку анулявання дазволаў з боку Міністэрства культуры і на падставе іншых нібыта тэхнічных прычын.

Так, выстава «Беларускі бестыярый», прысвечаная міфалагічным персанажам беларускага фальклору, адкрылася 11 сакавіка ў мінскай галерэі «Мастацтва». Ужо на наступны дзень у Telegram з’явіліся публікацыі [24] праўладных актывістаў, якія абвінавацілі аўтараў у «сатанінскім шабашы» і «барацьбе супраць хрысціянскіх каштоўнасцяў». Праз два дні пасля адкрыцця арганізатары выставы – Яўген і Яўгенія Кот – паведамілі [25] пра яе датэрміновае закрыццё з незалежных ад іх прычын і прыступілі да дэмантажу экспазіцыі, заяўленай да 22 сакавіка.

19 сакавіка стала вядома пра адмену традыцыйнага фестывалю «Свята Сонца» ў музейным комплексе «Дудуткі», прысвечанага святкаванню Купалля. Пракатнае пасведчанне на правядзенне мерапрыемства, запланаванага на 21–22 чэрвеня 2025 года, было анулявана пасля крытыкі з боку праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай, якая назвала [26] фестываль «неаязычніцкім шабашам са свастыкай і рунамі». Дзяржаўнае агенцтва БелТА выдаліла [27] са свайго сайта раней апублікаваны матэрыял пра фестываль. Пазней арганізатарам удалося атрымаць новы дазвол, і купальскі фолк-рок-фестываль адбыўся 14 чэрвеня – на тыдзень раней за першапачаткова заяўленыя даты.

8 ліпеня ў мінскай галерэі «Парасон» быў адменены вечар памяці беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Мерапрыемства, на якім паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла планаваў распавесці пра жыццё і творчасць пісьменніцы-дысідэнткі, стала аб’ектам рэзкай крытыкі з боку праўладных Telegram-каналаў [28] і ў выніку не адбылося.

13 верасня, на пачатку новага тэатральнага сезона, у Мінскім тэатры лялек мелася адбыцца прэм’ера спектакля «Сёстры Грым» рэжысёра Яўгена Карняга. Аднак за дзень да паказу стала вядома [29], што ўсе запланаваныя паказы адменены паводле «тэхнічных прычын». Як высветлілася пазней, спектакль не прайшоў дзяржаўную камісію, якая палічыла пастаноўку «занадта змрочнай».

11 кастрычніка мінскі клуб «Рэактар» паведаміў пра адмену канцэрта гомельскага хардкор-гурта TORF, гастрольнае пасведчанне на правядзенне якога было адклікана ў дзень мерапрыемства без тлумачэння прычын. Адміністрацыя клуба падкрэсліла, што адмена нанесла сур’ёзную шкоду як гледачам, так і самой пляцоўцы. У канцэрце планаваўся таксама ўдзел мінскіх гуртоў «Куклы» і «Бронепаровоз».

24 лістапада мастак Ігар Рымашэўскі паведаміў пра адмену [30] сваёй выставы «Кардыяграма», якая мелася праходзіць у галерэі «Мастацтва» з 25 лістапада па 13 снежня. Вядомыя таксама выпадкі адмены выстаў без тлумачэння прычын мастачкі Алы Шкарадзёнак, фотамастака Валерыя Вядрэнкі і іншых аўтараў, а таксама зняцце ўжо размешчаных прац з экспазіцый на калектыўных выставах Viva kola art і «Колеры Вялікай Перамогі».

КАНФІСКАЦЫЯ АЎТАРСКІХ РУКАПІСАЎ

Асобнай увагі заслугоўвае практыка канфіскацыі рукапісаў і іншых вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці, створаных дзеячамі культуры ў месцах пазбаўлення волі. Пра выпадкі канфіскацыі такіх матэрыялаў непасрэдна перад вызваленнем паведамлялі Ігар Карней (былі канфіскаваны ўсе запісы, дзённікі, сшыткі), Уладзімір Мацкевіч (забраны ўсе запісы і напрацоўкі, у тым ліку тэксты, якія філосаф назваў найлепшымі з напісаных ім), Мікола Дзядок (каля 20 кілаграмаў лістоў і сшыткаў), Максім Знак (рукапісы мастацкіх твораў, вершаў, перакладаў і тэкстаў песень), Аляксандр Фядута (кінасцэнар, дзве п’есы і дзве старонкі вершаў), Алесь Бяляцкі (рукапісы дзвюх кніг успамінаў), Павел Севярынец (усё напісанае), Марыя Калеснікава (дзве кнігі), Алена Гнаўк (усё ліставанне), Ганна Курыс (скетчы і іншыя формы турэмнай творчасці).

Канфіскацыя аўтарскіх рукапісаў уяўляе сабой парушэнне фундаментальных культурных правоў чалавека. У Заяве [31] Беларускага ПЭНа «Аб сістэматычным канфіскаванні і знікненні аўтарскіх рукапісаў» гэтая практыка ахарактарызаваная як «акт культурнага вандалізму, параўнальны са знішчэннем гістарычных архіваў або твораў мастацтва».

Аўтарскія рукапісы, канфіскаваныя ў палітзняволеных – дзеячаў культуры перад іх вызваленнем у 2025 годзе. Фота: «Наша Ніва», «Белсат», Max Znak, «Вясна», lookby.media.
ЗАБАРОНА НА КНІГІ
Літаратура як «шкодная нацыянальным інтарэсам»

Часткай палітыкі дзяржавы дзеля кантролю інфармацыйнай прасторы і інструментам ідэалагічнай цэнзуры з’яўляецца спіс друкаваных выданняў, «распаўсюджанне якіх можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» [32], размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі. Яго з’яўленне стала магчымым пасля ўступлення 22 кастрычніка 2023 года ў сілу змяненняў Закона «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь» [33]. Упершыню апублікаваны ў лістападзе 2024 года, гэты пералік працягваў актыўна папаўняцца ў 2025 годзе.

Паводле сцвярджэнняў чальцоў Рэспубліканскай камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі, уключаныя ў спіс кнігі нібыта ўтрымліваюць прапаганду нетрадыцыйных сексуальных адносін, парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, ужывання наркотыкаў, а таксама «нетрадыцыйных для беларускага грамадства субкультур» [34].

У 2025 годзе спіс абнаўляўся шэсць разоў і ў сярэднім папаўняўся на 32 кнігі за адно абнаўленне. Усяго за год у яго было ўнесена 189 выданняў (намінальна – 190, паколькі кніга Сяргея Вераскова «В краю молочных рек» фігуруе ў пераліку двойчы).

Сярод забароненых – кнігі вядомай даследчыцы савецкага таталітарызму і лаўрэаткі Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм («ГУЛАГ», «Жалезная заслона»); раман класіка ЛГБТК+ літаратуры Джэймса Болдуіна «Пакой Джавані», а таксама шырока вядомыя творы Іяна Бэнкса («Асіная фабрыка»), Чака Паланіка («Калыханка», «Нябачныя»), Дэвіда Мітчэла («Воблачны атлас»), Ханьі Янагіхары («Маленькае жыццё», «Да самага раю»). У спіс таксама ўвайшлі «Голы сняданак» і яшчэ тры раманы Уільяма Бэроўза, дзесяць твораў Ірвіна Уэлша, пяць – Ру Муракамі, чатыры – Уладзіміра Сарокіна, тры – Фрэдэрыка Бакмана і дзясяткі іншых папулярных кніг, што закранаюць тэмы «нязручнай» гісторыі, залежнасцяў, сексуальнасці, рэлігіі і траўматычнага досведу.

