
У сёлетнім конкурсе прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку было пададзена 40 кніг. Каб ушанаваць лаўрэатку ці лаўрэата, неабходна стварыць галоўную ўзнагароду — статуэтку анёла. Гэта ўнікальны сімвал, зроблены беларускім мастаком адмыслова для прэміі. Кошт вырабу складае 5000 злотых (≈1170 еўра), таму мы запусцілі збор сродкаў і будзем шчыра ўдзячныя вашай падтрымцы!
Чаму гэта важна цяпер?
Падтрымліваючы беларускую культуру, вы становіцеся поплеч з беларускім народам, што змагаецца за сваю вольнасць. Культурны супраціў — частка гэтае барацьбы, спосаб зберагчы ідэнтычнасць, годнасць і голас беларусаў. Гэта яшчэ і крок да вольнай, дэмакратычнай Беларусі.
Беларуская кніга сёння змагаецца за сваё месца ў свеце і ў сэрцах чытачоў ды чытачак. І кожная выдатная вокладка — крок наперад. Гэта знак, што мы тут, што мы ствараем, што мы не маўчым. Мы хочам, каб беларускія кнігі мелі годны выгляд — яркі, прафесійны, натхняльны.
Навошта мы гэта робім?
Прэмія носіць імя славутага беларускага мастака, паэта і культуролага Міхала Анемпадыстава. Ён быў не проста дызайнерам — ён бачыў у візуальным мастацтве мову, здольную расказваць пра Беларусь. Ягоныя працы аздаблялі вокладкі кніг беларускіх класікаў і сучаснікаў, а апошні вялікі твор — «Колер Беларусі» — стаўся сапраўднай візуальнай энцыклапедыяй нацыянальнай ідэнтычнасці. Ён ствараў лепшую Беларусь.
Разам мы можам зрабіць так, каб беларуская кніга:
- глядзелася годна на кніжных паліцах у розных кутках свету;
- была бачная на кірмашах, у кнігарнях, у сацсетках;
- знаходзіла сваё месца ў сэрцах чытачоў;
- зачароўвала і распавядала гісторыю з першага позірку.
За што надаецца прэмія?
За вокладкі, якія не проста ўпрыгожваюць кнігі, а раскрываюць іх ідэю, сэнс і настрой. За дызайнерскую працу, што ўздымае беларускую кнігу на новы візуальны ўзровень. За беларускую культуру — сучасную, прывабную і глыбокую.
На што пойдзе вашая падтрымка?
- на стварэнне галоўнай узнагароды прэміі – статуэткі ў выглядзе анёла;
- на арганізацыю адкрытага конкурсу і працы журы;
- на правядзенне прыгожай і сучаснай цырымоніі ўзнагароджвання.
Як падтрымаць?
Мы разам з суарганізатарам прэміі фондам «Open Culture» зрабілі некалькі варыянтаў падтрымкі:
- падтрымайце збор на польскім сайце zrzutka.pl;
- заданацце ў еўра на сайце 4fund.com;
- калі вы ў Польшчы і карыстаецеся сервісам fanimani.pl – падтрымайце прэмію праз яго.
На сайце Беларускага ПЭНа можна паглядзець, як выглядае статуэтка, а таксама як прайшлі дзве апошнія цырымоніі ўзнагароджання ў Варшаве і Бельску-Падляскім.
Падтрымайце прэмію — і вы падтрымаеце беларускую кнігу, якою варта ганарыцца. Ваш унёсак — гэта не проста дапамога. Гэта інвестыцыя ў выгляд, гучанне і прысутнасць Беларусі ў свеце.
Арганізатарамі прэміі сёлета з’яўляюцца яе сузаснавальнікі – Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture».