
Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа за першыя тры месяцы 2025 года з адкрытых крыніц праз асабістыя кантакты і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры. Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнні (у тым ліку канфідэнцыйна) або выправіць недакладнасці, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma. Чым дакладней мы зможам зафіксаваць і прааналізаваць сітуацыю з правамі чалавека ў сферы культуры, тым больш эфектыўна будзем планаваць працу ў галіне падтрымкі дзеячаў культуры і культурных праектаў. Больш пра маніторынг тут.
NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, згодна з дзейнымі ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўнымі прадпісаннямі, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні.
Асноўныя вынікі маніторынгу
• Пераслед дзеячаў культуры ў зняволенні
• Парушэнне грамадзянска-палітычных і сацыяльна-эканамічных правоў дзеячаў культуры
• Пераслед дзеячаў культуры ў выгнанні
• Цэнзура і парушэнне культурных правоў
• Матэрыялы на тэму культуры, прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры*
Высновы
* На аснове аналізу публікацый у Telegram-канале Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у студзені 2025 года.
АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ
У першым квартале 2025 года рэпрэсіі і палітычна матываваны пераслед дзеячаў культуры працягнуліся: адвольныя арышты і затрыманні, адміністрацыйныя і крымінальныя суды; ціск і пераслед у месцах пазбаўлення волі; выклікі на прафілактычныя гутаркі ў РУУС, КДБ ці да начальства на працы; візіты супрацоўнікаў міліцыі на дом; фактычная забарона на прафесію, правядзенне выстаў і абмежаванні на прэзентацыю ўласнай творчасці.
- Зафіксавана 319 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
- Станам на 31.03.2025 г. у краіне 1208 палітычных зняволеных [1], у тым ліку не менш [2] за 97 дзеячаў культуры.
- Усяго ў зняволенні – калоніях, турмах, следчых ізалятарах, установах адкрытага тыпу («хімія») або ва ўмовах «хатняй хіміі» – пакаранне паводле палітычных матываў адбываюць не менш за 165 працаўнікоў сферы культуры.
- Упершыню за ўсю гісторыю маніторынгу найбольш часты від парушэнняў сярод зафіксаваных за пэўны перыяд – прызнанне матэрыялаў на тэму культуры або сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» (115 выпадкаў). За імі ідуць цэнзура (49) і парушэнне права на справядлівы суд (36) у дачыненні да дзеячаў культуры або арганізацый сферы культуры.
- Да крымінальнай адказнасці прыцягнулі не менш за 12 дзеячаў культуры. У дачыненні да амаль кожнага другога чалавека гэта ўжо другі або трэці прысуд пасля падзей 2020 года.
- Цэнзура, сярод іншага, закранула як мінімум два мерапрыемствы, звязаныя з традыцыйнай культурай Беларусі – вобласцю, якая пасля падзей 2020 года лічылася адной з дазволеных і ўмоўна бяспечных для творчай дзейнасці.
- Можна казаць пра прыпыненне або заканчэнне кампаніі, скіраванай на ліквідацыю арганізацый грамадзянскай супольнасці: за першы квартал 2025 года ў прымусовым парадку ліквідаваны ўсяго чатыры грамадскія аб’яднанні, сярод іх адна арганізацыя са сферы культуры.
- У студзені 2025 года асноўным зместам дзяржаўнай культурнай палітыкі зрабіліся выбары [3] Аляксандра Лукашэнкі на сёмы прэзідэнцкі тэрмін: так, 31,2 % кантэнту афіцыйнага Telegram-канала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь было прысвечана гэтай тэме – ад заклікаў да датэрміновага галасавання і цытат Лукашэнкі да асвятлення «культурнай арганізацыі выбарчага працэсу».

ПЕРАСЛЕД ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ Ў ЗНЯВОЛЕННІ
Па-ранейшаму асаблівую трывогу выклікаюць умовы ўтрымання палітзняволеных дзеячаў культуры, сярод якіх – выкарыстанне рэжыму інкамунікада і падаўжэнне тэрмінаў зняволення:
⇒ Ужо больш за два гады ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага свету застаюцца адвакат, літаратар і бард Максім Знак (з 9 лютага 2023 года ў яго сваякоў няма з ім ніякай сувязі), а таксама палітычны дзеяч, відэаблогер і культурны менеджар Сяргей Ціханоўскі (з 9 сакавіка 2023 года). Праваабаронцы кваліфікуюць гэта як гвалтоўнае знікненне.
Амаль паўгода ў рэжыме інкамунікада ўтрымліваецца анархіст і аўтар турэмнай прозы Аляксандр Францкевіч (у ліпені 2024 года затрымалі і яго маці, а ў лютым 2025-га яе асудзілі на 3 гады і 3 месяцаў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ва ўдзеле ў так званым экстрэмісцкім фарміраванні).