У пералік уключаны і творы беларускіх аўтараў, у тым ліку раманы Сашы Філіпенкі «Слон» і «Чырвоны крыж», зборнік «Вось яны, а вось мы: беларуская паэзія і вершы салідарнасці» Уладзіміра Каркунова, а таксама кніга Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці», прысвечаная спробе беларусаў дамагчыся ўласнай дзяржаўнасці пасля Першай сусветнай вайны.

«Экстрэмісцкая» літаратура

Акрамя таго, у 2025 годзе ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» [35], таксама апублікаваны Міністэрствам інфармацыі, было ўключана 36 дакументальных, гістарычных і мастацкіх кніг. Сярод іх – творы філосафа Валянціна Акудовіча («Код адсутнасці», «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым»), раманы пісьменніка Валерыя Гапеева («Вольнеры. Прадвесце», «Вольнеры. Бясконцы дзень»), Сашы Філіпенкі («Слон», «Чырвоны крыж»), Сяргея Навумчыка («Дзевяноста другі», «Дзевяноста трэці»), Змітра Дашкевіча («Чарвяк»), Клёка Штучнага («Забойства на вуліцы Макаёнка»), Цімаці Снайдэра («Пра свабоду»), а таксама іншыя творы беларускіх і замежных аўтараў.

Літаратура, унесеная ў 2025 годзе ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Працэдура прызнання літаратуры «экстрэмісцкай», як і крытэрыі такой ацэнкі, з моманту ўвядзення гэтай практыкі выклікаюць сур’ёзную крытыку з боку праваабарончай супольнасці. Тым не менш Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі і сілавыя структуры рэгулярна праводзяць праверкі кнігарняў і інтэрнэт-пляцовак на прадмет распаўсюду забароненай літаратуры. У прыватнасці, у 2025 годзе быў абмежаваны доступ да анлайн-рэсурсу kirma.sh паводле пастановы пракурора Магілёўскай вобласці – паведамлялася, што на сайце прапаноўвалася да продажу прадукцыя, прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі», у тым ліку дзве кнігі [36].

Бібліятэкі абавязаны вымаць кнігі, уключаныя ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», і захоўваць іх у закрытых фондах да вызначэння афіцыйнага парадку знішчэння. Паведамляецца таксама, што бібліятэкі правярае КДБ, каб кантраляваць адсутнасць такіх кніг у адкрытым доступе для чытачоў.

***

Больш падрабязна пра два пералікі забароненай літаратуры – выданні, прызнаныя «шкоднымі нацыянальным інтарэсам» і кваліфікаваныя як «экстрэмісцкія матэрыялы», а таксама пра прававыя наступствы такіх забарон можна даведацца на спецыяльным рэсурсе Беларускага ПЭНа Belarus. Banned Books [37]. Таксама ў 2025 годзе на сайце быў апублікаваны асобны аналітычны матэрыял пра ціск на беларускую кнігу на працягу 2020–2025 гадоў – «Беларуская кніга пад прэсам рэпрэсій» [38].

ЦІСК НА АРГАНІЗАЦЫІ І СУПОЛЬНАСЦІ СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

У 2025 годзе былі зафіксаваны 44 выпадкі адміністрацыйнага ўмяшання ў дзейнасць арганізацый і ўстаноў культурнай сферы Беларусі.

Нягледзячы на тое, што ціск на некамерцыйны сектар, які выявіўся ў масавай прымусовай ліквідацыі арганізацый, у 2025 годзе знізіўся ў выніку фактычнага вычарпання гэтага сегмента, кантроль над сектарам у цэлым не аслабляецца. Адміністрацыйнае ўмяшанне захоўваецца як у дачыненні да некамерцыйных арганізацый, што засталіся, так і ў дзейнасці камерцыйных культурных структур і дзяржаўных устаноў.

На працягу года не спыняліся практыкі «нармалізацыі» творчых саюзаў, няроўнага доступу дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый да аўдыторыі, ідэалагічнай цэнзуры і кадравых «чыстак», правядзення праверак, затрыманняў кіраўнікоў і прымушэння да закрыцця. Таксама захоўваецца практыка прызнання культурных арганізацый і ініцыятыў – як тых, што дзейнічаюць у эміграцыі, так і ўнутры Беларусі – «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», што выклікае сур’ёзныя наступствы для іх удзельнікаў і далейшай дзейнасці.

УМЯШАННЕ Ў ДЗЕЙНАСЦЬ ТВОРЧЫХ САЮЗАЎ

На працягу апошніх гадоў у Беларусі захоўваецца сістэмны ціск на творчыя саюзы, і сітуацыя вакол Беларускага саюза мастакоў з’яўляецца адным з найбольш паказальных прыкладаў. У дачыненні да яго чальцоў фіксуюцца забароны на ўдзел у выставах, маніпуляцыі з сяброўствам, прамыя выключэнні з арганізацыі, выпадкі запалохвання, а таксама факты рэпрэсіўнага ўздзеяння на мастакоў. Чальцам саюза даюць зразумець, што нязгода з праўладным курсам можа прывесці да страты арганізацыяй незалежнасці і ператварэння яе ў цалкам падкантрольную дзяржаве структуру па аналогіі з Беларускім саюзам пісьменнікаў. Ва ўмовах залежнасці мастакоў ад майстэрняў, якія дае саюз, такі ціск набывае форму адкрытага шантажу. Афіцыйныя заявы дзяржаўных органаў пра «развіццё мастацкай супольнасці» рэзка разыходзяцца з рэальнай практыкай.

Яскравай ілюстрацыяй гэтай палітыкі стала сітуацыя вакол XXV з’езда Беларускага саюза мастакоў, які адбыўся 23 снежня 2025 года і на якім праходзілі выбары старшыні. У афіцыйных паведамленнях Міністэрства культуры, прадстаўнікі якога прысутнічалі на з’ездзе, сцвярджалася, што «падчас мерапрыемства былі абмеркаваны найважнейшыя пытанні развіцця» і «прыняты стратэгічныя рашэнні» [39], пры гэтым цалкам ігнараваўся кантэкст ціску, у якім праходзіў з’езд, а таксама дапушчаныя працэдурныя парушэнні. Напярэдадні з’езда некалькі мастакоў – удзельнікаў мерапрыемства былі прэвентыўна затрыманы і ўтрымліваліся ў аддзяленні міліцыі да завяршэння галасавання. Альтэрнатыўны кандыдат на пасаду старшыні быў вымушаны ўзяць самаадвод яшчэ да пачатку галасавання, у выніку чаго быў «абраны» адзіны кандыдат – Андрэй Васілеўскі, прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай працы Акадэміі мастацтваў.

ІДЭАЛАГІЧНЫ КАНТРОЛЬ І ІНСТЫТУЦЫЙНЫ ЦІСК НА АРГАНІЗАЦЫІ КУЛЬТУРЫ

У дзяржаўных установах культуры захоўваецца жорсткі ідэалагічны кантроль, які суправаджаецца персанальнымі нападамі на супрацоўнікаў, пагрозамі звальненняў і практыкай даносаў. У вядучых адукацыйных установах сферы працягваюцца кадравыя чысткі і выцясненне прафесіяналаў. Так, раней у Акадэміі мастацтваў была ліквідавана кафедра графікі, «аптымізаваны» тэатральны факультэт, а ў Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў адбылася чарговая хваля звальненняў.

