
Анкета Беларускага ПЭНа
Што думаюць пісьменнікі пра асобныя грані творчага працэсу, новыя выклікі перад майстрамі слова, пра свае літаратурныя табу і грахі, мары і спакусы? Адказы на анкету – гэта не толькі міні-партрэты выбітных творцаў, але і своеасаблівае люстэрка духу нашай арганізацыі.
Твор
Які чорт усаджвае вас за пісьмовы стол? Ці ёсць на ім нейкі амулет ці татэм? Ці маеце свой стартавы рытуал?
Жаданне расказаць гісторыю, якая захапіла. Сфармуляваць нешта, што здаецца важным. Ухапіць тое, што вісіць у паветры. Нешта зразумець: чаму ўсё так, а не іначай? На маім стале – вялізная колькасць нататак, а на камп’ютары – электронных выданняў, сфатаграфаваных старонак, кніг, якія мне адсканавалі і даслалі з Беларусі. Цяпер сваю бібліятэку даводзіцца вазіць з сабой. А стартавы рытуал – сесці за стол і пачаць пісаць. Нават калі ў галаве пуста, можна пачаць з перачытвання ўжо напісанага, і тады яно пойдзе само. У мяне цяпер вельмі мала вольнага часу, каб пісаць, таму трэба проста браць і выкарыстоўваць тыя моманты, што ёсць.
Прырода вашага творчага штуршка, азарэння? Вам больш дапамагаюць нататнікі – ці памяць, жыццёвыя калізіі?
Мяне штурхае тое, што выклікае захапленне: тады я проста абавязаная расказаць пра гэта свету. А каб расказаць, трэба ведаць, таму пісанне вымагае вялікай падрыхтоўкі: я чытаю шмат кніг, артыкулаў і іншага па тэме. І раблю шмат нататак: на тэлефоне, камп’ютары, паперы. Але калі пішу пра сябе, многае даводзіцца рэканструяваць з памяці – з гэтым дапамагаюць фотаздымкі. Напрыклад, калі я была ў Аргентыне, то шмат фатаграфавала – і часам пасля заўважала на здымках незаўважаныя раней важныя дробязі.
Калі б вашыя сны мелі тэкставы варыянт, пра што і які быў бы гэты твор?
Як на мяне, няма ў літаратуры нічога нуднейшага за апісанне сноў. Твор паводле маіх сноў быў бы нечытэльны.
Якую кнігу з сусветнай (ці беларускай) літаратуры вы закрылі б назаўсёды, каб ніхто яе больш не чытаў?
Па шчырасці, не ведаю, што на гэтае пытанне адказаць. Ніколі не бачыла сябе ў ролі цэнзара.
Які ваш найвялікшы пісьменніцкі грэх? Якое табу ў літаратуры вы парушалі або марыце парушыць?
Не ўпэўненая, што ў літаратуры засталіся табу, якія яшчэ не парушаныя. Я ў гэтым плане, напэўна, нічога новага не зраблю. Табу – увогуле не тое, што мяне цікавіць, я не стаўлю перад сабой мэты іх парушаць. І слова «грэх» не магу са сваёй працай суаднесці. Грэх як нешта наўмысна зробленае насуперак – чужы для мяне панятак. Вядома, пастфактум я бачу памылкі ў кнігах, якія напісала, але мне здаецца, гэта не пра грэх, а хутчэй пра непазбежную змену перспектывы.
Творцы
Хто найбольш паўплываў на ваш літаратурны стыль? З кім звяраецеся? Чые імпульсы чуеце найлепш?
Я чытала і чытаю вельмі шмат, таму, напэўна, не ўсе ўплывы заўважаю – магчыма, на мяне ўплывае ўся сукупнасць кніг, якія я прачытала. Асобна хачу згадаць польскую пісьменніцу-рэпартажыстку Малгажату Шэйнэрт – у нейкі момант мне трапіла ў рукі яе кніга «Дом чарапахі. Занзібар», і з таго часу я прачытала яшчэ чатыры ці пяць яе кніг. Не ўсе зрабілі на мяне аднолькавае ўражанне, але яе падыходы да працы з матэрыялам, які яна знаходзіць і ў архівах, і «ў полі» як журналістка, сам яе стыль вельмі моцна на мяне паўплывалі, у нейкім сэнсе я ў яе вучуся. Яшчэ Вольга Такарчук – яе праца з кампазіцыяй, тое, як яна выбудоўвае аповед, часам з аскепкаў розных гісторый, як у кнізе «Bieguni», тое, якія мастацкія сродкі выбірае. Увогуле, мне здаецца, што на прозу я гляджу з літаратуразнаўчага гледзішча: мне цікава, што і як у ёй працуе. У розных аўтараў і аўтарак можна «падглядаць», як зробленыя розныя дэталькі гэтага механізму. Напрыклад, калі я перакладала «Нармальных людзей» Салі Руні, мне было цікава, як яна выбудоўвае дыялогі. Калі рэдагавала беларускі пераклад першай кнігі Джаан Роўлінг пра Гары Потэра, які зрабіла Алена Пятровіч, глядзела, як аўтарка стварае свой свет. Гэты спіс можа быць бясконцым.
Ці просіце кагосьці прачытаць напісанае яшчэ да здачы рукапісу ў працу?
Абавязкова прашу, і не аднаго чалавека. Прашу тых, каго лічу аўтарытэтнымі ў тэмах, што закранаюцца ў тэксце (напрыклад, кнігу «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль» пра мінскі Батанічны сад чыталі яго супрацоўніцы); прашу людзей, якія маюць да кнігі нейкае дачыненне – як І., К. і В. у «Часе пустазелля»; прашу сяброў – тых, хто пагодзіцца. Часам мне прапануюць праўкі, бывае, што я іх уношу, бывае, што не. Але лічу, што абмеркаванне тэксту з бэта-рыдарамі да здачы рукапісу дапамагае яго палепшыць.
Калі б вам прапанавалі спірытычны сеанс з прывідам аднаго пісьменніка – хто б гэта быў і што хацелі б уведаць ад яго?
Я цяпер займаюся гісторыяй Карласа Шэрмана, перадусім тым перыядам, калі ён жыў ва Уругваі і Аргентыне, і многае ў яго біяграфіі застаецца для мяне загадкай. Калі б магла – спытала б, хоць хто ведае, ці пачула б праўду ў адказ. Было б цікава даведацца, у якім годзе яго бацькі прыехалі ў Паўднёвую Амерыку, дзе ён вучыўся пасля таго, як пасля трэцяга года перавёўся з каледжа Марыяна Марэна ў Буэнас-Айрэсе, пры якім тэатры хадзіў у студыю, на якой мове прынёс бацьку ў аргентынскую турму раман Жоржы Амаду «Какава». Ці бачыў ён гару Аканкагуа, пра якую пісаў у эсэ пра аргентынскага пісьменніка Арманда Тэхада Гомэса. І – галоўнае – чаму прыдумаў сабе маці-ўругвайку? Зрэшты, наконт апошняга здагадкі ў мяне ёсць, вось толькі наўрад ці калі-небудзь атрымаецца іх на сто працэнтаў пацвердзіць.
Ваш ТОП-спіс літаратараў – сябраў Беларускага ПЭНа?
Мне не хацелася б дзяліць беларускіх літаратараў паводле іх прыналежнасці да пісьменніцкай арганізацыі, як і паводле любой іншай прыкметы. Лепш я адразу перайду да наступнага пытання – пра кнігі, якія апошнім часам прачытала.
Каго і што чыталі апошнім часам?
Новы раман Анкі Упалы «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» – вельмі падабаецца яе стыль і інтанацыя, яшчэ з папярэдняй кнігі, «На заснежаны востраў». Вельмі чакала гэтую кнігу, чытаць яе было вялікай радасцю і асалодай. «Падарожжы Беньяміна III» Мэндэлэ Мойхер-Сфорыма ў перакладзе Паўла Касцюкевіча – выдатная кніга, адкрыла для мяне свет літаратуры, пра які я нічога не ведала. Гэта габрэйская літаратура, якая ў XIX стагоддзі пісалася на беларускіх землях не толькі на ідышы, але і на іўрыце. І (гэта ўжо не мае дачынення да беларускай літаратуры, прынамсі, пакуль) раманы Жоржы Амаду ў перакладзе на розныя мовы (бо партугальскай я не ведаю) – каб падрыхтавацца да падарожжа ў Бразілію.
Творчасць
У якім самым дзіўным месцы вас калісьці напаткала творчае натхненне?
Значную частак нататак, з якіх потым вырасла кніга «Час пустазелля», напісаная, пакуль я падымалася ці спускалася па прыступках да свайго тагачаснага жытла. Гэта быў вельмі высокі пяты паверх (без ліфта), часу хапала. У кнізе ёсць некалькі апісанняў гэтых пад’ёмаў – абшарпаныя сцены, насякомыя, якія залятаюць у дом, перагарэлая лямпачка. Але гэта, мабыць, не пра натхненне, а хутчэй, пра тое, што ў мяне амаль не было вольнага часу і я пісала тады, калі знаходзіла нейкія яго крыхі.
Што вы лічыце самым вялікім літаратурным міфам?
Ідэю нацыянальнага адраджэння. Яго не можа быць, бо нельга вярнуцца ў нейкі момант мінулага і сказаць: вось тут добра, трэба гэты час адрадзіць. Такога часу не было. Магчыма, якраз пісьменнікі гэты міф і ўмацавалі. Напрыклад, Караткевіч, які прыдумаў прыемнае (прымальнае) для нас мінулае. Трэба ўсё ствараць – і нават слова «нанова» будзе тут недарэчным, бо шмат чаго трэба ствараць упершыню. Безумоўна, з апорай на тое, што ёсць і што было, бо іначай у гэта будзе немагчыма паверыць. Неабходна вяртаць з мінулага праўду, імёны, гісторыі, а не вяртацца туды самім.
Фінал якой сакральнай кніжкі беларускай літаратуры вам карціць перапісаць?
Калі прыбраць з пытання слова «сакральная», то з таго, што я нядаўна чытала, я хацела б іншага фіналу ад бліскучага рамана Зараславы Камінскай «Па-той-бок». Я не лічу, што той фінал, які ёсць, кепскі, я разумею, навошта ён патрэбны і чаму менавіта такі, як ёсць, але як чытачцы, якая занурылася ў кнігу з галавой, мне хацелася б яшчэ нейкага цуду. Перапісаць кнігу не карціць, хочацца трапіць у яе яшчэ раз – і выйсці па той бок.
Якое пытанне хочаце пачуць ад чытачоў, але яно пакуль не прагучала?
Напэўна, я нічога не чакаю ад чытачоў, мне здаецца, сувязь аўтар(ка) – чытач(ка) не пра гэта. Але я вельмі цешуся, калі пытанні задаюць, калі кнігі чытаюць і даюць на іх водгук. І я сама люблю задаваць іншым аўтарам і аўтаркам пытанні, калі надараецца такая магчымасць. Часцей за ўсё – у прыватных размовах ці на прэзентацыях.
Ці верыце вы, што словам можна змяніць беларускі свет?
Я ўпэўненая, што слова – гэта адзін з нямногіх спосабаў яго змяніць. Магчыма, адзіны. Я маю тут на ўвазе «слова» ў шырокім сэнсе – гэта не толькі пра літаратуру, але і пра навуку, мастацтва, журналістыку. Мне здаецца, для гэтага трэба перадусім разумець, што і дзеля чаго ты нешта робіш, напрыклад, пішаш. Як гэта ўзаемадзейнічае з прасторай, уплывае на яе. Змены – гэта павольны працэс, і менавіта са слова ён пачынаецца.
Чытаць іншыя анкеты:
Святлана Курс: Сорам і віна – гэта нашыя два павадыры, не правадыры
Артур Камароўскі: Для мяне сакральная кніжка – «Новая Зямля»
Сяргей Дубавец: «На спірытычным сеансе Купала дакладна адказаў нам, хто яго забіў. Гэта…»
Ганна Янкута – беларуская пісьменніца, перакладчыца, даследчыца беларускай і англамоўнай літаратуры.
Аўтарка кнігі «Час пустазелля», зборніка «Канстытуцыя» – паэтычнага праекта на палях беларускага закона, а таксама твораў для дзяцей, у тым ліку серыі пра ката Шпрота і аповесці «Марта і яе мара пра снег». Цяпер піша нататкі пра беларускія гісторыі ў Аргентыне.