⇒ Працягваецца практыка штучнага падаўжэння тэрмінаў палітзняволеным праз завядзенне новых крымінальных спраў. У тым ліку пераследуецца мэта не дапусціць іх вызвалення пасля адбыцця асноўнага пакарання.
Так, 5-гадовы тэрмін зняволення анархіста і аўтара турэмнай прозы Мікалая Дзядка мусіў скончыцца 25 красавіка 2025 года. Аднак Мікалай не выйшаў у гэты дзень на волю: спачатку на яго была заведзена крымінальная справа паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), а ў сакавіку гэтага года стала вядома пра яшчэ адну крымінальную справу.
На працягу года ўжо другі раз паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса былі прыцягнуты да адказнасці палітзняволеныя Эдуард Бабарыка і анархіст, аўтар турэмнай прозы Аляксандр Францкевіч. Апошнія суды паводле гэтых спраў адбыліся ў лютым 2025 года.
У студзені прайшоў разгляд яшчэ адной крымінальнай справы паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») у дачыненні да бібліятэкаркі Юліі Лаптановіч, раней ужо асуджанай на 4 гады і 9 месяцаў пазбаўлення волі.
У лютым 2025 года адбыўся яшчэ адзін суд у дачыненні да музыкі і сцэнарыста Кірыла Вевеля, паўгода таму асуджанага на 3 гады калоніі. Цяпер яго судзілі паводле артыкулаў 361-1 Крымінальнага кодэкса («удзел у экстрэмісцкім фарміраванні») і 130 («распальванне варожасці»). Акрамя таго, Кірыл быў унесены ў пералік фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
Таксама ў лютым паўторна асуджаны Міхаіл Лабань, уласнік ювелірнай майстэрні «Самародак». Яму інкрымінавалі артыкул 361-2 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»). У выніку частковага складання тэрмінаў пакаранне Міхаілу павялічана яшчэ на паўгода да ўжо прызначаных 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі.
⇒ Пад відавочным ціскам працягваецца практыка запісу і трансляцыі дыскрэдытацыйных відэаролікаў з удзелам палітзняволеных на дзяржаўным тэлебачанні. Такія «інтэрв’ю» нярэдка робяцца прадвесцем хуткага вызвалення.
Так, у сярэдзіне студзеня 2025 года дзяржаўныя прапагандысцкія каналы выпусцілі ў эфір адзін з такіх сюжэтаў – з удзелам супрацоўнікаў «Радыё Свабода», сярод якіх былі Ігар Карней, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, і паэт, перакладчык, журналіст Андрэй Кузнечык. Праз месяц, 12 лютага, Андрэй Кузнечык і яшчэ двое палітзняволеных былі вызвалены на падставе памілавання, якое сталася магчымым дзякуючы пасярэдніцтву Дзяржаўнага дэпартамента ЗША.
⇒ У студзені 2025 года актывістцы і публіцыстцы Алене Гнаўк было прызначана шэсць месяцаў утрымання ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), куды асуджаных пераводзяць за нібыта злосныя парушэнні вызначанага парадку адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях. На паўгода падоўжылі ўтрыманне ў ПКТ журналіста і эсэіста Андрэя Пачобута.
⇒ Палітзняволеныя працягваюць зазнаваць фізічны і псіхалагічны ціск з боку адміністрацыі пенітэнцыярных устаноў. Сярод распаўсюджаных формаў – змяшчэнне ў карцар або штрафны ізалятар, забарона на спатканні са сваякамі і перадачы, прымус да напісання прашэння аб памілаванні на імя Лукашэнкі і іншыя метады.
Вядомыя выпадкі, калі ў людзей культуры канфіскоўвалі рукапісы, напісаныя ў зняволенні, і няма гарантый, што гэтыя тэксты будуць вернуты, а не знішчаны.
⇒ Умовы ўтрымання адміністрацыйна арыштаваных паводле палітычных матываў закліканы максімальна прынізіць чалавека. У такіх камерах кругласутачна не выключаецца святло; жалезныя нары без матрацаў; забаронена сядзець або ляжаць, за выключэннем начнога часу (з 22:00 да 6:00); ноччу кожныя дзве гадзіны робяцца пераклічкі, а ранкам – так званыя «шмоны»: арыштаваных выводзяць у калідор у кайданках, пасля чаго адбываецца ператрус камеры. Пра доступ да кніг, перыёдыкі і іншых падобных рэчаў у перыяд адбыцця арышту гаворкі не вядзецца.
ПАРУШЭННЕ ГРАМАДЗЯНСКА-ПАЛІТЫЧНЫХ І САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫХ ПРАВОЎ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ
Працягваюцца адвольныя затрыманні і арышты, адміністрацыйны і крымінальны палітычна матываваны пераслед дзеячаў культуры, запалохванні, выклікі на «прафілактычныя гутаркі», праверкі падчас мінання мяжы, агляды тэлефонаў, практыка забароны на прафесію і іншыя формы ціску з боку ўладаў.
⇒ Падставамі для арыштаў дзеячаў культуры па-ранейшаму робяцца ўдзел у мірных пратэстах 2020 года – артыкул 342 Крымінальнага кодэкса; крытычныя выказванні пра грамадска значныя падзеі – артыкул 130 Крымінальнага кодэкса; крытычныя каментарыі ў сацыяльных сетках на адрас Аляксандра Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў улады – артыкулы 367, 368, 369 Крымінальнага кодэкса; супрацоўніцтва і падтрымка незалежных медыя і грамадзянскіх ініцыятыў – артыкулы 361-1, 361-2, 361-4 і іншыя.
Усё часцей інфармацыя пра затрыманні і арышты робіцца вядомая праваабаронцам толькі праз месяцы, а часам і значна пазней.
⇒ Мінімум 12 дзеячаў культуры былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Амаль кожны другі прысуд (42 %) вынесены ў дачыненні да асоб, якія ўжо адбываюць пакаранне. На цяперашні момант нам вядомыя вынікі толькі 5 з 12 судовых працэсаў.
⇒ Працягваецца практыка правядзення палітычных працэсаў у закрытым рэжыме. Так, на працягу двух месяцаў за зачыненымі дзвярыма праходзіў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да грамадзяніна Японіі Наканісі Масатосі, абвінавачанага паводле артыкула 358-1 Крымінальнага кодэкса ў нібыта агентурнай дзейнасці. 17 сакавіка 2025 года суд асудзіў выкладчыка японскай мовы на сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі.
⇒ Прыцягненне людзей культуры да адміністрацыйнай адказнасці часцей за ўсё ажыццяўлялася паводле артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – за распаўсюджванне нібыта экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэты артыкул фігураваў у 9 з 14 зафіксаваных у аналізаваны перыяд пратаколаў. Таксама выкарыстоўваліся артыкул 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – «пікетаванне» ў сацыяльных сетках; артыкул 19.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – «прапаганда нацысцкай сімволікі». Вядома пра адзін адміністрацыйны працэс у дачыненні да дзеяча культуры паводле артыкула 10.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – «парушэнне заканадаўства аб выбарах». Выніковыя рашэнні судоў вядомыя толькі паводле 2 з 14 адміністрацыйных спраў.
⇒ Пазасудовы пераслед – як частка парушэнняў, што сталі ўжо паўсядзённымі, – уключаў:
- выклікі на «прафілактычныя гутаркі» ў РУУС або да «спецыялістаў па бяспецы» на месцы працы;
- прымус падпісаць абавязацельствы аб няўдзеле ў «экстрэмісцкай дзейнасці»;
- допыты падчас мінання мяжы з пытаннямі пра мэту паездкі і праверкай мабільных прылад на прадмет падпісак, асабістай перапіскі і гісторыі браўзера;
- звальненні і немагчымасць афіцыйна працаўладкавацца ў дзяржаўных установах;
- ціск на сваякоў;
- іншыя формы негалоснага або адкрытага пераследу.
ПЕРАСЛЕД ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ Ў ВЫГНАННІ
Працягваецца трансгранічны пераслед дзеячаў культуры – палітычных эмігрантаў: праз завядзенне ў Беларусі новых крымінальных спраў, правядзенне завочных судоў, арышты маёмасці, публічную дыфамацыю, унясенне ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», прызнанне ініцыятыў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», ціск на сваякоў у Беларусі.
⇒ Захоўваецца практыка папераджальнага запалохвання і наступнага выяўлення ўдзельнікаў пратэсных і культурных акцый за мяжой.
Так, 27 студзеня Следчы камітэт паведаміў пра ідэнтыфікацыю і прыцягненне да крымінальнай адказнасці 365 удзельнікаў і арганізатараў акцый, якія прайшлі за мяжой 26 студзеня ў дзень так званых выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (у далейшым гэты лік вырас да «парадку 400» падазраваных). А 21 сакавіка СК прыгразіў адказнасцю патэнцыйным удзельнікам Дня Волі. Пазней у прапагандысцкіх медыя з’явілася паведамленне пра выяўленне 260 чалавек, якія паўдзельнічалі ў акцыях 25 сакавіка.
Мы працягнем сачыць за развіццём сітуацыі і тым, каго з людзей культуры можа закрануць гэты пераслед.
⇒ Зафіксаваны выпадкі завочных судовых працэсаў, у рамках якіх раней асуджаным дзеячам культуры замянялі пакаранне на больш строгае – з «хіміі» або «хатняй хіміі» на калонію. У разгледжаны перыяд такія суды прайшлі, як мінімум, у дачыненні да паэта, музыкі і перакладчыка Мікіты Найдзёнава, а таксама былой галоўнай рэдактаркі газеты «Новы Час» Аксаны Колб.
⇒ Працягваецца практыка арышту нерухомасці. Так, 18 студзеня гомельская журналістка і рэжысёрка Марыя Булавінская даведалася пра арышт свайго вясковага дома на падставе пастановы Следчага камітэта. А ўжо 29 студзеня яе дакументальны фільм «Лес», прысвечаны тэме сталінскіх рэпрэсій і дзеянням гомельскіх уладаў, які выйшаў летам 2024 года, быў прызнаны «экстрэмісцкім матэрыялам».
⇒ З’яўляецца інфармацыі пра новых дзеячаў культуры – палітычных эмігрантаў, абвешчаных у Беларусі ў вышук, што сведчыць пра адкрыццё ў дачыненні да іх крымінальных спраў.
Так, у студзені стала вядома, што шукаюцца музыка Сяргей Міхалок, фатографы Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў, кіраўнік грамадскай ініцыятывы для ўвекавечання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў, а таксама шэраг іншых прадстаўнікоў культурнай сферы.
⇒ Вядома пра завядзенне другой крымінальнай справы – цяпер паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – супраць Арцёма Зянькова, уласніка фірмы пракату фота- і відэаабсталявання. У лістападзе 2024 года ён быў асуджаны на 3 гады «хатняй хіміі» паводле артыкула 361-2 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»), пасля чаго пакінуў Беларусь.
⇒ Захоўваецца тэндэнцыя ўносіць дзеячаў культуры ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», у тым ліку ў выпадку іх завочнага асуджэння.
У студзені 2025 года ў абодва спісы быў уключаны стэндап-комік Слава Камісарэнка, вядомы сваімі пародыямі на Аляксандра Лукашэнку. У снежні 2024 года яго завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі.
⇒ Працягваецца практыка прызнаваць культурныя ініцыятывы ў эміграцыі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», што вядзе да крымінальнага пераследу іх удзельнікаў, а таксама робіць гэтыя ініцыятывы небяспечнымі для людзей унутры Беларусі і фактычна закрывае магчымасць супрацоўніцтва.
Так, 27 студзеня 2025 года КДБ уключыў у спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў» краўдфандынгавую платформу «Gronka», створаную для падтрымкі беларускіх культурных і адукацыйных праектаў. Платформа пачала сваю дзейнасць у ліпені 2024 года. Сярод падтрыманых платформай ініцыятыў:
- выпуск зборніка беларускіх калыханак ад ініцыятывы «ЭтнаТрадыцыя»,
- аўдыякніга «Зэкамерон» паводле твора Максіма Знака – палітзняволенага адваката і літаратара,
- гайд па беларускіх мясцінах Грузіі,
- іншыя праекты, важныя для захавання беларускай культуры і ідэнтычнасці.
ЦЭНЗУРА І ПАРУШЭННЕ КУЛЬТУРНЫХ ПРАВОЎ
Па-ранейшаму застаюцца закрытымі сцэнічныя і выставачныя прасторы для дзеячаў культуры са спісу «нядобранадзейных» (разам з тым пачалі з’яўляцца асобныя выпадкі выдачы дазволу на выступы і выставы тым, каму раней адмаўлялі). Захоўваецца забарона для такіх аўтараў на публікацыі ў дзяржаўнай перыёдыцы, фіксуюцца выпадкі анулявання раней выдадзеных гастрольных пасведчанняў і датэрміновага закрыцця выстаў. Пашыраны спіс друкаваных выданняў, прызнаных нібыта здольнымі нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Працягваецца дыскрымінацыя паводле прыкметы выкарыстання беларускай мовы. Цэнзура закранула ў тым ліку сферу традыцыйнай культуры, а сярод табуяваных тэм – вайна ва Украіне, паўстанне Каліноўскага і постаць самога Кастуся Каліноўскага.
