Прэмія Шэрмана ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Пераможца атрымае чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а.
Падаць заяўку можна да 10 ліпеня.
Удзельнічаць у конкурсе могуць пераклады мастацкіх кніг на беларускую мову, выдадзеныя ў папяровым або электронным варыянце ў 2017 годзе.
Правам намінавання на Прэмію валодаюць выдаўцы, творчыя аб’яднанні, аргкамітэт Прэміі, сябры журы і самі перакладчыкі.
Заяўка павінна ўтрымліваць наступную інфармацыю:
а) інфармацыя пра намінатара, што вылучае твор на Прэмію: кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы;
б) назву кнігі, выдавецтва, месца і год выдання;
в) імя (імёны) перакладчыка/цы (перакладчыкаў) і па магчымасці іх кантактныя дадзеныя;
г) электронныя pdf-версіі выданняў і, калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, мінімум два папяровыя асобнікі кніг. Папяровыя асобнікі прымаюцца па адрасе Саюза беларускіх пісьменнікаў (220012, Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906), электронныя варыянты – на адрас: [email protected].
Заяўкі, дасланыя пасля 10 ліпеня, да разгляду не прымаюцца.
Сёлета ў склад журы прэміі ўваходзяць:
– Лявон Баршчэўскі, перакладчык, філолаг;
– Ганна Бутырчык, філолаг, загадчыца кафедры гісторыі замежнай літаратуры філфака БДУ;
– Аксана Данільчык; паэтка, перакладчыца;
– Дзмітры Плакс, перакладчык, паэт і празаік;
– Марына Шода, перакладчыца, літаратуразнаўца.
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 г. у гонар выдатнага беларускага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана (1934 – 2005) і носіць яго імя. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Міжнародны дабрачынны фонд “Вяртанне”. Пераможца прэміі атрымлівае ад Дабрачыннага фонду “Вяртанне” чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а.
У 2016 г. лаўрэатам прэміі стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы эпасу «Калевала»; у 2017 – Андрэй Хадановіч за пераклады з французскай мовы вершаў Шарля Бадлера.
Сачыць за абнаўленнямі можна на старонцы прэміі ў ФБ.