На 31 снежня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 31, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 140.
Музыка і перакладчык Алесь Чумакоў арыштаваны паводле справы культурніцкай ініцыятывы «Да Зораў».
Заснавальніку арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» Кірылу Краўцову вынесены прысуд – 4 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя «хімія»).
Аўтарка і адміністратарка Вікіпедыі Вольга Сітнік (нік Homelka) асуджана на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя «хімія»).
Паводле палітычна матываванай справы асудзілі Валянціну Логвін, кандыдатку біялагічных навук, былую кіраўніцу Цэнтра ўкраінскай культуры «Січ» у Мінску.
Кіраўнік гістарычнага клуба «Барысфен» Павел Станкевіч ізноў затрыманы паводле адміністрацыйнага артыкула.
Перакладчык Сяргей Паўлавіцкі распавёў пра забарону вывучэння і выкарыстання замежных моваў у калоніі № 15 у Магілёве.
Міністэрства інфармацыі ўнесла 52 кнігі ў спіс выданняў, якія «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». У спіс трапіла гістарычная манаграфія Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918–1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці».
КДБ абвясціў «экстрэмісцкім фарміраваннем» ініцыятыву «Да Зораў».
МУС абвясціў «экстрэмісцкім фарміраваннем» магілёўскі рыцарскі клуб «Барысфен».
Суд абвясціў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Telegram-канал «Беларускi ПЭН».
З выставы загадалі зняць працы фотамастака Валерыя Вядрэнкі з альбома «Незваротнае».
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 17 снежня стала вядома, што музыка і перакладчык Алесь Чумакоў арыштаваны паводле справы культурніцкай ініцыятывы «Да Зораў», якую КДБ абвясціў «экстрэмісцкім фарміраваннем». Алесь Чумакоў – удзельнік гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», грае на гуслях, жалейках ды іншых старадаўніх інструментах. Перакладаў ірландскія гераічныя паэтычныя творы на беларускую мову. Выканаў беларускую версію песні «Toss A Coin To Your Witcher», якая прагучала ў беларускай агучцы серыяла Netflix «Вядзьмар». Пераклад песні мае назву «Кінь дукат ведзьмару».
2. 22 снежня заснавальніку арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» Кірылу Краўцову быў вынесены прысуд у Гомельскім абласным судзе паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за паведамленне Telagram-каналу «Беларускі Гаюн», які фіксаваў перасоўванне расійскіх войск. Кірылу Краўцову прысудзілі 4 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). Пра арышт стала вядома 25 верасня 2025 года. Кірыл Краўцоў заснаваў арт-вёску «Чырвоны Кастрычнік» у Рэчыцкім раёне, арганізаваў там сваю ганчарную вытворчасць, ладзіў фестывалі, творчыя сустрэчы. Удзельнік акцыі «З табурэтам да акіяна», падчас якой аб’ехаў паўсвету аўтаспынам.
3. 23 снежня 2025 года стала вядома, што аўтарка і адміністратарка беларускай Вікіпедыі Вольга Сітнік (нік Homelka) асуджана на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Вольга Сітнік нарадзілася 24 студзеня 1983 года. З 2009 года піша ў Вікіпедыі артыкулы пра гісторыю і культуру Беларусі, гістарычныя постаці, архітэктурныя помнікі, фаўну і флору. Аўтарка некалькіх тысяч артыкулаў і 200 тысяч правак. Жыве ў Мінску, мае траіх непаўналетніх дзяцей. 17 красавіка 2025 года Вольгу Сітнік першы раз затрымалі паводле палітычна матываванай справы, але адпусцілі. 7 траўня затрымалі паўторна, яна правяла 10 сутак у ізалятары на Акрэсціна. На волю не выйшла, была пераведзена ў следчы ізалятар на падставе крымінальнай палітычна матываванай справы. Утрымлівалася ў СІЗА № 1. У чэрвені 2025 года спецслужбы выкарыстоўвалі адзін з Telegram-акаўнтаў Вольгі Сітнік для распаўсюджвання патрэбнай ім інфармацыі ў чатах беларускай дыяспар. 23 ліпеня 2025 года Вольга Сітнік была прызнана палітычнай зняволенай. 23 снежня 2025 года стала вядома, што яна асуджана на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»)
4. 31 снежня стала вядома, што ў Мінскім гарадскім судзе паводле палітычна матываванай справы асудзілі кандыдатку біялагічных навук, былую кіраўніцу Цэнтра ўкраінскай культуры «Січ» у Мінску Валянціну Логвін. Ёй вынеслі прысуд на падставе трох палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці і разладу), ч. 1 арт. 368 (знявага прэзідэнта), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Цэнтр украінскай культуры «Січ» у Мінску быў ліквідаваны ў 2023 годзе. Валянціна Логвін асуджана на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
ІІ. Адміністрацыйны пераслед дзеячаў культуры
16 снежня стала вядома, што рэканструктар і кіраўнік гістарычнага клуба «Барысфен» Павел Станкевіч ізноў затрыманы паводле адміністрацыйнага артыкула і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. Перакладчык Сяргей Паўлавіцкі распавёў пра забарону вывучэння і выкарыстання замежных моваў у калоніі № 15 у Магілёве. Таксама ён паведаміў, што з бібліятэкі калоніі прыбралі слоўнікі. Сяргей Паўлавіцкі – перакладчык з нямецкай мовы, рэдактар. Затрыманы 9 жніўня 2024 года. Асуджаны 1 кастрычніка 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе за данаты паводле ч. 1 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 27 снежня 2024 года ўнесены ў «пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 15. Вызвалены 13 снежня 2025 года. Прымусова вывезены з Беларусі.
2. Аляксандр Фядута, палітолаг, літаратуразнавец і кандыдат філалагічных навук, доктар гуманітарных навук, былы палітвязень, вызвалены 13 снежня 2025 года з групай 123 чалавек, вывезены за межы Беларусі, паведаміў: «Я быў прадстаўніком нізка кваліфікаванай працы. Доктар габілітаваны Ягелонскага ўніверсітэта быў прымушаны месці падлогу ў цэху. І пасля таго, як амаль страціў мажлівасць перасоўвацца па цэху, то перабіраў драты, як усе. Чысціў медныя драты. Паколькі мне было забаронена выкарыстоўваць нож, я рабіў гэта рукамі. Страціў 40 кілаграмаў вагі».
3. Аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархічнага руху Ігар Аліневіч на працягу месяца галадаў у мазырскай папраўчай калоніі № 20 і ў выніку трапіў у лякарню для зняволеных у Калядзічах – у яго развілася язва.
IV. Канфіскацыя рукапісаў у палітзняволеных літаратараў
Палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута паведаміў, што 13 снежня перад вывазам з калоніі ў яго канфіскавалі рукапісы. Ён заўважыў, што яму, відавочна наўмысна, не далі сабраць свае рэчы самому, паведаміўшы, што іх пагрузілі асобна і што рукапісы знаходзяцца там жа. Адзін з рукапісаў – кінасцэнар пра ўзаемадачыненні рускага пісьменніка Міхаіла Булгакава і Іосіфа Сталіна
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
29 снежня Міністэрства інфармацыі ўнесла 52 кнігі ў спіс выданняў, якія «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». У спіс трапіла гістарычная манаграфія даследчыцы з Польшчы Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918–1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці». Міністэрствам інфармацыі забаронены два раманы Уладзіміра Сарокіна, напісаныя ў сярэдзіне 2000-х – «День опричника» і «Сахарный Кремль»; тры кнігі Баяна Шыранава пра жыццё наркаманаў – «Низший пилотаж», «Срединный пилотаж» ды «Верховный пилотаж»; тры кнігі Коліна Батса пра Ібіцу (у тым ліку «Ібіцца – гэта дзеяслоў»); «Джанкі» Уільяма Бероўза; «Карані травы» Майка Тэлвела; зборнік эсэ пра жыццё і светапогляд Цімаці Ліры; фікшн пра вандроўку Джыма Морысана па свеце мёртвых; «Нашы суседзі па планеце. Апавяданні пра дзікіх жывёл» – аўтары Боўвін Янсэн і Лотэ Стэгман (поўны спіс кніг тут: https://bannedbooks.penbelarus.org/harmful_list).
VI. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» культурніцкіх арганізацый
1. 17 снежня КДБ абвясціў «экстрэмісцкім фарміраваннем» ініцыятыву «Да Зораў». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманні ў справе «Да Зораў» адбыліся ў канцы лістапада.
2. 17 снежня МУС абвясціў «экстрэмісцкім фарміраваннем» магілёўскі рыцарскі клуб «Барысфен». Клуб быў заснаваны яшчэ ў канцы 1990-х гадоў і ўваходзіць у структуру Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і адпачынку. Выступы ўдзельнікаў клуба дзесяцігоддзямі ўпрыгожвалі галоўныя гарадскія вулічныя святы і акцыі, шматлікія мерапрыемствы ў Магілёве і вобласці.
VII. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак культурніцкіх арганізацый
20 снежня суд Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці абвясціў «экстрэмісцкім» Telegram-канал «Беларускі ПЭН».
VIII. Цэнзура
18 снежня з выставы клуба «Мінск» у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» загадалі зняць працы фотамастака Валерыя Вядрэнкі з альбома «Незваротнае» – выявы занядбаных помніках архітэктуры Беларусі.