
Анкета Беларускага ПЭНа
Што думаюць пісьменнікі пра асобныя грані творчага працэсу, новыя выклікі перад майстрамі слова, пра свае літаратурныя табу і грахі, мары і спакусы? Адказы на анкету – гэта не толькі міні-партрэты выбітных творцаў, але і своеасаблівае люстэрка духу нашай арганізацыі.
Твор
Які чорт усаджвае вас за пісьмовы стол? Ці ёсць на ім нейкі амулет ці татэм? Ці маеце свой стартавы рытуал?
Я сядаю за пісанне пры дзвюх умовах: 1) калі надыходзіць стан «гаршчэчак, не вары», калі каша зносіць мне накрыўку; 2) калі ёсць нейкае абавязанне перад кімсьці, каго паважаю.
Калі няма адной з гэтых умоваў – я пісаць не магу, проста жыву, гэта для мяне найлепшае. Магчыма, я нездаровая псіхічна – чула, пры некаторых псіхічных разладах чалавек любіць свой дом, сваю руціну, не мае імкненняў і не развіваецца.
Прырода вашага творчага штуршка, азарэння? Вам больш дапамагаюць нататнікі – ці памяць, жыццёвыя калізіі?
Нататнікі! Я ўношу ў іх усё: рэдкія словы, выразы жывых і мёртвых людзей, тапаніміку, факты, імёны… Ну, і жыццёвыя калізіі. Нататнік літаратара – сусвет у зародку.
Калі б вашыя сны мелі тэкставы варыянт, пра што і які быў бы гэты твор?
Пра кашмар штодзённасці, грахі, якія пакідаюць доўгія цені, пра тое, што сорам і віна – гэта нашыя два павадыры. Толькі павадыры, не правадыры. Яны ўказваюць, куды не ісці і чаго не рабіць. А вось куды ісці і што рабіць – ты сам(а) вырашаеш. І пра тое, што не трэба недаацэньваць і пераацэньваць іншых людзей у нашым жыцці. У кожнага свая казка.
Якую кнігу з сусветнай (ці беларускай) літаратуры вы закрылі б назаўсёды, каб ніхто яе больш не чытаў?
Ніякую. Трэш памірае сам. Я часта адведваю кнігаабменныя шафкі і дуплы ў парках. Там мноства трупікаў кніжак. Гэта надае пакоры і матывацыі не пісаць абы-чаго, не множыць трэшу.
Які ваш найвялікшы пісьменніцкі грэх? Якое табу ў літаратуры вы парушалі або марыце парушыць?
У мяне ёсць выпадак прамога плагіяту. Не скажу дзе – вельмі даўно было. Мне сорамна, я болей гэтага не паўтарала. Але каяцца не буду – гэты жанр для мяне не актуальны.
Творцы
Хто найбольш паўплываў на ваш літаратурны стыль? З кім звяраецеся? Чые імпульсы чуеце найлепш?
Гілберт Кійт Чэстэртан.
Ці просіце кагосьці прачытаць напісанае яшчэ да здачы рукапісу ў працу?
Не, я маці-зязюля. Аддаю тэкст літаратурным апекунам і кажу: можаце даць жыццё, можаце ў кош выкінуць. Я не магу апекавацца сваімі кнігамі, прамаваць іх, пісаць рэкламкі і суправаджальныя тэксты. Прычыны не важныя – проста не магу.
Калі б вам прапанавалі спірытычны сеанс з прывідам аднаго пісьменніка – хто б гэта быў і што хацелі б уведаць ад яго?
Я маю адчуванне, што кніг, дзённікаў і нататнікаў дастаткова. Няхай іхныя душы лунаюць, дзе хочуць, навошта іх валачы сюды. У мяне нядаўна быў, відаць, сардэчны прыступ – я ішла з кірмаша з торбамі, сэрца спачатку затахкала, потым замарудзілася, ногі абцяжэлі, а ў вачах сцямнела. Заміж таго, каб спалохацца, я падумала як Берліёз: «Няўжо?!» – і абрадавалася: ну і чорт з вамі, абрыдла ўсё.
Дык ці хочуць душы, каб іх цяглі за спірытычны стол і задавалі нудныя пытанні?
Ваш ТОП-спіс літаратараў – сябраў Беларускага ПЭНа?
«Не скажу з прынцыпу»!
Каго і што чыталі апошнім часам?
Генрыха Кіршбаўма, Андрэя Хадановіча, Паўла Анціпава, Біблію, лісты мёртвых польскіх афіцэраў, фэйсбук і твітар (апошняе для мяне зусім не страта часу і не смецце, а жывое чалавечае разнатраўе і калектыўная жывая кніга – гэта магчымасць, даступная раней толькі Госпаду, дзякуй Яму).
Творчасць
У якім самым дзіўным месцы вас калісьці напаткала творчае натхненне?
Пад мостам Шлёнска-Дуброўскім у Варшаве, улетку. Я паглядзела з-пад яго ўгару і ўбачыла, як хвалюецца трава на яго адхонах, а ў ёй купаецца сонца.
Што вы лічыце самым вялікім літаратурным міфам?
У гэтым рамястве няма міфаў і таямніц. Гэта як нараджэнне. Ты або можаш, або не можаш.
Фінал якой сакральнай кніжкі беларускай літаратуры вам карціць перапісаць?
Я б хацела, каб Яўхім Корч перажыў катарсіс, пераадолеў у сабе свайго бацьку. І не дзеля Ганны, а дзеля сябе.
Якое пытанне хочаце пачуць ад чытачоў, але яно пакуль не прагучала?
Чытачы пазадавалі мне ўсе магчымыя пытанні. Можа, яшчэ здзівяць.
Ці верыце вы, што словам можна змяніць беларускі свет?
Веру, бо гэта факт.
Чытаць іншыя анкеты:
Артур Камароўскі: Для мяне сакральная кніжка – «Новая Зямля»
Аляксандр Лукашук: «Літаратура мяняе толькі мінулае»
Сяргей Дубавец: «На спірытычным сеансе Купала дакладна адказаў нам, хто яго забіў. Гэта…»
Святлана Курс – беларуская пісьменніца, перакладчыца, рэдактарка, журналістка. Працавала ў «Нашай Ніве» і «Еўрарадыё». Была галоўнай рэдактаркай часопіса Беларускага Хельсінкскага камітэта «Чалавек».
Пад псеўданімам Ева Вежнавец выдала дзве кнігі – «Шлях дробнай сволачы» і «Па што ідзеш, воўча?». За апошнюю была ўганараваная прэміяй Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове.