
Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік заняткаў у новым сезоне.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Апошняя сустрэча Перакладчыцкай Майстэрні была прысвечана амерыканскаму набелісту Джону Стэйнбеку (1902-1968) і яго раману «На ўсход ад Эдэма». Найбольш вядомым у свеце раманам пісьменніка лічацца яго славутыя «Гронкі гневу» (1939), перакладзеныя, дарэчы, на беларускую мову Сямёнам Дорскім, апублікаваныя ў 1993 годзе ў серыі «Скарбы сусветнай літаратуры» і даступныя ў сеціве. Але сам аўтар вяршыняй сваёй творчасці лічыў менавіта «На ўсход ад Эдэма» (1952), вялікае філасофскае палатно, натхнёнае біблейскімі матывамі. Ужо сваёй назвай твор адсылае нас да сюжэта пра забойства Каінам брата Авеля: «І пайшоў Каін ад аблічча Гасподняга і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэма» (Быццё 4:16, пераклад Васіля Сёмухі).
У якасці запрошанай эксперткі выступіла літаратарка Ганна Янкута, вядомая як паэтка, аўтарка дзіцячай і дарослай прозы, але таксама як перакладчыца паэзіі і прозы з розных моваў, напрыклад, «Пыхі і перадузятасці» культавай Джэйн Остэн, а таксама вершаў геніяльнага польскага паэта Баляслава Лесьмяна (нядаўні пераклад яго «Пана Блішчыньскага» Ганна апублікавала на «Таўбіне»).
Ганна Янкута – пісьменніца, перакладчыца, даследчыца беларускай і англамоўнай літаратуры.
Аўтарка кнігі «Час пустазелля», зборніка «Канстытуцыя» – паэтычнага праекта на палях беларускага закона, а таксама твораў для дзяцей, у тым ліку серыі пра ката Шпрота і аповесці «Марта і яе мара пра снег». Пераклала на беларускую мову творы Джэйн Остэн, Чарльза Дыкенса, Кадзуа Ісігура, Салі Руні, а таксама паэзію Джона Кітса, Эдгара Алана По і іншых вядомых аўтараў.
Дзве перакладчыцы паказалі два розныя фрагменты рамана, часткі першага і другога яго раздзелаў, а экспертка выказала ім – і ўсім удзельнікам і ўдзельніцам Майстэрні – свае парады, натхнёныя ўдачамі і хібамі прадстаўленых на абмеркаванне перакладаў. Вось жа, Ганна Янкута параіла:
- Пераправяраць геаграфічныя назвы: як яны чытаюцца і ці ёсць ужо нейкая традыцыя іх перадачы па-беларуску.
- Перабудоўваць некаторыя дзеяслоўныя канструкцыі. Напрыклад, у ангельскай (дарэчы, і ў польскай таксама) мове выкарыстоўваецца шмат пасіўных канструкцый, якія па-беларуску ў многіх выпадках лепш перакладаць дзеясловамі актыўнага стану. Таксама ў ангельскай мадальныя дзеясловы выкарыстоўваюцца нашмат часцей, чым у беларускай, таму ў перакладзе часта (але не заўсёды!) іх можна апусціць.
- Сачыць за аднастайнасцю: калі ў тэксце некалькі разоў згадваецца адзін і той жа канкрэтны прадмет/паняцце (напрыклад, назва расліны, прадмета адзення і інш.), ён мусіць быць перакладзена аднолькава. Прыклад з мінулай сустрэчы: «live oaks» спачатку перакладаюцца як «разгалістыя дубы», а праз некалькі абзацаў – «віргінскія дубы». Варыянт рашэння: першы раз напісаць «віргінскія дубы», а пазней, калі чытачы ўжо ведаюць, пра што гаворка, можна пісаць проста «дубы».
- Сачыць, каб у сказе не было паўтораў (асабліва гэта тычыцца «непрыкметнага» дзеяслова «быць» у розных формах), калі толькі гэта не спецыяльны прыём ці паралельная канструкцыя.
- Давяраць аўтару: не дадаваць ад сябе таго, чаго няма ў тэксце, і не прыбіраць тое, што там ёсць. Выключэнне: ідыёмы, слоўныя гульні і жарты, якія ў розных мовах будуць розныя, а таксама складаныя і незразумелыя чытачу рэаліі, якія вы лічыце важным раскрыць крыху шырэй, каб іх зразумелі.

Першы разгледжаны на сустрэчы фрагмент (кавалак з першага раздзела рамана) уяўляе сабой бліскучае апісанне каліфарнійскай прыроды. Стэйнбек змог напоўніцу паказаць свой «нобелеўскі» клас – і сур’ёзнае выпрабаванне чакала б тут абсалютна любога перакладчыка. Тут патрэбныя і вынаходлівасць, і інтуіцыя, і, магчыма, перадусім свайго роду эмпатыя, пэўны давер да «свайго» аўтара. Пабачыць і ацаніць закладзеную ў арыгінале прыгажосць, і не спрабаваць нешта перапісаць без дай прычыны. Мы ўжо некалькі разоў на занятках раілі не злоўжываць дадаваннем чагосьці ад сябе, калі гэта не выклікана нейкай сур’ёзнай патрэбай. «Калі ёсць магчымасць перакласці тэкст дакладна, – заўважыла наша экспертка, – ёй варта скарыстацца».
Арыгінал: “The memory of odors is very rich”.
Пераклад, было: “Памяць на пахі вельмі моцная і разнастайная”.
Не зусім зразумела, чаму нашая перакладчыца не захацела жыўцом захаваць эпітэт «багатая» – слова, якое ў розных сваіх сэнсах адпавядае ангелькаму rich. У выніку на месцы аднаго кароткага слова ў перакладзе з’явіліся два, доўгія і не надта тут дарэчныя.
Прапанова: “Памяць на пахі вельмі багатая”.
Экспертка неаднаразова выказала думку, што перакладаць варта па магчымасці бліжэй да тэксту, а таксама пазбягаць непатрэбных паўтораў і заўсёды ўдакладняць узус словаў.
Арыгінал: “It is a long narrow swale between two ranges of mountains, and the Salinas River winds and twists up the center until it falls at last into Monterey Bay”.
Пераклад, было: “Гэта балоцістая багна цягнецца паміж двума горнымі хрыбтамі, і рака Салінас кружляе і выгінаецца пасярэдзіне, пакуль урэшце не знікае ў Мантэрэйскай затоцы”.
«Балоцістая багна» мала чым розніцца ад «масла маслянага», а рэкі не «знікаюць» у затоках, а хутчэй у іх «упадаюць».
Прапанова: “Гэта доўгая вузкая нізіна паміж двума горнымі хрыбтамі, і ў яе сярэдзіне пятляе і выгінаецца рака Салінас, пакуль урэшце не ўпадае ў затоку Мантэрэй”.
Экспертка параіла перакладчыцы пазбягаць моўных калек, а таксама, пры неабходнасці, смела мяняць у перакладзе мадальнасць. Калі ёсць магчымасць, не ўскладняць канструкцыі і заўсёды сачыць за часам дзеяслова.
Арыгінал: “I remember my childhood names for grasses and secret flowers. I remember where a toad may live and what time the birds awaken in the summer—and what trees and seasons smelled like—how people looked and walked and smelled even”.
Пераклад, было: “Я памятаю назвы, якія даваў у дзяцінстве травам і таямнічым кветкам. Я памятаю, дзе маглі жыць жабы, а каторай гадзіне прачынаюцца ўлетку птушкі, як пахнуць дрэвы і сезоны года, нават які выгляд маюць людзі і як ходзяць, ці нават пахнуць”.
Па-першае, калі ўжо апавядальнік згадвае мінулае, то і дзеясловы лепей ужываць у мінулым часе. Па-другое, у нашым канкрэтным сказе варта пазбегнуць паўтора слова «пахнуць». Па-трэцяе, сумнеўна выглядае словазлучэнне «сезоны года» – часткова калькаванае, а часткова перакладзенае слова seasons, вынік атрымаўся таўталагічным і не вельмі зграбным.
Прапанова: “Я памятаю назвы, якія даваў у дзяцінстве травам і таямнічым кветкам. Памятаю, дзе жылі жабы, а каторай гадзіне прачыналіся ўлетку птушкі, які водар мелі дрэвы і поры года, як выглядалі, хадзілі і нават пахлі людзі”.
Варта сачыць як за дакладнасцю перакладу, так і за тым, каб у сказе не было паўтораў.
Арыгінал: “The tules and grasses grew back, and willows straightened up with the flood debris in their upper branches”.
Пераклад, было: “Чарот і травы сохлі, вербы раскідалі галлё, а на іх верхніх галінах заставалася наліплае смецце ад паводкі”.
Сэнс у перакладчыцы (што да «чароту і траваў») памяняўся роўна на супрацьлеглы, да таго ж не зусім зразумелае з’яўленне побач адкакарэнных «галля» і «галін».
Прапанова: “Зноў вырасталі чарот і травы, і выпростваліся вербы з наліплым на верхніх галінах смеццем ад паводкі”.
Далей разбіраўся фрагмент другога разделу рамана, пра Сэмюэля і Лізу Гамільтанаў. Задача для другой перакладчыцы, з аднаго боку, крыху спрасцілася, бо тэкст зрабіўся трохі дынамічнейшым, паменела вялікіх віртуозных апісанняў. З іншага боку, з’явілася тонкая аўтарская іронія, якую трэба заўважыць і захаваць, не перабольшыўшы з экспрэсіяй.
Калегі па Майстэрні хвалілі перакладчыцу за лексічную вынаходлівасць, асабліва адзначылі кампліментамі ўдала знойдзенае ў перакладзе слова «няўдобіца».
Арыгінал: “When Samuel and Liza came to the Salinas Valley all the level land was taken, the rich bottoms, the little fertile creases in the hills, the forests, but there was still marginal land to be homesteaded, and in the barren hills, to the east of what is now King City, Samuel Hamilton homesteaded”.
Пераклад: “Калі Сэмюэль і Ліза прыехалі ў даліну Салінас, усе раўнінныя землі, урадлівыя нізіны, лагчынкі між пагоркамі і лясы былі занятыя. Але яшчэ заставалася няўдобіца — і на бясплодным узвышшы, на ўсход ад сучаснага Кінг–Сіці, пасяліўся Сэмюэль Гамільтан”.
Разам з тым, былі выказаныя некаторыя заўвагі, напрыклад, да самага першага сказа.
Арыгінал: “I must depend on hearsay, on old photographs, on stories told, and on memories which are hazy and mixed with fable in trying to tell you about the Hamiltons”.
Пераклад, было: “Спрабуючы расказаць Вам пра Гамільтанаў, я мушу спадзявацца на чуткі, старыя фотаздымкі, аповеды і ўспаміны, асмужаныя і зблытаныя з небыліцамі”.
У цэлым перакладчыца вельмі ўдала трансфармавала сінтаксіс, перабудавала арыгінальны сказ – і ён натуральна загучаў па-беларуску, так што заўвагі тычыліся толькі драбнічак, але іх было даволі шмат. «Спрабуючы расказаць» – усё-ткі калькаванае trying to tell, тады як па-нашаму ідэю спробы можна выразіць прасцей. На чуткі, успаміны і гэтак далей хутчэй «пакладаюцца», чым «спадзяюцца». Вялікая літара ў слове «Вам» сведчыць пра паважлівае стаўленне да аднаго чалавека, да якога ветліва звяртаюцца на «вы», калі ж слухачоў некалькі ці шмат, вялікая літара непатрэбная. І нарэшце, не кожнае слова – нават само па сабе вельмі адметнае і прыгожае, як, напрыклад, «асмужанае» – пасуе да кантэксту.
Прапанова: “Каб расказаць вам пра Гамільтанаў, я мушу пакласціся на чуткі, старыя фотаздымкі, аповеды і ўспаміны, туманныя і зблытаныя з небыліцамі”.
Часам два аднакарэнныя словы, ужытыя ў арыгінале, трохі больш розняцца між сабой, чым тыя ж словы ў перакладзе, таму па-беларуску трохі ўзмацняецца адчуванне таўталогіі, як у наступным фрагменце. Трохі аслабіць яго можна, перабудаваўшы сказ і ператварыўшы адзін з назоўнікаў у прыметнік.
Арыгінал: “And of course they were descended from the ancient kings of Ireland, as every Irishman is”.
Пераклад, было: “І, вядома, яны былі з роду старажытных каралёў Ірландыі, як і ўсе ірландцы”.
Прапанова: “І, вядома, яны, як і ўсе ірландцы, былі з роду старажытных ірландскіх каралёў”.
Часам (што праўда, даволі рэдка) беларускае слова ў перакладзе ўжываецца ў не зусім уласцівым для яго сэнсе.
Арыгінал: “He came to the Salinas Valley full-blown and hearty, full of inventions and energy. His eyes were very blue, and when he was tired one of them wandered outward a little”.
Пераклад, было: “Ён прыехаў у даліну поўным клёку, поўным вынаходак і энергіі. У яго былі ярка-блакітныя вочы, і, калі ён стамляўся, адно з іх крыху касавурыла”.
У беларускіх слоўніках зрэдчас сустракаецца «клёк» у сэнсе «жыццёвыя сілы», але ўсё-ткі нашмат часцей – як сіномім да слова «розум». Трохі стылістычна бянтэжыць у перакладзе і выраз «адно з іх» (пра вочы).
Прапанова: “Ён прыехаў у даліну Салінас поўны сіл і імпэту, ідэяў і энергіі. Вочы ў яго былі блакітныя-блакітныя, а калі ён стамляўся, адно вока трошачкі касавурыла”.
Часам у арыгінале сустракаецца гульня словаў, як у наступным фрагменце з двума аднакарэннымі словамі супрацьлеглага сэнсу.
Арыгінал: “But whether it was too successful love or whether he left in pique at unsuccessful love, I do not know”.
Пераклад, было: “Але ці было гэта надта надзейнае каханне, ці ён сышоў у згрызоце ад безнадзейнасці, я не ведаю”.
Перакладчыца сумленна паспрабавала захаваць гульню і ўжыць для яе два аднакарэнныя супрацьлеглыя словы на месцы пары successful love / unsuccessful love. Вось толькі ў выніку цалкам змяніўся сэнс першай паловы сказа, бо гаворка не пра надзейнасць кахання, а пра тое, што занадта ўжо яно праявілася – ажно герой, згодна з першай версіяй, мусіць сысці ці з’ехаць.
Прапанова: “Але ці было гэта аж занадта шчаслівае каханне, ці ён сышоў у роспачы ад кахання няшчаснага, я не ведаю”.
Напрыканцы яшчэ колькі слушных прапаноў ад нашай эксперткі.
Арыгінал: “He was the son of small farmers, neither rich nor poor, who had lived on one landhold and in one stone house for many hundreds of years”.
Пераклад, было: “Ён быў сынам дробных фермераў, не багатых і не бедных, якія сотні гадоў жылі на адной зямлі ў адным каменным доме”.
Пераклад перадае думку арыгіналу, таму заўвага да яго чыста стылістычная. На «адной зямлі», у «адным доме»? Хутчэй, на «той самай», у «тым самым».
Прапанова: “Ён быў сынам дробных фермераў, не багатых і не бедных, якія сотні гадоў жылі на той самай зямлі ў тым самым каменным доме”.
Арыгінал: “There was a whisper—not even a rumor but rather an unsaid feeling—in my family that it was love drove him out, and not love of the wife he married”.
Пераклад, было: “У маёй сям’і хадзілі погаласкі — нават не чуткі, а хутчэй нявыказанае пачуццё — што яго прымусіла з’ехаць каханне, а не любоў да жонкі”.
Рашэнне перакладчыцы досыць цікавае, але вядзе трохі ў бок ад ідэі аўтара, бо думкі пра адрозненні між «любоўю» і «каханнем» (у арыгінале, вядома ж, тое самае слова) адцягваюць увагу чытачоў ад існавання другой жанчыны.
Прапанова: “У маёй сям’і бытавала погаласка — нават не чутка, а хутчэй нявыказанае пачуццё — што яго прымусіла з’ехаць каханне, прычым не да законнай жонкі”.
Напрыканцы застаецца хіба што выказаць павагу перакладчыцам за выбар такога вялікага і няпростага, але ж прыгожага і амбітнага тэкста. Ці хопіць пораху адной з іх (або і абедзвюм у супрацы), каб перастварыць па-беларуску ўвесь твор? Ці падтрымаюць гэты парыў незалежныя беларускія выдаўцы? Новая экранізацыя рамана «На ўсход ад Эдэма», што ўжо ідзе поўным ходам і анансаваная на Netflix на 2026 год, можа сур’ёзна падагрэць цікавасць да Стэйнбека, зрабіўшы класіку зноў актуальнай. Варта карыстацца момантам.