Удзельнікі прыватных і незалежных культурных ініцыятыў рэгулярна выклікаюцца на допыты і прафілактычныя гутаркі. Дзяржаўным установам – бібліятэкам, музеям, кнігарням – негалосна забаронена супрацоўнічаць з недзяржаўнымі ініцыятывамі, што фактычна ізалюе тыя ад публічнай культурнай інфраструктуры.

Фіксуюцца ператрусы і ціск на незалежныя рэгіянальныя медыя, у тым ліку з публічнай дыскрэдытацыяй праз дзяржаўныя тэлеканалы, дзе публікацыі незалежных СМІ абвяшчаюцца «заказнымі» або вынікам «замежнага ўплыву». У прыватнасці, у 2025 годзе прайшлі ператрусы ў найстарэйшым рэгіянальным медыя «Вольнае Глыбокае» і допыт яго шматгадовага галоўнага рэдактара Уладзіміра Скрабатуна – аўтара сотняў краязнаўчых публікацый пра Глыбоччыну. У сюжэце на АНТ [40] выданню прад’яўляліся артыкулы «рэкламнага характару» пра Германію, за якія нібыта заплаціла нямецкае пасольства.

Ідэалагічная цэнзура распаўсюджваецца і на камерцыйны сектар. Паказальным стаў выпадак умяшання ў дзейнасць сувенірнай «Каляднай крамы»: пасля даносаў [41] праўладных актывістак яе праца была прыпынена з-за продажу навагодніх шарыкаў з выявай беларускай паэткі і дысідэнткі Ларысы Геніюш. Крама была апячатана пад нагодай праверкі на «рэабілітацыю нацызму», а аднаўленне дзейнасці стала магчымым толькі пасля вымання «непажаданай» прадукцыі і дабаўлення ў асартымент тавараў з дзяржаўнай сімволікай.

Незалежныя культурныя ініцыятывы працягваюць сутыкацца з сістэмнымі бюракратычнымі перашкодамі. Мясцовыя ўлады адмовілі ў правядзенні фестывалю «Энергія лета» на Мінскім моры і не ўзгаднілі яго перанос [42], а фестываль Sprava ўжо трэці год застаецца на паўзе з-за немагчымасці прайсці «розныя бюракратычныя квэсты і адміністрацыйныя лабірынты» [43]. У снежні 2025 года мусіла закрыцца незалежная культурная прастора «Манахром», дзе праходзілі кінапаказы ініцыятывы Cinemascope, а таксама канцэрты класічнай музыкі і іншыя мерапрыемствы.

Асобнай формай ціску застаецца выкарыстанне заканадаўства аб «экстрэмізме» для разбурэння інфраструктуры культурнай сферы. Пасля прызнання сацыяльных сетак незалежнага мінскага інтэрнэт-радыё Radio Plato «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а самой ініцыятывы – «экстрэмісцкім фарміраваннем» праекту давялося перайсці ў гібрыдны фармат і згарнуць аўтарскія праграмы і жывыя трансляцыі. Пасля затрымання кіраўніцтва быў ліквідаваны найбуйнейшы ў краіне білетны аператар Kvitki.by [44], які з 2009 года абслугоўваў тысячы мерапрыемстваў па ўсёй Беларусі.

Фіксуюцца і кібератакі на рэсурсы культурных ініцыятыў. Так, найбуйнейшая інтэрнэт-бібліятэка беларускай літаратуры Kamunikat.org зазнала маштабную хакерскую атаку, у выніку якой былі выдалены тысячы публікацый. Рэсурс раней быў унесены ўладамі ў пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў», што не выключае палітычна матываванага характару атакі.

Ціск распаўсюджваецца і за межы краіны. У дачыненні да Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні фіксуюцца як акты правакацыйнага вандалізму, так і спробы юрыдычнага пераследу: сайт і акаўнты ўстановы ў сацыяльных сетках былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а ў Вярхоўны суд была накіравана заява аб прызнанні ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй». У абгрунтаванні сцвярджаецца, што ўніверсітэт нібыта прасоўвае «альтэрнатыўныя трактоўкі» гістарычных і культурных падзей і «дэмакратычныя каштоўнасці», што фактычна крыміналізуе саму акадэмічную і культурную аўтаномію.

ПРЫЗНАННЕ КУЛЬТУРНЫХ ІНІЦЫЯТЫЎ «ЭКСТРЭМІСЦКІМІ»

Пад нагодаю барацьбы з экстрэмізмам улады Беларусі працягваюць выкарыстоўваць заканадаўства для пераследу культурнай і адукацыйнай дзейнасці. Ініцыятывы – як тыя, што дзейнічаюць унутры краіны, так і тыя, што знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, – сістэматычна прызнаюцца «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а іх сайты і іншыя лічбавыя рэсурсы абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Такое прызнанне выклікае крымінальную адказнасць паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса незалежна ад месцазнаходжання ўдзельнікаў ініцыятывы і робіць любое ўзаемадзеянне з імі небяспечным, найперш для людзей у Беларусі.

У 2025 годзе з такім пераследам з боку Камітэта дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных спраў сутыкнулася шырокае кола культурных і адукацыйных супольнасцяў і праектаў. Сярод іх:

12 студзеня «экстрэмісцкім фарміраваннем» быў прызнаны медыяхаб Democratic Media Institute, створаны ў 2023 годзе ў Літве. Сярод яго праектаў – Belarusian Content Lab, конкурс для незалежных аўтараў, якія ствараюць медыяпраекты, звязаныя з культурай і ідэнтычнасцю беларусаў.

27 студзеня – краўдфандынгавая платформа Gronka, створаная для падтрымкі беларускіх культурных і адукацыйных праектаў (пачала дзейнасць у ліпені 2024 года).

16 красавіка «экстрэмісцкім фарміраваннем» была прызнана лічбавая платформа «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» – інтэрактыўныя курсы беларускай мовы і літаратуры, гісторыі і культуры, крэатыўнага пісьма, геаграфіі і іншых прадметаў.

27 траўня – YouTube-канал «Жыццё-маліна» Мікіты Мелкаазёрава. За больш чым пяць гадоў існавання праект стаў значнай з’явай беларускага сегмента YouTube і зрабіў істотны ўнёсак у папулярызацыю беларускай мовы і сучаснай культуры.

10 ліпеня «экстрэмісцкім фарміраваннем» быў абвешчаны беларускі фолк-панк-гурт Dzieciuki у складзе лідара Аляксандра Дзянісава і яшчэ пяці ўдзельнікаў. Гурт быў заснаваны ў Гродне ў 2012 годзе і вядомы нацыянальна арыентаваным характарам творчасці.

24 ліпеня «экстрэмісцкім фарміраваннем» быў прызнаны ювелірны брэнд Belaruskicry, створаны Аляксандрай Курковай пасля пратэстаў 2020 года і вядомы аздобамі з беларускай сімволікай, у тым ліку кулонам «Беларусь» са слязой.

2 верасня – Telegram-чат арганізатараў канцэртаў «Орг BY», створаны ў першай палове 2020 года для каардынацыі працы канцэртных арганізатараў ва ўмовах пандэміі COVID-19. Вядома, што камунікацыя ў чаце спынілася яшчэ ў 2021 годзе.

12 лістапада «экстрэмісцкім фарміраваннем» была прызнана барысаўская арт-прастора «Склад бутэлек», на тэрыторыі якой праходзілі розныя культурныя мерапрыемствы.

20 лістапада аналагічны статус атрымала незалежная радыёплатформа Radio Plato, якая працавала з 2018 года як грамадскае мінскае радыё і супольнасць дыджэяў, музычных прадзюсараў і ўдзельнікаў лакальнай музычнай сцэны.

17 снежня «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» былі абвешчаны заснаваны ў канцы 1990-х гадоў рыцарскі клуб «Барысфен», які на працягу дзесяцігоддзяў удзельнічаў у гарадскіх культурных мерапрыемствах з касцюмаванымі выступамі, а таксама медыяпраект пра беларускую культуру, музыку і гісторыю «Да Зораў».

ПРЫМУСОВАЯ ЛІКВІДАЦЫЯ НЕКАМЕРЦЫЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ

У 2025 годзе кампанія прымусовай ліквідацыі некамерцыйных арганізацый, распачатая ў 2021 годзе, прыкметна запаволілася і набыла пунктавы характар [45]. Гэта звязана найперш з вычарпаннем «патэнцыялу ліквідацый» пасля маштабных чыстак 2021–2024 гадоў. Тым не менш на працягу года былі прымусова ліквідаваны як мінімум 13 грамадскіх арганізацый, звязаных з культурай, у тым ліку аб’яднанні ў сферы сучаснага мастацтва, кіно, рэгіянальнай культурнай спадчыны і турызму.

Сярод ліквідаваных – Грамадскае аб’яднанне аматараў сучаснага мастацтва «Концепт Арт», Клубна-асветніцкая ўстанова «КінаБункер», Нясвіжскі турыстычны клуб «Вандроўнік», Творчае грамадскае аб’яднанне «Мастак», Міжнародны фонд адраджэння гістарычнай часткі горада Віцебска «Залатая спадчына Віцебска» і шэраг іншых.

МАТЭРЫЯЛЫ НА ТЭМУ КУЛЬТУРЫ, ПРЫЗНАНЫЯ «ЭКСТРЭМІСЦКІМІ»

У 2025 годзе ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» было ўнесена не менш [46] як 356 матэрыялаў, звязаных з культурай, або акаўнтаў дзеячаў культуры ў сацыяльных сетках. Пры гэтым усяго за год «экстрэмісцкімі» ў Беларусі было прызнана больш за дзве тысячы матэрыялаў.

Сярод матэрыялаў, што закранаюць сферу культуры, каля 75 % складаюць акаўнты ў сацыяльных сетках – перадусім Instagram (87), Facebook (47) і Telegram (42). Таксама ў спіс былі ўключаны кнігі (36), музычныя кампазіцыі (13), часопісы (4), дакументальны фільм і нават калекцыйная манета.

За распаўсюд, а таксама захоўванне прызнаных «экстрэмісцкімі» матэрыялаў прадугледжана адказнасць паводле часткі 2 артыкула 19.11 Адміністрацыйнага кодэкса. Для фізічных асоб такія дзеянні азначаюць, што падпіска, рэпост, лайк або перасылка адпаведных спасылак, а таксама захоўванне або перавозка такіх кніг або прадметаў могуць выклікаць адміністрацыйны арышт тэрмінам да 15 сутак або штраф да 30 базавых велічынь (1260 беларускіх рублёў у 2025 годзе).

Змест рэспубліканскага пераліку дэманструе, што пад забарону ў краіне трапляюць тэмы, звязаныя з крытыкай савецкага мінулага, асэнсаваннем рэпрэсій (у тым ліку сталінскіх), пратэставымі рухамі, нацыянальнай ідэнтычнасцю, а таксама любыя формы незалежнага культурнага выказвання і сатыры. Пад пераслед трапляюць аўтары, кнігі і праекты, накіраваныя на папулярызацыю беларускай культуры і мовы, якія прапануюць альтэрнатыўны погляд на гісторыю і сучасную палітычную сітуацыю.

У 2025 годзе «экстрэмісцкімі» былі прызнаны, у прыватнасці, наступныя матэрыялы і прадукты:

Кнігі і перыёдыка

Пра дакументальныя, гістарычныя і мастацкія кнігі гаворыцца ў раздзеле «Экстрэмісцкая літаратура». Таксама ў спіс трапілі № 3 (124) часопіса Беларускай асацыяцыі журналістаў «Абажур» і тры нумары часопіса «Беларусь і свет» за 2021–2023 гады.

Пляцоўкі, праекты, прадукты і супольнасці незалежнай культуры

Адзін або некалькі акаўнтаў арганізацый, ініцыятыў або праектаў – Gronka, «Священный Белавуд», «ШокінгКульт», «Міністэрства сепультуры», Belarus Free Theatre, «Музей Вольнай Беларусі», «Арт Сядзіба», «Беларускі інстытут публічнай гісторыі», «Кабыляки. Расстраляныя ў Оршы», «Беларуская кніга | Жыветэка | Варшава», «Антология Сибирского Панка», Swadamusic, reformculture, Brutto, BY teatr, Dzieciuki, Skaryna Press, Kamunikat.org, Kresy24.pl, «ЧинЧинЧенэл», «Цэнтар беларускай супольнасці і культуры ў Вільні», «Світанак», Kropka, Fundacja Tutaka, ethno.art.by, belfilmacademy, Bez Buslou Arts, Бел.Read, «Дай Дарогу!», «Беларускі мартыралог», ATESTA, Naviband, «Будзьма беларусамі!», Ucentry.Hrodna, «Таварыства беларускай культуры ў Літве», рыцарскі клуб «Барысфен», rozum.media, Radio Plato, Kirma.sh, Dymna Lotva, «Мова нанова», «Нашамова», «Беларускі ПЭН» і іншыя.

Рэдакцыя лонданскага выдавецтва і анлайн-крамы беларускіх кніг «Скарына» (Skaryna Press), дзейнасць якіх з’яўляецца паказальным прыкладам унёску беларускай эміграцыі ў захаванне і развіццё нацыянальнай культуры і мовы (больш за 50 выдадзеных кніг паэзіі, публіцыстыкі, мастацкай і навуковай літаратуры), пасля прызнання ў траўні 2025 года старонкі ў Instagram «экстрэмісцкім матэрыялам» выступіла з заявай [47], у якой расцаніла гэтае рашэнне як незаконнае ўмяшанне ў працу выдавецтва і палітычна матываваную спробу ціску на супрацоўнікаў, аўтараў і чытачоў. У заяве падкрэслівалася:

«Мы катэгарычна адмаўляем суду, залежнаму ад прэзідэнцкай улады ў Беларусі, у праве выносіць суджэнні па пытаннях творчай дзейнасці, мыслення і інтэлектуальнай свабоды».

Сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры

«Экстрэмісцкімі» былі прызнаны адзін або некалькі акаўнтаў журналіста і літаратара Дзмітрыя Гурневіча, актрысы і спявачкі Алены Зуй-Вайцяхоўскай, літаратара Алеся Мінова, прадзюсаркі і кінарэжысёркі Вольгі Чайкоўскай, опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, рэжысёра Мікалая Халезіна, комікаў Міхася Ільіна і Дзмітрыя Нарышкіна, амерыканскага кінарэжысёра Эрні Барбараша, выдаўца Ігара Іванова, пісьменніка Сашы Філіпенкі, рамесніцы Рэгіны Лавор, трубача Цімаці Суладзэ, філосафа Паўла Баркоўскага, музыкаў Лявона Вольскага і Аляксандра Дзянісава, барда Аляксандра Баля, аўтара-выканаўцы Аляксандра Хіхеля, аўтара турэмнай літаратуры Міколы Дзядка, музыкаў Ксеніі Жук і Кацярыны Ваданосавай, рэканструктара Паўла Пастухова (Станкевіча), акаўнт, прысвечаны творчасці філосафа Уладзіміра Мацкевіча, а таксама іншыя сацыяльныя сеткі беларускіх або замежных дзеячаў культуры.

