
Беларускі ПЭН далучаецца да заявы PEN International пра пагрозу акадэмічнай свабодзе і свабодзе выказвання ў Чарнагорыі.
«Акадэмічная свабода і фундаментальнае права на свабоду выказвання і атрымання інфармацыі — непарыўна звязаныя. Спроба ўрада Чарнагорыі закрыць Факультэт чарнагорскай мовы і літаратуры — гэта грубы замах на незалежную думку і крытычную дыскусію. Мы заклікаем улады поўнасцю падтрымаць існаванне жыццяздольных акадэмічных інстытуцый у краіне», — заявіла Рамана Как’ёлі, выканаўчая дырэктарка PEN International.
24 чэрвеня 2025 года — Урад Чарнагорыі павінен поўнасцю забяспечыць акадэмічную свабоду, заявілі PEN International і Чарнагорскі ПЭН-цэнтр пасля спробы паралізаваць дзейнасць Факультэта чарнагорскай мовы і літаратуры. Факультэту пагражала беспадстаўнае закрыццё пасля працяглага ціску ў апошнія гады, відаць, з-за яго незалежнай пазіцыі.
19 чэрвеня 2025 года ўрад Чарнагорыі рыхтаваўся ўхваліць прыём студэнтаў у дзве дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі краіны на 2025/2026 акадэмічны год. У той час як ён даў згоду на прыём у Чарнагорскі ўніверсітэт, Факультэт чарнагорскай мовы і літаратуры так і не атрымаў ухвалення — частка дэпутатаў кіроўнай большасці ўстрымалася падчас галасавання, у выніку чаго не быў дасягнуты кворум. Паколькі для законнасці прыёму неабходна афіцыйна абвясціць публічны конкурс, Факультэт чарнагорскай мовы і літаратуры аказаўся пазбаўлены магчымасці распачаць набор студэнтаў і апынуўся пад пагрозай неадкладнага закрыцця. У адказ факультэт асудзіў прынятае рашэнне і падаў на яго скаргу, а Асацыяцыя юрыстаў Чарнагорыі прапанавала яму бясплатную юрыдычную дапамогу і прадстаўніцтва.
З моманту свайго заснавання ў 2014 годзе Факультэт чарнагорскай мовы і літаратуры адыгрывае ключавую ролю ў абароне чарнагорскай мовы, літаратуры і культурнай ідэнтычнасці, у выхаванні маладых пісьменнікаў і развіцці крытычнага мыслення. Ён таксама з’яўляецца даўнім партнёрам Чарнагорскага ПЭН-цэнтра. У апошнія гады факультэт сутыкаецца з нарастаннем варожасці, у тым ліку з затрымкамі фінансавання і ціскам, накіраваным на падрыў яго акрэдытацыі і ліцэнзій на навуковыя даследаванні. Гэты апошні выпадак адбываецца на фоне шматлікіх пагроз і пераследу, з якімі сутыкаюцца незалежныя пісьменнікі, журналісты і іншыя творцы ў Чарнагорыі — ва ўмовах паступовага звужэння прасторы для свабоды выказвання.
PEN International і Чарнагорскі ПЭН-цэнтр разглядаюць спробы загнаць Факультэт чарнагорскай мовы і літаратуры ў стан непрацаздольнасці як недапушчальнае парушэнне акадэмічнай свабоды. Пасля шырокага грамадскага абурэння ўрад Чарнагорыі прызначыў электроннае пасяджэнне кабінета міністраў, на якім адкаціў сваё папярэдняе рашэнне і ўхваліў прыём студэнтаў на факультэт. Хоць PEN International і Чарнагорскі ПЭН-цэнтр вітаюць гэты крок, арганізацыі заклікаюць улады гарантаваць, што падобныя парушэнні не паўторацца ў будучыні, і цалкам выконваць свае нацыянальныя і міжнародныя абавязанні па абароне фундаментальных правоў.