Людзі Слова ў няволі (19)
Пошук

“Кажу вам — я не вінаваты!” Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 25-31 кастрычніка 2021


Фота: Віялета Саўчыц
«Сіл няма такіх, каб нас перадушыць». Алесь Дудар  

Спампаваць pdf-версію 56-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Студзень-верасень 2021

Беларускі ПЭН падрыхтаваў чарговы маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Гэты дакумент змяшчае статыстыку парушэнняў і падрыхтаваны на падставе абагульнення інфармацыі з адкрытых крыніц, камунікацыі з дзеячамі культуры за перыяд са студзеня па верасень 2021 года.


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Ігар Кузняцоў (архіўнае фота)

Над Ігарам Кузняцовым, гісторыкам, адным з найлепшых выкладчыкаў БДУ, аўтарам 120 кніг, у тым ліку падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, 27 кастрычніка адбыўся суд — ён цягнуўся адну хвіліну, справа дасланая на дапрацоўку. У той жа дзень яго звольнілі з БДУ. На навукоўца напісана 17 даносаў за публікацыі і рэпосты ў сацыяльных сетках. 

Зміцера Шыманскага, музыку, затрыманага 2 жніўня па арт. 342 КК — Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, асудзілі на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») па арт 342 КК (арганізацыя і ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) за гранне на дудзе на маршы 16 жніўня 2020 года.

Арцемія Нікіценку 28 кастрычніка асудзілі на 15 сутак адміністратыўнага арышту за два белыя бранзалеты на адной руцэ і адзін чырвоны на другой.

Уладзімір Мацкевіч

Вадзіма Сарафанава асудзілі на 15 сутак адміністратыўнага арышту за бел-чырвона-белую стужку, прымацаваную да люстэрка задняга віду ў яго машыне.

Таццяну Аляшкевіч асудзілі на 13 сутак адміністратыўнага арышту за тое, што нібыта закідвала бел-чырвона-белыя стужкі на дрэвы.

Тэксты і выказванні Уладзіміра Мацкевіча — філосафа, метадолага, сузаснавальніка Лятучага ўніверсітэта, аўтара кніг і публікацый, —  адпраўлены на экспертызу для выяўлення прыкметаў, накіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, або іншай сацыяльнай варожасці. Уладзіміра затрымалі 4 жніўня, прад’явілі абвінавачанне ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.


Жыццё ў няволі

Уладзімір Гундар

Уладзімір Гундар, краязнаўца і выдавец, ўтрымліваецца ў Брэсцкім СІЗА з вясны 2020 года. Ён не мае адной нагі, але перадаць пратэз яму не дазволілі, ён карыстаецца мыліцамі. Як і іншых палітвязняў, яго прызналі “схільным да экстрэмізму”. У адным з лістоў да жонкі ён піша:

«Жыць мне не страшна, жыццё сваё люблю. Страшна не дажыць… Аб гэтым стараюся не думаць».

Ігар Банцэр, палітзняволены музыка, якому прысудзілі 1 месяц і 25 дзён калоніі за парушэнне турэмных правілаў, ізноў на «хіміі» — яго адвакатка абскардзіла рашэння суда аб замене пакарання на больш жорсткае.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Што малююць зняволеныя за кратамі.

 

Лекцыя пра маляваныя дываны прайшла ў Варшаве.

Заняткі Школы беларускай традыцыі прайшлі ў Беластоку.

“Творчая кухня” з шорт-лістарамі прэміі Гедройця 2021 Сяргеем Календам і Артурам Клінавым.

Ганна Хітрык

Вядомы беларускі гурт “Петля Пристрастия”, лідар якога Ілля Чарапко-Самахвалаў атрымаў 15 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у маршы ў 2020, выпусціў новы альбом «Не тот человек». З 2020 года гурт не можа атрымаць гастрольнае пасведчанне для выступаў у Беларусі. 

Ганна Хітрык, колішняя акторка Тэатра Янкі Купалы, музыка, якая разам з сям’ёй пераехала ў Ізраіль, прэзентавала новы альбом «Тень» — першы пасля пераезду.

Раман «Смерти.нет» Таццяны Заміроўскай, беларускай пісьменніцы, якая цяпер жыве ў Нью-Ёрку, увайшоў у шорт-ліст літаратурнай прэміі імя Андрэя Белага ў намінацыі «Проза».

Артысты Перамогі: канцэрт Зісла Сляповіча з яго студыі ў Нью-Ёрку. 

Вечар памяці “Алесь Разанаў: невядомая велічыня” адбыўся ў літаратурна-філасофскай кавярні ЗНО Беларускага Калегіюма ў анлайнавым фармаце.

Еўрарадыё выпусцілі фільм “Сем шляхоў”, які распавядае пра лёсы беларусаў, што ў розны час вымушана пакінулі Беларусь, але засталіся з ёй сэрцам і думкамі.

У слонімскім драматычным тэатры — прэм’ера: спектакль “Чамаданны настрой” па п’есе Ганны Багачовай. Ён прысвечаны малодшым і старэйшым школьнікам і іх бацькам. 

“Я і ёсць рэвалюцыя” аўтаркі Юлі Арцёмавай — новая кніга ад жаночай выдавецкай ініцыятывы “Пфляўмбаўм”.

Беларусы Уроцлава стварылі дзіцячыя моўныя курсы, з мэтай далучыць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбіць знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі і фальклорам”.

Абвешчаныя пераможцы прэміі Шэрмана

Інтэрактыўны цэнтр жывой гісторыі — арганізаваны клубам Варгентторн, які яднае дзясяткі аматараў гісторыі розных узростаў і прафесій, — адкрыўся ў Віцебску.

Выстава плакатаў Уладзіміра Цэслера адкрылася ў Варшаве.

Міжнародная федэрацыя асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) пазбавіла кінафестываль «Лістапад» акрэдытацыі.

Ва Ўкраіне стварылі вялікі медыяпраект памяці расстраляных у 30-я гады беларускіх і ўкраінскіх паэтаў.

Гурт Pomidor/OFF выдаў новы сінгл «Развітанне з Радзімай» да “Ночы расстраляных паэтаў”.

Вiк Торр [Rostany] і Naka“Магутны Божа”. Анімацыя Юліі Рудзіцкай

Анлайн канцэрт Вольнага Хора “(Не)РАССТРАЛЯНЫЯ”.

“1937”, Аўтар Skroz Zmrok

Вольга Якубоўская, “Ноч расстраляных паэтаў”

“Ноч паэтаў” прайшла ў дзясятках гарадоў па ўсім свеце.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ва ўрочышчы Курапаты былі расстраляныя больш за 130 беларускіх дзяржаўных і культурных дзеячаў, сярод іх 22 літаратары. Кожны год у гэты дзень у памяць пра загінулых творцаў у Курапатах праводзілася акцыя пад сімвалічнай назвай «Ноч расстраляных паэтаў», якую сёлета немагчыма было правесці праз небяспеку арыштаў.

На Сусветным Кангрэсе Беларусаў на розных дыскусійных панэлях сярод іншага абмяркоўвалі пытанні, датычныя беларускай культуры.


Галасы асобаў

Наталля Лявонава

Наталля Лявонава, звольненая акторка Гродненскага абласнога драматычнага тэатра, якая вымушана пакінула краіну:

“Вельмі хочацца дадому, плачу кожны дзень. Боль вар’яцкі менавіта за Беларусь, бо тут шмат добрых людзей, выдатны горад, але там бацькі, сябры, мая Радзіма, мой дом, там усё. У нейкі момант я разумею, што там Беларусь у сабе яшчэ складаней захаваць, чым тут, вось такая парадаксальная штука. Там ты павінен жыць у акупацыі і прытрымлівацца рэжыму альбо знаходзіцца ў турме. Я нават гляджу, як многія беларусы перастаюць спрабаваць нешта рабіць і кажуць, што хочуць проста жыць шчасліва. Я нікога не абвінавачваю. Але для сябе вырашыла, што змагу жыць і быць сабой толькі тады, калі не перагарну гэтай старонкі і буду пастаянна хоць нешта рабіць. Я не забуду, я буду жыць з тым, з чым я прыехала”.

Анжаліка Крашэўская

Анжаліка Крашэўская, экс-дырэктарка Цэнтра візуальных і выканаўчых маствацтваў Art Corporation у вялікім матэр’яле, які паказвае ролю Цэнтра, асабліва праектаў Міжнародны фестываль “Лістапад” і Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТеАрт”, у развіцці беларускай культуры і фармаванні грамадзянскай супольнасці:

“Пра які прафесіяналізм у сферы культуры можа весціся? Калі ў нас думаюць не пра якасць, а пра колькасць мерапрыемстваў, калі прафесіяналізм замяняецца лаяльнасцю. Калі на працягу ўжо столькіх гадоў у нас няма ні культурнай палітыкі, ні стратэгіі”.

Сяргей Будкін

Сяргей Будкін, ініцыятар і мэнэджар шматлікіх культурных праектаў і праграм у Беларусі. Ініцыятар Фонда культурнай салідарнасці — цяпер Беларускай рады культуры:

“Медыя маглі б выступаць як умоўны калектыўны псіхатэрапеўт. Не проста паведамляць, але і ставіць пытанні, прымушаць размаўляць. У сувязі з сучаснымі рэпрэсіямі будзе цікава дыскусія на тэму ахвяры і кáта, як нам з імі быць”.


Міжнародная салідарнасць

Наведванне Курапатаў

Дыпламаты Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, ЗША і Швейцарыі 29 кастрычніка наведалі Курапаты. Яны традыцыйна гэта робяць напярэдадні Дзядоў, “каб згадаць пра незлічоныя жыцці і таленты, знішчаныя пошасцю таталітарызму”.

У Шведскай асацыяцыі пісьменнікаў прайшла адукацыйная гутарка пра сітуацыю ў Беларусі з удзелам Дзмітрыя Плакса — беларускага паэта, празаіка, перакладчыка і журналіста і Мікаэля Нюдаля, перакладчыка і выдаўца; мадэравала гутарку Інга-Ліна Ліндквіст, паэтка, пісьменніца, літаратурны крытык.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння

Па стану на 26 кастрычніка ў Беларусі 833 чалавекі прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца. Гэта, безумоўна, сведчыць пра тое, што ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў не толькі не спыняюцца, але і набіраюць моц. 

Беларускі ПЭН-цэнтр як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У лістападзе 5 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. 

Гэта Антон Шніп, музыка (1 лістапада); Кацярына Андрэева, журналістка, пісьменніца (2 лістапада); Віктар Бабарыка, мецэнат (9 лістапада); Ігар Ярмолаў, танцор (15 лістапада) і Максім Крук, сцэнограф (16 лістапада). Давайце павіншуем разам!

Адрасы для лістоў:

Антону Шніпу і Максіму Круку – СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;

Кацярыне Андрэевай – ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3;

Віктару Бабарыку – ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Технічная, 8;

Ігару Ярмолаву – ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8;