Частка старонак праектаў і акаўнтаў дзеячаў культуры ў сацыяльных сетках, прызнаных у 2025 годзе «экстрэмісцкімі».

БЕЛАРУСКАЯ МОВА, ГІСТАРЫЧНАЯ СПАДЧЫНА І ЗНІШЧЭННЕ МЕСЦАЎ ПАМЯЦІ

ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

У 2025 годзе ў Беларусі захоўвалася сістэмная дыскрымінацыя беларускай мовы і адсутнасць яе інстытуцыйнай падтрымкі з боку дзяржавы. Парушэнні моўных правоў фіксаваліся ў сферах культуры, адукацыі, кнігавыдання, дзейнасці дзяржаўных устаноў і публічнай прасторы, а таксама ў месцах пазбаўлення волі, дзе выкарыстанне беларускай мовы рабілася падставай для ціску і санкцый у дачыненні да зняволеных.

Асабліва наглядна гэтая дыскрымінацыя праявілася ў сферы распаўсюду літаратуры. Кнігі на беларускай мове знаходзіліся пад прыкметна пільнейшай увагай з боку кантрольных органаў і забараняліся непрапарцыйна часцей. Так, сярод 36 выданняў, прызнаных «экстрэмісцкімі» ў 2025 годзе, 55,6 % склалі беларускамоўныя кнігі (18) або тыя, у якіх беларуская мова выкарыстоўвалася нароўні з рускай (2 кнігі). Пры гэтым у агульным аб’ёме кнігавыдання суадносіны прынцыпова іншыя: у 2025 годзе выданні на беларускай мове склалі толькі каля 14 % ад агульнай колькасці выпушчаных у Беларусі кніг [48].

Скарачаецца прысутнасць беларускай мовы і ў тэатральнай сферы. Пасля прэм’еры рускамоўнага спектакля «Девочка и медведь» [49] у кастрычніку 2025 года ў віцебскім тэатры «Лялька» колькасць прафесійных тэатраў, якія працягваюць ставіць спектаклі выключна на беларускай мове, ізноў скарацілася. На канец года іх засталося тры з 28: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Пры гэтым ёсць прыкметы таго, што і апошні рухаецца ў бок частковай замены беларускай мовы на рускую.

Недастатковая ўвага да беларускай мовы захоўваецца і ў сістэме адукацыі. У вышэйшай і прафесійнай школе практычна адсутнічаюць праграмы з беларускай мовай навучання. Дакументаабарот у дзяржаўных установах фактычна вядзецца выключна на рускай мове: заявы, пададзеныя па-беларуску, просяць перапісваць, фіксуюцца патрабаванні запаўняць паштовыя і іншыя афіцыйныя дакументы толькі на рускай мове.

Асабліва трывожнай застаецца сітуацыя з пераследам за выкарыстанне беларускай мовы ў месцах пазбаўлення волі. Факты такога пераследу разглядаюцца ў раздзеле, прысвечаным парушэнням культурных правоў у месцах зняволення.

Сімвалічным прыкладам выцяснення беларускай мовы з публічнай прасторы стала адкрыццё ў лютым 2025 года рускамоўнага памятнага знака Івану Мележу, усталяванага ў Хойніках (Гомельская вобласць) на алеі ганаровых грамадзян раёна [50]. Такое рашэнне ў дачыненні да Народнага пісьменніка Беларусі і аўтара знакавай для беларускай літаратуры трылогіі «Палеская хроніка» супярэчыць яго літаратурнай спадчыне і дэманструе ігнараванне яго нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці.

Яшчэ адным праяўленнем гэтай тэндэнцыі стала знікненне беларускай лацінкі – важнай часткі нацыянальнай культурнай спадчыны – з вулічнай навігацыі і афіцыйных указальнікаў, яе замяшчэнне рускай мовай. Аналагічны зрух адбыўся і ў сферы гарадскіх сэрвісаў: «Мінсктранс», які доўгі час заставаўся адной з нешматлікіх дзяржаўных структур, што паслядоўна выкарыстоўвалі беларускую мову, перайшоў да беларуска-рускага фармату абвестак у грамадскім транспарце.

На гэтым фоне паказальны міжнародны кантэкст: у 2025 годзе Украіна ўнесла змяненні ў заканадаўства ў сувязі з абнаўленнем афіцыйнага перакладу Еўрапейскай хартыі рэгіянальных або мінарытарных моў і ўключыла беларускую мову ў пералік моў, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, з абавязацельствамі для яе падтрымкі ў культурнай, адукацыйнай і грамадскай сферах [51]. Гэты крок падкрэслівае разрыў паміж міжнароднай практыкай абароны моўных правоў і палітыкай уладаў Беларусі ў дачыненні да ўласнай нацыянальнай мовы.

Дадатковую інфармацыю пра парушэнні моўных правоў можна знайсці ў аглядах Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў за першае [52] і другое [53] паўгоддзі.

ГІСТАРЫЧНАЯ СПАДЧЫНА І ЗНІШЧЭННЕ МЕСЦАЎ ПАМЯЦІ

Было зафіксавана 97 выпадкаў парушэнняў, звязаных з захаваннем аб’ектаў гістарычнай спадчыны – як тых, што маюць афіцыйны статус гістарычна-культурных каштоўнасцяў, так і тых, што яго не маюць, – а таксама са станам месцаў памяці. Сярод іх – неналежнае абыходжанне з аб’ектамі нерухомай спадчыны, аж да іх разбурэння; адсутнасць ахоўнага статусу ў асобных помнікаў архітэктуры; так званая «антырэстаўрацыя», у тым ліку непільнаванне арыгінальных каляровых рашэнняў, знішчэнне аўтарскага дэкору фасадаў і варварскія «еўрарамонты»; страта ўнікальных твораў манументальнага мастацтва; а таксама сэнсавая трансфармацыя месцаў памяці, звязаных з нацыянальнай гісторыяй, і непаважлівае стаўленне да мемарыялаў і пахаванняў.

Разбурэнне і неналежная ахова помнікаў архітэктуры і мастацтва

У Беларусі працягваецца страта аб’ектаў архітэктурнай спадчыны ў выніку працяглай бяздзейнасці ўладаў, прамога зносу і фармальнага падыходу да аховы помнікаў. Паказальным прыкладам стаў заняпад старажытнага ветрака – помніка народнага драўлянага дойлідства галандскага тыпу, які на працягу дзесяцігоддзяў быў пад дзяржаўнай аховай, аднак не атрымліваў рэальных мер захавання і ў выніку быў страчаны [54].

Фіксуюцца і выпадкі прамога знішчэння гістарычных аб’ектаў. Так, у 2025 годзе ў шэрагу гарадоў былі знесены будынкі пачатку XX стагоддзя, у тым ліку былая гарадская электрастанцыя [55] ў Магілёве і стогадовы дзіцячы сад [56] у Гродне, які быў размешаны ў межах ахоўнай зоны гістарычнага цэнтра горада. Гэта адбывалася нягледзячы на спробы спецыялістаў і грамадскіх актывістаў надаць аб’ектам ахоўны статус або захаваць іх у межах рэканструкцыі.

Асобнай прычынай страты гістарычнай забудовы застаецца падрыхтоўка да дзяржаўных масавых мерапрыемстваў, якая суправаджаецца так званым «фасадным добраўпарадкаваннем». Такія працы нярэдка прыводзяць да зносу або страты помнікаў, у тым ліку аб’ектаў драўлянага дойлідства. Так, у ходзе падрыхтоўкі ў справаздачным годзе абласных Дажынак у Заслаўі ў цэнтры горада былі знесены два стогадовыя будынкі [57], раней незаконна пазбаўленыя ахоўнага статусу, што прывяло да страты значнай часткі гістарычнай забудовы.

Побач з разбурэннем фіксуюцца прыклады «антырэстаўрацыі»: у прыватнасці, абнаўленне асобных культавых збудаванняў суправаджалася стратай іх гістарычнага аблічча і ўкараненнем элементаў, не адпаведных традыцыйнай архітэктуры, што прыводзіць да скажэння культурнай і гістарычнай ідэнтычнасці помнікаў.

Асобнай увагі заслугоўвае сітуацыя з аб’ектамі манументальнага і прыкладнога мастацтва, уключаючы архітэктуру малых форм. Такія элементы гарадскога асяроддзя – аўтобусныя прыпынкі, мазаікі, дэкаратыўныя пано – ствараліся як цэласныя мастацкія аб’екты, у якіх вялікае значэнне надавалася дызайну, дэкору і эстэтыцы. Нягледзячы на іх культурную каштоўнасць, яны, як правіла, не маюць ахоўнага статусу і застаюцца ўразлівымі да зносу і страты [58].

Знішчэнне і трансфармацыя месцаў памяці

У 2025 годзе былі зафіксаваны выпадкі знікнення і дэмантажу мемарыяльных знакаў, звязаных з імем Тадэвуша Касцюшкі – кіраўніка польскага паўстання 1794 года, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША. Гаворка ідзе пра знікненне інфармацыйнай шыльды каля мемарыяльнага каменя ў Магілёўскай вобласці, а таксама бюста на тэрыторыі родавай сядзібы Касцюшкі ў Брэсцкай вобласці. Адначасова з Жабінкаўскага раённага гістарычна-краязнаўчага музея была выдалена экспазіцыя [59], прысвечаная яго жыццю і дзейнасці. Раней музей меў унікальную калекцыю экспанатаў, прысвечаную «герою трох кантынентаў», аднак з цягам часу яна была заменена стэндамі з прапагандысцкай рыторыкай, прысвечанай савецкім партызанам і тэме так званага «генацыду беларускага народа», якія сёння ў абавязковым парадку ўкараняюцца ў многіх дзяржаўных установах культуры.

Яшчэ адным прыкладам выцяснення і падмены гістарычнай памяці стала сітуацыя з месцам былога габрэйскага гета ў Віцебску. Нягледзячы на ўсталяваны яшчэ ў 1993 годзе мемарыяльны камень з шыльдай у памяць вязняў гета – ахвяр нацысцкага генацыду, а таксама даўно выраблены манумент, яго ўсталяванне так і не было зацверджана. Замест ушанавання канкрэтнай гісторыі Халакосту мясцовыя ўлады зацвярджаюць тыповы помнік абстрактнаму «генацыду беларускага народа» [60].

Працягваецца практыка ўмяшання ў захаванне месцаў памяці пра палітычныя рэпрэсіі. Побач з Мінскам знік указальнік [61] на Курапаты – месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, а тэрыторыя ўрочышча была абсталявана сістэмамі відэаназірання, пры ўсталяванні якіх праводзіліся земляныя працы, патэнцыйна закранаючы месцы пахаванняў.

Ігнараванне месцаў пахаванняў застаецца асобнай праблемай. Так, у гістарычным раёне Залатая Горка ў Мінску на тэрыторыі, прылеглай да касцёла Святога Роха, вядзецца будаванне шматфункцыйнага комплексу. Агороджаная пад будаўнічыя працы пляцоўка размешчана на месцы каталіцкага могільніка, знішчанага ў савецкі перыяд, пры гэтым працы ажыццяўляюцца з парушэннем дзейнага заканадаўства, якое рэгулюе ахову такіх аб’ектаў [62].

Змены закранулі і мемарыялы з надпісамі на польскай мове. У аграгарадку Войстам Смаргонскага раёна мемарыяльны надпіс, прысвечаны ахвярам фашызму ды камунізму і выкананы на польскай мове, быў заменены цытатай з Евангелля на беларускай мове, што пазбавіла помнік гістарычнага кантэксту. У Браславе паводле ўказання мясцовых уладаў з касцёла была дэмантавана памятная пліта з польскім гербам і надпісамі на польскай і беларускай мовах, усталяваная ў памяць пра палякаў, «аддаўшых Браслаўскай зямлі і Рэчы Паспалітай сваю працу, змаганне і жыццё» [63].

ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

У дзяржаўнай палітыцы 2025 года ў Беларусі працягвалі развівацца ўстойлівыя тэндэнцыі ўзмацнення кантролю над культурнай сферай, пераследу і выцяснення іншадумцаў, падтрымкі лаяльных рэжыму дзеячаў культуры, а таксама ідэалагізацыі і мілітарызацыі культурнага асяроддзя. Адначасова паглыбляліся працэсы манапалізацыі гістарычнага наратыву, антызаходняй рыторыкі, публічнага прарасійскага курсу і паўсюднай цэнзуры. Ніжэй прыведзены ключавыя практыкі 2025 года, якія наглядна дэманструюць вектар дзяржаўнай культурнай палітыкі.

Культура як інструмент легалізацыі ўлады: «культурнае» суправаджэнне прэзідэнцкіх выбараў

Аналіз кантэнту афіцыйнага Telegram-канала [64] Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за студзень 2025 года паказвае, што дзяржаўная культурная палітыка ў гэты перыяд была ў значнай ступені падпарадкавана задачам ідэалагічнага суправаджэння прэзідэнцкіх выбараў. Больш за палову публікацый канала былі адкрыта або ўскосна звязаны з выбарчай кампаніяй Аляксандра Лукашэнкі і прапагандысцкімі ініцыятывамі, такімі як «Марафон адзінства». Кантэнт фармаваў вобраз выбараў як «свята» з актыўным уцягваннем устаноў культуры, тады як культурныя падзеі і тэмы, не ўбудаваныя ў палітычны парадак дня, заставаліся на перыферыі ўвагі. Больш падрабязна вынікі гэтага аналізу пададзены ў матэрыяле [65] маніторынгу парушэнняў у сферы культуры за першы квартал 2025 года.

Ідэалагізацыя патрыятызму і кантроль над гістарычнай памяццю

У 2025 годзе патрыятычнае выхаванне было замацавана як адзін з ключавых прыярытэтаў дзяржаўнай культурнай палітыкі і выкарыстоўвалася як інструмент ідэалагічнага кантролю і запалохвання. Афіцыйныя прадстаўнікі Міністэрства культуры неаднаразова падкрэслівалі цэнтральную ролю патрыятычнай тэматыкі – перадусім звязанай з Вялікай Айчыннай вайной і 80-годдзем вызвалення Беларусі – у дзейнасці ўстаноў культуры, а Дырэктыва № 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы» [66] ад 9 красавіка 2025 года фармалізавала патрыятызм як элемент дзяржаўнай ідэалогіі і грамадзянскі абавязак. Гэтыя ўстаноўкі атрымалі нарматыўнае замацаванне, у тым ліку ва ўзмацненні патрабаванняў да экскурсаводаў і гідаў, прызначаных трансляваць асновы дзяржаўнай ідэалогіі і «ўнікальную беларускую мадэль грамадскага развіцця» [67]. Інстытуцыйным працягам гэтай палітыкі стала прынятае 16 чэрвеня 2025 года рашэнне аб стварэнні Камісіі Парламенцкага схода Саюза Беларусі і Расіі па захаванні і абароне гістарычнай памяці [68]. Адначасова пад рыторыкай захавання гістарычнай памяці фіксаваліся практыкі ціску і квазіідэалагічнага выхавання, якія ўключалі публічныя прыніжэнні і прымус падлеткаў да пакаянных дзеянняў за сімвалічныя жэсты або выказванні [69], што падмяняла дыялог з маладым пакаленнем рэпрэсіўным уздзеяннем і ператварала гістарычную памяць у дубінку для запалохвання.