⇒ Так, 24 студзеня 2025 года Міністэрства інфармацыі апублікавала абноўлены спіс друкаваных выданняў, «якія ўяўляюць пагрозу нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». У яго дадалі 30 новых найменняў, усе – кнігі расійскіх выдавецтваў, такіх як «АСТ», «Эксма», «Popcorn Books», «Inspiria» і іншых. Гэтыя выданні пераважна разлічаны на аўдыторыю 18+ (некаторыя – 16+) і ахопліваюць шырокі спектр тэм і жанраў: коміксы, сучасныя моладзевыя раманы і рамантычныя гісторыі, аўтабіяграфічная проза, крыміналістыка, сацыяльная псіхалогія, сексуальнасць, залежнасці, гомасексуальныя адносіны, псіхалагічныя траўмы, пошук ідэнтычнасці і г. д. Сярод унесеных у спіс – раман Чака Паланіка «Калыханка», напісаны ў жанры сюррэалістычнага трылера з элементамі містыкі і сацыяльнай сатыры, заснаваная на архіўных дакументах кніга Эн Эплбаум «ГУЛАГ», якая ў 2004 годзе атрымала Пулітцэраўскую прэмію, а таксама раман-бестселер «Маленькае жыццё» Ханьі Янагіхары, прысвечаны траўматычнаму досведу і псіхічным наступствам гвалту.
⇒ 11 сакавіка 2025 года ў мінскай галерэі «Мастацтва» адкрылася выстава «Беларускі бестыярый», прысвечаная міфалагічным персанажам беларускага фальклору. Ужо на наступны дзень у Telegram сталі з’яўляцца скаргі праўладных актывістаў, якія абвінавацілі аўтараў у «сатанінскім шабашы» і «барацьбе супраць хрысціянскіх каштоўнасцяў». 13 сакавіка, праз два дні пасля адкрыцця, арганізатары выставы – Яўген і Яўгенія Кот – паведамілі пра яе датэрміновае закрыццё праз незалежныя ад іх прычыны і пачалі дэмантаж заяўленай на 22 сакавіка экспазіцыі.
⇒ 19 сакавіка стала вядома, што ў музейным комплексе «Дудуткі» сёлета не адбудзецца традыцыйнага фестывалю «Свята Сонца», прысвечанага святкаванню Купалля. Пракатнае пасведчанне на правядзенне мерапрыемства, запланаванага на 21–22 чэрвеня 2025 года, было анулявана пасля крытыкі з боку праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай, якая назвала фестываль «неапаганскім шабашам са свастыкай і рунамі». Таксама дзяржаўнае агенцтва БелТА выдаліла са свайго сайта матэрыял «Паглыбленне ў магію самай кароткай ночы года. Якім будзе VIII фестываль “Свята Сонца”». Штогадовае мерапрыемства з open-air канцэртам, шоу агню, кірмашом рамёстваў і традыцыйнымі абрадамі ладзіўся ў Беларусі з 2016 года.
⇒ Зафіксаваны выпадкі ціску на палітзняволеных і «перавучванне» іх з беларускай мовы на рускую, забароны размаўляць на беларускай мове падчас спаткання з палітзняволеным, а таксама патрабаванні з боку супрацоўніцы паштовага аддзялення ўпісваць у заказ звесткі на рускай, а не на беларускай мове.
⇒ Адкрыццё ў Хойніках (Гомельская вобласць) рускамоўнага памятнага знака Івану Мележу (народнаму пісьменніку Беларусі, аўтару знакавай для беларускай літаратуры трылогіі «Палеская хроніка») – прыклад дыскрымінацыі беларускай мовы і яе выцяснення з публічнай прасторы. Такое рашэнне не толькі супярэчыць літаратурнай спадчыне Мележа, але і з’яўляецца праявай непавагі да памяці пісьменніка, ігнараваннем яго нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці.
⇒ Захоўваецца практыка абмяжоўваць доступ да літаратуры і іншых матэрыялаў, што датычаць культуры і гістарычнай памяці, праз прызнанне іх «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэткія дзеянні наўпрост закранаюць культурныя правы. Паколькі гэты від парушэнняў стаўся самым частым сярод зафіксаваных у першым квартале 2025 года (уключае таксама прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сацыяльных сетак дзеячаў культуры), спынімся на ім больш падрабязна.
МАТЭРЫЯЛЫ НА ТЭМУ КУЛЬТУРЫ, ПРЫЗНАНЫЯ «ЭКСТРЭМІСЦКІМІ»
Усяго не менш [4] за 115 матэрыялаў на тэму культуры або сацыяльных сетак дзеячаў культуры былі прызнаны «экстрэмісцкімі» ў першым квартале 2025 года – гэта значыць, што цяпер у Беларусі за падпіску, перапост, лайк і перасылку нейкага з іх чалавек можа атрымаць да 15 сутак арышту або да 1260 рублёў штрафу. А на прыкладзе гэтага спісу можна зрабіць выснову, што пад забарону ў краіне могуць трапіць тэмы, звязаныя з крытыкай савецкага мінулага, асвятленнем рэпрэсій (у тым ліку сталінскіх), пратэснымі рухамі, нацыянальнай ідэнтычнасцю, а таксама любыя формы незалежнага культурнага выказвання і сатыры. Пераследуюцца праекты, кнігі і аўтары, якія папулярызуюць беларускую культуру, мову, альтэрнатыўны погляд на гісторыю і цяперашнюю палітычную сітуацыю.
Так, у студзені – сакавіку 2025 года ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» унесены:
Кнігі і перыёдыка:
«Тайны белорусской истории» аўтарства Вадзіма Дзеружынскага, альбом «БНР-100: Сьвяткаванне 100-гадовага юбілею ў Беларусі і ў замежжы», «НКВД забіваў у Курапатах…» аўтарства Марата Гаравога, «Чарвяк» аўтарства Змітра Дашкевіча, «Дзевяноста другі» і «Дзевяноста трэці» аўтарства Сяргея Навумчыка, «Кроў i попел Дражна: Гісторыі партызанскага злачынства» аўтарства Віктара Хурсіка, «Партизаны СССР: от мифов к реальности» аўтарства Сяргея Захарэвіча, «Советские партизаны: Мифы и реальность» аўтарства Міхаіла Пінчука, «Случайный президент (политический портрет)» аўтарства Паўла Шарамета і Святланы Калінкінай, часопіс Беларускай асацыяцыі журналістаў «Абажур» № 3 (124).
Пляцоўкі, праекты, прадукты і супольнасці незалежнай культуры:
- сайт і сацыяльныя сеткі – Facebook, Telegram і Instagram – краўдфандынгавай платформы для падтрымкі беларускіх культурных і адукацыйных праектаў «Gronka»;
- Telegram-канал «Священный Белавуд» – праект журналіста і кінакрытыка Тараса Тарналіцкага пра беларускае кіно;
- YouTube-канал «ШокінгКульт», а таксама акаўнты культуролага і журналіста Максіма Жбанкова ў Telegram, Instagram і Facebook;
- YouTube-канал «Міністэрства сепультуры», а таксама акаўнты музычнага крытыка Аляксандра Чарнухі ў Telegram і Instagram;
- сайт, YouTube-канал і Instagram-старонка стэндап-коміка Славы Камісаранкі;
- Instagram-акаунт «Belarus Free Theatre»;
- Instagram-акаунт «Музей Вольнай Беларусі»;
- Telegram-канал і лагатып «Ліхтар» новага праекту незалежнага беларускамоўнага выдання «Новы Час»;
- YouTube-канал, а таксама акаўнты ў Soundcloud, VK і Facebook культурнай пляцоўкі «Арт Сядзіба» (яе заснавальнік і былы дырэктар Павел Белавус у 2023 годзе быў асуджаны на 13 гадоў калоніі за папулярызацыю беларускай культуры);
- Telegram-канал «Беларускі інстытут публічнай гісторыі»;
- VK-паблік гістарычна-краязнаўчага выдання «ВОЛАТ», заснаванага ў Вілейцы ў 2004 годзе;
- акаўнты ў сетках «Аднакласнікі», VK і Facebook «Кобыляки. Расстреляны в Орше» – аршанскай ініцыятывы даследавання сталінскіх рэпрэсій;
- YouTube-канал «1142Х» і размешчаны на ім дакументальны фільм Марыі Булавінскай пра сталінскія рэпрэсіі «Лес»;
- старонка VK «Протестное кино»;
- Facebook-старонка «Настаўнікі беларускай мовы i літаратуры»;
- YouTube-канал «НАШАМОВА», акаўнты ў Telegram і VK «МОВА ПОБАЧ», VK «Родная Мова»;
- Instagram-акаўнт «Беларуская кніга | Жыветэка | Варшава»;
- музычныя кампазіцыі «ИЛЬИЧ feat А. Г. Лукашенко – Дайте газу!», «А.С.А.В» гурта «Руки на одеяло», «Жыве Беларусь» гурта «Elysium»;
- старонка ў сетцы VK «Антология Сибирского Панка»;
- Instagram-акаўнт «Swadamusic» (гурт «Sw@da»);
- Instagram-акаўнт і лагатып «by2020art»;
- Instagram-акаўнт аўтарскіх календароў «2025_calendar»;
- Telegram-канал «Беларусь Комікс»;
- Tik-Tok-канал «reformculture»,
- і іншыя.
Сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры:
Telegram-канал, Facebook-старонка, акаўнт у Twitter журналіста і літаратара Дзмітрыя Гурневіча, Instagram актрысы і спявачкі Алены Зуй-Вайцяхоўскай, Twitter літаратара Алеся Мінава, Instagram прадзюсаркі і кінарэжысёркі Вольгі Чайкоўскай, VK опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, Telegram рэжысёра Мікалая Халезіна, Twitter коміка Міхася Ільіна, Twitter амерыканскага кінарэжысёра Эрні Барбараша і іншыя сацыяльныя сеткі беларускіх і не толькі дзеячаў культуры.
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
Агляд актуальных тэм і напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры ў першым квартале 2025 года гэтым разам рабіўся праз прызму навінавай стужкі Telegram-канала Міністэрства культуры, галоўнай культурнай установы краіны. Мэтай міні-даследавання было вызначыць, у якой ступені афіцыйная культура ў Беларусі выкарыстоўваецца як інструмент ідэалагічнага абслугоўвання ўлады.
Апісанне даследавання
Аб’ектам кантэнт-аналізу выступілі ўсе публікацыі (пасты) афіцыйнага Telegram-канала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (@minkultrb), размешчаныя ў перыяд з 1 да 31 студзеня 2025 года ўключна. Выбар менавіта гэтага часавага адрэзка абумоўлены палітычным кантэкстам: 26 студзеня 2025 года ў краіне прайшлі так званыя прэзідэнцкія выбары, на якіх Аляксандр Лукашэнка балатаваўся на сёмы тэрмін.
Адзінкі вымярэння ўключалі: тэму публікацыі; мову; наяўнасць тэгаў, выяў, відэа, перапостаў, а таксама колькасныя параметры – колькасць праглядаў, рэакцый і іншыя характарыстыкі, выяўленыя ў працэсе аналізу. Кожнае паведамленне разглядалася як асобны пост, у тым ліку сістэмныя апавяшчэння пра змену аватаркі канала (зафіксаваны 17 і 26 студзеня). Аналіз рабіўся ўручную ў перыяд з 11 сакавіка да 10 красавіка 2025 года. На момант яго пачатку канал налічваў 5950 падпісчыкаў, на момант завяршэння – 6118.
Асноўныя вынікі аналізу
Усяго на працягу студзеня 2025 года ў Telegram-канале Міністэрства культуры было размешчана 561 паведамленне. Найбольш актыўныя дні – з 22 да 24 студзеня (44–53 публікацыі на дзень), а пік прыпаў на дзень выбараў – 26 студзеня, калі было апублікавана 78 паведамленняў (14 % усіх студзеньскіх пастоў).
Першая публікацыя ў дзень выбараў тычылася перадачы ў Нацыянальны мастацкі музей афорта XVIII стагоддзя, знойдзенага ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Наступныя 76 паведамленняў былі прысвечаны выбарам. Заключны пост – сістэмнае апавяшчэнне пра вяртанне ранейшай аватаркі канала, якую 17 студзеня замянілі на лагатып, звязаны з выбарамі (на гэты момант абодва пасты недасяжныя).
Змест паведамленняў 26 студзеня ўключаў: асвятленне працэсу галасавання Аляксандра Лукашэнкі, яго каментарыі для дзяржаўных СМІ, сцэны сустрэчы з ім ля выбарчага ўчастка, матэрыялы пра падарункі для маладых выбарцаў, аператыўныя звесткі пра яўку, заявы пра прычыны галасавання і зроблены выбар (якія заўсёды апелююць да дзейнага прэзідэнта). Некалькі паведамленняў асвятлялі наведванне выбарчага ўчастка новым міністрам культуры Русланам Чарнецкім і яго сям’ёй.
Большасць публікацый гэтага дня фармавала вобраз «святочнай атмасферы» і «духу патрыятызму» на выбарчых участках – апісваліся канцэрты, выставы, кінапаказы, пачастункі і афармленне:
«У гэты дзень выбарчыя ўчасткі ператвараюцца ў цэнтры культурнага жыцця, дзе пануе атмасфера адзінства і радасці…»
«Творчыя калектывы, салісты ўстаноў культуры радуюць сваімі выступленнямі, ствараюць прыемную атмасферу…»
«Таксама для выбарцаў арганізаваны розныя выставы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класы…»
«Пануе атмасфера свята, цудоўнага настрою і духу патрыятызму…»
«Працуе таксама на ўчастку і буфет, дзе кожны ахвочы можа набыць мясныя і каўбасныя вырабы, гатовую прадукцыю, выпечку…»
«У асноўны дзень Выбараў Прэзідэнта Беларусі выбарцаў у Віцебскай вобласці абслугоўвае каля 600 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, арганізавана каля 1200 культурных мерапрыемстваў…»
Структура парадку дня і палітычная накіраванасць кантэнту
Тэматыка выбараў дамінавала ў інфармацыйным патоку канала: кожнае трэцяе паведамленне (31,2 %) было прысвечана гэтай тэме. Яна ўключала не толькі рэпартажы з асноўнага дня галасавання, але і публікацыі пра датэрміновае галасаванне, сустрэчы давераных асоб Аляксандра Лукашэнкі з працоўнымі калектывамі ўстаноў культуры, удзел «незалежных» назіральнікаў, а таксама наступныя віншаванні Лукашэнкі з перамогай на выбарах.
Другой паводле частаты згадак тэмай стала рэспубліканская палітычна-ідэалагічная акцыя «Марафон адзінства» – адзін з інструментаў перадвыбарнай агітацыі. Акцыя, арганізаваная ў тым ліку Міністэрствам культуры, была накіравана на ўмацаванне дзяржаўнай ідэалогіі і дэманстрацыю падтрымкі дзейнай улады. Працоўную групу для яе падрыхтоўкі ўзначаліла Ганна Лукашэнка, нявестка Аляксандра Лукашэнкі. «Марафон адзінства» стартаваў 17 верасня 2024 года, ахапіў 16 гарадоў, сотні мерапрыемстваў і завяршыўся 24 студзеня гала-канцэртам «Час выбраў нас» на сцэне «Мінск-Арэны».
Абедзве тэмы – прэзідэнцкія выбары і «Марафон адзінства» – склалі 52,6 % агульнага аб’ёму публікацый у студзені 2025 года. А ключавымі хэштэгамі перыяду сталі: #МарафонЕдинства, #культуравыбирает, #культураголосует, #выборы2025, #Президент.
Сярод іншых ідэалагічна афарбаваных тэм можна адзначыць выставу «Мая Беларусь», прапагандысцкі фільм «Птушка Фенікс Аляксея Талая», мерапрыемствы вакол будучага святкавання 80-годдзя Перамогі і іншыя.
Для параўнання: значныя з гледзішча культурнага капіталу падзеі былі прадстаўлены мінімальна. Так, 100-годдзю з дня надання Янку Купалу звання «Народнага паэта Беларусі», якое неўзабаве мела адбыцца, было прысвечана толькі два паведамленні (0,4 %), столькі ж – гораду Іванава, абвешчанаму культурнай сталіцай Беларусі 2025 года. Хоць студзень не з’яўляецца пікавым месяцам для гэтых тэм, у цэлым акцэнт на культуру (у «чыстым» выглядзе, а таксама ў звязцы з грамадствам і рэлігіяй) склаў толькі каля 20 % усіх публікацый канала.
Моўная палітыка канала
З гледзішча мовы ў кантэнце Telegram-канала безумоўна дамінуе руская. З 551 тэкставага паведамлення:
- 492 пасты (89,3 %) – выключна на рускай мове,
- 42 пасты (7,6 %) – на беларускай мове,
- 17 пастоў (3,1 %) – на абедзвюх мовах адначасова.
Такім чынам:
У студзені 2025 года Telegram-канал Міністэрства культуры актыўна выкарыстоўваўся для падтрымкі прэзідэнцкіх выбараў і перадвыбарнай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі (іншыя кандыдаты ў ім не згадваліся). Асноўны масіў публікацый быў прысвечаны выбарам, прапагандысцкім і ідэалагічным мерапрыемствам. Культура па-за палітыкай апынулася на другарадных ролях і прадстаўлялася паводле рэшткавага прынцыпу. Нават у сферы, фармальна адказнай за развіццё нацыянальнай культуры, прыярытэт надаецца кантэнту на рускай мове.
ВЫСНОВЫ
У першым квартале 2025 года рэпрэсіі супраць дзеячаў культуры працягнуліся. Пераслед, арышты, цэнзура, дыскрымінацыя і трансгранічны ціск застаюцца паўсядзённай рэальнасцю для тых, хто працуе з культурай і словам. Нават тэмы, якія пасля падзей 2020 года лічыліся «бяспечнымі» для творчасці (такія як міфалогія і традыцыйная культура), у аналізаваны перыяд сутыкнуліся з забаронай. Пры гэтым дзяржаўная культурная палітыка часцяком падмяняецца ідэалагічным абслугоўваннем рэжыму, што асабліва ярка праявілася ў студзеньскай выбарчай кампаніі – культура выкарыстоўваецца як інструмент легітымацыі ўлады.
Неабходнасць міжнароднай падтрымкі дзеячаў культуры, якія апынуліся пад ціскам або ў выгнанні, застаецца актуальнай і патрабуе скаардынаваных намаганняў культурных і праваабарончых арганізацый.
[1] Згодна са звесткамі ПЦ «Вясна».
[2] Інфармацыя пра колькасць дзеячаў культуры не канчатковая, бо не пра ўсіх іх адразу робіцца вядома.
[3] Прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся ў Беларусі 26 студзеня 2025 года, праходзілі пад поўным кантролем уладаў, а іх вынік быў перадвызначаны.
[4] Не ўсе матэрыялы мы можам ідэнтыфікаваць як культурныя або тыя, што належаць дзеячам культуры.