Прэмію Арсенневай атрымала «Нетутэйшая далечыня» Ігара Кулікова. Фотарэпартаж з цырымоніі

Апошняе абнаўленне: 29 мая 2026
Прэмію Арсенневай атрымала «Нетутэйшая далечыня» Ігара Кулікова. Фотарэпартаж з цырымоніі

Любое свята ўздымае дух. А калі гэта яшчэ і маленькі юбілей, чаканні ад яго асаблівыя. Круглае – дзясятае – уганараванне пераможцаў галоўнай паэтычнай прэміі Беларусі імя Наталлі Арсенневай апраўдала спадзевы прыхільнікаў і знаўцаў прыгожага пісьменства.

Дзея адбывалася ў варшаўскім Новым тэатры – на пляцоўцы, дзе рэгулярна ладзяцца літаратурныя імпрэзы. Летась, напрыклад, тут з аншлагам прайшла сустрэча з нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч.

Ва ўступных вітальных словах старшыня Беларускага ПЭНа, паэтка і праваабаронца Таццяна Нядбай, а таксама прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, літаратуразнаўца і паэт Ціхан Чарнякевіч падкрэслілі пераемнасць паміж творчасцю пасляваеннага эмігранцкага пакалення Наталлі Арсенневай і сучаснымі беларускімі паэтамі. Асобна прагучала, што сёння сярод палітычных вязняў не менш як 24 – людзі слова.

Згадалі на вечарыне і згаслую зорку беларускай паэзіі Раісу Баравікову. З прыгожа аформленай сцэны гучалі ейныя радкі – пранізліва лірычныя і драматычныя. Напісаныя тады, калі сённяшнія лаўрэаты яшчэ не нарадзіліся.

Вядоўца – акторка Крысціна Дробыш – агучыла кароткі спіс прэтэндэнтаў на перамогу.

Ігар Кулікоў вядомы сваімі перакладамі на беларускую з англійскай і санскрыту: гэта «Валадар пярсцёнкаў» Толкіна, «Чытво» Букоўскага, стараанглійская паэзія, Рыгведа і шмат іншых тэкстаў. Ён шматразовы лаўрэат паэтычных прэмій. І вось з кнігай «Нетутэйшая далечыня» (Янушкевіч, 2025) бярэ новую вяршыню.

Праграміст Ілля Кульбіцкі летась выдаў першы свой зборнік – «Хроніка адмаўлення пустаты» (Skaryna Press, 2025). І дэбют атрымаўся ўдалы.

Макс Шчур вядомы, сярод іншага, сваёй перамогай у прэміі імя Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы. Цяпер жа ён змагаецца за ганаровую паэтычную вышыню: у тройку найлепшых выданняў трапіў ягоны «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» (SayBeat, 2025).

Перад прысудам журы Крысціна Дробыш падбадзёрыла фіналістаў:

– Гледзячы на тое, як насуперак безлічы перашкод жывуць паэзія, проза, беларуская літаратура, я абсалютна кожнаму і кожнай ужо дала б медаль – за смеласць, за адданасць, за прынцыповасць…

Але галоўны прыз мае толькі аднаго гаспадара. Вызначыць яго, прызнаўся сябра журы Андрэй Хадановіч, было як ніколі складана:

– Не раз мы былі блізкія да таго, каб сысці з чаціка і затым вярнуцца ў гэты Zoom, каб сказаць, што думаем адно пра аднаго… Гэта як ляпаць дзвярыма і кідацца талеркамі… Гарачыя спрэчкі! Але з вынікам…

Яшчэ адна сябра журы – паэтка Наста Кудасава – прызналася, што лепей пачувалася тады, калі была ўдзельніцай конкурсу, а не цяпер, у ролі яго суддзі:

– Мне не спадабалася вырашаць лёсы. Усё-ткі паэтам прасцей пісаць вершы… Гэта вельмі вялікая адказнасць, шмат перажыванняў, бяссонныя ночы ад таго, што ты мусіш выбіраць. А ў паэзіі кожны мае свой голас, як Ціхан сказаў: «Гэта заўсёды цуд для кожнага, абсалютна для кожнага».

Тым не менш пераможца быў вызначаны.

«За метафізічную адвагу ў працы з мовай і стварэнні апрычонага мастацкага свету» лаўрэатам паэтычнай прэміі імя Наталлі Арсенневай за кнігі 2025 года быў абраны Ігар Кулікоў.

Праўда, кажа пераможца, ён не збіраўся падаваць сваю кнігу на прэмію (маўляў, яна «далёка не найлепшая») – таму траплянне ў кароткі спіс стала для яго абсалютна нечаканай падзеяй.

Аўтарскую сціпласць прысутныя ацанілі апладысментамі.

Хапіла эмоцый у зале і на падзяку выдатнаму музычнаму гурту «Lity Taler», які прыгожа суправаджаў святочную цырымонію.

Фота: Павел Савіцкі

Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Партнёры: Новы Тэатр (Nowy Teatr, Варшава), «Estate of Vitaut Kipel», «Belarusian Charitable Trust» і «Fundacja Trzy Trąby».
Праект суфінансаваны Цэнтрам Мерашэўскага ў межах IV Адкрытага конкурсу.