Сімвалічным увасабленнем палітыкі кантролю над гістарычнай памяццю стаў дзяржаўны праект Пантэона нацыянальных герояў – комплексу з шасці барэльефаў з выявамі 55 гістарычных персаналій, якія сімвалізуюць шэсць гістарычных перыядаў Беларусі і плануюцца да размяшчэння на фасадзе будаванага Нацыянальнага гістарычнага музея [70]. Нягледзячы на заяўлены прынцып перыядызацыі, адбор персаналій носіць выразна ідэалагічны характар: у ім дамінуюць савецкія і прарасійскія дзеячы, тады як адсутнічаюць ключавыя гістарычныя фігуры, якія ўвасабляюць беларускую нацыянальную ідэнтычнасць і традыцыю незалежнай дзяржаўнасці.

Узмацненне цэнзуры і адміністрацыйнага кантролю

Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 жніўня 2025 года № 454 «Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў» стала адным з найбольш паказальных прыкладаў пашырэння дзяржаўнага кантролю і манапалізацыі культурнага сектара. Новы парадак ператварыў рэестр – у прынцыпе ненармальную для культурнай сферы практыку – у дазвольны і ідэалагічна арыентаваны механізм, выключыўшы індывідуальных прадпрымальнікаў і замежных арганізатараў, ускладніўшы працэдуру ўключэння за кошт шматузроўневых праверак і пашырэння складу экспертнай камісіі, а таксама ўвёўшы дадатковыя забароны і падставы для выключэння. У выніку рэгуляванне культурнай дзейнасці стала яшчэ менш празрыстым і яшчэ ў большай ступені ўзмацніла залежнасць арганізатараў ад палітычнай і ідэалагічнай лаяльнасці, перадусім у недзяржаўным сектары.

Культурная інтэграцыя з Расіяй

У 2025 годзе працягнулася палітыка культурнай інтэграцыі Беларусі з Расіяй, якая суправаджалася ўзмацненнем залежнасці нацыянальнага культурнага сектара ад расійскіх інстытуцый, кадраў і наратываў. На працягу года актыўна падпісваліся пагадненні аб партнёрскай супрацы паміж культурнымі ўстановамі дзвюх краін, у тым ліку ключавымі дзяржаўнымі інстытуцыямі Беларусі [71]. Адначасова фіксаваліся працэсы фактычнай русіфікацыі культурнага поля: замяшчэнне беларускамоўных спектакляў рускамоўнымі, кадравыя перастаноўкі, пры якіх на пазіцыі беларускіх спецыялістаў прыходзяць прадстаўнікі Расіі, а таксама перадача стварэння помнікаў і манументальных аб’ектаў расійскім мастакам і арганізацыям. Гэтыя тэндэнцыі закранулі і літаратурную сферу – у праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі прымаліся асобы, не звязаныя з беларускай літаратурай і культурай, – а таксама інстытуцыйны ўзровень, уключаючы зацвярджэнне міжурадавага пагаднення аб супрацы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці з удзелам шырокага кола сілавых, ідэалагічных і культурных ведамстваў [72].

Культурная палітыка як сістэма заахвочвання і фінансавання «сваіх»

У 2025 годзе дзяржаўны апарат Беларусі працягваў выкарыстоўвацца для заахвочвання палітычнай і ідэалагічнай лаяльнасці ў культурнай сферы і прасоўвання афіцыйнага культурнага канону за кошт бюджэтных сродкаў. Дзяржаўныя ўзнагароды і прэміі, у тым ліку медаль Францыска Скарыны і прэмія «За духоўнае адраджэнне», прысуджаліся пераважна асобам і калектывам, звязаным з уладнай вертыкаллю і рэалізацыяй ідэалагічных праектаў. Сярод узнагароджаных – сваякі Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнікі праўладных культурных устаноў, прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы і аўтары прапагандысцкіх медыяпрадуктаў дзяржаўнага тэлебачання. Паралельна фіксавалася маштабнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў для распаўсюду лаяльнага кантэнту: дзяржаўныя органы і ўстановы масава закуплялі біяграфію Аляксандра Лукашэнкі «Наш президент», прэзентаваную напярэдадні выбараў у студзені 2025 года, патраціўшы на гэта больш за 260 тысяч беларускіх рублёў з бюджэту [73].

ВЫСНОВЫ

На працягу 2025 года было зафіксавана 1435 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры; пры гэтым прыведзеныя звесткі не з’яўляюцца вычарпальнымі. На канец года ў месцах пазбаўлення або абмежавання волі знаходзіліся не менш як 144 прадстаўнікі культурнай сферы.

На пятым годзе пасля масавых пратэстаў культурная палітыка рэжыму ў Беларусі захоўвае выразна рэпрэсіўны характар і не дэманструе прыкмет змякчэння. Вызваленні, што мелі месца на падставе памілавання, не суправаджаліся аднаўленнем правоў: сам працэс рабіўся крыніцай новых парушэнняў, у тым ліку прымусовай высылкі з краіны і іншых абмежаванняў базавых свабодаў. Пераслед за іншадумства, арышты, пазбаўленне права на справядлівы суд і свабоду перамяшчэння, цэнзура, дыскрымінацыя і трансгранічны ціск застаюцца штодзённай рэальнасцю для тых, хто працуе з культурай і словам, а ўдзел у культурным жыцці працягвае разглядацца як падстава для пераследу.

Да гэтага часу не расследаваны выпадкі гібелі дзеячаў культуры ў месцах пазбаўлення волі і ў выніку празмернага выкарыстання сілы, у тым ліку смерці мастака Рамана Бандарэнкі, грамадскага актывіста і прамоўтара гісторыі Вітольда Ашурка і мастака Алеся Пушкіна.

У выніку істотна абмежаваны магчымасці прафесійнай самарэалізацыі, парушана пераемнасць культурных працэсаў, у краіне адсутнічае прастора для крытычнага выказвання, а працяглая інтэграцыя з Расіяй спрыяе аслабленню беларускай культурнай суб’ектнасці.

Неабходнасць міжнароднай падтрымкі дзеячаў культуры, якія знаходзяцца пад ціскам або ў вымушанай эміграцыі, застаецца актуальнай і патрабуе скаардынаваных намаганняў культурных і праваабарончых арганізацый. Практычная і прававая дапамога рэпрэсаваным культурным працаўнікам з абодвух бакоў мяжы па-ранейшаму застаецца запатрабаванай, у тым ліку ў частцы стварэння ўмоў для працягу прафесійнай дзейнасці.

«Беларуская культура, мова і ідэнтычнасць на працягу апошніх пяці гадоў зазнаюць няспынны наступ. Прыйшоў час, каб міжнародная супольнасць заняла выразную пазіцыю ў падтрымку беларускага народа, які працягвае рызыкаваць усім дзеля абароны сваіх фундаментальных правоў і свабоды творчасці» [74].


[1] https://www.ohchr.org/ru/special-procedures/sr-cultural-rights/cultural-rights-defenders.
[2] Інфармацыя пра колькасць дзеячаў культуры не з’яўляецца канчатковай, бо не пра ўсіх адразу робіцца вядома.
[3] Абмежаванне свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
[4] Паводле дадзеных ПЦ «Вясна».
[5] /2025/12/23/zayava-pravaabaronchaj-kaaliczyi-z-nagody-prymusovaj-vysylki-z-belarusi-asob-vyzvalenyh-u-vyniku-pamilavannya.html.
[6] https://www.ohchr.org/ru/press-releases/2025/12/belarus-freeing-political-prisoners-does-not-end-policy-repression-warns-un.
[7] Беларускі Гаюн – Вікіпедыя.
[8] Распаўсюдзіў дыскрэдытацыйныя звесткі аб краіне: пракуратура Цэнтральнага раёна Мінска падтрымала дзяржабвінавачанне ў судзе.
[9] Пра зброю інфармацыйнай вайны. Хто піша Вікіпедыю?
[10] У аднаго чалавека можа быць у абвінавачанні больш за адзін артыкул.
[11] Арт. 342-2 уведзены ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе ў адказ на працяглыя акцыі пратэсту 2020 года.
[12] Выніковы прысуд праз частковае складанне – 4 гады і 9 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі.
[13] Выніковы прысуд праз частковае складанне – 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі.
[14] Прысуд нам невядомы (тут і далей).
[15] «Нізкі сацыяльны статус» у месцах пазбаўлення волі – наўмыснае прыніжэнне і маргіналізацыя зняволенага з боку адміністрацыі і іншых зняволеных, якія суправаджаюцца абмежаваннем яго правоў, ізаляцыяй, узмоцненым псіхалагічным ціскам.
[16] Часовы выканаўчы орган, стварэнне якога Святлана Ціханоўская, лідарка дэмакратычных сіл Беларусі, абвясціла 9 жніўня 2022 года ў Літве.
[17] http://sk.gov.by/ru/news-ru/view/identifitsirovany-365-uchastnikov-aktsij-za-rubezhom-informatsija-priobschena-k-materialam-ugolovnogo-dela-14547.
[18] https://t.me/skgovby/12775.
[19] https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=H12200201&p1=1&p5=0.
[20] https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=Hk1600413&utm_source.
[21] https://d19ywo0kqbosm6.cloudfront.net/post/chernyy-spisok-karaoke/.
[22] https://artcenter.by/events/artminsk-2025?srsltid=AfmBOorM07dKmm4baLhvoASdt8Kph5Huz0UF8a1rpi7CJxwo7pg_xUsB.
[23] З прыватных размоў з дзеячамі культуры.
[24] https://t.me/bondareva_bez_kupjur/42475.
[25] https://www.instagram.com/p/DHIXCIqISRX/?igsh=MXAyMzJud2UxZ2p3NA==.
[26] https://t.me/bondareva_bez_kupjur/43040.
[27] https://belta.by/society/view/pogruzhenie-v-magiju-samoj-korotkoj-nochi-goda-kakim-budet-viii-festival-svjata-sontsa-rasskazali-699364-2025/.
[28] https://t.me/AzarenokCTV/53622.
[29] https://www.facebook.com/belpuppet/posts/.
[30] https://www.facebook.com/sergei.rimashevski/posts/.
[31] Заява аб сістэматычным канфіскаванні і знікненні аўтарскіх рукапісаў.
[32] http://mininform.gov.by/documents/spisok-pechatnykh-izdaniy-soderzhashchikh-informatsionnye-soobshcheniya-i-ili-materialy-rasprostrane/.
[33] https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=H12300283.
[34] https://t.me/mininform/2918.
[35] http://mininform.gov.by/documents/respublikanskiy-spisok-ekstremistskikh-materialov/.
[36] https://www.sb.by/articles/v-belarusi-vyyavili-i-zablokirovali-sayt-iz-za-prodazhi-ekstremistskoy-literatury.html.
[37] https://bannedbooks.penbelarus.org/.
[38] /2025/09/04/belaruskaya-kniga-pad-presam-represij.html.
[39] https://t.me/minkultrb/56168.
[40] https://www.instagram.com/reel/DKNTcACMVl-/.
[41] https://t.me/bondareva_bez_kupjur/53030.
[42] https://www.facebook.com/share/p/15zAXaoYrA/.
[43] https://www.facebook.com/share/r/1EB4PPGu1Z/.
[44] https://www.instagram.com/p/DPYSLh3AgmY/.
[45] https://www.lawtrend.org/freedom-of-association/monitoring-situatsii-so-svobodoj-assotsiatsij-i-polozheniem-organizatsij-grazhdanskogo-obshhestva-v-respublike-belarus-aprel-2025.
[46] Не ўсе матэрыялы мы можам ідэнтыфікаваць як культурныя або прыналежныя дзеячам культуры.
[47] https://skarynapress.com/naviny/zajava-2025-05-20/.
[48] https://www.sb.by/articles/za-2025-god-v-belarusi-vypushcheno-bolee-7-tysyach-naimenovaniy-knig-ezerskiy.html.
[49] https://lialka.by/portfolio/devochka-i-medved/.
[50] https://www.hoiniki.by/?p=194046.
[51] https://www.rada.gov.ua/news/razom/268673.html.
[52] /2025/07/16/aglyad-parushennyau-mounyh-pravou-u-belarusi-z-1-studzenya-pa-30-chervenya-2025-godu.html.
[53] /2026/01/21/aglyad-parushennyau-mounyh-pravou-u-belarusi-z-1-lipenya-pa-31-snezhnya-2025-goda.html.
[54] https://t.me/kleck_bel/10261?single.
[55] https://www.instagram.com/reel/DI4XFpLtDIK/?igsh=ajhidW5nMzBmb254.
[56] https://newgrodno.by/society/v-tsentre-grodno-stoletnij-detskij-sad-peredelyvayut-v-dom/.
[57] https://t.me/spadczyna/12868.
[58] https://www.facebook.com/story.php?story_fbid=950758333948107&id=100070418467736&rdid=hol670eVG3FaqzSx#.
[59] https://zhabinka.museum.by/node/46627.
[60] https://t.me/vitebsk_info/6665.
[61] https://t.me/bondareva_bez_kupjur/47046.
[62] https://t.me/spadczyna/14437.
[63] У касцёле ў Браславе знікла польская мемарыяльная шыльда.
[64] https://t.me/minkultrb.
[65] /2025/05/06/monitoring-of-violations-of-cultural-rights-and-human-rights-of-cultural-figures-belarus-january-march-2025.html.
[66] https://pravo.by/document/?guid=3871&p0=P02500012.
[67] https://pravo.by/document/?guid=12551&p0=W22543288.
[68] https://xn--c1anggbdpdf.xn--p1ai/docs/item/243292/.
[69] https://t.me/AzarenokCTV/51388.
[70] https://ctv.by/news/obshestvo/kto-vojdyot-v-panteon-nacionalnyh-geroev-belarusi-vpervye-nazvany-imena.
[71] https://t.me/minkultrb/52994.
[72] https://t.me/minkultrb/53946.
[73] https://baj.media/be/hto-kupljae-knigi-pra-lukashjenku/.
[74] /2025/08/08/pen5years.html.