Ціхан Чарнякевіч: Слову наогул збольшага напляваць на ўсё, апрача сябе

Апошняе абнаўленне: 20 сакавіка 2025
Ціхан Чарнякевіч: Слову наогул збольшага напляваць на ўсё, апрача сябе
Анкета Беларускага ПЭНа 

Што думаюць пісьменнікі пра асобныя грані творчага працэсу, новыя выклікі перад майстрамі слова, пра свае літаратурныя табу і грахі, мары і спакусы? Адказы на анкету – гэта не толькі міні-партрэты выбітных творцаў, але і своеасаблівае люстэрка духу нашай арганізацыі. 

Твор

Які чорт усаджвае вас за пісьмовы стол? Ці ёсць на ім нейкі амулет ці татэм? Ці маеце свой стартавы рытуал?

Чорт гэта штосьці без складу і ладу, чорт – гэта жыццё, вельмі часта. А за стол запрашае нешта кардынальна іншае. Гэта пэўная чыстая яснасць у галаве. Спакой, лёгкі сум, нетутэйшасць.

Калі працую з паэзіяй, пішу ад рукі. Абсалютна не ўяўляю, як пісаць вершы на кампе. Перакладаю вершы часцяком таксама на паперу: алоўкам пішу ў кнізе, між радкамі ці на палёх. Часта ў мяне ёсць некалькі экзэмпляраў кнігі. Адна, мурзатая, размаляваная – для перакладаў, другая – для чытання. 

Прырода вашага творчага штуршка, азарэння? Вам больш дапамагаюць нататнікі – ці памяць, жыццёвыя калізіі?

Я не надта, па шчырасці, уяўляю гэтую «прыроду», нягледзячы на дзясяткі прачытаных па сабжы кніг. Мне хочацца пакідаць для творчасці такую сабе «дзіцячую пляцоўку для цуду». Творчасці і дзяцінству наогул вельмі камфортна разам: ты проста ўвесь час робіш інтуітыўныя адкрыцці, вынаходзіш ровар. А як дзіцю без ровара? Цяжка, па сабе ведаю.

Функцыя нататніка для мяне дагэтуль мала зразумелая. То бок я складаю туды часам нейкія забаўноты, радкі, метафары, але ніколі гэтым не карыстаюся, бо, калі ты пішаш, ты адключаешся ад усіх нататнікаў і людзей і проста ляціш у камунікацыйную трубу сваёй рэфлексіі, акумулюючы, бывае, такія ўспаміны, пра якія ўжо і думаць забыў. Памяць у мяне добрая, хоць я рэдка ёю карыстаюся, бо жыву ў будучыні, часам вяртаючыся ў сёння. Мінулым не жыву. Мінулае для мяне хутчэй паэтычны прыём.

Калі б вашыя сны мелі тэкставы варыянт, пра што і які быў бы гэты твор?

Я думаю, штосьці падобнае рабіў Джон Кейдж у «4’33». Мне не сняцца сны.

Якую кнігу з сусветнай (ці беларускай) літаратуры вы закрылі б назаўсёды, каб ніхто яе больш не чытаў?

Гэта кніга называецца смартфон. Было б забаўна паглядзець на рэакцыю.

Які ваш найвялікшы пісьменніцкі грэх? Якое табу ў літаратуры вы парушалі або марыце парушыць?

Мала пішу. Таму жыву сярод табу і адчуваю сябе баксёрскай грушай.

Творцы

Хто найбольш паўплываў на ваш літаратурны стыль? З кім звяраецеся? Чые імпульсы чуеце найлепш?

З беларускіх тэкставікоў – Стральцоў і Быкаў, Разанаў, Васючэнка, Акудовіч, Арлоў, Галубовіч, Бабкоў, Дубавец, Сін, Бахарэвіч, у 1990-х і пачатку 2000-х – газеты «Наша Ніва», «Музычная газета», «Навінкі», часопісы «Студэнцкая думка», «Nihil» і «Крыніца».

Ці просіце кагосьці прачытаць напісанае яшчэ да здачы рукапісу ў працу?

Усё радзей і радзей такое бывае, што цябе рэдагуюць, але цаню кожную спробу. Да правак стаўлюся хварабліва адказна, але, як правіла, усё прымаю. Людзям лацвей бачыць бязладдзе, яны ў жыцці жывуць, а ты недзе ў эмпірэях.

Калі б вам прапанавалі спірытычны сеанс з прывідам аднаго пісьменніка – хто б гэта быў і што хацелі б уведаць ад яго?

Дзеля праўды, гэта быў бы непісьменнік Мірык Лазоўскі. Проста пабалакаць ды паржаць, як у старыя добрыя часы. Пагэтуль не магу прывыкнуць да яго адсутнасці.

Ваш ТОП-спіс літаратараў – сябраў Беларускага ПЭНа?

Здаецца, уверсе я назваў некалькі прозвішчаў.

Каго і што чыталі апошнім часам?

Калі сёлета, то прачытаў новы раман Алены Казловай, кнігу Паўла Анціпава, кнігу мініяцюр «Папяровы голем» Бахарэвіча, «Аўтабяіграфію» Бебы Эпштэйн, выдатны пераклад Кульвінскайце (дзякуй, Сюзанна!), перачытваў «Вандроўкі па Вільні» Луцкевіча, чытаў дзённікі Марцінайціса 1970-х, першы том «Люду беларускага» Міхала Федароўскага, нейкія яшчэ манаграфіі, каталогі, даведнікі, альбомы. Усё і не ўспомніш. А, таксама дачытаў класічны раман Мікалайціса-Пуцінаса «У прыцемку алтароў».

Творчасць

У якім самым дзіўным месцы вас калісьці напаткала творчае натхненне?

Мы ўсе жывём у дзіўным месцы і часе, таму што тут ужо здзіўляцца натхненню, голаду, сытасці.

Што вы лічыце самым вялікім літаратурным міфам?

Што можна проста пісаць і ўсё будзе добра. Неа, не будзе. Ні ў мяне, ні ў цябе, ні ў маім ці тваім літаратурным лёсе.

Фінал якой сакральнай кніжкі беларускай літаратуры вам карціць перапісаць?

Шчыра кажучы, з фіналамі кніг у нас проста катастрофа. Якую кнігу ні вазьмі, канцоўку дакруціць не могуць. І так ад прадзедаў спакон вякоў і аж да сённяшняй эпохі бесканфліктнасці.

Якое пытанне хочаце пачуць ад чытачоў, але яно пакуль не прагучала?

«Вы габрэй?»

Ці верыце вы, што словам можна змяніць беларускі свет?

Тут як бы кантрадыкцыя ін ад’екта. Беларускі свет гэта і ёсць слова. Па-за ім ён не існуе. Таму змяняй не змяняй – слова будзе жыць. Яму наогул збольшага напляваць на ўсё, апрача сябе.


Чытаць іншыя анкеты:

Ганна Янкута: Грэх як нешта наўмысна зробленае насуперак – чужы для мяне панятак

Святлана Курс: Сорам і віна – гэта нашыя два павадыры, не правадыры

Артур Камароўскі: Для мяне сакральная кніжка – «Новая Зямля»


Ціхан Чарнякевіч – крытык, гісторык літаратуры, літаратар.

Прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, рэдактар сайта bellit.info, каардынатар Школы маладога пісьменніка. Аўтар нарыса «Вандроўнік: кніга пра паэта Уладзіміра Някляева», укладальнік і каментатар кніг «Максім Багдановіч: вядомы і невядомы» і «Лявон Савёнак „Творы“», аўтар дзясяткаў артыкулаў.